double arrow

Пабудова цяжкай прамысловасці

ХХІІ З’езд КПСС прыняў пастанову аб пабудове камунізму пры жыцці аднаго пакалення. Хрушчоў вынес лозунг: “За 3-4 гады дагонім і абгонім Злучаныя Штаты”, маючы перш за ўсё на ўвазе гаспадарку. Беларускія камуністы пад кіраўніцтвам Кірылы Мазурава, а пазней Пятра Машэрава мелі амбіцыю першымі давесці сваю рэспубліку да стану “развітага камунізму”.

Паводле афіцыйных даных у другой палове пяцідзесятых гадоў вартасць вытворчасці беларускай гаспадаркі павялічылася на 79%. За гэты час узведзеных было 157 новых прадпрыемстваў, якіх прадукцыя галоўным чынам накіравана была на патрэбы агульнасавецкага рынку. Электрастанцыі, станкабудаўнічыя заводы, фабрыкі будаўнічых матэрыялаў, тэкстыльныя камбінаты выпускалі ў некалькі разоў больш прадукцыі чым мог увабраць у сябе беларускі рынак.

У 1961—1970 гадах прамысловы патэнцыял Беларусі павялічыўся на чарговыя 167 вялікіх прадпрыемстваў. Тады ў Мінску пабудаваны быў новы аўтамабільны завод, у Гомелі — магутны завод пускавых рухавікоў, у Салігорску — некалькі шахтаў калійнай солі і тры камбінаты па яе перапрацоўцы, у Полацку — нафтаперапрацоўчы камбінат, у Гродне — хімічныя фабрыкі, у Светлагорску і пад Магілёвам — заводы штучнага валакна. За некалькі гадоў Беларусь стала магутным цэнтрам хімічнай прамысловасці.

Савецкія гісторыкі з гонарам адзначалі, што ў 1966—1970 гадах прамысловая вытворчасць БССР дасягнула такой жа велічыні як за ўсё пасляваеннае дваццацігоддзе. У 1965 г. Беларусь выпусціла больш трактароў чым Савецкі Саюз у даваенны перыяд. У 1970 г. рэспубліка паставіла на савецкі рынак 49% мінеральных солей, 19% поліэтылену, 10% штучнага валакна, 18% трактароў, 13% металаапрацоўчых станкоў, 22% матацыклаў.

Беларуская гаспадарка была часткай агульнасавецкай планавай гаспадаркі. Прамысловыя інвестыцыі на тэрыторыі рэспублікі і віды прадукцыі не вынікалі з патрэб краіны і яе жыхароў. Большасць інвестыцый фінансавалася цэнтральным бюджэтам з думкай пра патрэбы савецкай імперыі. Пры іх рэалізацыі заняты былі тысячы людзей з іншых рэспублік. У той жа час мноства беларусаў працавала на будовах розных прамысловых аб’ектаў на тэрыторыі ўсяго СССР. Чарговыя пяцігодкі ў БССР былі толькі выкананнем часткі ўсесаюзных планаў. Тое, што адбывалася ў беларускай гаспадарцы, толькі ў невялікай ступені інспіравалася кіраўніцтвам БССР. Правадыры КПБ і тысячы партыйных актывістаў з вялікім перакананнем ажыццяўлялі ў Беларусі планы маскоўскага цэнтра. Сакратары ЦК КПБ — Мазураў і Машэраў — імкнуліся стаць найлепшымі будаўнікамі камунізму на ўсёй савецкай тэрыторыі і з вялікай адданасцю рэалізавалі найбольш недарэчныя — з пункту гледжання інтарэсаў Беларусі — праекты гаспадарчага развіцця. Савецкія крыніцы паведамляюць, што валавы нацыянальны даход БССР у 1970 г. у параўнанні з 1965 г. павялічыўся на 58%, у 1975 г. на 135%, у 1980 г. на 207%. У значна меншых тэмпах узрастаў даход у сельскай гаспадарцы.

Аднак нямнога вядома пра эфектыўнасць беларускай гаспадаркі пасля 1956 г. Спажыўцом значнай часткі прамысловай прадукцыі была Савецкая Армія. Многія прамысловыя аб’екты размяшчаліся ў гарадах, якія не мелі за сабою ніякіх аргументаў для абгрунтавання такога выбару — напрыклад, нафтаперапрацоўчы камбінат у Полацку. Ва ўмовах “сацыялістычнага спаборніцтва працы” і “змагання за выкананне планаў” кіраўнічыя кадры перш за ўсё клапаціліся пра колькасць выпушчаных тавараў, якая была паказчыкам прагрэсу ў савецкай гаспадарцы. Пра якасць прамысловых вырабаў не згадвае ніводная статыстыка, таму невядома якая была сапраўдная прыгоднасць выпускаемых у Беларусі машын, вузлоў, матэрыялаў, хімічных тавараў.

Падчас ХХVІІ З’езда КПБ у лютым 1971 г. старшыня Савета Міністраў БССР Ціхан Кісялёў, характарызуючы развіццё беларускай гаспадаркі ў 1965—1971 гадах, гаварыў аб сярэднім 10-працэнтным гадавым росце валавога нацыянальнага прадукту ў згаданы перыяд. Многа месца шэф беларускага ўрада адвёў укараненню рэформаў у паасобных галінах гаспадаркі, аднак не ўказаў на істотныя элементы гэтых змен. У сапраўднасці рэформа праводзілася толькі на словах. Мэтай гаспадарчых дзеянняў стала змаганне за паказчыкі колькаснага росту вытворчасці згодна ўказанням цэнтральнага плана. Выкананне плана было крытэрыем аператыўнасці партыйнага і адміністрацыйнага кіраўніцтва рэспублікі. Над гаспадарчымі механізмамі рашуча дамінавалі фармалізм і дагматызм.

Ва ўмовах зніжэння прадукцыйнасці працы на пачатку шасцідзесятых гадоў у працоўных калектывах многіх прадпрыемстваў пачалася новая акцыя “змагання за званне брыгады камуністычнай працы”. Штогод да гэтага спаборніцтва прыступала каля 90% працоўных калектываў. Прысваенне калектыву такога звання гарантавала рабочым лепшую зарплату, а кіраўнікам адкрывала шлях да павышэння па службе.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: