Традыцый і наватарства

ў літаратурным працэсе

Вынесеныя ў загаловак бінарныя паняцці-тэрміны асэнсоў­ва­юць скла­даныя суадносіны ў літаратурным працэсе паміж узні­ка­ю­чым но­вым і тым, што, будучы ў свой час здабытым, выпра­ца­ва­ным, на­сле­ду­ец­ца, працягваецца ад эпохі да эпохі.

Традыцыя (ад лац. traditio — перадача, паданне) — гэта куль­тур­на-мас­тацкі вопыт мінулых эпох, успрыняты і засвоены пісь­мен­ні­камі як акту­альны і ўвесь час каштоўны, выступаючы для іх у яка­сці творчага ары­енціру. «Ажыццяўляючы сувязь часоў, традыцыя зна­мянуе вы­бі­раль­нае ініцыятыўна-стваральнае авалод­ванне спад­чы­най папярэдніх па­ка­лен­няў у імя вырашэння сучасных мастацкіх за­дач» [223]. Традыцыі за­ка­на­мер­на «спадарожнічае абнаўленне літа­ра­ту­ры, г. зн. наватарства», якое «вы­ступае як творчая пера­кам­па­ноў­ка і дабудоўванне ўзятага ў па­пя­рэд­ні­каў, а ў найбольш яркіх і маш­таб­ных праявах — як узнікненне ў лі­та­ра­турным працэсе беспрэ­цэ­дэн­тна новага, якое мае сусветна-гіс­та­рыч­ную значнасць» [224]. Такім но­вым, для прыкладу, з’яўляецца: асваенне пры­ват­­нага жыцця ча­ла­ве­ка сентыменталістамі; адкрыццё бясконцасці суб’ек­­тыўнага свету і ірацыянальнага пачатку псіхікі рамантыкамі; узнаў­­ленне «дыя­лек­ты­кі душы» рэалістамі, і ў першую чаргу Ф. Дас­таеў­скім і Л. Тал­стым; радыкальная трансфармацыя драматургічных форм А. Чэ­ха­вым.

Традыцыя рэалізуе сябе з дапамогай уплываў, запазычанняў, а так­са­ма наследавання канонам (пераважна ў літаратурах стара­жыт­на­сці і ся­рэднявечча). Выступаючы часта як свядомая, «пра­грам­ная» ары­ен­та­цыя пісьменнікаў на папярэдні вопыт, традыцыя разам з тым можа ўва­хо­дзіць у літаратурную творчасць стыхійна, не­за­леж­на ад намераў аўта­раў. У якасці традыцыйнага пісьменнікамі за­свой­ваецца вельмі мно­гае — ад тэматычных пластоў да складаных сты­лістычных фігур і пры­ё­маў. Сусветнае прыгожае пісьменства за час свайго развіцця стварыла цэ­лы фонд пераемнасці. Самае за­па­тра­­баванае з таго, што знаходзіцца ў да­дзеным фондзе, даволі часта ў апошнія часы імянуецца топікай. Як кан­статуе В. Халізеў, «топіка раз­народная. Нязменна прысутнічаюць у лі­таратурнай творчасці ты­пы эмацыянальнай настраёвасці (узвышанае, тра­гічнае, смех і г. д.), маральна-філасофскія праблемы (дабро і зло, іс­ці­на і пры­га­жосць), «вечныя тэмы», спалучаныя з міфапаэтычнымі сэн­са­мі, і, на­рэшце, арсенал мастацкіх форм, якія знаходзяць сабе прымяненне заў­­сёды і ўсюды» [225].

Гармонія традыцый і наватарства як пачаткаў узаема­да­паў­няль­ных — важнейшая ўмова плённай і маштабнай літаратур­най твор­часці. Для літаратуры і мастацтва з’яўляецца мала­прадук­тыў­ным (калі не згуб­ным), з аднаго боку, культ самадастатковага на­ва­тар­ства, «творчасці з ні­чо­га», разумовага эксперыментавання, а з дру­гога — кансервацыя тра­ды­цый, звужэнне іх да традыцыйнасці, не­давер да новага, што ў кан­чат­ко­вым выпадку вядзе да эпігонства.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: