Дабрабыт эпохі Машэрава

Адстаўка Хрушчова ў 1964 г. выклікала таксама кадравыя змены ў рэспубліках. У сакавіку 1965 г. І сакратара ЦК КПБ Кірылу Мазурава замяніў Пётр Машэраў, які знаходзіўся на гэтай пасадзе да 1980 г. У юрыдычных умовах савецкага ладу выявіўся ён як аператыўны адміністратар. Пад ягоным кіраўніцтвам Беларусь заняла перадавое месца ў СССР як па развіцці гаспадаркі, так і па ўзроўню жыцця грамадзян рэспублікі. Машэраў намагаўся нават рэфармаваць савецкую сістэму на сваёй тэрыторыі, не парушаючы, вядома, яе ідэалагічных і юрыдычных асноў. Клапаціўся, каб дэпутатамі мясцовых Саветаў былі адукаваныя і аператыўныя людзі. У мясцовых Саветах ствараў камісіі, якія мелі распрацоўваць планы грамадскага і гаспадарчага развіцця сваёй тэрыторыі. Новаўвядзеннем было тое, што ў склад камісій можна было ўключаць у якасці спецыялістаў асоб, якія не былі дэпутатамі. Тэарэтычна ўзніклі ўмовы для прэзентацыі поглядаў асоб, якія фармальна не залежалі ад партыйнага апарату. Аднак у сапраўднасці ўлада заставалася ў руках сакратароў партыі, якія мелі права даваць дэпутатам загады і патрабаваць справаздач з іхняй дзейнасці. Па гэтай прычыне камісіі сталі ўсяго дарадчым органам, да рэкамендацый якіх можна было ставіцца абыякава.

Згодна Канстытуцыі СССР ад 1977 г. сацыялістычнае грамадства мела вылучацца самай высокай ступенню арганізаванасці, ідэйнасці і свядомасці працоўных мас. “Развітае сацыялістычнае грамадства — пісалася ў Канстытуцыі — заканамерны этап на шляху да камунізму”.

Машэраў з вялікім энтузіязмам ажыццяўляў гэтыя прынцыпы і несумненна правёў Беларусь цераз “заканамерны этап на шляху да камунізму”. У 1965—1980 гадах усе працаўнікі — 5 млн. чалавек — сталі членамі дзяржаўнапартыйных прафсаюзаў. Амаль сто працэнтаў моладзі належала да камсамола, а лік членаў партыі перасягнуў 650 тыс. Амаль кожны адзінаццаты жыхар рэспублікі насіў пры сабе камуністычны білет.

У 1970—1985 гадах у Беларусі запушчаных было 186 чарговых новых прадпрыемстваў, мадэрнізаваліся многія дзеючыя заводы. Развіваліся перш за ўсё хімічная, машынабудаўнічая, металургічная, а таксама ў меншых тэмпах тэкстыльная і перапрацоўчая прамысловасць. Адсутнасць хаця б невялікай долі самастойнасці прадпрыемстваў стала прычынай нізкай прадукцыйнасці працаўнікоў. Прамысловасць усмоктвала вялікія колькасці сельскага насельніцтва, якое пакідала калгасы З—за нізкіх заробкаў і дрэнных умоў працы. Празмерная колькасць работнікаў на прадпрыемствах як вынік ідэалогіі, якая выключала з’яву беспрацоўя ў сацыялізме, рабіла немагчымай рацыянальную арганізацыю працы. Разбудаваная заводская адміністрацыя таксама перашкаджала дабіцца высокай эфектыўнасці беларускіх прадпрыемстваў.

БССР была поўнасцю залежная ад даставак сыравіны з Расіі. Таму перабоі ў дастаўках нафты, вугалю і газу, якія сталі паяўляцца з канца сямідзесятых гадоў, выклікалі застой цэлых галін прамысловасці.

Інвестыцыі ў хімічнай, машынабудаўнічай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці праводзіліся без уліку экалагічных патрабаванняў. Вакол прамысловых аб’ектаў узнікалі вялікія зоны забруджанай атмасферы і грунтавых вод ды прасторы без лясоў і ўсялякай расліннасці. Хімічная прамысловасць Беларусі нагадвала бомбу з запавольнікам. З часам штораз больш востра бачна было яе адмоўнае ўздзеянне на натуральнае асяроддзе.

Савецкія статыстыкі паведамляюць аб высокіх тэмпах развіцця беларускай прамысловасці да 1985 г. З 1970 г. вытворчасць машынабудаўнічай і хімічнай прамысловасці штогод павялічвалася на 30 працэнтаў. Аднак у пачатку васьмідзесятых гадоў савецкая гаспадарка вычарпала ўсе магчымасці развіцця. Пры існуючай цэнтралізаванай сістэме ўпраўлення і пры адсутнасці ўздзеяння якіх—небудзь рыначных механізмаў гаспадарчае жыццё кацілася па інерцыі. Ідэалогія ў перспектыве не магла замяніць эканамічных фактараў. У той час сярод работнікаў паўсюдным было перакананне, што зарплату даюць за прысутнасць на рабоце, а не за яе выкананне. Паўсюдная адсутнасць тэхналагічнай дысцыпліны З—за дэфіцыту адпаведных кампанентаў прыводзіла да выпуску вялікай колькасці няякасных тавараў. Каштоўнымі яны былі толькі для статыстыкі. У сапраўднасці было гэта марнатраўства сыравіны, энергіі і людской працы.

Таксама паспешліва будаваныя прамысловыя аб’екты ўжо ў ходзе іх эксплуатацыі прыводзілі да вялікіх страт энергіі і сыравіны. Афіцыйныя статыстыкі ў 1972 г. адзначылі, што 6,3% прадпрыемстваў давялі да беспадстаўных страт паліва, 7,1% — электраэнергіі і 6,5% — цяпла. Маштабы марнатраўства ў гэтых прадпрыемствах ніхто не вызначаў. Спробы выправіць якаснасць вытворчасці і абмежаваць страты, якія ўзніклі ў 1981—1985 гадах, выклікалі значнае падзенне тэмпаў росту колькасці прадукцыі, а амаль 7% фірм не выканалі гадавых планаў.

Намаганні правесці мадэрнізацыю прадпрыемстваў, якія чыніліся працуючымі там тэхнікамі і інжынерамі, звычайна насцярожвалі заводскую адміністрацыю і фабрычныя партыйныя камітэты. Бюракратычны апарат здаўна быў прывыклы выконваць загады, якія паступалі зверху. Ініцыятывы нізоў па ўдасканаленні вытворчых працэсаў праходзілі доўгі шлях атрымання адабрэння з боку людзей і ўстаноў, якія не заўсёды мелі непасрэднае дачыненне да прамысловасці. У 1978 г. была адхілена рэкордная колькасць — звыш 20 тыс. — рацыяналізатарскіх прапаноў, якіх мэтай было абмежаванне страт у ходзе прадукцыі.

Нягледзячы на адмоўныя з’явы, якія спадарожнічалі развіццю прамысловасці ў Беларусі, па савецкіх мерках была яна вельмі сучаснай і эфектыўнай. Новыя прадпрыемствы, напрыклад, фабрыкі апрацоўкі дыяментаў ці Мінскі гадзіннікавы завод выпускалі прадукцыю высокай якасці.

Ахілесавай пятой савецкай эканомікі была калектыўная сельская гаспадарка. Хаця на фоне ўсёй савецкай прасторы ў Беларусі былі найлепшыя паказчыкі сельскагаспадарчай вытворчасці, то ў параўнанні з заходнееўрапейскімі краінамі былі яны карыкатурна нізкія. У 1960 г. ураджайнасць збожжавых склала ўсяго 8,7 цэнтнера з аднаго гектара. Падобны плён дасягалі нашы продкі ў сярэднявеччы. Дзесяць гадоў пазней, у выніку забеспячэння калгасаў і саўгасаў тэхнікай і ўгнаеннямі, ураджайнасць з аднаго гектара ў Беларусі ўзрасла да 16 цэнтнераў, а ў пачатку васьмідзесятых — да 22 цэнтнераў. Былі гэта вынікі значна вышэйшыя за дасягненні сельскай гаспадаркі Расіі ці Украіны, але ў краінах Заходняй Еўропы, пры падобнай насычанасці сельскагаспадарчай тэхнікай, ураджайнасць была ўтрая большая.

Прычынай нізкай прадукцыйнасці працы калгаснікаў была перш за ўсё адстунасць якіх—небудзь стымулаў зацікаўлення яе вынікамі. Вялікія страты ў сельскай гаспадарцы наносілі крадзяжы калгаснай маёмасці, якія ўчынялі як праўленні, так і калгаснікі. Астатнія кралі з прычыны нізкіх заробкаў. Значная частка страт была вынікам дрэннай арганізацыі жніўнай акцыі. Вялікае марнатраўства паўставала падчас транспарту збожжа і яго захоўвання. Між іншым, па гэтых прычынах беларускія калгасы не маглі нават наблізіцца да граніцы самаакупнасці і былі прыгавораны карыстацца датацыямі, якія ствараліся за кошт іншых галін гаспадаркі.

Прагрэс у галіне жывёлагадоўлі тармозіўся пастаяннай нястачай кармавых рэзерваў. Па гэтай прычыне калгасы ў вясенні перыяд вымушаны былі скарачаць пагалоўе быдла і свіней. Рэпрадукцыя статка як правіла патрабавала часу і вялікіх фінансавых затрат.

Нізкія заработныя платы і дрэнныя сацыяльныя ўмовы ў калгасах былі прычынай пастаяннага адтоку людзей з вёсак у гарады. Улады, каб зрабіць вёску падобнай на горад, у палове сямідзесятых гадоў пачалі ліквідаваць традыцыйную вясковую забудову і пераносіць жыхароў у вялікія жыллёвыя блокі, часта ўзведзеныя ў чыстым полі. У такі спосаб знішчаны былі астаткі вясковага традыцыяналізму і ўмоў да інтымнасці, якія даваў уласны дом. Статыстыкі паказвалі аптымістычны вобраз жыцця калгаснікаў, паведамлялі аб колькасці лазенек, тэлевізараў, радыятараў у іх кватэрах. За імі не было відаць адмоўных паслядоўнасцей знішчэння традыцыйнай вёскі — падзення народнай культуры, пашырэння п’янства, дэпрэсіі жыхароў новых блокаў.

У 1964 г. Вярхоўны Савет СССР ухваліў закон “Аб пенсіях і дапамозе членам калгасаў”. Тады ўпершыню калгаснікі атрымалі пенсіённае забеспячэнне. У Беларусі ў 1966 г. пенсія складала толькі 12 рублёў у месяц. Сярэдння зарплата калгасніка ў той час складала 38 рублёў, а самая нізкая ў пазасельскагаспадарчым сектары — 60 рублёў і была яна поўнасцю звольнена ад падаткаў. Пры Машэраве зарплаты калгаснікаў значна паправіліся. У 1968 г. мінімальная зарплата стала роўнай мінімальнаму заробку ў горадзе, а ў канцы сямідзесятых гадоў сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы Беларусі склаў 157 рублёў і быў адным з вышэйшых у СССР.

Дынамічны рост нацыянальнага даходу Беларусі, які працягваўся пастаянна з пяцідзесятых гадоў, у канцы сямідзесятых значна запаволіўся. У ходзе выканання дзевятай пяцігодкі (1971—1975) сярэднія гадавыя тэмпы росту дасягнулі 8,3%, а ў наступнай пяцігодцы (1976—1980) — 5,1%. Хаця намінальныя зарплаты за гэты перыяд значна павялічыліся, рэальна яны падалі. Сярэднія тэмпы росту даходаў ва ўсёй дэкадзе сямідзесятых гадоў былі ўдвая меншыя чым у папярэднім дзесяцігоддзі. Апрача таго адмоўныя з’явы ў гаспадарцы ўказвалі на далейшае падзенне. Да паловы васьмідзесятых гадоў не адбівалася гэта рашуча на стандарце жыцця жыхароў рэспублікі, бо згодна прынятай стратэгіі будовы камунізму дзяржава прымала на сябе штораз шырэйшы дыяпазон сацыяльнага забеспячэння грамадзян. У 1960—1985 гадах у сярэднім штогод на 20% узрасталі бюджэтныя выдаткі на адукацыю, культуру, спорт і ахову здароўя. Пры Машэраве сімвалічнымі сталі квартплаты, камунальныя і тэлефонныя паслугі, транспарт. У сапраўднасці выявіліся вельмі небяспечныя для гаспадаркі і савецкай дзяржавы тэнднцыі. Тэмпы росту нацыянальнага даходу былі значна меншыя за тэмпы росту бюджэтных выдаткаў на сацыяльную сферу. Абавязкі дзяржавы ў адносінах да грамадства ўжо ў сямідзесятых гадах перасягалі ягоныя магчымасці. Апрача таго амаль трохкратнаму росту сярэдняй зарплаты ў 1971—1985 гадах спадарожнічаў толькі двухкратны рост вытворчасці, пры 3-працэнтнай інфляцыі для ўсяго перыяду. На пачатку васьмідзесятых гадоў з’явілася забытая ўжо нястача тавараў шырокага спажывання. У ашчадных касах накапіліся вялікія рэзервы грошай насельніцтва, на якія не было таварнага пакрыцця.

У грамадскай свядомасці эпоха Машэрава ўспрымалася як перыяд спакою і адноснага дабрабыту. Па гадах неверагодных намаганняў усяго грамадства пры адбудове знішчанай падчас вайны краіны і пры ўзвядзенні вялікіх будоў сацыялізму прыйшоў перыяд спажывання. Тэлевізар, радыёпрыёмнік, пральная машына, халадзільнік, адпачынак на Чорным моры сталі жыццёвым стандартам звычайнага жыхара Беларусі. Пасля некалькіх гадоў чакання кожны мог спадзявацца на кватэру ў адным з вялічэзных блокаў, якія вырасталі на акраінах абласных гарадоў.

У пачатку васьмідзесятых гадоў амаль 70% насельніцтва Беларусі жыло ў гарадах. Перасяленне з калгасаў у гарады ўспрымалася як грамадскае і цывілізацыйнае павышэнне. Таму большасць жыхароў БССР жыло ў адчуванні поспеху, змен на лепшае. Прапаганда ўдачна замацоўвала гэтую карціну станоўчых пераўтварэнняў. Камуністычны лад, стварыць які імкнулася савецкае кіраўніцтва, меў быць яшчэ больш прываблівым. Таму ў сапраўднасці ў Беларусі не было ніякіх асяроддзяў, якія сумняваліся ў асноўных напрамках грамадскагаспадарчага развіцця краіны.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: