Штурмгабы (штурмакі). 3 страница

У другой палове XV ст. састаўная кіраса з’яўлялася важным элементам «гатычнага» даспеха, сканструяванага ў паўднёванямецкіх, верагодна інсбрукскіх, нюрнбергскіх i аўгсбургскіх майстэрнях, якія разам з паўночнаітальянскімі платнерскімі асяродкамі былі ў гэты час «заканадаўцамі» мілітарнай моды. Сваю назву гатычны даспех атрымаў з-за спічастых абрысаў i вострых формаў, падкрэслены прафіляванымі краямі пласцін i жалабаватым арнаментам на паверхні, што ў цэлым надавала яму агрэсіўны выгляд i адрознівала ад італьянскіх даспехаў, якім былі ўласцівы больш згладжаныя, лагодныя контуры, навеяныя рэнесансавымі матывамі. Істотную адметнасць гатычнага даспеха складала яго адносная сіметрычнасць, тады як італьянскія «зброі» вызначаліся больш масіўнымі элементамі. У прыватнасці наплечнікамі i налакотнікамі, што пакрывалі левы бок цела. У камплекце з гатычнымі даспехамі ўжываліся звычайна шлемы тыпу капаліна ці салады, якія пакідалі неабароненай ніжнюю частку твару. Таму важным элементам поўнага гатычнага даспеха з’яўляўся накладны падбароднік (ням. Bart) у выглядзе разбудаванага каўняра, які апіраўся на грудную частку кірасы i пакрываў сківіцу ваяра, збольшага паўтараючы яе абрысы.
Даспехі, стылёва набліжаныя да гатычных, фіксуюцца выяўленчымі крыніцамі Вялікага Княства Літоўскага канца XV - пачатку XVI ст. Поўны даспех, які характарызуецца вуглаватасцю i выцягнутасцю формаў, наборнай кірасай i выкарыстаннем салады ў спалучэнні з падбароднікам, прадстаўлены на манетах часоў Аляксандра Казіміравіча (1492 — 1506), а таксама на яго т. зв. «літоўскай» пячатцы (мал. 1: 10 — 11). Падобны даспех, але без падбародніка i рукавіц, паказаны даволі ўмоўна на адной з мініяцюраў Радзівілаўскага летапісу (іл. XXX). Гэтая ж крыніца фіксуе таксама даспех з падбароднікам, састаўной кірасай, наплечнікамі i спаднічкай, аднак без шлема i аховы канечнасцяў (іл. XXVUI). «Зброі бляхавыя» з падбароднікамі сустракаюцца на мініяцюрах летапісу яшчэ двойчы, аднак скласці ўяўленне аб ix стылёвай прыналежнасці немагчыма па прычыне надзвычайнай схематычнасці выяваў (іл. XXV, XXVI).
Галоўным відам пласцінавага даспеха ў другой палове XV — XVI ст. з’яўлялася сзброя поўная капійнічая», якая прызначалася для цяжкаўзброеных рыцараў-капійнікаў i засцерагала ваяра з галавы да ног. Менавіта такія даспехі ў колькасці трох камплектаў (tria arma hastariorum, duo militaria et tercium simplex) забраў у 1476 г. з Кракава ў Літву нехта Сынец (Synecz). «Arma simplicia hastarorum» — гэта звычайны капійнічы даспех, у той час як «duo arma militaria» маглі выступаць у якасці нейкіх выбітных даспехаў, можа быць турнірных ці конскіх. Поўны даспех, але без шлема, рукавіц i падбародніка (arma integra sine galea, cirotecis et barba), якія, верагодна, не патрабавалі направы, здаў у 1474 г. у рамонт кракаўскаму платнеру Яну Скачылясу маршалак літоускі Івашка Хатковіч (гэтым жа майстрам быў адрамантаваны яшчэ адзін падобны камплект Хатковіча). Капійнічы даспех (arma hastuaruia) «z myszki et nakolanki», дапоўнены шлемам (galea), а таксама панцырам i металічным каўняром-«абойчыкам» (lorica et colnerio), фігуруе ў адной з судовых спраў, зафіксаваных Драгіцкімі гродскімі кнігамі пад 1476 г. Аналагічна акрэсленыя элементы мелі даспехі, пералічаныя ў «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. Сярод ix значацца: «напервей панская зброя рццерская суполна и з мышками и наколенки и с капалином и с шинки и з рукавццы а другая зброя панская ж суполна толко без шинков а третяа зброя панская короткая мышки посполу и з рукавццы наколенки кроткия толко на колена и капалин... а копей-ничих зброй с капалины и з мышками и з наколенки и з рукавццами 16». Акрамя таго ў рэестры фігуруе «зброя гелмова суполна», а таксама зброя пунтова», але трактаваць яе як які-небудзь пэўны даспех надзвычай складана. «Зброя гелмова» у сваю чаргу — гэта відавочна такая, якая мела «гелм», прычым «гелм» у дадзеным выпадку не можа быць шлемам наогул, паколькі баявыя пакрыцці галавы ў выглядзе капалінаў мелі і іншыя «зброі». Хутчэй за ўсё тут меўся на ўвазе нейкі пэўны тып нагалоўяў, можа быць, «армэ» ці які-небудзь з турнірных шлемаў.
Неабходна больш падрабязна спыніцца на асобных элементах даспехаў, узгаданых у рэестры. Перш за ўсё «накаленкі» - гэта відавочна не адны толькі накаленнікі, як можна было б зразумець з этымалогіі гэтага слова, а поўная ахова ног. З тэксту вынікае, што «накаленкі» маглі быць як звычайныя, г. зн. поўныя, так і «кароткія», толькі на калені», якія рабілі «кароткім» увесь даспех. Гаворка пэўна ідзепра накаленнікі з набедранікамі, але без нагалёначнікаў і чаравікоў, характэрныя, між іншым, для нямецкага баявога рыштунку пачатку XVI ст. (падобны рыштунак паказаны, напыклад на гравюры А. Дзюрэра 1514 г. «Рыцар, смерць i д’ябал»).
Перанясенне назвы дробнай дэталі на ўсю кантсрукцыю мусіла мець месца таксама і ў выпадку з выкарыстаннем тэрміна «мышкі» (ням. Mausel), які ў прынцыле азначае налакотнік, дакладней яго чашкападобную частку. Разам з там польскія крыніцы, дзе фіксуецца аналагічны тэрмін, сведчаць, што пад «мышкамі» маглі разумець таксама наплечнікі i нават поўныя аховы рук, прычым менавіта гэтае апошняе значэнне слова «мышкі» выглядае найбольш праўдападобным, калі справа тычыцца поўнага капійнічага даспеха.
Найбольш супярэчліва ў сучаснай збраязнаўчай літаратуры трактуецца тэрмін «шынкі», якія, на думку 3. Жыгульскага, з’яўляліся набедранікамі, а паводле меркаванняў Я. Шымчака — канструкцыяй па ахове рук разам з масіўнымі наплечнікамі, разбудаваныя заднія крылы якіх заходзілі на спіну. А. Сварычэўсга даволі пераканаўча выводзіць слова «шынкі» ад шынаў — жалезных абручоў на колах вазоў, аднак не зусім, як падаецца, лагічна трактуе ix зноў жа як канструкцыі па ахове рук. Між тым ў складзе «зброі бляхавай» меўся адзін элемент, які значна больш адпавядаў тэрміну «шынкі». Гэта абручападобная спаднічка, набраная з выгнутых гарызантальных пласцін. Звычайна падобныя спаднічкі звязваюць з вызначэннем «шорца», аднак дакументы Вялікага Княства Літоўскага разглядаемага перыяду сведчаць, што пад «шорцай» разумеліся калі не выключна, то пераважна кальчужныя спаднічкі, якія, як правіла, не ўваходзілі ў склад даспеха, а толькі дапаўнялі яго, выконваючы тым самым функцыю цэльнага колкавага панцыра.
Цікава, што «шынкі» у якасці дэталі «зброі бляхавай», фігуруюць у крыніцах толькі другой паловы XV — пачатку XVI ст., прычым попісы польскіх наёмных рот сведчаць, што яны маглі ўжывацца нават без «бляхаў» лёгкаўзброенымі ваярамі, што можа тлумачыцца спецыфічнай канструкцыяй тагачасных кірас. Хутчэй за ўсё «шынкамі» называлася не толькі сама спаднічка, але i ніжняя частка састаўной кірасы (да канца XV ст. яе замяніла накладная ўзмацняльная дэталь, што стварала дадатковую ахову жывата), да якой, у прынцыпе, гэтая спаднічка i мацавалася. Калі так, то «шынкі» мусілі выступаць як аблегчаная ахова торсу, якая засцерагала тазавую частку, ніз спіны і жывот.
Другім варыянтам пласцінавага даспеха з’яўлялася «зброя стрэльчая». «Зброй стрельчих на осьмдесят пахолков» мелася ў 1516 г. у маёнтку пана Солтана Жыровічах. На жаль, дакументы Вялікага Княства Літоўскага не даносяць звестак аб канструкцыі подобных даспехаў, што прымушае звярнуцца да польскіх крыніц. Яны сведчаць, што стральцы, для якіх такія даспехі i прызначаліся, маглі карыстацца як «зброямі стрэльчымі поўпымі», так і асобнымі засцерагальнымі элементамі, сярод якіх фігуруюць апроч баявых нагалоўяў «бляхі пярэднія i заднія», «абойчык», «мышкі», «шынкі» i «ташкі». Можна дапусціць, што ў комплексе гэтыя элементы і складалі «зброю стрэльчую поўную». Такім чынам, «зброя стрэльчая» павінна была ўяўляць сабой даспех, блізкі да капійнічага, але без аховы ног. Не выключана, што ў шэрагу выпадкаў «мышкі» стрэльчага даспеха выступалі у выглядзе аховы не ўсёй рукі, а толькі пляча. Магчыма, што адметнасць даспеха стральцоў складала таксама адсутнасць апорнага крука, які мацаваўся на правай частцы нагрудніка капійнікаў для ўскладання на яго падчас атакі цяжкога рыцарскага кап’я. Іншымі словамі, «зброя стрэльчая» практычна цалкам павінна была адпавядаць паўдаспеху, які ў XVI ст. шырока распаўсюдзіўся на еўрапейскім абшары ў лёгкай кавалерыі i некато-рых відах пяхоты.
Увогуле ў XVI ст. развіццё еўрапейскага даспеха выходзіць на якасна новы этап, што выявілася як у павелічэнні тыпаў «зброі», так і ў пошуку найбольш эфектыўных форм i канструкцый. Даспехі падзяляюцца на цяжкія (ням. Stechkuriss) i лёгкія (Feldkuriss), якія адрозніваліся формай наплечнікаў i характарам аховы ног. У цяжкіх даспехах выкарыстоўваліся масіўныя наплечнікі з шырокімі крыламі, якія находзілі на кірасу, i з высокімі, вертыкальна пастаўленымі грэбенямі, што складалі дадатковую ахову шыі. У лёгкіх «зброях» наплечнікі былi вузейшымі i лягчэйшымі, без грэбеняў, часам i без крылаў, дапоўненыя акруглымі шчыткамі. Лёгкія даспехі камплектаваліся таксама аблегчанай аховай ног, найчасцей у выглядзе доўгіх, набраных з гарызантальных фольгаў набедранікаў, прымацаваных непасрэдна да пярэдняй часткі спаднічкі (фартуха такім чынам, што яны выступалі як своеасаблівыя пaдoўжaныя ташкі, злучаныя з накаленнікамі i аблегчанымі, часам шынападобнымі нагалёначнікамі. Лёгкі капійнічы даспех, дапоўнены ташкамі замест доўгіх набедранікаў, ляжаў у аснове розных мадыфікацый паўдаспеха. Адной з яго разнавіднасцяў была «ландскнехтаўская зброя», якая складалася з кірасы, спаднічкі, ташак, абойчыка i вузкіх наплечнікаў, што ахоўвалі толькі верхнюю частку рукі. Бытаваў яшчэ т. зв. «трохчвэрцевы» даспех, аналагічны лёгкаму капійнічаму, але без апорнага крука, нагалёначнікаў i чаравікаў.
Арыгінальным відам паўдаспехаў з’явілася «зброя» тыпу «anima», якая была сканструявана ў Італіі каля 1530 г. i складалася цалкам з жалезных палос-фольгаў, што заходзілі адна за адну знізу ўверх i злучаліся рамянямі ці рухомымі нітамі. Галоўным чынам на аснове такога даспеха паўстаў, першапачаткова ў Венгрыі, cпeцыфічны гусарскі даспех, асаблівасцю якога было спалучэнне пласцінавай аховы торса з кальчужнымі рукавамі, а часам i падолам (нярэдка пад кірасу проста апраналася кальчуга).
Апроч спецыяльных тыпаў даспехаў шырокае распаўсюджанне ў XVI ст. атрымалі, прынамсі сярод заможных феадалаў, даспешныя гарнітуры, пад якімі сучасныя збраязнаўцы разумеюць сукупнасць аднолькава выкананых i аздобленых частак, з яках можна скласці розныя тыпы «зброі». Гарнітуры маглі налічваць па некалькі дзесяткаў элементаў, прызначаных для даспехаў як баявога, так i турнірнага характару.
Важным крытэрыем эвалюцыі еўрапейскага даспеха XVI ст. з’яўлялася яго стылёвае вырашэнне, якое абумоўлівалася як эстэтычнымі, так i практычнымі патрэбамі. На пачатку стагоддзя шырокае распаўсюджанне атрымала рыфленне паверхні даспехаў (акрамя нагалёначнікаў), якое спрыяла павышэняю ix удараадпорнасці без павелічэння вагі. Хаця ўпрыгожанне «зброй бляхавых» жалабкамі мела месца ў нямецсіх даспехах яшчэ ў XV ст., стварэнне новага стылю звязваюць з імем германскага імператара Максімільяна I, таму сам даспех атрымаў назву «максімільянаўскага». Максімільянаўскі даспех характарызуецца таксама рэнесансавыві абрысамі, што больш адпавядалі натуральным формам цела. Замест доўгіх гатычных чаравікаў ён забяспечваўся чаравікамі з надзвычай шырокімі насамі ў выглядзе «каровіных мордаў» ці «мядзведжых лапаў». Дастаткова функцыянальны i эстэтычны, падобны даспех ужываўся ў розных краінах Еуропы да сярэдзіны XVI ст. Аб ягоным бытаванні на землях Вялікага Княства Літоўскага сведчаць як выяўленчыя, так i рэчавыя i пісьмовыя крыніцы. Максімільянаўскія даспехі маюць цяжкаўзброеныя капійнікі літоўска-польскага боку на карціне ананімнага мастака «Бітва пад Оршай» (іл. XXIV с). У максімільянаўскім даспеху паказаны вялікі канцлер літоўскі Альбрэхт Гаштаўт (іл. XXIII) на ўласным надмагіллі ў віленскім катэдральным касцёле (выкананае пасля 1539 г.). «Зброі» у максімільянаўскім стылі (іл. XIII), як капійнічыя, так i ландскнехтаўскія, захоўваліся ў радзівілаўскай збраёўні ў Нясвіжы да пачатку XX ст. «Zbroiczka od niebosczyka pana Osczika szynowi Je° M’ci niebosczykowi dana biala w refy staroswiecka z oboyczykiem» фігуруе ў рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г.
Акрамя функцыянальных патрабаванняў на ўзнікненне максімільянаўскага даспеха аказалі ўплыў i павевы моды. Яшчэ больш яскрава праявіліся яны ў з’яўленні «касцюміраваных» даспехаў, што з’яўляліся копіямі цывільных рэнесансавых строяў. У якасці ўзораў такіх даспехаў служаць элементы двух камплектаў нясвіжскага арсенала. Першы з ix, выраблены ў Германіі ў 1510 — 1525 гг., уяўляе сабой нагруднік з прымацаваным да яго васьміфольгавым фартухом (вага 4,47 кг), выпуклы, са зрэзаным паводле тагачаснай моды верхнім краем, які накладаўся паверх абойчыка. Нагруднік аздоблены нерэгулярным рыфленнем з раслінным арнаментам, змешчаным усярэдзіне вузкіх жалабкоў (іл. XXI). На гладкіх паверхнях, падзеленых жалабкамі, месцамі імітуюцца разрэзы, характэрныя для тагачаснай «ландскнехтаўскай» моды. Яшчэ больш пышным з’яўляўся выраблены ў 1525 — 1530 гг. аўгсбургскім платнерам Кольманам Гелмшмідам даспешны гарнітур (даспех для пешага бою плюс паўдаспех), асобныя часткі якога знаходзяцца зараз у музеі мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку (іл. XVIІІ). Спецыфічнай рысай даспеха з’яўляюцца поўныя аховы рук у выглядзе аб’ёмных рукавоў з буфамі, сканструіваныя такім чынам, каб не пакідаць ніякіх шчылін i лакун. Гэтая асаблівасць даспеха набліжае яго да т. зв. «трыковых зброяў».
Пасля выхаду з ужытку рыфленага максімільянаўскага даспеха на першае месца зноў выходзяць гладкія паверхні, i далейшая эвалюцыя «зброі бляхавай» праяўляецца ў асноўным у змяненні формы нагрудніка і чаравікоў. Апошнія ўсё больш звужаюцца, аж пакуль у 60-х гг. XVI ст. не набываюць натуральную форму нагі. У развіцці нагруднікаў да сярэдзіны стагоддзя пазначылася тэндэнцыя ў выцягненні іx цэнтральнай часткі ў своеасаблівае завостранне - «тапуль» (ад італ. tappo — бугор), якое спрыяла рыкашэтаванню наступальнай зброі праціўніка. Асабліва вялікая ўвага надавалася тапулю ў ландскнехтаўскіх паўдаспехах (узоры падобных «зброй» меліся ў радзівілаўскай збраёўні ў Нясвіжы), у той час як у «зброях капійнічых» тапулі менш выражаны. У другой палове стагоддзя тапуль пачаў апускацца ўніз і ў 70-я гг. набыў форму абвіслай «гусінай гузкі» (ням. Gansbauch).
Да нашых дзён захавалася некалькі «зброй бляховых» сярэдзіны - другой паловы XVI ст., якія належалі прадстаўнікам славутага роду Радзівілаў. Найбольш раннім сярод іх з’яўляецца чарнёны даспех Мікалая Радзівіла Рудога, выраблены ў Італіі ў 1545 — 1551 гг.. які захоўваецца ў Музеі ўзбраення ў Вене. Ён належыць да катэгорыі трохчвэрцевых даспехаў ці паўдаспехаў, пра што сведчаць наплечнікі без грэбеняў i адсутнасць апорнага крука на кірасе. На жаль, не захавалася ахова ніжняй часткі тулава ў выглядзе ташак ці «доўгіх набедранікаў» (іл. VІІІ). Нагруднік, забяспечаны вертыкальным рабром па цэнтры, у ніжняй частцы складаецца з рухомых гарызантальных фольгаў і належыць да т. зв. «паўракаў» (ням. halber Krebs). Наплечнікі таксама наборныя, павышае іх эластычнасць, фартух кароткі, двухфольгавы, налакотнікі – т. зв. «поўныя ракавіны». Чарнёвыя даспехі ўзгадваюцца і ў пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. Так, 26 «зброй чор-ных барвяных з усімі штукамі» было выслана ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.
У Музеі ўзбраення ў Вене захоўваюцца таксама элементы цяжкога капійнічага даспеха Мікалая Радзівіла Чорнага, вырабленага нюрнбергскім майстрам Кунцам Лохнерам у 1550 — 1555 гг. (іл. ІІІ). Сярод ix — кіраса з адтулінамі для мацавання апорнага крука, вертыкальнай гранню, «гузкай» і двухфольгавым фартухам, да якога мацуюцца чатырохфольгавыя ташкі, фольгавыя ж абойчык і наплечнікі з высокімі грэбенямі, а таксама поўная ахова рук у камплекце з рукавіцамі без падзелу на пальцы. Паводле даследаванняў венскага збраязнаўцы О. Гамбера, у даспех уваходзілі, апроч таго, поўныя аховы ног і прылбіца тыпу «армэ». На аснове гэтага даспеха, які з’яўляўся часткай гарнітура, можна было сабраць і лёгкі капійнічы даспех, для чаго ў камплект уваходзілі адпаведная ахова ног i аблегчаныя наплечнікі (мал. 27:1). Аналагічныя віды баявога даспеха манціраваліся з частак яшчэ аднаго радзівілаўскага гарнітура другой паловы XVI ст. (мал. 27:2), фрагменты якога знаходзяцца зараз у музеі мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку (іл. XV).
1573 — 1574 гг. датуецца французкі паўдаспех, які належаў Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротцы (зараз у Музеі ўзбраення ў Вене). Кіраса гладкая, з вертыкальным рабром i нізка апушчанай «гузкай», наплечнікі фольгавыя, без грэбеняў (іл. IX). Фартух аднафольгавы, ташкі падоўжаныя, набраныя з сямi палос. Ахова рук мае налакотнікі — «поўныя ракавіны», рукавіцы не захаваліся.
Да італьянскіх даспехаў «anima» стылёва набліжаецца зброя Крыштофа I Мікалая Радзівіла Перуна, якая датуецца 1590 — 1600 гг. Зброя выраблена ў Італіі (на думку Б. Томаса — у Германіі) i належала да тыпу «Fulmen Belli» (Пярун Вайны). Даспех складаецца з кірасы, аховы рук i ног (іл. XІІ). Нагруднік — «поўны рак», 14-фольгавы, з рабром пасярэдзіне i «гузкай» унізе. Знізу да нагрудніка прымыкаюць двухфольгавая спаднічка з трохфольгавымі ташкамі i наборныя набедранікі з накаленнікамі. Наспіннік набраны з 12 фольгаў. Ахова рук складаецца з таксама шматфольгавых наплечнікаў з налакотнікамі. Ніжэй локця рукі засцерагаюць рукавіцы з надзвычай доўгімі манжэтамі (левая рукавіца не захавалася). Вага даспеха — 47,2 кг (разам са шлемам). Захоўваецца ён у Музеі Войска Польскага ў Варшаве.
Паралельна з даспехам у поўным сэнсе гэтага слова да сярэдзіны XVI ст. даволі шырока ў якасці самастойнай аховы тулава выкарыстоўвалася кіраса («бляхі», «пляхі») ці нават толькі адзін нагруднік. У «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. ix налічваецца больш, чым усіх астатніх відаў засцерагальнага касцюма разам узятых: «а бляхов и з передними и задними 11 пар а лишних бляхов передних три... а старых бляхов передних 33». «По заднему пляху а переднему» знаходзілася апроч «зброй пляховых на десять пахолков» у арсенале Магільнянскага замка ў 1536 г. «Пляхі» меў адзін з вершнікаў чатырохасабовага почту Мікалая Завішы, які служыў у 1528 г. у польскай наёмнай роце Пятра Марціновіча, прычым сам Завіша меў «зброю стрэльчую». «Пляхамі» была ўзброена палова дзесяціасабовага почту Херубіна Вайновіча (сам ён меў «зброю капійнічую»), што служыў у 1531 г. у роце Лаўра Цёлка. Сярод шасці чалавек Андрэя Валынца падчас яго службы ў 1532 г. у роце Яна Мялецкага толькі ён сам меў «зброю стрэльчую», у той час як усе астатнія — кірасы. Аналагічная карціна назіралася i ў атрада Ераніма Нарбута (8 чалавек, рота Георгія Язлавецкага, 1540 г.), Мікалая Збаражскага (7 чалавек, рота Станіслава Нагорскага, 1543 г.), з той толькі розніцай, што самі таварышы насілі тут не стрэльчы, а капійнічы наспех. Сам меў «пляхі» i узброіў імі палову сваіх камбатантаў Андрэй Нарбут (6 чалавек, рота Мацея Влодэка,1548г.) і г. д.
У другой палове XVI ст. кірасы як самастойная ахова тулава страчваюць сваю папулярнасць. Паводле попісу войска Вяліка Княства Літоўскага 1567 г., толькі адзін са шляхціцаў Браслаўскага павета, а менавіта Ян Лук’янавіч Віцкі, ставіў «конь збройно, бляха, пр., рогати».
Апроч «бляхаў» у дакументах XVI ст. фігуруюць i іншыя часткі пласцінавага даспеха, найперш тыя элементы, якія прыкрывалі канечнасці. Для пазначэння аховы ног па-ранейшаму выкарыстоўваўся тэрмін «накаленкі», тады як ахова рук, фіксаваная ў другой палове XV — пачатку XVI ст. як «мышкі», абазначаецца некалькімі тэрмінамі, нюансы ва ўжыванні якіх можна не заўсёды высветліць. Найбольш цікавай у гэтым сэнсе з’яўляецца назва «наручы», якая ў польскай збраязнаўчай літаратуры трактуецца звычайна як поўная ахова рук. Верагодна, такія «наручы» ўваходзлі ў склад даспеха («зброя дощатая з наручи и з наколенками и з капалином»), які адсуджваў у 1540 г. у сваёй жонкі Аўдоцці гарадзенскі мяшчанін Багдан Хведкевіч. Разам з тым у Вялікім Княстве Літоўскім ужываліся i іншыя «наручы», якія элементам тыповай «зброі бляхавай» не з’яўляліся. Так, яшчэ «рэестр паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. апроч «мышак», якія ўзгадваюцца як складовая частка капійнічых даспехаў, пералічвае «наручей московских 11». Не выключана, што блізкімі да ix былі «наручи десятеро», якія фігуруюць у інвентары замка Магільна 1536 г. асобна ад «зброй пляховых на десять похолков», пэўна ж камплектных, хаця i невядома, капійнічых ці стрэльчых. Хутчэй за ўсё, «наручы маскоўскія» — гэта характэрная для зямель Маскоўскай дзяржавы ахова рук у выглядзе вялікай пласціны, якая ахоўвала знешні бок перадплечча i локаць. 3 унутранага боку ля кісці да яе мацаваліся на завесах ці пры дапамозе кальчужных перамычак больш кароткія пласціны, што зашпільваліся на спражкі альбо завязваліся матузкамі. 3 60-х гг. XVI ст. падобны засцерагальны элемент фігуруе ўжо як «карвашы». «Karwaszy 2» узгадваюцца сярод узбраення, высланага ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. «Karwasze zeliazne dwa proste», «karwas na prawa rekе w mieyscza heczowany z rekoiecia zielona zlotoglowowa bagazia blеkitna podszyty» i яшчэ адны «karwasze», прычым, што цікава, у камплекце з пласцінавым даспехам, фіксуюцца ў рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г.
Даволі спецыфічную форму аховы рук складалі «зарукаўі», што ўзгадваюцца ў другой палове XVI ст. «Зарукавья и наколенков четверо» мелася ў 1565 г. у зямянкі Слонімскага павета Зоф’і Віктарынавай у Івацэвічах. «Зброи бляховыи и зарукавье» фігуруюць у попісе войска Вялікага Княства 1567 г. У шэрагу дакументаў даецца больш дакладнае вызначэнне «зарукаўяў» як «панцырных», прычым з кантэксту вынікае, што яны маглі быць як доўгімі, так i кароткімі. Так, сярод маёмасці, высланай у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, знаходзілася «зарукаўяў панцэровых 15» i яшчэ адны «зарукаўі панцырныя дробнага колка кароткія»280. Пяць «зброй» i столькі ж «зарукавей... панцеровых до зброи» налічвалася ў 1583 г. у маёнтку Пеццаавяны Ковенскага павета. Такім чынам, зарукаўі ўяўлялі сабой кальчужныя рукавы, а даспехі з такімі рукавамі набліжаліся да гусарскіх паўдаспехаў венгерскага тыпу. У шэрагу выпадкаў з кальчужнага палатна вырабляўся i падол. Прыкладам, 8 пар кальчужных рукавоў i столькі ж падолаў былі высланы ў 1555 г. з Кракава ў Вільню, напэўна для манціравання там гатовых «зброй».
У некаторых дакументах XVI ст. сустракаюцца розныя варыянты нямецкага тэрміна «Armzeug», які азначае поўную пласцінавую ахову рукі. «Armzeug und Sturmhauben geleych 150» былі заказаны ў 1567 г. у Кракаве для патрэб віленскага арсенала. «Зброя шмальцаваная гецаваная месцамі на белым са штурмгабам з бартам i пляхаўніц пара», складаная, «u kturej Harumcagien» была выслана ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Зыходзячы з апісання асобных частак, гэта быў паўдаспех з нагруднікам тыпу «рак» ці «паўрак», поўнымі аховамі рук i рукавіцамі, які дапаўняўся закрытым штурмгабам з накладным падбароднікам. «Rumczagow par trzy» i «ramczagi zeliazni l» фігуруюць пад 1584 г. у рэестры зброі Крыштофа Радзівіла. Акрамя таго, у рэестры ўзгадваецца «zbroia skladana Je° Mci w paszy zloczista u niey zankiel jeden a przeczki nie masz z zank-liem do niey ramczagi y nakolianka takze skladane po brzegach zlocziste i karwasze».
Цікавасць у апісанні гэтага даспеха выклікае спалучэнне «Аrmzеug» з карвашамі, якія ўвогуле з поўнымі аховамі рук не ўжываліся. Таму не выключана, што ў дадзеным выпадку меліся на ўвазе «ramczagi» без ніжніх труб, а можа нават i без налакотнікаў, як тое мела месца ў гусарскім даспеху «польскага» тыпу, шырока вядомым у XVII ст. Падабенства радзівілаўскай «зброі» і гусарскіх «польскіх» даспехаў заключаецца таксама ў тым, што яна складалася з гарызантальных фольгаў («у пасы»). «Складанымі» былі і «накаленкі», у той час як некаторыя мадыфікацыі гусарскага даспеха маглі дапаўняцца менавіта наборнымі фольгавымі набедранікамі з накаленнікамі. I, нарэшце, на гусарскі характар вышэйзгаданнага даспеха ўскосна ўказвае тып шлема, у камплекце з якім ён мог ужывацца: на сем баявых пласцінавых даспехаў, пералічаных у рэестры (акрамя «зброі Яго Міласці» тут фігуруюць яшчэ «zbroy skladanych 6»), прыпадае «szyssakow siedm».
«Рукавамі» названа ахова рук (праўда невядома, пласцінавая ці кальчужная) у спісе рэчаў, што засталіся ў 1582 г. пасля смерці Андрэя Бабраўніцкага ў жамойцкім маёнтку Жэймяны, дзе ўзгадваецца «zbroya blyachowa jedna ze wszystkim, to yesth: rekawice, nakolyanka y gacе, rekawa troye... rekawice pancerowate». Разам з тым «рукавы» мусілі быць доўгімі, паколькі дапаўняліся «рукавіцамі панцэраватымі». Апошнія, відавочна, мелі ў сваёй канструкцыі колкавае пляценне, на што ўказвае сам тэрмін. Гаворка ідзе хутчэй за ўсе пра звычайныя пласцінавыя пальчаткі, але без пласцін для пальцаў, якія ахоўваліся палоскамі з дробных жалезных колкаў, нашытых на знешні бок скураной пальчаткі. Падобная ахова кістаў рук бытавала ў Еўропе з 30-х гг. XVI ст. «Рукавцц пандеровых з замшем пар четырнасте» мелася таксама ў 1565 г. у маёнтку Івацэвічы Слонімскага павета. «Рукавццы панцерове две» пакінуў пасля сябе ў 1582 г. у маёнтку Карсаковічы Менскага павета Марцін Вольскі. Апроч ix тут жа засталіся «рукавццы бляховые одни», напэўна вырабленыя выключна з металічных пласцін, хоць i не ясна, з раздзельнымі пальцамі ці не. Вялікая партыя жалезных рукавіц з раздзельнымі пальцамі (Starkе handschuch gleych mit knurtz 100) была выслана y 1567 г. у Вільню з Кракава.
Шэраг дакументаў фіксуе металічныя рукавіцы без удакладнення ix канструкцыі. Так «rekawiz zelaznych na prawa reke dwie» i «rekawicza l» узгадваецца ў рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г. Верагодна, рукавіцы (напэўна «бляхавыя») фігуруюць у складзе аднаго з даспехаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, як «бляхаўніцы». Мела рукавіцы i пераважная большасць даспехаў брэсцкай замкавай збраёўні, інвентар якой за 1566 г. пе-ралічвае «зброе бляховие на особ 100, до трех рукавцц нет».
Надзвычай важным для высвятлення характару фіксаваных у пісьмовых крыніцах даспехаў з’яўляецца дакладнае «апазнанне» форм аховы ног. На жаль, даволі абстрактны тэрмін «накаленкі», як правіла, не дазваляе адрозніць капійнічы даспех, цяжкі ці лёгкі, ад трохчвэрцевага. Арамя таго, у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. выкарыстоўваліся i ўвогуле не характэрныя для «зброі бляхавай» аховы ног. Так яшчэ ў «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. згадваюцца «накаленков и батарлыков московских 3». «Батарлыкі» (бутурлыкі) з’яўляліся пашыраным на ўсходзе варыянтам нагалёначнікаў; пакрываў нагу ад калена да ступні i складаўся з металічных вертыкальных палос (звычайна трох), вырабленых па форме нагі i злучаных кальчужнымі перамычкамі. Зашпільваліся бутурлыкі пры дапамозе спражак альбо завязак. «Накаленкі маскоўскія» ўяўлялі сабой пласцінкава-колкавую ахову сцягна i калена, прычым сцягно баранілі дробныя прастакутныя пласцінкі, уплеценыя па бехцерным прынцыпе вертыкальнымі радамі ў кальчужнае палатно, у той час як уласна накаленнік меў выгляд міскападобнай чашкі, таксама ўплеценай у кальчугу, якая ў выглядзе трохкутніка спускалася яшчэ ніжэй, на галёнку, i запраўлялася ў бутурлыкі ці боты.
Наколькі шырока выкарыстоўваліся падобныя засцерагальныя элементы ў Вялікім Княстве Літоўскім, сказаць цяжка. Аднак можна меркаваць, што з большай доляй верагоднасці яны маглі ўжывацца не ў складзе «зброі бляхавай», а ў спалучэнні з аблегчанымі відамі аховы тулава, напрыклад з колкавым панцырам. Панцыр, «накаленкі» i шышак меў у 1567 г. адзін з таварышаў коннай наёмнай роты Філона Сымонавіча Кміты, а менавіта Андрэй Варапай. «Наколянков двое» пакінуў пасля сябе ў 1582 г. у маёнтку Карсаковічы Менскага павета Марцін Вольскі, прычым «зброі» тут адсутнічалі, затое былі ў наяўнасці два панцыры (не лічачы «кашулі панцэровай адной»), двое рукавіц i два шышакі, што дазваляла сабраць два поўныя камплекты, якія стваралі дастаткова поўнае, хоць і лягчэйшае за пласцінавы даспех, пакрыццё цела.
Разам з тым безагаворачна сцвярджаць, што па-за складам «зброі бляхавай» ужываліся выключна «маскоўскія накаленкі», немагчыма, паколькі польскія выяўленчыя крыніцы, праўда XV ст., фіксуюць таксама спалучэнне кальчугі са звычайнымі пласцінавымі пакрыццямі ног. Не выключана, што падобная сітуацыя магла мець месца i ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст., прынамсі нельга «адмовіць факта захоўвання ў феодальных арсеналах некамплектных пакрыццяў ног заходняга кшталту, прыдатных для камплектавання ў выпадку патрэбы з любым відам даспеха. Пра гэта сведчыць каталог распродажу нясвіжскай збраёўні за 1927 г., дзе ўсходнія накаленкі не фігуруюць, затое сустракаюцца асобна пазначаныя набедранікі з накаленнікамі, выкананыя ў першай палове XVI ст. у максімільянаўскім стылі (пазіцыі 63 — 64 i 69).
Ускосную інфармацыю аб характары нават агульна акрэсленых «зброй бляхавых» можна атрымаць шляхам супастаўлення іх коштаў з коштамі іншых прадметаў узбраення. 3 памерам кампенсацыйных выплат наёмнікам за страчаную зброю ў другой палове XVI ст. вынікае, што ўмоўны капійнічны даспех быў у 1,3 разоў даражэйшы за стрэльчы, у 2 разы — за панцыр i ў 10 разоў - за шлем. Зрабаваныя ў 1566 г. у гаспадарскага двараніна Андрэя Цеханоўскага 8 «зброй бляхавых» каштавалі па «полосьмы» капы гр., у той час як найтаннейшыя панцыры — па 8 коп, а шышакі - па 3 таляры (1,5 капы). Такім чынам, гэтыя даспехі мусілі мець стрэльчы характар. Іншыя «зброі бляхавыя» у колькасці сямі камплектаў, якія прызначаліся «на похолков» i мелі хутчэй за ўсё капійнічы характар, былі зрабаваны ў 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павета. Яны каштавалі па 10 коп гр., тады як кошт панцыраў раўняўся тут 6 копам, а кошт шышакоў — 1 капе. Трэба дадаць, што падобнае супастаўленне цэнаў мае сэнс толькі ў дачыненні шараговага ўзбраення, прызначанага для простых ваяроў альбо выключна для баявых мэтаў, у той час як існавалі i выбітныя ўзоры, натуральна ж, значна даражэйшыя за звычайныя. Так, апроч «зброй на пахолкаў» па 10 коп гр. у вышэйзгаданым Верхавіцкі двары знаходзіліся яшчэ «зброй бляховых з позолотою две, которые дей коштуют девятьдесят коп литовских». Досыць моцна вагаліся цэны i на панцыры.
Найбольш каштоунымі для вызначэння характару даспехаў з’яўляюцца тыя (На жаль, нешматлікія) дакументы, дзе для ix акрэслення ўжываюцца спецыяльныя тэрміны. «Kierysi poljorowane 2» (ням. Kuriss — капійнічы даспех) i «polukieris» фігуруюць сярод рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. «Зброи бляховой не зуполное осьм, а девятая зуполная» знаходзіліся ў 1565 г. у маёнтку Івацэвічы Слонімскага павета. Праўда, калі «зброя зупольная» можа тут практычна без пытанняў трактавацца як капійнічая, то што разумелася пад «зброямі не зупольнымі» - паўдаспех, трохчвэрцевы даспех, ці капійнічы даспех без асобных частак, застаецца незразумелым.
Найбольшы працэнт пласцінавых даспехаў у другой палове XVI ст. назіраўся ў атрадах заможных феадалаў, якія маглі выстаўляць цэлыя початы выключна ў «зброях бляхавых», а таксама ў наёмных ротах. Так у 1567 г. у роце Філона Сымонавіча Кміты на 152 гусары прыпадала 15 «зброй», якія належалі 10 % асабовага саставу роты. Яшчэ больш пласцінавых даспехаў (20 i 25%) налічвалася ў дзвюх пешых ротах, што стаялі ў 1552 г. у Чаркаскім замку. 100 % засцерагальнага ўзбраення складалі «зброі» (100 камплектаў) у арсенале Берасцейскага замка ў 1566 г.
Неігараўнальна бядней у гэтым сэнсе выглядалі павятовыя харугвы паспалітага рушэння, аснову якіх складапа дробная шляхта. Так, у 1567 г. у харугве Упіцкага павета пласцінавы даспех мела каля 7,5 % ваяроў, Ашмянскага павета (разам з Крэўскай i Геранёнскай харугвамі) — 6,2 %, Наваградскага павета — 5,4 %, Менскага павета — 3,8 %, Слонімскага павета — 2,35 % i г.д. Разам з тым удзельная вага ўладальнікаў «зброй» сярод усіх ваяроў, забяспечаных металічным засцерагальным узбраеннем, была вышэйшай - 6,3 % у Менскай харугве, 8,4 % у Слонімскай харугве, 12,6% у Віленскай харугве i інш.
Асобную групу «зброй бляхавых» складалі турнірныя даспехі. Ёсць звесткі, што феадалы Вялікага Княства Літоўскага прымалі ўдзел у турнірах ужо на пачатку XV ст., аднак ніякай інфармацыі аб ужыванні тут спецыяльнага турнірнага рыштунку раней чым у XVI ст. пакуль не выяўлена, што хутчэй за ўсе тлумачыцца абмежаванасцю крыніц. Першыя дакладныя ўзгадкі аб такім рыштунку сустракаюцца толькі ў «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. Калі адкінуць убок загадкавую «зброю гелмовую», турнірнае прызначэнне якой не выходзіць за рамкі гіпотэзы, то найбольшую ўвагу звяртаюць на сябе асобныя элементы турнірнага касцюма, такія як «тортяныя», «гарусовыя», «полотняныя» i іншыя «хвалды... к колчим зброям» у колькасці 9 штук, а таксама «ташек гончих 8». «Зброі колчыя» (ням. Stechzeug ад stechen — калоць) прызначаліся для коннага турніру на тупых коп’ях (ням. Gestech) i ўяўлялі сабой паўдаспех спецыяльнай канструкцыі, аснову якога складалі асіметрычная кіраса выпуклая злева i сплошчаная справа, дзе да яе мацаваўся апорны крук і кранштэйн для фіксацыі задняй часткі коп’я. Да кірасы мацаваўся глухі шлем, прыплюснуты ў цемянной частцы i з вертыкальнымі сценкамі, якія плаўна адгіналіся вонкі, утвараючы на ўзроўні вачэй рабрысты пералом, спераду раскрыты ў зрокавую шчыліну. 3-за свайго падабенства з галавой вядомага земнаводнага шлем атрымаў назву «жабінай морды». Даспех дапаўняўся таксама асіметрычнымі аховамі рук з адносна лёгкімі наплечнікамі i акруглымі падпахавымі шчыткамі i спаднічкай з ташкамі. Паверх «зброі колчай» звычайна апраналася дэкаратыўная тэкстыльная спадніца, якая i фігуруе ў «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» як «фалды».
Для даспеха іншага тыпу — т. зв. «гончага» (ням. Rennzeug) прызначаліся «ташкі гончыя». Падобны даспех выкарыстоўваўся для турніру на вострых коп’ях, які ўяўляў сабой серыю атак з заменай коп’яў «на хаду». «Зброя гончая» запазычыла сваю форму ад гатычнага даспеха XV ст. Аснову яе складала кіраса з прымацаваным апорным круком i кранштэйнам, прычым наспіннік меў глы-бокія выразы з бакоў, ля шыі i паясніцы так, што нагадваў літару X. Да нагрудніка мацаваўся падбароднік-«барт», які ахоўваў ніз твару i спалучаўся з глухой саладай. Ахова рук адсутнічала, у той час як ногі засцерагаў фартух з падоўжанымі ташкамі. Левы бок даспеха дадаткова ўзмацняўся спецыяльным тарчам (ням. Renntartsche), які вырабляўся з абцягнутага цялячай скурай дрэва i паўтараў абрысы грудзей i левага пляча вершніка, заходзячы сваім верхнім краем на ніжнюю частку твару. «Колчы» i «гончы» даспехі выкарыстоўваліся ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў другой палове XVI ст. У «зброі гончай» змагаўся з палякам Зыгмунтам Вольскім на турніры, арганізаваным у 1553 г. у Кракаве з нагоды зашлюбін Жыгімонта Аўгуста з Катарынай Аўстрыйскай, літоўскі пан Станіслаў Кежгайла. «Zbroy kolczych do gonitwy 2» фігуруюць у рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.
Апроч вузкаспецыяльных даспехаў у XVI ст. на турнірах ужываліся i звычайныя капійнічыя даспехі, узмоцненыя дадатковымі альбо замененымі часткамі, што ўваходзілі ў склад даспешных гарнітураў. Такім чынам, існавалі «зброі» для турніраў розных тыпаў, асноўнымі з якіх былі вольны турнір i паядынак праз плот. Вольны турнір ўяўляў сабой групавую сутычку на коп’ях, пасля чаго ўдзельнікі змагаліся на мячах. Падчас турніру даспех (цяжкі капійнічы) узмацняўся дадатковай накладной кірасай, да якой мацавалася жалезная тарча, што ахоўвала грудзі, левае плячо i ніз твару, альбо замест яе — асобныя накладны падбароднік i левы наплечнік. Уся канструкцыя дапаўнялася яшчэ накладным левым налакотнікам. Для паядынку праз плот пасля 1520 г. выкарыстоўвалася подобная ж «зброя», з той толькі розніцай, што замест левага наплечніка заўсёды ўжывалася жалезная тарча, замест звычайных маглі ўжывацца cпeльныя ташкі, а ўсе ўзмацняльныя часткі былі яшчэ больш масіўнымі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: