double arrow

Штурмгабы (штурмакі). 7 страница

Колюча-сякучая дрэўкавая зброя.

Колюча-сякучая дрэўкавая зброя ў адрозненне ад коп’яў выступае ў абазначаны перыяд як атрыбут выключна пешых вояў. Верагодна таму інфармацыя аб яе выкарыстанні ў Вялікім Княстве Літоўскім, войска якога, асабліва паспалітае рушэнне, мела да другой паловы XVI ст. выразна конны характар, сустракаецца адносна рэдка. 3 усіх відаў зброі гэтай групы на першае месца вылучаецца алебарда, якая з’яўлялася ўдалым спалучэннем кап’я, сякеры i крука, прызначанага для сцягвання кавалерыстаў з каня. З’явіўшыся ў Еўропе яшчэ ў канцы XIII ст., алебарда ўжо ў наступным стагоддзі набыла славу надзвычай эфектыўнага сродку барацьбы з цяжкаўзброенай кавалерыяй. Першыя бясспрэчныя сведчанні бытавання алебарды ў Вялікім Княстве прыпадаюць на першую палову XVI ст., хоць цалкам верагодна, што яна ўжывалася тут i раней, прынамсі ў XV ст. Дрэўкавая зброя, якая нагадвае схематычна паказаную алебарду, фігуруе, напрыклад, на адной з мініяцюраў Радзівілаўскага летапісу (іл. XXVIII).
Можна меркаваць, што першапачаткова алебарды выступалі на абшарах Вялікага Княства Літоускага як зброя наёмных драбаў. Менавіта ў ix руках паказаны алебарды на карціне ананімнага мастака «Бітва пад Оршай» (іл. XXIV b). «По два копийники в зброях, з корды а з алябартами або з ощепы» меліся ў кожным дзесятку пешай роты Пятра Разбіскага, якая несла ў 1552 г. гарнізонную службу ў Чаркасах. Прысутнічалі алебарды, паводле даных за 1577 г., i ў пешай роце Каспара Стузінскага, якая стаяла ў Кіеве яшчэ ў 1562 г.
Для феадальнага апалчэння Вялікага Княства алебарды першапачаткова не былі, як падаецца, характэрныя. Паказальна, што сярод значнай колькасці адзінак дрэўкавай зброі, фіксаванай «рэестрам паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г., фігуруе ўсяго адзін «гелбарт». Аднак і ў другой палове XVI ст., пасля ўвядзення ў склад паслалітага рушэння пешых драбаў, алебарды ўжываліся тут яшчэ не так шырока, як на Захадзе. Пра гэта яскрава сведчаць попісы 60-х гг., дзе падобная зброя сустракаецца толькі спарадычна. Так, паводле попісу 1567 г., з пяці пехацінцаў, выстаўленых кокенгаўзенскім старастам панам Багданам Сцяцкевічам са сваіх маёнткаў у Браслаўскім, Ашмянскім, Троцкім i Менскім паветах, двое былі ўзброены «галбартами». «Галбартом а мечом» быў забяспечаны таксама адзін з драбаў Ейшышскай харугвы, далучанай да харугвы Лідскага павета. Сярод алебардаў, якія рэпрэзентавалі магнацкія арсеналы другой паловы XVI ст., можна ўзгадаць пяць экземпляраў з гербамі, напэўна радзівілаўскімі, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.
3 аўтэнтычных алебардаў, звязаных у той ці іншай ступені з землямі Вялікага Княства Літоускага, можна выдзеліць дзве, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі. Даволі добра захаваны экземпляр быў выпадкова знойдзены ў р. Нёман у Гродне (мал. 13: 1). Ён характарызуецца масіўнай шырокай колючай часткай у выглядзе двухлязовага нажа з рабром пасярэдзіне, прастакутнай утулкай, пляскатым, загнутым уніз кругом i адносна невялікай сякучай часткай, якая мае форму паўмесяца, звернутага рожкам i вонкі (верхні paжок абламаны). Такія алебарды бытавалі ў Еўропе з другой паловы XVI ст. Верагодна, блізкую форму мела таксама алебарда, фрагмент якой знойдзены ў Пінску ў р. Піна. Крук i сякучая частка ў гэтага экземпляра не захаваліся, але колючая частка таксама змадэлявана ў выглядзе двухлязовага нажа з рабром па цэнтры (13: 2). Цікавы экземпляр ранніх узораў падобнай зброі захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (мал. 12). Па форме ён набліжаецца да швейцарскіх алебардаў другой паловы XV ст. - т. зв. цурыхскай i тыпу Сэмпах.
Другім відам колюча-сякучай дрэўкавай зброі, ужыванай у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст., з’яўлялася партызана (пратазан). Яна мела выгляд насаджанага на дрэўку доўгага i шырокага двухлязовага наканечніка, які ўнізе, каля ўтулкі забяспечваўся парай бакавых выступаў у форме паўмесяца, скіраванага рожкамі ўгару. Першапачаткова наканечнікі партызанаў маглі вырабляцца са старых мячовых клінкоў. Партызаны з мечападобнымі наканечнікамі можна заўважыць, між іншым, у руках наёмных драбаў на карціне «Бітва пад Оршай» (іл. XXIV b).
На жаль, аўтэнтычныя ўзоры партызанаў XVI ст. з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага не выяўлены. Амаль не фігуруюць яны i ў пісьмовых крыніцах. Выключэнне складае інвентар «цекгавза» Брэсцкага замка за 1566 г., дзе ўзгадваюцца «партезанов герцерских, долгонасажоных з герби небожчика пана воеводи виленского 22». Разам з тым не выключана, што ў шэрагу выпадкаў партызаны маглі фіксавацца пад іншымі тэрмінамі. Менавіта партызану больш за ўсё нагадвае, напрыклад, высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц «шэфелін доўгага жэлязу рагаты», пра які ў іншым месцы сказана, што ён быў «накшталт сярпа рагаты».
Дакладнай інфармацыі аб ужыванні ў Вялікім Княстве Літоўскім іншых відаў колюча-сякучай дрэўкавай зброі няма. Пэўную ўвагу прыцягваюць «кос ледских 18», пералічаных сярод узбраення, адлюстраванага ў «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. Не выключана, што гаворка ідзе пра т. зв. «баявыя косы», альбо «гізармы», якія нагадвалі звычайную касу, насаджаную на дрэўка вертыкальна i забяспечаную на тыльнай частцы таксама вертыкальным шылападобным шыпам. У той жа час малаверагодна, што гэта быў варыянт падручнай плебейскай зброі, пераробленай з аднайменнай сельскагаспадарчай прылады, паколькі такая зброя наўрад ці захоўвалася б у багатым феадальным арсенале.

Абуховая зброя

Абуховая зброя належыць да аднаго з найбольш старажытных відаў зброі. распаўсюджаных яшчэ ў першабытным грамадстве. Пры ўсіх сваіх варыянтах яна мае вызначальную функцыю - паражэнне праціўніка ці прадмета сваёй масай, узмоцненай шляхам асаджвання на карацейшай ці даўжэйшай рукаяці, што павялічвае кінетычную энергію. Да абуховай зброі залічваюць як экземпляры, у якіх выкарыстоўваецца сякучы паражальны эфект, так i ўзоры, разлічаныя толькі на аглушальна-дробячы ўдар. У сувязі з гэтым абуховую зброю можна таксама называць абухова-ўдарнай. Асартымент абуховай зброі ў познім сярэднявеччы быў даволі шырокім i ўключаў сякеры i чаканы, кляўцы, дубіны, булавы, перначы i кісцяні альбо баявыя цапы. Некаторыя з вышэйзгаданых катэгорый мелі чыста баявыя функцыі, у той час як іншыя ўяўлялі сабой прыстасаваныя для баявых патрэб прылады ўніверсальнага характару, што раз-пораз знаходзіла адлюстраванне ў тэрмінах, ужываных для ix абазначэння.

Сякеры i чаканы.

Сякеры ў часы позняга сярэднявечча з’яўляліся найбольш распаўсюджаным відам абуховай зброі. Пра гэта сведчаць як археалагічныя матэрыялы XIV - XVI ст., так i пісьмовыя крыніцы XVI ст. Не ў апошнюю чаргу на гэта паўплываў той факт, што любая сякера, неабходная ў кожнай сялянскай хаце, магла ў выпадку патрэбы ўжывацца як грозная зброя, эфектыўная ў спрактыкаваных руках. Крытэрыі падзелу сякер на баявыя i рабочыя дагэтуль выглядаюць не зусім зразумелымі, аднак пра існаванне такога падзелу сведчыць тэрміналогія XVI ст.. дзе суіснавалі назвы «сякера» i «тапор».
Падобная ж сітуацыя назіраецца ў польскай тэрміналогіі, у тым ліку сучаснай, дзе слова «тапор» мае больш шырокае значэнне, тады як «сякерамі» называюцца толькі рабочыя экземпляры. У Вялікім Княстве Літоўскім можна заўважыць адваротнае - ужыванне тэрміна «сякера» пераважна ў дачыненні да баявых узораў, а «тапор» - у дачыненні да прылад працы. Тапары як звычайная ўласнасць прадстаўнікоу простага люду фігуруюць у дакументах на працягу ўсяго XVI ст., прычым у шэрагу выпадкаў ix рабочы характар абсалютна дакладна вынікае са зместу тэкстаў. Так, напрыклад, для работ у Кіеўскім замку ў 1540 г. было запатрабавана з Магілёўскай воласці «сто человеков молодцов дужих... с топоры». У інвентары Радашковіцкага замка за 1549 г. узгадваецца дойлід Пацук Мілевіч, які пражываў у дварцы Касцюшкоўскім i мусіў служыць «службою дойлидскою с топором день в день». Зрэдку фіксуюцца ў руках прасталюдзінаў i сякеры, але найчасцей яны сустракаюцца ў прадстаўнікоў ваеннага саслоўя. Яшчэ больш пра баявое прызначэнне сякер сведчыць пастанова Гродзенскага вальнага сойма, калі «вси станы згодне поступили и уфалили межи двух ездных драба одного пешего з ручницею и з мечом, албо скордом, або теж из рогатиною а з сокерою под таким же обычаем и варунком, який ся около того на вальном сойме Виленском в року шестдесят третем уфален». Сякеры як досыць тыповая зброя пяхоты i кавалерыі фігуруе ў вайсковых попісах Вялікага Княства другой паловы XVI ст. У гусарскай роце Філона Сымонавіча Кміты ў 1567 г. на 152 чалавекі прыпадала 21 «сякерка», а з далучаных да роты 48 казакаў «сякеркі» мелі 10 чалавек. Для ўсіх камбатантаў роты, што валодалі сякеркамі, яны мелі дапаможнае значэнне i дапаўнялі больш ці менш разнастайны камплекг клінковай зброі. Іншая сітуацыя назіраласі ў павятовых харугвах паспалітага рушэння. Як сведчыць попіс 1567 г, у некаторых ваяроў тут «сякеркі» маглі замяняць клінковую зброю ці наогул з’яўляцца адзіным элементам наступальнага ўзбраення (табл. 4).
На сённяшні дзень апублікавана інфармацыя аб вялікай колькасці сякер XIV - XVI ст. з земляў Вялікага Княства Літоўскага. На жаль, яны прадстаўляюць толькі тэрыторыю сучасных Літвы i Беларусі. Акрамя таго, далейшага аналізу патрабуе неапублікаваны матэрыял, у тым ліку той, які маецца ў музейных зборах. У сувязі з гэтым не ўяўляецца магчымым выдзеліць усе тыпы сякер, што бытавалі ў Вялікім Княстве ў разглядаемы час. Для сістэматызацыі вядомых экземпляраў найбольш прыдатнай уяўляецца класіфікацыя польскага даследчыка А. Надольскага, дапоўненая i пашыраная з улікам познесярэднявечнага матэрыялу М. Глосэкам. Пэўную цікавасць уяўляе i класіфікацыя А.М. Кірпічнікава, якая, на жаль, не выходзіць за рамкі ХІІІ ст.
Найбольш шматлікую групу аналізуемых сякер складаюць узоры з мысападобнымі выступамі ў верхняй i ніжняй частцы абуха, а таксама з адцягнутым уніз зрэзаным лязом, што нагадвае бараду. A.M. Кірпічнікаў залічвае такія сякеры ў тып IVA, у той час як А. Надольскі — у тып Vb. Лічыцца, што сякеры такой формы, вядомыя яшчэ ў «далітоўскай» Русі, былі звязаны сваім паходжаннем з Захадам i насілі ўніверсальны характар, г. зн. маглі выкарыстоўвацца i як прылады працы, i як зброя. М. Глосэк пры аналізе познесярэднявечнага матэрыялу ix не разглядае. У Вялікім Княстве Літоўскім яны бытавалі на працягу ўсяго разглядаемага перыяду. Найчасцей падобныя сякеры трапляюцца ў па-хаваннях на тэрыторыі Літвы. Выяўлены яны ў могільніках Дзіктарай i Піктагаліс Анікшчайскага раёна, Куршай i Пупіняй Цельшайскага раёна, Лепінішкес i Ажугірай Уценскага раёна (мал. 14: 3). Кармелава, Пакальнішкяй i Шылеліс Ковенскага раёна, Сарай Швенчонскага раёна, Якштайчай Шаўляйскага раёна (мал. 14: 1 - 2), Кеенай Расейнскага раёна, Русейняй Кедайнскага раёна, Шлапгірыс Кельмескага раёна, Скрэбінай Іонаўскага раёна, а таксама ў Румшышскім (Кайшадорскі раён) i Краштайскім могільніках. У Беларусі сякеры гэтага тыпу знойдзены ў могільніку Данкішкі Воранаўскага раёна, у Мазыры i на Брэсцкім дзядзінды.
Да наступнай групы належаць сякеры са слаба выдзеленай у бакавой праекцыі насадкай, якая плаўна пераходзіць у шырокае лязо з завостранай барадой. У Польшчы такія сякеры, занесеныя М. Глосэкам у тып VII, сустракаюцца з XII ст. У Літве яны знойдзены ў могільніках Якштайчай Шаўляйскага, Шылеліс Ковенскага, Улюнай Паневежскага, Куршай Цельшайскага i Грэжэ Мажэйкскага раёна (мал. 14: 4), якія датуюцца XIV - XVII ст.
Сякеры блізкай формы, але са зрэзанай барадой, вядомыя па раскопках могільнікаў Якштайчай Шаўляйскага, Шлапгірыс Кельмескага, Улюнай Паневежскага раёнаў, могільніка Бячай ля возера Вяпрай у Літве (мал. 14: 6), а таксама Ліды, Мінскага замчышча i дзядзінца Брэста. М. Глосэк выдзяляе такія сякеры ў тып VІІa i схіляецца да ix рабочага прызначэння, таксама як i сякер тыпу VII.
Да тыпу VІІІa, паводле класіфікацыі М. Глосэка, набліжаюцца вузкалязовыя сякеры з выценкай унізе, якая аддзяляе насадку ад ляза. У выніку сякеры гэтай групы маюць лязо з кароткай зрэзанай барадой, шырыня якога роўная ці трохі перавышае вышыню насадкі, добра выдзеленай у бакавой праекцыі i часам аформленай у выглядзе кароткай трубкі (мал. 15: 1 - 2). Яны прадстаўлены знаходкамі на Крычаўскім замчышчы (XVI ст.), у Дзісне (XV - XVII ст.), в. Васілевічы Рэчыцкага раёна (XVІ - XVII ст.) i в. Семяновічы Уздзенскага раёна, а таксама ў могільніках Лукне Скуодаскага і, верагодна, Шылеліс Ковенскага раёна Літвы (XIV - XVI ст.). М. Глосэк лічыць, што сякеры тыпу VІІІa маглі выкарыстоўвацца i як прылада працы, i як зброя.
Выдзеленая ў бакавой праекцыі i часам аформленая ў выглядзе трубкі насадка характарная таксама для сякер тыпу IX, аднак лязо гэтых сякер шырокае, з апушчанай уніз завостранай барадой. У літоўскім матэрыяле XIV - XVI ст. яны займаюць другое па шматлікасці месца пасля экземпляраў тыпу Vb. Сякеры тыпу IX выяўлены ў могільніках Акменяй i Шлапгірыс Кельмескага раёна, Шылеліс i Кармелава Ковенскага, Якштайчай (мал. 15: 5) i Мажэйкяй (мал. 15: 6) Шаўляйскага, Наежэрыс Шылальскага раёна, могільніках Краштай, Круміняй (мал. 15: 3 - 4), а таксама Румшышскім могільніку (Кайшадорскі раён).
Варыянтам сякер вышэйзгаданай групы з’яўляюцца ўзоры са зрэзанай барадой (мал. 16: 1), якія М. Глосэк выдзяляе ў тып ІХа. Яны прадстаўлены знаходкамі ў Румшышскім могільніку (Кайшадорскі раён), могільніках Пакальнішкяй (Ковенскі раён), Скрэбінай (Іонаўскі раён) i Шлапгірыс (Кельмескі раён). У Беларусі такія сякеры знойдзены на Мінскім замчышчы i ў в. Чэрнічы Веткаўскага раёна, дзе яны датуюцца XV - XVII ст. На думку М. Глосэка, сякеры тыпаў IX i ІХа прадукаваліся як прылады працы.
Да экземпляраў тыпу XII належыць сякера віленскага ката (XVI ст.) са збораў Гісторыка-этнаграфічнага музея Літвы. Яна мае доўгую трубкападобную насадку з накладкай на верхняй частцы абуха, прычым накладка трохі выступае над зрэзам насадкі. Лязо шырокае, з плаўна выгнутай верхняй гранню i з рэзка адцягнутай уніз шырокай зрэзанай барадой. М. Глосэк мяркуе, што сякеры гэтага тыпу не з’яўляліся баявымі.
Такім чынам, на думку польскага збраязнаўцы, ніводная з разгледжаных формаў сякер не можа адназначна трактавацца як чыста баявая, нягледзячы на тое, што ў пахаваннях ім часта спадарожнічаюць іншыя элементы ўзброення, нават клінковая зброя (у прыватнасці, сякерам тыпаў Vb i IX). Не выключана, што крытэрыі размежавання сякер i тапароў былі іншы раз даволі ўмоўнымі i маглі залежаць ад кожнага канкрэтнага выпадку ix функцыянальнага прымянення. Праўда, існавалі выпадкі, калi тэрмін «сякера» не толькі абазначаў несумненна вайсковую прыладу, але i з’яўляўся занадта шырокім, каб перадаць пэўныя нюансы, звязаныя з яе прызначэннем. Так, у 1582 г. у жамойцкім маёнтку Жэймяны мелася «siekierek piec» i яшчэ «siekierek drabskicg piec». Выдзяленне ў асобную групу драбскіх (пяхотных) сякер наводзіць на думку, што астатнія сякеры маглі прызначацца для кавалерыстаў, хоць з тэксту няясна, ці адбівалася гэта на ix форме i канструкцыі. Можна толькі выказаць гіпатэтычнае меркаванне, што пяхотныя сякеры забяспечваліся даўжэйшай рукаяццю, як тое мела месца ў іншых краінаў Еўропы. У сувязі з гэтым прыцягвае ўвагу адзін з фрагментаў попісу паспалітага рушэння Вялікага Княства Літоўскага за 1567 г., дзе пры апісанні атрада, высланага пані Станіслававай Кміцінай, указваецца, што яна «ставила драбов осм з секерками долгими». Сярод сякер на ўзбраенні пехтуроў попіс называе таксама «барты». Так, 10 драбаў падкаморыя Уладзімірскага Аляксандра Багданавіча Сямашкі з’явіліся «з ощепы, а з барт и мечи». Тэрмін «барта», ці «барда», ужываўся ў XVI ст. у дачыненні да адной з разнавіднасцяў баявых шырокалязовых сякер альбо алебардаў. З улікам таго, што ў тэксце попіса алебарды фігуруюць пад асобным тэрмінам, больш верагодным у дадзеным выпадку ўяўляецца першае значэнне гэтага слова.
3 тэрмінам «барта» звязваецца ўзнікненне назвы «бердыш», што абазначала сякеру на доўгай рукаяці i з вельмі шырокім, месяцападобным лязом. У XVI ст. бердышы былі тыповай зброяй стралецкай пяхоты ў Маскоўскай дзяржаве. Сякера з месяцападобным шырокім лязом, унутраны бок якога мае спічастую «гатычную» прафіліроўку, фіксуецца ўжо на адной з мініяцюраў Радзівілаўскага летапісу (іл. XXIX). Цалкам верагодна, што блізкай да бердышоў была зброя, акрэсленая ў асобных крыніцах Вялікага Княства Літоўскага як «бердо». «Берд одиннатцать» мелася, напрыкад, у 1557 г. у Петухоўскім фальварку Гродзенскага павета.
У ліку сякер спецыфічнай формы, ужываных кавалерыстамі, у другой палове XVI ст. узгадваюцца чаканы. 23 гусарскія чаканы фігуруюць у спісе рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Пад чаканамі сучасныя зброязнаўцы разумеюць сякеры з абухом, аформленым у выглядзе малатка ці шыпа. Разам з тым апошнія могуць трактавацца як чаканы толькі з пэўнай доляй умоўнасці. Прынамсі ў згаданым рэестры 1569 г. адзін падобны экземпляр фігуруе як «kilof», што сведчыць аб тым, што ён разглядаўся хутчэй не як чакан, а як клявец. Такія сякеры ў познесярэднявечнай Еўропе маглі дадаткова мець коп’епадобны грот, які надаваў ім падабенства з алебардамі. Кавалерыйскія экземпляры гэтай зброі вызначаліся кароткай, звычайна не больш за 60 см, рукаяццю, хоць кароткія алебардападобныя сякеры ў руках пехацінцаў можна заўважыць на гравюры з «Хронікі Польскай» М. Бельскага 1597 г., якая ілюструе бітву пад Оршай. У сучаснай польскай літаратуры чакан з шыпападобным абухом i гротам вызначаецца іншы раз як «еўрапейская сякерка» ці «сякерка кавалерыі», у той час як чакан без гроту - як «рыцарская сякерка». У дачыненні да тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага гэтыя тэрміны выглядаюць даволі штучнымі i не знаходзяць непасрэднага адлюстравання ў сярэднявечных пісьмовых крыніцах.
Сярод сякер XIV - XVI ст., выяўленых падчас археалагічных даследазанняў, чаканы прадстаўлены адзінкавымі знаходкамі. Чакан XIV - першай половы XVI ст. знойдзены ў могільніку Якштайчай ІІІаўляйскага раёна Літвы. Ён мае добра выдзеленую насадку, малаткападобны абух, па форме набліжаны да прастакутніка, i лязо з адцягнутай уніз барадой (мал. 16: 2).
М. Глосэк залічвае гэты экземпляр да чаканаў тыпу Ig, які характарызуецца зрэзанай барадой, хоць, зыходзячы з невыразнага зрэзу на барадзе, яго можна залічыць i да тыпу Ih. Да гэтага ж тыпу набліжаецца чакан, знойдзены ў могільніку ў в. Пакальнішкяй каля Коўна, які датуецца XVI - XVII ст. Асаблівасцю пакальнішкяйскага экземпляра з’яўляецца слаба выражаная насадка, што нетыпова для чаканаў, адлюстраваных у класіфікацыі М. Глосэка.

Кляўцы (надзакі).

Кляўцы фіксуюцца ў крыніцах Вялікага Княства Літоўскага з пачатку XVI ст. Тры «клевцы» узгадваюцца, праўда, сярод пушкарскай амуніцыі, «рэестрам паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. Падобную зброю можна заўважыць у руках цяжкіх кавалерыстаў на карціне ананімнага мастака «Бітва пад Оршай». Таксама, як i ў класічных чаканаў, абух кляўцоў быў найчасцей аформлены ў выглядзе малатка, але ролю сякеркі ў ix выконвала завостраная дзюба, загнутая ўніз. Форма кляўцоў, а таксама, верагодна, ix генетычная сувязь са звычайным малатком, абумовіла заходнюю назву такой зброі - «баявы молат» альбо «кавалерыйскі молат». Разам з тым той факт, што не абух, а дзюба, якая служыла для разбівання пласцін даспеха i была вельмі эфектыўным сродкам барацьбы з цяжкой кавалерыяй, з’яўлялася галоўным элементам кляўца, сведчыць пра блізкасць апошняга да такой прылады працы, як кірка. У сувязі з гэтым невыпадковым уяўляецца спектр назваў, якія выкарыстоўваліся ў Вялікім Княстве для акрэслення кляўцоў - уласна «клявец», «надзак (ад пол. «nadziak»), «кірка» i польскі адпаведнік гэтага слова «kilof». «Сокири, клевцы» былі зрабаваны ў 1558 г. у млынара Дзевяткоўскага. Паводле попісу роты Філона Сымонавіча Кміты Чарнабыльскага за 1567 г., «надзакі» мелі два камбатанты - таварыш Даніла Касцюшковіч i адзін з яго пахолкаў па імені Мікалай. У тым самым годзе Шчасны Навіцкі Ейсімонтавіч з Гродзенскага павета выставіў на попіс паспалітага рушэння «служебника на мерине с кордом а с киркою». Адзін «kilyof» узгадваецца пад 1582 г. у спісе амуніцыі нябожчыка Андрэя Бабраўніцкага ў жамойцкім маёнтку Жэймяны. Аналагічна акрэсліваюцца кляўцы ў рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Тут фіксуюцца чатыры экземпляры, прычым калі два з ix мелі, напэўна, звычайную канструкцыю, то адзін камбінаваўся з ручніцай, а яшчэ адзін - з сякеркай i набліжаўся, такім чынам, да зброі, што трактуецца сучаснымі збраязнаўцамі як чаканы.
Археалагічна кляўцы прадстаўлены экземплярам, знойдзеным у Крычаве ў слаі XVI ст., хоць Г. Сагановіч датуе гэты клявец XVII ст. Клявец мае загнутую ўніз дзюбу квадратнага сячэння i патоўшчаны малаткападобны абух, завершаны ў выглядзе ўсечанай пірамідкі. Агульная даўжыня кляўца 17,5 см (мал. 17: 4).


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: