Прыватныя друкарні

У канцы XVI ст. на Беларусi ўзнiкае шэраг прыватных друкарняў. Значную ролю ў станаўленнi i развiццi кнiгадрукавання на Беларусi адыграла друкарня (iснавала ў 1568–1570 гг.), заснаваная рускiм першадрукаром Iванам Фёдаравым i яго паплечнiкам, выхадцам з Беларусi Пятром Мсцiслаўцам на сродкi гетмана Вялiкага княства Лiтоўскага Р. Хадкевiча ў Заблудаве Гарадзенскага павета (цяпер тэрыторыя Польшчы). Шрыфты, гравюры, нескладаны iн­струмент яны пры­везлi з Масквы, друкарскi стан зрабiлi на месцы. Тут былi надрукаваны кiрылiцай "Евангелле вучыцельнае", якое стала вельмi папулярнай кнiгай (частка тыражу трапiла ў Маскоўскую дзяржаву), i "Псалтыр" (з "Часаслоўцам"), якi шырока выкарыстоўваўся ў тыя часы таксама i для навучання грамаце. У пачатку 1570-х гадоў у сувязi з грамадска-палiтычнымi ўмовамi, якiя ўскладнiлiся пасля ўтварэння Рэчы Паспалiтай, а таксама хваробай пратэктара друкарнi Р. Хад­кевiча Заблудаўская друкарня спынiла сваю дзейнасць. I. Фёдараў пераехаў на Украiну, у Львоў, дзе паклаў пачатак украiнскаму кнiгадрукаванню.

П. Мсцiславец з 1569 г. пасялiўся ў Вiльнi, куды быў запрошаны заможнымi беларускiмi купцамi, грамадскiмi дзеячамi Мамонiчамi. На iх сродкi Мсцiславец заснаваў друкарню, якая адрадзiла кiры­лаўскае кнiгадрукаванне ў Вiльнi праз паўстагоддзя пасля спынення выдавецкай дзейнасцi Скарыны. Друкарня мела важнае грамадскае i культурнае значэнне ў жыццi Беларусi, адыграла прыкметную ролю ў справе асветы, у далейшым развiццi беларускага кнiгадрукавання. Мамонiчы следам за Скарынам выпускалi кнiгi, прызначаныя для навучання i свецкага чытання, i тым самым садзейнiчалi пашырэнню пiсьменнасцi, беларускай мовы сярод суайчыннiкаў, росту мiж­народных культурных узаемасувязяў.

У 1576 г. Мсцiславец быў вымушаны пакiнуць друкарню Ма­монiчаў, якiя абмяжоўвалi самастойную дзейнасць кнiгадрукара i iмкнулiся перш за ўсё да камерцыйнага поспеху. Сляды яго выдавецкай дзейнасцi выяўлены пазней у Астрозе. Дзейнасцю Мсцiс­лаўца i вiленскага друкара Гарабурды (1580-я гады) закончыўся перыяд iснавання прыватных беларускiх кiрылаўскіх друкарняў, заснаваных намаганнямi аднаго ці некалькiх друкароў. Выключэнне складае друкарня Мамонiчаў, якая ў пачатку 1580-х гадоў атрымала магчымасць працягваць сваю дзейнасць дзякуючы палi­тыч­наму кампрамiсу выдаўцоў з урадам. Грамадска-палiтычная пазi­цыя Мамонiчаў, а таксама сувязi з заможнымi слаямi Вiльнi i вялiкакняжацкай канцылярыяй (у тым ліку з Львом Сапегам) забяс­печылi афiцыйнае прызнанне яе дзейнасцi. Гэта была адзiная друкарня XVI–XVIII стст., якая тры разы атрымлiвала каралеўскiя прывiлеi на права выпуску царкоўна-рэлiгiйных i свецкiх выданняў. Яна выпусцiла першыя ў беларускiм кнiгадрукаваннi кiры­лаўскія выданнi прававога характару: "Трыбунал" (1586), "Статут Вя­лiкага княства Лiтоўскага 1588 г.".


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: