Школьніцтва

Вялікую ролю ў выхаванні маладых пакаленняў беларусаў савецкія ўлады назначылі школе. Пасля вайны спраўна і адносна хутка была адбудавана сістэма ўсіх узроўняў навучання. У 1945/1946 навучальным годзе ў Беларусі працавала 10,9 тыс. навучальных устаноў, у якіх вучылася 1 337 тыс. школьнікаў. Найбольш складанай праблемай беларускай асветы быў недахоп кадраў. Настаўнікі, якія працавалі ў школах падчас акупацыі, у большасці былі вывезены з Беларусі, а пераказаныя імі веды, асабліва ў галіне гуманітарных навук, выклікалі неабходнасць перавыхавання маладога пакалення. Менавіта таму значную частку кадраў складалі актывісты камсамола, якія прыехалі сюды з Расіі. У сувязі з гэтым з’явілася праблема мовы выкладання ў школах, паколькі вучні, асабліва ў заходняй Беларусі, не заўсёды разумелі мову настаўнікаў. У Мінску ў 1946 г. на 28 падставовых школ у палове ўрокі вяліся на рускай мове. У 1953 г. лік школ павялічыўся да 46, але беларуская мова захавалася толькі ў дзевяці. У Брэсце на 14 школ толькі ў адной прадметы выкладаліся пабеларуску. Падобнае становішча было і ў іншых гарадах, дзе настаўніцкія кадры складалі прышэльцы з Расіі. Беларускае школьніцтва сістэматычна скарачалася і ў асноўным абмежавалася да вясковага асяроддзя.

Цэнтрам, які падтрымоўваў русіфікатарскія тэндэнцыі ў Беларусі быў Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. У чэрвені 1952 г. прыняў ён адмысловую пастанову “Аб ходзе выкладання расійскай і беларускай моў у школах БССР у святле вучэнняў таварыша Сталіна аб мовазнаўстве”. Хаця пастанова ЦК не аспрэчвала мэтазгоднасці навучання беларускай мове, аднак указвала, што ў інтарэсе савецкай дзяржавы веданне грамадзянамі рускай мовы з’яўляецца неабходнасцю. На пачатку 50-х гадоў амаль 70% сярэдніх школ працавала на базе рускай мовы.

Больш дынамічным аказаўся працэс русіфікацыі вышэйшага школьніцтва. У 1944/1945 акадэмічным годзе працу пачалі 22 установы, якія лічыліся вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Амаль палова ўсіх беларускіх студэнтаў — 5 тыс. — у той час вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў Мінску. З прычыны нястачы настаўніцкіх кадраў найбольш увагі адводзілася тварэнню педагагічных інстытутаў. У чэрвені 1951 г. у рэспубліцы было 10 такіх ВНУ.

У вышэйшым школьніцтве таксама асноўнай праблемай былі настаўніцкія кадры. У 1951 г. з ліку 1,4 тыс. акадэмічных выкладчыкаў педагагічных, медыцынскіх, мастацкіх, політэхнічных і універсітэцкіх устаноў толькі 5,3% мела званне доктара навук. Большасць навуковай эліты, якая прабывала ў Беларусі падчас акупацыі, была пераселена ў Расію і іншыя савецкія рэспублікі. Хутка, аднак, навучальныя ўстановы выхавалі свае кадры, а беларускія навуковыя цэнтры сталі важнымі элементамі тылоў савецкай гаспадаркі. Тычылася гэта такіх галін навукі як матэматыка, фізіка, хімія. Гуманітарныя навукі ў далейшым былі часткай апарату распаўсюджвання камуністычнай ідэалогіі. Па прапанове ЦК КП(б) у 1952 г. у мінскім БДУ абмежавана было выкладанне беларускай гісторыі і культуры. У палове пяцідзесятых гадоў беларуская мова амаль поўнасцю была выцеснена з муроў гэтай найбольшай ВНУ ў Беларусі. Засталася яна мовай выкладання толькі ў некаторых педагагічных інстытутах.

Ударніцтва ў пабудове камунізму

(1956—1990)


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: