Ранняя родавая арганізацыя грамадства

Каля 40 тыс. гадоў да н. э. чалавецта перайшло ад праабшчыны да родавага ладу. Увогуле родавы лад на Беларуеі меў два этапы свайго развіцця. Першы — эпоха раннеродавай абшчыны, у час якой ішло станаўленне родавых адносін. Другі — час развітой родавай абшчыны, які характарызаваўся высокім росквітам першабытна-абшчыннага ўкладу жыцця грамадства на базе высокаразвітой, спецыялізаванай у значнай ступені, прысвойваючай гаспадаркі. 3 гэтага часу грамадства паступова пераходзіць ад прысваення да вытворчасці, а разам з тым і да маёмаснай няроўнасці, якая была прадвесніцай класавага грамадства.

Першы з названых этапаў цягнуўся на працягу двух археалагічных перыядаў: апошняй стадыі старажытнакаменнага веку — верхняга палеаліту (40—10 тыс. гадоў да н. э.). мезаліту — сярэднекаменнага веку (9—5 тыс. гадоў да н. э.). Другі этап супадае з апошняй стадыяй эпохі каменю — новакаменным векам ці неалітам (5—2 тыс. гадоў да н. э.).

Ранняя родавая арганізацыя грамадства ў гісторыі чалавецтва адзначана новым крокам у развіцці сацыяльных адносін, далейшай эвалюцыяй грамадскай гаспадаркі, новым этапам развіцця прылад працы. Змяніўся нават тып чалавека. Каля 40 тыс. гадоў да н. э. тэрыторыю Беларусі засяляў ужо краманьёнец — чалавек сучаснага псіхафізіялагічнага складу.

Але адбывалася гэта далёка не хуткімі тэмпамі. Увесь завяршальны этап старажытнакаменнага веку, верхні палеаліт, на Беларусі яшчэ трымаліся халодныя кліматычныя ўмовы. Прыблізна з 95 тыс. да 10 тыс. гадоў таму назад цягнулася апошняе паазерскае (валдайскае) зледзяненне. Аднак яно ахапіла не ўсю тэрыторыю Беларусі як ранейшыя, а толькі паўночную яе частку да мяжы сучасных гарадоў Оршы, Лепеля, Докшыц. У паўднёвай Беларусі першабытнае насельніцтва працягвала пражыванне. Цяпер гэта была прыледніковая паласа з суровым кліматам, тундравай расліннасцю і жывёльным светам, прадстаўленым мамантамі, шарсцістымі насарогамі, паўночнымі аленямі і іншымі буйнымі жывёламі.

Наяўнасць суровага прыледніковага клімату актывізавала людскія супольнасці да змагання за існаванне: паўстала пытанне адзення і пошуку ўкрыццяў ад холаду і дзікіх жывёл. Людзі пачалі будаваць жытлы, будаўнічым матэрыялам для якіх служылі скуры і косці буйных жывёл у спалучэнні з натуральнымі прыроднымі магчымасцямі: буйнымі валунамі, ярамі, крутымі берагамі ў поймах рэк і азёр.

Дзейнасць чалавечага грамадства на тэрыторыі нашай краіны на гэтым этапе прадстаўлена, у параўнанні з папярэднім перыядам, больш шырока. Археолагі нават знайшлі месцы адносна доўгатэрміновага пражывання тагачасных людзей, якія ў навуковым асяроддзі называюць стаянкамі. У Беларусі выяўлена дзве. Адна з іх непадалёку ад Прыпяці каля вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна. а другая каля ракі Сож паблізу сучаснага паселішча Бердыж Чачэрскага раёна. Яны адносяцца да разраду познепалеалітычных, пражыванне першабытных людзей. вызначанае з дапамогай сучасных метадаў даследавання, зафіксавана прыблізна каля 26 тыс. гадоў назад на Юравіцкай і адпаведна 23 тыс. гадоў на Бердыжскай стаянках. Знойдзены паглыбленыя ў зямлю з рэшткамі вогнішча жыллёвыя пабудовы авальнай формы, што выконваліся па тыпу юрты. Іх памеры склалі прыблізна 4x5 і 5x7 метраў. Асноўным будаўнічым матэрыялам служылі буйныя валуны, трубчатью косці і чарапы мамантаў. Яны, на думку вучоных, служылі сценамі, якія хутчэй за ўсё пакрываліся скурамі буйных жывёл.

Вялікая колькасць прадметаў жыццядзейнасці той э'похі і адносна тоўсты слой агнішча сведчаць аб працяглым знаходжанні людзей на адным месцы. Непадалёку ад жытлаў зной-дзены гаспадарчыя ямы, у якіх, відаць, захоўваліся рэшткі харчавання здабытага жыхарамі мясцовай раннеродавай абшчыны.

Наяўнасць вялікай колькасці касцей буйных жывёл, такіх як мамант, знойдзеных на названых месцах пражывання людзей у Беларусі, дае падставу меркаваць, што адным з важней-шых заняткаў жыхароў нашай краіны эпохі раннеродавай абшчыны было, разам з традыцыйнымі рыбалоўствам і збіральніцтвам, загоннае паляванне. А гэта сведчыць аб пэўным узроўні развіцця тагачаснага грамадства.

Адкрыццё стаянак дало магчымасць шырокага вывучэння прылад працы той пары. У Юравічах знойдзены крамянёвыя нажы ў выглядзе апрацаваных тэхнікай рэтушы пласцін, скрабкі, праколкі, абломак капалкі, вырабленай з біўня маманта, а таксама унікальны крамянёвы кінжал. Ёсць прыклады і верхнепалеалітычнага мастацтва ў выглядзе шліфаваных і штрыхаваных па ўсёй паверхні касцяных пласцін з нанесенымі геаметрычнымі ўзорамі шасцівугольнікаў і зігзагаў. Бердыжская стаянка акрамя вышэй пералічаных прылад прадстаў-лена крамянёвымі наканечнікамі копьяў з бакавой выемкай, разцамі, рэтушорамі, з дапамогай якіх ішла апрацоўка будучых прылад працы, а таксама сякерападобнымі прыладамі,

Прыблізна каля 11 тыс. гадоў назад ледавік пачаў адступаць на поўнач. Паступова клімат станавіўся цяплейшым і каля 5 тыс. гадоў назад уступіў у фазу галацэну, тэмпературны рэжым дасягнуў сучаснага кліматычнага оптымуму, што пацягнула за сабой змяненне флоры і фауны на тэрыторыі былой прыледніковай паласы. У расліннасці Беларусі цяпер пераважалі шырокалісцевыя і хваёвыя лясы. Жывёльны свет аказаўся прадстаўлены больш дробнымі ляснымі звярамі і птушкамі. Мамантаў, насарогаў і паўночных аленяў не стала.

Цесная сувязь старажытнага чалавека з навакольным асяроддзем і яго моцная залежнасць ад кліматычных і іншых прыродных умоў з-за нізкага ўзроўню развіцця прадукцыйных сіл абумовіла, разам са змяненнем флоры і фауны, змяненне прывычнага ўкладу жыцця грамадства. Важнейшы, найбольш прадуктыўны занятак папярэдняга перыяду — загоннае паляванне — цяпер сыходзіць з гістарычнай арэны так, ж буйныя жывёлы зніклі разам з пацяпленнем клімату.

Паляўніча-прамысловым відам жывёльнага свету ў гэты перыяд становяцца дробныя лясныя звяры і птушкі. Паляваць на іх можна было індывідуальна без збірання вялікай коль-касці ўдзельнікаў, але патрэбна было валодаць сумай іншых спецыяльных ведаў, а таксама значна больш дасканалымі прыладамі працы, а не толькі палкай і каменем, прыдатнымі пры загонным паляванні. Жыццёвыя ўмовы, такім чынам, стымулявалі творчую думку грамадства, якая ў названы перыяд прывяла чалавека да вынаходніцтва лука і стрэлаў. Добрую дапамогу пры паляванні пачаў аказваць сабакапершая жывёла, якую змог прыручыць чалавек.

3 9-га тыс. да н. э., згодна з данымі навукі археалогіі, у гісторыі чалавецтва наступае новая археалагічная эпоха — сярэднекаменны век (мезаліт). Яго храналагічныя рамкі — 9—5-е тыс. да н. э. Мезаліт з'явіўся завяршальнай стадыяй станаўлення родавага грамадства. За ім пачалася эпоха развітой родавай абшчыны.

У перыяд мезаліту чалавецтва зрабіла новы крок ва ўдасканаленні яшчэ аднаго старажытнага грамадскага занятку — рыбалоўства. Рыбу ў мезаліце ўжо лавілі вудай з прымяненнем касцяных кручкоў, якія археолагі ў вялікай колькасці знаходзяць на стаянках той эпохі. Яе білі гарпунамі, перамяшчаючыся па вадзе на выдзеўбаных з дрэва чаўнах, і нават лавілі пры дапамозе рыбалоўных сетак, зробленых з кары лазы.

Развіццё прылад працы і ўдасканаленне відаў дзейнасці дало магчымасць працаваць больш дробнымі калектывамі, што, у сваю чаргу, вяло да драблення радоў. У гэты ж час значна павялічваецца колькасць насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Да сённяшніх дзён археолагі выявілі больш 120 стаянак эпохі сярэднекаменнага веку. Паступова заселенай аказалася ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі.

З'яўляліся новыя роды, агульная колькасць родавых калектываў значна павялічылася. Узніклі цэлыя аб'яднанні роднасных па паходжанні родавых калектываў. Роднасць адрознівала іх ад суседніх аналагічных аб'яднанняў. Яны мелі свае асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры, сваю мову, тэрыторыю, своеасаблівыя абрадава-рэлігійныя і іншыя прыкметы. Усё пералічанае вышэй вылучала іх са структуры былой родавай арганізацыі грамадства і надавала рысы новай грамадскай супольнасці, якая ў гістарычнай навуцы атрымала назву "плямёны".

Плямёны фактычна з'яўляліся зародкавай стадыяй фарміравання этнічных супольнасцяў. Паступова на тэрыторыі Еўропы аформілася некалькі этнакультурных абласцей. Іх наяўнасць археолагі вызначаюць шляхам выяўлення адрозненняў у спосабах выканання крамянёвых прылад працы. Так, адна з названых этнакультурных абласцей, што размяшчалася ў паўночнай і цэнтральнай частцы еўрапейскага кантыненту і была характэрна знаходкамі буйнапамерных (50—200 мм) прылад працы, выкананых з крамянёвых адшчэпаў і пласцін, у гістарычнай навуцы атрымала назву макралітычнай. На Беларусі макралітычныя прылады эпохі мезаліту выяўлены ў басейнах рэк Дзісна, Сож, а таксама ў некаторых заходніх раёнах. У іншых месцах сустракаюцца таксама рэгіёны з мікралітычным характарам выканання прылад працы.

Ідэалагічныя ўяўленні грамадства перыяду ранняй родавай абшчыны фарміраваліся пад уплывам пэўнага узроўню свядомасці і паступовага накаплення ведаў аб навакольным асяроддзі. Людзі верылі ў звышнатуральныя сілы духаў (анімізм). Неадушаўлёныя прадметы і з'явы прыроды надзяляліся чалавечымі якасцямі (фетышызм). 3 пачаткам прыручэння жывёл і далейшым развіццём палявання, ад якога ў значнай ступені залежаў дабрабыт грамадскага існавання, у ідэалагічнай свядомасці з'явіліся ўяўленні пра татэмных, роднасных людзям жывёл (татэмізм). На татэмы, як правіла, забаранялася паляванне, перыядычна іх выявам прыносіліся ахвяраванні, на месцах іх устаноўкі маліліся і праводзілі агульнародавыя рьггуалы.

Заняткі людзей перыяду раннеродавай абшчыны цалкам заставаліся тымі ж, што і ў папярэдні перыяд. Людзі па-ранейшаму вялі прысвойваючы лад жыцця, пры якім збіральніцтва, паляванне і рыбная лоўля заставаліся адзінай сферай грамадска-карыснай дзейнасці. Разам з тым адбылося ўдасканаленне прылад працы. Ішло пастаяннае накапленне вопыту, што перадаваўся як шляхам пераймання, так і, дзякуючы наяўнасці гукавой мовы, з пакалення ў пакаленне. Стыхійна адбываўся пастаянны неўсвядомлены чалавекам выхаваўча-адукацыйны працэс, новыя пакаленні людзей ведалі больш за сваіх продкаў, а гэта вяло да прагрэсу ўсяго чалавецтва.

Развіццё грамадства на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах развітой родавай абшчыны

Пачынаючы з 5-га тыс. да н. э. насельніцтва, якое пражывала на тэрыторыі Беларусі ўступіла ў стадыю развітой родавай абшчыны. Яе існаванне супадае з археалагічным перыя-дам новакаменнага веку (неаліту: 5—1, 8 тыс. гадоў да н. э.), што з'явіўся завяршальным этапам эпохі каменю і характарызаваўся найвышэйшымі дасягненнямі ў стварэнні прылад працы выкананых з крэйдавага крэменю і косці.

Агульная характарыстыка. Пераход да развітой родавай абшчыны быў абумоўлены накапленнем вопыту ў розных галінах жыццядзейнасці грамадства. Адбыліся змены ў наваколыіым асяроддзі. Чалавек вынайшаў новыя спосабы апрацоўкі каменю і косці, удасканаліў розныя формы здабывання сродкаў для існавання, зрабіў крок у накірунку аптымалізацыі шлюбных і ўвогуле сацыяльных адносін.

Клімат названага перыяду характарызаваўся наяўнасцю цёплай тэмпературы і высокага ўзроўню вільготнасці паветра нават у больш значнай ступені, чым ёсць у сучаснай Беларусі. Гэта спрыяла росту шыракалістых лясоў, дзе вадзілася вялікая колькасць звяроў і птушак. Равівалася паляванне. Прадуктыўна паляваць цяпер можна было, пражываючы пастаянна на адной і той жа тэрыторыі.

Яшчэ ў перыяд зыходжання ледавікоў, пры якіх утваралася значная колькасць талай вады, уся тэрыторыя нашай краіны пакрылася вялікай колькасцю рэк і азёраў. У неаліце іх выкарыстоўвалі ў якасці шляхоў зносін. Насельніцтву былі вядомы чаўны, платы і іншая плывучая тэхніка, дзякуючы выкарыстанню якой лягчэй было пераадольваць значныя адлегласці пры перамяшчэнні паляўнічай і іншай здабычы.

Шырока развівалася рыбалоўства. Як і раней, яно было адным з важнейшых відаў жыццядзейнасці чалавека. 3 удасканаленнем справы пляцення сетак, вынайдзенай у папярэдні перыяд, а таксама з выкарыстаннем новых відаў рыбалоўных прыстасаванняў, такіх як розныя канфігурацыі гарпуноў, зубчастыя коп'і, вуды з касцянымі кручкамі і іншыя снасці, рыбалоўства станавілася ўстойлівай крыніцай здабычы сродкаў грамадскага харчавання.

Узнялося на новую ступень развіцця збіральніцтва. Неалітычныя збіральнікі ўжо ведалі мноства новых уласцівасцяў жывой прыроды. Яны з лёгкасцю адрознівалі ядавітыя ці лячэбныя расліны ад тых, якія былі прыдатныя для ўжывання ў ежу. Паступова ў грамадскай свядомасці ўжо ішло і ўсведамленне гадавога цыкла: засявання, выспявання і адмірання раслін, якое спрыяла станаўленню мэтанакіраванай апрацоўкі глебы як самастойнага прадуктыўнага занятку.

Эпоха неаліту азнаменавалася значнымі адкрыццямі ў галіне накаплення людзьмі новых відаў прадметаў дамашняга ужытку. Было вынайдзена ганчарства і ткацтва. Вытворчасць посуду ў той час мела своеасаблівы характар. Неалітычныя ганчары спачатку выцягвалі гліняную ленту з дабаўленнем невялікай колькасці пяску, а потым налеплівалі яе ў выглядзе спіралі да атрымання вострадоннай конусападобнай пасудзіны. Пасля загладжвання, нанясення арнаменту і абпальвання гаршчок можна было эфектыўна выкарыстоўваць для прыгатавання і захоўвання прадуктаў харчавання.

У гэты ж перыяд, прыблізна ў канцы неаліту і пачатку бронзавага веку, людзі вынайшлі ткацтва. Архаічны працэс стварэння адзення, які заключаўся раней у замацаванні асобных кавалкаў скуры паміж сабой, з гэтага часу ўзняўся на больш высокую ступень развіцця. Выраб гістарычна першых тканін, на думку вучоных, быў ажыццёўлены неалітычнымі майстрамі на базе назапашанага раней вопыту пляцення рыбалоўных сетак.

Новы крок наперад чалавецтва быў зроблены і ў вытворчасці прылад працы. Прымяняліся невядомыя раней прыёмы пярвічнай і другаснай апрацоўкі крэменю. Было вядома свідраванне, рабочая паверхня апрацоўвалася шляхам шліхтавання і шліфавання, у залежнасці ад неабходнасці прымянялі розныя рэтушавання: плоскае, струменістае або пілаватае. Археолагі знаходзяць нават паліраваныя прылады працы эпохі неаліту.

Ішло пастаяннае ўдасканаленне прыёмаў і спосабаў вытворчасці прылад. У неаліце быў вынайдзены паўмеханізаваны лучковы спосаб свідравання. Паступова прылады набылі найбольш аптымальныя формы, многія з якіх захаваліся да нашых часоў. Гэта свідраваныя каменныя сякеры і матыкі, нажы. сярпы. свёрдлы, праколкі. долаты. дзіды (коп'і), кінжалы і іншыя інсгрументы.

Стварэнне прылад працы ў неаліце набывае характар спецыялізацыі. Каб зрабіць патрэбны для выканання нейкай дзейнаці інструмент, цяпер ужо не заўсёды хапала ўменняў звычайнага радавога чалавека. Патрэбна было спецыяльнае веданне спосабаў іх выканання, уласцівасцяў матэрыялу і іншыя навыкі. У гэты час з'явіліся людзі-майстры, якія амаль выключна спецыялізаваліся на вьжананні прылад працы і прадметаў ужытку.

Асабліва цікавы прыклад спецыялізацыі знайшлі вучоныя-археолагі каля пасёлка Краснасельскі, што непадалёку ад горада Ваўкавыска Гродзенскай вобласці. Тут былі знойдзены унікальныя крэмнездабыўныя шахты 5-3-га тыс. да н. э., дзе старажытныя майстры выраблялі прылады працы з высокаэфектыўнай сыравіны, крэйдавага крэмешо. Вывучаючы матэрыялы краснасельскага археалагічнага комплексу вучоныя прыйшлі да высновы, што на Беларусі ў той час ўжо існавау нават пэўны тэрытарыяльны абмен, бо настолькі вялікая колькасць прылад працы не магла спатрэбіцца жыхарам адной адносна невялікай мясцовасці.

На перыяд неаліту прыпадае яшчэ адно важнае адкрыцце ў гісторыі першабытнага грамадства. Прыблізна каля 3, 5 тыс. гадоў да н. э. пачаўся пераход старажытнага насельніцтва тэрыторыі нашай краіны ад прысваення да вытворчасці. Найстаражытнейшыя знаходкі, пацвярджаючыя наяўнасць вытворчых відаў дзейнасці на Беларусі, выяўлены археолагамі ў паўднёва-заходніх раёнах. Лічыцца, што распаўсюджванне вопыту вытворчых заняткаў ішло ад плямён Балканскага паўвострава праз Валынь.

Земляробства і жывёлагадоўля выклікалі сапраудны пераварот у жыцці першабытнага грамадства ва ўсім Свеце. Значнасць пераходу ад прысваення да вытворчасці як гістарычнай з'явы падкрэсліваецца і тэрмінам "неалітычная рэвалюцыя". якім у гістарычнай навуцы прынята абазначаць гэты працэс. Нарэшце старажытным чалавекам была вырашана важнейшая праблема барацьбы за існаванне. Устойлівае забеспячэнне прадуктамі цяпер параўнальна менш залежала ад змянення прыродных умоў. Людзі атрымалі магчымасць накаплення лішкаў харчавання.

Але на Беларусі гэта адбылося не адразу, спатрэбіліся многія стагоддзі, пакуль усё насельніцтва дасканала авалодала названымі відамі дзейнасці. Прычынай паступовасці развіцця вытворчых заняткаў была, відаць, пэўная дастатковасць прадуктаў, здабываемых прысвойваючым шляхам ва ўмовах азёрна-лясістай мясцовасці нашай краіны ў адрозненне ад Паўднёвай і Заходняй Еўропы.

Паступовае развіццё прадукцыйных сіл вяло да значнага росту колькасці насельніцтва. На перыяд неаліту вучоныя-археолагі адносяць больш за паўтысячы стаянак, выяўленых да сённяшніх дзён у межах сучаснай тэрыторыі Беларусі. Насельніцтва нашай краіны складала ў гэты час прыблізна каля шасці тысяч чалавек. Шчыльнасць паселішчаў узрасла, як і ў мезаліце, заселенай была поўнасцю ўся сучасная тэрыторыя рэспублікі.

Шлюбныя адносіны, што вызначаліся цвёрдарэгламнентаваным экзагамным шлюбным парадкам, які дзейнічаў на аснове звычаёвага права ў раннеродавым грамадстве, цяпер да-поўніліся эндагаміяй унутры племені. У шлюб уступалі прадстаўнікі розных радоў, якія мелі адну і тую ж племянную прыналежнасць.

Эндагамія значна ўзнімала ўзровень унутранай кансалідацыі племянных супольнасцяў. Члены суседніх плямён лічыліся чужьшцамі, з імі, як правіла, не ўступалі ў блізкія адносіны. Рознасць моваў, іншы набор абраднасці і жыццёвых каштоўнасцяў іншапляменнікаў дзейнічалі як раздзяляючыя фактары. Разам з тым усё ж нейкія кантакты заставаліся, бо абмен вопытам жыццядзейнасці ў пэўнай ступені працягваўся паміж суседзямі. Сярод формаў шлюбных адносін унутры племені ў гэты час ідзе пашырэнне значэння парнай сям'і.

Унутрыродавая арганізацыя грамадства не адчула значных зменаў пры пераходзе да развітой абшчыны. Адзіная важная акалічнасць. што адрознівала чалавечыя супольнасці ад папя-рэдніх — рост ролі мужчынскай працы ў суме даходаў ад дзейнасці ўсяго абшчыннага калектыву. Матрыярхат паступова пачаў падточвацца пашырэннем укладу мужчынскага насельніцтва галоўным чынам за кошт заняцця ім прагрэсіўнымі вытворчымі відамі дзейнасці. Родавы ж лад цалкам набыў грамадска ўсвядомленыя сталыя формы і развіваўся яшчэ пакуль на матрыярхальнай аснове.

У ідэалогіі, як і раней, пераважалі анімістычныя прыёмы ўсведамлення акружаючай рэчаіснасці. Для насельніцтва нашай краіны эпохі неаліту найбольш характэрнымі ідэалагічна-нагружанымі археалагічнымі знаходкамі з'яўляюцца выявы звяроў і птушак (татэмізм), што сведчыць аб значнай залежнасці жыцця тагачаснага чалавека ад водна-ляснога навакольнага асяроддзя. Традыцыйныя і для сучаснага беларуса культы бусла, качкі суіснавалі з шырока развітым у многіх народаў культам продкаў, добра бачным пры вывучэнні пахаванняў.

Людзі верылі ў "замагільнае" жыццё. Пакланенне духам-ахоўнікам (культ продкаў) трансфармавалася ва ўзнікненне мясцовых божастваў. Паступова расце агульная колькасць багоў і іншых культаў для пакланення. У грамадскай свядомасці замацоўваюцца спецыяльныя (для асобных відаў дзейнасці) культы, на падтрымку якіх разлічваюць пры выкананні розных спраў.

Рост колькасці насельніцтва, абумоўлены ў значнай ступені развіццём прадукцыйных сіл, прыводзіў да няспыннага росту колькасці родавых калектываў. Адбывалася гэта шляхам самараздзялення існуючых радоў на часткі для дасягнення большай мабільнасці і жыццядзейнасці калектываў. Роды, якія адпачкоўваліся, паступова станавіліся самастойнымі. у іх з'яўляліся ўласныя лідэры, афармлялася свая сістэма каштоўнасцяў і асаблівацяў унутрыродавага парадку.

Прыблізна такі ж працэс адбываўся і на племянным узроўні. З'яўленне вялікай колькасці радоў, размешчаных на значнай адлегласці ад многіх сваіх супляменных родавых арганізацый, часта вяло да таго, што паступова траціліся непасрэднью сувязі былога племяннога адзінства. Некалькі родаў аб'ектыўна (у выніку цячэння паўсядзённага жыцця і незалежна ад волі ці жаданняў іх членаў) абасабляліся ад былога племені. Такім чынам, на этапе развітой родавай абшчыны ўзнікалі гістарычна новыя сацыяльныя супольнасцісаюзы плямёнаў. Менавіта яны, уяўляючы сабой этнакультурныя аб'яднанні, станавіліся зародкамі будучых этнасаў (народаў).

Тэрыторыі рассялення саюзаў плямёнаў, унутрана звязаных роднаснымі сувязямі, як правіла, фіксуюцца вучонымі-археолагамі па аднолькавасці рысаў матэрыяльнай культуры. Калі на этапе мезаліту даследчыкі вызначалі даволі цмянае, макра- і мікралітычнае падабенства ў выкананні прылад працы, то для характарыстыкі неаліту ўжо ёсць спецыяльны тэрмін "археалагічная культура", з дапамогай якога пазначаецца даволі шырокі спектр лакальных асаблівасцяў у знаходках прылад працы, керамічных вырабаў, пахаванняў, жыллёвых пабудоў і іншых паказчыкаў пражывання асобных этнакультурных супольнасцяў.

Вучоныя вызначаюць чатыры асноўныя культуры перыяду неаліту (умоўна названыя па месцах іх размяшчэння). У Браслаўскім паазер'і, ад міжрэчча "Днепр — Заходняя Дзвіна", на захад, уключаючы ўвесь прыбалтыйскі рэгіён, з 4-га тыс. па 300-я гг. 3-га тыс. да н. э., размяшчалася нарвенская археалагічная культура. Матэрыяльныя знаходкі днепра-данецкай культуры (5—2 тыс. гадоў да н. э.) археолагі ажыццявілі ў Сярэднім Падняпроўі і басейнах рэк Сож і Беразіна. Яе заходні рубеж знаходзіцца каля ракі Гарынь, а ўсходні сягае ажно да ракі Данец, што на тэрыторыі сучаснай Расіі. Паўночны Ўсход Беларусі ў напрамку ракі Ака і Валдайскага ўзвышша ад вусця Беразіны і Іпуці займала ў 4—2-ім тыс. да н. э. вер-хнедняпроўская культура. Захад Беларусі ў раёне нячэння рэк Прыпяць. Нёман і часткова ў басейне Віслы з сярэдзіны 5-га да 2-га тыс. да н. э. быў месцам рассялення плямёнаў нёманскай культуры.

Неалітычныя культуры, што размяшчаліся на тэрыторыі Беларусі, мелі адну агульную для ўсіх асаблівасць. Керамічныя вырабы, знойдзенью на месцах іх рассялення, мелі ўпрыгажэнне грабенчатага арнаменту. Вучоныя называюць гэтыя культуры, познекраманьёнскімі, падкрэсліваючы тым самым, што створаны яны былі хутчэй за ўсё мясцовым насельніцтвам, якое пражывала на гэтых тэрыторыях з самай старажытнасці яшчэ да так званага вялікага перасялення народаў.

Такім чынам. Калі зірнуць цалкам, то характар жыцця познекраманьёнскага насельніцтва на стадыі развітой абшчынна-родавай арганізацыі грамадства, вызначаўся: прысвойваючымі відамі дзейнасці, нягледзячы на першыя знаходкі прымет вытворчасці ў паўднёва-заходняй частцы краіны; панаваннем шліфаваных і свідраваных каменна-касцяных прылад працы; анімізмам у ідэалогіі, а таксама існаваннем такіх форм уласнасці, як племянная, родавая і абшчынная. Сям'я яшчэ не магла здабываць сама ўсё неабходнае для жыцця. Таму важнейшымі заняткамі, як і раней, заставаліся калектыўныя віды працы — рыбалоўства, паляванне, расчыстка палёў пад пры-мітыўнае земляробства і інш. Аднак паступовае развіццё прадукцыйных сіл пакрысе расхіствала ўстоі родавага ладу, падмацоўваючы тэндэнцыі да ліквідацыі матрыярхату і адасаблення сям'і як асобнай, найболып дробнай вытворча-жыццёвай ячэйкі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: