Штурмгабы (штурмакі). 2 страница

Салады.

Тып шлема, вядомы як салада, з’яўляецца італьянскім вынаходствам i ўпершыню ўзгадваецца ў 1407 г. у т. зв. «Інвентары Ганзагаў». У Германіі падобныя шлемы фіксуюцца пад тэрмінам «tschaladen» у спісах 1425 — 1426 гг., а ў Польшчы яны фігуруюць як «lepka», «lapka», «lepkin» i г. д. з 1416 г. У якасці баявога шлема салады былі пашыраны ў Еўропе ў XV — першай палове XVI ст., хаця спарадычна яны маглі выкарыстоўвацца i пазней, галоўным чынам на турнірах пэўных тыпаў.
У аснове генезісу салады ляжаў баскінет, у выніку скруглення спічастага завяршэння i выгінання тыльнага краю звона якога ўзнік адкрыты шлем з даволі плыткім звонам i кароткім, загнутым угару напатылічнікам, блізкі па баявых якасцях да шаломаў. У Цэнтральнай Еўропе ў сярэдзіне XV ст. была сфарміравана т. зв. «нямецкая салада», якая характарызавалася глыбокім, прарэзаным візурай звонам, што прыкрываў верхнюю частку твару, i доўгім напа-тылічнікам. У камплекце з падобнымі шлемамі шырока выкарыстоўваліся накладныя падбароднікі-«барты». «Нямейкія салады» маглі быць як глухімі, так i з рухомай заслонай. Па канструкцыйных і функцыянальных асаблівасцях глухія салады набліжаліся да капалінаў з прарэзанымі візурай палямі, салады з заслонай — да прылбіц старэйшага тыпу.
Крыніцы, якія сведчаць аб ужыванні саладаў на землях Вялікага Княства Літоўскага, даволі скупыя. Найбольшую каштоўнай уяўляюць арыгінальныя шлемы, адзін з якіх, знойдзены ў 1994 у г. Мсціславе, захоўваецца ў фондах мясцовага гісторычна-археалагічнага музея. Гэтая салада належыць да катэгорыі глухіх, выраблена з цэльнага кавалка жалеза i мае характэрную скругленую форму звона, краі якога злёгку адгінаюцца вонкі, а ззаду пераходзяць у доўгі выгнуты напатылічнік. Уздоўж шлема ідзе рабро, якое пераходзіць у сплошчаны грэбень. Пярэднюю частку звона праразае візура, перад якой размяшчаецца карнізік, утвораны шляхам загінання верхняга краю паўмаскі (іл. I, II). Найбліжэйшыя аналагі мсціслаўскай салады датуюцца 70-мі гг. XV ст.
У парыжскім Музеі арміі знаходзіцца салада, якая належала да гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага, вырабленага каля 1555 г. Кунцам Лохнерам. Выкананы з аднаго кавалка металу звон шлема з доўгім напатылічнікам, грэбенем i высунутай наперад паўмаскай, забяспечанай стрыжнем для прыкручвання падбародніка дапаўняецца спічаста прафіляванай заслонай, якая ахоўвае лобную частку нагалоўя i выконвае функцыі ўзмацняльнай пласціны фактычна глухога шлема (іл. VI). Салада належала да турнірных i прызначалася для спецыяльнага саксонскага паядынку праз плот. У збраёўні Нясвіжскага замка захоўвалася яшчэ адна падобная салада, малюнак якой, зроблены ў сярэдзіне XIX ст. Ю.Т. Палкоўскім, апублікаваны М. Берсанам. Галоўную адметнасць гэтага шлема складала паўмаска, не выкаваная разам са звонам, а прыкляпаная да яго пры дапамозе васьмі нітаў.
Што да выяўленчых крыніц, якія сведчаць аб ужыванні саладаў у Вялікім Княстве Літоускім, то самыя раннія з ix датуюцца 80-мі гг. XV ст. Дзве салады — адкрытая i з заслонай — паказаны на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (іл. XXV, XXX). Дапоўненая падбароднікам салада з заслонай ахоўвае галаву вершніка «Пагоні» з т. зв. «літоўскай» пячаткі Аляксандра Ягелона, што ўжывалася гэтым вялікім князем з 1492 г. (мал. 1: 10). У часы кіравання Аляксандра падобныя шлемы з’яўляюцца таксама на макетах Вялікага Княства (мал. 1:11).
Шырока прадстаўлены салады з заслонай на карціне «Бітва пал Оршай». Цікава, што салады на карціне маюць не толькі ўласцівыя гэтаму тыпу нагалоўяў сплюшчаныя заслоны, але i заслоны, тыповыя для прылбіц малодшага тыпу (іл. XXIV b, XXIV с.).
На сённяшні дзень асобнага тэрміна для азначэння салады ў пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага не выяўлена. Не выключана, што дзякуючы набліжанасці розных мадыфікацый саладаў па канструкцыйна-функцыянальных асаблівасцях да іншых відаў баявых нагалоўяў, яны фіксаваліся пад адпаведнымі тэрмінамі (прылбіца, капалін, часам, можа, нават шалом). Зыходзячы з гэтага, сам тэрмін «салада» у дачыненні да мясцовых рэалій выглядае даволі штучным, аднак яго выкарыстанне, а таксама аб’яднанне кан-струкцыйна розных шлемаў у адзін тып мэтазгодна з пункту гледжання традыцый еўрапейскага збраязнаўства. Разам з тым адсутнасць спецыяльнага тэрміна абцяжарвае высвятленне шэрага момантаў, звязаных з ужываннем саладаў у Вялікім Княстве, у прыватнасці — храналагічных рамак ix бытавання.

Штурмгабы (штурмакі).

У сучаснай еўрапейскай збраязнаўчай навуцы лічыцца, што ў аснове генезісу штурмгаба (ням. Sturmhaube) ляжала салада. Аднак не выключана, што на кшталтаванне такіх шлемаў аказала таксама ўплыў прылбіца малодшага тыпу. Аснову штурмгаба складаў глыбокі звон з рухомым альбо нерухомым брыльком, найчасцей з грэбенем i з рухомымі шчокамі ці падбароднікам на шарнірах. Ахова патыліцы i шыі ажыццяўлялася як пры дапамозе выціягнутай тыльнай часткі звона, так i праз даданне фольгавага напатылічніка. Як правіла, штурмгабы выступалі ў якасці адкрытага шлема, аднак ужываліся таксама экземпляры з аховай твару ў выглядзе маскападобнай заслоны альбо падбародніка-«барта» з візурай. У другой палове XVI ст. бытавалі таксама штурмгабы з рухомым наноснікам-«стрэлкай», прапушчанай праз адтуліну ў брыльку.
На землях Вялікага Княства Літоўскага штурмгабы ўжываліся з сярэдзіны XVI ст., хоць спарадычна яны маглі выкарыстоўвацца i раней. На думку 3. Фуіньскага, штурмгаб уваходзіў у склад даспешнага гарнітура работы аўсбургскага платнера Кольмана Гешміда з радзівілаўскай збраёўні ў Нясвіжы, які датуецца прыблізна 1530 г. Пару дзесяцігоддзяў пазней падобныя нагалоўі робяцца ўжо даволі масавымі, аб чым сведчыць, між іншым, запіс аб высылцы ў 1557 г. па заказе надворнага платнера Жыгімонта Аўгуста Фларыяна Сібенбургера з Кракава ў Вільню «Armzeug und Sturmhauben geleych 150». У 1566 г. у «цекгавзе» Берасцейскага замка знаходзілася 99 штурмгабаў, прычым іншых шлемаў замкавы інвентар не фіксуе.
Вялікая колькасць штурмгабаў мелася ў распараджэнні асобных магнатаў і заможнай шляхты. Так на попіс 1567 г. Каралеўскі сакратар пан Вацлаў Агрыпа «ставил коней пять збройне – зброи блях., штурмгабы, а влочни…». З 15 вершнікаў, выстаўленых у тым жа годзе старастам Пінскім Юрыем Іванавічам, штурмгабы мелі 13 чалавек. Падобныя ж шлемы складалі большасць нагалоўяў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Сярод ix налічвалася: «штурмгабаў для пешага люду шмальцаваных 36», «штурмгабаў з насамі для езднага люду шмальцаваных 13», «штурмгабаў месцамі пазалацістых 2», «штурмгабаў паліраваных да пешага люду 9», «штурмгаб заварты шмальцаваны 1». Штурмгабы з насамі «з насамі» - гэта, напэўна, нагалоўі з наноснікам-«стрэлкай», у той час як «штурмгаб з бартам» мусіць азначаць нагалоўе са шчокамі і накладным падбароднікам, а «штурмгаб заварты» - шлем з маскай-заслонай. Такія штурмгабы ўваходзілі, дарэчы, паводле рэканструкцый О. Гамбера і З. Фуіньскага, у склад гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага работы Кунца Лохнера і яшчэ аднаго нясвіжскага гарнітура другой паловы ХVІ ст., асобныя часткі якога знаходзяцца зараз у музеі мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку. Абодва нагалоўі мелі глыбокі звон, да якога на скроневых шарнірах мацаваліся брылёк і падбароднік з каўняром. Па баках падбародніка меліся яшчэ дзве пары шарніраў для мацавання двухчасткавай заслоны, якая адхілялася шляхам апускання ўніз (мал. 27).
Гарнітур Радзівіла Чорнага ўключаў таксама i адкрыты штурмгаб, які на сённяшні дзень знаходзіцца ў зборах венскага Музея ўзбраення. Шлем характаразуецца глыбокім звонам з аформленай у выглядзе напатылічніка тыльнай часткай, дзе размяшчаецца ўтулка пад султан, высокім грэбенем, статычным «ламаным» брыльком i шырокімі шчокамі (іл. III). Падобны па сваёй канструкцыі штурмгаб належаў i брату Мікалая Радзівіла Чорнага — Мікалаю Радзівілу Рудому. Скласці ўражанне аб выглядзе штурмгаба дазваляе партэт уладальніка, змешчаны ў выдадзенай у 1601 г. у Інсбруку «Кнізе пра знакамітых воінаў», дзе гэты шлем паказаны ў камплекце з італьянскім паўдаспехам, вырабленым у 1545 – 1551 гг.
Зрэдку фіксуецца ўжыванне штурмгабаў i феадаламі з больш сціплымі фінансавымі магчымасцямі. У попісе 1567 г. згадваецца ашмянскі шляхціц Юры Забалоцкі, які «ставил конь 1 збройно, зброя бляхова, штурмгаб, рогат.». Разам з тым ужыванне штурмгабаў павятовай шляхтай насіла хутчэй парадычны, выпадковы характар, на што паўплывала, як падаецца, распаўсюджанне іншых нагалоўяў з блізкімі баявымі якасцямі, а менавіта шышакоў.

Шышакі.

Распаўсюджанне падобных шлемаў у Вялікім Княстве Літоўскім адбывалася адначасова з распаўсюджаннем штурмгабаў. Яны ўяўлялі сабой адкрытыя нагалоўі, што складаліся са звона з прынітаваным нерухомым брыльком, праз які прапускаўся прыкручаны да лобнай часткі шлема наноснік, шчок i фольгавага напатылічніка. Канструкцыйна шышакі набліжаліся да адкрытых штурмгабаў, аднак усходняе (праўдападобна турэцкае) ix паходжанне абумовіла тыпова арыентальныя абрысы. Звон шышакоў, сфераканічны ці сферычны (часам упрыгожаны султанам-«шкофіяй»), меў гары-зантальна зрэзаны край i па прычыне адноснай плыткасці патрабаваў абавязковага дапаўнення фольгавым напатыльчнікам; шчокі, забяспечаныя слыхавымі адтулінамі, мелі спецыфічную міндалепадобную форму з таксама міндалепадобнай пукатасцю ў цэнтры.
Нягледзячы на арыентальнае паходжанне, шышакі ў XVI ст. прадукаваліся i ў цэнтральнаеўрапейскіх краінах. Паўднёванямецкім, праўдападобна нюрнбергскім, майстрам быў выраблены каля 1550 г. пакрыты залатым арнаментам i аздоблены каштоўнымі камянямі шышак з калекцыі Тышкевічаў у Лагойску, які захоўваецца зараз у кракаўскім Вавелі (іл. XI). Звон яго амаль сферычны, з вертыкальнымі фаскамі i гузам наверсе, шчокі — з міндалепадобнымі аправамі слыхавых адтулін. Напатылічнік складаецца з пяці фолыаў, з тылу звона маецца ўтулка пад султан, брылёк шлема завостраны (наноснік страчаны).
Майстэрні нямецкага платнера належыць таксама шышак «венгерскага» тыпу са сфераканічным звонам, упрыгожаным у сярэдняй частцы дробнымі канелюрамі, завостраным брыльком, наноснікам i кароткім двухфольгавым напатылічнікам (іл. X). На абводзе звона пазначана дата вырабу — 1561. Шлем цалкам пазалочаны i пакрыты вытраўным раслінным узорам. Лічыцца, што першапачаткова ён належаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму (зараз захоўваецца ў Вавелі).
Падобныя багата аздобленыя шышакі з’яўляліся надзвычай каштоўным элементам узбраення. Сярод маёмасці, зрабаванай ў 1577 г. у двары Верхавецкім, што належаў Апалоніі Капцовай, фігуруюць 3 «шышакі пазалацістыя, серабром апраўленыя са шкофіяй», якія каштавалі 100, 70 i 60 коп літоўскіх грошаў, што раўнялася кошту 15-25 добрых валоў! Натуральна, што такія каласальныя сумы выплочваліся толькі за асобныя нагалоўі параднага прызначэння. Звычайныя баявыя шышакі былі значна таннейшымі: некаторыя з ix каштавалі 1-1,5 капы. Гэта была даволі даступная цана, паколькі, як сведчаць, напрыклад, даныя попісу 1567 г., шышакі ўжываліся не толькі магнатамі, але i павятовай шляхтай. Як вынікае з аналізу ўзбраення шэрага харугваў паспалітага рушэння (табл. 2), працэнт шышакоў у агульнай масе шлемаў, што знаходзіліся на ўзбраенні павятовай шляхты, быў у 60-х гг. яшчэ невысокім, аднак ужо ў гэты час яны займаюць па папулярнасці другое месца пасля прылбіц, прычым абазначылася выразная тэндэнцыя па выцясненні апошніх шышакамі. Толькі шышакі фігуруюць сярод рэчаў, зрабаваных у 1564 г. у двары Вечын каля Луцка, у 1566 г. у маёнтку Серабрышчы, у 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павета. Выключна такія нагалоўі засталіся пасля смерці шляхціца Берасцейскага ваяводства Міхайлы Казярадскага ў 1580 г. Толькі шышакі пакінуў у 1582 г. пасля сябе ў маёнтку Карсаковічы Менскага павета Марцін Вольскі
Шпарчэйшымі тэмпамі адбывалася пашырэнне шышакоў сярод заможных феадалаў. Так, у наёмнай роце Філона Кміты ў 1567 г. на 98 прылбіц прыпадала 53 шышакі, але найбольшы працэнт падобных нагалоўяў назіраўся сярод даводцаў почтаў - таварышаў, 24 з якіх мелі шышакі i толькі 2 — прылбіцы. У 1567 г. цэлыя атрады, узброеныя шышакамі, выслалі на попіс Васіль Чапліч, арандатар маёнтка Маляцічы Слонімскага павета, пан Андрэй Аўлачынскі, уладальнік маёнткаў у Слонімскім, Менскім i Уладзімірскім паветах, падкаморы Уладзімірскі пан Аляксандр Сямашка і інш.
Важным крокам, спрыяльным пашырэнню шышакоў, служылі вайсковыя рэформы Стэфана Баторага другой паловы 70-х гг. XVI ст., якія вызначылі шышак у якасці прыярытэтнага нагалоўя найбольш «аўтарытэтнага» на той час роду войск — гусарыі. У III Статуце Вялікага Княства Літоускага шышак узгадваецца ўжо як адзін з асноўных відаў шлемаў, рэкамендаваных для ўжывання.

Баявыя пакрыцці тулава

Да XIV ст. баявыя пакрыцці тулава ў Еўропе выступалі ў дзвюх асноўных формах — у выглядзе кальчугі i засцерагальнага «касцюма», набранага з металічных пласцінак. Для пазначэння апошняга на землях Русі з XIII ст. выкарыстоўваецца тэрмін «даспех», які, таксама як i ў сучасных усходнеславянскіх мовах, абазначаў яшчэ i металічнае засцерагальнае ўзбраенне наогул. Далейшая эвалюцыя засцерагальных сродкаў на захадзе Еўропы ў накірунку павелічэння ix надзейнасці прывяла да з’яўлення даспеха, вырабленага з буйных металічных частак, які ўжо з канца XIV ст. займае побач з традыцыйнымі відамі засцерагальных сродкаў важнае месца i ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Паводле галоўных канструкцыйных асаблівасцяў усе мадыфікацыі даспеха, ужываныя ў Вялікім Княстве ў канцы XIV — канцы XVI ст., можна падзяліць ка тры групы — пласцінкавы, пласцінавы i колкавы даспех. Асобна варта выдзеліць таксама неметалічны даспех, які па сутнасці выступаў не як вузкафункцыянальны засцерагальны сродак, а як прыстасаваная для ваенных мэтаў звычайная вопратка, аднак характар гэтых мэтаў не дазваляе пакінуць яго па-за ўвагай.
У аснове выдзялення вышэйназваных груп ляжыць канструкцыя пакрыцця найбольш жыццёва важнай часткі тулава — торса, якое ў пласцінавым даспеху было жорсткім, у колкавым i неметалічным — эластычным, а ў пласцінкавым — абмежавана эластычным. У гэтым сэнсе тэрміналагічнае вызначэнне выдзеленых груп выглядае пры ўсёй сваёй традыцыйнасці даволі ўмоўным, паколькі эластычнасць даспехаў, дакладней ix «праціскаемасць», залежала не толькі ад велічыні i канфігурацыі дэталяў (прынамсі ў металічных відах пакрыцця тулава), але i ад спосабаў ix злучэння. Трэба ўлічваць таксама наяўнасць пераходных варыянтаў, у якіх у якасці дадатковых элементаў маглі выкарыстоўвацца канструкцыйныя дэталі даспехаў іншых груп. Прыкладам могуць служыць пласцінкава-колкавыя даспехі, альбо даспехі, у сваёй аснове неметалічныя, але ўзмоцненыя жалезнымі элементам.
Першачарговае значэнне для вывучэння баявых пакрыццяў тулава ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XIV - канцы XVI ст. маюць пісьмовыя крыніцы, якія ў комплексе з менш шматлікімі выяўленчымі i рэчавымі крыніцамі дазваляюць зрабіць гэта даволі поўна. Найбольшую каштоўнасць уяўляюць дакументы канца XV — XVI ст., якія вызначаюцца добра распрацаванай тэрміналогіяй. На жаль, правесці класіфікацыю даспехаў на аснове аўтэнтычных тэрмінаў, як тое было зроблена ў выпадку з баявымі нагалоўямі, не заўсёды ўяўляецца магчымым па прычыне ix мабільнасці, разнапланавасці i зменлівасці на працягу азначанага перыяду.

Пласцінкавы даспех.

Распаўсюджанне на землях, аб’яднаных у складзе Вялікага Княства Літоўскага, аховы цела з металічных пласцінак бярэ свой пачатак яшчэ з часоў «далітоўскай» Русі, дзе яна выступае ў двух відах - у выглядзе даспехаў «раменнага мацавання» i даспехаў «на аснове». Найбольш старажытнымі з’яўляюцца даспехі «раменнага мацавання», у якіх адносна невялікія падоўжаныя пласцінкі звязваліся паміж сабой пры дапамозе раменьчыкаў. Падобную сістэму наборнага пласцінкавага даспеха прынята таксама называць лямелярнай альбо лямельковай. Характэрнай рысай лямелярнага даспеха з’яўляецца вертыкальнае размяшчэнне пласцінак, набраных у даволі шырокія палосы, якія злучаліся адна з адной гарызантальнымі радамі, прычым i пласцінкі ў складзе палос, i самі палосы ў складзе гатовага даспеха находзілі сваімі краямі адна на адну. У Еўропу лямелярны даспех трапіў з Усходу, дзе ён вырабляўся не толькі з металу, але i з арганічных матэрыялаў, напрыклад рогу ці цвёрдай скуры. У кражах «лацінскай» Еўропы падобная форма засцерагальнага «касцюма» ўжывалася да канца XIV ст, у той час як на ўсходнерускіх землях яна бытавала да канца XV ст.
У Вялікім Княстве Літоўскім лямелярныя даспехі маглі выкарыстоўвацца прынамсі яшчэ ў канцы XІV ст., хаця сведчанні аб ix надзвычай абмежаваныя. Воін у падобным даспеху паказаны на пячатцы Троцкага князя Кейстута за 1379 г. Даспех мае выгляд камізэлькі без рукавоў i падола, што набліжае яго да ўзора, знойдзенага на месцы бітвы пад Вісбі (Готланд) у 1361 г. Рады пласцін падзяляюцца вузкімі гарызантальнымі паскамі, функцыянальнае прызначэнне якіх вядома па ўсходніх матэрыялах. Падобныя паскі, вырабленыя са скуры i сагнутыя ўдвая па ўсёй даўжыні, абгортваліся вакол верхняга краю набраных з пласцінак гарызантальных палос, перад тым як гэтыя палосы звязваліся ў гатовы даспех. Археалагічна дэталі лямелярнага даспеха на землях Вялікага Княства Літоўскага амаль не прадстаўлены. Пэўнае выключэнне складае знойдзеная ў Друцку ў слаях XIII—XIV ст. паўкруглая краявая пласцінка памерамі 63x34x1 мм з дзесяццю адтулінамі ўздоўж закругленага боку (мал. 3: 1), бліжэйшы аналаг якой у Ноўгарадзе датуецца сярэдзінай XIV ст., а таксама пласцінкі, выяўленыя ў слаях XIII—XІV ст. Смаленска (мал. 3: 2), які, тым не менш, быў канчаткова далучаны да Вялікага Княства толькі на пачатку XV ст. Разам з тым можна меркаваць, што даспехі «раменнага мацавання» не былі тут рэдкасцю, прынамсі ў часы пашырэння тэрыторыі гэтай дзяржавы за кошт рускіх зямель, дзе падобная форма аховы тулава была даволі папулярная. У гэтым сэнсе не лішне было б прывесці i меркаванне польскіх даследчыкаў, якія адзначаюць уплыў Вялікага Княства Літоўскага на распаўсюджанне лямелярнага даспеха ў шэрагу зямель Польшчы, у прыватнасці на Мазовіі.
У адрозненне ад лямелярных даспехаў пласцінкі даспехаў «на аснове» не звязваліся паміж сабой, а прышываліся ці нітаваліся да скураной альбо тэкстыльнай асновы. Даспех, набраны з пласцінак, забяспечаных адтулінамі для мацавання толькі ўздоўж аднаго краю, што дазваляла напускаць пласцінкі адна на адну ў выглядзе рыбінай лускі, прынята называць «лускавым». Апроч лускавых існавалі i такія віды даспеха «на аснове», у якіх пласцінкі размяшчаліся не ўнахлёст, а ў стык. У Маскоўскай дзяржаве ў часы позняга сярэднявечча такі даспех атрымаў назву «куяк».
У Вялікім Княстве Літоўскім даспехі «на аснове» бытавалі на працягу ўсяго акрэсленага перыяду. Адносна някепска прадстаўлены яна археалагічнымі матэрыяламі. Даспешная пласцінка прастакутнай формы (64x22x1,5 мм) з 15 адтулінамі ўздоўж аднаго доўгага i двух кароткіх краёў знойдзена познесярэднявечных слаях Друцка (мал. 3: 6). На паверхні пласцінкі змешчаны арнамент у выглядзе шасці рэльефна выціснутых паралельных «сярпоў», контуры якіх падкрэслены пуансонам. Пласцінка памерамі 90х75 мм з праскутным узмацненнем у цэнтры і чатырма адтулінамі ў кутах, што ўказвае на сістэму набору падобных пласцінак устык, знойдена ў слаях XIII — XV ст. крычаўскага замчышча. Чатыры пласцінкі лускавага даспеха выяўлены ў слаях другой паловы XIV — пачатку XV ст. Старога замка ў Гродне (мал. 3:3 — 5). Пласцінкі маюць дзве формы: блізкую да квадрата (35x44 мм) i падоўжаную выгнутую (35x78 мм). Таўшчыня пласцінак 2 — 2,5 мм. Лускаваму даспеху належала пласцінка памерамі 75x58 мм, датаваная XV ст. i знойдзеная ў княжацкім палацы Віленскага Ніжняга замка (мал. 3:7). Лускападобная пласцінка падоўжанай выгнугай формы (100x35x1,5 мм) знойдзена таксама ў Брэсце ў слаі XVI ст.
Пласцінкі даспеха «на аснове» маглі мацавацца да яе як са знешняга, так i з унутранага боку, альбо нават паміж двума слаямі скуры ці моцнай тканіны. У залежнасці ад гэтага ўсе даспехі падобнага тыпу мэтазгодна падзяляць на «белыя» i крытыя. Крытыя даспехі, набраныя з пласцінак сярэдніх памераў, варта ў сваю чаргу вызначыць як «платы» ці «латы» (пол. platy, plata, platha, lattae, iоppa і інш., нам. plate, фр. cotte de plates ці pair de plattes, англ. coat of plate, hauberk of plates). Платы распаўсюдзіліся ў Еўропе з сярэдзіны XIII ст. i былі занесены сюды мангола-татарамі. У XIV ст. платы выступаюць у якасці найбольш пашыранага віду даспехаў «лацінскай» Еўропы; былі вядомы яны i на Русі, хоць i не карысталіся тут такой папулярнасцю, як на Захадзе.
Вельмі часта еўрапейскія платы ўяўлялі сабой звычайную вопратку, паднітаваную жалезнымі пласцінкамі, што надавала ім характар даспеха-касцюма, які насіўся пераважна паверх кальчужнай аховы цела. Верагодна такі даспех паказаны на пячатцы Кейстута, якая датуецца прыблізна 1353 г. Ён уяўляе сабой доўгі, у адпаведнасці з тагачаснай еўрапейскай модай, хітонкотту без рукавоў, які апускаецца крыху ніжэй каленяў. Вышэй пояса на ім выразна відаць гарызантальныя палосы, якія павінны азначаць схаваныя пад тканінай рады пласцін. Галовак заклёпак, якія ў падобных даспехах звычайна выступалі на паверхні пакрыцця, не відаць, што можа тлумачыцца як схематычнасцю выявы, так i спосабам мацавання пласцінак не пры дапамозе нітавання, а пры дапамозе прышывання. Ніжэй пояса хітон паднітавання не мае, што абумоўлівалася, верагодна, патрабаваннямі зручнасці пры верхавой яздзе. Гэтым жа тлумачыцца таксама глыбокі разрэз спераду, краі якого падабраны i адкінуты назад.
На жаль, не заўсёды можна дакладна вызначыць, якія з пласцінак, знойдзеных падчас археалагічных раскопак, належалі да «белых» наборных даспехаў «на аснове», а якія - да крытых, паколькі адна i тая ж форма пласцінак магла быць уласцівай як першым, так i другім. Непакрытым даспехам маглі належаць друцкая i крычаўская пласцінкі, пра што сведчыць рэльефнае афармленне ix паверхні. У сваю чаргу гродзенскія пласцінкі, прынамсі падоўжаныя, з’яўляліся элементамі платаў, на што ўказваюць галоўкі заклёпак на ix знешнім баку. Па форме i характары размяшчэння адтулін гродзенскія падоўжаныя пласцінкі цалкам адпавядаюць некаторым пласцінкам XIV ст., выяўленым у Ліндхольме (дацка-шведскае памежжа), а таксама пласцінкам верхняга рада платаў, знойдзеных у Плементах, што ў Торуньскім ваяводстве ў Польшчы (пачатак XV ст.), хоць i адрозніваюцца ад ix меншымі памерамі.
Напэўна блізкія па характары мацавання пласцін даспехі, названыя «платнеры», знайшоу ў 1498 г. у маёнтку Станькава пасля смерці пана Юршы ягоны сын Пётр: «и я исповедал ему платнеры, и он мне велел зброю (у арыгінале «зброю». - Ю.Б.) чистити и нитовати». Паказальна, што даспехі на момант ix узгадкі знаходзіліся ў стане кепскай захаванасці, як можна меркаваць, па прычыне ix старасці. Увогуле, платы ў канцы XV ст. з’яўляліся ў значнай ступені ўжо анахранізмам; ix мадэрнізацыя распачалася яшчэ ў XIV ст. i адбывалася ў двух накірунках. У выніку павелічэння памеряў пласцін была сканструявана кіраса, што складалася з некалькіх буйных частак i з’яўлялася галоўным элементам поўнага, т. зв. «цэлькакаванага», даспеха. У другім выпадку змяншэнне пласцінак прывяло да ўтварэння гнуткага даспеха ў выглядзе кароткай камізэлькі, паднітаванай дробнымі бляшкамі, які па прычыне сваёй эластычнасці больш набліжаўся не да пласцінкавых даспехаў, а да пласцінкавых даспехаў, а да панцыраў. У сучаснай збраязнаўчай навуцы падобны даспех прынята называць «брыгандынай». Брыгандыны, папулярныя ў Еўропе ў ХV і ХVІ ст., частка пакрываліся шляхетнымі тканінамі – аксамітамі ці ядвабам і яшчэ больш чым платы выконвалі ролю даспеха-касцюма.
Першыя адзінкавыя ўзгадкі аб ўжыванні палітычнай элітай Вялікага Княства Літоўскага касцюма, узмоцненага «жалезным палатном» (textorium ferreum) і вырабленага са шляхетных тканін, трапляюцца ўжо ў канцы ХІV ст. У ХVІ ст. брыгандыны фігуруюць ў дакументах у дакументах Вялікага Княства Літоўскага пад рознымі тэрмінамі ў залежнасці ад формы пласцінак і сістэмы іх набору, прычым аналагічныя тэрміны выкарыстоўваюцца ў гэты час i для пазначэння непакрытых даспехаў. Так у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. узгадваецца «бехтер черленым оксамитом кпить». Вядома, што пад бехцерам звычайна разумеўся непакрыты пласцінкава-колкавы даспех усходняга, праўдападобна персідскага, паходжання, які ўяўляў сабой кальчужную камізэльку без рукавоў, у якую на грудзях і спіне ўпляталіся дробныя прастакутныя пласцінкі, размешчаныя гарызантальна і аб’яднаныя ў доўгія вертыкальныя рады. У складзе кожнага рада пласцінкі, забяспечаныя па кароткіх краях адтулінамі для мацавання кальчужных перамычак, напускаліся адна на адну такім чынам, што пры ўдары стваралася падвойная ці нават патройная ахова цела. Падобная сістэма набору пласцінак павінна была прысутнічаць і ў «крытым бехцеры», хоць функцыю па злучэнні іх у цэльны даспех павінна было выконваць тэкстыльнае пакрыццё, часам, магчыма, у камплекце з кальчужным пляценнем. Аналагічныя брыгандыны вядомыя, напрыклад, па італьянскіх матэрыялах пачатку ХVІ ст.
Даспехі, акрэсленыя як «бехцер», сустракаюцца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага ХVІ ст. давалі часта. Падобную ахову тулава меў у 1528 г. князь Андрэй Збаражскі, які служыў у гэты час у польскай наёмная роце Яна Мялецкага, а таксама чатыры чалавекі ягонага дзевяціасабовага почту. Два бехцеры налічвалася ў дзесяціасабовым атрадзе Мікалая Збаражскага, які фігуруе ў 1536 г. у роце Пракопа Сеняўскага, адзін бехцер – у пяціасабовым атрадзе Рыгора Кіеўляніна (1542 г., рота Камянецкага). Бехцер як прычына канфлікту паміж Караеўскім служэбнікам Анам Скуратам і нейкім Андрэем Меляшкоўскім узгадваецца пад 1539 г. «Пахцеры» значыліся сярод маёмасці, захопленай алыцкімі мяшчанамі ў маёнтку князя Фёдара Галаўні Дзерн у 1565 г.
Паводле попісу 1567 г. коннай роты Філона Сымонавіча Кміты Чарнабыльскага, бехцер меў адзін з пахолкаў почту Рамана Стэцковіча, а менавіта Фёдар Меляшковіч. У тым жа годзе ў бехцеры выехаў на попіс адзін з пахолкаў пана Паўла Сноўскага; адзін бехцер налічваўся ў харугве Браслаўскага павета, па два – у Віленскай і Менскай харугваў і г. д. На жаль, ва ўсіх пералічаных выпадках не ўказваецца, якія бехцеры меліся на ўвазе - крытыя ці «белыя», паколькі апошнія таксама ўжываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Фрагмент непакрытага бехцера выяўлены ў познесярэднявечных слаях Друцка (мал. 3x8). Верагодна да класічных, непакрытых, бехцераў кальчужнага мацавання пласцінак належаў «бехцер панцэровы з бляшкамі пазалочанымі», фіксаваны ў рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, а таксама «бехцер стары просты жалезны», што фігуруе ў спісе зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г. Падобныя даспехі, для якіх былі характэрныя даволі высокія баявыя якасці, маглі як вырабляцца на месцы па ўсходніх узорах, так i закупляцца за мяжой i нават захоплівацца ў якасці трафея. Так у 1564 г. пасля бітвы пад Улой у адступаючага маскоўскага войска князя Сярэбранага ваярамі Вялікага Княства Літоўскага было захоплена панцыраў i бехцераў (у Маскоўскай дзяржаве ўжываліся непакрытыя бехцеры) на 6000 асобаў. Іншы від брыгандыны, адметны ад «крытага бехцера», узгадваецца ў рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г. як «karaczenka stara Je-o М’сі czerwonym axamicziskiem pokryta». Звычайна пад карацэнай (ад ням. Korazin i італ. corazzino) разумеюць «белы» даспех, набраны з пласцінак лускавай формы. Менавіта такія карацэны атрымалі шырокую папулярнасць на землях Польшчы i Вялікага Княства Літоўскага ў XVII—XVIII ст. «Крытыя карацэны» павінны былі, такім чынам, уяўляць сабой брыгандыны, у якіх пласцінкі размяшчаліся не вертыкальнымі радамі, а лускападобна.
У пісьмовых крыніцах, якія тычацца ўзбраення Вялікага Княства азначанага перыяду, карацэны фігуруюць рэдка. У «карецене» выехаў на попіс 1567 г. шляхціц Віленскага павета Юры Якубовіч. «Карацэна на чорным аксаміце нітаваная з рукавамі» была сярод іншых рэчаў выслана ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Да «белых» ці крытых належалі вышэйзгаданыя даспехі, дакладна невядома, хоць можна выказаць меркаванне, што нясвіжская карацэна з’яўлялася брыгандынай, паколькі такі дарагі i не самы трывалы матэрыял, як аксаміт, уяўляецца больш прыдатным для дэкаратыўнага пакрыцця, чым для чыста функцыянальнай асновы нябачнай пад слаямі пласцінак.
Спецыфічным тыпам наборнага даспеха, фіксаванага дакументамі Вялікага Княства Літоўскага XVI ст., з’яўляецца зярцала. Аснову яго складалі дзве буйныя пласціны, што прыкрывалі грудзі i спіну. Да гэтых пласцін пры дапамозе кальчужных перамычак альбо раменьчыкаў мацаваліся пласціны меншага памеру, якія ахоплівалі бакі, а часам i плечы ваяра. Пласціны, асабліва нагрудная i наспінная, паліраваліся да люстранога бляску, адкуль i паходзіць назва гэтага ўсходняга даспеха, што трапіў на землі Вялікага Княства праўдападобна праз тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы. «Зерцадла московския одны» фігуруюць у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. «Зерцала 4» знаходзіліся ў 1536 г. таксама сярод амуніцыі замка Магільна. Іншых фіксацый такога даспеха на сённяшні дзень не выяўлена.

Пласцінавы даспех.

Працэс узнікнення еўрапейскага пласцінавага даспеха прайшоў некалькі этапаў. Найбольш важным стаў перыяд з 1330 па 1410 г., калі была сканструявана жорсткая кіраса, што ахоўвала торс ваяра, а таксама поўныя пласцінавыя пакрыцці рук i нoг. Найбольшая кансерватыўнасць назіралася ў выкарыстанні пакрыццяў торса, традыцыйныя наборныя віды якіх у той ці іншай ступені бытавалі на працягу ўсяго акрэсленага перыяду, часам у камплекце з пласцінавай аховай канечнасцяў. На землях Вялікага Княства Літоўскага яны маглі таксама дапаўняцца спецыфічнымі элементамі, такімі як «tasses de Russie», пералічанымі сярод узбраення, падараванага ў 1421 г. Вітаўтам паслу ангельскага караля i бургундскага герцага Жыльберу дэ Лануа. Гаворка тут ідзе, напэўна, пра элементы пласцінкавага даспеха, што прыкрывалі суставы, найверагодней локці ці плечы. Напрошваецца аналогія паміж згаданымі «tasses» i «рускімі наплечнікамі» (Ruschen Armledir), якія даволі высока цаніліся нават крыжакамі, пра што сведчыць ix фіксацыя ў арсеналах Тэўтонскага ордэна пад 1396, 1401 i 1422 гг. Пераканаўча выглядае спроба польскага даследчыка А. Навакоўскага інтэрпрэтаваць «рускія наплечнікі» як невялікія выпуклыя наплечнікі трохкутнай формы, якія мацаваліся пры дапамозе завесаў да плечавой часткі даспеха; падобная дэталь баявога касцюма вядомая акрамя ўсяго іншага па археалагічных матэрыялах Ноўгарада.
Жорсткая кіраса, што з’яўлялася вызначальным элементам пласцінавага даспеха, была сканструявана ў сярэдзіне XIV ст. Аснову яе складаў цэльнакаваны альбо нерухома знітаваны з некалькіх частак нагруднік, дапоўнены такім жа самым чынам скроеным наспіннікам. Знізу да кірасы мацавалася металічная спаднічка, набраная з абручападобных пласцін, якія сваімі краямі находзілі адна на адну i прыкрывалі ніжнюю частку жывата i часткова бёдры ваяра. Першапачаткова ўся канструкцыя нітавалася, як i ў платах, з унутранага боку, да моцнай тканіны ці скуры, што дазваляе называць яе крытай кірасай. У далейшым тэкстыльнае альбо скураное пакрыццё начало выходзіць з ужытку (найбольш інтэнсіўна пасля 1410 г.) i наступіў век «белага», г. зн. паліраванага, даспеха.
У складзе поўнага даспеха кіраса выступала ў камплекце з элементамі аховы канечнасцяў. Ахова ног складалася з набедранікаў, накаленнікаў, нагалёначнікаў i фольгавых чаравікаў, прычым нагалёначнікі (а часам i набедранікі) мелі выгляд двухчасткавых труб, якія расчыняліся на завесах i зашпільваліся пры дапамозе спражак. Трубчастая канструкцыя ляжала таксама ў аснове поўных ахоў рук, якія складаліся з наплечніка, верхняй трубы (ням. Oberarmrohre), налакотніка i ніжняй трубы (ням. Unterannrohre), якая прыкрывала руку ад локця да кісці. Асобны элемент аховы рук складалі металічныя рукавіцы, як правіла, з раздзельнымі пальцамі. 3 першай паловы XV ст. ужываліся таксама рукавіцы, у якіх асобнае ад усёй кісці пакрыццё меў толькі вялікі палец.
Пранікненне поўнага пласцінавага даспеха на землі Вялікага Княства Літоўскага можна заўважыць ужо ў канцы XIV ст., прычым адбывалася гэта, як можна меркаваць, дзякуючы пасрэдніцтву найбліжэйшых заходніх суседзяў балта-славянскай дзяржавы, у першую чаргу Польшчы. У выніку палітычнага збліжэння Кароны Польскай i Вялікага Княства пасля заключэння Крэўскай уніі прадукцыя каронных платнераў служыла важнай крыніцай даўзбраення Літоўскага войска, найперш прадстаўнікоў палітычнай эліты, напярэдадні рашучага сутыкнення з Тэўтонскім ордэнам. Гэта знайшло адлюстраванне ў шэрагу тагачасных дакументаў, найбольш цікавымі з якіх уяўляюцца рахункі польскага каралеўскага двара за 1388 — 1420 гг. Паказальна, што ў спісах узбраення, якое набывалася ў Польшчы, фігуруюць не толькі поўныя даспехі, але i ix асобныя элементы, пераважна ахова рук і ног. Можна тому дапусціць, што рэшта баявога касцюма ўжо знаходзілася ва ўладанні ў набыўцоў. Не выключана, што апошнія маглі калі-нікалі дапаўняць пласцінавымi аховамі канечнасцяў традыцыйны наборны пласцінкавы даспех. У 1393 г. поўны даспех («harnasch totali») набыў Васіль, напэўна князь Чартарыйскі. Камплектную ахову рук i ног, а таксама жалезныя рукавіцы (beyngwanthy, scorky et cirotecis ferres) атрымаў у тым жа годзе пасол Вітаўта Ваўчок, а годам пазней — Раман, верагодна князь Кобрынскі. Два такія ж самыя камплекты, але без рукавіц (beyngwanthi et armillis alias scorky), набыў у 1393 г. пасланы ў Літву Корманч. Толькі пакрыцці ног атрымалі ў 1394 г. Вітаўт i нейкі ліцвін Барыс, асоба, як падаецца, ма-лазначная, у той час як князь Фёдар (Карыятавіч, Карыбутавіч, Патрыкевіч альбо Астрожскі) прыдбаў у І393 г. ахову рук i спаднічку-шорцу (szosl). Ажно 20 нагруднікаў кірас, коштам 12 грошаў кожны, былі высланы ў 1399 г. Вітаўту. Зыходзячы з ix колькасці i невысокіх коштаў, якія набліжаліся да мабілізацыйных коштаў Тэўтонскага ордэна, можна меркаваць, што нагруднікі прызначаліся не для самога князя ці магнатаў, а для шараговага рыцарства.
Сведчаннем ужывання ў Вялікім Княстве Літоўскім у канцы XІV—першай палове XV ст. пласцінавых даспехаў служаць таксама даныя сфрагістыкі. Некаторыя пячаткі літоўскіх князёў, на якіх у той ці іншай ступені прадстаўлены элементы такіх даспехаў, несумненна былі выраблены яшчэ ў тыя часы, калі масавы імпарт узбраення з Польшчы наўрад ці быў магчымым. Рыцар у поўным даспеху паказаны на пячатцы вялікага князя літоўскага Ягайлы, якая датуецца 1380 г. Торс ваяра ахоўвае выпуклая кіраса, абцягнутая па тагачаснай модзе шчыльна аблягаючым кафтанам-ленднерам, які даходзіць да сцёгнаў. Рукі i ногі таксама пакрыты аховай з буйных металічных частак. Кісці рук засцерагаюць рукавіцы з кароткімі шырокімі манжэтамі, характэрнымі для гэтага часу.
Выпуклыя кірасы, абцягнутыя ленднерам, прадстаўлены на пячатках Дзмітрыя Карыбута за 1386 г. (мал. 1: I) i Вітаўта за 1384—1385 гг., хоць іншыя дэталі даспеха паказаны тут толькі ў самых агульных рысах. Воін з пячаткі Дзмітрыя Карыбута мае пласцінавую ахову толькі ніжніх канечнасцяў, у той час як на пячатцы Вітаўта больш-менш выразна чытаюцца толькі рукавіцы з шырокімі кароткімі манжэтамі. Падобную ж дэталь баявога касцюма можна заўважыць таксама на пячатках Аляксандра Вігунта за 1388 г. (мал. 1: 7), Вітаўта за 1438 г. (мал. 1: 4) i Свідрыгайлы за 1452 г. (мал. 1: 8).
Выпуклая кіраса, відавочна «белая», пра што сведчыць адкрытая падоўжаная спаднічка з гарызантальных абручападобных пласцін, прадстаўлена на пячатцы Вітаўта за 1404 г. (мал. 1: 2). Ахова ног — з буйных металічных частак з акруглымі накаленнікамі, дапоўненымі кароткімі пласцінкамі-фольгамі, што находзяць на набедранікі i нагалёначнікі. Ахова рук не чытаецца. Непакрытыя кірасы паказаны таксама на пячатках Вітаўта за 1413 i 1425 гг. Апроч кірасы са спаднічкай на пячатцы 1413 г. відаць набраныя з жалезных палос чаравікі, якія высоўваюцца з-пад доўгіх шатаў, у той час як на пячатцы 1425 г. (мал. 1: 9) прысутнічае ахова рук з выразна паказаным завостраным налакотнікам (ногі змазаны). Падобны завостраны налакотнік у складзе поўнай аховы рукі паказаны таксама на пячатцы Вітаўта за 1418 г. Асобныя элементы аховы ног на ёй не выдзелены, аднак відавочна, што яна таксама складаецца з буйных металічных частак, на што ўказвае завострана прамаляваная каленная частка, а таксама падкрэслена выцягнутыя наскі чаравікаў, ха-рактэрныя для даспехаў канца XIV — XV ст. Такім жа самым спосабам паказана ахова канечнасцяў на пячатках Аляксандра Вігунта за 1388 г., Скіргайлы за 1394 г. i Свідрыгайлы за 1420 i 1452 гг. (мал. 1:3,6-8).
На жаль, недахоп інфармацыі аб узбраенні войска Вялікага Княства Літоўскага, прынамсі шараговага рыцарства, у XV ст. не дазваляе дакладна сказаць, калі тут адбылося выцясненне традыцыйнага пласцінкавага даспеха даспехам пласцінавым, які на пачатку XVI ст. выступае ўжо як безумоўна дамінуючы. Можна толькі выказаць гіпатэтычнае меркаванне, што найбольш інтэнсіўна гэты працэс праходзіў у другой палове i асабліва ў канцы XV ст., калі сам усходнеславянскі тэрмін «даспех», звязаны паходжаннем з наборнымі канструкцыямі, выцясняецца словам «зброя», якое на землях Вялікага Княства i суседняй Польшчы азначае, разам з лацінскім акрэсленнем «аrmа», найперш баявы касцюм з буйных металічных частак. Для прадухілення блытання вузкага значэння слова «зброя» з шырокім (у сэнсе металічнага засцерагальнага ўзбраення наогул) у дачыненні да пласцінавага даспеха мог ужывацца i больш поўны тэрмін — «зброя бляхавая». Істотна, што ў адрозненне ад акрэслення «даспех», якое часта абазначала баявое пакрыццё аднаго толькі торса, тэрмін «зброя» абазначаў даволі складаную канструкцыю, што пакрывала ў той ці іншай ступені i іншыя часткі цела, галоўным чынам канечнасці. У той жа час для абазначэння аховы торса ўжывалася спецыяльная назва «бляхі» альбо «пляхі» («плахі»), якая выводзіцца, відавочна, ад ранейшых платаў i нямецкага «blасh». «Бляхі пярэднія i заднія» складалі кірасу, якая з’яўлялася асновай «зброі бляхавай», яе абавязковай часткай. Гэтым тлумачыцца той факт, што «бляхі» практычна ніколі не пералічваюцца пры aпicaнні канструкцыі поўных даспехаў.
Форма, канструкцыя i спосабы аздаблення кірасы ў значнай ступені абумоўлівалі эвалюцыю «зброі бляхавай» у цэлым. Ужо да сярэдзіны XV ст. у Італіі была змадэлявана кіраса, нагруднік і наспіннік якой складаліся з дзвюх палавін — верхняй i ніжняй, змацаваных паміж сабой пры дапамозе спражак, прычым спічаста выцягнутыя ў цэнтральнай частцы краі ніжніх палавінаў напускаліся на верхнія палавіны. Да ніжніх палавінаў нагрудніка i наспінніка мацаваліся пярэдняя i задняя часткі спаднічкі, якая ў гэты час робіцца карацейшай i знізу можа дапаўняцца навяснымі шчыткамі «ташкамі». Падобную канструкцыю кірасы, дарэчы, можна заўважыць на гербе «Пагоня», які належыць, праўдападобна, Жыгімонту Кейстутавічу i датуецца 1432 — 1440 гг., з т. зв. «Bergshammar Codex», што захоўваецца ў Дзяржаўным архіве ў Стакгольме.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: