Штурмгабы (штурмакі). 1 страница

Шаломы.

Тэрмін «шалом» (шолом, шелом) трапіў у вайсковую лексіку Вялікага Княства Літоўскага з часоў далітоўскай Русі, дзе ён абазначаў шлем наогул. Падобнае значэнне слова «шалом» аказалася настолькі жывучым, што знайшло адлюстраванне нават у сучаснай лексіцы шэрага ўсходнееўрапейскіх народаў (бел. i рус. «шлем», укр. «шолом», літ. «salmas»). Характэрнай рысай старажытнарускіх шаломаў з’яўлялася выцягнутая ўгару форма звона (цэльнакаванага альбо скляпанага з некалькіх частак), што прыкрываў толькі чарапную каробку. Істотным, але неабавязковым дадаткам да шалома была барміца — эластычнае, найчасцей кальчужнае пакрыццё вушэй, шыі, шчок i падбароддзя воіна. Барміца старажытнарускіх шаломаў мацавалася да звона настала, для чаго на ніжнім краі апошняга часам рабіліся спецыяльныя адтуліны. Іншы раз замест барміцы ўжываўся каптур у выглядзе кальчужнай шапкі, якая насілася пад шлемам i мела падоўжаныя з бакоў i ззаду краі, якія спадалі на плечы i маглі зашпільвацца на падбароддзі.
Некаторыя старажытнарускія шаломы мелі наноснік, паўмаску альбо маску (адпаведна тыпы ІІб, IV i III паводле класіфікацыі А. Кірпічнікава). Аднак да другой паловы XIV ст. падобныя нагалоўі паступова страчваюць папуляркасць, i тыповы шалом гэтага часу ўяўляў сабой адкрыты шлем, які складаўся з аднаго звона i з’яўляўся, такім чынам, найбольш прымітыўным відам баявых пакрыццяў галавы.
Неабходна асобна спыніцца на форме звона шаломаў старажытнарускага часу як на вызначальнай рысе ix класіфікацыі. Традыцыйна выдзяляюцца канічныя i сфераканічныя шаломы, прычым да апошніх залічваюцца як нагалоўі са шпілем, так i без яго. Між тым лёгка заўважыць моцнае падабенства паміж канічнымі шаломамі i сфераканічнымі шаломамі без шпіля. I тыя, i друтія мелі форму раздзьмутага конуса альбо стажка з вострым ці скругленым верхам. Падобныя нагалоўі, вядомыя ў еўрапейскай навуцы як «нармандскія». альбо «стажковыя», ужываліся ва ўсёй Еўропе да XIV ст. У той жа час, шаломы са шпілем былі больш характэрныя для ўсходу, адкуль i трапілі на Русь. Таму з улікам еўрапеійскіх рэалій уяўляецца апраўданым называць ix шаломамі «старажытнарускага» ці «рускага» тыпу ў адрозненне ад «стажковых» шаломаў, якія не мелі ярка выражанай нацыянальнай афарбоўкі.
Выкарыстанне шаломаў у Вялікім Княстве Літоўскім мела даўнія традыцыі. У значнай ступені гэта абумоўлівалася тым, што большую частку тэрыторыі гэтай дзяржавы складалі беларускія, украінскія i рускія землі, дзе падобныя баявыя пакрыцці галавы былі тыповымі. Разам з тым яшчэ задоўга да ўтварэння Вялікага Княства назіраюцца ўплывы «рускай» школы на прадукаванне шлемаў у Літве. Шаломы «старажытнарускага» тыпу сустракаюцца таксама ў старажытнасцях прусаў.
Па меры распаўсюджання ў Вялікім Княстве Літоўскім новых відаў шлемаў замежнага паходжання тэрмін «шалом» губляе сваё ўніверсальнае значэнне i выкарыстоўваецца толькі для акрэслення шлемаў пэўнага тыпу. Як сінонім адкрытага шлема-звона ён фіксуецца ў дакументах не толькі Вялікага Княства Літоўскага i Маскоўскай дзяржавы, але i пранікае, праўда ў трансфармаваным выглядзе, на землі Польскага каралеўства (scholm) i Тэўтонскага ордэна (slomhuben). Цікава, што інвентары ордэнскіх арсеналаў натуюць на мяжы XIV i XV ст. таксама загадкавыя «прускія шлемы» (pruscher helme), што, на думку польскага даследчыка А. Навакоўскага, уяўлялі сабой тыповыя для ўсходу шаломы з барміцай лускавай канструкцыі, запазычаныя праз пасрэдніцтва Візантыі i Русі балтамі, а таксама «спічастыя шлемы» (storczhelme, spiczgehelme), якія найбольш поуна мусяць адпавядаць характэрнай «старажытнарускай» форме. Вядомыя два аўтэнтычныя ўзоры падобных шлемаў канца XІV— пачатку XV ст. з прускай тэрыторыі. Гэта шлем з Мельна (Альштынскае ваяводства), знойдзены на месцы бітвы 1410 г., i шлем з Выструця над Прэголай (мал. 2: 1, 2). Абодва шаломы маюць гарызантальна зрэзаны край звона з дзірачкамі пад барміцу, выцягнуты шпіль (у мельнскага экземпляра ён упрыгожваўся абламаным на сённяшні дзень сцяжком-«ялаўцом»), аднак калі нагалоўе з Выструця мае «цыбулістыя», сферакаінічныя абрысы, то шлем з Мельна ўяўляе сабой нібы цыліндр, што лейкападобна пераходзіць у шпіль. Для адрознення ад нагалоўяў сфераканічнай формы падобныя шаломы мэтазгодна называць цыліндрычна-канічнымі. Не выключана, што шлемы з Мельна i Выструця, нетыповыя для заходнееўрапейскага ўзбраення, былі згублены падчас Грунвальдскай выправы кімсьці з ліцвінаў ці русінаў войска Вітаўта.
Пра папулярнасць на мяжы XIV i XV ст. шаломаў са шпілем нават у прадстаўнікоў вышэйшых сацыяльных слаёў сведчаць пячаткі літоўскіх князёў. Вершнікі ў шаломах «цыбулістых» абрысаў з брылькападобным выступам у лобнай частцы паказаны на пячатках Дзмітрыя Карыбута за 1386 г. i Свідрыгайлы за 1420 г. Найбольшую ўвагу прыцягваюць брылькападобныя выступы, характэрныя для мангола-татарскіх шлемаў таго ж часу (мал. 1:1, 6). Гэта маглі быць альбо ўласна брылькі, альбо прымацаваныя да ніжняга краю нагалоўя фігурныя пласціны, што прылягалі да лба. Цікавым узорам падобных шлемаў з’яўляецца экземпляр, знойдзены ў пахаванні качэўніка канца XIII - пачатку XIV ст. з тэрыторыі, што ўвайшла ў далейшым у склад Вялікага Ккяства Літоўскага, - у Плоскім на Украіне (мал. 2: 3). Шлем выраблены з некалькіх кавалкаў; да яго ніжняга краю прымацаваны пласціна з трубчатымі завесамі для мацавання барміцы i (спераду) гарызантальны брылёк.
Можна меркаваць, што ўсходнія шаломы былі даволі папулярнымі ў Вялікім Княстве. Часам яны нават спецыяльна заказваліся за мяжой, у тым ліку i у тых краях, дзе не існавала сталых традыцый па вырабе арыентальнага ўзбраення. Прыкладам могуць служыць «татарскія шаломы» (schlomy Tartharоrum), вырабленыя на заказ у Кракаве i высланыя ў Літву ў 1418 г. Невядома, ідзе тут гаворка пра нагалоўі, ідэнтычныя паказаным на пячатках Дзмітрыя Карыбута i Свідрыгайлы, альбо якія іншыя, аднак несумненна, што меліся на ўвазе шлемы са шпілем, паколькі менавіта яны ўспрымаліся ў тагачаснай Польшчы як татарскія.
Апроч сфераканічных нагалоўяў на пячатках літоўскіх князёў канца XIV — сярэдзіны XV ст. фігуруюць шаломы «стажковай» формы з падоўжанымі з бакоў i ззаду краямі звона, якія засцерагалі вушы i патыліцу воіна. Такія шлемы паказаны па пячатках Вітаўта за 1404, 1413 i 1426 гг., Жыгімонта Карыбута за 1433 г. i Свідрыгайлы за 1452 г. (мал. 1: 2, 8, 9). Падобныя шлемы прынята называць баскінетамі альбо басінетамі (ад анг. i фр. bascinet ці bassinet). У польскай збраязнаўчай літаратуры яны больш вядомыя як лэбкі, хаця ў сярэднявечнай Польшчы для ix абазначэння ўжываліся тэрміны szlom, schlome i інш.
На думку шэрага даследчыкаў, у аснове генезісу баскінетаў ляжаў малы «сакрэтны» шлем, які насіўся пад «гаршковым» шлемам. Пераканаўчым падаецца таксама погляд, што «шалом-лэбка» сфарміраваўся шляхам паглыблення звычайнага «стажковага» шалома; паміж ім i баскінетам маюцца пераходныя варыянты з мягка прафіляванымі краямі звона. Не выключана, што мела месца перасячэнне абедзвюх эвалюцыйных ліній, у выніку чаго ўзнікла нагалоўе, якое з набыццём формы, блізкай да «стажковай», захавала на нейкі час функцыі «сакрэтнага» шлема.
Блізкія па баявых якасцях да «стажковых» i «рускіх» шаломаў баскінеты мелі больш дасканалую канструкцыю, што выявілася не толькі ў глыбейшым звоне, але i ў зручнейшай сістэме мацавання барміцы. Недзе з 1370 г. яе пачалі чапляць да звона пры дапамозе спецыяльных трубчатых завесаў з прапушчанай праз ix драціной, пры выманні якой барміца легка здымалася, што спрашчала яе замену. Разам з тым неабходна зазначыць, што падобная сістэма мацавання барміцы была вядомая на ўсходзе яшчэ раней, аб чым сведчыць ужо згаданы вышэй татарскі шалом з Плоскага.
«Szlomy» часта фігуруюць у рахунках польскага каралеўскага двара, у тым ліку ў спісах узбраення, прызначанага для прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага. У 1394 г. такія шлемы атрымалі смаленскі князь Глеб, Раман, верагодна, князь кобрынскі, літвін Свімунт (Swimunti Litwano), а таксама нейкі Іван з Віцебска (Iwano cuidam de Witewsko). Годам раней 2,5 грыўны на набыццё «шалома-лэбкі» i барміцы да яго (pro szlom et gеynk) атрымаў з каралеўскага скарбу віленскі стараста Мінгал. У 1399 г. з Кракава было выслана «domino duci Wytowdo... VІІІ barbutas et szlomy».
Надзвычай каштоўную інфармацыю аб шаломах, што ўжываліся ў канцы XV ст. у Вялікім Княстве Літоўскім, прыносяць мініяцюры Радзівілаўскага летапісу. Пераважную большасць прадстаўленых тут шаломаў складаюць нагалоўі «рускага» тыпу, як правіла, дапоўненыя барміцай, радзей — без яе. На адной з мініяцюр паказаны шалом, дапоўнены буйной металічнай пласцінай, якая апіраецца на грудную частку даспеха i закрывае ніжнюю частку твару, не з’яўляючыся элементам шлема. Такія пласціны-падбароднікі (ням. Bart) былі вельмі папулярныя ў Еўропе ў XV ст. Падбароднік, адлюстраваны ў Радзівілаўскім летапісе, узмоцнены парай акруглых шчыткоў, прынітаваных у раёне вушэй, што было пэўным парушэннем традыцый, паколькі такія шчыткі звычайна мацаваліся не да падбародніка, а непасрэдна да шлема.
Звоны шаломаў «рускага» тыпу з Радзівілаўскага летапісу маюць як сфераканічную, так і, праўда значна радзей, цыліндрычна-канічную форму. Шпілі некаторых шаломаў упрыгожаны шарыкамі-«яблыкамі» альбо сцяжкамі-«ялаўцамі» (іл. XXVІ). Усе шаломы маюць гарызантальна зрэзаны край i моцна набліжаюцца да нагалоўяў, ужываных у Маскоўскай дзяржаве. Пэўнае выключэнне складаюць шаломы са схематычна паказанай прастакутнай пласцінай, размешчанай уздоўж краю на лобнай частцы звона. Падобныя пласціны былі характэрныя для аднаго з варыянтаў мангола-татарскіх шлемаў другой паловы XIV — першай чвэрці XV ст.
Акрамя шаломаў са шпілем на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу фігуруюць «стажковыя» i сферычныя нагалоўі. Як ужо адзначалася, «стажковыя», ці «нармандскія», шаломы бытавалі ў Еўропе да XIV ст. Былі вядомыя яны i на землях Вялікага Княства Літоўскага, аб чым сведчыць знаходка такога шлема, датаванага XIII ст., непадалёк ад гродзенскага Старога замка. Позняе ж ужыванне «стажковых» шаломаў у Вялікім Княстве Літоўскім можна растлумачыць як больш марудным распаўсюджаннем тут еўрапейскіх навацый, так i традыцыйнай схільнасцю да спічастых формаў. Мініяцюры Радзівілаўскага летапісу фіксуюць «стажковыя» шаломы двух варыянтаў — з вертыкальным рабром спераду i без яго (іл. XXVII, XXXIV). «Рабрыстае» нагалоўе падобнай формы, дарэчы, паказана таксама на галаве даводцы літоўскага атрада з гравюры «Бітва пад Оршай» у брашуры А. Крыцкага, выдадзенай у Кракаве ў 1515 г. Спецыфіка гэтага шалома ў тым, што ён мае не адно вертыкальнае рабро, а некалькі (іл XXXVII).
Досыць нялёгкай справай уяўляецца інтэрпрэтацыя сферычных нагалоўяў. Гэта маглі быць як неметалічныя шапкі (асабліва калі ix уладальнікі паказаны без іншых элементаў узбраення), так i шлемы, прынамсі ў тых выпадках, калі яны показаны ў камплекце з кальчужным каптуром альбо барміцай. Цікава, што маскоўскія мініяцюрысты XVI ст. любілі паказваць ваяроў заходніх краін, у тым ліку i Вялікага Княства Літоўскага, менавіта ў такіх нагалоўях. Савецкім даследчыкам Л. Арцыхоўскім было выказана меркаванне, што такім чынам мініяцюрысты паказвалі характэрныя для Захаду салады. Не аспрэчваючы гэты тэзіс, можна, тым не менш, заўважыць, што апроч выяў сферычных пакрыццяў галавы ў Радзівілаўскім летапісе маюцца i даволі рэалістычна выкананыя выявы ўласна саладаў (іл. XXV, XXX).
Пра значнае распаўсюджванне шаломаў у войску Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў першай палове XVI ст. сведчаць i пісьмовыя крыніцы. Сярод 64 шлемаў, адлюстраванных у «реестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г., узгадваецца 8 «шоломцов». Ажно 95 шаломаў налічвалася ў 1536 г. у збраёўні замка Магільна, што складала каля 80% ўсіх баявых нагалоўяў магільнянскага арсенала. Шаломы засцерагалі галовы князя Андрэя Збаражскага i двух чалавек ягонага дзесяціасабовага почту падчас службы гэтага літоўскага магната ў польскай наёмнай роце Яна Мялецкага ў 1528 — 1530 гг. Аднак у другой палове XVI ст. шаломы выцясняюцца з баявога ўжытку. Паводле попіса войска Вялікага Княства Літоўскага за 1567 г., падобныя нагалоўі мелі ўсяго тры чалавекі, якія яўна не належалі да катэгорыі заможных феадалаў i з’явіліся на попіс без уласных почтаў.

Гаршковыя шлемы.

Тэрмін «гаршковыя шлемы» з’яўляецца ў значнай ступені штучным i не фігуруе ў пісьмовых крыніцах. Ён прыняты сучаснымі збраязнаўцамі як найменне сярэднявечных рыцарскіх шлемаў, якія складаліся з адного толькі звона аднак ахоўвалі ўсю галаву ваяра i належалі, такім чынам, да закрытых нагалоўяў. Такія шлемы склёпваліся з жалезных пласцін, забяспечваліся зрокавымі шчылінамі i адтулінамі для дыхання. Формай яны нагадвалі блізкі да цыліндра гаршчок, перакулены дагары дном; адсюль і паходзіць ix назва.
Гаршковыя шлемы найчасцей з’яўляліся атрыбутам вышэйшых слаё’ў феадальнага грамадства, i менавіта тут падобныя нагалоўі ўжываліся, галоўным чынам як геральдычна-парадны аксесуар, нават пасля страты імі баявога значэння.
Звесткі аб ужыванні гаршковых шлемаў у Вялікім Княстве Літоўскім надзвычай няпэўныя. Праўдападобна такое нагалоўе, што ахоўвае ўсю галаву ваяра i мае вертыкальнае рабро спераду i клінападобнае завяршэнне ў падбародачнай частцы, паказана на пячатцы троцкага князя Кейстута за 1353 (?) г. Шыю воя пакрывае кальчужнае пляценне, якое заходзіць пад шлем. Можна меркаваць, што гэта кольчаты каптур альбо барміца «сакрэтнага» шлема-баскінета. У цэлым выява носіць рысы стылізацыі i пазбаўлена дробных дэталяў.
Найбольшую цікавасць выклікае спічастае завяршэнне шлема, якое нават дало падставу асобным даследчыкам залічыць яго да шаломаў «старажытнарускага» тыпу. Між тым падобная дэталь з’яўляецца даволі характэрнай для гаршковых шлемаў другой паловы XIV — пачатку XV ст. Не выключана, што гэта было абумоўлена распаўсюджанай у той час практыкай нашэння вялікапамерных гаршковых шлемаў паверх спічастых баскінетаў, што папросту патрабавала кшталтавання верху шлема, першапачаткова пляскатага, у выглядзе конуса. Акрамя чыста функцыянальных выгод гэта давала яшчэ i выдатную магчымасць для аздаблення баявога нагалоўя, якое часам набывала вельмі арыгінальны i нават фантастычны выгляд.
Ціхавую інфармацыю аб адным са шлемаў Вітаўта прыносяць рахункі Тэўтонскага ордэна, дзе пад 1401 г. фіксуецца наступны запіс: «item XV scot prush vor eichelin und ander gerethe czu Wytowts helm czu worgulden den im der meister sante, dreisig mark deme goltsmede amtage conuersionis Pauli». Гаворка тут ідзе пра выдаткаванне 15 прускіх скойцаў на «eichelin» i іншыя прылады для шлема (helm) вялікага князя Літоўскага. На тое, што ў дадзеным выпадку меўся на ўвазе гаршковы шлем, ускосна ўказвае сам тэрмін «helm», які, на думку шэрага даследчыкаў, ужываўся на землях Ордэна выключна ў дачыненні да падобных нагалоўяў. Гэты тэзіс аспрэчвае на карысць шырэйшага трактавання тэрміна «helm» А. Навакоўскі, але затое ён трактуе «eichelin» як упрыгожанне ў выглядзе завершаных трэфамі выцягнутых плакетак, што абрамлялі зрокавыя шчыліны, а часам i змяшчаліся ўздоўж вертыкальнага рабра гаршковых шлемаў. Такім чынам, у любым выпадку ёсць сур’ёзныя падставы вызначаць вышэйзгаданы шлем Вітаўта як гаршковы.
У другой палове XIV — пачатку XV ст. гаршковыя шлемы паўсюль у Еўропе ўжо выходзяць з баявога ўжытку i выкарыстоўваюцца толькі як цырыманіяльныя ці турнірныя. Хутчэй за ўсё падобнае ж прызначэнне мелі таксама гаршковыя шлемы Кейстута, Вітаўта, а магчыма, i некаторых іншых прадстаўнікоў палітычнай эліты Вялікага Княства Літоўскага.

Капаліны.

Капаліны, пашыраныя ў Еўропе з XII ст., атрымалі сваю назву з-за падабенства да металічнага капелюша. Яны з’яўляліся пераважна адкрытымі шлемамі i гэтым набліжаліся да шаломаў, аднак канструкцыйную ix адметнасць складалі больш ці менш шырокія палі, часам апушчаныя ўніз. У шэрагу выпадкаў палі апускаліся так нізка, што засланялі верхнюю частку твару; у такіх выпадках яны праразаліся зрокавай шчылінай — «візурай», што ператварала капалін у напаўзакрыты шлем, а пры даданні накладнога падбародніка — «барта» — у цалкам закрыты.
Капаліны двойчы фіксуюцца на літоўскіх пячатках другой паловы XІV ст. (абедзве датуюцца 1379 г.). Першая належыць князю Кейстуту i прадстаўляе ваяра ў конусападобным шлеме з «яблыкам» на вастрыі i нешырокімі палямі. Шлем надзеты паверх кальчужнага каптура. Блізкае па форме нагалоўе паказана на пячатцы сына Кейстута Вітаўта. Аналагаў падобным капалінам у тагачаснай Еўропе не выяўлена. Стылістычна найбольш блізкім да ix з’яўляецца візантыйскі шлем XII — XIII ст., які захоўваецца ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Гэты шлем характарызуецца нешырокімі палямі i конусападобным звонам з акруглым «гузам» на вастрыі i невысокім цыліндрычным абводам у ніжняй частцы.
Больш тыповую форму маюць капаліны, прадстаўленыя на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу. Тут фіксуюцца капаліны двух відаў — з «цыбулістым» звонам з «яблыкам» на невысокім шпілі (іл. ХХХІІІ) i ca звонам сферычнай формы (іл. XXXV). I ў першых, i ў другіх даволі шырокія палі крыху апушчаны, што робіць шлемы больш глыбокімі. Такія нагалоўі шырока ўжываліся ў XIV — XVI ст. ва ўсей Еўропе. Некаторыя ix формы бытавалі таксама на Усходзе.
Капаліны як адзін з пашыраных тыпаў аховы галавы фіксуюць пісьмовыя крыніцы Вялікага Княства Літоўскага з першай паловы XVI ст. Менавіта такія шлемы (38 штук) складалі большасць нагалоўяў, занатаваных у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. 24 капаліны меліся ў 1536 г. у збраёўні замка Магільна. «Зброя дощатая з наручи и з наколенками и з капалином» фігуруе сярод рэчаў, што адсужваў у сваёй жонкі Аўдоцці ў 1540 г. гарадзенскі мешчанін Багдан Хведкавіч. Яшчэ ў 1571 г. два капаліны знаходзілася сярод узбраення Глускага замка, але папулярнасць капалінаў у другой палове XVІ ст. падае, што ілюструюць попісы войска Вялікага Княства 1565 i 1567 гг., дзе падобныя шлемы не фігуруюць.
Мадыфікацыяй капаліна з’яўляўся пашыраны ў Еўропе ў эпоху Рэнесанса марыён. Бытавалі т. зв. «чаўновыя» i «грушковыя» марыёны. Першыя характарызаваліся акруглым звонам з высокім грэбенем i палямі, завостранымі i задранымі ўгару спераду i ззаду. «Грушковыя» марыёны мелі сплошчаныя палі i высокі звон з выразным рабром, які завяршаўся скіраваным назад невялікім шыпам. У пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага названага перыяду ўзгадкі аб марыёнах не выяўлены, хоць не выключана, што яны маглі мецца ў распараджэнні асобных феадалаў. Марыёны XVI ст. захоўваліся, напрыклад, у збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы да 1926 — 1927 гг.

Прылбіцы.

Распаўсюджанне на землях Вялікага Княства Літоўскага прылбіц прыпадае на другую палову XІV ст. Галоўную ролю ў гэтым распаўсюджанні адыграла, верагодна, пасрэдніцтва Польшчы і Тэўтонскага ордэна, найбліжэйшых заходніх суседзяў дзяржавы Гедымінавічаў. Польскае паходжанне мае, напэўна, сам тэрмін «прыбліца» (przylbica), які абазначае шлем з рухомай часткай, якая засцерагае твар. Канструкцыя, форма i памеры гэтай часткі могуць быць рознымі, але яна павінна быць мабільнай (адхіляцца ці адчапляцца) i не складаць аднаго цэлага са звонам.
Прылбіцы «старэйшага тыпу», што ўзніклі ў Еўропе ў першай палове XІV ст., былі генетычна звязаны з «лэбкамі-шаломамі», складаліся са звона i рухомай аховы твару, цалкам пакрываючы галаву, але пакідаючы неабароненай шыю, якую засланяла толькі кальчужная барміца. Сыходзячы з формы звона прылбіц старэйшага тыпу, ix мэтазгодна называць таксама закрытымі баскінетамі.
Лічыцца, што першапачатковую функцыю па ахове твару выконваў у прылбіц старэйшага тыпу рухомы наноснік, найчасцей у выглядзе падоўжанага трохкутніка. Ніжні шырокі канец наносніка мацаваўся да падбародачнай часткі барміцы, верхні ж, забяспечаны пятлёй, чапляўся за спецыяльны кручок на лобнай частцы звона. Звісаючы ў свабодным стане, адчэплены наноснік нагадваў бараду, таму прылбіца з наноснікам называлася, на думку польскага даследчыка А. Сварычэўскага, «барбутай», што па-італьянску азначае «ба-радач». Барбуты фігуруюць у канцы XIV ст. сярод зброі, імпартаванай у Вялікае Княства Літоўскае з Польшчы: у 1399 г. з Кракава выслана «domino duci Wytowdo... VІІІ barbutas et szlomy».
У другой палове XIV ст. з’явіліся прылбіцы з заслонай-забралам, што цалкам закрывала твар i забяспечвалася візурай i адтулінамі для дыхання. Першапачатковая заслона, што адкідвалася на звон, мацавалася на адной лобнай завесе (т. зв. «кляпавая» заслона, ням. Klappvisier), у далейшым пачалі выкарыстоўвацца два скроневыя шарніры; яны пацяснілі «кляпавую» канструкцыю. Шарнірная заслона магла мець дадатковыя шплінтаваныя завесы, што дазваляла цалкам здымаць яе. У мэтах павышэння трываласці заслона набывала выцягнутыя абрысы, дзякуючы якім такі шлем, вельмі функцыянальны i грозны на выгляд, атрымаў назву «псіная пыса» ці «псіны каптур» (ад ням. Hundsgugel). Верагодна, падобнае нагалоўе, названае «casside przilbicza», атрымаў за кошт польскага каралеўскага двара ў 1394 г. Пётр, пісар Вітаўта. Пра тое, што гэта быў досыць дасканалы шлем, сведчыць ягоны кошт — 4 грыўны; гэта складала максімальную суму, што выплачвалася са скарбу Ягайлы за баявыя пакрыцці галавы. «Псіные пысы», якія належалі князю Свідрыгайлу, узгадваюцца пад 1403 г. у кнізе выдаткаў падскарбія Тэўтонскага ордэна: «Item XVI scot eime furmane mit eime pferd der herczog Swittirgail ІІ panzer und hindiskogeln ken Baselauken czu furen von dеs meisters geheise».
«Псіныя пысы» неаднаразова фіксуюцца на пячатках літоўскіх князёў. Баскінеты з «кляпавай» заслонай прадстаўлены на пячатках Скіргайлы за 1387 г. (мал. 1: 5), Аляксандра Вігунта за 1388 г. (мал. 1:7) i Вітаўта за 1418 г. (мал. 1:4). Цікавым элементам нагалоўя з пячаткі Вітаўта з’яўляецца султан з пёраў, які нібыта вырастае са спічастага завяршэння звона. Такі самы султан можна заўважыць i на пячатцы Скіргайлы за 1394 г., аднак заслона шлема мацуецца тут не на адной лобнай, а на дзвюх скроневых завесах (мал. 1: 3).
Маюцца ўскосныя сведчанні таго, што Вялікае Княства Літоўскае не толькі запазычвала на мяжы XIV i XV ст. гатовыя формы заходніх прылбіц, але i само аказвала гоўны ўплыў на ix кшталтаванне. У гэтым сэнсе ўвагу прыцягваюць фіксаваныя ў крыжацкіх інвентарах шлемы, акрэсленыя як «pekilhaube» i «prewsche hubе». A. Навакоўскі схільны трактаваць гэтыя тэрміны як сінонімы, што абазначалі балтыйскую, ці, са слоў крыжакаў, «прускую», прылбіцу, характарную як для Ордэна, так i для Вялікага Княства Літоўскага спецыфічнай рысай якой з’яўляўся спічасты звон «рускай» формы. Гіпотэза А. Навакоўскага аб пашырэнні ў Вялікім Княстве «спічастых прылбіц» знаходзіць пацверджанне ў даных сфрагістыкі. Падобныя шлемы са звонам сфераканічнай формы i «яблыкам» на шпілі паказаны на пячатках Ягайлы за 1380 г. i Вітаўта за 1384 — 1385 гг. Спічастыя абрысы мае звон «псінай пысы», адлюстраванай на ўжо згаданай пячатцы Аляксандра Вігунта за 1388 г. Праўдападобна, што сфераканічную форму мелі таксама ўпрыгожаныя султанамі звоны шлемаў з пячатак Скіргайлы за 1394 г. i Вітаўта за 1418 г., паколькі для мацавання пёраў султана на вастрыі неабходна была шпілепадобная трубка-ўтулка, якая мусіла надаць баскінету «цыбулістыя» абрысы.
Вялікая функцыянальнасць прылбіц старэйшага тыпу абумовіла даволі позняе ix бытаванне; заходнія выяўленчыя крыніцы фіксуюць ix яшчэ ў канцы XV ст. i нават на пачатку XVI ст., прыкладам чаго можа служыць гравюра славутага нямецкага мастака А. Дзюрэра «Арышт Хрыста» (1510). Аднак пошук найбольш дасканалых формаў баявых нагалоўяў прывёў да з’яўлення ў гэты час прылбіцы "малодшага тыпу" — т. зв. «армэ» ці «армет» (ад англ. armet), якая была сканструявана ў Італіі каля 1420 г. Шлем выдатна ахоўваў галаву i быў вельмі зручным дзякуючы даданню да акруглага звона (пераважна з грэбенем), што шчыльна прылягаў да галавы, паўкруглых бакавых пласцін-«шчок». Шчокі расчыняліся ўбакі на завесах i замыкаліся на падбароддзі пры дапамозе металічнага гузіка ці кручка. Заслона ў выглядзе кароткай дзюбы, забяспечаная візурай i вентыляцыйнымі адтулінамі, мацавалася на скроневых шарнірах.
На працягу XVI ст. прылбіца малодшага тыпу зазнала шэраг ма-дыфікацый. Побач з традыцыйнай армэ часцей выкарыстоўваюцца прылбіцы, у якіх месца пары шчок заступае цэльны заслонападобны падбароднік, прымацаваны да звона на агульных з заслонай бакавых шарнірах. Замыканне падобных шлемаў на галаве ажыццяўлялася не на падбароддзі, а з абодвух бакоў шыі. Пасля 1520 г. падбароднікі некаторых прылбіц сталі дапаўняцца металічнымі каўнярамі-абойчыкамі, прымацаванымі настала, што ліквідавала шчыліны ў раёне горла i практычна ператварала шлем у адно цэлае з даспехам. Прылбіцы без прымацаванага каўняра былі ў сваю чаргу сканструяваны такім чынам, што напускаліся на абойчык даспеха i ахоплівалі сваім жолабападобным краем спецыяльны адагнуты борцік, размешчаны па ягоным гарлавым зрэзе. Заслона армэ, першапачаткова аформленая ў выглядзе «вераб’інай дзюбы», набывае форму «кавальскіх мяхоў» альбо скругленай «малпавай морды», а пасля 1540 г. — зноў дзюбы, аднак падзеленай на дзве часткі, верхнюю і ніжнюю, што зрабіла яе яшчэ больш мабільнай.
Можна гаварыць пра ўжыванне прылбіц малодшага тыпу ў Вялікім Княстве Літоўскім не раней чым у XVI ст. Найбольш поўнае ўяўленне пра такія шлемы даюць арыгінальныя экземпляры i рэканструкцыі радзівілаўскіх гарнітураў, зробленыя аўстрыйскім збраязнаўцам О. Гамберам i польскім даследчыкам 3. Фуіньскім. Прылбіца са звонам акруглай формы, падбароднікам з прымацаваным каўняром i мехападобнай заслонай дапаўняе «максімільянаўскі» даспех нямецкай работы першай чвэрці XVI ст. (з часткамі, што паходзяць з нясвіжскай збраёўні Радзівілаў (іл. XIII)), які захоўваецца зараз у калекцыі фон Кенбуша ў Нью-Йорку. У Стакгольмскім Каралеўскім музеі маецца нагалоўе, выкананае ў 1550 — 1555 гг. нюрнбергскім платнерам Кунцам Лохнерам для караля Польскага i вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста. Прылбіца належыць да катэгорыі «напускных», г. зн. не мае прымацаванага каўняра; замыкаецца яна пры дапамозе шчок. Заслона падвоеная, у выглядзе дзюбы (іл. XІV). Звон шлема мае грэбень, на патылічнай частцы змяшчаецца ўтулка пад султан. Аналагічная прылбіца, таксама работы Кунца Лохнера, уваходзіла ў склад гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага, вырабленага каля 1555 г. Сюды ж уваходзіла таксама другая прылбіца, падобная да папярэдняй, але з рухомым падбароднікам i прымацаваным да яго наборным каўняром (іл. XXIII). Дзве прылбіцы з рухомымі падбароднікамі папаўнялі яшчэ адзін радзівілаўскі гарнітур другой паловы XVI ст.; адрозненне паміж імі заключалася ў тым, што адно нагалоўе (знаходзіцца ў музеі мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку) мела прымацаваны каўнер, а другое яго не мела (мал. 27:2). «Каўняровая» прылбіца з грэбенем, узмацняльнай бляхай з левага боку, двухчасткавай дзюбападобнай заслонай i падпоркай да яе (іл. XII) дапаўняе даспех Крыштофа Мікалая Радзівіла «Перуна», выраблены ў Італіі да 1600 г. (захоўваецца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве).
Найбольш ранняй, а таксама поўнай i дакладнай выяўленчай крыніцай, якая фіксуе ўжыванне прылбіц малодшага тыпу ў войску Вялікага Княства Літоўскага, з’яўляецца створаная ў 20-х гг. XVI ст. карціна ананімнага мастака «Бітва пад Оршай» (захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве). Прылбіцы тут складаюць адзін з асноўных тыпаў шлемаў літоўскага боку (На жаль, на карціне немагчыма адрозніць уласна ліцвінаў ад польскіх наёмнікаў). Усе яны забяспечаны характэрнымі для «класічных» армэ шчокамі, аднак у асобных выпадках шчокі не пакрываюць пярэдняй часткі падбароддзя. Прылбіцы маюць заслоны чатырох мадыфікацый — у выглядзе «вераб’інай дзюбы», «малпавай морды», «кавальскіх мяхоў», а таксама сплошчаныя заслоны, больш характэрныя для нагалоўяў іншага тыпу — саладаў (іл. XXIV с).
3 20-х гг. XVI ст. прылбіца як асноўны тып баявога нагалоўя фіксуецца таксама пісьмовымі крыніцамі. Каралеўская i соймавая ўстава аб земскай абароне за 1528 г. нават абавязвала ўсіх землеўладальнікаў «с каждых осми служоб людей ставити пахолка, на добром кони, во зброи, з древом, с прапором, на котором бы был панцер, прылбцца, меч або корд, сукня цветная, павеза и остроги две». Прылбіца ў якасці рэкамендаванага шлема зацвярджалася таксама земскай ухвалай i Статутам 1529 г.
Важным сведчаннем папулярнасці прылбіц у другой чвзрці — сярэдзіне XVI ст. з’яўляюцца попісы наёмных рот, у тым ліку i польскіх, але ў якіх служылі літоўскія атрады. Так з шасці шлемаў, пералічаных у рэестры дзесяціасабовага почту князя Андрэя Збаражскага, што служыў у 1528 — 1530 гг. у poцe Яна Мялецкага, палову складалі прылбіцы. У таксама дзесяціасабовым атрадзе падляшскага шляхціца Херубіна Вайновіча, які ў 1531 г. фігуруе ў роце Лаўра Цёлка, восем чалавек мелі прылбіцы, у аднаго ўвогуле не фіксуецца ніякага нагалоўя, а сам Вайновіч карыстауся шлемам, пазначаным агульным тэрмінам «galea». У наступным годзе ў попісе роты Яна Малецкага ўзгадваецца з шасцю вершнікамі Андрэй Валынец, які ўзброіў сваіх камбатантаў выключна ў прылбіцы. Толькі такія шлемы фігуруюць у 1540 г. у пяціасабовым почце ананімнага Казачка з Брацлава, што служыў у роце Бернарда Прэтвіча, атрадах Мікалая Збаражскага (рота Пракопа Сяняўскага, 1536 г.), Георгія Збаражскага (рота Венцлава Влодэка, 1542 г.) i Аляксандра Палубенскага (рота Яна Мадалянскага, 1542 г.), Андрэя Нарбута (рота Мацея Влодэка, 1548 г.), звенігарадскага казака Івана (рота Бернарда Прэтвіча, 1552 г.) i г. д. Са 152 чалавек гусарскай роты аршанскага старасты Філона Сымонавіча Кміты Чарна-быльскага прылбіцы мелі ў 1567 г. 98 ваяроў. Яшчэ большы працэнт прылбіц знаходзіуся на ўзбраенні далучаных да роты Кміты казакаў — 42 прылбіцы на 48 чалавек.
Прылбіцы ў сярэдзіне XVI ст. былі неад’емнай часткай феадальных арсеналаў. На захоп маёмасці, сярод якой значыліся «зброи, панцыри, тарчы, прылбццы, сёдла, вузды» i інш., скардзіўся ў 1559 г. уладальнік косаўскага маёнтка пан Якуб Савіцкі. Прылбіцы знаходзіліся сярод рэчаў, зрабаваных у 1557 г. у шляхцянкі Ганны Марцінавай. Прылбіца мелася ў 1565 г. у маёнтку Івацэвічы зямянкі Слонімскага павета Зоф’і Віктарынавай i «прылбцц старых осьм» — у Шылавецкім двары. Шэсць прылбіц засталося ў 1582 г. пасля смерці Андрэя Бабраўніцкага ў жамойцкім маёнтку Жэймяны.
Значная колькасць прылбіц у валоданні заможнай шляхты дазваляла ёй выстаўляць на вайну шматлікія атрады выключна ў такіх шлемах. Паводле попісу 1567 г., толькі прылбіцы мелі початы князёўны Любецкай Ганны Мікалаеўны Осцікавай (15 «коней»), суддзі зямлі Троцкай пана Размуса Даўгірда (16 «коней» i 8 драбаў), пана Станіслава Няміры (48 «коней»), ваяводы Мсціслаўскага i старасты Браслаўскага пана Юрыя Осціка (141 «конь»), пана Троцкага i старасты Бельскага Юрыя Аляксандравіча Хадкевіча (180 «коней») i інш.
Меншая забяспечанасць прылбіцамі назіралася ў павятовых харугвах, куды ўваходзілі бяднейшая шпяхта. Гэта тлумачыцца тым, што далека не кожны феадал меў ахоўнае ўзбраенне наогул. Але i тут працэнт прылбіц сярод «шлемаўладальнікаў» быў вельмі высокім, у тым ліку i сярод рыцараў, у якіх не было i ўласных васалаў, хоць яны i маглі набыць засцерагальнае ўзбраенне ў адным экземпляры. Пэўна, да такіх феадалаў належаў зямянін Гарадзенскага павета Багдан Чашэйкавіч, які ў 1556 г. у сваім маёнтку Горніцы меў з ахоўнага ўзбраення толькі панцыр i прылбіцу. Падобны ж асартымент аховы цела меў у 1565 г. Іван Багдановіч з Мяхова, які скардзіўся, што ў яго «вшисток порадок военный погорел, то есть панцер, прильбцца, сагайдаки два, ощепы два». Цікава, што крыніцы фіксуюць ўжыванне прылбіцы, г. зн. у традыцыйным разуменні найбольш цяжкога з тагачасных шлемаў, у камплекце не толькі з цэльнакаваным даспехам («зброяй бляхавай», прычым дзеля спрашчэння падлікаў, да гэтага віду аховы тулава можна са значнай доляй умоўнасці дадаць пласцінкавыя i колкава-пласцінкавыя даспехі), але i з колкавым панцырам, неметалічнымі даспехамі i нават у якасці адзінай дэталі засцерагальнага касцюма. У якасці прыкладу можна разгледзець даныя попісу шэрага тыповых павятовых харугваў за 1567 г. (табл. 1). Як бачна, спалучэнне прылбіцаў з аблегчанымі відамі даспеху ці ўвогуле без ніякай аховы тулава было ў сярэдзіне XVІ ст. справай звычайнай. Між тым тыповая прылбіца тага часу (армэ) не толькі ахоўвала твар, але i змяншала агляд, што пры ўмове недастатковай бяспекі цела ў цэлым было нават шкодным, асабліва для ваяроў, забяспечаных зброяй далёкага бою. А працэнт нагалоўяў, акрэсленых як «прылбіцы», быў у такіх вояў нават вышэйшым, чым у тых, якія мелі толькі халодную зброю. У рэестры ўзбраення, высланага ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, узгадваецца 25 прылбіц, спецыяльна названых «казацкімі», у той час як шышакі, што былі, здавалася б, лягчэйшымі за прылбіцы ў традыцыйным разуменні гэтага слова, называюцца тут «rycapcкімі». Прылбіцы часам выступалі таксама як адзіны элемент засцерагальнага ўзбраення пешых драбаў (у тым ліку i стральцоў), хоць соймавыя пастановы ўвогуле не прадугледжвалі для іх ніякай аховы цела.
Усё гэта прымушае думаць, што ў шэрагу выпадкаў ў літоўскім войску ўжываліся аблегчаныя прылбіцы, прыстасаванне якіх да патрэб лёгкаўзброеных ваяроў адбывалася, верагодна, за кошт здымання асобных частак. Цікавыя прыклады аблегчаных армэ падае карціна «Бітва пад Оршай», дзе паказаны наёмныя драбы як у «поўных» прылбіцах, так i ў прылбіцах са знятымі заслонамі i нават шчокамі (іл. XXIV в). Уяўляецца, што падобнае аблягчэнне прылбіц практыкавалася не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім. На карысць гэтага сведчыць, напрыклад, прылбіца без заслоны, якая дапаўняе даспех імператара Карла V, выраблены ў Інсбруку ў 1512 г.
На магчымасць выкарыстання ў Вялікім Княстве армэ са знятымі асобнымі часткамі ўказваюць не толькі даныя іканаграфіі. Узор аблегчанай прылбіцы XVI ст., выкананай у максімільянаўскім стылі, у якой адсутнічала заслона, зафіксаваны ў каталогу распродажу нясвіжскай збраёўні за 1927 г. (пазіцыя № 47). Паказальна, што згаданы шлем фігураваў асобна i не ўваходзіў у склад якога-небудзь канкрэтнага даспешнага камплекта.
Ёсць падставы меркаваць, што ў XVI ст. тэрмінам «прылбіца» акрэсліваліся i шлемы, абсалютна непадобныя да армэ. На гэта ўказвае шэраг пісьмовых крыніц як Вялікага Княства так i яго суседзяў, у тым ліку i найбольш блізкай па характары ўзбраення Польшчы. Так, згодна з попісам польскай наёмнай роты Яны Пілецкага за 1531 г., у почце Мікалая Завязы адзін з камбантантаў меў адначасова прылбіцу i шалом, а Ян Туслёўскі, што служыў у 1552 г. у пешай роце Лямпарта Гнаінскага, спалучаў прылбіцу з капалінам. Між тым дзякуючы спецыфічнай канфігурацыі звона прылбіца малодшага тыпу проста не можа спалучацца ні з шаломам (за выключэннем хіба што сферычных нагалоўяў), ні тым больш з шыракаполым капалінам, які мусіць выступаць толькі як верхняе нагалоўе. Адсюль вынікае, што падобныя «прылбіцы» павінны былі ўяўляць сабой невялікія шлемы, досыць шчыльна прылеглыя да чэрапа i без пласцінавай заслоны, якая адхілялася шляхам падымання ўгару. У прынцыпе, такім патрабаванням адпавядалі баскінеты з наноснікамі, аднак магчымасць ix шырокага выкарыстання ў XVI ст. выклікае пэўныя сумненні. Праўда, «przylbic staroszwieczkich z noskami 3» фіксуюцца яшчэ ў 1584 г. у рэестры зброі Крыштофа Радзівіла, аднак той факт, што яны названы «старасвецкімі», сведчыць пра ix архаічнасць, а можа назат і рарытэтнасць.
Не выключана таксама, што ўзгаданыя прылбіцы, канструкцыйна набліжаліся да «прылбіц маскоўскіх», зрабаваных у 1564 г. у жаўнераў гаспадарскага двараніна Васіля Шашковіча. Зыходзячы з самога тэрміна, гэта былі нагалоўі, даволі характэрныя для ўсходняга суседа Вялікага Княства Літоўскага. Між тым, шлемы з пласцінавай аховай твару былі для Маскоўскай дзяржавы нетыповымі, хоць тэрмін «прылбіца» быў тут вядомы. Ён абазначаў міскападобнае нагалоўе-звон, якое прыкрывала лоб і забяспечвалася барміцай, прымацаванай не толькі з бакоў і ззаду, але і спераду (тут яна была карацейшай), засланяючы частку твару. Кальчужнае палатно можна было адхіліць, таму функцыянальна такія нагалоўі, вядомыя таксама як «місюркі» (ад араб. Міср – Егіпет), сапраўды могуць быць залічаны да прылбіц, аднак канструкцыйна яны набліжаюцца да шаломаў. У Маскоўскай дзяржаве місюркі таксама насіліся пад іншымі шлемамі, асабліва калі апошнія не мелі барміцы.
Кальчужнае пляценне адыгравала ў канструкцыі прылбіц-місюрак надзвычай важную ролю, што набліжала іх да колкавых каптуроў і рабіла натуральным дапаўненнем да панцыраў. Таму хутэй за ўсё менавіта місюркі варта разумець пад тымі прылбіцамі, якія ўзгадваюцца як элемент кальчужнага камплекта. Найбольшую ўвагу прыцягвае ў гэтым сэнсе «рэестр паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г., у якім фігуруюць «панцыров 18, а прилбцц 18 новых до панцыров, а обойчиков панцырьных 17, а зарукаве 4, шорць один». Цалкам верагодна, што якраз місюркі былі названы ў спісе высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц «прылбіцамі казацкімі», тым больш што падобныя нагалоўі, на думку асобных даследчыкаў, ўжо ў часы Стэфана Баторага (1575—1586) былі тыповым відам аховы галавы казацкай кавалерыі.
На жаль, на падставе пісьмовых крыніц нелыа дакладна высветліць, аб якіх прылбіцах ідзе гаворка ў кожным канкрэтным выпадку. Можна толькі выказаць гіпатэтычнае меркаванне, што існавала тэндэнцыя ў выкарыстанні «поўных» прылбіц у камплекце са «зброяй бляхавай», аблегчаных прылбіц і місюрак – у выпадку адсутнасці баявога пакряцця тулава, у той час як у спалучэнні з мяккімі даспехамі (колкавымі ці неметалічнымі) маглі ўжывацца прылбіцы ўсіх мадыфікацый. Выбар нагалоўя абумоўліваўся тут хутчэй за ўсё густамі ці фінансавымі магчымасцямі ваяра, характарам наступальнай зброі альбо першапачатковай камплектацыяй. Прыкладам такой камплектацыі можа служыць зафіксаваны ў рэестры ўзбраення, высланага ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц «tehiljay moskyewski na czjrwonim axamjcye bljaszkamj nitowanj s prjlbica». Зразумела, што і прылбіца тут была, напэўна, «маскоўская», г. зн. місюрка. Разам з тым нейкая абавязковай заканамернасці ў выкарыстанні той ці іншай мадыфікацыі шлемаў у залежнасці ад ступені аховы тулава напэўна не існавала. Прынамсі выпадкі выкарастання цяжкіх нагалоўяў, забяспечаных заслонамі, у спалучэнні з аблегчанымі відамі даспеху альбо ўвогуле без іх фіксуе нават заходнееўрапейская іканаграфія ХV – ХVІ ст.
Напрыканцы варта дадаць, што прылбіцы-місюркі належаць да тых дакладна вядомых відаў шлемаў, якія з найбольшай доляй вырегоднасці могуць атаесамляцца з досыць схематычна маляванымі сферычнымі нагалоўямі, у якіх, як ужо адзначалася, маскоўскія мініяцюрысты любілі паказваць заходніх, у тым ліку ліцвінскіх, ваяроў. Канкурэнцыю ў гэтым сэнсе ім могуць скласці толькі салады.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: