Культурная экалогія

Развіццё сацыяльна-культурнай антрапалогіі: спецыялізацыя ад другой сусветнай вайны да нашых дзён: неаэвалюцыянізм, культурная экалогія, тэорыя канфлікту, даследаванні структуры пазнання.

Неаэвалюцыянізм

На пачатку XX ст. цікавасць да праблем культурнай эвалюцыі значна зменшылася, і ў міжваенны перыяд ёй займалася толькі некалькі чалавек. Амерыканскі антраполаг Леслі Уайт (1900-1975) тым не менш адыграў значную ролю ў аднаўленні цікавасці да твораў эвалюцыяністаў XIX ст. і ўвогуле пытанняў культурнай эвалюцыі. Яго варыянт эвалюцыянізму атрымаў назву неаэвалюцыянізму. Як і папярэднікаў-эвалюцыяністаў, Уайта цікавіла агульная эвалюцыя чалавечага грамадства, а не эвалюцыя асобных супольнасцяў. Згодна з Уайтам, прагрэс у тэхналогіі — асноўны рухавік сацыяльнай эвалюцыі. Ён лічыў, што "cyчacнae" грамадства адрозніваецца ад "прымітыўнага" менавіта спажываннем энергіі. У тэхналагічна прымітыўным грамадстве крыніцай энергіі ў людзей была толькі моц іх уласных мускулаў. Грамадства развіваецца праз адкрыццё людзьмі новых крыніц энергіі — ад прыручэння цяглавай жывёлы да скарыстання энергіі ветру, вады, выкапняў і да т. п. Пры пашырэнні спажывання энергіі ўсялякі тэхналагічны поспех спрыяў удасканаленню сацыяльнай і культурнай арганізацыі грамадства і развіццю ўсёй соцыякультурнай сістэмы. У 1959 г., праз 100 гадоў пасля публікацыі тэорыі паходжання відаў Дарвіна, было надрукавана важнае даследаванне Уайта "Эвалюцыя культуры". У ім Уайт яшчэ раз падкрэсліў значнасць вывучэння культурнай эвалюцыі і, акрамя таго, спыніўся на пытанні, як антраполагі ўспрымаюць культуру. Для Боаса і яго паслядоўнікаў культура была вынікам адвольнага назапашвання элементаў, што набываюцца ў працэсе навучання. Уайта ж такі падыход не задавальняў. Ён прапанаваў разглядаць культуру як феномен, які абапіраецца на ўласцівую толькі чалавеку здольнасць — здольнасць выкарыстоўваць сімвалы. Без сімвалаў, паводле Уайта, не існавала б культуры. Ён спадзяваўся распрацаваць больш навуковую сістэму даследавання культуры — шляхам вызначэння апошняй як чалавечага феномена.

Культурная экалогія

Яшчэ адной важнай асобай у антрапалогіі першых пасляваенных гадоў быў амерыканец Джуліян Сцюард (1902-1972). Даследаванні Сцюарда заклалі падмурак культурнай экалогіі Гэтая галіна разглядае культуру як дзейсны сродак адаптацыі да навакольнага асяроддзя. У адрозненне ад культурнага рэлятывізму Франца Боаса, які вызнаваў прынцыповую роўнасць усіх культурных феноменаў, Сцюард настойваў на тым, што пэўныя з іх абумоўліваюць узнікненне іншых. Ён пісаў пра такія "асноўныя" элементы культуры, як праца ці ўлада, і такія "другасныя", як магія і рэлігія. Яго ўвага была сканцэнтравана на працэсе, сродках існавання, самім існаванні, забеспячэнні ежай, занятках як на самых істотных элементах жыццядзейнасці. Ён у асноўным вылучаў тое, што робяць людзі, а не тое, у што яны вераць. Добра вядомы "трыумвірат" Сцюарда складалі рэсурсы, тэхналогія і праца. Тэхналогію і рэсурсы ён разглядаў як падмурак грамадства. Яны злучаюцца паміж сабой праз чалавечую працу. Такое разуменне працы адпавядала шырока распаўсюджанаму погляду на свет як на месца жыхарства людзей, якія, нягледзячы на цяжкія ўмовы існавання, імкнуцца найлепш уладкаваць сваё жыццё. Сцюард сцвярджаў, што ўсе грамадствы сутыкаюцца з прымусам унутраным (сацыяльным) і знешнім (прыродным). Гэта добра паказана ў яго ранняй манаграфіі "Мясцовыя соцыяпалітычныя групы басейна і плато", у якой ён апісаў абшчыны індзейцаў шашонаў і іх галоўныя заняткі. Яго аналіз улічваў адначасова як уціск навакольнага асяроддзя, так і формы адаптацыі людзей да яго. Ён ахарактарызаваў грамадства шашонаў як надзвычай простую грамадскую структуру, прымітывізм якой вынікаў з неспрыяльных

жыццёвых умоў і слабаразвітай тэхналогіі. Гэтае даследаванне ўвяло ў навуковы ўжытак шмат новых тэарэтычных і метадалагічных тэрмінаў. Сцюард лічыў, што сам па сабе ўціск асяроддзя не выклікае аўтаматычна адпаведных культурных патэрнаў, а з'яўляецца хутчэй за ўсё толькі часткай кантэксту, які фарміруе культуру. Большасць высілкаў, накіраваных на задавальненне жыццёвых патрэб, мае некалькі ступеняў свабоды і адпаведныя ім магчымасці выбару адаптацыйнай стратэгіі. Для антраполага вельмі істотна вызначыць дыяпазон выбару. Так, у параўнанні з больш складанай, простая тэхналогія забяспечвае менш магчымасцяў у адаптацыі да асяроддзя. Сцюард паспяхова вывучаў і складаныя грамадскія структуры, але яго падыход быў адметным. Замест таго каб разглядаць асобныя часткі грамадства ці абагульняць нацыянальны характар, Сцюард засяродзіў увагу на "субкультурах" як на частках буйных рэгіёнаў ці нацыянальных супольнасцяў. Ha пачатку 50-х гадоў ён выступіў ініцыятарам калектыўнага даследавання Пуэрта-Рыка, пры якім кожны з яго ўдзельнікаў вывучаў адзін з аспектаў пуэрта- рыканскага грамадства — вырошчванне кавы ці прыватныя і дзяржаўныя цукровыя плантацыі — у якасці складовых частак аднаго вялікага цэлага. Шмат увагі надаваў Сцюард тэорыі зменаў. Ён шукаў падобныя тэндэнцыі культурнага развіцця ў грамадствах розных часоў і народаў. Такі падыход вядомы як шматлінейная эвалюцыя. Так, напрыклад, развіццё сельскай гаспадаркі як на Блізкім Усходзе, так і ў меза-Амерыцы абумовіла ўзнікненне аднолькавых сацыяльных і палітычных праяў. Ён імкнуўся не так да адкрыцця "універсальных" стадый, што характэрна для адналінейных эвалюцыяністаў, як да вызначэння "тых нешматлікіх паралеляў у форме, функцыі ці праявах, якія маюць эмпірычную аснову" [Steward, 1955, с. 19]. Ён даводзіў, што для асобных культур характэрны толькі ім уласцівыя рысы, але сам, тым не менш, імкнуўся вызначыць кроскультурныя заканамернасці, якія б адпавядалі культурным парадыгмам адаптацыі людзей як на ўзроўні існавання плямёнаў, так і пры дзяржаўным ладзе жыцця. Аднак Сцюард, як функцыяналісты і іншыя даследчыкі таго часу, усё ж разглядаў культуру як катэгорыю нязменную і ідэальную. А гэта азначала, што зрухі, калі яны і адбываліся, былі вынікам такіх знешніх фактараў, як культурны кантакт, тэхналагічнае перайманне, рост насельніцтва ці змены ў прыродным асяроддзі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: