Рэфармаванне сталінізму

Смерць Сталіна (5 сакавіка 1953 г.) выклікала шчырую роспач мільёнаў жыхароў Беларусі. Па рэспубліцы пракацілася хваля жалобных мітынгаў. Сотні тысяч людзей рушылі ў напрамку Масквы, каб развітацца з чалавекам, які пры жыцці стварыў легенду пра самога сябе. Ад жалю па Сталіне плакалі нават ахвяры ягоных рэпрэсій.

Пасля смерці правадыра савецкай імперыі створаная ім сістэма патрабавала вялікіх змяненняў. Раней давала яна абсалютную ўладу аднаму чалавеку. Тым часам сярод бальшавіцкіх правадыроў не было такіх аўтарытэтных асоб як Сталін. Сама логіка сістэмы не дапускала існавання іншай індывідуальнасці. Гіганцкая прапаганда доўгія гады стварала вобраз звышчалавечага генія толькі аднаго члена партыі, калі астатнія былі яму толькі фонам і выканаўцамі ўказанняў. Менавіта таму спробы шэфа НКУС Лаўрэнція Берыі пераняць усе рычагі ўлады закончыліся ягоным арыштаваннем у чэрвені 1953 г. У верасні 1953 г. на пасаду І сакратара ЦК КПСС і кіраўніка савецкай дзяржавы ўступіў Мікіта Хрушчоў, адзін з самых блізкіх супрацоўнікаў Сталіна, які пасля смерці дыктатара стаў разбуральнікам ягонага культу і прыхільнікам абмежавання выраджэнскіх метадаў выконвання ўлады.

Неўзабаве пасля смерці Сталіна праведзена была рэарганізацыя цэнтральнага апарату ўлады. Значна скарацілася колькасць міністэрстваў і чыноўнікаў. 27 сакавіка 1953 г. Вярхоўны Савет СССР аб’явіў амністыю зняволеным, якія па палітычных прычынах былі прысуджаны да 5 гадоў турмы. У верасні распушчана была спецыяльная група пры Міністэрстве ўнутраных спраў, якая без судоў і пракуратуры магла высылаць людзей у канцэнтрацыйныя лагеры або прыцягваць да вышэйшай меры пакарання. З мая 1955 г. уведзены былі судовыя працэдуры, якія рэгулявалі парадак абыходжання з абвінавачанымі. Устаноўлена тады кампетэнцыі паасобных праваахоўных органаў у адносінах да абвінавачаных з моманту арыштавання да вынясення судовага прыгавору. Выразна былі аддзелены правамоцтвы пракурораў, суддзяў, міліцыі і НКУС.

У жніўні 1955 г. праведзена была таксама дэцэнтралізацыя сістэмы кіравання. Большую аўтаномію атрымалі абласныя і раённыя саветы. Маглі яны распараджацца сродкамі на жыллёвае будаўніцтва, камунальную гаспадарку і культурнаасветную дзейнасць. Саветы, аднак, у далейшым былі выканаўцамі волі мясцовых партыйных камітэтаў, а дэпутаты ў сапраўднасці надалей назначаліся сакратарамі партыі. Выбары ў такіх умовах былі толькі звычайнай фармальнасцю.

ХХ З’езд КПСС, які адбыўся ў лютым 1956 г., ва ўсіх злачынствах камунізму абвінаваціў Сталіна, адначасна здымаючы адказнасць з астатніх функцыянераў партыі і НКУС, якія прымалі ўдзел у пазбаўленні жыцця мільёнаў савецкіх грамадзян. У структурах улады засталася большасць выканаўцаў сталінскага генацыду трыццатых гадоў, якія ў новых палітычных умовах на словах асудзілі сістэму, якой верна служылі доўгія гады. Хрушчоў абвінаваціў Сталіна перш за ўсё ў злачынствах на камуністах, не ўспомніў, аднак, пра мільёны ахвяр, якія не былі членамі партыі.

Неўзабаве пасля ХХ З’езда КПСС пачалася рэабілітацыя ахвяр сталінізму. Сотні тысяч людзей былі вызвалены з канцэнтрацыйных лагераў. Да 1962 г. у Беларусі рэабілітаваных было 29 тыс. чалавек, галоўным чынам расстраляных работнікаў партыі і НКУС. Нешматлікімі былі выпадкі апраўдання рэпрэсіраваных тварцоў беларускай культуры, абвінавачаных у “нацыяналдэмакратызме” або замучаных сялян, якія супраціўляліся калектывізацыі. Разлічыцца пасапраўднаму са сталінізмам было немагчыма па той прычыне, што пры ўладзе засталіся людзі, якія былі сааўтарамі гэтай сістэмы. Праўду кажучы, трэба было б ім абвінаваціць саміх сябе. Разбуранне помнікаў Сталіну пад канец пяцідзесятых гадоў не абазначала развалу таталітарнай палітычнай сістэмы, якую ён стварыў. Сталінская сістэма толькі рэфармавалася і прыстасоўвалася да патрэб новай каманды, якая поўнасцю кантралявала дзяржаўнае і грамадскае жыццё. Уся ўлада засталася ў руках партыйнага апарату. Захаваліся, а нават пашыраліся ягоныя прывілеі, ствараючы такім чынам структуры па ўзору каставага грамадства. Партыйныя работнікі карысталіся сваёй сістэмай зарплат, спецыяльным медабслугоўваннем, асобнымі магазінамі і сталовымі, у якія нельга было заходзіць звычайным грамадзянам, спецыяльнымі адпачынковымі цэнтрамі, службовым транспартам, які паўсюдна выкарыстоўваўся ў прыватных мэтах.

У ліпені 1956 г. І сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) стаў Кірыла Мазураў. Быў ён першым беларусам прызначаным на самы высокі пост у партыйным апараце Беларусі. Пры Мазураве (1956—1965) рады КПБ павялічыліся з 145 тыс. да 296 тыс. членаў, а палітычнае і гаспадарчае жыццё стабілізавалася. У 1956 г. былі зменшаны падаткі з калгаснікаў і абніжаны цэны прамысловых тавараў. Прадукты для шырокага спажывання айчыннай вытворчасці былі нізкай якасці, а іх колькасць значна перавышала патрэбы грамадства. Агульнадаступнымі сталі такія тавары як тканіны, гадзіннікі, радыёпрыёмнікі, фотаапараты, веласіпеды. Паза магчымасцямі звычайных грамадзян былі прыватныя кватэры ў горадзе, легкавыя аўтамашыны, дываны, вырабы са шляхетных металаў.

У 1957 г. адменены быў падатак, уведзены падчас вайны з самотных асоб і бяздзетных шлюбных пар.

Найважнейшай зменай пасля смерці Сталіна было спыненне тэрору ў адносінах да сапраўдных і ўяўных праціўнікаў камунізму. Партыйныя функцыянеры ўжо не баяліся, што страцяць жыццё за адступніцтва ад догмаў, устаноўленых вышэйшым кіраўніцтвам. Уладны апарат пачаў карыстацца магчымасцямі, якія даваў яму кантроль за ўсім гаспадарчым патэнцыялам краіны. Па гэтай прычыне грамадскую пазіцыю савецкага грамадзяніна вызначала ягонае месца ў партыйнай іерархіі.

У 1956—1957 гадах адбылася частковая дэцэнтралізацыя кіравання прадпрыемствамі, якія раней падлягалі гаспадарчым міністэрствам СССР. У той час у распараджэнне адміністрацыі БССР перададзеных было 856 вялікіх прамысловых заводаў на тэрыторыі рэспублікі. Такім чынам пад кантролем улад БССР апынулася 85% айчыннай маёмасці.

У сакавіку 1957 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў пастанову, якая дазваляла саюзным рэспублікам самастойна вызначаць граніцы абласцей і раёнаў, а таксама ўводзіць у судовую сістэму элементы свайго крымінальнага, працэсуальнага і цывільнага права. Аднак на практыцы Вярхоўны Савет БССР рэдка карыстаўся гэтымі паўнамоцтвамі.

Хрушчоў яшчэ раз спрабаваў звесці рахункі са сталінізмам на ХХІІ З’ездзе КПСС у кастрычніку 1961 г. Успомніў ён тады, што сталінскія рэпрэсіі былі накіраваны не толькі супраць камуністаў, але таксама супраць звычайных савецкіх грамадзян. Запрапанаваў, аднак, паставіць помнік для ўшанавання памяці камуністаў, якія сталі ахвярамі сталінізму.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: