Штурмгабы (штурмакі). 6 страница

Шаблі.

У адрозненне ад мячоў i кордаў арыгінальныя шаблі другой паловы XIV - канца XVI ст. з земляў Вялікага Княства Літоўскага амаль не вядомыя. Разам з тым ужыванне тут падобнай зброі таксама мела даўнія традыцыі яшчэ з часоў «далітоўскай» Русі. 3 канца XIV ст. шабля павінна была даволі шырока бытаваць у Вялікім Княстве як галоўны від клінковай зброі татарскіх каланістаў, якія выступалі надалей як неад’ёмная састаўная частка ўзброеных сіл гэтай дзяржазы, а таксама час ад часу i яе суседзяў. У якасці прыкладу можна прывесці рэестр дванаццаціасабовага почту нейкага Турка, які ў 1498 г. служыў у польскай роце Пятра Шафраніча. Верагодна, гэты ж самы Турак (Turek) фігуруе ў тым жа самым годзе сярод дваран i ротмістраў вялікага князя Літоўскага Аляксандра. У цэлым склад, згаданага почту не адрозніваецца ад складу іншых почтаў роты Шафраніча, за выключэннем далучаных да яго двух татарынаў, забяспечаных, між іншым, шаблямі (“sabwya”), прычым, як можна меркаваць, такую спецыфічную структуру атрад Турка мог набыць падчас службы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Шабля з’яўлялася адным з асноўных элементаў наступальнага ўзбраення татараў Вялікага Княства i ў XVI ст., пра што сведчыць попіс земскай харугвы князя Ахмета Улана за 1534 г., дзе іншыя віды клінковай зброі наогул не фігуруюць. Праўда, у другой палове гэтага стагоддзя, як тое ілюструюць попісы 1565 i 1567 гг., у руках татараў трапляліся таксама корды, аднак i ў гэты час, нягледзячы на выпадкі парушэння «нацыянальнага» характару татарскага ўзбраення (некаторыя асобы нават не мелі лука), у цэлым шабля працягвала заставацца ўлюбёнай клінковай зброяй татарскай конніцы.
Разам з тым ужо дакументы пачатку XVI ст. утрымліваюць звесткі аб ужыванні шабляў не толькі татарамі, прычым відавочна, што на самой справе падобная з’ява павінна была мець месца яшчэ i раней. «Сабля простая» ўзгадваецца ў «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г. «Сабля» была зрабавана ў 1516 г. пад Вільняй у слуг гаспадарскага пісара Сенькі Цераховіча. «Зброю со сребром нашою, грывен в ней осм, а саблю со сребром, чотыри грывны, все сребро позлостыстои» пакінуў у 1527 г. дзяржаўца валожынскі Юры Тышкевіч браслаўскаму старасце Івану Крошынскаму як заклад за пазыку 20 коп літоўскіх грошаў. Тры шаблі значыліся ў спісе маёмасці, якую адсуджваў у 1540 г. гарадзенскі мешчанін Багдан Хведкевіч у сваёй жонкі Аўдоцці. Нават больш, нягледзячы на тое, што шабля не ўваходзіла ў камплект ўзбраення, рэкамендаванага апалчэнцам Вялікага Княства Статутамі 1529 i 1566 гг., папулярнасць яе, прынамсі ў другой палове XVI ст., была значнай. Паводле даных попісу 1567 г., у большасці харугваў шабля займала па рас-паўсюджанасці сярод кавалерыстаў другое месца пасля корда, а ў шэрагу выпадкаў (харугвы Пінскага, Менскага, Рэчыцкага, Мазырскага паветаў, атрады Валынскай зямлі) — нават першае. Падобная ж сітуацыя назіралася i ў коннай гусарскай роце Філона Сымонавіча Кміты, дзе на 169 адзінак клінковай зброі прыпадала 112 шабель, а ў далучаным да роты казацкім аддзеле з 48 чалавек клінковая зброя ўвогуле была прадстаўлена выключна шаблямі. Скласці ўяўленне аб тыпах шабляў, што ўжываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім на працягу разглядаемага перыяду, па прычыне недастатковасці рэчавых крыніц вельмі складана. Надзвычай скупымі ў гэтым сэнсе з’яўляюцца i крыніцы выяўленчыя. Што да пісьмовых дакументаў, то яны прыносяць пэўную інфармацыю аб існаванні розных відаў шабляў, аднак апісання ix не даюць, i гэта стварае глебу для неадназначных трактовак. Вядома толькі (з «Гетманскіх Кніг» С. Сарніцкага), што пад шабляй у прынцыпе разумелася зброя з крывым клінком, прыстасаваная пераважна для сякучых удараў i прыдатная для мабільнага бою на самай блізхай адлегласці. Падобнае разуменне ў цэлым супадае з вызначэннем шаблі сучаснымі збраязнаўцамі, якія ў якасці яе вызначальнай рысы вылучаюць закрыўлены клінок, што павышае каэфіцыент карыснага дзеяння сякучага ўдару i дазваляе спалучыць сякучы эфект з рэжучым. Менавіта гэтае спалучэнне i абумовіла, пэўна, адзначаную Сарніцкім зручнасць шаблі «у цеснаце». У якасці дадатковых прыметаў шаблі выдзяляюцца нахіленая наперад рукаяць i спецыфічнай формы крыжавіна з т. зв. «вусамі» — парнымі адросткамі зверху i знізу, якія находзілі на клінок i рукаяць.
Узоры адналязовай закрыўленай зброі шырока прадстаўлены на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу канца XV ст., хоць, як ужо адзначалася, некаторыя з ix (са скошаным канцом абушка) маглі з’яўляцца схематычна паказанымі кордамі (цесакамі). Разам з тым на мініяцюрах маюцца выявы i экземпляраў з клінкамі тыпова шабельнай формы, плаўна звужаннымі да вастрыя i без «цесаховага» скосу (іл. XXVI, XXXI). Набор маніпуляцый падобнай зброяй, прадстаўлены мініяцюрыстам, даволі разнастайны i ўключае нават удары дзвюма рукамі i уколы. Якое-небудзь адрозненне ў афармленні рукаяцяў узораў са скосам на канцы абушка i без яго адсутнічае.
Значна большую каштоўнасць у плане рэалістычнасці паказу шабельных форм уяўляе карціна ананімнага мастака «Бітва пад Оршай», на якой уся лёгкая кавалерыя літоўскага боку ўзброена шаблямі з даволі доўгімі крыжавінамі, пашыранымі на канцах, i з моцна выгнутымі ў бок ляза рукаяцямі, забяспечанымі падоўжанымі «главіцамі». У аголеных шабляў можна заўважыць клінок з рэзка абазначаным пашырэннем абушка бліжэй да вастрыя — «ялманню» i з прылеглым да абушка плыткім долам — «баразной» (іл. XXIV с). Падобныя экземляры адпавядаюць венгерскім шаблям пачатку XVI ст., якія ў сваю чаргу набліжаліся да турэцкіх шабель XV ст. Такія шаблі, паводле даследаванняў польскага збраязнаўцы i фехтавальшчыка В. Заблоцкага. прызначаліся найперш для ўдараў з пляча, а таксама для ўколау знізу, пры якіх масіўнае пяро з ялманню «укідалася» у праціўніка.
Разам з тым у другой палове XVI ст. уколы шабляй практыкаваліся, як можна меркаваць, не вельмі часта. Менавіта прыдатнасць корда для нанясення колючага ўдару паслужыла С. Сарніцкаму галоўнай падставай супрацьпаставіць яго шаблі. Сярод шабляў, што ўжываліся ў гэты час у Вялікім Княстве Літоўскім, сустракаецца падзел на «гусарскія» i «казацкія», адлюстраваны, напрыклад, у скарзе Апалоніі Капцовай за 1577 г. на разрабаванне маёмасці ў маёнтку Верхавіцкім Берасцейскага павета. Пад «гусарскай» шабляй варта, відаць, разумець венгерскую шаблю, якая ў другой палове XVI ст. пры захаванні агульнай канструкцыі зазнала значныя змены. Мала выгнуты ля крыжавіны клінок такіх шабляў набывае бліжэй да вастрыя акруглае ці парабалічнае закрыуленне. Крыжавіна робіцца вельмі доўгай з таксама доўгімі «вусамі». Рукаяць завяршаецца міндалепадобнай «главіцай». Такая шабля прыстасоўвалася найперш для цяжкіх праломваючых удараў, падобных да мячовых. Досыць моцна пашкоджаны экземпляр падобнай шаблі быў знойдзекы ў Луцку (мал. 8: 4). Яго агульная даўжыня 94 см; даўжыня клінка, забяспечанага трымя вузкімі канаўкамі, 84,6 см. Крыжавіна даўжынёй 25 см мае падоўжаныя «вусы» i вертыкальна размешчанае вушка — т. зв. «палух», які прызначаўся для вялікага пальца правай рукі i служыў для зручнейшага змянення траекторыі ўдару шаблі. Рукаяць пашкоджаная, з дзвюма адтулінамі для мацавання драўляных накладак, рэшткі якіх захаваліся.
Значна цяжэй сказаць што-небудзь пэўнае аб «казацкіх» шаблях. У польскай літаратуры гэтым тэрмінам акрэсліваюцца ўзоры, што традыцыйна звязваюцца з казацкай старшынай XVII i XVIII ст. Яны характарызаваліся клінкамі невялікай крывізны i без ялмані, пашыранымі на канцах крыжавінамі i звужанымі да «главіцы» драўлянымі рукаяцямі, абцягнутымі грубай скурай с рэльефнай паверхняй («яшчурам»). Шэраг асаблівасцяў такіх шабляў сведчыць пра ўплыў на ix кшталтаванне з боку татарскіх экземпляраў, вядомых у XVII ст. пад назвай «ардынкі». Апошнія ў сваю чаргу вызначаліся адносна слабай крывізной плаўна звужанага да вастрыя клінка, як правіла, без ялмані, кароткай крыжавінай са сплошчанымі канцамі i загнутай наперад пад вугом 45° падоўжанай «главіцай», якая вянчае драўляную, абцягнутую грубым «яшчурам» рукаяць. Можна, такім чынам, выказаць гіпатэтычнае меркаванне, што пад «казацкімі» у другой палове XVI ст. разумеліся шаблі, канструкцыйна блізкія да татарскіх, тым больш што ў гэты час казацкі i татарскі камплекты ўзбраення ў цэлым былі практычна ідэнтычныя. Варта дадаць, што ўзоры, якія маюць падабенства з татарскімі шаблямі-«ардынкамі», трапляюцца на землях, якія ўвайшлі ў далейшым у склад Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ да XIV ст.
Апроч «гусарскіх» i «казацкіх» шабляў у дакументах другой паловы XVI ст. фіксуюцца шаблі, вызначэнне якіх указвае на месца ix паходжання. Так, падчас наезду ў 1563 г. урадніка Торчынскага Андрэя Халстоўскага на Беластоцкую зямлю, наезнікамі была зрабавана ў служэбніка пана Мікіціна «сабля турская». «Чаркаскія» («па-чаркаску апраўленыя») шаблі фігуруюць у рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г. (апроч таго, у рэестры згадваецца «szabla szerpentyna», якая характарызавалася, верагодна, моцна закрыўленым вузкім клінком). «Мултаны» (напэўна, шаблі балканскага паходжання) фіксуюцца ў тастаменце феадала Берасцейскага ваяводства Міхаіла Казярадскага за 1580 г.
Можна меркаваць, што не ў апошнюю чаргу высокая баявая папулярнасць шабель у другой палове XVI ст. абумоўлівала бытаванне ў гэты час багата аздобленых экземпляраў, што служылі хутчэй для парадных мэтаў i выступалі як элемент багатага касцюма. Выключна дарагія шаблі меліся ў 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павета, прычым максімальныя кошты булатных, апраўленых серабром i пазалочаных узораў дасягалі ажно 40 коп літоўскіх грошаў. Відавочна парадны, рэпрэзентатыўны характар мелі i «szabelyek malych dwoye», фіксаваных у 1582 г. у жамойцкім маёнтку Жэймяны як зброя, што была аддадзена дзецям (маюцца на ўвазе «недарослыя» дзеці былога ўладальніка маёнтка, нябожчыка пана Андрэя Бабраўніцкага), а, значыць наўрад ці мела баявое прызначэнне.
Аднак нягледзячы на аўтарытэт, які займела шабля ў другой палове XVI ст., яна не здолела выцесніць іншыя віды клінковай зброі і, па звестках попісаў 60-х гг., панавала збольшага толькі ў паўднёвых харугвах, дзе неабходнасць прыстасавання да ўсходняга спосабу вядзення вайны была максімальнай. Нават больш, распаўсюджанне шаблі павінна было сустракацца з сур’ёзнымі абмежаваннямі. Так, у «артыкулах, якія маюць быць апавяданыя пры раздаванні грошай ротмістрам i даваным на цэдулах» за 1557 г. спецыяльна агаворвалася, каб камбантанты «мячы абы мелі ўсе, а не шаблі, бо на попісе інакш не будуць прынятыя». Праўда, гэтыя «артыкулы» тычыліся перадусім польскіх наёмнікаў, аднак, улічваючы цеснае палітычнае i ваеннае супра-цоўніцтва Кароны Польскай i Вялікага Княства Літоўскага, наўрад ці яны маглі абмяжоўвацца толькі кароннымі землямі, тым больш што i Статуты Вялікага Княства, як ужо адзначалася, настойліва рэкамендавалі ў якасці клінковай зброі не шаблю, а меч альбо корд.
Падобнае неадназначнае стаўленне да шаблі тлумачыцца хутчэй за ўсё тым, што пры некаторых перавагах над зброяй з простым клінком шабля мела больш абмежаваныя магчымасці ў плане нанясення ўколаў. Гэта было сур’ёзным недахопам у конным баі, дзе ў шэрагу выпадкау ўколы, як сведчаць практычныя даследаванні, з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі i цяжкімі для адбівання. Па гэтай прычыне ў другой палове XVI ст. побач з шабляй усё часцей, прынамсі ў заможных ваяроў, выступае выключна колючы від клінковай зброі, а менавіта канчар.

Канчары i шпагi.

У крыніцах Вялікага Княства Літоускага канчары пачынаюць узгадвацца даволі позна. Прынамсі фіксацый тут гэтага тэрміна раней, чым у другой палове XVI ст., пакуль не выяўлена. Не выключана, што гэта абумоўлівалася больш шырокім выкарыстаннем іншых відаў клінковай зброі, прыстасаванай для ўколаў, — кордаў i колючых мячоў. Паказальна, што першапачаткова канчары i мячы не заўсёды дакладна размяжоўваліся, прыкладам чаго могуць служыць выпадкі ўжывання на землях суседняй Польшчы тэрмінаў накшталт «gladius alias Conczerz», ды i ў сучаснай літаратуры ў дачыненні адных i тых жа экземпляраў зрэдку ўжываюцца абодва гэтыя акрэсленні. Таму з улікам пераходных варыянтаў уласна канчаром можна лічыць эвалюцыйную форму колючага мяча, якая характарызуецца вельмі доўгім, выключна колючым клінком трохкутнага ці чатырохкутнага сячэння, прыстасаваным для прабівання даспехаў, а таксама рукаяццю, набліжанай у акрэслены намі час да мячовай.
Пры ўсім тым, што ўжыванне канчароў у Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XVI ст. не падлягае сумненню, яны ў гэты перыяд не паспелі заняць свайго «класічнага» месца ў сістэме наступальных сродкаў, якое выражалася ў дапаўненні сякучай клінковай зброі. Гэта выявілася як ў практыцы самастойнага выкарыстання канчароў, так i ў пакуль што слабой ix распаўсюджанасці, асабліва ў феадальным апалчэнні, дзе яны фігуруюць выключна рэдка. У якасці такога рэдкага выпадку можна прывесці почат Васіля Чапліча, які з арэндаванага маёнтка Маляціч у Слонімскім павеце выставіў на попіс 1567 г. «коней 6 збройно пнцр., шишаки, котрыксалы, древа, кончеры, аркабузы».
Адносна някепска былі прадстаўлены канчары ў гусарскай роце Філона Сымонавіча Кміты Чарнабыльскага ў 1567 г., дзе ix мелі 15 таварышаў з 26 (у аднаго таварыша было ажно два экземпляры) i 5 пахолкау з 115. Прычым, што цікава, яшчэ ў аднаго пахолка функцыю канчара выконваў, напэўна, корд, які спалучаўся з шабляй. 3 усіх уладальнікаў канчароў у роце толькі адзін не меў іншых відаў клінковай зброі.
У 70 — 80-х гг. XVI ст. канчары выступаюць ужо як звыклы элемент феадальных арсеналаў, як багатых, у якіх трапляліся шыкоўна аздобленыя ўзоры, так i даволі сціплых. Тры апраўленыя серабром канчары за 54, 52 i 48 коп літоўскіх грошаў меліся ў 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павета. Значацца канчары i ў тастаменце шляхціца Берасцейскага ваяводства Міхаіла Казярадскага. Сярод клінковай зброі, якая засталася ў 1582 г. у маёнтку Карсаковічы Менскага павета пасля смерці Марціна Вольскага, было «кончеров тры» i ўсяго па адным мячу i корду. «Мултанам» i ажно чатырма канчарамі была прадстаўлена клінковая зброя ў 1583 г. у маёнтку Пештавяны Ковенскага павета. «Kunczerow prostych poprawy potrzebujа 7», i чатыры багата аздобленыя канчары фігуруюць у рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г. Найбольшую цікавасць з пункту гледжання апісання асобных канструкцыйных элементаў уяўляе тут «kunczerz trzeci na bialem dnie srebym u niego wlowka braygar munsztuk krzysz bliacha y glowica pozlociste czterech godzikow w rekoiesci nie masz». Пакідаючы ў баку «braygar» i «munsztuk», якія адназначна з яўляліся дэталямі похвы, можна канстатаваць, што «krzysz» — гэта, несумненна, крыжавіна, «glowica» — навершша, a «bliacha» хутчэй за ўсё — металічны шчыток ля крыжавіны, які ахоўваў руку ад колючага ўдару. Больш цяжкім для вытлумачэння з’яўляецца тэрмін «wlowka», этымалогія якога ўказвае на ягоную функцыю па ўлоўліванні чагосьці, напэўна клінка, свайго ці праціўніка. У першым выпадку ён мусіў бы абазначаць «чаравік» — металічную акоўку глухога канца похвы, у той час як у другім — дэталь рукаяці накшталт бакавога ахоўнага колка. Калі б гэта было так, то згаданы канчэр павінен быў па сваёй канструкцыі нагадваць адзін з экземпляраў XVI ст., што захоўваецца ў Дзяржаўных Мастацкіх Зборах кракаўскага Вавеля.
Іншым відам клінковай зброі, звязаным сваім паходжаннем з колючымі мячамі i прыстасаваным пераважна для ўколаў, з’яўлялася шпага. Разам з тым па спосабе выкарыстання больш лёгкія шпагі кардынальна адрозніваліся ад колючага мяча i ад канчара, паколькі прызначаліся не для прабівання даспеха, а для паражэння не пакрытых ім участкаў цела, у тым ліку ў месцах стыкоўкі пласцін «зброі». Са з’яўленнем шпагі звязана ўдасканаленне тэхнікі фехтавання, што вымагала больш надзейнай аховы рукі ў выглядзе разбудаванай гарды. Шпага з такой гардай прадстаўлена, напрыклад, у камплекце з даспехам Мікалая Радзівіла Чорнага (вырабленага Кунцам Лохнерам у 1550 — 1555 гг.) на партрэце Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, змешчаным у «Кнізе пра знакамітых воінаў», выдадзенай у Інсбруку ў 1601 г. Яна мае звычайную крыжавіну, да якой мацуецца скіраваная да навершша (але не злучаная з ім) падвойнай дужка, што ахоўвае пальцы ваяра.
Узгадкі пра шпагі сустракаюцца ў апісаннях асобных арсеналаў заможных феадалаў Вялікага Княства Літоўскага толькі ў самым канцы разглядаемага перыяду. Фігуруюць яны, напрыклад, у рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. «Szpad panskich dlugich trzy» пакінуў у 1582 г. пасля сябе ў жамойцкім маёнтку Жэймяны Андрэй Бабраўніцкі. Аднак дакладна немагчыма сказаць, якое практычнае прызначэнне мелі вышэйзгаданныя экземпляры. Прынамсі сведчанняў менавіта баявога выкарыстання шпаг у ВКЛ нават у гэты час на сённяшні момант не выяўлена, хоць ужо Статут 1588 г. узгадвае шпагі разам з мячамі, кордамі, шаблямі як даволі тыповы від клінковай зброі.

Кінжалы.

Кінжалы належаць да кароткай клінковай зброі, непрыдатнай з прычыны сваіх памераў да сякучага ўдару i разлічанан на ўколы незалежна ад формы клінка i канструкцыі рукаяці. У баявой практыцы кінжалы прызначаліся для цеснай рукапашнай сутычкі альбо для дабівання пераможанага праціўніка.
Інфармацыя аб кінжалах, ужываных у Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XIV — канцы XVI ст., вельмі абмежаваная. Найбольшую цікавасць уяўляюць два аўтэнтычныя экземпляры, датаваныя XIV ст. Першы, знойдзены ў Лідзе, выкананы ў выглядзе як бы паласы, сіметрычна звужанай з абодвух канцоў i падзеленай кароткімі крыжавінападобнымі выступамі на рукаятачную i клінковую часткі (мал. 9: 3). Агульная даўжыня кінжала 43 см, клінка— каля 30 см пры шырыні 2,5 см. Не выключана, што кінжал не дароблены да канца; пра гэта сведчыць усяго адна адтуліна для мацавання накладак на канцы яго рукаяці.
Другі кінжал выяўлены А.В. Квяткоўскай пры раскопках могільніка Барок у в. Вензаўшчына Шчучынскага раёна. У пахаванні кінжал знаходзіўся з правага боку нябожчыка, пры акаваным бронзавымі пласцінкамі пасе — класічнае месца нашэння такой зброі. Кінжал мае выгляд вялікага нажа даўжынёй 37,4 см з адналязовым простым клінком даўжынёй 26 см i шырынёй 3,6 см. Рукаяць тыпова нажовая, з пашыраным у бок ляза канцом i з прымацаванымі пры дапамозе заклёпак накладкамі. У месцы пераходу рукаяці да клінка маецца кароткая цвікападобная крыжавіна, размешчаная перпендыкулярна да плоскасці самога кінжала (адзін канец крыжавіны абламаны) i прымацаваная да яго настала (мал. 9: 2).
У пісьмовых крыніцах Вялікага Княства кінжалы амаль не фігуруюць. Не выключана, што на практыцы ix функцыю маглі выконваць нажы, магчыма, спецыфічных формаў. Пра гэта ўскосна сведчыць Статут 1566 г., у артыкуле 41 трэцяга раздела якога нажы ўзгадваюцца сярод «приправ военных», забароненых для вывазу ў непрыяцельскія землі. I толькі ў асобных дакументах сярэдзіны — другой паловы XVI ст. трапляецца інфармацыя аб ужыванні кінжалаў, акрэсленых як «пуйнал» (ад лац. pugione, фр. poignard i iтал. pugnale). Тры футаралы (можа похвы?) да кінжалаў (3 tecis аd pugiones) набыў у 1549 г. за кошт гаспадарскага скарбу Мікалай Радзівіл Чорны, маршалак Літоўскі. Пазалочаная «szpada» з пасам і «puynalem», а таксама яшчэ тры «пуйналы» асобна — два ўпрыгожаныя золатам i серабром, у аксамітных похвах i адзін неапраўлены, «у пергаміне», былі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Увагу цягвае першы кінжал, які выступае як дапаўненне да шпагі. Напэўна, тут ідзе гаворка пра фехтавальны кінжал для левай рукі — т. зв. «лявак» ці «дагу», які ў той час з’яўляўся элементам шпажнага набору, у прыватнасці дуэльнага. Тры «пуйналы» (роўна столькі ж, колькі i «szpad») мелася ў 1582 г. у жамойцкім маёнтку Жэймяны.

Дрэўкавая зброя

У адпаведнасці з прынятай у сучаснай збраязнаўчай літаратуры тэрміналогіяй, пад дрэўкавай зброяй разумеецца зброя, прызначаная пераважна для колючых, але часам i для сякучых удараў, асаджаная на дрэўку, як правіла, даўжынёй не меншым за рост чалавека. У «лацінскай» Еўропе ў XIV - XVI ст. такая зброя характарызавалася дынамічным развіццём i багаццем форм i тыпаў. У Вялікім Княстве Літоўскім гэта выявілася ў меншай ступені, але i тут дрэўкавая зброя выступае бадай што самым папулярным элементам наступальнага ўзбраення як конных, так i пешых воінаў. Асабліва гэта тычыцца найбольш масавай групы дрэўкавай зброі — коп’яў, прыстасаваных выключна для ўколаў.

Коп’і.

Па сваёй канструкцыі коп’і складаюцца з драўлянай жэрдкі - дрэўка, уласцівага ўсім відам дрэўкавай зброі, i насаджанага на ім металічнага колючага (найчасцей сіметрычнага) наканечніка - «грота». Апошні ўяўляе сабой сплошчаную альбо шылападобную рабочую частку - «пяро», якое пераходзіць у прызначаную для мацавання з дрэўкам утулку ці, радзей, чаранок. Наканечнікі з утулкай насаджваліся на дрэўка, а з чаранком - убіваліся ў яго.
Асабліва пашыраныя на тэрыторыі ўсходняй Еўропы яшчэ ў раннім сярэднявеччы, коп’і выступаюць у якасці аднаго з падставовых відаў зброі i ў XIV - XV ст., пра што сведчыць існаванне ў гэты час у Вялікім Княстве Літоўскім спецыяльнага роду войскаў, фіксаванага пад назван «капійнікі». Па звестках польскага храніста Яна Длугаша, у 1383 г. Ягайла, тады яшчэ вялікі князь Літоўскі, здабываў Драгічын Надбужскі з 30 капійнікамі i 60 арбалетчыкамі (cum triginta lanceis et sexaginta balistariis). «Копьем а двема стрелци» абавязваўся ў 1424 г. служыць Свідрыгайлу, на той час князю Чарнігаўскаму, нехта Максім Драгасінавіч. «Коп’ямі» павінны былі служыць, паводле пажалаванняў таго ж самага Свідрыгайлы за 1438 г., Геранім Стрэчановіч i Пётр Мышчыч (апошні нават «двема копьи».
На жаль, ва ўсіх гэтых выпадках нельга нічога дакладнага сказаць пра тып ужыванай зброі, бо i лацінскі тэрмін «lancea», i славянскае найменне «кап’ё» маглі мець вельмі шырокае значэнне, тады як рэчавыя крыніцы нават папярэдняга часу сведчаць аб бытаванні ва ўсходняй Еўропе коп’яў, адметных не толькі па форме, але i па функцыянальным прызначэнні. Варта агаварыцца, што да XVI ст. назва «кап’ё» набывае i вузкае значэнне ў сэнсе цяжкога тараннага рыцарскага кап’я (лац. «hasta»; менавіта ў такім значэнні слова «kopia» ўжываецца i ў сучаснай польскай тэрміналогіі). Гэта выявілася, між іншым, у суіснаванні славянскага тэрміна «зброя капійнічая» i лацінамоўнага «arma hastariorum». Аднак слова «кап’ё» на працягу разглядаемага перыяду было не адзіным найменнем дрэўкавай зброі тараннага тыпу. Нават больш, яно было амаль выцеснена сінонімам «дрэва» ці «дрэўца». Так, ужо на Навагрудскім сойме 1502 г. была прынята пастанова аб тым, што кожны феадал Вялікага Княства Літоўскага «мел з именя своего з десяти служоб пахолка у зброи на кони з древцем выправити». «Древо с прапорцем цветным» фіксуецца, у спалучэнні з панцырам, прылбіцай i шчытом, у якасці нарматыўнага ўзбраення апалчэнцаў Вялікага Княства Статутамі 1529 i 1566 гг. Такі комплекс ўзбраення, як прынята лічыць у польскай гістарыяграфіі, з’яўляўся тыповым для гусараў. Дрэва як практычна абавязковы атрыбут кавалерыі гусарскага тыпу выступае i у рэестрах ліцвінскіх почтаў у складзе польскіх наёмных рот першай паловы XVI ст. Прыярытэтнае выкарыстанне дрэва ў камплекце са шчытом фіксуюць таксама попісы войска Вялікага Княства за 1565 i 1567 гг. Вызначэнне гусарскіх коп’яў тэрмінам «дрэва» з’яўляецца дадатковым сведчаннем таго, што пад апошнім разумелася вузкаспецыфічнае цяжкое кап’ё, паколькі вядома, што гусарскія коп’і прызначаліся выключна для тараннага ўдару «з-пад пахі», што выключала не толькі складаныя фехтавальныя прыёмы, але i самае простае адбіванне зброі праціўніка. Паказальна, што ў адрозненне ад іншых відаў коп’яў дрэвы вельмі рэдка ўжываліся ваярамі, не забяспечанымі засцерагальным узбраеннем, для якіх фехтавальная прыдатнасць зброі была надзвычай актуальнай. Не былі яны характэрныя i для пешых драбаў.
Спецыфічная манера валодання дрэвам абумоўлівала некаторыя характэрныя рысы гэтай зброі. Лічыцца, што наканечнік цяжкіх таранных коп’яў вызначаўся адносна кароткім i вузкім, аднак масіўным за кошт набліжанага да квадрата ці ромба сячэння пяром, прыстасаваным для прабівання даспехаў, i шырокай утулкай, прызначанай для насаджвання на тоўстае дрэўка. Наканечнікі з гранёным шылападобным пяром (тып V паводле класіфікацыі Кірпічнікава) i шырокай утулкай былі добра вядомыя ва ўсходняй Еўропе яшчэ ў XII - XIII ст. i праіснавалі практычна без змен да канца разглядаемага перыяду. У якасці прыкладу могуць служыць узоры, выяўленыя ў слаях XVI - XVII ст. Мінска i Мсціслава (мал. 10: 1 - 2). Дэталлю дрэў могуць лічыцца i некаторыя наканечнікі з больш шырокім пяром. Адзін такі наканечнік знойдзены ў слаі XVI ст. Крычава. Пяро наканечніка ў аснове сваёй пляскатае (напалавіну абламанае), але з узмоцненай гранню пасярэдзіне, што набліжае яго сячэнне да ромба (мал. 10: 3). Шырыня пяра дасягае 3,2 см, у той час як дыяметр утулкі - 3,8 см.
Прыцягвае ўвагу таксама наканечнік з Драгічына Надбужскага, выяўлены ў слаях XIII - XIV ст. Агульная яго даўжыня складае 27,2 см, даўжыня пяра - 14 см пры шырыні 3,2 см. Пяро набліжаецца па форме да трохкутніка, што дало падставу А. Кірпічнікаву залічыць накакечнік да тыпу ІІІА. На жаль, адсутнічае інфармацыя аб сячэнні пяра, аднак на тое, што наканечнік мог належаць цяжкому рыцарскаму кап’ю, указвае салідны дыяметр утулкі (4,8 см) i рэшткі абламанай паласы, якая з’яўлялася працягам утулкі i находзіла на дрэўка (мал. 10: 4). Такія палосы («вусы») былі характэрныя для цяжкіх коп’яў i служылі для яшчэ больш надзейнага мацавання наканечніка, а таксама прадухілення ламання дрэўка ў месцы насадкі падчас нанясення моцнага тараннага ўдару.
Эфектыўнасць выкарыстання дрэва вельмі моцна залежала ад надзейнасці дрэўка, якое павінна было быць не толькі трывалым, але i дастаткова доўгім, каб паразіць праціўніка на максімальнай адлегласці. Можна меркаваць, што нейкага пэўнага стандарту ў даўжыні дрэўка, таксама як i ў яго таўшчыні, не існавала, хоць лічыцца, што ў познім сярэднявеччы яно магло дасягаць чатырох метраў. Забяспечанае такім дрэўкам кап’ё было досыць масіўным i цалкам адпавядала назве «дрэва». Менавіта масіўнасць дрэў прывяла да з’яўлення спецыяльных апорных крукоў на кірасе, якія аблягчалі маніпуліраванне гэтай грувасткай зброяй. Таўшчыня дрэўка цяжкіх коп’яў часам была настолькі вялікай, што ў месцы перахопу яго рукой рабілася патанчэнне; кап’ё з такім патанчэннем можна заўважыць, напрыклад, на надмагіллі А. Гаштаўта першай паловы XVI ст. у Віленскім Кафедральным касцёле (іл. XXIII). Для прадухілення паражэння далоні, што трымала кап’ё, практыкавалася выкарыстанне спецыяльных акруглых шчыткоў. Адзін з такіх шчыткоў, што ўваходзіў у склад гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага сярэдзіны XVI ст. работы Кунца Лохнера, захоўваецца зараз у нью-йоркскім Метраполітэн-музеі (іл. V).
Як сведчаць Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529 i 1566 гг., абавязковым атрыбутам дрэва ў гэты час з’яўляўся сцяжок-«прапорац», функцыянальнае прызначэнне якога вядома з пазнейшых (XVII ст.) тлумачэнняў: падчас атакі прапорцы на апушчаных коп’ях шамацелі i тым самым палохалі варожых коней. Прапорцы ў Вялікім Княстве Літоўскім выкарыстоўваліся, напэўна, ужо на пачатку азначанага перыяду, аб чым сведчыць выява на пячатцы Скіргайлы за 1394 г. (мал. 1: 3).
Крыніцы сярэдзіны — другой паловы XVI ст. указваюць на існаванне некалькіх варыянтаў дрэў. Так, у рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, фігуруюць «kopjey Husarskich zlych 8» i «drzewjec braszwjckych 20»; прапорцы, узгаданыя тут, таксама падзяляюцца на «гусарскія» i «броншвійцкія». «Древец чорних 35» i «древец гишпанских с кгроти 13» мелася ў 1566 г. у збраёўні Брэсцкага замка. Што разумелася пад «дрэўцамі чорнымі» i «дрэўцамі гішпанскімі» сказаць цяжка, у той час як «дрэўцы броншвійцкія» павінны былі, напэўна, азначаць звычайныя цяжкія рыцарскія коп’і, пашыраныя на тэрыторыі Германіі, а «коп’і гусарскія» - спецыфічны від дрэва, змадэляванага на венгерска-турэцкі манер i прызначанага для патрэб сярэднеўзброенай кавалерыі, якой у той час з’яўлялася гусарыя. Карціна «Бітва пад Оршай» яшчэ не фіксуе ніякай розніцы ў дрэвах цяжкіх капійнікаў i больш мабільных гусараў (усе яны маюць доўгія дрэўкі, фактычна аднолькавай таўшчыні па ўсёй даўжыні, малыя ланцэтападобныя наканечнікі i трохкутныя прапорцы з чырвоным рыцарскім крыжам св. Юр’я на белым фоне), аднак у рахунках вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста ўжо пад 1545 г. узгадваецца 30 коп’яў гусарскіх пустых (30 lanceis Hussaronicis vacuis). Падобныя коп’і клеіліся з дзвюх палавін, сярэдзіна якіх выбіралася ад вастрыя да рукаяці для змяншэння вагі, што дазваляла павялічыць даўжыню дрэва ў параўнанні з цяжкімі капійнічымі ўзорамі. Склееныя дрэўкі часам апляталіся рамянём ці шнуром i размалёўваліся фарбай. Замест акруглага шчытка, які ахоўваў руку, гусарскія дрэвы забяспечваліся шарападобнай «куляй». Прапорцы гусарскіх коп’яў былі надзвычай доўгімі (да 4 м) i завяршаліся двума канцамі. Верагодна, падобная зброя фігуруе сярод рэчаў, зрабаваных у 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павета, як «копей малеваных, з позолотою, з кгродками и прапорцами китайчатыми сем, кождая коштует дей по две копы Литовских». Тыповае гусарскае кап’ё з «куляй» замест шчытка паказана на гравюры «Літоўскі вершнік», выкананай у 1575 г. нідэрландцам Абрагамам Брайнам (іл. XL).
Сярод вузкаспецыяльных коп’яў крыніцы XVI ст. узгадваюць такама, хоць i вельмі рэдка, «спісы», альбо «шпісы». На характар гэтай зброі ўказвае запіс у рахунках Жыгімонта Аўгуста аб закупцы ў 1565 г. у Нюрнбергу «ferramenta ad hastas longas, quibus pеdіtes Germani utunitur wulgo lancz, Spieseisen numero 1400». Гаворка ідзе пра наканечнікі доўгіх пяхотных пік, верагодна, аналагічных тым, якія ўжывала швейцарская пяхота i ландскнехты. Спосаб валодання пяхотнай пікай заключаўся ў тым, што пры абароне тыльны яе канец убіваўся ў зямлю, а вастрыё нахілялася ў бок праціўніка; пры наступленні піку трымалі дзвюма рукамі, выкарыстоўваючы рознага роду ўколы. Пяхотны характар спісы пацвярджаецца i іншымі крыніцамі. Адзін з варыянтаў гэтай зброі (т. зв. «альшпіс») з доўгім шылападобным наканечнікам, забяспечаным у месцы насаджвання на дрэўка маленькім акруглым шчытком, можна заўважыць у руках наёмных драбаў на карціне «Бітва пад Оршай» (іл. XXIVb). Фігуруюць спісы i ў попісе войска Вялікага Княства Літоўскага за 1567 г. Так, напрыклад, Юры Аляксандравіч Хадкевіч, пан Троцкі, стараста Бельскі выставіў на попіс «драбов всих сто два - з шписами сорок, ве зброях двенадцать, а з ручницами а з рогатинами пятьдесят». Немалая колькасць спісаў мелася, паводле рэестра 1577 г., у пешай роце Каспара Стузінскага, якая ў значнай ступені была сфарміравана з ураджэнцаў Вялікага Княства i стаяла ў Кіеве. Варта зазначыць, што на момант складання рэестра Кіеў ужо ўваходзіў у склад Кароны Польскай, аднак гэтая ж рота стаяла тут яшчэ да Люблінскай уніі, г. зн. у часы прыналежнасці гэтага горада да Вялікага Княства Літоўскага, а ўзбраенне ваяроў роты з таго часу наўрад ці магло кардынальна змяніцца.
Разам з тым спісы не атрымалі ў Вялікім Княстве Літоўскім у разглядаемы час шырокага распаўсюджання, а ў якасці асноўных тыпаў дрэўкавай зброі пяхоты крыніцы называюць рагаціну i ошчап. У адрозненне ад дрэва i спісы, гэтыя коп’і мелі універсальны характар і ўжываліся ў XVI ст. практычна ва ўсіх родах войскаў, што яскрава ілюструюць попісы другой паловы гэтага стагоддзя. Апроч пехацінцаў найбольшай папулярнасцю яны карысталіся ў тых відах кавалерыі, дзе не ўжываўся шчыт. Трэба адзначыць: рагаціны i ошчапы выступаюць як звыклая зброя нават тых вояў, якія не мелі засцерагальнага ўзбраення наогул i для якіх праблема выкарыстання сродкаў нападзення для абароны ад зброі праціўніка стаяла вельмі востра. Па гэтай прычыне ад рагацін i ошчапаў патрабавалася лёгкасць і мабільнасць, што ў сваю чаргу вымагала абмежавання даўжыні дрэўка. Паказальна, што на карціне «Бітва пад Оршай» усе коп’і пяхоты ліцвінскага боку (нават альшпісы) значна карацейшыя за капійнічыя i гусарскія дрэвы, а набор фехтавальных прыёмаў (дзвюма рукамі) у драбаў выглядае куды больш разнастайным, чым прымітыўны таранны ўдар «з-пад пахі». У часы Стэфана Баторага даўжыня рагацін складала каля 4 локцяў, што было ў два разы менш за даўжыню гусарскіх дрэў. Аддзелы стрэльчай кавалерыі, якім для стральбы неабходна была свабода рук, прывязвалі рагаціны з правага боку да сядла, прычым канец ix валачыўся па зямлі. Таму рагаціны атрымалі таксама назву «влочні».
Неабходна асобна спыніцца на спецыфіцы ўжывання тэрмінаў «рагаціна» i «вошчап». У расійскай літаратуры пад рагацінай разумеецца пераважна пяхотнае кап’ё з тоўстым дрэўкам, а таксама масіўным шырокім i доўгім наканечнікам, часам аздобленым, якое выкарыстоўвалася на вайне i паляванні. У цэлым падобная трактовка рагаціны даволі дакладна адлюстроўвае сэнс, які надавалі гэтаму тэрміну ў Вялікім Княстве Літоўскім, што пацвярджаецца крыніцамі XVI ст. Перш за ўсе істотна тое, што галоўным элементам рагаціны лічыўся наканечнік, які i даў назву ўсёй зброі («рогатин мозовшанок не насаженых 15» узгадваецца, напрыклад, у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 г.). Гэтым рагаціна адрознівалася ад дрэва, дзе назва кап’я супадала з назвай найбольш масіўнай драўлянай часткі, а наканечнік азначаўся як «грот». Верагодна той вялікай увагай, якая надавалася менавіта наканечнікам рагацін, тлумачыцца i практыка ix аздаблення, у тым ліку шляхетнымі металамі (у цяжкіх таранных коп’яў упрыгожвалася пры дапамозе размалёўвання дрэўка). Так, упрыгожаныя золатам рагаціны фігуруюць у «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» i рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г.
Досыць цікавым уяўляецца падзел рагацін на дзве катэгорыі - «лоўчыя» i «зашчытныя», які сустракаецца ў дакументах XVI ст. Так, у 1530 г. нейкі Васіль з Азярышчаў скардзіўся на зрабаванне ў яго адным з віцебскіх мяшчан «рогатины ловчей». «Две рогатины, одна ловчая, а другая защитная» былі ўкрадзены ў 1533 г. у Ахрэма, баярына дзяржаўцы Рошскага князя Фёдара Жэслаўскага. «Рогатин защитных две» мелася ў 1556 г. у маёнтку Гарадзенскага павета Горніцы, які належаў Багдану Чашайковічу. «Рагаціны лоўчыя» з найбольшай доляй верагоднасці могуць быць трактаваныя як паляўнічыя, у той час як «рагаціны зашчытныя» павінны былі з’яўляцца баявой зброяй. Цяжка сказаць, у якой ступені падобны падзел адбіваўся на канструкцыі рагацін. Існуе меркаванне, што для паляўнічых коп’яў была характэрная прымацаваная да дрэўка пад наканечнікам спецыяльная перакладзіна, якая перашкаджала занадта глыбокаму пранікнекню зброі ў цела звера. Не аспрэчваючы цалкам гэтага меркавання, хочацца, тым не менш, зазначыць, што рагаціны з перакладзінай пад вялікім наканечнікам фігуруюць у руках пешых драбаў на карціне «Бітва пад Оршай», дзе яны выстўпаюць, натуральна ж, не як паляўнічыя, а як баявыя коп’і. Акрамя таго, імкненне да абмежавання глыбіні пранікнення наканечніка заўважаецца раз-пораз i ў канструкцыі некаторых іншых відаў еўрапейскай дрэўкавай зброі, баявое прызначэнне якіх не выклікае сумнення (альшпіс, партызана, рунка, спетум i інш.).
Відавочна блізкай да рагаціны формай кап’я быў ошчап, які ў сучаснай літаратуры звычайна трактуецца як лёгкае кап’ё, прызначанае перадусім для кідання i таму забяспечанае меншым наканечнікам, насаджаным на карацейшае i танчэйшае дрэўка. Падобная зброя, больш вядомая ў расійскай літаратуры як «суліцы», была пашырана на тэрыторыі ўсходняй Еўропы яшчэ напярэдадні разглядаемага перыяду, аб чым сведчаць знаходкі невялікіх «гротаў», якія маглі мацавацца да дрэўка пры дапамозе не толькі ўтулкі, але i чаранка. На мяжы XIV i XV ст. суліцы былі ў Вялікім Княстве Літоўскім зброяй настолькі тыповай, што падчас Грунвальдскай бітвы 1410 г. палякі прынялі крыжацкія рэзервы за літоўскія атрады «propter versatiles lanceas, alias sulicze». Воін з лёгкім кап’ём-суліцай паказаны на пячатцы ноўгарад-северскага князя Дзмітрыя Карыбута за 1386 г. (мал. 1:1). Звяртае на сябе ўвагу спецыфічная манера трымання кап’я -вастрыём у бок, адваротны накірунку вялікага пальца, што сведчыць пра падрыхтоўку зброі для кідання альбо ўдару зверху.
У дакументах Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. тэрмін «суліца» не сустракаецца, у той час як найменне «ошчап» фігуруе тут даволі часта. Ошчапамі, падобна як i рагацінамі, забяспечвалася ў гэты час пераважна мабільная кавалерыя i пяхота. Ошчапы з’яўляліся, напрыклад, адзіным відам колючай дрэўкавай зброі ў двух пешых наёмных ротах, што стаялі ў 1552 г. у Чаркасах. У ошчапы, шаблі, сагайдакі, панцыры i прылбіцы былі ўзброены ўсе дзесяць служэбнікаў наёмнай гусарскай роты Філона Сымонавіча Кміты ў 1567 г. Цікава, што адзін з ix дадаткова меў яшчэ i рагаціну, менш прыстасаваную для кідання, але, напэўна, зручнейшую ў рукапашным баі.
У якасці зброі, характэрнай у той ці іншай ступені для ўсіх родаў войск, ошчап выступае ў попісах паспалітага рушэння 1565 i 1567 гг. Аднак прыцягвае ўвагу той факт, што калі ў попісе 1565 г. ошчапы фіксуюцца як пануючы від кароткага кап’я, то праз два гады яны былі шырока прадстаўлены толькі ў жамойцкіх харугвах, выразна адметных на фоне рэшты войска, дзе яўна аддавалі перавагу рагацінам (влочням). Між тым уяўляецца малаверагодным, каб за такі кароткі тэрмін адбыўся кардынальны пераход ад аднаго віду коп’яў да другога. Напрошваецца выснова, што ў шэрагу выпадкаў назвы «рагаціна» i «ошчап» разглядаліся як сінонімы для пазначэння кароткага кап’я ўніверсальнага прызначэння незалежна ад памераў наканечніка. У гэтым сэнсе надзвычай цікавым з’яўляецца тое месца «рэестра паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г., дзе ўзгадваюцца «рогатина великая немецкая... а ровных рогатин 5 а малых рогатинок 4», паколькі «рагацінкай» тут называецца такая зброя, якая павінна была б, згодна з сучаснай наменклатурай, акрэслівацца тэрмінам «ошчап».
Зрэдку экземпляры кароткай дрэўкавай зброі фіксуюцца як «шэфелін». Пэўна, гэта былі нямецкія, (альбо змадэляваныя на нямецкі ўзор) рагаціны з вялікім, але пустацелым наканечнікам, што рабіла ix лёгкімі i прыдатнымі для кідання. Разам з тым не выключана, што магло мець месца i чыста механічнае перанясенне нямецкага тэрміна на звычайныя рагаціны i ошчапы. «Шефелинов неосажоних 3» мелася ў 1566 г. у арсенале Брэсцкага замка. Паводле попісу 1567 г., «шафаліны» мелі Бенедыкт Грыгор’евіч з Лепунскай харугвы, Лукаш Юршыч з Ейшышскай харугвы i г. д. Пералічваюцца шэфеліны i сярод рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Асаблівую ўвагу звяртае на сябе нетыповы экземпляр «доўгага жэлязу рагаты» (у іншым месцы - «накшталт сярпа рагаты»). Сыходзячы з асартыменту дрэўкавай зброі, што бытавала ў тагачаснай Еўропе, гэта з найбольшай доляй верагоднасці мог быць не шэфелін ва ўласным сэнсе слова, а партызана ці канструкцыйна блізкая да яе рунка.
На сённяшні дзень на абшарах былога Вялікага Княства Літоўскага выяўлена досыць значная колькасць наканечнікаў коп’яў, якія патрабуюць далейшай сістэматызацыі. На жаль, не заўсёды можна дакладна звязаць ix з нейкім пэўным тыпам кап’я, паколькі істотнае значэнне для выдзялення таго ці іншага тыпу мелі памеры i канструкцыя дрэўка. Можна толькі абмежавацца агульнапрынятай канстатацыяй, што вузкія гранёныя наканечнікі былі больш характэрныя для доўгадрэўкавай зброі - дрэў i спісаў, тады як наканечнікі з пляскатым пяром i адносна невялікай утулкай прызначаліся для кароткіх коп’яў, прычым даволі ўмоўная мяжа ў падзеле падобных наканечнікаў на «малыя» i «вялікія» абумоўлівала размежаванне кароткіх коп’яў, часам таксама ўмоўнае, на ошчапы i рагаціны (мал. 11: 1 - 5, 8). Асобную групу складаюць наканечнікі, якія характарызуюцца незалежна ад сячэння пяра менш надзейнай сістэмай мацавання да дрэўка пры дапамозе чаранка, што ўскосна ўказвае на прыстасаванне падобных коп’яў толькі для кароткатэрміновых нагрузак (мал. 11: 6 — 7). Гэтая прымета разам з невялікімі памерамі такіх наканечнікаў дазваляе лічыць ix наканечнікамі пераважна кідальных коп’яў - суліц, альбо, згодна з тэрміналогіяй XVI ст., — ошчапаў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: