Рэферат і анатацыя як вынік кампрэсіі навуковага тэксту
Працэс сціскання (кампрэсіі) навуковага тэксту да галоўных абагульняльных фармулёвак – гэта працэс складання тэксту рэферата і анатацыі.
Рэферат (ад лац. referre – дакладваць, паведамляць) – кароткае паведамленне зместу навуковай працы, артыкула, кнігі і пад.; даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг і пад. (ТСБМ). У навуковай літаратуры існуе падзел рэфератаў па паўнаце выкладу на дзве разнавіднасці: інфарматыўныя (рэфераты-канспекты) і індыкатыўныя (апісальныя, указальныя – рэфераты-рэзюмэ).
Інфарматыўныя рэфераты змяшчаюць у сабе асноўную інфармацыю рэферыруемай працы ў абагульненым выглядзе; у іх таксама ўказваюцца мэта і задачы даследавання, звесткі пра методыку даследавання, сферу прымянення, прыводзяцца вынікі працы, якія маюць навуковую і практычную значнасць, і інш.
Індыкатыўныя рэфераты (рэфераты-рэзюмэ) займаюць прамежкавае становішча паміж рэфератам і анатацыяй (іх называюць рэфератыўнай анатацыяй). Яны толькі «падказваюць» чытачу, патрэбна яму звяртацца да першаснага дакумента ці не. У такіх рэфератах называюцца асноўныя палажэнні, звязаныя з тэмай рэферыруемай працы, пералічваюцца назвы раздзелаў, глаў, параграфаў, прыводзяцца ключавыя словы і словазлучэнні (звычайна тэрміны, якія грунтуюцца на асноўных ідэях і паняццях рэферыруемай працы) [5].
Схема інфарматыўнага рэферата (рэферата-канспекта):
1) уступ (загалоўкавая частка);
2) апісанне (уласна рэфератыўная частка);
3) заключная частка.
Ва ўступе даецца бібліяграфічнае апісанне (яно афармляецца ў адпаведнасці з ДАСТам).
Уласна рэфератыўная частка ўключае ў сябе змест асноўных пытанняў і праблем, закранутых у артыкуле, манаграфіі і інш. (прычым выклад пазіцыі аўтара ідзе аб’ектыўна, без суб’ектыўнай ацэнкі рэферэнтам выкладаемага); пазначаюцца вынікі даследаванняў; таксама ўказваецца колькасць табліц, ілюстрацый і інш. Напрыклад: У дапаможніку разглядаецца; у 1-й тэме аўтар адзначае, што; затым даследуецца; перш за ўсё адзначаецца, што; аўтарам разглядаецца; тэма 2 прысвечана; аўтар вылучае; аўтарам звяртаецца ўвага на тое, што (у прыватнасці, звяртаецца ўвага на тое, што); гэтаму прысвечана 3-я тэма дапаможніка; аўтар рэкамендуе; далей аўтар зазначае, што; тэма 4 прысвечана....... і г.д.
У заключнай частцы прыводзяцца вывады аўтара, паказваецца значэнне і своечасовасць артыкула і інш.
Рэферат павінен быць аб’ектыўным, поўным, лагічным, адпавядаць стылістычным нормам.
Класіфікацыя па | Назва | Змест |
Паўнаце выкладу зместу | Інфарматыўныя | Перадаюць усе асноўныя палажэнні першакрыніцы |
Індыкатыўныя | Указваюць толькі на асноўную тэму першакрыніцы | |
Колькасці рэфераваных першакрыніц | Манаграфічныя | Пішуцца на аснове адной працы |
Аглядныя | Пішуцца на аснове некалькіх прац па адной тэме | |
Чытацкім прызначэнні | Агульныя | Разлічаны на шырокае кола чытачоў, таму змест перадаецца ў цэлым |
Спецыялізаваныя | Пераказ зместу зарыентаваны на спецыялістаў | |
Складанні | Аўтарамі | Аўтарэферат дысертацыі |
Спецыялістамі | Той галіны, да якой адносіцца рэферат | |
Прафесіяналамі-рэферэнтамі |
Анатацыя (ад лац. annotatіo – заўвага) – гэта кароткая характарыстыка арыгінала, якая перадае змест у выглядзе пераліку асноўных пытанняў, а часам дае і крытычную ацэнку.
Схема анатацыі:
1) прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара;
2) назва твора;
3) месца выдання, выдавецтва, год;
4) аб’ём (колькасць старонак, малюнкаў, табліц);
5) кароткі змест (пералік асноўных пaлажэнняў тэксту-крыніцы);
6) пытанні, разгледжаныя ў заключэнні і вывадах;
7) выкарыстанне ў тэксце літаратуры;
8) чытацкае назначэнне.
Напрыклад: Лепешаў, І.Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І.Я. Лепешаў, М.А. Якалцэвіч. – Мінск: «Бел. асац. «КонкурсFт», 2006. – 544 с.
Упершыню кніга апублікавана ў 1996 г. выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Другое, значна дапоўненае, выданне выйшла ў 2002 г. у выдавецтве «Беларуская навука».
У слоўніку апісваецца больш за 1600 найбольш ужывальных прыказак, тлумачыцца іх сэнс, пры неабходнасці даецца іх сітуацыйная і стылістычная характарыстыка. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак ілюструецца прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў. Паказана, у якіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца пэўная прыказка ці яе разнавіднасці. Пры некаторых прыказках ёсць даведкі пра іх паходжанне. У слоўніку адлюстравана варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі. Прызначаецца для шырокага круга чытачоў.
Змест у бібліяграфічнай картцы-анатацыі можа перадавацца адным сказам: У слоўніку даецца апісанне больш за 1600 беларускіх прыказак, адлюстроўваецца варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі.
Паміж рэфератам і анатацыяй існуюць пэўныя адрозненні: 1) у рэфераце інфармацыя выкладаецца з пазіцый аўтара арыгінала без ацэнкі рэферэнтам выкладаемага, у анатацыі – фармулёўкамі рэферэнта;
2) рэферат знаёміць чытача з асноўнымі пытаннямі, праблемамі і пад., дае адказ на пытанне, менавіта якая інфармацыя змяшчаецца ў тэксце, анатацыя ж толькі павярхоўна дае ўяўленне, аб чым гаворыцца ў арыгінале, аблягчае пошук неабходнай інфармацыі; 3) рэферат будуецца на аснове ключавых фрагментаў тэксту, анатацыя ж пішацца сваімі словамі.
Студэнты ў ВНУ даволі часта пішуць рэфераты-даклады, якія чытаюцца ў аўдыторыі. Тэмы для рэфератаў-дакладаў падбіраюцца індывідуальна, з улікам выбранай спецыяльнасці і схільнасцей студэнта.
Праца над рэфератам-дакладам пачынаецца з прагляду анатацый літаратуры па выбранай тэме, у якіх змест работы даецца ў асноўным. Беглы прагляд анатацый шматлікай літаратуры дазваляе выбраць неабходныя працы, якія заслугоўваюць больш уважлівага чытання і глыбокага вывучэння. Адабраную літаратуру неабходна заканспектаваць у асобным сшытку, абавязкова запісаўшы бібліяграфічныя дадзеныя канспектуемых прац. Пасля глыбокага асэнсавання заканспектаванага варта прыступіць да складання плана свайго дакладу. План звычайна складаецца з трох частак: уводзін, асноўнай часткі, заключэння.
Ва ўводзінах студэнт робіць абгрунтаванне актуaльнасці выбранай тэмы, яе тэарэтычнай і практычнай значнасці. Таксама фармулююцца асноўная мэта і задачы рэферата-даклада.
У асноўнай частцы раскрываецца сутнасць асноўных пытанняў плана, асноўных сучасных напрамкаў у разглядзе абранай тэмы. Прычым студэнт павінен абавязкова (у адрозненне ад рэферата-канспекта) у сваім дакладзе выказаць свае меркаванні наконт разглядаемых пытанняў.
У заключэнні даюцца ў кароткай, яснай форме асноўныя вывады па разглядаемай працы. У канцы рэферата-даклада прыводзіцца спіс прачытанай або выкарыстанай літаратуры, які афармляецца ў адпаведнасці з ДАСТам.
Памер рэферата-даклада складае 10–15 старонак камп’ютарнага набору.