Брацкiя друкарнi

Вядучую ролю ў беларускiм кнiгадрукаваннi канца XVI – першай паловы XVII ст. адыгралi брацкiя друкарнi, якiя выка­рыс­тоўвалi пераважна кiрылаўскія шрыфты, уласцiвыя старажытнарускай, а пазней беларускай, рускай i ўкраiнскай пiсьменнасцi, друкавалi кнiгi на зразумелай народным масам мове. Нягледзячы на ўзрастаючую паланiзацыю мясцовых феадалаў i часткi мяшчанства, у беларускiм грамадстве адчуваўся першарадны ўплыў брац­кiх кнiг.

Станаўленне брацкага кнiгадрукавання звязана з фармiраваннем i развiццём брацтваў – спецыфiчных нацыянальна-рэлiгiйных ар­ганi­зацый беларускага i ўкраiнскага праваслаўнага гарадскога на­сельнiцтва.

Троiцкае (пазней Святадухаўскае) брацтва ў Вiльнi, якое арга­нiзацыйна аформiлася ў 1584 г., стварыла ўласную друкарню. У сярэдзiне 1590-х гадоў вiленскае брацтва ўзначалiў актыўны пра­цiўнiк унii, дзеяч беларускай i ўкраiнскай асветы, пiсьменнiк-палемiст Стэфан Зiзанiй. Пад яго кiраўнiцтвам брацкая друкарня ў 1595–1596 гг. выпусцiла не менш як 11 выданняў (больш за 2200 аркушаў). Да гэтага часу толькi Пражская друкарня Скарыны наб­лiжалася да такой iнтэнсiўнасцi выдавецкай дзейнасцi. На працягу некалькiх гадоў пасля Берасцейскай унii 1596 г. брацкая друкарня ў Вiльнi амаль не працавала. А за выданне ў 1608–1610 гг. некалькiх антыунiяцкiх палемiчных трактатаў на польскай мове (гэта былi ананiмныя выданнi М. Сматрыцкага) друкарня была закрыта, а яе вядучыя дзеячы, у тым лiку пiсьменнiк i прапаведнiк Лявонцiй Карповiч, арыштаваны.

У гэтых умовах брацтва заснавала друкарню ў мястэчку Еўе, каля Вiльнi (г. Вевiс Лiтоўскай Рэспублiкi). За час свайго iснавання (1611–1652) яна выпусцiла больш за 25 кiрылаўскіх выданняў, у тым лiку знакамiтую "Граматыку" М. Сматрыцкага. Друкарня Святадухаўскага брацтва ў Вiльнi-Еўi была буйнейшай у гiсторыi брацкага кнiгадрукавання. З канца XVI ст. Вiльня стала буйнейшым цэнтрам усходнеславянскага кнiгадрукавання.

У вынiку ўзмацнення сацыяльна-палiтычнага i нацыянальна-рэлi­гiйнага прыгнёту, палiтыкi абмежавання брацкага кнiга­дру­кавання, якая праводзiлася ўрадам Рэчы Паспалiтай у саюзе з каталiцкай царквой, у другой чвэрцi XVII ст. назiраецца перамяшчэнне галоўных цэнтраў кiрылаўскага кнiгадрукавання з заходнiх абласцей Вялiкага княства Лiтоўскага ва ўсходнiя – у Магiлёў i Куцейна.

Адным з асноўных цэнтраў кiрылаўскага друкавання ў XVII ст. была друкарня пры Куцеiнскiм манастыры пад Оршай, заснаваная Спiрыдонам Собалем у 1630-х гадах. Яна дзейнiчала да сярэдзiны 1650-х гадоў, калi друкары пераехалi ў Iверскi манастыр пад Ноўгарадам, а яе абсталяванне было перавезена ў Маскву.

У сярэдзiне XVII ст. у сувязi з працяглымi войнамi, разарэннем брацтваў, значным пагаршэннем грамадска-палiтычных умоў спы­нiлася дзейнасць амаль усiх брацкiх друкарняў. У канцы XVII–XVIII стст. працягвала выпускаць кнiгi толькi Магiлёўская багаяўленская друкарня. Большую частку яе прадукцыi складалi лiтур­гiчныя выданнi на царкоўнаславянскай мове.

Асноўным цэнтрам лацiна-польскага кнігадрукавання ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм стала друкарня Вiленскай езуiцкай акадэмii (да 1586 г. яна належала Радзiвiлам). Аснову яе прадукцыi складалi тэала­гiчныя, рэлiгiйна-палемiчныя выданнi, у якiх выразна праяўлялiся контррэфармацыйныя, паланiзатарскiя тэндэнцыi. Але паколькi друкарня належала навучальнай установе, яна выпускала таксама слоўнiкi, падручнiкi, навуковую лiтаратуру.

Такiм чынам, з канца XVI ст. царкоўнае, брацкае, прыватна-прадпрымальнiцкае кнiгадрукаванне стала пастаянным фактарам культурнага, грамадска-палiтычнага, царкоўна-рэлiгiйнага жыцця Вялiкага княства Лiтоўскага, Беларусi. У другой палове XVI – першай палове XVII ст. тут фармiруецца даволi шырокi кнiжны рынак, расце попыт на друкаваную прадукцыю. Па падлiках А. Анушкiна, друкарнi Вялiкага княства Лiтоўскага толькi ў XVI ст. выпусцiлi больш за 320 выданняў на польскай, лацiнскай, царкоўнаславянскай, беларускай, лiтоўскай i iншых мовах. Падлiчана таксама, што з 1601 па 1654 гг. у Беларусi надрукавана каля 100 назваў кiрылаўскіх кнiг.



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: