Рэфармацыя ў Еўропе, перадумовы рэфармацыйнага руху ў Беларусі. Рэфармацыя і контррэфармацыя ў Беларусі. Берасцейская царкоўная унія

У першай палове XVI ст. Рэфармацыя ахапіла большасць краін Еўропы. Па сацыяльнаму складу, палітычных і сацыяльна-эканамічных мэтах у Рэфармацыі вылучаюць тры галоўныя кірункі: бюргерска-буржуазны, які выступіў за аддзяленне царквы ад папы рымскага, рэлігійныя рэформы, прыстасаванне царкоўнай арганізацыі да буржуазных грамадскіх адносін; народная рэфармацыя, якая выявіла сацыяльныя інтарэсы сялянскаплебейскіх мас; каралеўска-княжацкая рэфармацыя, якая адпавядала інтарэсам вярхоўнай улады феадальнай знаці.

Рэфармацыя на Беларусі з'яўлялася састаўной часткай еўрапейскага рэфармацыйнага руху, але мела значныя своеасаблівасці. Агульнае развіццё феадальнага спосабу вытворчасці, эвалюцыя гарадоў, рамяства і гандлю, рост колькасці гарадоў і мястэчак, актывізацыя гандлёва-прадпрымальніцкай і грамадска-палітычнай дзейнасці мяшчан, абвастрэнне супярэчнасцей унутры пануючага класа, пагаршэнне сацыяльнага становішча мас былі фактарамі, якія спрыялі ўзнікненню рэфармацыйнага руху ў Вялікім княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI ст.

Значны ўплыў на рэфармацыю аказала ідэалогія асноўных кірункаў заходнееўрапенскага пратэстантызму, гусіцкі рух, нямецка-мараўскі анабаптызм. Ідэйныя перадумовы рэфармацыі фарміраваліся таксама пад уплывам рэнесансавагуманістычнай думкі, рускага вальнадумства і рускай ерасі. Вялікае значэнне мела літаратурная і кнігавыдавецкая дзейнасць Ф. Скарыны, які сваім перакладам Бібліі зрабіў працу, шмат у чым аналагічную той, якую выканалі заходнееўрапейскія гуманісты, пратэстанты.

Разнастайнасць сацыяльных сіл, якія падтрымалі рэфармацыйны рух ці былі ўцягнуты ў яго, абумовіла неаднолькавую ідэалагічную накіраванасць асноўных рэфармацыйных плыняў на Беларусі і Літве (кальвінізму, лютэранства, антытрынітарызму), адрозненне іх грамадска-палітычных мэт. Асноўнай формай царкоўна-рэлігійнай рэфармацыі, якая зацвердзілася на Беларусі, быў кальвінізм. Яго галоўнай сацыяльнай апорай была феадальная знаць, частка дробнай і сярэдняй шляхты. Адмоўныя адносіны многіх магнатаў Вялікага княства Літоўскага (Радзівілаў, Сапег, Хадкевічаў, Кішак і інш.) да дзяржаўнай уніі з Польшчай, імкненне феадальнай знаці захаваць свае сацыяльна-эканамічныя і палітычныя правы шляхам дэцэнтралізацыі як дзяржаўнай, так і царкоўна-рэлігійнай структуры (у дадзеным выпадку каталіцкай і праваслаўнай цэрквы), абумовіла іх прыхільнасць да рэфармацыі.

У рэфармацыйным руху ўвасобіліся таксама апазіцыйныя настроі некаторых слаёў мяшчанства, што выступалі супраць прывілеяванага становішча традыцыйных цэркваў, якое ўшчамляла сацыяльна-эканамічныя правы гараджан.

Пераважная колькасць сялян, як і гарадскога насельніцтва, захоўвала сваю прыхільнасць праваслаўнай рэлігійнай традыцыі, нягледзячы на спробы буйных феадалаў-пратэстантаў (Радзівілаў, Валовічаў і інш.) прыцягнуць іх да падтрымкі рэфармацыі шляхам выдання розных «устаў», якія прадпісвалі падданым абавязковае наведванне пратэстанцкай царквы пад пагрозай пакарання.

Першы на Беларусі збор у сваім замку ў Берасці залажыў «некаранаваны кароль Літвы», пратэктар рэфармацыі ў Вялікім княстве Літоўскім, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны. 3 сярэдзіны XVI ст. арганізоўваюцца рэфармацыйныя абшчыны (зборы), а пры іх цэрквы, школы, «шпіталі» (прытулкі) у Нясвіжы, Клецку, Беліцы, Заслаўі, Менску, Віцебску, Полацку і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. Большасць рэфармацыйных абшчын знаходзілася ў залежнасці ад феадалаў-пратэктараў, якія забяспечвалі пратэстанцкіх «міністраў» (святароў) сродкамі на пражыццё (зямельнымі ўладаннямі ці гадавым утрыманнем).

Кальвінісцкія абшчыны складалі большасць усіх рэфармацыйных збораў. У XVI — першай палове XVII ст. на тэрыторыі Беларусі было створана каля 85 кальвінісцкіх і 7 арыянскіх збораў. Многія з іх дзейнічалі кароткачасова. Да канца XIV ст. склалася арганізацыйная і тэрытарыяльная структура кальвінісцкай царквы ў Вялікім княстве Літоўскім.

У 60-ых гг. XVI ст. на Беларусі, у Літве і на Украіне сфарміраваўся арыянскі, ці антытрынітарскі, рух. У сацыяльных і рэлігійна-філасофскіх поглядах антытрынітарыяў выразна выявіліся як радыкальныя, так і рацыяналістычна-памяркоўныя тэндэнцыі. Найбольш выдатным прадстаўніком ў беларуска-літоўскім антытрынітарызме быў Сымон Будны, пісьменнік, асветнік, гуманіст. Дзейнасць С. Буднага звязана са зборамі ў Вільні, Клецку, Холхле, Заслаўі, Лоску. У сваёй кнізе «Пра свецкую ўладу», выдадзенай у 1583 г. у Лоску, ён знаёміў чытачоў з поглядамі прадстаўнікоў радыкальнай рэфармацыі. Найбольш цікавым і арыгінальным з'яўляецца раздзел кнігі, прысвечаны дыспуту ў Іўі ў 1568 г., дзе галоўнымі апанентамі Буднага выступілі прадстаўнікі сацыяльна-радыкальнага напрамку — Якуб з Калінаўкі і Павел з Візны.

Ідэолагі радыкальнай рэфармацыі (Пётр з Ганёндза, Марцін Чаховіц, Якуб з Калінаўкі і інш.) рэзка крытыкавалі грамадска-палітычныя і сацыяльныя асновы феадальнага грамадства: жорсткую эксплуатацыю сялянства і іншых прыгнечаных слаёў насельніцтва, «нявольніцтва». Яны выступілі супраць вярхоўнай улады, дзяржаўных устаноў, якія стаялі на варце феадальных парадкаў, выкрывалі дэспатызм феадалаў. Імкненне плебейска-сялянскіх прапаведнікаў на практыцы рэалізаваць свае лозунгі прывяло іх да канфлікту з кальвінісцкай шляхтай, выклікала моцную занепакоенасць правячых колаў. У сярэдзіне XVII ст. антытрынітарызм быў заканадаўча забаронены, а члены арыянскіх абшчын выгнаны з Рэчы Паспалітай.

Рэфармацыя спрыяла актывізацыі духоўнага жыцця, распаўсюджванню новых, гуманістычных тэндэнцый, развіццю рэнесансавай культуры. Вялікае значэнне надавалася выхаванню дзяцей у пратэстанцкім духу, таму пры шмат якіх зборах ствараліся пачатковыя школы. Існавалі школы пры зборах у Беліцы, Наваградку, Віцебску, Арлове, Клецку, Любчы, Усялюбе, Койданаве і інш.

Каля 1585 г. ва ўладанні жмудскага старасты, арыяніна Яна Кішкі ў Іўі (Ашмянскі павет) была закладзена арыянская школа. Высокі ўзровень выкладання ў ёй забяспечвала дзейнасць яе рэктара, асветнікагуманіста Яна Ліцынія Намыслоўскага, аўтара падручнікаў для пратэстанцкіх школ, удзельніка дыспутаў з езуітамі і кальвіністамі. У 1625 г. сінод, улічваючы ўзрастаўшыя патрэбы ў пратэстанцкай адукацыі, прыняў рашэнне заснаваць евангелічныя школы новага тыпу з даволі складанай і разнастайнай праграмай навучання ў Слуцку і Кейданах (Літва).

У 70-ых гг. XVI ст. былі зроблены спробы стварыць першую рэфармацыйную Акадэмію ў Вялікім княстве Літоўскім у Вільні, аднак процідзеянне каталіцкіх колаў перашкодзіла рэалізацыі гэтай задумы.

Практычна адначасова з фарміраваннем рэфармацыйнай царквы на Беларусі ўзнікла і рэфармацыйнае кнігадрукаванне. Першыя рэфармацыйныя друкарні былі створаны пры падтрымцы ўплывовай беларускай і літоўскай шляхты, магнатаў. У 50—60-ых гг. XVI ст. пад апекай Мікалая Радзівіла Чорнага былі заснаваны друкарні ў Берасці, Нясвіжы, у 70-ых гг. пры ўдзеле Яна Кішкі пачала сваю дзейнасць арыянская друкарня ў Лоску. Кароткачасова дзейнічала друкарня Васіля Цяпінскага ў 1570-ых гг. У першай палове XVII ст. дзейнічала буйнейшая рэфармацыйная друкарня ў Любчы.

Большасць рэфармацыйных выданняў, якія выйшлі на Беларусі, апублікаваны на польскай, некаторыя — на беларускай і лацінскай мовах. Найбольш значнымі былі выданні перакладаў і рэдакцый Бібліі ці асобных яе кніг (Берасцейская біблія 1563 г., перакладзеная і адрэдагаваная ідэолагамі кальвінісцкай рэфармацыі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы; Нясвіжская біблія 1572 г.; выдадзены ў 1574 г. у Лоску Новы запавет; Евангелле Васіля Цяпінскага).

Пратэстанцкімі друкарнямі выдаваліся рэлігійна-палемічныя творы, навучальная і педагагічная літаратура, панегірыкі. Рэфармацыйнае кнігадрукаванне Беларусі вылучалася высокай удзельнай вагой свецкіх арыгінальных і перакладных выданняў: выдаваліся гістарычныя творы, павучальныя трактаты, пераклады антычных аўтараў, дзеячаў сярэдневяковай культуры, эпохі Адраджэння, былі выдадзены першыя на Беларусі друкаваныя выданні юрыдычнага характару.

Рэфармацыйнае кнігадрукаванне садзейнічала распаўсюджванню рэнесансавых, гуманістычных, рацыяналістычных тэндэнцый у культуры Беларусі. Многія дзеячы рэфармацыйнага руху ўнеслі свой уклад у развіццё літаратуры і пісьменнасці Беларусі.

Рэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім насіла ў асноўным шляхецка-магнацкі характар. Феадалы-пратэстанты ў час палітычнага ўздыму рэфармацыі на Беларусі і ў Літве займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады. У сенаце Вялікага княства Літоўскага ў 1569 г. засядалі 15 сенатараў-пратэстантаў, 2 католікі, 5 праваслаўных, у 1580 г. адпаведна — 13, 6 і 4.

Рэфармацыйны рух адыграў пэўную ролю ў развіцці талерантнасці ў Вялікім княстве Літоўскім. Віленскі прывілей 1563 г., пацверджаны і пашыраны на Гародзенскім сейме 1568 г., ураўнаваў у правах усю шляхту «веры хрысціянскай». У 1573 г. быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыі аб свабодзе веравызнання, тэкст якога ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.

Наступленне контррэфармацыі, якое ўзмацнілася пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г., унутраныя супярэчнасці ў асяроддзі пануючага саслоўя, адсутнасць устойлівай сацыяльнай апоры рэфармацыі абумовілі параўнальна хуткі адыход значнай часткі мясцовых феадалаў ад яе падтрымкі і пераход іх да каталіцызму. Прычым у каталіцызм пераходзілі не толькі былыя католікі, але і прадстаўнікі праваслаўных фамілій (Валовічы, Збаражскія, Сапегі). У гэтым плане можна сказаць, што рэфармацыя спрыяла паланізацыі беларускай шляхты.

Рэфармацыя ў цэлым адыграла пэўную ролю ў развіцці духоўнага і царкоўна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Рэфармацыйныя ідэі садзейнічалі станаўленню секулярызаваных форм культуры, пашырэнню міжнародных сувязей і кантактаў.

У царкоўна-рэлігійнай палітыцы рымскай курыі, вярхоўнай улады ВКЛ, Польшчы, пазней Рэчы Паспалітай пэўнае месца адводзілася планам уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Рэальны кантэкст гэтых планаў залежаў ад канкрэтна-палітычных абставін, зрухаў у палітычных і царкоўна-рэлігійных адносінах на дзяржаўным, рэгіянальным і кантынентальным узроўні. Рымская курыя ўлічвала палітычнае значэнне буйных дзяржаў Усходняй Еўропы, асабліва ў канцы XIV—XV стст., распаўсюджанасць і адносную ўстойлівасць грэка-ўсходняга праваслаўя сярод славянскага насельніцтва ВКЛ, Польшчы, Маскоўскай Русі. Падзенне палітычнага і царкоўнага прэстыжу Канстантынопаля пасля заваявання яго Асманскім султанатам у 1453 г., Саборны рух у Еўропе і крызіс самой каталіцкай царквы заахвочваў рымскую курыю да актывізацыі яе ўсходняй палітыкі, прымушаў шукаць новых палітычных саюзнікаў і змяняць формы царкоўна-рэлігійных адносін для пашырэння сваіх уплываў. Важнай часткай дыпламатычных і царкоўна-рэлігійных разлікаў апостальскага прастола ў XV і пачатку XVI ст. былі планы стварэння антытурэцкай кааліцыі з удзелам Польшчы, ВКЛ, Маскоўскай Русі. У другой палове XVI — пачатку XVII ст. царкоўна-рэлігійныя планы рымскай курыі набылі выразную антымаскоўскую афарбоўку.

Кіруючыя колы ВКЛ, Польшчы, каталіцкая іерархія абедзвюх дзяржаў разлічвалі з прыняццем уніі на ўмацаванне дзяржаўна-палітычных і царкоўных структур, пашырэнне сувязей з Захадам, асабліва з каталіцкімі краінамі. Пэўная частка беларуска-літоўскай і ўкраінскай свецкай і духоўнай знаці ВКЛ падтрымлівала гэтыя захады. Унія магла садзейнічаць скасаванню пэўных абмежаванняў, што тычыліся праваслаўнага насельніцтва ВКЛ, сацыяльна-палітычнай кансалідацыі прывілеяваных колаў грамадства. Супраць уніі ў XV—XVI стст. выступала значная частка праваслаўнага духавенства, бо яна звужвала тэрытарыяльна-дзяржаўныя сферы яе ўплываў і прыкметна падначальвала свецкай уладзе, а таксама большасць паспалітага «рускага» насельніцтва, якое трымалася «старыны» як сродку абароны сваіх сацыяльных інтарэсаў і свайго статуса.

Берасцейскі сабор 1596 г. абвясціў аб утварэнні уніяцкай царквы, якая прызнавала звершнасць папы рымскага і захоўвала ў асноўным абрадавасць грэка-ўсходняй царквы. Ва ўмовах афіцыйнага навязвання унія выклікала шырокі сацыяльны пратэст. Абарона праваслаўя станавілася патрыятычнай справай аховы народнасці, мовы, культуры, што асабліва адчувалася ў першыя дзесяцігоддзі пасля абвяшчэння уніі. Антыуніяцкую накіраванасць мелі Віцебскі «бунт» 1623 г., у час якога быў забіты полацкі уніяцкі архіепіскап Кунцэвіч, іншыя «хлопскія» выступленні. Інтэнсіўную прапаганду супраць уніі вялі беларускі і ўкраінскія брацтвы, якія аб'ядноўвалі пераважна гарадское насельніцтва.

Антыуніяцкія выступленні стымуляваліся афіцыйнай забаронай дзейнасці праваслаўнай царквы, перадачай яе маёнткаў і іншай уласнасці уніятам, іншымі абмежаваннямі рэлігійнай дзейнасці. Жорсткая царкоўнарэлігійная палітыка вярхоўнай улады Рэчы Паспалітай не прывяла да пажаданых вынікаў. У 20—30-ыя гг. XVII ст. кіруючыя колы і уніяцкая іерархія пасля няўдалых спроб заключыць новую унію прызналі царкоўна-рэлігійныя правы праваслаўнай царквы, магчымасць яе легальнай дзейнасці. У сваю чаргу значныя рэформы, праведзеныя уніяцкімі мітрапалітамі — Руцкім, Сялявай, Корсакам, стварэнне Базыльянскага ордэна, падрыхтоўка вопытных кадраў, паляпшэнне школьнай адукацыі спрыялі ўзросту ўплываў уніяцкага духавенства ў больш шырокіх, чым раней, колах беларускага насельніцтва.


 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: