double arrow

Спецыфіка вывучэння жыццёвага і творчага шляху пісьменніка

Цэласнае асэнсаванне ўвасобленых у літаратурна-мастацкім творы ідэй, праблем, духоўна-маральных пошукаў, выяўленне аўтарскай пазіцыі немагчымыя без усведамлення таго, што непаўторнасць мастацкага свету твора абумоўленая ўнікальнасцю асобы ягонага стваральніка. Зразумець своеасаблівасць пісьменніцкага характару і лёсу, вытлумачыць у эстэтычным і гістарычным кантэкстах погляды творцы дапамагае вывучэнне ягонай біяграфіі.

На першай ступені літаратурнай адукацыі, у V—VIII класах паколькі галоўным аб’ектам вывучэння з’яўляецца мастацкі твор, увага вучняў спецыяльна не засяроджваецца на жыццёвым і творчым шляху пісьменнікаў, а толькі настаўнік у працэсе гутаркі звяртаецца да асобных біяграфічных звестак, якія будуць спрыяць больш глыбокаму спасціжэнню канкрэтнага мастацкага твора. У гэтым выпадку старонкі біяграфіі становяцца своеасаблівымі “ўводзінамі” ў твор, дапамагаюць пазначыць тэматычныя і праблемныя “вузлы” тэксту. Напрыклад, пры вывучэнні ў V класе верша Рыгора Барадуліна “Бацьку” варта звярнуць увагу на біяграфізм твора, а ў VII класе – аповесці Янкі Брыля “Сірочы хлеб” на першым жа ўроку настаўнік павінен зацікавіць вучняў асобай пісьменніка, пазнаёміць з гісторыяй напісання твора, адзначыць падабенства лёсаў Даніка Мальца і Янкі Брыля. Таму ўрок можна пачаць з кароткіх паведамленняў вучняў, дзе выразна была б пазначана грамадска-гістарычная атмасфера, у якой праходзіла маленства пісьменніка, а таксама прысутнічалі б цікавыя факты з біяграфіі пісьменніка. Больш грунтоўнае ўяўленне пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка вучні атрымліваюць на заключнай ступені літаратурнай адукацыі, падчас засваення матэрыялу манаграфічных тэм. Тут вывучэнне біяграфіі і творчасці пісьменніка набывае самастойны і адносна завершаны характар. Праграма па беларускай літаратуры прапануе фармулёўкі: “Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка”, “Кароткія звесткі аб жыцці і творчасці пісьменніка”, “Звесткі з біяграфіі”.

Вывучэнне біяграфіі пісьменніка — адна з важнейшых умоў больш глыбокага і цэласнага асэнсавання яго твораў — дапамагае выявіць вытокі і фактары фарміравання светаадчування мастака, абумоўленасць светапогляднай і мастацка-эстэтычнай эвалюцыі творцы канкрэтным гісторыка-культурным кантэкстам. Цікавыя і прадуманыя апераджальныя заданні дапамогуць зацікавіць вучняў асобай творцы, даволі істотна пераадолець складзены гадамі шаблон уяўлення пра беларускага пісьменніка: нарадзіўся ў вёсцы, у дзіцячыя гады цяжка працаваў, затым далучыўся да беларушчыны або памёр. Іначай кажучы, адной са “стратэгічных” мэтаў вывучэння жыццёвага і творчага шляху пісьменніка павінна быць фарміраванне ў вучняў выразных уяўленняў пра сувязь светапогляду пісьменніка з падзеямі ў грамадскім жыцці, яго грамадзянскую пазіцыю і духоўны воблік, урэшце, пра ягоную творчую індывідуальнасць. У выніку старшакласнікі павінны ўмець выяўляць гістарычныя і сацыяльныя заканамернасці светапогляду і лёсу пісьменніка.

У якасці вядучага метаду вывучэння біяграфіі айчынныя метадысты вылучаюць лекцыю настаўніка, якая дае магчымасць эканомна выкласці вялікі па аб’ёме матэрыял. Важна памятаць, што сухая фактаграфія, манатоннае выкладанне падзей здольныя нівеліраваць, зрабіць бясколернай нават самую цікавую біяграфію. Найлепш засвойваецца матэрыял, які падаецца ў форме яркага, жывога аповеду, што стварае ўражанне непасрэднага, асабістага знаёмства з пісьменнікам. У ходзе лекцыі важна не толькі дэталізаваць, канкрэтызаваць уяўленні вучняў пра асобу пісьменніка, але і выявіць ідэйны, духоўна-маральны, эстэтычны падтэксты біяграфічных фактаў, больш якаснаму засваенню ведаў спрыяе выкарыстанне тэхнічных сродкаў, якія дазваляюць эканомна скарыстаць час, тэзісна вылучыць асноўнае, а фатаздымкі, выявы родных мясцін і г.д., дазволіць актывізаваць візуальнае замацаванне ведаў.

Уласна лекцыю рэкамендуецца спалучаць з іншымі метадычнымі формамі вывучэння біяграфіі пісьменніка: чытаннем мастацкіх твораў, дакладамі вучняў, завочнымі экскурсіямі, гутаркай, працай з падручнікам, а таксама з дадатковай літаратурай (літаратуразнаўчыя і крытычныя працы, мемуарыстыка, лісты, дзённікі пісьменніка, вершы і празаічныя творы пра яго, аўтабіяграфія, краязнаўчая літаратура, дакументы і інш.). Трэба адзначыць, што існуе меркаванне некаторых педагогаў [2] аб мэтазгоднасці выкарыстання модульнай тэхналогііпры вывучэнні біяграфій пісьменнікаў (а таксама аглядавых тэм, літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў).

Важным прынцыпам арганізацыі і рэпрэзентацыі вучэбнага матэрыялу з’яўляецца адзінства асвятлення жыццёвага шляху пісьменніка і ягонай творчай эвалюцыі. Дзеля гэтага настаўніку неабходна вылучаць такія светапоглядныя, маральныя і эстэтычныя праблемы, адлюстраваныя ў творчасці аўтара, якія былі б актуальныя, цікавыя для вучняў канкрэтнага ўзросту. Незалежна ад абранай настаўнікам метадычнай формы ўрока, заняткі па вывучэнні жыцця і творчасці пісьменніка павінны ўлучаць наступныя элементы:

— агульную грамадска-гістарычную характарыстыку часу, на які прыпадае творчасць пісьменніка;

— асноўныя асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу;

— жыццёвы шлях пісьменніка (звесткі з біяграфіі, грамадзянская пазіцыя, уплыў сацыякультурнага кантэксту на творчасць і г.д.);

— творчы шлях пісьменніка (пачатак літаратурнай дзейнасці, этапы ці перыяды творчай эвалюцыі, агульная характарыстыка мастацкіх асаблівасцей найбольш значных твораў, кніг, зборнікаў);

— значэнне творчасці пісьменніка для развіцця беларускай літаратуры (у тым ліку ацэнкі яго сучасным літаратуразнаўствам, крытыкай), суаднесенасць з сусветным літаратурным працэсам.

Напрыклад, пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху В.Быкава неабходна засяродзіць увагу вучняў і на наватарскім падыходзе ў адлюстраванні вайны, і на ўплыве на творчасць пісьменніка еўрапейскай традацыі (Ф.Кафка).

Падчас вывучэння біяграфіі асаблівай увагі настаўніка вымагаюць формы кантролю ведаў, апытанняў і хатніх заданняў. Дзеля сістэматызацыі ведаў пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка можна выкарыстоўваць тэставыя заданні, прапанаваць запоўніць табліцу. Вучням варта прапанаваць скласці план лекцыі настаўніка, падабраць эпіграф да ўрока, супаставіць факты біяграфіі пісьменніка з падзеямі, якія перажываюць героі ягоных твораў і г.д. Эфектыўным спосабам праверкі ведаў з’яўляецца правядзенне віктарын, ролевых гульняў, заключнага ўрока-дыспута пра кнігі, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка і інш.

“Сённяшні ўрок біяграфіі, — зазначае В.Я. Ляшук, — хутчэй за ўсё ўяўляе сабою кампазіцыю” [3, с. 262]. Гэта патрабуе не толькі стварэння прадуманай сістэмы апераджальных заданняў, але і вялікай работы самога настаўніка.

Напрыклад, падрыхтоўка да завочнай экскурсіі, якая спрыяе абуджэнню творчага ўяўлення вучняў, дапамагае ім нязмушана засвойваць аб’ёмны матэрыял, пачынаецца са складання сцэнарыя. Трываласць ведаў, цікавасць да працы ў значнай ступені залежаць ад навізны, нестандартнасці матэрыялу, які назапашваецца падчас знаёмства з лістамі, дзённікамі пісьменніка. Не меншай увагі вымагае і адбор візуальнага матэрыялу: рознаўзроставыя партрэты самога пісьменніка, карціны, малюнкі, фотаздымкі, гукавое афармленне — усё гэта дапаможа стварыць не толькі аб’ёмную панараму жыцця пісьменніка, упісаную ў абрысы канкрэтнага гістарычнага часу, эпохі, але і паспрыяе далучэнню вучня да лёсу пісьменніка, ягоных творчых пошукаў і набыткаў.

Зрэшты, адбор і арганізацыя нагляднага матэрыялу вымагае значанай увагі незалежна ад формы заняткаў па вывучэнні біяграфіі. Само слова настаўніка пра пісьменніка можа гучаць на музычным фоне, што стварае адпаведную атмасферу, актывізуе эмацыянальную сферу вучняў. Кароткія музычныя ўступы могуць папярэднічаць размове пра розныя перыяды жыцця пісьменніка, адпаведным фонам для мастацкага чытання твораў могуць стаць любімыя музычныя творы пісьменніка. З вялікай цікавасцю вучні слухаюць аўдыёзапісы галасоў пісьменнікаў. Кіна-, відэафільмы, фотапрэзентацыі (як традыцыйныя, так і падрыхтаваныя з дапамогай найноўшых камп’ютарных тэхналогій) маюць большы эфект, дапамагаюць глыбей засвоіць матэрыял, калі ім папярэднічаюць аповед настаўніка, самастойная праца з падручнікам і дадатковай літаратурай (біяграфічнага, мемуарнага плану). Такім чынам, зварот да твораў жывапісу, музыкі, кінамастацтва дазваляе падаць біяграфічны матэрыял больш выразна і больш дзейсна ў сэнсе ўздзеяння на эмацыянальна-пачуццёвую сферу.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: