Лацiнамоўная паэзiя

Лекцыя 28. Лiтаратура XVI – першай паловы XVII ст.

¨ Лацiнамоўная паэзiя

¨ Сымон Будны

¨ Царкоўна-рэлiгiйная публiцыстыка

¨ Летапiсы, гiсторыка-мемуарная і палiтычная лiтаратура

Да нядаўняга часу прыналежным да беларускай лiтаратуры лi­чы­лася толькi тое, што было створана на старабеларускай мове i ў свой час друкавалася кiрылiцай. Але беларусы з'яўляюцца пера­емнiкамi ўсёй разнамоўнай лiтаратуры сярэдневяковай Беларусi, бо яе лiтаратура – полiлiнгвiстычная, асаблiва ў XVI ст.

Так склалася, што культура сярэдневяковай Еўропы стваралася на лацiнскай мове. А паколькi Вялiкае княства Лiтоўскае, якое было злучана унiямi 1385 i 1569 гг. з Польскiм каралеўствам, уваходзiла ў абсяг еўрапейскага арэала, то вучоныя, паэты не маглi не карыстацца той мовай, на якой развiвалася навука i лiтаратура Еўропы. XVI стагоддзе ў развiццi культуры Беларусi было апагейным, i яна амаль роўна абапiралася на дзве асноўныя для яе лiтаратурныя традыцыi – рускую i лацiна-польскую. У першай палове гэтага стагоддзя з'яўляецца новы пласт усходнеславянскай духоўнай культуры – рэнесансная лацiнамоўная паэзiя. У канцы стагоддзя з'явi­лiся на Беларусi i творы польскамоўныя, напiсаныя беларусамi. Увогуле, многiя пiсьменнiкi, культурныя дзеячы Беларусi XVI ст. былi палiглотамi: бо, як напрыклад, Сымон Будны, ведалi i ўжывалi больш як паўдзесятка моваў, цi, як паэт Андрэй Рымша, пiсалi творы i на старабеларускай, i на старапольскай, i на лацiнскай мовах.

Агульным набыткам культуры беларускага, польскага i лiтоў­скага народаў з'яўляецца спадчына паэтаў-лацiнiстаў Яна Вiслiц­кага i Мiколы Гусоўскага.

У 1516 г. у Кракаўскай друкарнi Яна Галера выйшаў у свет зборнiк паэтычных твораў Яна Вiслiцкага на лацiнскай мове "Пруская вайна", якi прынёс яго аўтару еўрапейскую славу.

Бiяграфiчныя звесткi пра паэта надзвычай сцiплыя. Ян Вiслiцкi нарадзiўся каля 1485–1490 гг. Хутчэй за ўсё ён быў выхадцам з сялян цi мяшчан. Вучыўся ў Кракаўскiм унiверсiтэце i, вiдавочна, закончыў яго ў адзiн год з Ф. Скарынам (1506), з якiм мог быць знаёмы. Унiверсiтэцкiя дакументы называюць Я. Вiслiцкага рутэнусам (русiнам), што ўказвае на яго ўсходнеславянскае (беларускае цi ўкраiнскае) паходжанне. У паэме "Пруская вайна" відавочна яго сувязь з Беларуссю. Магчыма, што радзiмай Вiслiцкага была Беларусь, а адукацыю ён атрымаў у Польшчы, якая стала яго другой радзiмай.

Гiстарычную эпiчную паэму Яна Вiслiцкага "Пруская вайна" называюць мастацкiм помнiкам Грунвальду. У цэнтры твора – апiсанне знакамiтай бiтвы 15 лiпеня 1410 г. Паэт усхваляе гераiзм польскага народа, гаворыць пра лiтвiнаў, вядомых сваёй мужнасцю на вайне (гэта адна з найбольш раннiх згадак пра беларусаў у еўрапейскай лiтаратуры), пяе славу Ягайлу i Вiтаўту, дыскрэдытуе ў вачах еўрапейскай грамадскасцi варожую палiтыку Тэўтонскага ордэна, асуджае захопнiцкiя войны. У час працы над творам Ян Вiслiцкі меў пад рукой выпiскi з некаторых важнейшых крынiц аб Грунвальдскай бiтве, таму ў паэме сустракаюцца такiя дэталi, якiх цяпер больш нідзе не знойдзеш. Ён адным з першых еўра­пейскiх паэтаў-гуманiстаў усвядомiў эпахальнае значэнне перамогi над магутным нямецкiм ордэнам для далейшага лёсу славянскiх i балтыйскiх народаў. Паэтычнае апавяданне пра Грунвальд на­пiсана, па словах самога аўтара, з мэтай захаваць у памяцi нашчадкаў гераiчную славу народаў-пераможцаў.

Асобнае месца ў гiсторыi беларускай лiтаратуры XVI ст. займае буйнейшы славянскi паэт эпохi Адраджэння Мiкола Гусоўскi (каля 1480 – пасля 1533).

Бiяграфiчныя звесткi пра яго таксама вельмi скупыя: няма нават дакладных звестак пра тое, дзе i калi ён нарадзiўся i памёр. Даследчык новалацiнскай паэзii Лiтвы першай паловы XVI ст. В.I. Да­рашкевiч выказвае меркаванне, што паэт быў родам з Гродзеншчыны. З твораў Гусоўскага i ўскосных сведчанняў мы даведваемся, што ён нарадзiўся ў сям'i чалавека, для якога паляванне было i сродкам жыцця, i прызваннем. Адукацыю паэт атрымаў у Бе­ларусi, паглыбляў веды ў Вiльнi, Польшчы, Iталii.

У другiм дзесяцiгоддзi XVI ст. Гусоўскi служыў пры двары сакратара вялiкакняжацкай канцылярыi, епiскапа Плоцка Вiтэлiя (Эразма Целка) – дыпламата, гуманiста, мецэната рэнесанснай культуры. Разам са сваiм патронам, якi ўзначалiў польска-лiтоў­скую дыпламатычную мiсiю да Папы Льва X, М. Гусоўскi ездзiў у Рым i прабыў там больш трох гадоў. Час, праведзены ў Iталii, меў вялiкае значэнне для складвання яго гуманiстычнага светапогляду. Пасля нечаканай смерцi ў 1522 г. Вiтэлiя, Гусоўскі вярнуўся ў Польшчу, дзе i пражыў да канца сваiх дзён.

Самым значным творам Мiколы Гусоўскага з'яўляецца паэма "Песня пра зубра", створаная ў Рыме ў 1521–1522 гг. i надрукаваная ў Кракаве ў 1523 г. Як сведчыць сам аўтар, аднойчы яму давялося бачыць у Рыме спецыяльна наладжаны для публiкi бой быкоў. Гэта вiдовiшча нечым нагадвала паляванне на зубра i, натуральна, выклiкала ў Мiколы, як былога паляўнiчага, адпаведныя ўспамiны, якiмi ён i падзялiўся з прысутнымi. Гэта апавяданне настолькi зацiкавiла слухачоў, сярод якiх быў i сам Папа Леў X – заўзяты аматар палявання i сапраўдны знаток паэзii, што Гусоўскаму тут жа было даручана скласцi паэму пра насельнiка далёкiх паўночных лясоў.

Такiм чынам, "Песня пра зубра" была напiсана па заказу i адрасавана iтальянскаму чытачу, выхаванаму на класiчных узорах лiтаратуры. I вось з-пад пяра Гусоўскага выходзiць твор вялiкай мастацкай сiлы, выключна арыгiнальны i самабытны, якi з'яўляецца адначасова і па­лiтыч­ным трактатам. Яго змест заснаваны на багатых асабiстых уражаннях i перажываннях аўтара, якi вырас у лясным краi, на ўлоннi некранутай прыроды Беларусi канца XV ст.

Амаль палову гэтай паэмы займаюць апiсаннi знешняга выгляду, нораву, ладу жыцця зубра – цара беларускiх пушчаў, i сцэны палявання. Вельмi падрабязна, з вялiкай мастацкай сiлай i перакананасцю апiсаны паводзiны цяжка параненага зубра. Зубр для Гусоўскага быў сiмвалам радзiмы. Таму "Песня пра зубра" стала i песняй аб Беларусi (па-тагачаснаму – Лiтве. Побач з вобразам зубра аўтар паэмы стварае велiчны вобраз сваёй радзiмы. Паэт апявае прыгажосць беларускай прыроды, з захапленнем апавядае чытачам пра заняткi, звычаi, норавы, пакуты свайго народа. Мікола Гусоўскі ўслаўляе свайго кумiра – вялiкага князя Вiтаўта, суровага, але справядлiвага, па словах паэта, правiцеля, якi шанаваў доблесць i з пагардай ставiўся да баяз­лiвасцi, якi ўсе сiлы аддаваў узмацненню магутнасцi, незалежнасцi i мiжнароднага аўтарытэту Вялiкага княства Лiтоўскага. Апяваючы Вiтаўта як iдэальнага ўладара, паэт называе час яго княжання залатым векам у гiсторыi княства.

Напiсаная больш за чатыры з паловай стагоддзя таму, паэма Гусоўскага i сёння нясе чытачам XX ст. эстэтычную асалоду i служыць каштоўнейшай крынiцай пазнання жыцця нашых продкаў. Яе вялiкае значэнне таксама i ў тым, што яна была першым значным лiтаратурным творам аб Лiтве–Беларусi, створаным для Заходняй Еўропы не назiральнiкам-чужаземцам, а ўраджэнцам гэтых зямель, нашым суайчыннiкам-патрыётам.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: