Нарастанне гаспадарчага крызісу

Створаная ў ходзе выканання чарговых пяцігодак беларуская прамысловасць мела катастрафічны ўплыў на натуральнае асяроддзе. Магутныя аб’екты ўзводзіліся ў рэкордных тэмпах. Мелі яны выпускаць прадукцыю і тым самым фарміраваць паказчыкі гаспадарчага прагрэсу. Абсталяванні, якія абмяжоўвалі колькасць атрутных выкідаў, значна павялічвалі інвестыцыйныя кошты і таму ўстанаўліваліся яны спарадычна.

У 1960—1985 гадах вытворчасць хімічнай прамысловасці павялічылася ў 49 разоў. У Беларусі выпускалася 25% хімічнай прадукцыі ўсяго Савецкага Саюза. Больш за 90% гэтай прадукцыі высылалася паза межы рэспублікі. У гарадах, у якіх знаходзіліся самыя вялікія хімічныя камбінаты — Наваполацку, Магілёве, Гомелі, Салігорску, Гродне, Бабруйску — забруджанасць паветра ў некалькі разоў перавышала дапушчальныя нормы. Беларуская прамысловасць патрабавала вялікіх капіталаўкладанняў для пабудовы ачышчальных установак. Тым часам рашуча скарачаліся фінансавыя магчымасці савецкай дзяржавы. І хаця гэтая прамысловасць служыла ўсяму Савецкаму Саюзу, вырашаць экалагічныя пытанні прыйшлося самім беларусам.

У кастрычніку 1985 г. ХХVІІ З’езд КПСС нанава вызначыў планы “паскарэння сацыяльнаэканамічнага развіцця краіны”, аднак гаспадарчая сістэма, пабудаваная на акасцянелых догмах камуністычнай ідэалогіі, аказалася зусім непадатлівай рэфармаванню. Карумпіраваная партыйная эліта не мела, апрача старых лозунгаў, ніякай ідэі ратавання непрадукцыйнай гаспадаркі. Ізаляванае ад рэшты свету савецкае грамадства не ўсведамляла становішча, у якім яно апынулася. Прапаганда паспяхова пераконвала грамадзян, што жывуць яны ў дзяржаве перадавой цывілізацыі. Тым часам узровень матэрыяльнага жыцця насельніцтва СССР быў незвычайна нізкі ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы. Працяглая вайна ў Афганістане паскорыла працэс распаду савецкай эканомікі. Пачатак праўлення Міхаіла Гарбачова і абмежаванне дзейнасці цэнзуры адкрылі грамадству шматгадовы параліч савецкай гаспадаркі.

У Беларусі крызіс пачаўся крыху пазней. У 1988 г. адзначаны быў нават 8-працэнтны рост прамысловай вытворчасці. Аднак крызіс у Расіі і іншых рэспубліках хутка распаўсюдзіўся і на Беларусь. З’явіліся складанасці з забеспячэннем у сыравіну, якой 90% завозілася звонку. Скараціўся таксама рынак збыту вырабаў беларускай прамысловасці. Больш за 80% гатовых тавараў раней высылалася ў Расію, Украіну, Сярэднюю Азію і Закаўказзе. У выніку распаду структур савецкай дзяржавы ў 1990 г. усе планы стратэгічнага развіцця гаспадаркі страцілі актуальнасць. Ранейшыя кааператыўныя міжрэспубліканскія пагадненні сталі несапраўднымі. З—за браку вузлоў, якія выпускаліся паза межамі Беларусі, значную частку вырабаў нельга было паставіць на рынак. Па гэтай прычыне ўлады рэспублікі рабілі ўсё магчымае, каб захаваць гаспадарчыя сувязі з іншымі палітычнымі суб’ектамі, якія пачалі вырысоўвацца пасля развалу Савецкага Саюза, асабліва з Расіяй, галоўным пастаўшчыком сыравіны і спажыўцом тавараў беларускай прамысловасці.

Вынікі развалу СССР неўзабаве знайшлі адбітак у беларускай гаспадарцы. У 1992 г. зафіксаваны быў 10-працэнтны спад прамысловай вытворчасці і быў гэта толькі пачатак працэсу, які з яшчэ большым напружаннем развіваўся ў наступных гадах. Лавінна расла колькасць нерэнтабельных прадпрыемстваў. Увядзенне Расіяй рыначных цэн нафты і газу выклікала параліч беларускай хімічнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці і падзенне валавога нацыянальнага прадукту ў 1993 г. на 31% і нацыянальнага даходу на 20%. Інфляцыя перасягала 400% у год.

Паслядоўнасці аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Вялікі ўплыў на палітычную, грамадскую і гаспадарчую сітуацыю рэспублікі аказалі паслядоўнасці аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася 26 красавіка 1986 г. На Беларусь апала тады звыш 70% радыеактыўных выкідаў з палаючай атамнай электрастанцыі. Забруджанню падвярглася чацвёртая частка рэспублікі, а найбольш ад аварыі пацярпелі Гомельская і Магілёўская вобласці. У зоне высокага забруджання цэзіем—137 апынулася больш за 2,2 млн. чалавек, амаль пятая частка насельніцтва Беларусі.

Дапамогу пацярпелым ад аварыі ўскладняла пазіцыя цэнтральных і рэспубліканскіх савецкіх улад. У той час, калі ў паветры ўтрымлівалася высокая канцэнтрацыя радыеактыўнага пылу, факт гэты ўтойваўся ад грамадства. Улады не рашыліся адмовіцца ад традыцыйных першамайскіх шэсцяў, у якіх як штогоду прыняла ўдзел большасць жыхароў забруджанай зоны. Пад забруджаным радыеактыўнымі выкідамі небам маршыравалі дзеці і моладзь. Калі весткі пра чарнобыльскую аварыю дайшлі да шырокага грамадства, камуністычная прапаганда намагалася мінімалізаваць памеры трагедыі, даказваючы людзям, што прабыванне на забруджанай тэрыторыі не нясе з сабой ніякай пагрозы. Службы, якія павінны былі несці насельніцтву ратунак у выпадку радыеактыўнага забруджання, аказаліся непадрыхтаванымі да такой акцыі. Партыйныя камітэты, адміністрацыя, службы бяспекі пасіўна і бяздарна паставіліся да пагрозы, якая павісла над насельніцтвам. Мясцовыя наменклатурныя работнікі ў першую чаргу заняліся эвакуацыяй сваіх сем’яў у бяспечныя раёны краіны. І сакратар ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў і прэм’ерміністр Міхаіл Кавалёў у шматлікіх публічных выступленнях заяўлялі, што аварыя на Чарнобыльскай АЭС мае лакальны характар і ў найменшай ступені не пагражае бяспецы насельніцтва Беларусі.

Да дэзінфармацыі грамадства прычыніліся таксама медыцынскія службы, якіх прадстаўнікі сваім аўтарытэтам пераконвалі насельніцтва аб адсутнасці небяспекі пасля чарнобыльскай аварыі. Рэкорд неадказнасці і некампетэнтнасці ўстанавіў начальнік Галоўнага санітарнаэпідэміялагічнага ўпраўлення, а заадно віцэміністр аховы здароўя Віктар Бур’як, які, спасылаючыся на маскоўскіх вучоных, даказваў, што можна бяспечна жыць у зоне, дзе забруджанасць у некалькі дзесяткаў разоў перавышае прызнаныя за бяспечныя для здароўя нормы.

Дапамогу насельніцтву ўскладняў таксама выезд з забруджаных раёнаў часткі лекараў, чыноўнікаў і спецыялістаў па ліквідацыі паслядоўнасцей радыеактыўнага забруджання. На працягу некалькіх дзён не праводзілася эвакуацыя насельніцтва з забруджаных зон, прабыванне ў якіх пагражала смерцю. Савецкія эліты праяўлялі бяспрыкладную абыякавасць у адносінах да суграмадзян.

Толькі 4 мая пры мяжы з Украінай вызначана была 30кіламетровая зона, з якой усё насельніцтва падлягала абавязковай эвакуацыі. У паўднёваўсходняй Беларусі вызначана 485 населеных пунктаў, прабыванне ў якіх прызнана было небяспечным для людскога здароўя і жыцця. Больш за 20% сельскагаспадарчай плошчы краіны было прызнанай непрыгоднай для раслінаводства. З гаспадарчага карыстання выключаных было 15% лясной тэрыторыі рэспублікі.

Найбольш балючымі для Беларусі аказаліся дэмаграфічныя паслядоўнасці чарнобыльскай аварыі. Шматлікія выпадкі захворванняў немаўлят на рака крыві, касцявога мозгу, хваробы стрававальнага апарату, дыхальных шляхоў і агульнае аслабленне арганізму паўплывалі на рашучае змяншэнне колькасці нараджэнняў. Адначасна расла колькасць сконаў людзей у розным узросце. У 1992 г. у Магілёўскай вобласці памерла на 8% людзей больш чым нарадзілася. Год пазней паказчык гэты дасягнуў 19,4%, а ў 1994 г. — 29,6%. Боязь перад кволасцю патомства схіляла жанчын стрымоўвацца ад мацярынства, асабліва калі стан медыцынскай і сацыяльнай апекі з боку дзяржавы прыгаворваў бацькоў на адзіноцтва ў выпадку хваробы ці інваліднасці дзіцяці ў выніку пашкоджання генетычнага кода аднаго з бацькоў. З 1990 г. у Беларусі наглядаецца адмоўны прырост насельніцтва. У 1994 г. склаў ён —1,9%.

Свядомасць пастаяннага прабывання ў забруджанай зоне спараджала многа паталогій псіхалагічнага характару. У большасці людзей з’явіўся асаблівы пастаянны стрэс, у аснове якога ляжала боязь за сваю і патомства будучыню. У раёнах наяўнасці гэтага масавага і хранічнага стрэсу паўсюднай з’явай было расстройства нервовай сістэмы, якое ахапляла вялікія групы насельніцтва. У штодзённым жыцці праяўлялася яно ў апатыі, неахайнасці, паўсюдным бязладдзі, ігнараванні ўсялякіх законных, этычных і маральных нормаў.

Паводле ацэнак ад 1992 г., на ліквідацыю паслядоўнасцей аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі спатрэбіцца 235 млрд. долараў. У гэтую суму ўлічаны страты, выкліканыя пагаршэннем стану здароўя грамадзян рэспублікі, абмежаваннем іх працаздольнасці і прадукцыйнасці, адмоўнымі дэмаграфічнымі працэсамі, неабходнасцю фінансаваць лячэнне хворых і аказваць сацыяльныя паслугі тым, якія ў выніку радыяцыі страцілі здольнасць зарабляць на сваё ўтрыманне. Другую групу страт складаюць матэрыяльныя каштоўнасці Беларусі — выключаныя з гаспадарчага ўжытку палі, лясы, воды, прамысловыя аб’екты і жыльлёвыя рэсурсы ў адселенай зоне.

На ліквідацыю паслядоўнасцей аварыі з бюджэту БССР у 1986—1990 гадах выдзелена было 29 млрд. долараў, што склала 17% пяцігадовага нацыянальнага даходу рэспублікі. Ахінуты гаспадарчым і фінансавым крызісам Савецкі Саюз не выдзеліў з цэнтральнага бюджэту ніякіх сродкаў на дапамогу Беларусі. Расія і Украіна, хаця былі забруджаны ў меншай ступені, самі мелі вялікія клопаты з ліквідацыяй паслядоўнасцей аварыі. Развал СССР у 1991 г. пакінуў Беларусь у самоце ў змаганні з гіганцкімі праблемамі, несуразмернымі да магчымасцей дзяржаўнага бюджэту і інтэлектуальнага ўзроўню эліты, прывыклай выконваць загады Масквы. Адсутнасць вопыту і ўмеласці трымаць сябе ў свеце кіраўніцтва суверэннай Беларусі стала прычынай таго, што замежная дапамога па ліквідацыі паслядоўнасцей чарнобыльскай аварыі абмежавалася да сімвалічных памераў. Значна большыя сродкі накіраваны былі ў Расію і Украіну, паколькі палітыкі гэтых дзяржаў сумелі адпаведна зацікавіць гэтай праблемай заходнюю грамадскую думку.

Паслядоўнасці чарнобыльскай аварыі яшчэ больш ускладнілі экалагічнае становішча Беларусі. У 1990 г. прамысловаць выкінула ў атмасферу 4 млн. тон атрутных рэчываў. Забруджанасць паветра вакол вялікіх цэнтраў хімічнай прамысловасці — Магілёва, Гомеля, Светлагорска, Салігорска, Наваполацка — была нязначна меншай чым у чарнобыльскай зоне. Сельская гаспадарка ўжо многія гады ў раслінаводстве прымяняла празмерныя колькасці штучных угнаенняў і пестыцыдаў. Якасць харчоў і забруджанне натуральнага асяроддзя, між іншым, паўплывалі на тое, што сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі ў пачатку дзевяностых гадоў была адной з самых нізкіх у Еўропе.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: