Ручная агняпальная зброя

Першая на часе інфармацыя аб выкарыстанні ў Еўропе ручной агняпальнай зброі датуецца 1343 г. (фрэска ў Лецэта каля Сіены ў Італіі). Цікавую ўзгадку аб прадукаванні 50 «бамбардаў» даужынёй у далонь, якія насіліся ў руцэ i прабівалі любы даспех, змяшчае хроніка горада Перуджыі (1364). Што да Вялікага Княства Літоўскага, то першая больш-менш верагодная фіксацыя ўжывання тут ручной агняпальнай зброі прыпадае на 1399 г., калі, па сведчанні Патрыяршага, альбо Ніканаўскага, летапісу, войскі Вітаўта ўжылі ў бітве на Ворскле «пішчалі». Варта нагадаць, што да ручнога характару пішчаляў у дадзеным выпадку неабходна ставіцца з вялікай асцярожнасцю, асабліва калі ўлічыць, што ў Маскоўскай дзяржаве акрэсленне «пішчаль» у дачыненні да ручной агняпальнай зброі дакладна заўважаецца толькі з канца XV ст. Разам з тым аб забяспечанасці ваяроў Вялікага Княства ў згаданай бітве «стрелбою ручничною» сведчыць яшчэ адна крыніца, на жаль позняя, а ме-навіта Хроніка Літоўская i Жамойцкая.
Адзначае Патрыяршы, альбо Ніканаўскі, летапіс наяўнасць пішчаляў у войску Вялікага Княства Літоўскага i ў 1428 г., падчас паходу на Ноўгарад. Аднак найбольшую ўвагу прыцягваюць «тюфяки», якія таксама меліся ў гэтай выправе ў войску Вітаўта. Можна меркаваць, што гаворка тут ідзе аб ручной агняпальнай зброі, паколькі менавіта яна называлася на момант згаданых падзей тэрмінам «цюфяк». Крыху пазней, у 1430 г. ліцвіны абаранялі ад палякаў Луцк пры дапамозе «bombardis et fistulis», пра што інфармуе польскі храніст Ян Длугаш. Гэтае сведчанне ўяўляецца надзвычай важным, бо лічыцца, што ў польскай тэрміналогіі найменне «fistula», як i яго сінонім «пішчаль», мела вузкае значэнне i стасавалася да ручной агняпальнай зброій.
Фіксуюцца пішчалі i ў пісьмовых крыніцах уласна Вялікага Княства Літоўскага другой паловы XV ст. Падобная зброя адзначаецца ў 1471 г. у Вінніцкім i Чуднаўскім замках, у 1480 г. - у Крамянецкім замку. У 1492 г. пішчалі i самастрэлы ўзгадваюцца ў адным з распараджэнняў вялікага князя Аляксандра як зброя, што цэнтралізавана рассылалася «на замки нашы украинные». Разам з тым ва ўсіх гэтых выпадках нельга быць упэўненым, што гаворка ідзе менавіта пра ручныя пішчалі.
Як i гарматы, першыя экземпляры ручной агняпальнай зброі адліваліся ці каваліся, прычым у якасці матэрыялу служыла жалеза альбо бронза. Для больш зручнага ўтрымання ў руках ручныя пішчалі мацаваліся пры дапамозе ўтулкі ці чаранка на драўлянай жэрдцы, накшталт наканечніка кап’я, альбо на простай драўлянай ложы. Запальванне пораху ажыццяўлялася праз адтуліну зверху ствала пры дапамозе распаленага дроту ці кнота. Нязручнасць страляння з падобнай зброі, а таксама іншы раз яе значная вага абумоўлівалі тое, што абслугоўванне ручных пішчаляў магло ажыццяўляцца двума чалавекамі, з якіх адзін цэліўся, а другі падпальваў порах. Для аблягчэння карыстання цяжкімі экземплярамі ручных пішчаляў яны маглі забяспечвацца знізу спецыяльным круком («гакам»), які для змяншэння аддачы чапляўся за выступ муру ці іншую сталую падпорку. Такая зброя атрымала назву «гакаўніца» (ва Усходняй Русі - «зацінная пішчаль»). Вяліся пошукі i ў накірунку ўдасканалення працэсу запальвання пораху. У выніку ўжо на мяжы XIV i XV ст. пачынае выкарыстоўвацца самы просты кнотавы курок у выглядзе кручкаватага жалезнага прута, да верхняга канца якога мацавауся кнот, а ніжні служыў у якасці спускавога рычага. Каб агонь i дым ад спаленага пораху не засланялі цэль, запальная адтуліна стала вырабляцца не зверху, а збоку ствала, што абумовіла з’яўленне спецыяльнай палічкі, альбо панеўкі, куды насыпаўся затравачны порах.
У арсеналах замкаў Вялікага Княства Літоўскага прымітыўныя ручныя пішчалі захоўваліся да канца разглядаемага перыяду. У 1552 г. у Астэрскім замку мелася «ручниц 13 малых, пищальных, а все неприправных». Часта можна было напаткаць пішчалі, замацаваныя на жэрдках, якія фіксуюцца ў дакументах як «кіі»; называюцца раз-пораз «старасвецкімі». «Киев железных, што стреляют с них, 7» знаходзілася ў 1552 г. у Чаркаскім замку. У тым жа годзе ў Канёўскім замку налічвалася 4 «кіі»; столькі ж ix было i ў Мазырскім замку, у той час як колькасць «кіёу» у Кіеве раўнялася 8. Вялізарная колькасць такіх пішчаляў захоўвалася ў Полацкім замку, дзе было занатавана «киев старосвецких добрых шест сот, киев старосвецких также железных пять». «Киев железних 7» мелася ў 1566 г. у «цекгавзе» Брэсцкага замка. Сустракаліся сярод «кіёў» i гакаўніцы, сведчаннем чаго можа служыць інвентар Магільнянскага замка за 1536 г., у якім фігуруюць «гаковниц в ложах четыры, а на киях пять гаковниц». Можна меркаваць, што некаторыя экземпляры згаданай зброі працягвалі выкарыстоўвацца ў баявых мэтах, аднак у шэрагу выпадкаў яны разглядаліся як сыравіна для адліўкі гармат. Так, пры апісанні амуніцыі Брацлаўскага замка за 1545 г. адзначаецца: «ручниц ни одное нет, одно тры кии старосвецких, которыи может перелити ы злучывшы в одно место з тыми кии которыи сут у Веницы, пят их будет, дело доброе».
У канцы XV ст. у Еўропе назіраецца далейшая эвалюцыя ручной агняпальнай зброі. Задняя частка ложа адгінаецца пад пэўным вуглом уніз i стварае прыклад, які падчас прыцэльвання прыкладаўся да шчакі i ўпіраўся ў плячо. Пад ствалом у ложы знаходзілася месца, куды ўкладваўся шомпал; такім чынам, стрэльба набыла досыць завершаны выгляд. У гэты час быў удасканалены i кнотавы замок. Уласна курок, які трымаў кнот, злучаўся са спускавым рычагом не непасрэдна, а пры дапамозе т. зв. арэха. Націсканне спускавога рычага прыводзіла да праварочвання арэха i ападання на панеўку курка, павернутага ў накірунку дула ці ў адваротны бок. Быў сканструяваны таксама замок, у якога спуск ажыццяўляўся не пры дапамозе рычага, а праз націсканне сярэднім пальцам левай рукі спецыяльнай кнопкі на ложы, злучанай з пружыністай пласцінкай са стопарам. Пры націсканні кнопкі стопар, які ўтрымліваў курок ва ўзведзеным стане, адыходзіў, курок вызваляўся i пад уздзеяннем асобай спружыны ападаў. У такіх замках замест кнота выкарыстоўвалася губка, устаўленая ў трубку на канцы курка, таму ў Вялікім Княстве Літоўскім, таксама як i ў Польшчы, яны ў далейшым атрымалі назву «губчастых».
На пачатку XVI ст. у Еўропе распаўсюдзіўся т. зв. колавы замок, аснову якога складала сталёвае кола, злучанае пры дапамозе ланцуга са спружынай. У працэсе падрыхтоўкі да стрэлу кола накручвалася спецыяльным ключом, пасля чаго на яго апускаўся курок з заціснутым у ім кавалкам пірыту. Пры націсканні спуска кола вызвалялася i круцілася пад уздзеяннем спружыны, тручыся аб пірыт i высякаючы іскры, якія падпальвалі порах на панеўцы. 3 сярэдзіны XVI ст. пачалі ўжывацца замкі, у якіх іскры высякаліся пры дапамозе крэсіва i курка, куды ўкладваўся кавалак крэменю.
Тэрміналогія, якая ўжывалася ў Вялікім Княстве Літоўскім у дачыненні да ручной агняпальнай зброі, у XVI ст. выглядала ўжо дастаткова распрацаванай. Уся агняпальная зброю, якую насілі ў руках, падзялялася на тры вялікія групы - гакаўніцы, ручніцы і, з сярэдзіны стагоддзя, аркебузы. Гакаўніцы выступалі ў якасці пераходнага варыянта паміж артылерыяй i ручной агняпальнай зброяй, што абумоўлівалася значнымі ваганнямі ў яе памерах. У «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. узгадваюцца «гаковница великая железная... а восьм коз меденых». «Козы» як мадыфікацыя гакаўніц фігуруюць таксама ў інвентары Астэрскага замка за 1552 г., дзе было 38 гакаўніц, у тым ліку «30 межи ними по больших, козами зовут». Гаворка ідзе, напэўна, пра вялікія гакаўніцы, для якіх патрабаваліся спецыяльныя падпоркі, называныя «казінымі нагамі»; «вилок до гаковниц чотыры, которые называють козие ноги» узгадваюцца ў апісанні Полацкага замка 1552 г. Цікава, што яшчэ адна падобная падпорка прызначалася тут для гармат, а менавіта для серпантынаў.
Па сваіх памерах, асабліва даўжыні, вялікія гакаўніцы маглі набліжацца да лёгкіх гармат. У гэтым сэнсе звяртаюць на сябе ўвагу 33 «полутарасниц гроковниц» (напэўна, скажонае «гакаўніц»), якія меліся ў 1515 г. у Крычаўскім замку. У 1549 г. у Радашковіцкім замку знаходзілася «гаковниц великих тры по 9 пядей» i яшчэ «коротких пять по пяти пядей». Відавочна, што радашковіцкія вялікія гакаўніцы набліжаліся да зброі, якая па-нямецку называецца «Doppelhaken» (двайная гакаўніца). Двайныя гакаўніцы абслугоўваліся дзвюма асобамі, мелі даўжыню амаль 2 м, стралялі кулямі да 116 г i клаліся падчас стральбы на спецыяльныя козлы. Не выключана, што апошнія якраз i фігуруюць у апісанні Полацкага замка 1552 г. як «козие ноги». Прамежкавае месца паміж «вялікімі» i «кароткімі» гакаўніцамі Радашковіцкага замка займалі гакаўніцы даўжынёй у 6 i 6,5 пядзяў, фіксаваныя інвентаром Чаркаскага замка 1552 г.
Гакаўніцы з’яўляліся адным з найбольш распаўсюджаных тыпаў агняпальнай зброі, ужыванай для абароны фартэцый. У рэестры амуніцыі, якая знаходзілася ў 1551 - 1565 гг. у Вільні, на 415 гармат i 1083 ручніцы прыпадае ажно 3057 гакаўніц. Толькі гакаўніцы былі высланы з Вільні ў такія «памежныя» замкі Вялікага Княства Літоўскага, як Навагрудак, Прапойск, Любеч, Гомель, Рэчыца, Крычаў, Остэр, Уладзімір, Мазыр, Канёў, Белая Царква, Мінск, Радашковічы, Браслаў, Хорціца, Рашкаў, Чарнобыль i Сураж, гакаўніцы з ручніцамі - у Радомль, Свіслач, Трокі i Друю. Разам з тым выкарыстоўваліся гакаўніцы i ў адкрытым баі. Лёгкія ўзоры гэтай зброі можна заўважыць у руках наёмных драбаў ліцвінскага войска на карціне ананімнага мастака «Бітва пад Оршай» (іл. XXIV в.). У 1563 г. Торчынскі ўраднік Андрэй Халстоўскі наехаў на зямлю Беластоцкую «конно, збройно, з гаковницами, з ручницами, з сагайдаки, з мечи, з рогатинами и ыншым оружьем». Меліся гакаўніцы ў атрадзе ўраднікаў князя Астрожскага, якія ў тым самым годзе напалі на замак у Грыцове, а таксама ў драбаў Мікалая Дуброўскага, што захапіў у 1564 г. маёнтан краснасельскага баярына Васіля Барзабагатага Вечын. Калі ж гэты маё’нтак быў атакаваны ўжо сіламі Барзабагатага, то ў ix быў захоплены рыштунак, сярод якога значылася «полугаковниче одно». Праўда, прынамсі ў апошнім выпадку, гаворка мусіць ісці пра т. зв. «пулгак», які ўяўляў сабой укарочаную стрэльбу i не з’яўляўся гакаўніцай у поўным сэнсе гэтага слова. Меліся пулгакі i ў разрабаваным у 1577 г. Верхавіцкім двары Берасцейскага павета, які належаў Апалоніі Капцовай.
У XVI ст. усё яшчэ ўжываліся архаічныя гакаўніцы, у тым ліку «на киях», якія меліся, напрыклад, у Магільнянскім замку ў 1536 г. Аднак сустракаліся i найноўшыя экземпляры, забяспечаныя замкамі перадавых канструкцый. У якасці прыкладу такой зброі можна прывесці гакаўніцу «с ключем» (напэўна, колавым замком), якая знаходзілася ў 1515 г. у Крычаўскім замку. «Hakownic dwie iedna z zamkiem krossowym a druga bez krossu» згадвае рэестр зброі Крыштофа Радзівіла за 1584г.
Тэрмін «ручніца» удаецца заўважыць у дакументах Вялікага Княства Літоўскага толькі на пачатку XVI ст. інфармацыя аб ручнічным пораху ўтрымліваецца ў рэестры амуніцыі Віцебскага замка 1506 г. «Рэестр паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. фіксуе «ручниц железных 5» i «4 ручницы меденыя». Можна меркаваць, што ручніцамі называліся ўсе ўзоры ручной агняпальнай зброі, не забяспечаныя «гакам» і, як правіла, замацаваныя ў ложах (для вызначэння экземпляраў, замацаваных на жэрдках, існаваў у XVI ст., як ужо адзначалася, тэрмін «кій»).
3 агульнай масы ручніц выдзяляліся розныя варыянты, што абумоўлівалася найперш канструкцыяй замка i даўжынёй зброі. Найбольш поўную інфармацыю аб варыянтах ручніц прыносяць крыніцы сярэдзіны - другой паловы XVI ст. У гэты час ўжываліся стрэльбы з кнотавымі, губчастымі, колавымі i крамянёвымі («кросавымі») замкамі. Так, у Крамянецкім замку ў 1545 г. мелася «ручниц трыдцат ы тры», прычым усе яны былі «з кнотами». Дзесяць «ручниц губчастых» было захоплена ў 1564 г. у двары Вечын падчас наезду на яго Мікалая Дуброўскага. Дваццаць ручніц «з колми» былі зрабаваны ў 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павета. Стрэльбы з замкамі двух відаў, а менавіта «ручница долгая кросовая и з ольстром, ручница губчастая одна» засталіся пасля смерці Марціна Вольскага ў маёнтку Карсаковічы Менскага павета ў 1582 г. Ручніцы трох мадыфікацый меліся ў тым самым годзе ў жамойцкім маёнтку Жэймяны. Тут былі губчастая ручніца «о cztyrzech rurkach», тры доўгія ручніцы «z zamkami i s koscia» i яшчэ пяць ручніц, да якіх мелася 4 кноты. Паказальна, што кнотавыя ручніцы называюцца тут «драбскімі», што можа нейкім чынам сведчыць аб ix найбольшым распаўсюджанні менавіта сярод пехацінцаў. Тут можна адзначыць, што ў Заходняй Еўропе пяхота таксама аддавала перавагу кнотавым стрэльбам ажно да канца XVII ст. «Rusnic s krossami dlugich 11» узгадвае рэестр зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г.
Надзвычай цікавы пералік ручной агняпальнай зброі ўтрымліваецца ў спісе рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. У ім фігуруюць 6 доўгіх ручніц з колавымі замкамі, адна з якіх была апраўлена косцю, 4 доўгія ручніцы з губчастымі замкамі I 4 карацейшыя ручніцы, апраўленыя косцю. Асаблівую ўвагу прыцягваюць кароткая ручніца ў жалезнай ложы, з двума стваламі i з замкам і, а таксама 6 кароткіх ручніц у простых ложах. Хутчэй за ўсе тут маецца на ўвазе пісталеты. Была прадстаўлена ў спісе i камбінаваная зброя ў выглядзе жалезнага кляўца, спалучанага з ручніцай (верагодна пісталетам).
Яшчэ адзін варыянт ручніц фіксуецца ў актах Гродзенскага земскага суда пад 1555 г. Гэта «ручница пташья», якая была зрабавана ў нейкага пана Богуша. Можна меркаваць, што тут маецца на ўвазе стрэльба малога калібру, прызначаная для палявання на птушак - т. зв. «цешынка» (ням. Tschinke). Цешынкі характарызаваліся пераважна наразным ствалом, колавым замком спецыяльнай канструкцыі, вузкім ложам i выцягнутымі абрысамі, а таксама прыкладам адмысловай формы, моцна апушчаным уніз.
Спецыфічнай мадыфікацыяй ручніцы з’яўлялася аркебуза, якая ўяўляла сабой лёгкую стрэльбу калібрам каля 10 мм, найчасцей з колавым замком i з «нямецкім» прыкладам - кароткім i масіўным, шматгранным у сячэнні. Існуе таксама меркаванне, што ствалы аркебузаў былі больш трывалымі за ствалы звычайных ручніц, ужываных у Польшчы (як, напэўна, i ў Вялікім Княстве Літоўскім), што дазваляла ўдвая павялічыць парахавы зарад, у выніку чаго дальнасць стральбы з аркебузаў была вышэйшай.
Не выключана, што ў шэрагу выпадкаў у дакументах Вялікага Княства аркебузы хаваюцца за абагульняльнай назвай «ручніца». Аднак з сярэдзіны XVI ст. падобныя стрэльбы стала выступаюць пад асобным тэрмінам. Так, у 1549 г. у Радашковіцкім замку мелася «десять гаркобузов». У 1552 г. колькасць аркебузаў раўнялася ў Чаркаскім замку 29, у Канёўскім замку 20, у Вінніцкім замку 39 адзінкам i г. д. Досыць шырока былі яны прадстаўлены i ў прыватных арсеналах. Большая, чым у выпадку з іншымі відамі ручной агняпальнай зброі, канкрэтнасць тэрміна «аркебуза» не дазваляе выдзеліць асобных яе мадыфікацый, хоць існаваў, напрыклад, падзел на доўгія i кароткія аркебузы. У маёнтку Вечын падчас наезду Мікалая Дуброўскага ў 1564 г. было зрабавана «аркабузов сем коротких, а долгих пят». 20 кароткіх аркебузаў засталося пасля смерці Андрэя Бабраўніцкага ў маёнтку Жэймяны на Жмудзі ў 1582 г.
Паводле звестак вайсковых попісаў другой паловы XVI ст., найбольшай папулярнасцю аркебузы карысталіся ў кавалерыстаў. Так, у коннай роце Філона Сымонавіча Кміты Чарнабыльскага ў 1567 г. іншых стрэльбаў, апроч аркебузаў, не фіксуецца наогул. Пераважалі аркебузы i ў вершнікау, якія ўваходзілі ў харугвы паспалітага рушэння. Аднак у цэлым з улікам усіх катэгорый ваяроў аркебузаў налічвалася тут менш, чым ручніц (табл. 7). Гэта тлумачылася прыярытэтным выкарыстаннем агняпальнай зброі не кавалерыстамі (яны ўжывалі яе досыць рэдка), а пешымі драбамі, для якіх агняпальная зброя, а менавіта ручніцы з’яўлялася адным з нарматыўных відаў узбраення, зацверджанага на Віленскім сойме 1563 г. i на Гродзенскім сойме 1567 г.

Раздзел 4. РЫШТУНАК ВЕРШНІКА І ВЕРХАВОГА КАНЯ

Сродкі сядлання баявога каня i кіравання не належаць непасрэдна да элементаў узбраення, аднак у часы, калі кавалерыя з’яўлялася асноўнай вайсковай сілай, ix эвалюцыя была цесна звязана з узроўнем ваенна-тэхнічнай думкі цэлым.
Кшталтаванне рыштунку вершніка i верхавога каня на еўрапейскім абшары познім сярэднявеччы абумоўлівалася існаваннем падзелу конніцы на цяжкую i лёгкую, прычым кожная забяспечвалася ўзбраеннем рознага функцыянальнага прызначэння i рознай вагі. Нават больш, гэтая дыферэнцыяцыя прыводзіла да павышэння патрабаванняў да канстытуцыі саміх коней. Лічыцца, што для прадухілення празмернага абцяжарвання каня ягоная маса павінна перавышаць масу вершніка прынамсі пяць разоў. Зыходзячы з гэтага, па меры распаўсюджання больш разбудаванай аховы цела вастрэй адчувалася патрэба забеспячэнні цяжкой кавалерыі спецыяльнымі коньмі, рослымі, дужымі i вынослівымі, якім б маглі несці на сабе вершніка поўным капійнічым узбраенні. На жаль, першая інфармацыя аб градацыі баявых коней у Княстве датуецца толькі першай паловай XVI ст. Звесткі аб «конях капійнічых», якія патрабавалі спецыяльнага рыштунку, маюцца «рэестры паспалітых рэчаў скарбных» 1510 г. Коні розных тыпаў фіксуюцца попісамі почтаў у складзе польскіх наёмных рот. Згаданыя попісы, цалкам у адпаведнасці з традыцыяй, прынятай для акрэслення даспехаў, выдзяляюць дзве асноўныя катэгорыі коней - капійнічыя i стрэльчыя. У межах кожнай катэгорыі маглі мецца дадатковыя вызначэнні, якія сведчаць аб існаванні падзелу як капійнічых, так i стрэльчых коней на «добрых», «роўных» альбо «сярэдніх» i «малых». Пра падзел коней на капійнічых i стрэльчых інфармуюць таксама лісты паноў-рады да паветаў за 06/07.02.1563 г., прычым, як вынікае з ix, розніца плаце ўладальнікам капійнічых i стрэльчых коней за службу складала гэты час у Княстве адзін польскі залаты штомесяц.
Выкарыстанне верхавога каня забяспечвалася пры дапамозе цэлага комплекта прыстасаванняў, якія, апроч таго, залежалі ад манеры вядзення бою вершніка. Для ваяроў, узброеных тараннага тыпу, была неабходна максімальная статычнасць i ўстойлівасць, у той час як стральцам патрабавалася мабільнасць, якая аблягчала маніпуляванне зброяй з розных пазіцый. Такім чынам, сярод фактараў, што ўплывалі на кшталтаванне рыштунку вершніка i каня першую чаргу, можна вылучыць характар наступальнага ўзбраення вершніка, наяўнасць альбо адсутнасць у яго цяжкога даспеха (а раз-пораз i даспеха самога каня) i сувязі з гэтым асаблівасці целаскладу конскага індывіда.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: