Абвастрэнне эканамічных супярэчнысцей у Расіі ў сярэдзіне XIX ст. Буржуазныя рэформы 60-70 гг. XIX ст. і асаблівасці іх правядзення ў Беларусі

19 лютага 1861 г. Аляксандр II падпісаў Маніфест і «Палажэнні» аб вызваленні памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці. Прыгонныя сяляне атрымалі, хоць і не адразу, асабістую волю, правы чалавека, фармальную незалежнасць ад пана. Селянін мог сам звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы, заключаць гандлёвыя і іншыя здзелкі, пераязджаць у горад, запісвацца ў саслоўі мяшчан і купцоў, паступаць на службу ці ў навучальную ўстанову. У гэтых адносінах рэформа 1861 г. карэнным чынам змяняла становішча сялян.

Памешчык у выніку траціў уладу над вёскай. «Палажэнні 19 лютага» прадугледжвалі новы парадак кіравання сялянамі, заснаваны на выбарнасці ніжэйшых службовых асоб. Жыхары сельскай грамады выбіралі на сходзе старасту. На валасных сходах сельскія старасты і ўпаўнаважаныя ад кожных 10 двароў выбіралі валасное праўленне, валаснога старшыню і суддзю. Функцыі органаў сялянскага самакіравання былі вельмі абмежаваныя. Фактычна яны павінны былі выконваць усё, што патрабавалі ад іх урадавыя чыноўнікі. Да ліку галоўных абавязкаў сельскіх улад адносіліся раскладка і збор падаткаў, кантроль за выкананнем сялянамі шматлікіх павіннасцей, рэгуляванне пазямельных узаемаадносін сялян, арганізацыя ў вёсцы паліцэйскай службы (соцкія, дзесяцкія). За спраўнае выкананне павіннасцей і выплату падаткаў сяляне адказвалі на аснове кругавой парукі, якая захоўвалася да пачатку XX ст. Валасны сялянскі суд дзейнічаў на аснове норм і традыцый звычаёвага права, што было перажыткам сярэднявечча.

Паводле «Палажэнняў 19 лютага», уся зямля маёнткаў абвяшчалася ўласыасцю памешчыкаў. Аднак закон абавязваў іх прадаць сваім былым прыгонным частку зямлі на пэўных умовах. Зямельныя надзелы павінны былі вызначацца на аснове «добраахвотных» пагадненняў сялян з памешчыкамі. У выпадках, калі згода не дасягалася, закон устанаўліваў пэўныя нормы сялянскіх надзелаў, зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў.

Пры раздзеле зямлі землеўладальнікі выбіралі сабе лепшыя ўчасткі. Гэта прывяло да незвычайнай цераспалосіцы панскіх і сялянскіх зямель. Амаль усе лясы, лепшыя сенажаці, азёры засталіся ў руках памешчыкаў. Надзелы сялянам выдзяляліся на няўдобіцах, «пясочках», далёка ад вёсак. Адным словам, большасць сялян была пастаўлена ў такія ўмовы, пры якіх яны не маглі весці самастойную гаспадарку і былі вымушаны ісці ў кабалу да сваіх ранейшых гаспадароў. Да таго ж многія тысячы сялян-дваровых, якія да рэформы служылі ў панскіх маёнтках і не мелі зямельных надзелаў, засталіся беззямельнымі і пасля рэформы.

Паводле закону, селянін павінен быў заплаціць памешчыку выкуп і за зямлю, і за сваю свабоду. Выкуп асабістай свабоды быў замаскіраваны шляхам завышэння цаны за зямлю. На Беларусі, у параўнанні з сярэдняй рыначнай, яна была завышана ў 3—4 разы. Неабходных для выкупу грошай у сялян не было, а памешчыкі хацелі атрымаць іх адразу. Выйсце з такога становішча знайшоў урад: пры выкупе сяляне плацілі 20 працэнтаў адпаведнай сумы, астатнія 80 працэнтаў памешчыкам давала дзяржава.

Каб памешчыкі не засталіся пасля рэформы без рабочых рук, «Палажэннямі 19 лютага 1861 г.» прадугледжвалася, што выкупіць свае надзелы сяляне не маглі раней чым праз 9 гадоў. Увесь гэты час яны лічыліся часоваабавязанымі і павінны былі за карыстанне надзелам, як і раней, адбываць паншчыну або плаціць памешчыку чынш. Размеркаванне зямлі паміж памешчыкамі і сялянамі, а таксама абавязкі апошніх замацоўваліся дакументамі, якія называліся Устаўнымі граматамі. Іх складалі чыноўнікі (міравыя пасрэднікі), назначаныя з ліку мясцовых дваран. Пры складанні ўстаўных грамат часта рабіліся адрэзкі ад надзелаў сялян, павялічваліся іх павіннасці на карысць памешчыкаў. Для складання ўстаўных грамат і падпісання іх сялянамі і памешчыкамі быў назначаны двухгадовы тэрмін — да 19 лютага 1863 г. Рэалізацыяй рэформы ў паветах кіравалі з'езды міравых пасрэднікаў, у губернях — губернскія па сялянскіх справах установы на чале з губернатарамі. Прадстаўнікоў сялян у гэтых установах не было.

Устаноўленыя ўрадам часовыя абавязкі, звязаныя з адбываннем паншчыны і выплатай аброку, не маглі не выклікаць масавага абурэння сялян.

Да канца 80-ых гадоў урад прыняў шэраг законаў і ўказаў, якія вызначалі ўмовы землекарыстання і пераходу на выкуп іншых, адносна нешматлікіх катэгорый сельскага насельніцтва (старавераў, чыншавікоў, «вольных людзей», панцырных баяр, «праваслаўных арандатараў», аднадворцаў). Захоўваючы істотныя феадальныя перажыткі, гэтыя законы ўсё ж садзейнічалі развіццю капіталістычнага ладу ў беларускай вёсцы, зліццю названых разрадаў сельскага насельніцтва з асноўнай масай сялянства.

У выніку праведзеных царскім урадам аграрных рэформ на Беларусі памешчыкі-дваране захавалі ў сваёй уласнасці больш чым палову зямлі.

Пасля адмены прыгоннага права былі праведзены рэформы дзяржаўнага ладу, ваеннай справы, органаў суда і пракуратуры, сістэмы гарадскога самакіравання, народнай асветы, цэнзуры і інш. Уступкі самадзяржаўя патрабаванням буржуазнага развіцця краіны ў значнай ступені залежалі ад сілы ўздзеяння вызваленчага руху.

Адной з першых, у 1862 г., пачалася ваенная рэформа. Былі ўтвораны 15 ваенных акруг, скарочаны тэрміны службы да 7—8 гадоў, што адкрыла магчымасць амаладжэння арміі і стварэння рэзерваў для мабілізацыі з ліку звольненых у запас Але адзін з галоўных недахопаў старой арміі — яе саслоўны характар — захоўваўся яшчэ больш за 10 гадоў.

У 1864 г. пачаліся земская, судовая і школьная рэформы. Выбарныя земскія ўстановы ствараліся ў паветах і губернях для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, народнай асветай, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і іншымі сферамі грамадска-культурнага жыцця. Выбары ў земскія ўстановы праводзіліся на аснове маёмаснага цэнзу па трох курыях — памешчыцкай, гарадской і сялянскай. Выбарчы закон забяспечваў перавагу ў земствах прадстаўнікам памеснага дваранства. Земствы не мелі органаў выканаўчай улады і свае пастановы вымушаны былі ажыццяўляць праз урадавых чыноўнікаў. Аб'яднанне земстваў ва ўсерасійскім маштабе не дазвалялася. З'яўляючыся адзінымі ў самадзяржаўнай Расіі выбарнымі ўстановамі, земствы сталі своеасаблівымі цэнтрамі згуртавання прагрэсіўных, апазіцыйных царызму, грамадскіх сіл буржуазна-ліберальнага і ліберальна-народніцкага накірункаў. Дзейнасць земстваў мела пэўны станоўчы ўплыў на развіццё мясцовай гаспадаркі, шляхоў зносін, асветы, аховы здароўя, навуковых даследаванняў краязнаўчага характару і інш.

На Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне земская рэформа не праводзілася аж да пачатку XX ст. у сувязі з тым, што царскі ўрад пасля паўстання 1863—1864 гг. палітычна не давяраў мясцовым польскім (апалячаным) памешчыкам. Менавіта яны складалі пераважную болынасць памешчыкаў у краі. Пры выбарах земскіх устаноў па закону 1864 г. яны маглі захапіць іх у свае рукі. Пайсці на гэта царызм ніяк не мог. На ўвядзенне выбарных земстваў, прычым толькі ва ўсходніх губернях Беларусі і па спецыяльным выбарчым законе, урад адважыўся ажно ў 1911 г.

Са значным спазненнем і істотнымі адступленнямі ад прынцыпаў статуту 1864 г. была праведзена на Беларусі і судовая рэформа. Новы статут прадугледжваў бессаслоўнасць, публічнасць і незалежнасць суда ад урада. Ніжэйшымі судовымі інстанцыямі з'яўляліся міравыя суды і павятовыя з'езды міравых суддзяў, затым ішлі акруговыя суды (у губернях) і судовыя палаты (для некалькіх губерняў), якія непасрэдна падпарадкоўваліся Міністэрству юстыцыі. Для разгляду крымінальных спраў ствараўся інстытут прысяжных засядацеляў, прысуд якіх быў канчатковым. У судовым працэсе прадугледжваўся ўдзел прысяжных павераных (адвакатаў). Міравыя суддзі выбіраліся земствамі і гарадскімі думамі (у гарадах). Аднак для сялян, па дробных грамадзянскіх і крымінальных справах (да 100 руб.), захоўваўся саслоўны валасны суд, уведзены, як адзначана вышэй, рэформай 1861 г. У сваёй дзейнасці ён кіраваўся не законам, а нормамі звычаёвага права, дапускаючы вельмі часта судовыя хібы. Істотнымі адступленнямі ад норм буржуазнага права з'явіліся таксама падпарадкаванне суддзяў уладзе губернатараў (1866 г.), перадача спраў аб дзяржаўных (палітычных) злачынствах з суда прысяжных у судовыя палаты і ваенныя суды (1878 г.), ды і іншыя меры, прынятыя пад націскам рэакцыі.

На Беларусі і ў Літве, з-за палітычных прычын, судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г., калі былі ўведзены міравыя суды. У сувязі з адсутнасцю земстваў міравыя суддзі ў беларуска-літоўскіх губернях не выбіраліся, а назначаліся міністрам юстыцыі з ліку памешчыкаў, якія заслугоўвалі поўны давер. Акруговыя суды і адпаведная пракуратура з інстытутамі прысяжных засядацеляў і прысяжных павераных былі ўтвораны ў заходніх губернях у 1882 г. Пры гэтым улады захавалі за сабою права зацвярджаць, а па сутнасці фарміраваць спіс прысяжных засядацеляў4. Акруговыя суды Менскай, Гародзенскай і Віленскай губерняў падпарадкоўваліся Віленскай судовай палаце. Магілёўская губерня была аднесена ў сферу дзейнасці Кіеўскай, а Віцебская губерня — Пецярбургскай судовай палаты.

У выніку цэнзурнай рэформы 865 г. некалькі пашырыліся магчымасці друку. Была адменена папярэдняя цэнзура для арыгінальных твораў памерам не менш як 10 друкаваных аркушаў, а для перакладаў — 20 друкаваных аркушаў. Выданні меншых памераў, як больш даступныя для шырокай грамадскасці, павінны былі праходзіць праз папярэднюю цэнзуру. Не пазбаўляліся ад апошняй і органы перыядычнага друку ў правінцыі, у тым ліку на Беларусі. Сталічныя газеты і часопісы пры ўнясенні вялікіх грашовых закладаў маглі дамагчыся вызвалення ад папярэдняй цэнзуры. У такім выпадку іх рэдактары і выдаўцы за парушэнні закона аб друку прыцягваліся да судовай адказнасці. Аднак пры гэтым царская адміністрацыя пакінула за сабою права накладаць на газеты і часопісы розныя спагнанні, прыпыняць на пэўны час, а таксама забараняць выданне назаўсёды, калі яго накірунак істотна разыходзіўся з курсам афіцыйнай палітыкі.

Буржуазны накірунак рэформаў 60—70-ых гадоў на Беларусі быў болып абмежаваны, чым у Цэнтральнай Расіі, бо сутнасць палітыкі царызму ў заходніх губернях вызначалі вялікадзяржаўныя, каланізатарскія задачы. 3 мэтай русіфікацыі краю тут быў фактычна ўстаноўлены рэжым выключных законаў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: