Францыск Скарына

Лекцыя 27. Пачатак Усходнеславянскага i беларускага кнiгадрукавання

¨ Францыск Скарына

¨ Рэфармацыйнае кнiгадрукаванне

Найбольш значная i яркая фiгура культуры Беларусi эпохi Адраджэння – Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551). Ён займае ганаровае месца ў нашай нацыянальнай гiсторыi i культуры. Заснавальнiк усходнеславянскага кнiгадрукавання, вучоны з сусветным iмем, ён быццам узвышаецца над цэлай плеядай сваiх вялiкiх папярэднiкаў, сучаснiкаў i паслядоўнiкаў, якiх дала айчыне i чалавечай цывiлiзацыi Беларусь. Генiй Скарыны мог зрабiць гонар любой дзяржаве. Арыгiнальны мыслiцель, таленавiты пiсьменнiк, плённы публiцыст i руплiвы перакладчык-палiглот, мастак i першадрукар, гуманiст i асветнiк – такой шматграннай асобай быў Скарына.

Бiяграфiя заснавальнiка ўсходнеславянскага кнiгадрукавання поўная загадак i таямнiц. Далёка не ўсе яе факты нам вядомыя, частка iх страчана для гiсторыi назаўсёды. Асноўную частку жыцця Скарына правёў за мяжой, i некаторыя дакументы захоўваюцца ў замежных архiвах.

Скарына нарадзiўся каля ў Полацку, у купецкай сям'i i атрымаў першапачатковую адукацыю, мабыць, у гэтым горадзе цi ў Вiльнi. У 1504 г. ён паступiў на факультэт свабодных навук Кракаўскага унiверсiтэта i ў 1506 г. скончыў яго са ступенню бакалаўра свабодных мастацтваў. Гэта была адна са старэйшых i лепшых навучальных устаноў Еўропы, дзе атрымлiвалi адукацыю многiя выхадцы з Вялiкага княства Лiтоўскага. Тут выкладалi вучоныя i дзеячы польскай культуры, а таксама вядомыя гуманiсты з iншых краiн Еўропы. Непасрэднымi папярэднiкамi Скарыны па унi­вер­сiтэце былi Ян Длугаш i Мiкалай Капернiк. Вiдаць, менавiта ў час вучобы ў Кракаве i выспела ў яго высакародная задума – даць свайму народу друкаваную кнiгу на роднай мове. Вынаходнiцтва кнiгадрукавання каля 1440 г. з'яўляецца адным з найвялiкшых дасягненняў чалавечай цывiлiзацыi. Вынаходнiк друкарскага варштата i наборнага шрыфту, "бацька" кнiгадрукарства немец Ёхан Гутэнберг назваў яго "мастацтвам з усiх мастацтваў, навукай з навук". Рэва­люцыянiзуючая роля гэтага вынаходнiцтва прая­вiлася ў тым, што за якiя-небудзь паўвека iснавання еўрапейскага кнiгадрукарства з-пад станкоў больш за адной тысячы друкарняў выйшла каля 40 тыс. выданняў агульным тыражом 12 мільёнаў экземпляраў. У канцы XV ст. у Еўропе дзейнiчала звыш 200 друкарняў у 69 гарадах.

Польшча была другой пасля Чэхii славянскай краiнай, якая ўкаранiла вынаходнiцтва Гутэнберга. У Кракаве Скарына ўпершыню пазнаёмiўся з багатай друкаванай прадукцыяй – мясцовай, нямецкай, iтальянскай i, магчыма, з азамi тэхнiкi друкавання. У той час там працавала кiрылаўская друкарня Швайпольта Фiёля. Але пакуль iнтэлектуальнага вопыту, набытага ў Польшчы, яму было недастаткова для таго, каб распачаць задуманую справу. Ён прагнуў новых ведаў, iмкнуўся спасцiгнуць новыя навукi. З 1507 па 1511 гг. пра Скарыну няма нiякiх пэўных звестак. Але можна меркаваць, што ў 1507–1512 гг. малады вучоны падарожнiчаў па краiнах Еўропы, паглыбляў свае веды па фiласофii, гiсторыi, праву, прыродазнаўству, медыцыне. Восенню 1512 г. ён прыбыў у Iталiю ў Падуанскi унiверсiтэт, ужо маючы ступень доктара свабодных навук i будучы сакратаром дацкага караля. Пытанне, дзе i як Скарына атрымаў гэты тытул, пры якiх абставiнах стаў каралеўскiм сакратаром, застаецца нявысветленым. Магчыма, у сярэдзiне 1510-х гадоў ён жыў у Капенгагене.

Атрымаўшы блiскучыя медыцынскiя веды ў Капенгагенскiм цi ў нейкiм iншым еўрапейскiм унiверсiтэце, Скарына з'явiўся ў Падую з намерам атрымаць вучоную ступень доктара медыцыны. 9-га лiстапада 1512 г. у прысутнасцi 24 буйнейшых вучоных Падуанскага унiверсiтэта i высокiх асоб каталiцкай царквы ён быў экзаменаваны, як гаворыцца ў дакуменце, "у асобым i строгiм парадку" i пры гэтым "праявiў сябе настолькi слаўна i дастойна, калi выкладаў адказы на зададзеныя яму пытаннi i калi абвяргаў прапанаваныя яму доказы, што атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсiх прысутных вучоных без выключэння, i было прызнана, што ён мае дастатковыя веды ў галiне медыцыны". Затым Скарына быў абвешчаны "ва ўстаноўленым парадку доктарам медыцынскiх навук", i яму былi ўручаны знакi гэтага звання "медыцынскай годнасцi".

Дасягнуўшы вышынь еўрапейскай адукацыi, Скарына не зра­бiўся кабiнетным вучоным, а стаў на шлях служэння вялiкай справе адукацыi свайго народа. Заручыўшыся фiнансавай падтрымкай багатых гараджан Вiльнi Багдана Онкава, Якуба Бабiча, магчыма, Юрыя Адвернiка i свайго брата Iвана, Скарына паехаў у Прагу, дзе ў 1517 г. заснаваў сваю першую друкарню. Тут 6 жнiўня 1517 г. у свет выходзiць яго "Псалтыр". Кнiга надрукавана на царкоўнаславянскай мове, блiзкай да беларускай. Асобныя словы, "неразумныи простым людем", мелi тлумачэнне на палях старонак.

На працягу 1517–1519 гг. адукаваны i энергічны палачанiн пераклаў, пракаменцiраваў i падрыхтаваў да друку 23 кнiгi Бiблii – "богу ко чти и людем посполитым к доброму научению".

Чаму Скарына выдаў Бiблiю (Псалтыр i 22 кнiгi асобнымi выпускамi), а не якую-небудзь свецкую кнiгу? На гэта пытанне можна даць толькi адзiн адказ. Скарына зрабiў правiльны выбар, бо ў тыя часы Бiблiя была самай прыдатнай кнiгай для яго асвет­нiцкай мэты. Першадрукар не мог не ўлiчваць, што грамадства на яго радзiме яшчэ ў цэлым не ўзнялося да разумення значэння свецкай кнiгi. Ды i простых, зразумелых i цiкавых для шырокiх колаў "паспалiтага люду" кнiг тады не было. Выбар Бiблii да выдання быў абумоўлены i варожымi адносiнамi царквы да кнiгадрукавання. Апрача таго, гуманiсты Еўропы, у тым лiку i Скарына, лiчылi Біблію свайго роду унiверсальным падручнiкам, энцыклапедыяй, дзе чытач можа знайсцi адказы на многiя складаныя i супярэчлiвыя пытаннi жыцця.

Сказаць, што Скарына выдаў Бiблiю i тым самым паклаў пачатак беларускаму i ўсходнеславянскаму кнiгадру­каванню, – значыць сказаць не ўсё. Да выдадзеных кнiг Старога Запавету Скарынам было напiсана 25 прадмоў i 24 пасляслоўi. Кнiгi былi багата iлюстраваны высокамастацкiмi гравюрамi, арнаментаваны вялiкай колькасцю заставак, канцовак, загалоўных лiтар, тытульных лiстоў, што зрабiла iх унiкальнымi помнiкамi кнiжнай культуры i айчыннага мастацтва. I, нарэшце, у Бiблii быў змешчаны партрэт самога Скарыны, якi з'яўляецца адзiнай яна сённяшні час яго прыжыццёвай выявай. Усё гэта сведчыць аб нетрадыцыйных, вольных, рэнесансна-гуманiстычных адносiнах першадрукара да Свяшчэннага Пiсання.

Неўзабаве Скарына перанёс кнiгадрукаванне на ўсход Еўропы. У канцы 1519 – пачатку 1520-х гадоў першадрукар вяртаецца на радзiму. Нягледзячы на шматлiкiя цяжкасцi, ён заснаваў у Вiльнi ў доме свайго апекуна, мецэната, вiленскага бурмiстра Якуба Бабiча першую на тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага друкарню i на працягу 1522–1525 гг. выпусцiў у свет "Малую падарожную кнiж­ку" i "Апостал".

"Малая падарожная кнiжка" (каля 1522) – гэта невялiкая па фармату, зручная для паўсядзённага выкарыстання кнiга, адрасаваная людзям як духоўнага звання, так i свецкiм – купцам, службовым асобам, рамеснiкам, воiнам, якiя па характару сваiх заняткаў павiнны былi часта вандраваць i ў дарозе атрымлiваць канфесiйную i астра­намiчную iнфармацыю, а пры неабходнасцi – прыгадваць i словы малiтваў цi псалмоў. "Апостал" (1525) – першая дакладна датаваная кнiга (1525), надрукаваная на тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоў­скага, i апошняе па часе Скарынаўскае выданне. Гэта адна з найбольш папулярных царкоўна-рэлiгiйных кнiг, надрукаваная на царкоўнаславянскай мове ў беларускай рэдакцыi.

Ф. Скарына не проста пераняў, а творча развiў дасягненнi еўра­пейскiх друкароў. Ён – сапраўдны рэфарматар кнiгавыдавецкай справы. У тэхнiчных адносiнах яго кнiгi былi выдадзены на значна больш высокiм узроўнi ў параўнаннi з найлепшымi сучаснымi яму заход­нееўрапейскiмi ўзорамi друкарскага мастацтва. Выданнi Скарыны з'явiлiся творчым сiнтэзам дасягненняў заходнееўрапейскага кнiга­выдання i мастацкага вопыту ўсходнеславянскай рукапiснай кнiгi. Кнiгi Скарыны як найвялiкшая каштоўнасць захоўваюцца зараз у бiблiятэках i музеях свету (усяго захавалася каля 400 экземпляраў).

Пра далейшае жыццё i дзейнасць Францыска Скарыны разам з шэрагам дакладных фактаў iснуюць гiпотэзы. Да іх лiку адносiцца меркаванне аб знаходжаннi Скарыны ў 1525 г., у разгар Сялянскай вайны, у Германii, у Вiтэнбергу i аб яго сустрэчы з М. Лютэрам, а таксама версiя аб паездцы прыкладна ў 1525–1533 гг. у Маскву з мэтай распаўсюджвання выдадзеных кнiг i арганiзацыi там кнiга­друкавання.

"Апостал" быў апошняй выдадзенай iм кнiгай. У 1525 г. выдавецка-асветнiцкая дзейнасць Скарыны ў Вiльнi спынiлася i, безумоўна, не выпадкова. На гэта паўплываў цэлы шэраг акалiчнасцяў жыцця i тая неспрыяльная атмасфера, якая стварылася вакол яго. У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў Скарыне прыйшлося сутыкнуцца з жыццёвымi нягодамi. У 1529 г. памерлi яго брат Iван i жонка Маргарыта, каторая пакiнула яму малалетняга сына Сiмяона. Родныя нябожчыцы падалi на Скарыну ў суд, патрабуючы вяртання яе маёмасцi. Судовая справа, вiдаць, не прайшла для яго бясследна. Падзеi трагiчнага года вымусiлi яго выехаць у пачатку 1530 г. у Прусiю, пад апеку герцага Альбрэхта Гогенцолерна, якi, захапiў­шыся iдэямi Рэфармацыi, хацеў наладзiць там кнiгадрукаванне. У Кёнiгсбергу Скарына прабыў нядоўга. Калi ж вярнуўся ў Вiльню, на яго новай хваляй навалiлiся крэдыторы нябожчыка-брата, якiя патрабавалi ўплаты братавых даўгоў. Яны дамаглiся арышту i заключэння Скарыны ў турму – 10 тыдняў ён знаходзiўся ў зня­воленнi ў Познанi.

Жыццёвых нягод, якiя абрынулiся на першадрукара, хапiла, каб рашыцца на змену месца жыхарства. Каля 1535 г. ён, цяпер ужо назаўсёды, пакiдае радзiму i зноў пасяляецца ў Празе. Аднак наўрад цi асабiстыя няўдачы былi асноўнай прычынай гэтага. Хутчэй за ўсё ад'езд быў звязаны з тым, што яго культурна-асветнiцкая дзейнасць i яго iдэi не атрымалi шырокай грамадскай падтрымкi. Адным словам, абставiны на радзiме не спрыялi ажыццяўленню намераў Скарыны. У чэшскай сталiцы ён працаваў вучоным-батанiкам, садоўнiкам у каралеўскiм батанiчным садзе Фердынанда I Габсбурга. Вiдаць, у Чэхii Скарына правёў апошнiя гады свайго жыцця i памёр удалечынi ад радзiмы ў канцы 1551 цi ў студзенi 1552 г. Месцазнаходжанне яго магiлы засталося невядомым.

Шматгранная прагрэсiўная дзейнасць Францыска Скарыны ўвабрала ў сябе лепшыя агульнаеўрапейскiя i славянскiя культурныя дасягненнi, склала цэлую эпоху ў станаўленнi беларускай, рускай i ўкраiнскай культуры i шмат у чым перадвызначыла характар iх будучага развiцця. Яна адыграла выдатную ролю ва ўмацаваннi сувязяў памiж Усходам i Захадам, славянскiмi i iншымi народамi Еўропы, зрабiла значны ўплыў на абуджэнне i фармiраванне нацыянальнай самасвядомасцi ўсходнеславянскiх народаў. Праз друкарскi подзвiг Скарыны ўсходняе славянства дасягнула вышынь еўрапейскай культуры.

Генiяльнае пачынанне Скарыны, багатыя скарынаўскiя традыцыi былi падхоплены, працягнуты i развiты яго выдатнымi сучаснiкамi i паслядоўнiкамi – друкарамi, пiсьменнiкамi, вучонымi i культурнымi дзеячамi Усходняй i Заходняй Еўропы: М. Гусоўскiм, М. Лiцвiнам, I. Фёдаравым, П. Мсцiслаўцам, С. Будным, В. Ця­пiнскiм, П. Труберам, братамi Мамонiчамi, Л. Зiзанiем, М. Смат­рыцкiм, С. Полацкiм i iнш. Кнiгi Скарыны распаўсюджвалiся на Беларусi, Украiне, Лiтве, у Расii i iншых еўрапейскiх землях. На працягу стагоддзяў яны карысталiся тут вялiкай папулярнасцю i аўтарытэтам, служылi зброяй у барацьбе за нацыянальную культуру i мову. Яны беражлiва захоўвалiся, перадавалiся з пакалення ў пакаленне, перапiсвалiся, служылi ўзорам для пераймання паслядоўнiкам i здзейснiлi вялiкую культурную мiсiю ва Усходняй Еўропе.

Францыск Скарына – вялiкi патрыёт i адданы сын свайго народа. Нягледзячы на тое, што вучыўся i працаваў ён у Заходняй Еўропе, не парваў сувязяў з радзiмай, а ўсе сiлы i энергiю аддаў служэнню "людем посполитым руского языка" для пашырэння асветы ў родным краi. Веды, атрыманыя ва унiверсiтэтах Польшчы i Iталii, ён iмкнуўся перадаць на карысць свайму народу. Скарына разумеў важнасць роднай мовы як фактару, якi спрыяе захаванню цэласнасцi народа, яго адзiнства i нацыянальнай самабытнасцi. Таму ён замацаваў родную мову ў высокай лiтаратуры сусветнага значэння – Бiблii – як раўнапраўную, "боскую" побач з класiчнымi, агульнапрызнанымi, кананiчнымi мовамі (лацiнскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай). Ён даказаў яе права на "свяшчэннасць". I ў гэтым яго велiзарная заслуга перад сваiм народам i перад усiм славянскiм светам. Скарына стаяў ля вытокаў беларускай нацыянальнай культуры i стаў яе сiмвалам.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: