double arrow

Грамадска-палітычнае і эканамічнае развіццё БССР у 20-х гадах XX ст.

Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў 1921 — 1926 гг. азнаменавалася ўзмацненнем і далейшым развіццём федэральных адносін БССР з РСФСР і іншымі савецкімі рэспублікамі. 16 студзеня 1921 г. быў падпісаны дагавор паміж БССР і РСФСР аб стварэнні аб'яднаных наркаматаў (ваенных і марскіх спраў, ВСНГ, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфа), што ўваходзілі ў склад СНК РСФСР. Адначасова было створана Паўнамоцнае прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Праз яго ажыццяўлялася каардынацыя дзейнасці ў галіне гаспадарчага і культурнага будаўніцтва. У сакавіку 1921 г. было заключана пагадненне паміж РСФСР, УССР, БССР і Азербайджанскай ССР аб аб'яднанні статыстычных устаноў гэтых рэспублік. У 1922 г. урадамі БССР і РСФСР было падпісана пагадненне аб удзеле БССР у федэральным камітэце па зямельных справах. У лютым 1922 г. у Маскве паміж РСФСР і прадстаўнікамі Украінскай, Беларускай, Грузінскай, Азербайджанскай, Армянскай савецкіх рэспублік, Бухарскай, Харэзмскай народных рэспублік і Далёкаўсходняй рэспублікі быў падпісаны акт аб перадачы на Генуэзскай канферэнцыі іх прадстаўніцтваў РСФСР, што фактычна азначала стварэнне адзінага дыпламатычнага саюза рэспублік.

Саюзныя дагаворы і пагадненні стварылі перадумовы і з'явіліся важным этапам на шляху да аб'яднання савецкіх рэспублік у адзіную саюзную дзяржаву, неабходнасць якой дыктавалася ўсім ходам развіцця краіны, адпавядала карэнным эканамічным і духоўным інтарэсам народаў.

У сувязі з гэтым у рэспубліках разгарнуўся шырокі аб'яднальны рух за стварэнне адзінай савецкай дзяржавы. Улічваючы волевыяўленне працоўных усіх рэспублік, У.І.Ленін прапанаваў аб'яднаць незалежныя савецкія рэспублікі, у тым ліку і РСФСР, у Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік на аснове іх добраахвотнасці, раўнапраўя і суверэннасці.

Ленінскую ідэю падтрымалі ўсе савецкія рэспублікі. IV Усебеларускі з'езд Саветаў, які адбыўся 14 — 18 снежня 1922 г., прыняў рашэнне аб неабходнасці ўтварэння Саюза ССР. Ен выбраў дэлегацыю на X Усерасійскі з'езд Саветаў у складзе 33 чалавек. Сярод дэлегатаў былі В.А.Багуцкі, Ш.Ш.Ходаш, А.С.Славінскі, А.І.Хацкевіч, Я.А.Адамовіч, У.М.Ігнатоўскі, Я.Ф.Фабрыцыўс і інш. Узначаліў дэлегацыю старшыня ЦВК і СНК БССР А.Р.Чарвякоў. Дэлегаты былі ўпаўнаважаны прыняць удзел у рабоце I з'езда Саветаў Саюза ССР. Ім даручалася ад імя працоўных Беларусі "здзейсніць фармальныя акты, якія замацоўваюць братні Саюз Сацыялістычных Савецкіх Рэспублік".

I з'езд Саветаў СССР, які адкрыўся 30 снежня 1922 г. у Маскве, пастанавіў утварыць Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. У выбраны з'ездам ЦВК СССР ад БССР увайшло 7 чалавек. А.Р.Чарвякоў стаў адным.са старшынь Прэзідыўма ЦВК СССР.

Аднак, нягледзячы на тое, што БССР увайшла ў склад СССР, яе гаспадарчае, дзяржаўнае і культурнае развіццё стрымлівалася абмежаванымі матэрыяльнымі рэсурсамі і малой тэрыторыяй. Вядома, што ў выніку грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі ў складзе БССР засталося шэсць паветаў Мінскай губерні: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі (з 1923 г. Чэрвеньскі), Мазырскі, частка Мінскага і Слуцкага. Іх плошча складала ўсяго 52,3 тыс. км2, а насельніцтва — 1544 тыс. чалавек. Таму першыя крокі мірнага будаўніцтва ў БССР паказалі, што многія эканамічныя задачы цяжка вырашаць без узгаднення з Віцебскім і Гомельскім губвыканкамамі, паколькі гэтыя губерні з'яўляліся арганічнай часткай Беларусі, яе палітычнага і эканамічнага жыцця. Неабходнасць і гаспадарчая мэтазгоднасць зліцця Віцебскай і Гомельскай губерняў з БССР асабліва відавочна паўстала ў сувязі з пераходам да НЭПа, калі тэрыторыя краіны была падзелена на шэраг гаспадарчых раёнаў. Такое зліццё неабходна было таксама для стварэння ўмоў для далейшага развіцця і кансалідацыі беларускай нацыі, яе культуры.

Пасля ўтварэння СССР VII з'езд Кампартыі Беларусі і II сесія ЦВІч БССР, якія адбыліся ў сакавіку 1923 г., звярнуліся ў ЦК РКП(б) з просьбай вырашыць пытанне аб канчатковым вызначэнні тэрыторыі рэспублікі шляхам уключэння ў яе склад раёнаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, дзе жыло ў болынасці беларускае насельніцтва. Аднак асобныя кіруючыя партыйныя і савецкія работнікі гэтых губерняў выступілі супраць аб'яднання з БССР. Яны сцвярджалі, што ў Віцебскай, Гомельскай і заходніх паветах Смаленскай губерні паводле перапісу 1920 г. пражываюць у асноўным рускія.

У маі 1923 г. ЦК РКП(б), ідучы насустрач інтарэсам Беларускай рэспублікі, даў згоду на ўзбуйненне тэрыторыі БССР за кошт сумежных раёнаў з болыпасцю беларускага насельніцтва. Такую ж згоду выказаў і ЦВК РСФСР.

Аднак правільнае вырашэнне тэрытарыяльнага пытання патрабавала ўсебаковай падрыхтоўкі. 3 гэтай мэтай пры ЦВК РКП(б) была ўтворана спецыяльная камісія. У яе склад увайшлі прадстаўнікі ЦК, ЦКК РКП(б), ЦК КП(б)Б, Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай партыйных арганізацый. У выніку вывучэння тэрытарыяльнага пытання камісія прадставіла ЦК РКП(б) спецыяльны даклад, у якім быў дадзены аналіз нацыянальнага складу насельніцтва ў Віцебскай, Гомельскай губернях і двух паветах Смаленскай губерні: Горацкім і Мсціслаўскім. У дакладзе падкрэслівалася, што "перапіс 1920 г. павінен быць пракарэктаваны данымі ўсерасійскага перапісу 1897 года". Справа ў тым, што ў момант заканчэння польскай вайны, калі яшчэ недастаткова ясна была вызначана граніца з Польшчай, імкнуліся наўмысна паменшыць лік беларусаў у суседніх з ёю паветах у сувязі з намерам "плебісцыта". У дакладзе прыводзіліся прыклады, што па перапісе 1897 г. беларусаў у Гомельскім павеце налічвалася 89 %, а па перапісе 1920 г. — 20 %; у Рэчыцкім адпаведна 98 і 45 %; у Рагачоўскім — 98 і 31 %. Таму камісія прыйшла да высновы аб неабходнасці ўзбуйнення БССР за кошт поўнага ўключэння ў яе склад Віцебскай, а таксама Гомельскай губерняў за выключэннем пяці паветаў — Клінцоўскага, Гомельскага, Суражскага, Пачэпскага і Старадубскага, у якіх, па разліках камісіі, беларусы складалі меншасць. Пазней да гэтых паветаў быў далучаны Рэчыцкі. Але камісія прапанавала дадаткова вывучыць пытанне аб Гомельскім і Рэчыцкім паветах, каб далучыць іх да БССР. Мсціслаўскі і Горацкі паветы Смаленскай губерні таксама намячалася ўключыць у склад БССР. У дакладзе прапаноўвалася перанесці сталіцу БССР па стратэгічных меркаваннях з Мінска ў Магілёў.

29 лістапада 1923 г. Аргбюро ЦК РКП(б) па дакладзе камісіі прыняло пастанову аб далучэнні да Беларусі тэрыторыі Віцебскай, Мсціслаўскага і Горацкага паветаў Смаленскай і большасці паветаў Гомельскай губерняў як "родных ёй у бытавых, этнаграфічных і гаспадарча-эканамічных адносінах". Насуперак гэтай пастанове Віцебскі губкам РКП(б) 8 снежня 1923 г. прыняў рашэнне, у якім выказаўся супраць аб'яднання Віцебскай губерні з БССР. Сваё рашэнне губкам аргументаваўтым, што "насельніцтва Віцебскай губерні згубіла бытавыя беларускія рысы, і беларуская мова незнаёма большасці насельніцтва". У заключэнне Віцебскі губкам лічыў неабходным "настойваць на пераглядзе пытання на Пленуме ЦК РКП(б) аб далучэнні Віцебскай губерні да Беларускай ССР".

18 снежня 1923 г. адбылося пасяджэнне спецыяльна створанай пры ЦВК СССР камісіі па змене граніц паміж РСФСР і БССР. На камісіі былі заслуханы меркаванні прадстаўнікоў БССР, Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў аб узбуйненні БССР і пераглядзе яе граніц. Прадстаўнікі Гомельскай і Смаленскай губерняў заявілі, што насельніцтва станоўча адносіцца да ідэі ўзбуйнення БССР. У адказ прадстаўнік Віцебскай губерйі зноў выступіў супраць і заявіў, што рашэнне ЦК РКП(б) аб узбуйненні БССР супярэчыць рашэнням XII з'езда РКП(б). Аргументы, прыведзеныя ў рашэннях Віцебскага губкама, і выступленні яго прадстаўніка на камісіі былі памылковымі і не адпавядалі нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва губерні.

Паказальна, што ў час перапісу 1920 г. большасць насельніцтва Віцебскай губерні называла сябе беларусамі. Довады праціўнікаў узбуйнення БССР аб'ектыўна з'яўляліся праяўленнем вялікадзяржаўнага шавінізму.

У канцы 1923 г. у Віцебскую, Гомельскую і Смаленскую губерні былі камандзіраваны кіруючыя работнікі ЦВК БССР і ЦБ КП(б)Б, якія растлумачылі насельніцтву гэтых губерняў гістарычную неабходнасць узбуйнення Беларусі для яе эканамічнага і палітычнага развіцця, для нацыянальнай кансалідацыі ў мэтах захавання беларускай нацыі. Гэта растлумачальная работа дала плённыя вынікі. На Віцебскім, Гомельскім і Смаленскім губернскіх з'ездах Саветаў былі прыняты рашэнні аб далучэнні да БССР тых паветаў, дзе пераважала беларускае насельніцтва.

Рашэнні трох губернскіх з'ездаў Саветаў горача вітаў V з'езд Саветаў БССР, які праходзіў у пачатку студзеня 1924 г. З'езд даручыў ураду рэспублікі падрыхтаваць матэрыялы аб устанаўленні граніцы з РСФСР, канчаткова разгледзець пытанне аб узбуйненні БССР на Надзвычайным з'ездзе Саветаў Беларусі пры ўдзеле прадстаўнікоў усіх уключаных у склад БССР тэрыторый.

Для кіраўніцтва арганізацыйнымі і палітычнымі мерапрыемствамі па ўзбуйненні БССР на аснове рашэння Палітбюро ЦК РКГІ(б) ад 4 лютага 1924 г. было створана Часовае Беларускае бюро ЦК РКП(б). У яго склад увайшлі прадстаўнік ЦК РКП(б)А.М.Асаткін, пяць прадстаўнікоў ЦК КП(б)Б — В.А.Багуцкі, А.Р.Чарвякоў, Я.А.Адамовіч, Ш.Ш.Ходаш, В.А.Нодэль, чатыры — ад Віцебскага, два — ад Гомельскага і адзін — ад Смаленскага губкамаў партыі. ЦБ КП(б)Б самаліквідавалася.

3 сакавіка 1924 г. УЦВК прыняў пастанову аб перадачы БССР тэрыторыі з пераважна беларускім насельніцтвам. 7 сакавіка змены граніц БССР і РСФСР зацвердзіў Прэзідыўм ЦВК Саюза ССР.

13 — 16 сакавіка 1924 г. у Мінску адбыўся VI Надзвычайны з'езд Саветаў Беларусі. На з'ездзе прысутнічалі 405 дэлегатаў. Сярод 244 дэлегатаў з рашаючым голасам 134 прадстаўлялі насельніцтва далучаемых да БССР паветаў. Даклад "Аб пашырэнні граніц Савецкай Беларусі і задачах савецкага будаўніцтва" зрабіў А.Р.Чарвякоў. Ён падкрэсліў вялікае значэнне факта пашырэння граніц БССР. Дэлегаты з'езда аднадушна ўхвалілі аб'яднанне тэрыторыі з большасцю беларускага насельніцтва ў адзіную Беларускую савецкую дзяржаву.

У выніку ўзбуйнення да БССР адышло 15 паветаў і асобныя воласці Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняу.

Узбуйненне Беларускай ССР садзейнічала кансалідацыі беларускай нацыі, яе эканамічнаму і культурнаму развіццю, умацаванню дружбы беларускага і рускага народаў.

Другая сесія ЦВК БССР, якая адбылася 10 — 17 жніўня 1924 г., увяла новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі. Было ўтворана 10 акруг: Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская (цэнтр — Клімавічы), Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая і Слуцкая. Акругі падзяляліся на 100 раёнаў і 1202 сельскія Саветы. Часова, да склікання з'ездаў Саветаў, органамі ўлады ў акругах з'яўляліся выканкамы тых паветаў, якія сталі цэнтрамі акруг.

У лістападзе 1926 г. Палітбюро ЦК УКП(б) на падставе даных камісіі, якая вывучала пытанне аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў, прыняло пастанову аб аб'яднанні іх з БССР. У снежні 1926 г. Прэзідыўм ЦВК БССР уключыў гэтыя паветы ў склад рэспублікі, перайменаваў іх у акругі, а воласці — у раёны. У выніку другога ўзбуйнення тэрыторыя БССР павялічылася на 15 270 км, а насельніцтва — на 649 тыс. чалавек.

Пасля двух узбуйненняў БССР яе тэрыторыя на пачатак 1927 г. складала 125 950 км2 з насельніцтвам каля 5 млн чалавек. У межах рэспублікі склаўся адзіны ў эканамічных, культурна-бытавых і нацыянальных адносінах раён.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: