Асаблівасці цывілізацыйнага развіцця краін Заходняй Еўропы ў XIV - XVI ст. ст. Рэнесанс ў Еўропе і Беларусі

Канец XV—XVI ст. характарызуецца значнымі зрухамі амаль ва ўсіх галінах духоўнага жыцця Беларусі. На гэты перыяд прыпадае росквіт рэнесансавай культуры ў Беларусі і ва ўсім Княстве, рэзкі рост і ўзбагачэнне еўрапейскіх культурных, гандлёвых і палітычных сувязей, узнікненне кірылічнага, а пазней лацінапольскага кнігадруку, распаўсюджванне рэфармацыйных ідэй і рухаў, пэўная секулярызацыя духоўнага жыцця, пранікненне свецкіх гуманістычных і асветніцкіх павеваў у культуру, пашырэнне дзяржаўнай і нацыянальна-патрыятычнай свядомасці ў розных колах шляхты, духавенства і «паспалітага» грамадства.

Важную, сапраўды рэвалюцыйную ролю ў развіцці рэнесансавых тэндэнцый, ва ўздыме беларускай і ўсходнеславянскай культуры адыграла кнігадрукаванне, заснаванае вялікім беларускім асветнікам, гуманістам і рэфарматарам Францыскам Скарынам (каля 1490 — каля 1551-га). Творчасць і жыццёвая актыўнасць Скарыны адлюстравала характэрныя рысы найбольш прагрэсіўнай у гістарычна-культурным сэнсе часткі гарадскога насельніцтва Беларусі, мяшчан, «паспалітага люду языка рускага», якая ў сваёй дзейнасці імкнулася задаволіць не толькі саслоўныя, але і агульнанацыянальныя інтарэсы. У 1506 г. атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі, а пазней — доктара вызваленых навук. У 1512 г. у рэнесансавай Падуі, асноўным універсітэцкім цэнтры Венецыянскай рэспублікі, Скарына бліскуча абараніў дыплом «у лекарскіх навуках доктара». У канцы другога — пачатку трэцяга дзесяцігоддзя XVI ст. займаўся інтэнсіўнай літаратурна-пісьменніцкай і выдавецкай дзейнасцю ў Празе і Вільні, працаваў сакратаром віленскага біскупа Іаана з князёў літоўскіх, дыпламаваным медыкам, наведваў Польшчу, Прускае герцагства, Маскоўскую Русь, у канцы жыцця быў адным з заснавальнікаў старэйшага батанічнага рэнесансавага саду ў цэнтральнай Еўропе — у Празе, на Градчанах.

Пражская друкарня Скарыны была заснавана пры падтрымцы і грашовай дапамозе заможных віленскіх і полацкіх мяшчан — Багдана Онкава, магчыма, Івана Скарыны, Якуба Бабіча, Юрыя Адзверніка і іншых асоб з гандлёва-прадпрымальніцкага і адміністрацыйнага асяроддзя. Там, абапіраючыся на царкоўнаславянскія зводы «рускай» (у тым ліку «заходнерускай») рэдакцыі, проста ці ўскосна выкарыстоўваючы таксама лацінскія, чэшскія, грэчаскія, яўрэйскія тэксты Свяшчэннага пісання, Скарына пераклаў, адрэдагаваў, пракаменціраваў, падрыхтаваў да друку і выдаў 23 кнігі Старога запавету.

Кнігі Бібліі, як вядома, з'яўляюцца выдатнымі помнікамі сусветнай культуры. У сувязі з культурным уздымам, абуджэннем грамадскіх інтарэсаў да антычнай, старажытнай пісьменнасці, рознымі палітычнымі і царкоўна-рэлігійнымі тэндэнцыямі яны набылі асаблівае культурна-гістарычнае і ідэалагічнае значэнне ў рэнесансавай Еўропе. Менавіта ў той час з'яўляюцца новыя рукапісныя і друкаваныя зводы, пераклады, рэдакцыі, якія адыгралі значную ролю ў развіцці духоўнага жыцця розных краін, нацыянальнапатрыятычнай і сацыяльнай свядомасці, зараджэнні рэфармацыйных рухаў і кансалідацыі традыцыйных цэркваў і г. д. Кнігі Скарыны стаяць побач з вядомымі рэнесансавымі выданнямі Эразма Ратэрдамскага, Марціна Лютэра, Лаўрэнція Валы і маюць свае характэрныя рысы, нацыянальна-культурную адметнасць, сваё сацыяльнае прызначэнне і сваю гісторыю.

Скарына не толькі пераклаў на тагачасную беларускую літаратурную мову (царкоўнаславянскую мову беларускай рэдакцыі) кнігі Бібліі, у тым ліку тыя, што былі не вядомы ў тагачаснай беларускай і заходнерускай літаратурнай традыцыі, але ён пасвойму асэнсаваў і пракаменціраваў іх, зрабіў болыл прывабнымі, даступнымі ддя ўсіх слаёў беларускага насельніцтва. Літаратурны талент Скарыны, яго ўзнёслыя грамадска-палітычныя, этычныя, гістарычныя, філасофскія, прававыя, рэлігійныя погляды выразна адлюстраваліся ў яго прадмовах, шматлікіх «надпісаннях» — своеасаблівых анатацыях да раздзелаў, у арыгінальнасці і дакладнасці ўсяго перакладу Бібліі. Выданні Скарыны ставілі беларускую мову на ўзровень класічных старажытных моў, на якіх, згодна з царкоўнай традыцыяй, былі напісаны арыгіналы і першасныя пераклады Бібліі. Яны садзейнічалі нарміраванню беларускай мовы і распаўсюджванню яе ў розных жанрах літаратуры і пісьменнасці, узнікненню кірылічнага кнігадрукавання ў Расіі і на Украіне.

Выданні Скарыны прапаведавалі рэнесансава-гуманістычныя ідэі, жыццёвую актыўнасць на карысць грамадства, «паспольства», сумленныя маральныя прынцыпы, яны абаранялі адзінства права і неабходнасць пісаных справядлівых законаў, вяршэнства народа ў дзяржаве, спрыялі культурнаму і канфесійнаму збліжэнню, развіццю царкоўна-рэлігійнай і палітычнай талерантнасці, павагі да духоўнай і гістарычнай спадчыны розных народаў, да свецкай навукі і адукацыі. Упершыню ў гісторыі беларускай, ды і ўсёй славянскай кірылічнай, пісьменнасці выданне кніг Бібліі мела такі выразны дэмакратычны характар, прызначалася свецкім людзям «простым» і «паспалітым».

Пражскія і віленскія выданні Скарыны («Малая падарожная кніжка», каля 1522 г., і «Апостал», 1525 г.) вылучаліся таксама сваім непаўторным рэнесансавым мастацка-паліграфічным абліччам. Невялікія зручныя выданні (у чацвёртую ці восьмую частку аркуша) друкаваліся на таннай паперы асобнымі выпускамі, што рабіла іх больш даступнымі для насельніцтва. Уся ўнутраная архітэктоніка выданняў (тытульныя лісты, раздзелы, калонтытулы, калафоны і інш.) арганічна звязана з упрыгожваннямі, шматлікімі фігурнымі ілюстрацыямі, арыгінальнымі шрыфтамі. Рэнесансавы партрэт першадрукара, змешчаны ў дзвюх кнігах Бібліі — Ісус Сірахаў і Царстваў, найболып выдатная гравюра па майстэрству, малюнку і кампазіцыі, пераканаўча даказвае, што ён поўнасцю разумеў гістарычнае і нацыянальна-культурнае прызначэнне кнігадрукавання і сваю ролю ў яго ўзнікненні на Беларусі.

У 50—60-ых гг. XVI ст. былі заснаваны новыя друкарні ў Берасці, Нясвіжы, Заблудаве, Вільні. Кніжны фонд Беларусі рэзка ўзрос за некалькі дзесяцігоддзяў існавання беларускага кірылічнага і лаціна-польскага кнігадруку.

Традыцыі рэнесансава-гуманістычнага асветніцтва развіваў выдатны дзеяч славянскай культуры, прадстаўнік новалацінскай літаратуры Мікола Гу.соўскі (1470-ы? — каля 1533-га г.). Пад апекай мецэната Э. Вітэлія, плоцкага біскупа, Гусоўскі наведваў Італію, іншыя еўрапейскія краіны, працаваў у канцылярыях Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. У сваім знакамітым творы «Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго» (напісана ў Рыме, выдадзена ў Кракаўскай друкарні Ераніма Віетара ў 1523 г.) паэт апявае веліч і хараство роднай прыроды, заклікае да ўмацавання дзяржавы, адзінства еўрапейскіх народаў перад пагрозай Атаманскай Порты. 3 гуманістычных, маральна-этычных, патрыятычных пазіцый ён асуджае несправядлівыя войны, міжусобіцы, апісвае цяжкі лёс, паўсядзённую працу простых людзей, якія ўзорваюць зямлю, палююць, абараняюць Айчыну.

Рацыяналістычныя і гуманістычна-асветніцкія традыцыі Скарыны працягваў і развіваў Сымон Будны (каля 1530— 1593 гг.), адзін з заснавальнікаў і супрацоўнікаў Нясвіжскай друкарні, аўтар першых друкаваных на беларускай мове вучэбнаканфесійных і палемічных твораў — «Катэхізіса», 1562 г., «Аб апраўданні грэшнага чалавека перад богам», 1562 г., і інш.

У больш позніх польскамоўных і лацінамоўных выданнях — «Пра свецкую ўладу» (1583), «Новы запавет» (1574), у вуснай палеміцы з іншымі дзеячамі рэфармацыі на царкоўных сінодах ён рэзка крытыкаваў кананічную хрысціянскую дагматыку, царкоўныя традыцыі, крайнія радыкальныя сацыяльныя погляды польскіх і літоўскабеларускіх антытрынітарыяў. Будны станоўча ацэньваў культуру еўрапейскага Адраджэння, выступаў за развіццё пісьменнасці і кнігадрукавання на роднай мове, культурныя сувязі, адмоўна ставіўся да цэнзуры.

Блізкім паплечнікам Буднага па сацыяльных і рэлігійных поглядах быў небагаты беларускі шляхціц, гуманіст, кнігавыдавец, пісьменнік і перакладчык Васіль Мікалаевіч Цяпінскі (г. нарадж. невядомы — каля 1599). Напэўна ў сваім родавым маёнтку Цяпіна на Полаччыне ён заснаваў друкарню і выдаў на царкоўнаславянскай і беларускай мовах Евангелле (1570-ыя гг.). Прадмова да кнігі — адзін з лепшых узораў беларускай гуманістычна-асветніцкай патрыятычнай публіцыстыкі. Цяпінскі заклікаў свецкіх паноў і князёў, духоўную іерархію да актыўнай духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі беларускай культуры, мовы, звычаяў і традыцый, да развіцця школьнай асветы, маральна-этычнага ўдасканалення.

У XV—XVI стст. узрасла ўдзельная вага свецкай літаратуры і пераходных яе жанраў: гістарычнай, рэлігійна-белетрыстычнай, маральна-павучальнай. Распаўсюджанне атрымалі перакладныя творы паўднёваславянскіх, заходнееўрапейскіх, польскіх аўтараў, у тым ліку перапрацаваныя беларускімі кніжнікамі: «Жыццё Аляксея, чалавека божага», «Аповесць аб трох каралях-вешчунах», «Александрыя» і іншыя.

Грамадска-палітычныя канцэпцыі розных колаў пануючых саслоўяў Вялікага княства Літоўскага, тагачасныя этычныя, эстэтычныя ўяўленні, пачаткі навуковых ведаў выразна адлюстраваліся ў помніках беларускага летапісання XIV — XVI стст. У другой палове XVI ст. летапісы як сінтэтычная форма духоўнай культуры сталі паволі адміраць, саступаючы месца іншым гістарычным жанрам.

У рэлігійнай і свецкай арыгінальнай літаратуры канца XVI— XVII ст. першараднае значэнне набываюць новыя пераклады і тлумачэнні Свяшчэннага пісання на беларускую і царкоўнаславянскую мову, у тым ліку Еўеўскага евангелля 1616 г., мемуары, палітычная, гісторыкалетапісныя палітычныя творы, сеймавыя дыярыўшы, свецкая паэзія. Сярод іх вылучаюцца Баркалабаўскі летапіс, Дзённік Фёдара Еўлашоўскага, творы Стэфана і Лаўрэнція Зізаніяў, Мялеція Сматрыцкага, Афанасія Філіповіча, Фамы Іеўлевіча і інш. Каларытнымі помнікамі палітычнай сатыры з'яўляюцца «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». У рэлігійна-палемічную пісьменнасць, асабліва ў творы уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея, пранікаюць сатырычна-фальклорныя матывы, жывая народная гаворка.

Апошнія гады XVI — першыя дзесяцігоддзі XVII ст. адзначаны асаблівым уздымам літаратурна-рэлігійнай палемікі каталіцка-уніяцкіх і праваслаўных ідэолагаў і пісьменнікаў. Менавіта ў гэты перыяд у палемічнай літаратуры былі пастаўлены вострыя пытанні, якія тычыліся Берасцейскай уніі, канфесійнай арыентацыі, рэлігійнай дагматыкі, знешняй і ўнутранай палітыкі. У творах царкоўна-рэлігійных ідэолагаў і ананімных гісторыкапалітычных выданнях высвятляюцца розныя грамадска-палітычныя канцэпцыі, падтрымліваюцца ідэі дзяржаўнага і нацыянальнага суверэнітэту, верхавенства законаў, роўнасці ўсіх народаў Рэчы Паспалітай, царкоўнай талерантнасці.

У XV—XVI стст. узрос уплыў польскіх і заходнееўрапейскіх прававых традыцый. Заканадаўства адлюстроўвала ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, працэс кансалідацыі феадалаў незалежна ад іх этнічнага паходжання і канфесійнай прыналежнасці, уздзеянне сацыяльных адносін на станаўленне норм права.

Ідэалогія і культура Рэнесанса, агульнаеўрапейскія прававыя тэндэнцыі прыкметна адбіліся ў грамадска-палітычнай, прававой думцы Вялікага княства Літоўскага, асабліва ва ўсіх яго статутах — 1529, 1566, 1588 гг. Статуты былі прадуктам высокай прававой культуры, адлюстроўвалі такія прагрэсіўныя ідэі, як суверэннасць дзяржавы, адзінства, усеагульнасць права і інш. У Статут 1588 г. былі ўключаны пастановы Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., якая прызнала поўную прававую роўнасць усёй хрысціянскай шляхты. Дарэчы, гэта быў першы друкаваны Статут, неаднаразова выдадзены пры падтрымцы канцлера Льва Сапегі беларускімі кнігадрукоўцамі Мамонічамі ў канцы XVI — пачатку XVII ст. у Вільні.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: