Развіццё культуры Беларусі ў пачатку XX ст. Палітыка беларусізацыі 20-х гадоў і яе вынікі

Культура Беларусі ў пачатку XX ст. развівалася ў цеснай сувязі з нацыянальным рухам, культурамі суседніх народаў. У гады рэвалюцыі 1905 — 1907 гг. і пасля яе адбываецца ўздым у многіх яе галінах, асабліва ў літаратуры. У кароткі тэрмін з'явіліся новыя высокамастацкія творы. Нягледзячы на розныя перашкоды, беларуская культура змагла захаваць сваю самабытнасць, арганічна ўвайшла ў агульнаславянскую, еўрапейскую культуру. Творы літаратуры і мастацтва папоўнілі скарбонку сусветнай культуры.

У пачатку XX ст. прыкметныя змены адбыліся ў развіцці асветы. Замест царкоўна-прыходскіх школ, якія знаходзіліся ў заняпадзе, адкрываліся народныя вучылішчы, а гарадскія вучылішчы пераўтвараліся ў вышэйшыя пачатковыя школы. Хутка пашыралася сетка дзяржаўных і прыватных сярэдніх школ — гімназій і рэальных вучылішчаў.

На Беларусі меліся значныя дасягненні ў вывучэнні этнаграфіі, гісторыі і культуры края, а таксама ў прыродазнаўчых навуках. Пры ўдзеле мясцовай інтэлігенцыі ствараліся навуковыя таварыствы. Да 1914 г. дзейнічала больш за 50 навуковых і культурна-асветніцкіх таварыстваў. Члены Віцебскай архіўнай камісіі і Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі падрыхтавалі некалькі навуковых прац. Шэраг даследаванняў па этнаграфіі Беларусі зрабіў Паўночна-заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Пытаннямі быту і культуры Беларусі займаліся вядомыя даследчыкі Е.Раманаў, М.Федароўскі, М.Нікіфароўскі, А.Сержпутоўскі. Гісторыі Вялікага Княства Літоўскага прысвяціў свае працы М.Доўнар-Запольскі. В.Ластоўскі выдаў "Кароткую гісторыю Беларусі". Заснавальнік беларускай філалогіі Я.Карскі падрыхтаваў і часткова апублікаваў навуковую працу "Беларусы", у якой змешчаны цікавы матэрыял па філалогіі, этнаграфіі, утварэнні беларускай народнасці, карта рассялення беларусаў. Дасягненні ў галіне фізікі звязаны з навуковай дзейнасцю Я.А.Наркевіча-Ёдкі, Я.В.Сняткова, А.В.Садоўскага і інш. Сярод тэхнічнай інтэлігенцыі асабліва вызначыліся таленавітыя інжынеры М.Р.Стульгінскі і К.М.Паўлоўскі. М.Р.Стульгінскі, які працаваў дырэктарам папяровай фабрыкі ў Добрушы, шмат зрабіў па абсталяванні прадпрыемства навейшай тэхнікай, увядзенні сучасных на той час тэхналогій. Фабрыка забяспечвалася электраэнергіяй сваёй электрастанцыі, першай у Беларусі. Па тэхнічным узроўні і энергаўзброенасці падобных прадпрыемстваў у Расіі не было. К.М.Паўлоўскі працаваў на розных пасадах Віцебскага чыгуначнага вузла, прымаў удзел у пабудове і пераабсталяванні прадпрыемстваў горада, быў ініцыятарам адкрыцця ў Віцебску трамвайнага руху, апублікаваў звыш 40 навуковых прац.

Павышэнню агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню насельніцтва садзейнічалі бібліятэкі. Адкрываліся школьныя і грамадскія бібліятэкі розных ведамстваў.

На Беларусі даволі хутка развіваўся друк. Большасць газет, кніг друкавалася на рускай мове. У прапаганду беларускай культуры ўнесла значны ўклад грамадска-палітычная і літаратурная газета "Северо-Западный край" (1902 — 1905). На яе старонках асвятляліся розныя галіны беларускай культуры. Першае друкаванае слова Я.Купалы — верш "Мужык" — з'явілася менавіта ў гэтай газеце; У верасні — снежні 1906 г. выходзіла першая легальная беларуская газета "Наша доля", заснаваная групай членаў БСГ. У ёй востра ставіліся пытанні палітычнага і культурнага характару. Пасля закрыцця "Нашай долі" барацьбу за нацыянальнае адраджэнне ўзначаліла газета "Наша ніва" (1906 — 1915). Яна сталатрыбунай беларускага нацыянальнага руху, выступала за нацыянальнае раўнапраўе беларускага народа, свабоднае развіццё яго культуры, пастаянна ўздымала пытанне аб выкарыстанні беларускай мовы ў школе, друку, цэрквах і касцёлах. Значную ролю адыграла газета ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці, развіцці беларускага мастацтва і літаратуры. Яна друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і іншых беларускіх пісьменнікаў і публіцыстаў, а таксама рускіх, украінскіх, польскіх, літоўскіх і замежных аўтараў. Пры садзейнічанні "Нашай нівы" выходзілі папулярны "Беларускі каляндар", часопісы "Саха" і "Лучынка". Пачатак легальнаму беларускаму кнігадрукаванню паклала выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца", створанае ў 1906 г. у Пецярбургу. За няпоўныя восем гадоў выдавецтва надрукавала 40 беларускіх кніг тыражом большза 100 тыс. экземпляраў. Беларускія кнігі выдавалі таксама выдавецтвы "Наша ніва", "Наша хата", "Мінчук" і інш.

Найбольшыя поспехі ў развіцці беларускай культуры звязаны з літаратурай. Яна была прасякнута пачуццём гонару за свой народ і яго барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, ідэяй сцвярджэння чалавечай годнасці мужыка-беларуса. Вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры ўнеслі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, К.Каганец, Ц.Гартны, М.Гарэцкі і інш. У іх творах адчуваецда любоў да радзімы, жаданне бачыць свой народ свабодным і шчаслівым. У грамадстве атрымалі шырокую вядомасць зборнікі твораў Цёткі "Скрьшка беларуская", "Хрэст на свабоду", Я.Купалы "Жалейка", 'Тусляр'; Я.Коласа "Песні жальбы", "Апавяданні"; М.Багдановіча "Вянок", а таксама творы іншых беларускіх пісьменнікаў. 3 твораў беларускіх драматургаў найбольш вядомымі былі "Модны шляхцюк" К.Каганца, "Паўлінка", "Раскіданае гняздо" і "Прымакі" Я.Купалы.

У выяўленчым мастацтве ў пачатку XX ст. усталяваліся рэалістычныя традыцыі. На Беларусі працавала адносна вялікая колькасць мастакоў-прафесіяналаў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтва, Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, а таксама першапачатковую ў Кіеве, Адэсе, Варшаве, Вільні і прыватных мастацкіх школах Мінска, Віцебска і Магілёва, адкрытых у канцы XIX — пачатку XX ст. Шырокае распаўсюджванне ў жывапісе атрымаў пейзаж. Вядомымі творамі гэтага жанру былі "Зямля", "Эмігранты" Ф.Рушчыца; "Снег", "Беларускія могілкі" Г.Вейсенгофа; "Нёман", "Восеньскі вечар" С.Жукоўскага; "Вечныя снягі", "Зімні пейзаж" В.Бялыніцкага-Бірулі і інш. Бытавому жанру прысвечаны карціны "Гадзіншчык", "Стары кравец" Ю.Пэна; "На суд прафесара", "Партрэт скрыпача Жухавіцкага" Я.Кругера; "Швачкі", "Вечар у сям'і" Л.Алыіяровіча. У кніжнай графіцы плённа працавалі К.Каганец, Я. Драздовіч. На высокім мастацкім узроўні імі праілюстраваны некаторыя беларускія выданні.

У архітэктуры Беларусі ў пачатку XX ст. не было адзінай мастацкай плыні. Існавалі розныя стылі: неаготыка, неарускі, неараманскі і інш. Найболынае распаўсюджанне атрымаў неакласіцызм. Захаваліся такія помнікі архітэктуры, як касцёлы ў Красным, касцёл святых Сімяона і Алены (неараманскі), царкоўна-археалагічны музей (неарускі) (зараз Дом мастацтва) у Мінску і інш.

Беларуская культура ў 1921 — 1939 гг. развівалася ва ўмовах падзелу тэрыторыі Беларусі паміж рознымі дзяржавамі. У савецкай яе частцы с пашырэннем НЭПа і станаўленнем яго гаспадарчай сістэмы на вёсцы ў нацыянальна-культурнай палітыцы Кампартыі Беларусі вызначыўся кірунак, які атрымаў назву "беларусізацыя" (афіцыйны пачатак — ліпень 1924 г.). Мэтай беларусізацыі з'яўлялася прыстасаванне дзяржаўнага апарату да мовы болынасці насельніцтва БССР, аднак яна закранула ўсе сферы нацыянальна-культурнага будаўніцтва савецкай часткі Беларусі.

Беларусізацыя як дзяржаўная палітыка 20-х гг. прайшла тры этапы: 1) складванне перадумоў (1921 —пач. 1924 г.); 2) рэальнае ажыццяўленне (1924 — 1928); 3) згортванне (скажэнне) — з 1929 г.

Перадумовамі беларусізацыі сталі: 1) развіццё рыначных адносін на вёсцы (свабода гандлю, грашовы падатак, арэнда і наём рабочай сілы, інвентару і г.д.); 2) палітычная амністыя (1923) для тых беларускіх дзеячаў, якія не выступалі са зброяй у руках супраць Савецкай улады; гуртаванне беларускіх нацыянальных сіл (вяртанне з замежжа); 3) уз'яднанне Беларусі (у сакавіку 1924 г. тэрыторыя БССР павялічылася ў 2 разы); 4)пачатак дзейнасці даследчых (Інбелкульт) і вышэйшых навучальных (БДУ і інш.) устаноў.

Прычынамі згортвання з'явіліся: вяртанне да ідэалогіі сусветнай рэвалюцыі (СССР — "асаджаная крэпасць"), адмова ад новай эканамічнай палітыкі, уніфікацыя і цэнтралізацыя дзяржаўнага кіравання і культурнага развіцця ў СССР.

У развіцці асветы і навукі БССР 1921 — 1928 гг. акрэсліваюцца два этапы: першы (1921 — 1924), калі ішоў пошук формаў і шляхоў развіцця адукацыі і навукі, другі (1925 — 1928), калі адукацыя выяўлялася як сапраўды беларуская па сутнасці і вызначаліся асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў на Беларусі. Адпраўным пунктам азначаных вышэй працэсаў стаў пачатак дзейнасці ў Мінску дзвюх устаноў: Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1921) і Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт, 1922).

Спробы адкрыцця дзяржаўнага універсітэта рабіліся яшчэ ўрадам БНР; адпаведную пастанову прыняў і ЦВК Беларусі ў лютым 1919 г., але прынятае рашэнне было ажыццёўлена толькі праз два гады. 1 лістапада 1921 г. пачаліся заняткі на двух факультэтах Беларускага дзяржаўнага універсітэта — грамадскіх навук і медыцынскім — у сталіцы БССР Мінску. Першым рэктарам БДУ стаў вядомы гісторык-славіст У.І.Пічэта. У 1925 — 1926 гг. акрамя БДУ у БССР дзейнічалі 3 вышэйшыя навучальныя установы: камуністычны універсітэт у Мінску, Беларускі ветэрынарны інстытут у Віцебску і Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках. Акрамя таго, у рэспубліцы налічвалася 23 тэхнікумы, 20 прафтэхшкол і 20 іншых спецыяльных навучальных устаноў.

У 20-я гг. у БССР для дзяцей розных нацыянальнасцяў з'яўляецца магчымасць атрымаць адукацыю на роднай мове. Для сістэмы нацыянальных школ (яўрэйскіх, беларускіх, польскіх і г.д.) рыхтаваліся адпаведна і педагагічныя кадры.

Станаўленне беларускай навукі ў 20-я гг. адбывалася ў сценах не толькі вышэйшых навучальных, але і навукова-даследчых устаноў. Сярод апошніх, безумоўна, трэба адзначыць Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які сфарміраваўся на аснове Навукова-тэрміналагічнай камісіі, створанай у лютым 1921 г. з мэтай распрацоўкі беларускай тэрміналогіі ва ўсіх галінах ведаў. У арганізацыі і працы Інбелкульта прынялі ўдзел Я.Карскі, І.Луцэвіч (Я.Купала), К.Міцкевіч (Я.Колас), Я.Лёсік, С.Плаўнік (З.Бядуля) іінш. У 20-я гт. у рэспубліку прыехалі вядомыя вучоныя І.Замоцін, М.Нікольскі, У.Перцаў, М.Шчакаціхін і інш.

Распачаўшы сваю дзейнасць з даследаванняў у галіне гуманітарных навук, Інбелкульт паступова распрацаваў і іншыя навуковыя напрамкі. Ужо ў 1924 г. у яго складзе з'яўляюцца навуковыя падраздзяленні прыродазнаўчага профілю: геаграфічная, медыцынская і агранамічная секцыі.

Па сутнасці, менавіта ў 20-я гг. вызначаюцца сваімі асаблівымі нацыянальнымі рысамі і атрымліваюць дзяржаўную падтрымку беларускія драматургія, тэатр і кіно. У жніўні 1920 г. дэбютаваў беларускі вандроўны тэатр пад кіраўніцтвам У.Галубка (да 1926 г. меў назву "Трупа Галубка"), які працягваў традыцыі I. Буйніцкага. Пераважная частка пастановак, ажыццёўленых тэатрам на працягу 1921 — 1928 гг., была напісана самім У.Галубком (найбольш папулярная ў гэты час п'еса "Ганка" ставілася каля 800 разоў). Пад кіраўніцтвам выдатнага рэжысёра Е.Міровіча з 1921 па 1931 г. адбывалася станаўленне Беларускага дзяржаўнага тэатра (з 1926г. — БДТ-1).

Фундаментам новага беларускага тэатра ў Віцебску, што атрымаў назву БДТ-2, сталі навучэнцы Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, арганізаванай у лістападзе 1920 г. для падрыхтоўкі нацыянальных акцёрскіх кадраў. Творчы рэпертуар тэатра ў большасці сфарміраваўся яшчэ ў Маскве і не заўсёды радаваў гледача нацыянальнай тэматыкай, і ўсё ж менавіта тут склаліся як выдатныя акцёры А.Ільінскі, П.Малчанаў, С.Станюта і многія іншыя.

Такім чынам, беларусізацыя абудзіла да свядомага нацыянальнага жыцця шырокія слаі беларускага насельніцтва. За некалькі гадоў было створана тое, што многія нацыі стваралі дзесяцігоддзямі: нацыянальная асвета і даследчыя ўстановы, нацыянальны тэатр, кіно; узнялася шматлікая маладая плеяда беларускіх літаратараў і дзяржаўных дзеячаў. Але праводзімая зверху, часам павярхоўная, беларусізацыя залежала ад змен у палітыцы далёка не беларусізаванай кампартыі. Да таго ж мастацтва і ў 20-я гг. як духоўная сфера выхавання прыгажосці не разглядалася. Прагматычны падыход, спажывецкі погляд на выяўленчае мастацтва, скульптуру, кераміку вялі. да выхавання кадраў, якія былі здольныя ствараць паточным метадам "дзяўчыну з вяслом", "калгасніцу", "рабочага". Арыентацыя на "сярэдняга" мастака не садзейнічала вылучэнню талентаў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: