double arrow

Пытанні і заданні для самакантролю

Пытанні і заданні для самакантролю

1. У якім напрамку прасочваецца эвалюцыя раслін падкласа карыяфіліды?

2. Дайце характарыстыку раслін сям’і гваздзічныя.

3. Ахарактарызуйце расліны сям’і грэчкавыя.

4. Які асноўны напрамак эвалюцыі раслін падкласа гамамелідыд?

5. Дайце характарыстыку раслін сям’і букавыя.

6. Чым адрозніваюцца расліны сямей бярозавых ад букавых?

1. Якое месца ў філагенетычнай сістэме займае падклас дыленііды?

2. Назавіце характэрныя прыкметы раслін парадкаў верасакветныя, вербакветныя і напрамкі іх эвалюцыйнага развіцця.

3. Якія асаблівасці характарызуюць расліны парадку гарбузакветныя?

4. Ахарактарызуйце расліны парадку каперсакветныя, вызначце яго характэрныя асаблівасці. Якое практычнае значэнне маюць расліны гэтага парадку?

5. Якія асаблівасці маюць расліны парадку мальвакветныя і якое іх практычнае выкарыстанне?

ПАДКЛАС РАЗІДЫ (ROSIDAE)

Уключае дрэвы, хмызнякі і травы з простымі ці перыста- радзей пальчатаскладанымі лістамі без прылісткаў ці з прылісткамі. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях ці адзіночныя, двухполыя, ці радзей аднаполыя, актынаморфныя ці зігаморфныя, цыклічныя, звычайна з двайным калякветнікам. Пялёсткі венчыка свабодныя ці больш-менш зрослыя. Тычынак шмат або некалькі. Гінецэй апакарпны, часцей цэнакарпны. Завязь верхняя, паўніжняя ці ніжняя. Плады розных тыпаў. Насенне з эндаспермам ці без эндасперма.

Rosidae мае агульнае паходжанне з Dilleniidae і, верагодна, разам з ім паходзіць ад Magnoliidae.

Падклас уключае 39 парадкаў. Разгледзім некаторыя з іх.

Парадак каменяломкакветныя (Saxifragales)

Гэта шматгадовыя ці аднагадовыя травы, радзей паўхмызнякі ці хмызнякі. Лісты чарговыя ці процілеглыя, вельмі рэдка кальчаковыя, простыя, цэльныя ці, радзей, лопасцевыя, звычайна без прылісткаў. Кветкі ў рознага роду суквеццях ці адзіночныя, звычайна двухполыя, актынаморфныя або, радзей, злёгку зігаморфныя, звычайна з двайным калякветнікам. Пялёсткі свабодныя або, радзей, больш-менш зрослыя, рэдка адсутнічаюць. Тычынкі ў аднолькавай колькасці з чашалісцікамі ці іх у два разы больш, свабодныя; пыльнікі ўскрываюцца падоўжнай шчылінай. Гінецэй апакарпны або цэнакарпны (сінкарпны ці паракарпны), звычайна са свабоднымі стылодыямі; завязь верхняя, паўніжняя ці ніжняя, з некалькімі або многімі семязачаткамі. Плады – каробачкі, многалістоўкі ці ягадападобныя.

Сям‘я таўсцянковыя(Crassulaceae).Травяністыя расліны, сукулентныя, шматгадовыя ці аднагадовыя, з простымі, большай часткай без прылісткаў, сакавітымі лісточкамі. Кветкі звычайна ў коласападобных, гронкападобных, шчытападобных суквеццях, актынаморфныя, двухполыя, рэдка аднаполыя, кругавыя, у большасці выпадкаў з аднолькавым 4-5-6 і большым лікам членаў калякветніка (у абодвух кругах) і гінецэя, але ў два разы большым лікам у андрацэі. Венчык раздзельнапялёсткавы, іншы раз спайнапялёсткавы. Пладалісцікі свабодныя ці зрастаюцца паміж сабой у большай ці меншай ступені. Завязь верхняя. Пры аснове пладалісцікаў знаходзяцца лускі – нектарнікі. Расліны энтамафільныя, некаторыя арнітафільныя. Кветаложа часта сподачкапашыранае. Плод – многалістоўка, рэдка каробачкападобны.

Таўсцянковыя – вялікая сям‘я, утрымлівае да 35 родаў і 1500 відаў. Шырока распаўсюджаны (акрамя Палінезіі і Аўстраліі), але сканцэнтраваны ў асноўным у Паўднёвай Афрыцы. У Рэспубліцы Беларцусь сям‘я таўсцянковых прадстаўлена 4-ма родамі і каля 11 відамі.

У нашай рэспубліцы часта сустракаецца расходнік едкі (Sedum acre, малюнак 103). Часта расце ў сухіх разрэджаных сасновых лясах, пустках,на ўзлессі, сухадольных лугах. Формула кветкі: Û Ca6Co6A6+6G 6. Плод – многалістоўка.

У разрэджаных лясах, на палянах зрэдку сустракаецца сукулентная расліна сям‘і таўсцянковых скочкі - Jovibarba globifera (Sempervivum soboliferum).

Многія таўсцянковыя разводзяць як дэкаратыўныя: эхеверыя шызая (Echeveria glauca) з трапічнай Амерыкі; красула (Crasula falcata) з Паўднёвай Афрыкі з тоўстымі мясістымі лістамі; брыяфілум (Bryophyllum pinnatum), у кутках краявых зубчыкаў ліставой пласцінкі ўтвараюцца вывадковыя пупышкі, з якіх развіваюцца новыя расліны; Rochea coccinea з Паўднёвай Афрыкі – расліна з правільна крыж-накрыж размешчанымі лістамі і ярка-чырвонымі кветкамі і іншыя.

Сям‘я каменяломкавыя(Saxifragaceae) ўключае каля 30 родаў і 600 відаў. Распаўсюджаны галоўным чынам ва ўмераных абласцях паўночнага паўшар‘я з нямногімі відамі ва ўмераных абласцях паўднёвага паўшар‘я і ў гарах тропікаў. У Беларусі сям‘я прадстаўлена 2 родамі і 5 відамі.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы, хмызнякі і паўхмызнякі з цэльнымі чарговымі і процілеглымі лістамі, без прылісткаў. Кветкі пазушныя, энтамафільныя, правільныя, рэдка злёгку няпрвавільныя. Калякветнік двайны (рэдка пялёсткі рэдукаваныя), чашалісцікаў і пялёсткаў па 5-10, рэдка па 4 ці 3. Тычынак таксама 5-10, вельмі рэдка 3. Адна з характэрных асаблівасцей – прысутнасць гіпантыя, які прырастае да асновы гінецэя. Гінецэй ад амаль апакарпнага да сінкарпнага ці паракарпнага, з 2-5 пладалісцікаў, завязь – у залежнасці ад зрастання гіпантыя з гінецэем – верхняя (амаль свабодная), паўніжняя ці ніжняя. Стылодыі свабодныя ці зрослыя ў слупок. Семязачаткі шматлікія, звычайна красінуцэлятныя, з двайным ці простым інтэгументам. Плод у большасці выпадкаў каробачка ці несапраўдная ягада.

Асцільба (Astilbe) налічвае 25 відаў ва Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыцы. Гэта лясныя шматгадовыя з буйнымі перыстаскладанымі лістамі і пірамідальнымі мяцёлкавымі суквяццямі з дробных кветак. Гініцэй амаль апакарпны. Дэкаратыўныя расліны.

Бадан (Bergenia). Шесць відаў ад Алтая да Ціхага акіяна. Травы з тоўстымі карэнішчамі, буйнымі цэльнымі лістамі і суквеццямі на бязлістых кветаносах. Выкарыстоўваюць як дубіцелі, лекавыя і дэкаратыўныя расліны.

Каменяломка (Saxifraga). Род налічвае да 370 відаў ад Арктыкі да Анд, асабліва ў гарах, тундрах і на балотах. У Беларусі сустракаецца рэдка і ахоўваецца каменяломка зярністая (малюнак 104). Формула кветкі: ÛCa(5)Co5A5+5G (2). Плод – каробачка.

Каменяломкавыя прадстаўляюць вельмі паліморфную групу, у якой рэалізуюцца некаторыя важныя напрамкі марфалагічнай эвалюцыіі (пераход ад апакарпіі да сінкарпіі і паракарпіі, фарміраванне гіпантыя, паўніжняй і ніжняй завязі і інш.)

З сям‘і Saxifragaceae цяпер звычайна выдзяляюць асобныя сем‘і.

Сям‘я агрэставыя (Grossulariaceae). Хмызнякі з чарговымі лістамі без прылісткаў. Гінецэй паракарпны, з 2 пладалісцікаў, з прырослым да яго гіпантыем. Завязь ніжняя, аднагняздовая, з 2 парыятальнымі плацэнтамі. Плод – многанасенная сакавітая ягада.

Прадстаўнікі: парэчкі чорныя (Ribеs nigrum) і парэчкі чырвоныя (Ribеs rubrum) Віды– хмызнякі з чарговымі, 3-5-лопасцевымі лістамі. Кветкі ў гронках. Формула: Û. Завязь аднагняздовая, плод – шматнасенная ягада. У парэчках чорных лісты пахучыя, з залозкамі, ягада чорная, у парэчак звычайных залозак няма, ягада чырвоная. Парэчкі белыя – разнавіднасць парэчак звычайных.

Расліны гэтыя – меданосы, каштоўныя ежавыя (асабліва ягады парэчак чорных, багатыя вітамінам С – да 0,4 %). Вырошчваюцца. Дзіка растуць у лясах, хмызняках.

Агрэст адхілены (Grossularia reclinata, малюнак 105). Хмызняк з шыпамі ў пазухах парасткаў, чарговымі, 3-5-лопасцевымі лістамі. Кветкі пазушныя, па 1-2, 5-членныя, зеленаватыя. Плод – ягада. Меданос, важная ежавая расліна. Разводзіцца і расце ў дзікім выглядзе.

Гэта важныя ежавыя, дэкаратыўныя і тэхнічныя расліны.

Сям‘ю іншы раз падзяляюць на некалькі падсямей ці сем‘яў.

Сям‘я гартэнзіевыя (Hydrangeaceae). Большай часткі хмызнякі, невялікія дрэўцы ці ліяны, часцей з процілеглымі лістамі без прылісткаў. Кветкі ў цымозных шчыткападобных ці мяцёлчатых суквеццях. Чашачка і венчык звычайна 4-5 членныя. Тычынкі ў адным ці двух кругах альбо мнагалікія. Гінецэй паракарпны ці другаснасінкарпны, з (2) 3-5 (10) пладалісцікаў, з паўніжняй ці ніжняй завяззю. Плод – каробачка, ці рэдка, ягада. 17 родаў, да 250 відаў у субтропіках і абласцях умеранага клімату паўночнага паўшар‘я.

Прадстаўнікі:Гідрангія садовая (Hydrangea hortensis), ці гартэнзія – хмызняк з процілеглымі цэльнымі буйнымі лістамі і суквеццем – буйной мяцёлкай. Формула кветкі: Û. Краявыя кветкі суквецця бясплодныя, з 4-5 буйнымі пялёсткападобнымі (белымі, ружовымі ці блакітнымі) чашалісцікамі. Пладучыя кветкі несамавітыя. Плод – каробачка. У садовых форм кветкі бываюць бясполыя, і тады размнажаюцца вегетатыўна. Расліна дэкаратыўная, родам з Паўднёва-Усходняй Азіі і Японіі.

Чубушнік, жасмін садовы (Philodelphus coronarius) – хмызняк з процілеглымі цэльнымі лістамі. Кветкі ў гронках, белыя з крэмавым адценнем, Û. Плод – каробачка. Каштоўная дэкаратыўная расліна, драўніна ідзе на выраб цыбукоў для курэння. Меданос, лісты даюць чорную фарбу. Паходзіць з Паўночнай Амерыкі.

Каменяломнік зярністы (Saxifraga granulata), к. балотны (S. hirculus) і іншыя. Часцей шматгадовыя расліны з прыкаранёвай разеткай лістоў. Бадан таўсталісты (Bergenia crassifolia) – шматгадовая расліна з прыкаранёвай разеткай буйных цэльных скурыстых лістоў і з кветкавай стрэлкай. Кветкі ў шчытках, ружовыя. Формула кветкі: Û Ca(5)Co5A10G (2). Плод – каробачка. Карэнішча і лісты каштоўны як дубільныя, з расліны атрымліваюць гідрахінон, фарбу. Вырошчваецца ў культуры.

Сям‘я Saxifragaceae несумненна, блізкая да Grossulariaceae, з аднаго боку і да Rosaceae – з другога.

Парадак ружакветныя (Rosales)

У склад парадку ўваходзяць дрэвы, хмызнякі і травы з чарговымі ці процілеглымі, простымі ці складанымі лістамі з прылісткамі ці без іх. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях (пераважна цымозных), радзей адзіночныя, двухполыя ці радзей аднаполыя, актынаморфныя ці больш-менш зігаморфныя, цыклічныя, 5-членныя, звычайна з двайным калякветнікам, радзей беспялёсткавыя. Чашалісцікі, пялёсткі і тычынкі сваімі асновамі зрастаюцца з расшыраным кветаложам і ўтвараюць трубку (гіпантый). Тычынкі шматлікія, радзей 10-5 ці 3-1; ніці свабодныя ці больш-менш зрослыя з кветкавай трубкай ці паміж сабой. Гінецэй апакарпны ці радзей сінкарпны; завязь верхняя ці ніжняя. Парадак уключае 3 сям’і.

Сям’я ружавыя (Rosaceae). Гэта лістападныя ці вечназялёныя дрэвы і хмызнякі, шматгадовыя і (рэдка)аднагадовыя травы, іншы раз ліяны. Лісты большай часткай чарговыя, маюць прылісткі, якія то рана ападаюць, то доўга захоўваюцца. Кветкі то адзіночныя, то ў суквеццях, актынаморфныя (рэдка зігаморфныя) у асноўным з пяцічленнымі, радзей з чатырох-, шасцічленнымі кругамі, часта з добра развітым гіпантыям-плоскім, увагнутым ці бакалападобным.Адны лічаць яго цалкам утвораным з увагнутага кветаложа, па меркаванні іншых – гэта вынік зрастання базальных частак лісточкаў калякветніка і тычынкавых ніцей, нарэшце, згодна трэцяму меркаванню, ва ўтварэнні бакала прымаюць удзел і краі ўвагнутага кветаложа і асновы калякветніка. Чашачка іншы раз двайнаявыніку ўтварэння другога (знешняга па становішчы) круга – падчашы.

Венчык у ружавых, як правіла, яркага колеру, і толькі рэдка ў выніку недаразвіцця мала прыкметны ці адсутнічае. Андрацэй заўсёды цыклічны. Лік тычынак роўны, часцей у 2, 4 і больш разоў перавышае лік пялёсткаў. Гінецэй таксама зменлівы. Лік пладалісцікаў вагаецца ад аднаго да нявызначанай іх колькасці. Пладалісцікі то свабодныя, то зрослыя ў адзін песцік, які мае слупок, адыходзячы ў адных раслін ад верхавінкі, у іншых ад асновы завязі (гінабазічны песцік).Завязь аднагняздовая ці у раслін з цэнакарпным гінецэем двух-шматнасенная. Семязачаткаў у кожным гняздзе завязі адзін, два ці (радзей) некалькі. Па становішчы завязь верхняя ці ў выніку зрастання з бакалам ніжняя.

Плады ружавых вельмі разнастайныя - лістоўкі, арэшкі, касцянкі і розныя формы так званых несапраўдных пладоў (у яблынь, суніц, шыпшыны). Семя большай часткай без эндасперма.

У сям’юружавыя ваходзяць 100 родаў і 3000-3350 відаў. У Рэспубліцы Беларусь каля 25 родаў і 95 відаў. Распаўсюджанне касмапалітнае, але галоўным чынам ва ўмераных і субтрапічных абласцях паўночнага паўшар’я. Падраздзяляецца на 4 падсям’і.

Падсям’я спірэевыя (Spiraeoideae). Прадстаўнікі: спірэя вербалістая (Spiraea salicifolia), пузыраплоднік каліналісты (Physocarpus opulifolius) рабіннік рабіналісты (Sorbaria sorbifolia) і інш. Гэта дэкаратыўныя хмызнякі.

Кветка спірэі (малюнак 106) мае плоскае ці ўвагнутае кветаложа, па краі якога мацуюцца 5 чашалісцікаў, 5 пялёсткаў, ад 15 да 30 тычынак. Унутраны круг тычынак становіцца бясплодным і ператвараецца ў залозістыя стамінодыі. Пладалісцікаў 5, свабодных, з аднагняздовай завяззю і некалькімі семязачаткамі ў кожным гняздзе. Плацэнтацыя краявая. Формула кветкі:
ÛСа(5)Со5А(∞)G 5. Плод – лістоўка.

Прыкметы прымітыўнай арганізацыі: кветкі актынаморфныя; тычынкі шматлікія, свабодныя пладалісцікі, плод – пяцілістоўка шматнасенная.

Падсям’я ружавыя (Rosoideae). Гэта цэнтральная падсям’я ўсёй сям’і. Яе прыкметы: калякветнік двайны з падчашай, з 5-, рэдка 4-членных кругоў; тычынак шмат, размешчаных кругамі па 4-5 у кожным крузе; плод – арэшак (сямянка), касцянка аднанасенная.

У параўнанні са спірэевымі ў пладалісціках ружавых назіраецца рэдукцыя семязачаткаў да аднаго.

Род Rubus прадстаўлены амаль 250 відамі, адным з прадстаўнікоў якіх з‘яўляецца маліна лясная (R. idaeus, малюнак 107 ). Гэта паўхмызняк, добра размнажаецца каранёвымі парасткамі. Надземныя парасткі двухгадовыя.

У першы год яны развіваюць толькі лісты, на другі год – пладаносяць. На сцяблах шыпы, лісты складаныя. Кветкі пяцічленныя. Кветаложа выпуклае. Плод – складаная касцянка, прыемная на смак. Ужываюць у свежым выглядзе, вараць варэнне і сушаць. Гэта добры патагонны сродак.

Вядома вялікая колькасць сартоў культурнай маліны. Яны атрыманы ў выніку гібрыдызацыі з дзікарослай малінай.

У род Rubus уваходзіць ажына шызая (R. caesius) з пладамі чорна-чырвонага колеру, якія зрастаюцца з кветаложам. Распаўсюджана ў нашых лясах, прыбярэжных вербніках, алешніках, узлесках, высечках. Культурныя сарты ажыны цэняцца як ягадныя расліны.

У гэты ж род уваходзіць касцяніца (R. saxatilis) – з чырвонымі ядомымі пладамі. Расце ў сасновых, яловых і шыракалістых лясах.

Марошка (R. chаmaemorus) расце ў тундры і на сфагнавых балотах паўночнай часткі лясной зоны. Травяністая расліна з жоўтымі пладамі, падобнымі на маліну.

Суніцы лясныя (Fragaria vesca, малюнак 108 ) – гэта шматгадовая травяністая расліна, размнажаецца вусамі (парасткамі з падоўжанымі міжвузеллямі і рэдукаванымі лістамі). Лісты тройчастыя. Кветкі ў рыхлых суквеццях. Чашачка з падчашай. Тычынак шмат. Кветаложа разрастаецца становіццачырвонымясістым, на паверхні з– дробныміананасеннымі сухімі плодзікамі(арэшкамі)Формула кветкі: ÛСа(5)Со5А(∞)G .

Суніцы адрозніваюцца ад клубніцы F. moschata) па апушэнні (у суніцы – гарызантальна і ўверх). Лісты суніцы больш мяккія, густа апушаныя. Кветкі клубніц у час цвіцення ўзвышаюцца над лістамі. У клубніцы плады драбнейшыя, прадаўгаватыя, ружова-фіялетавыя, з белай мякаццю і спецыфічнай духмянасцю. Вырошчваюць таксама клубніцу ананасную (F. ananassa) і інш.

Плады суніц утрымліваюць шмат жалеза, фосфару, вітаміна С. Іх сушаць, замарожваюць, з іх вараць варэнне, жэле.

У родзедуброўка (Potentilla) – кветаложа больш ці менш выпуклае, сухое пры паспяванні пладоў. Чашачка з падчашачкай. Афарбоўка пялёсткаў большай часткай жоўтая. Формула кветкі ÛСа(4)4)Со4АG (∞) ці, радзей
ÛСа(5+5)Со5АG . Плод – зборны арэшак.

Дуброўка прамастаячая (P. erecta) мае чатырохчленную будову кветкі. Адвары і настоі карэнішча з гэтай расліны прымяняюць пры страўнікавых захворваннях. Удуброўкі гусінай (Potentilla anserina) лісты прыкаранёвыя перарывіста-перыстыя, лісточкі пакраю пільчаста- зубчастыя.

Род шыпшына, ружа (Rosa). Вядома да 400 відаў.

У краінах СНД больш за 60 відаў; у Беларусі – звыш 23-х відаў, падвідаў і форм. Гэта хмызнякі з калючкамі-шыпамі, няпарнаперыстаскладанымі лістамі. Кветаложа ўвагнутае, пры паспяванні разрастаецца, становіцца сакавітым, мясістым, унутры ўтрымлівае шматлікія сухія валакністыя арэшкі. Утварае плод – многаарэшак, акружаны скурыста-мясістым і афарбаваным бакалам (так званым цынародыем).

Дзікарослыя прадстаўнікі: ружа майская (R. majalis) з суцэльнымі чашалісцікамі і шыпшына сабачая (R. canina) з рассечанымі чашалісцікамі (малюнак 109). Іх плады багатыя вітамінамі С, В2, К, Р, карацінам (правітамінам А). Шыпшыны вядомыя прыгажосцю сваіх кветак (ружовых, белых, жоўтых). Махровыя формы вырошчваюць як дэкаратыўныя. Вядома шмат сартоў і форм садовых руж, выведзеных шляхам гібрыдызацыі з шыпшынай.

Ружа дамаская (R. damascena f. trigintipetala) характарызуецца тым, што з яе пялёсткаў атрымліваюць вельмі каштоўны духмяны ружавы алей, які выкарыстоўваюць у парфумерыі. Адзін кілаграм ружавага алею па кошту эквівалентны кілаграму золата.

Падсям’я яблыневыя (Maloideae) адрозніваецца будовай кветак і пладоў. У кветцы ад 2 да 5 пладалісцікаў, утвараюць сінкарпны гінецэй са свабоднымі стылодыямі.Завязь ніжняя. Формула кветкі(пераважна):

Û. Плод – яблык.

Род яблыня (Malus) – дрэвы сярэдняй велічыні з простымі і авальнымі лістамі і ападаючымі прылісткамі. Кветкі буйныя, белыя, ружова-белыя ў нешматлікіх парасоніках. У кожным гняздзе па 2 семязачаткі.

У дзікім стане вядома да 30 відаў роду яблыня. З незапамятных часоў яблыня вырошчваецца чалавекам як пладовае дрэва. Вядома не менш 10000 яе сартоў. Іх аб’ядноўваюць пад адной назвай яблыня дамашняя (M. domestica, малюнак 110 ).

У СНД і нашай рэспубліцы шырока распаўсюджаны сарты: Антонаўка, Апорт, Баравінка, Наліў, Грушаўка, Кандзіль, Ранет, Цітаўка. Да мічурынскіх сартоў адносяцца Пепін шафранны, Бельфлёр-Кітайка, Бельфлёр-чырвоны, Славянка, Кітайка залатая, Антонаўка паўтарафунтовая, Ранет бергамотны, Кандзіль-Кітайка і інш.

У Сібіры створаны сцелістыя сады, якія не баяцца моцных маразоў і пачынаюць пладаносіць на 2-3-ці год. Пальметныя (нізкарослыя) сады даюць магчымасць механізаваць збор ураджаю.

Род груша (Pyrus). Вядома каля 60 відаў. Адрозніваецца ад яблыні формай, наяўнасцю камяністых клетак у мякаці плода, свабоднымі да асновы стылодыямі песціка. Плады адрозніваюцца высокай цукрыстасцю мякаці, пахам, духмянасцю.

Да культурных сартоў грушы адносяць віды: груша звычайная (P. communis), г. снежная (P. nivalіs), г. позняя (P. serotina) і іншыя, а таксама іх гібрыды.

Вядомы мічурынскія сарты: Бэра Кастрычніцкая, Бэра зімовая Мічурына і інш.

Род рабіна (Sorbus). Каля 100 відаў. Рабіна звычайная (S. aucuparia) мае чырванаватую драўніну, цвёрдую, ідзе для такарных вырабаў. Плады рабіны выкарыстоўваюць для прыгатавання настойкі, варэння, пасцілы і інш.

Род глог (Crataegus) – хмызнякі, радзей невысокія дрэвы з калючкамі на галінах. Каля 200 (па іншых дадзеных – да 1000) дзікарослых відаў. Лекавыя і дэкаратыўныя расліны. Іх выкарыстоўваюць таксама для стварэння жывой загарадзі. Прадстаўнік – глог крывавы (чырвоны) (C. sanguinea).

Айва (Cydonia oblonga) мушмула (Mespilus germanica) маюць ядомыя плады.

Падсям’я слівавыя (Prunoideae). Дрэвы і хмызнякі, каля 30-ці (пры шырокай трактоўцы роду слівы (Prunus) – звыш 300) відаў ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі. Кветаложа глыбока ўвагнутае, не зрастаецца з завяззю. Гіняцэй з аднаго пладалісціка. У аднагняздовай завязі з 2-х семязачаткаў развіваецца толькі адзін. Унутраная частка каляплодніка цвёрдая, знешняя – мясістая. Плод – адзіночная касцянка. Формула будовы кветкі: ÛСа(5)Со5АG 1.

Родабрыкос (Armeniaca) мае сакавітую касцянку, з паверхні апушаную; костачка больш ці менш гладкая. 10 відаў дрэў і хмызнякоў, пераважна ў горных раёнах умеранага поясу Азіі. У краінах СНД – 6 відаў у Сярэдняй Азіі, Усходняй Сібіры, на Далёкім Усходзе. Некалькі відаў вырошчваюць. Абрыкос звычайны (A. vulgaris) разводзяць у многіх краінах умеранага поясу, вырошчваюць на поўдні Украіны, Малдовы, Беларусі.

Пладовая мякаць утрымлівае цукар – да 79% на сухую вагу. Па ўтрыманні вітамінаў не ўступае шпінату і яечнаму жаўтку. Насенне абрыкоса ўтрымлівае 30-40% алею. Драўніна цвёрдая і ідзе для такарных работ.

Мічурынскія сарты больш зімаўстойлівыя: Сябар, Лепшы мічурынскі.

Род міндаль (Amygdalus). 40 відаў дрэў і хмызнякоў, мае касцянку са скурыстым перыкарпіем. Распаўсюджаны ад Міжземнамор’я да Цэнтральнай Азіі. У культуры вядома шмат сартоў і разнавіднасцей з салодкім насеннем. У дзікіх формаў насенне горкае (утрымлівае сінільную кіслату). Насенне міндаля ўжываюць у ежу, а ў прамысловасці – для атрымання алею (насенне ўтрымлівае да 50% алею).

Родперсік (Persica) уключае 6 відаў, у Кітаі. Мае сакавіты, тонкі і каротка апушаны каляплоднік. Костачка глыбоказвілістабаразнаватая. Гэты род генетычна блізкі міндалю і мае пераходныя формы (у некаторых каляплоднік амаль сухі, у іншых – костачка гладкая ці амаль гладкая). Цэніцца ў культуры за сакавітыя, мяккія і салодкія плады. Вырошчваюць персік звычайны (P. vulgaris) у краінах цёплаўмеранага і субтрапічнага паясоў як пладовую культуру.

Род сліва (Prunus) прадстаўлены дрэвамі і хмызнякамі, уключае каля 30-ці (пры шырокай трактоўцы – звыш 300 відаў) ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі. Характарызуецца сакавітым мезакарпіем,з костачкай, сплясканай, падоўжанай, як і каляплоднік. Асноўны від – сліва дамашняя (P. domestica). Атрымана ў выніку гібрыдызацыі цярноўніку і алычы. Вырошчваюць таксама с. кітайскую, ці вербалістую, (P. Salicina). Вядомы і мічурынскія сарты: Рэклонд-рэформа, Рэклонд цярновы, Рэклонд калгасны.

Родвішня (Cerasus), каля 150-ці відаў хмызнякоў і дрэў ва ўмераным і субтрапічным паясах паўночнага паўшар‘я, галоўным чынам у Азіі. Прадстаўнік – вішня звычайная (C. vulgaris, малюнак 111 ). Мае сакавітую касцянку з шарападобнай, злёгку сплясканай ці некалькі выцягнутай костачкай. Кветкі сабраны ў нешматкветкавыя парасонікі, ÛСа(5)Со5АG 1. Плод – сакавiтая касцянка. Культывуецца як пладовае дрэва.

Дзікарослыя віды: антыпка (Padellus mahaled) – расце ў Рэспубліцы Малдова, на Украіне, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, прымяняецца як матэрыял для прышчэплівання культурных сартоў вішні, з цяжкай, цвёрдай, добра паліруемай драўніны антыпкі вырабяюць палкі, муштукі, цыбукі, вядомыя пад назвай чарэшневых. Стэпавая вішня (Cerasus fruticosa) – расце ў стэпавай і лесастэпавай падзоне, утварае зараснікі, выкарыстоўваецца для гібрыдызацыі (выведзены мічурынскі сорт ідэал).

Сарты вішні: Уладзімірская, Любская, Грыёт украінскі. Мічурынскія сарты: Урадлівая Мічурына, Прыгажуня поўначы.

Паслядоўнасць размяшчэння падсем’яў сям’і Rosaceae адлюстроўвае шлях эвалюцыі прадстаўнікоў сям’і.

З сям’і ружавыя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены валжанка двухдомная (Aruncus vulgaris), марошка прысадзістая (Rubus chamaemorus), кізільнік алаунскі (Cotoneaster alaunicus), сліва калючая (Prunus spinosa), дуброўка белая (Potentilla alba), дуброўка скальная (P. rupestris).

Парадак міртакветныя (Myrtales)

Дрэвы, хмызнякі і травы з процілеглымі, радзей чарговымі, рэдка кальчаковымі простымі, большай часткай цэльнымі лістамі, звычайна з больш ці менш рудыментарнымі прылісткамі.

Кветкі двухполыя, актынаморфныя ці больш-менш зігаморфныя, большай часткай 4- ці 5-членныя, звычайна з больш ці менш развітым гіпантыем, з двайным калякветнікам, іншы раз беспялёсткавыя. Чашачка ў выглядзе лопасцей гіпантыя, ці вельмі рэдукавана. Пялёсткі паміж сабой свабодныя, чаргуюцца з чашалісцікамі. Тычынкі шматлікія. Гінецэй паракарпны ці, часцей, другаснасінкарпны, з 2-многіх (часта 4 ці 5) карпел, са стылодыямі, зрослымі ў слупок. Завязь верхняя, паўніжняя ці ніжняя, ад шматгняздовай да 1-2-гняздовай, звычайна з (1)2-многімі семязачаткамі на кожнай карпеле. Плады розных тыпаў. Уключае каля 14-ці сямей. Расліны парадку паходзяць, верагодна, ад каменяломнікавых.

Сям‘я міртавыя (Myrtaceae). У гэту сям’ю ўваходзяць дрэвавыя расліны і хмызнякі большай часткай з процілеглымі лістамі без прылісткаў. У тканках пастаянна прысутнічаюць лізігенныя акруглыя эфіраалейныя залозкі. У кветцы 4-5 чашалісцікаў і столькі ж пялёсткаў, шматлікія тычынкі іншы раз зрастаюцца ў пучок. Завязь адна- ці шматгняздовая, пагружаная ў бакалападобнае кветаложа. Часта завязь ніжняя. Формула кветкі мірта звычайнага (Myrtus communis, малюнак 112):ÛСа(5)Со5АG ( 3 ) . Плад - сакавітая касцянка.

Прадстаўлена 140 родамі і не менш чым 3000-мі відаў, галоўным чынам у трапічных краінах, асабліва ў Аўстраліі і трапічнай Амерыцы.

У межах сям‘і па прыкметах пладоў вылучаюць 2 падсям‘і.

Падсям‘я міртавыя (Myrtoidae) уключае прадстаўнікоў сям‘і з сакавітымі пладамі: мірт звычайны (Myrtus communis, малюнак 112) (расце ў краінах Міжземнамор‘я); гуаява (Psidium guajava) – у трапічнай Афрыцы, разводзіцца ў ЗША (Каліфорніі, Фларыдзе), плады велічынёю з персік, маюць прыемны смак; яўгенія аднакветкавая (Eugenia uniflora). Вырошчваецца, плады ядомыя.

Падсям‘я эўкаліптавыя (Leptospermoidae). Прадстаўнікі з сухімі пладамі: эўкаліпт жалезнадраўнінны (Eucaliptus syderoxylon, малюнак 113). Адрозніваецца ўтрыманнем у клетачных сценках сасудаў крэмнію. Мае вельмі цвёрдую драўніну; эўкаліпт міндалелісты (E. amygdalina), утварае лясы на ўсходзе Аўстраліі.

Асобныя віды міртавых культывуюцца як ежавыя, для прыгатавання прыпраў, меданосныя, як будаўнічы матэрыял, сыравіна для цэлюлозна-папяровай вытворчасці, як дэкаратыўныя расліны.

Парадак бабовакветныя (Fabales)

Дрэвы, хмызнякі, паўхмызнякі, шматгадовыя і аднагадовыя травы з чарговымі ці рэдка супраціўнымі, звычайна складанымі (перыстаскладанымі, радзей пальчатаскладанымі, трайчастымі) ці ў выніку недаразвіцця часткі лісцікаў другасна простымі лістамі, у большасці выпадкаў з прылісткамі. Кветкі большай часткай у гронках, каласах ці галоўках, двухполыя ці рэдка аднаполыя, актынаморфныя (Mimosaceae) ці часцей зігаморфныя, звычайна 5-членныя, з двайным калякветнікам. Чашалісцікаў 5 (3-6), свабодных ці больш-менш зрошчаных. Пялёсткі звычайна ў колькасці чашалісцікаў, свабодныя ці два пярэднія зрасліся ў аснове, створкавыя ці часцей чарапічныя. Тычынак большай часткай 10, радзей 9, іншы раз меней ці, наадварот, нашмат больш; ніці іх свабодныя ці зрошчаныя. Гінецэй апакарпны, звычайна манамерны, рэдка з 2 ці большага ліку карпел, з 2-ма-многімі семязачаткамі ў кожнай карпеле. Плады звычайна бабы́.

Большасць сістэматыкаў збліжае Fabales (Leguminosae) з Rosales.

Парадак уключае адну сям’ю Fabaceae, каля 700 родаў і звыш 17000 відаў. Шырока распаўсюджаны па ўсёй сушы зямнога шара. А.Л. Тахтаджан (1987) дзеліць сям’ю на 3 падсям’і. Тут яны разглядаюцца як самастойныя сем’і.

Сям’я мімозавыя (Mimosaceae, малюнак 113 ) прадстаўлена пераважна дрэвамі з двойчыперыстаскладанымі, радзей перыстаскладанымі лістамі з прылісткамі. Кветкі актынаморфныя (малюнак 114), толькі чашачка рэдка бывае зігаморфнай; дробныя, сабраныя ў галоўкі ці коласападобныя ярка-жоўтыя, ружовыя ці чырвоныя суквецці; высунутыя з калякветніка тычынкавыя ніці прывабліваюць апыляльнікаў сваёй яркай афарбоўкай. Калякветнік двайны ці, іншы раз, у выніку недаразвіцця венчыка просты. Чашалісцікаў 5 (3-6), зрослых, радзей свабодных; іншы раз яны моцна рэдукаваны і нават могуць зусім адсутнічаць. Пялёсткаў столькі ж, колькі чашалісцікаў, ці ў два разы больш, ці іх шмат. Яны свабодныя ці зрастаюцца адзін з другім. Лік тычынак розны. У адных родаў іх столькі ж, колькі чашалісцікаў, у другіх – у два разы больш ці нявызначаны вялікі лік. Тычынкавыя ніці свабодныя, ці зрослыя ў трубачку, ці прырослыя к венчыку. Пладалісцік звычайна адзін, утварае песцік з аднагняздовай верхняй завяззю.

Сям’я налічвае 40 родаў і 2000 відаў у тропіках і субтропіках. Формула будовы кветкі акацыі сінегальскай (Acacia senegal):ÛСа(4)Со(4)АG 1. Плод – боб.

Род акацыя (Acacia) налічвае 750-800 відаў. Гэта расліны тропікаў і субтропікаў (саванны) Афрыкі, Аўстраліі. Маюць парасонападобную крону.

Акацыя аравійская (A. arabica) дае каштоўны прадукт камедзь – густы сок гумі, з якога вырабляюць выдатны клей па назве гуміарабік.

У СНД на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа сустракаецца акацыя серабрыстая (A. deаlbata) родам з Аўстраліі. Яна цвіце рана вясной. Яе квітучыя галіны вывозяць у іншыя гарады краін СНД пад назвай “мімоза”.

У Рэспубліцы Беларусь растуць акацыя белая (Robinia psеudoacacia) і карагана жоўтая (Caragana arborescens), якія адносяцца да сям’і Fabaceae.

Род мімоза (Mimosa) распаўсюджаны ў трапічнай і субтрапічнай Амерыцы. На Чарнаморскім узбярэжжы як дэкаратыўная расце мімоза персідская – Albizia julibrissin.

Мімоза сарамлівая (M. рudica, малюнак 113 ) – разводзіцца ў аранжарэях. Яна рэагуе на раздражненне складваннем лістоў.

Сям’я цэзальпініевыя (Caesalpiniaceae) уключае дрэвы, ліяны, хмызнякі, радзей травы з чарговымі перыстымі, двойчы перыстымі, рэдка простымі (у выніку рэдукцыі складаных) лістамі з прылісткамі. Кветкі амаль актынаморфныя, але звычайна зігаморфныя, цыклічныя, з 5-членных, радзей 4-членных кругоў. Чашачка свабодналістая, пялёсткі ў колькасці чашалісцікаў або іх меней, няроўныя. Тычынкі ў двух кругах па 5, свабодныя, радзей зрастаюцца ніцямі. Іншы раз некаторыя тычынкі пераўтвараюцца ў стамінодыі. Гінецэй з аднаго пладалісціка з аднагняздовай завяззю. Формула кветкі касіі вузкалістай ( Cassia angustifoliа ): ↑ Са5Со5А7G 1. Плод – боб. Назіраецца стабілізацыя будовы кветкі. Гэта трапічныя расліны (малюнак 115).

Сям’я налічвае 150 родаў і 2200 відаў у тропіках і субтропіках

Прадстаўнікі: кампешавае дрэва (Haematoxylon campeschianum) з фіялетава-сіняй драўнінай, дае вядомую ў мікраскапіі фарбу – гематаксілін. Расце ў Цэнтральнай Амерыцы.

Іудзіна дрэва (Cercis siliquastrum) – мае акруглыя лісты і ружовыя кветкі на сцябле (каўліфлорыя), дэкаратыўная расліна Крыма, Каўказа, радзіма – Міжземнамор’е.

Цараградскія ражкі (Ceratonia siliqua) – з Міжземнамор’я, плады багатыя цукрам і ідуць на корм жывёле, а таксама ў якасці ласунку, семя мае вагу 0,2 г (1 карат).

Глядычыя (Gleditsсhіа triacаnthos) – з Паўночнай Амерыкі, мае вялікія простыя ці разгалінаваныя калючкі болей 10 см даўжынёй, як дэкаратыўнае дрэва расце ў Крыме, на Каўказе, Сярэдняй Азіі, Рэспубліцы беларусь, добры меданос, мае шарападобную крону, плод – боб да 30 см.

Сям’я бабовыя (Fabaceae, ці Papilionaceae) – травы, паўхмызнякі, хмызнякі ці дрэвы з перыстымі ці пальчатаскладанымі лістамі з прылісткамі.

Кветкі зігаморфныя, пяцічленныя, сабраныя ў гронкі, галоўкі, парасонікі, каласы. Тычынак у кветцы 10, вельмі рэдка – 9 ці 5. Рэдка ўсе тычынкі зрастаюцца ці яны свабодныя. Сведчанне зрастання тычынак з двух кругоў – няроўнасць даўжыні тычынак (5 з іх з больш доўгімі ніцямі). Гінецэй з аднаго пладалісціка. Формула будовы кветкі: ↑Са(5)Со3,(2)А(5+4),1G 1 . Плод – боб, раскрываецца створкамі, часам ён пацеркападобны і разломваецца на аднанасенныя членікі. Іншы раз плод аднанасенны, арэхападобны.

Гэта насякомаапыляльныя расліны. Венчык мае складаную будову, складаецца з “паруса”, двух бакавых пялёсткаў – “вёслаў” і двух ніжніх пялёсткаў, што зрасліся ў “лодачку” (малюнак 116). Тычынкі зрастаюцца ў няпоўную (расшчэпленую) трубачку. Гэта дазваляе насякомым даставаць нектар у аснове гінецэя.

Самаапыляльнымі ў бабовых з’яўляюцца гарох (Pisum sativum), сачавіца (Lens culinaris), віды лубіну (Lupinus sp.) і кураваю (Astragalus sp.), некаторыя вікі (Vicia sp.).

Сям’я бабовыя налічвае болей 12000 відаў. У Рэспубліцы Беларусь – 19 родаў і каля 99 відаў і гібрыдагенных форм.

Па гаспадарчым значэнні бабовыя, мабыць, уступаюць толькі злакам. Можна выдзеліць гаспадарчыя групы бабовых: харчовыя, кармавыя, тэхнічныя, меданосныя, лекавыя, сідэральныя, дэкаратыўныя, якія даюць танную драўніну.

Харчовыя:соя звычайная або культурная (Glycine max) – насенне ўтрымлівае да 44% бялку і да 22% алею, з яе вырабляюць раслінны алей, смятану, сыр, твораг, муку, хлеб, пячэнне, сурагат кавы, цукеркі, бісквіты, соўс – усяго 100 назваў.

Фасоля звычайная (Phaseolus vulgaris) – вядома многа сартоў, насенне ўтрымлівае да 29% бялку.

Земляны арэх (Arachis hypogaea) – пасля цвіцення пладаножка (гінафор) падаўжаецца, згінаецца ўніз і заглыбляецца ў глебу, дзе і паспяваюць бабы. Насенне ўтрымлівае да 59% алею і да 37% бялку. Арахісавы алей канкурыруе з праванскім алеем (з маслін). Ужываецца для прыгатавання кансерваў сардзін.

Гарох пасяўны (Pisum sativum, малюнак 117 ) мае насенне з бялкамі, блізкімі да бялкоў мяса (хоць засваяльнасць раслінных бялкоў некалькі ніжэйшая), мае таксама значную колькасць крухмалу, ужываецца ў ежу.

Бабы конскія (Vicia faba), насенне якіх ўтрымлівае да 35% бялку і вугляводы, выкарыстоўваюць у ежу, на корм і як зялёныя ўгнаенні.

Кармавыя: канюшына лугавая (Trifolium pratense, малюнак 118 ), сена з якой па ўтрыманні бялку ў 1,5 раза пераўзыходзіць сена злакавых траў. Вырошчваюць таксама канюшыну гібрыдную, цішведскую (T. hybridum), канюшыну паўзучую (T. repens).

Лубін (Lupinus), у сельскагаспадарчых адносінах важны лубін жоўты
(L. luteus), лубін вузкалісты (L. angustifolius), лубін белы (L. albus).

Гарошак (Vicia) уключае 150 відаў. Іх прадстаўнік – гарошак пасяўны
(V. sativa),
з‘яўляецца добрай кармавой раслінай.

Люцэрна (Medicago, малюнак 119 ) прадстаўлена прыкладна 100 відамі, у краінах СНД – каля 50 відаў, У Беларусі – 8 відаў – люцэрна пасяўная
(M. sativa), люцэрна серпападобная (M. falcata), люцэрна хмелепадобная
(M. lupulina)
і іншыя.

Дэкаратыўныя: лубін шматгадовы (Lupinus polyphyllus), фасоля ярка-чырвоная, ці шматкветкавая (Phaseolus coccineus), чына пахучая (Lathyrus odoratus), рабінія лжэакацыя (Robinia pseudoacacia), карагана дрэвападобная (Caragana arborescens), аморфа хмызняковая (Amorpha fruticosa) і інш.

Віды бабовых з’яўляюцца выдатнымі меданосамі. З іх можна атрымаць раслінную фарбу ( жаўтазель фарбавальны – Genista tinctoria і інш.), іх выкарыстоўваюць як лекавыя расліны (баркун лекавы – Melilotus officinalis) і інш. Бабовыя з’яўляюцца азотфіксатарамі (сужыццёвасць з азотфіксавальнымі клубеньчыкаванымі бактэрыямі). Штогод бабовыя, якія жывуць у сімбіёзе з бактэрыямі, вяртаюць у глебу не менш 100-140 кг/га азоту. У севазвароце бабовыя як сідэральныя ўгнаенні павышаюць ураджайнасць сельскагаспадарчых культур.

Эвалюцыйнае развіццё ў межах парадку Fabales назіраецца ад сям’і Mimosaceae праз сям’ю Caesаlpiniaceae да сям’і Fabaceae.

У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь з сям’і бабовых занесены: канюшына чырванаватая (Trifolium rubens), канюшына Спрыгіна (T. spryginii), жаўтазель германскі (Genista germanica), чына льналістая (Lathyrus linifolius), чына гарохападобная (L. pisiformis), вастралодачнік валасісты (Oxytropis pilosa), гарошак гарохаплодны (Vicia pisiformis).


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: