Дадатак да пытання – Ранні жалезны век на тэрыторыі Беларусі

Плямёны жалезнага веку

Кельты ў Еўропе. Жалезны век — апошняя пасля каменнага і бронзавага вякоў археалагічная эпоха ў гісторыі чалавецтва, якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і вырабам рэчаў з яго. Жалеза вельмі распаўсюджана ў прыродзе. У IX— VII стст. да н. э. яго пачалі здабываць і апрацоўваць большасць плямён Еўропы і Азіі.

Узровень развіцця прадукцыйных сіл і грамадства ў раннім жалезным веку прынята параўноўваць з еўрапейскім Гальштатам — перыядам, які датуецца IX—IV стст. да н. э. Назва паходзіць ад археалагічнага помніка — могільніка каля горада Гальштат у Аўстрыі. Гальштацкая культура належала ілірыйскім і кельцкім плямёнам. Аўстрыя, Чэхія, Сербія, Швейцарыя, Францыя, Іспанія ў гальштацкую эпоху стаялі прыкладна на аднолькавым культурным узроўні, адбывалася разлажэнне першабытнаабшчыннага ладу.

У Грэцыі жалезны век пачаўся ў IX—VIII стст. да н. э.

Гальштацкую культуру ў Заходняй і Сярэдняй Еўропе змяніла латэнская (V ст. да н. э.— I ст. н. э.). Назва — ад гарадзішча Латэн у Швейцарыі. Гэта археалагічная культура належала кельцкім плямёнам. Кельты ў сваёй гаспадарцы шырока выкарыстоўвалі вырабы з жалеза.

У час распаду родавых адносін у кельтаў з'явілася значная праслойка свабодных абшчыннікаў і рабоў. Вылучылася ваенная арыстакратыя, якую называлі «коннікамі». Кельты ваявалі з германцамі на ўсходзе, рымлянамі на паўднёвым усходзе. У I ст. да н. э. яны былі заваяваны рымлянамі. Кельты адыгралі пэўную ролю ў фарміраванні французскага, англійскага, бельгійскага і іншых народаў.

Насельніцтва Беларусі ў раннім жалезным веку.

Археолагі ўстанавілі, што ў VII—VI стст. да н. э. плямёны, якія жылі на поўдні Беларусі, навучыліся здабываць жалеза з балотных руд і вырабляць з яго прылады працы, зброю, упрыгожанні. Перыяд да пачатку нашай эры называюць раннім жалезным векам. Тады на тэрыторыі Беларусі існавала некаль-кі племянных груп. Ў вядзенні гаспадаркі і грамадскіх адносінах яны мелі агульныя рысы, але адрозніваліся паміж сабой асобнымі прыкметамі матэрыяльнай культуры: тыпамі жылля, гліняным посудам і рознымі іншымі вырабамі, асабліва жаночымі ўпрыгожаннямі, а таксама абрадамі, уключаючы пахаванне памёршых. Улічваючы гэтыя прыкметы, вучоныя вызначылі некалькі археалагічных культур жалезнага веку.

Плямёны мілаградскай культуры жылі ў Сярэднім і Верхнім Падняпроўі. Назва ад гарадзішча каля в. Мілаград Рэчыцкага раёна на Гомельшчыне. Адны вучоныя мяркуюць аб сувязі яе паходжання з мясцовым насельніцтвам позняга перыяду бронзы. Іншыя звязваюць мілаградскія плямёны з неўрамі, пра якіх пісаў Герадот, і лічаць іх старажытнымі славянамі. Аднак другія бачаць у гэтых плямёнах балтаў.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці пры раскоп-ках помнікаў мілаградскай культуры знойдзены рэчы гальштацкага тыпу: шкляныя пацеркі, бронзавыя шпількі і сякеры, жалезныя наканечнікі кап'я. Гэта сведчыць аб сувязях плямён.

У пачатку II ст. да н. э. на тым абшары, дзе да гэтага была мілаградская культура, склалася зарубінецкая культура. Назву атрымала ад могільніка, які быў упершыню вывучаны каля в. Зарубінцы на Кіеўшчыне. На Беларусі найбольш даследаваны комплекс помнікаў зарубінецкай культуры (гарадзішча, паселішча, могільнік) каля в. Чаплін Лоеўскага раёна на Гомельшчыне. Многія вучоныя лічаць зарубінецкія плямёны продкамі славянскага насельніцтва Падняпроўя, ці плямёнамі з асобным дыялектам, які займаў прамежкавае палажэнне паміж славянскай мовай і блізкімі да яго заходне-балцкімі дыялектамі.

Зарубінцы падтрымлівалі сувязі з кельтамі Заходняй Еўропы, скіфамі Ніжняга Падняпроўя. 3 грэчаскіх гарадоў Паўночнага Прычарнамор'я да іх траплялі гліняныя амфары і шкляныя антычныя пацеркі.

Значная частка сярэдняй Беларусі і ўсходняй Літвы была заселена ў VII ст. да н. э.— IV ст. н. э. плямёнамі культуры штрыхаванай керамікі, якая фарміравалася на аснове мясцовай культуры эпохі бронзы. Яе посуд адрознівае знешняя паверхня, пакрытая хаатычна нанесенай штрыхоўкай, што была зроблена пучком травы ці саломы яшчэ па неабпаленай гліне. Гэту культуру звязваюць з усходнелітоўскімі плямёнамі ці лічаць, што яна належала роднасным плямёнам, якія зніклі, не пакінуўшы пасля сябе назваў. Некаторыя бачаць у ёй славян, што вель-мі спрэчна і неверагодна. Гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі добра даследавана каля в. Малышкі Вілейскага раёна (Мінская вобласць). Выяўлены рэшткі пяці вялікіх жытлаў даўжынёй 18 м, шырынёй 7 м. Жытлы былі падзелены на асобныя памяшканні, якія знаходзіліся пад адным, відаць, двухсхільным дахам.

Распад патрыярхальна-родавых адносін вёў да пашырэння будаўніцтва аднапакаёвага жылля, прызначанага для пражывання адной парнай сям'і. Ужо ў раннім жалезным веку яно станавілася характэрным для плямён мілаградскай і зарубінецкай культур.

На поўначы Беларусі, у Віцебскай вобласці і суседніх з ёй раёнах Магілёўскай вобласці, на Смаленшчыне знаходзіліся плямёны днепра-дзвінскай культуры, якія належалі да балтамоўнага насельніцтва. У паўночных раёнах Віцебскай вобласці на некаторых гарадзішчах каля рубяжа нашай эры сумесна з балтамі жылі фіна-угры.

Балты і фіна-угры належаць да дзвюх зусім розных моўных сем'яў. Фіна-угорскія народы складаюць уральскую моўную сям'ю. Фіна-угорскі арэал ахоплівае значную частку Волжскага басейна, уключаючы Прыкам'е. Да пачатку сярэднявечча фіна-угры ў моўных і культурных адносінах падзяліліся на мноства плямён і племянных груповак. Да прыбалтыйска-фінскай моўнай групы цяпер належаць эстонцы, фіны-суомі, лівы, карэлы.

Прыбалтыйска-фінскія плямёны ў старажытнасці засялялі тэрыторыю Наўгародскай і Пскоўскай зямель. Невыпадкова, што назвы некаторых рэк і азёр суседніх раёнаў на Віцебшчыне належаць да прыбалтыйска-фінскай гідранімікі.

Аднак пераважная большасць назваў рэк ва ўсёй Беларусі захавала карані, якія ёсць у літоўскай і латышскай мовах, і характэрныя канчаткі. Адсюль назвы рэк Волча, Гайна, Грыўда, Друць, Клёва, Лучоса, Мытва, Нача, Ула, Усяжа, Эса.

Высветлілася, што назва ракі Тур'я ўзнікла не ад тура — быка, а ад балцкага слова «турас» — што значыць «дрыгва». Таму Тур'я — гэта Дрыгвянка. У Беларусі вядома некалькі рэчак Дунаек. Іх назва паходзіць, верагодна, ад «дунайс» — «глеістая мясціна». Такіх прыкладаў шмат.

Мовазнаўцы вывучылі назвы рэк і азёр на абшары, які супадае са значнай часткай беларускай этнічнай тэрыторыі, і выявілі тут сотні балцкіх гідронімаў. Асабліва густа размешчаны назвы рэк, звязаныя з балтамі, у басейнах Бярэзіны і Сажа.

Даныя гідранімікі паслужылі адным з аргументаў для вываду, што на тэрыторыі Беларусі з глыбокай старажытнасці, прыкладна да сярэдзіны першага тысячагоддзя нашай эры і яшчэ пазней, жылі балтамоўныя плямёны. Славянскае насельніцтва запазычыла назвы рэк і азёр ад сваіх папярэднікаў. Старажыт-ныя назвы дажылі да нашых дзён і ператварыліся ў сведчанне этнічнай гісторыі.

Паселішчы рымскага часу на Беларусі. У Паўднёвай і Усходняй Беларусі ў III—V стст. былі распаўсюджаны помнікі кіеўскай культуры. Упершыню яны вывучаліся ўкраінскімі археолагамі на Кіеўшчыне і амаль адначасова беларускімі даследчыкамі ў Верхнім Падняпроўі.

У першыя стагоддзі нашай эры насельніцтва Верхняга Падняпроўя пакінула гарадзішчы. Для паселішчаў былі выбраны адкрытыя неўмацаваныя месцы на невысокіх берагах рэк. Плошча паселішчаў складала ад 2 да 10 гектараў. Побач звычайна размяшчаліся могільнікі.

Чаму ж адбыліся такія значныя змены ў тыпах паселішчаў? Прычын было дзве. Па-першае, на нізка размешчаных вялікіх паселішчах больш зручна займацца сельскай гаспадаркай і жывёлагадоўляй, чым пражываючы на высокай, невялікай памерамі, гары. Па-другое, напэўна, у пачатку нашай эры ў плямён узнікла даволі моцная грамадская арганізацыя — саюз плямён, якая забяспечвала ахову кожнай асобнай абшчыны і адначасова спрыяла далейшаму пранікненню гэтых плямён у іншыя суседнія вобласці.

Больш як 300 паселішчаў і некалькі бескурганных могільнікаў удалося выявіць у Беларускім Падняпроўі. Некаторыя з іх грунтоўна вывучаны. Гэтыя помнікі маюць некаторыя агульныя рысы з паселішчамі і могільнікамі зарубінецкай культуры. На паселішчах будавалі невялікія памяшканні слупавой канструкцыі, а таксама збудаванні квадратнага паўзямлянкавага тыпу. Насельніцтва мела сувязі з паўночнымі правінцыямі Рымскай імперыі. Адно з такіх вялікіх паселішчаў было даследавана каля в. Адаменка ў Быхаўскім раёне на Магілёўшчыне. Яго старажытныя жыхары здабывалі і апрацоўвалі жалеза, кавалі выраблялі сярпы, нажы, іншыя рэчы. 3 каляровых металаў рабілі ўпрыгожан-ні, якія адлівалі ў спецыяльных формах. Прывабна выглядалі бронзавыя жаночыя падвескі. Іх насілі ў складзе маністаў. У сярэдзіне кожнага вырабу былі невялікія паглыбленні, запоўненыя шклопадобнай масай чырвонага колеру — эмаллю. Найбольш цікавыя знаходкі — рэчы, якія трапілі сюды з далёкіх зямель Рымскай імперыі. Напрыклад, медная манета Геты, выбітая ў 209 г. у горадзе Аўгуста-Траяна (цяпер горад Філінопаль у Балгарыі). Выяўлены рэшткі бронзавых рымскіх пасудзін і рымскай керамікі, якая пакрыта лакам. Памёршых, як і раней, спальвалі і хавалі ў грунтавых ямах. Такі грунтавы могільнік даследаваны каля в. Тайманава Быхаўскага раёна. Рэшткі крэмацыі памёршых ссыпалі ў гаршкі (урны), якія змяшчаліся ў яму.

Многія вучоныя лічаць плямёны кіеўскай культуры славянскімі, і гэта найбольш верагодна. Зусім іншыя помнікі II—IV стст. н. э. былі выяўлены ў Заходнім Палессі ў Брэсцкай вобласці. Аказваецца, па гэтай тэрыторыі рухаліся ўсходнегерманскія плямёны, калі готы перасяляліся з нізоуяў Віслы ў Пабужжа, Падняпроўе і Падунайе. На ўскраіне Брэста каля былой в. Трышын быў адкрыты і даследаваны грунтавы могільнік. Пахаванні зроблены па абраду спалення памёршых. Рэшткі крэмацыі знаходзяцца ў невялікіх ямках. Па звычаю сюды змяшчалі таксама розныя рэчы, у першую чаргу кераміку — гаршкі, місы, збаны. Па сваёй форме і спосабах вырабаў яны вельмі блізкія да тых пасудзін, якія знаходзяць у нізоўях Віслы, дзе ў раннім жалезным веку жылі германскія плямёны. Пацвярджаюць гэта і іншыя рэчы — касцяныя грабяні асаблівай формы, металічныя спражкі, шкляныя і бурштынавыя пацеркі. У Брэсцкай вобласці знойдзена некалькі падобных могільнікаў. Але германскім плямёнам не прыйшлося трывала замацавацца ў гэтых месцах.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: