Перадумовы ўтварэння Рэчы Паспалітай. Люблінскі сойм і яго рашэнні. Рэч Паспалітая на палітычнай карце Еўропы ў канцы XVI - першай палове XVII ст

Да Любліна 1569 г. дзве незалежныя суседкі-краіны — Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае — ішлі доўгія і пакручастыя амаль два стагоддзі. На працягу гэтага часу былі і сумесная барацьба супраць хцівых, жорсткіх ворагаў, было больш дзесятка дагавораў-уній, але былі супярэчнасці, сутычкі і спрэчкі. Нарэшце 1 ліпеня 1569 г. быў прыняты акт Люблінскай уніі, які аб'яднаў дзве дзяржавы ў адзіную федэрацыю — Рэч Паспалітую. Сярод насельніцтва гэтага шматэтнічнага аб'яднання апынуўся і беларускі народ.

Што ж прымусіла кіруючыя вярхі ВяЛікага Княства пайсці на такі звышцесны, на мяжы страты самастойнасці, саюз? Сярод шэрага прычын уніі 1569 г. адной з самых важных з'яўляюцца ўнутрыкласавыя супярэчнасці ў пануючым шляхецкім саслоўі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Без прымусу з боку шматлікай дробнай і сярэдняй шляхты элітарнае магнацтва, што трымала ўладу^ ў Княстве, не пайшло б на яе падзел з кімсьці. А ўлада тая,' ў вялікакняжацкай магнатэрыі была амаль што неабмежаваная. Паны-рада праводзілі толькі свае рашэнні на Сойме ў Вялікім Княстве, маніпулюючы паводле свайго, меркавання болынасцю шляхты, якая не мела ніякай рэальнай улады. У адрозненне ад Княства ў суседняй Польшчы шляхта самым рашучым чынам уплывала на ўнутраную і знешнюю палітыку ўрада. Польскія шляхецкія вольнасці, відавочна, прываблівалі вялікакняжацкую шляхту. Падтрымліваючы ідэю ўніі, яна меркавала заняць такое ж вызначальнае становішча ў сваёй дзяржаве, як польская шляхта ў сваёй.

Унутрыпалітычны крызіс у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім, што быў выкліканы супярэчнасцямі ў стане пануючага класа, найболын абвастрыўся ў 60-я гг. XVI ст. Супрацьстаянне магнацтва і шляхты стала адкрытым. Асабліва яскрава яно выявілася ў час Сойму, які адбыўся ўвосень 1562 г. пад Віцебскам.

Каб неяк кансалідаваць грамадства, збіць прапольскія настроі шляхты, магнацкая апазіцыя на чале з Радзівіламі пайшла на значную мадэрнізацыю ўнутранай палітыкі. Яна ўвасобілася ў прыняцці пастановы 1563 г., паводле якой праваслаўная і каталіцкая шляхта поўнасцю ўраўноўвалася ў правах, ва ўхваленні на Сойме 1564 г. судовай рэформы, якая на польскі ўзор дазваляла ствараць мясцовыя суды, дзе галоўную ролю адыгрывала шляхта.

Гэтыя захады вялікакняжацкага ўрада можа і мелі б поспех, калі б не няўдачы ў вайне з Маскоўскай дзяржавай. Лівонская вайна выцягнула са скарбу ўсе сродкі. Неадкладна патрабаваўся саюзнік. Позірк быў кінуты на захад, таму што Княства мела значны вопыт — дзесяткі ўнітарных дагавораў ад часоў Ягайлы да Жыгімонтаў — сужыцця з Польшчай. Да таго ж заходні сусед сам дамагаўся ўніі. На тое былі важкія прычыны як эканамічнага, так і палітыка-ідэалагічнага парадку. Па-першае, шматлікай польскай шляхце етала цесна ў каралеўстве. Яна сквапна паглядала на княжацкія землі, якія б далі новыя багацці, а значыць, новыя пасады, узнагароды. Па-другое, Польшча з'яўлялася самым моцным каталіцкім бастыёнам ва Усходняй Еўропе, а таму менавіта ёй Ватыканам адводзілася галоўная роля ў экспансіі каталіцызму на ўсход — у беларускія, украінскія, рускія землі.

Праўда, вялікакняжацкі ўрад меў і другі варыянт выхаду з крызіснага становішча: заключэнне ўніі з Маскоўскай дзяржавай і прызнанне Івана IV ці яго сына сваім князем. На гэты конт нават вяліся тайныя перамовы. Але вынікаў яны не далі. Гзта зразумела, бо для шляхты Вялікага Княства Іван IV у 60-я гг. XVI ст. ужо не быў у бляску пакарыцеля Казані (1552) і Астрахані (1556), ён стаў Грозным — ініцыятарам апрычніны, падпарадкоўцам сваёй уладзе маскоўскага баярства. Такім чынам, вольнасці шляхецкай рэспублікі штурхнулі пануючы клас беларускіх зямель да саюзу з Польшчай.

Пытанне заключэння ўніі з Польшчай было прадвырашаным, і як ні адцягвалі фінал уладу трымаючыя магнаты Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, ён наступіў у 1569 г. Яго, безумоўна, наблізіла Лівонская вайна. Па словах віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, што прыбыў на перамовы ў Люблін, "на нашым хрыбце быў вораг, калі мы ехалі сюды, жадаючы пастанавіць з вамі ўнію, якая б аб'яднала нас узаемнаю любоўю, і, калі казаць праўду, мы пачалі імкнуцца да яе амаль бегам, тады як продкі нашыя ішлі да яе вельмі паціху". 10 студзеня 1569 г. пачаўся Люблінскі Сойм, які здоўжыўся амаль на 6 драматычных месяцаў. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы, якія не прымаліся супрацьлеглым. Ніхто не саступаў. Больш таго, калі паслы Вялікага Княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння ўніі на непрымальных для іх умовах, яны 1 сакавіка 1569 г. пакінулі Люблін. I тут польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Скарыстаўшы цяжкае знешнепалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, польскія феадалы дабіліся ад Жыгімонта Аўгуста выдання ўказаў аб далучэнні да каралеўства Польскага Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. На працягу сакавіка — чэрвеня 1569 г. гэтыя вялізныя і багацейшыя землі Вялікага Княства былі ўключаны ў склад Польшчы, што, вядома, аслабіла і без таго падарваную Лівонскай вайной эканоміку Княства. Хоць гэтыя акты і былі супрацьпраўныя, бо кароль іх выдаў асабіста, без згоды Сойма Вялікага Княства, але ў склаўшайся сітуацыі вялікакняжацкі ўрад не мог ісці на ваенны канфлікт з Польшчай.

Тэрыторыя Княства звузілася ў асноўным да літоўскіх і беларускіх зямель. Прычым на значнай частцы апошніх гаспадарыла маскоўскае войска. У такім становішчы для вялікакняжацкага ўрада шлях быў адзіны — за стол перамоваў з Полыпчай. Супольны Сойм зноў распачаў работу, і 1 ліпеня 1569 г. быў падпісаны акт Люблінскай уніі. "3 гэтага часу абедзве дзяржавы ўяўляюць сабою адно непадзельнае цела, а таксама адну агульную Рэч Паспалітую, у якой абодва гаспадары і абодва народы ўз'ядналіся ў адзіны народ і адзіную дзяржаву", — дэклараваў акт.

Наколькі ж цесна зліліся дзве часткі толькі што ўтворанай дзяржавы? Вышэйшым органам улады станавіўся агульны Сойм, які мог збірацца толькі на тэрыторыі Полыпчы. Асобных соймаў як для Кароны Польшчы, так і для Вялікага Княства не прадугледжвалася.

Такім чынам, нельга трактаваць Люблінскую ўнію як паглынанне Польшчай Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага. Рэч Паспалітая была федэрацыяй дзвюх суседніх дзяржаў, у якой Княства існавала да канца XVIII ст. — часу разбору Рэчы Паспалітай Расійскай імперыяй, Аўстрыяй і Прусіяй.

Першае ўражанне для пануючага класа Вялікага Княства ад вынікаў Люблінскай уніі, падзей, што ёй папярэднічалі, было шокавым, прычым як для магнацтва, так і для шляхты, якая ў свой час дамагалася злучэння з Польшчай. Для вышэйшай уплывовай знаці Люблінская ўнія пагражала поўнай згубай былога палітычнага вяршэнства. У Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім Сойм" дзе магнацтва праводзіла свае рашэнні, юрыдычна перастаў існаваць. У агульны ж сенат Рэчы Паспалітай многа былых членаў паноў-рады проста не трапіла. Ды і тыя нешматлікія галасы сенатараў з Вялікага Княства заглушаліся больш мнагалюдным польскім прадстаўніцтвам у сенаце Рэчы Паспалітай. Тое ж самае адоывалася і ў Сойме, дзе з 180 выбраных на сойміках па ўсёй Рэчы Паспалітай паслоў толькі 46 прыходзілася на Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае (з іх 34 з беларускіх паветаў).

Палітычная дыскрымінацыя дапаўнялася эканамічнай. Цяпер прадстаўнікі шляхецкага саслоўя Вялікага Княства не маглі атрымліваць землі ў тых раёнах, якія былі гвалтоўна адарваны Польшчай у 1569 г., ды і дазвол польскай шляхце на атрыманне зямельных уладанняў у межах Княства стварыў небяспечнага канкурэнта для шляхты мясцовай. Безумоўна, такое становішча нараджала ў большай часткі пануючага класа Вялікага Княства Літоўскага. Рускага, Жамойцкага сепаратысцкія, антыпольскія настроі. Яны праяўляліся ў рэзкім непрыняцці шляхтай, як буйной, так і дробнай, уніі ды і наогул палітыкі польскіх каралёў.

Характэрна, што антыпольскія словы не разыходзіліся са справамі. "Вялікакняжацкае адраджэнне" ішло як у палітыка-эканамічнай, так і ўдухоўнай сферах. Насуперак Люблінскаму акту аб уніі на працягу 70 — 80-х гг. у Вялікім Княстве рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя соймы. Прычым у час бескаралеўя (1574 — 1576 гг.) на віленскім Сойме дэбатавалася пытанне аб выбары караля, на сойме 1580 г. прысутнічаў нават кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы. Больш таго, у 1581 г. ствараецца, а ў 1582 г. пачынае дзейнічаць Галоўны трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

Але самым моцным усплёскам дзяржаўнай незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага было прыняцце Статута 1588 г., які па сутнасці скасоўваў многія пастановы Люблінскай уніі. Паказальна ўжо тое, што ў Статуце ніводнага разу не ўпамінаецца акт уніі. Па змесце гэтага заканадаўчага помніка, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі аж да 1840 г., Вялікае Княства паўставала самастойнай дзяржавай не толькі з асобным заканадаўствам, але і са сваёй тэрыторыяй, апаратам, войскам, фінансамі. Артыкул 12 раздзела III Статута 1588 г. адмяняў звышпрынцьгаовы для палякаў пункт пастановы люблінскага Сойму 1569 г. аб дазволе ім набываць зямельную ўласнасць у межах Княства. Пасля ўвядзення Статута 1588 г. у якасці галоўнага заканадаўчага акта шляхта Польскага каралеўства не мела юрыдычнага права набываць землі і займаць дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім.

Такім чынам, сфарміраваная ў Польшчы манархічнарэспубліканская дзяржаўна-палітычная сістэма была не ў стане аб'яднаць землі Рэчы Паспалітай. Для гэтага была патрэбна моцная цэнтралізаваная ўлада накшталт маскоўскага самаўладства.

Праўда, нельга не заўважаць і інтэграцыйныя працэсы ў Рэчы Паспалітай. Яны безумоўна назіраліся.

Беларуская шляхта, якая дамагалася ад караля ўсё большых прывілеяў, бачыла, што калі і надалей будзе ісці разам са шляхтай польскай, то набудзе на гэтым шляху вялікія прыбыткі. Так яно і адбылося. Немагчыма было не спакусіцца на такія вольнасці, якія поўнасцю абмяжоўвалі ўладу караля і надавалі магнатам і шляхце афіцыйныя правы не падпарадкоўвацца яму, калі той адмовіцца ад прызнання і выканання шляхецкіх прывілеяў. Прычым прывілеяў немалых, бо кароль у Рэчы Паспалітай быў асобай, што выбіралася на шляхецкім сойме і поўнасцю падначальвалася рашэнням гэтага вышэйшага заканадаўчага органа. Такім чынам, збліжэнне з польскай шляхтай далучала шляхту ліцвінскую да "залатых вольнасцей". Менавіта цераз іх у Рэчы Паспалітай паступова фарміравалася своеасаблівая саслоўна-палітычная супольнасць — "польскі народ шляхецкі". Прычым грунтавалася гэта супольнасць на рэлігійна-моўна-карпаратыўнай еднасці. Што тычыцца этнічнага атаясамлення беларуска-літоўскай шляхты з польскай, то пры заўважнай эвалюцыі яе поглядаў на Рэч Паспалітую як "Айчыну" трэба адзначыць наяўнасць ліцвінскай самасвядомасці, якая моцна адчувалася ў вялікакняжацка-шляхецкім асяродку і давала аб сабе знаць у самыя драматычныя моманты гісторыі Рэчы Паспалітай.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: