Пытанні і заданні для самакантролю. В – кветка; Г – плод; Д – плод у папярочным разрэзе

В – кветка; Г – плод; Д – плод у папярочным разрэзе

Малюнак 127 – Цыкута ядавітая (Cicuta virosa):А – парастак з суквеццямі і ліст; Б – разрэзанае ўздоўж карэнішча; В – плод; Г – мерыкарпій у папярочным разрэзе; Д – кветка

Малюнак 128 – Балігалоў плямісты (Conium maculatum): А – частка парастка, бачна плямістасць сцябла; Б – просты парасонік;

Іншыя прадстаўнікі: снітка звычайная (Aegopodium podagraria), маркоўнік лясны (Anthriscus sylvestris), морква дзікая (Daucus carota, малюнак 129 ).

Сярод харчовых і эфіраалейных раслін вядома морква пасяўная
(Daucus sativus).
Гэта двухгадовая расліна. У першы год утварае разетку лістоў і караняплод, багаты цукрам і карацінам. На другі год жыцця ўтвараецца прамастаячае сцябло, якое заканчваецца складаным шматпрамянёвым парасонікам. Кожны з двух мерыкарпіяў морквы мае 5 слабаразвітых першасных рабрынак з шыпікамі і 4 другасныя рабрынкі са шматлікімі доўгімі кручкападобна загнутымі шыпікамі. Перад пасевам, каб пазбегнуць счаплення, плады морквы праціраюць з пяском для абломвання шыпікаў. Ёсць шмат сартоў морквы.

Іншыя харчовыя прадстаўнікі: пятрушка пасяўная (Petroselinum crispum), сельдэрэй пахучы (Apium graveolens), кроп пахучы (Anethum graveolens), кмен звычайны (Carum carvi, малюнак 130 ), каляндра пахучая (Coriandrum sativum).

А

Як рэдкія, ахоўваемыя ў Рэспубліцы Беларусь, занесены ў Чырвоную кнігу з гэтай сям’і дзікая пятрушка аленевая (Peucеdanum cervaria), бярула прамая (Berula erecta), астранцыя вялікая (Astrantia major), гірчоўнік татарскі (Сonioselinum tataricum), дуднік балотны (Angelica palustris), пустарэбрышнік аголены (Cenolophium denudatum), рэбраплоднік аўстрыйскі (Pleurospermum austriacum).

Парадак варсянкакветныя (Dipsacales)

Уключае невялікія дрэвы, хмызнякі (іншы раз ліяны) ці травы з процілеглымі або (радзей) кальчаковымі, рэдка пачаргова простымі цэльнымі лопасцевымі ці, радзей, перыстымі лістамі, звычайна без прылісткаў або з рудзіментарнымі прылісткамі. Кветкі ў рознага роду суквеццях, звычайна двухполыя, актынаморфныя ці зігаморфныя, 4-5-членныя, са зрослым венчыкам. Долі венчыка чарапітцавыя ці, іншы раз, створкавыя. Тычынкі прымацаваны да трубкі ці зева венчыка, у аднолькавым ліку з долямі венчыка ці ў меншай колькасці. Гінецэй цэнакарпны ці псеўдаманамерны, з 5-2-х карпел, са свабоднымі ці больш-менш зрослымі стылодыямі; завязь ніжняя ці, рэдка, паўніжняя, з 1-многімі семязачаткамі ў кожным гняздзе ці ў адзінкавай фертыльнай карпеле. Плады розных тыпаў – раскрывальныя і нераскрывальныя.

Парадак Dipsacales звычайна збліжаюць з парадкам гарычкакветкавыя (gentianales). Ён таксама блізкі да кізілакветных (Cornales) і мае з ім агульнае паходжанне.

Парадак уключае 5 сямей. Разгледзім адну з іх.

Сям‘я варсянкавыя (Dispasaceae). Травяністыя шмат-, двух- і аднагадовыя расліны, іншы раз паўхмызнякі з процілеглымі лістамі без прылісткаў. Кветкі звычайна ў кампактных суквеццях, нагадваюць кошыкі складанакветных як па агульным выглядзе, так і па прысутнасці ў аснове прыкветных лістоў, якія ўтвараюць абгортку (малюнак 131). Ад складанакветных лёгка адрозніваюцца чарговасцю распускання кветак. У складанакветных развіццё суквецця ідзе ў акрапетальнай (ад асновы да верхавіны) паслядоўнасці, а ў варсянковых першымі распускаюцца то сярэднія кветкі, то спачатку адначасова зацвітаюць і сярэднія, і ніжнія кветкі. Суквецце варсянковых узнікае ў выніку агламерацыі многіх элементарных суквеццяў – дыхазіяў, пры гэтым ад кожнага дыхазія застаецца толькі адна, канечная, кветка. Бліжэйшыя да яе верхавыя лісты зрастаюцца і ўтвараюць вакол кожнай кветкі абгортку (пакрывальца), падобную на чашачку. Таму яе звычайна называюць знешняй чашачкай. Кветка, акрамя гэтага, мае сапраўдную чашачку, ніжэй якой развіваецца завязь, іншы раз, пад прыўзнятай чашачкай. Чашачка, як правіла, пяцічленная і ўтварае па краі 5-4 ці больш зубцоў (у некаторых выпадках зубцы зусім не развіваюцца). Венчык зігаморфны, з пяцічленным, больш ці менш двухгубым адгібам, але часцей адгіб 4-членны ў выніку поўнага зрастання двух задніх пялёсткаў. Тычынак не болей 4-х, таму што пятая (задняя) – заўсёды рэдукаваная. Гінецэй з двух пладалісцікаў, але пладаносячы толькі адзін. Завязь аднагняздовая, з адным семязачаткам; слупок адзін, з цэльным ці ў рознай ступені двухраздзельным рыльцам. Формула кветкі:
↑Са (5 ці 4)Со(5 ці 4)А4 Плод – арэх.

Сям‘я налічвае 10 родаў і каля 300 відаў у Еўразіі і Афрыцы, асабліва ў Міжземнаморскай вобласці, і Заходняй Азіі. У Беларусі 4 роды і 5 відаў.

Род скабіёза(Scabiosa) уключае ў сябе каля 20-ці відаў у Міжземнамор‘і, Заходняй Азіі і Паўночнай Еўразіі. У Беларусі род прадстаўлены двума відамі: скабіёза галубіная (S. columbaria), расце па лугах сярод хмызнякоў (вельмі рэдкі від, ахоўваецца); с. бледна-жоўтая (S. ochroleuca), у сухіх сасняках, пад сасновым драбналессем, абапал дарог на пяску.

Род паўночнік(Knautia) налічвае каля 50-ці відаў у Еўропе, Міжземнамор‘і і Заходняй Азіі. У Рэспубліцы Беларусь на сухадольных лугах, у сухіх сасняках, рудэральных месцавырастаннях сустракаецца паўночнік палявы (K. аrvensis, малюнак 132) з сінявата-ліловымі суквеццямі.

Род варсянка(Dipsacus) утрымлівае каля 15-ці відаў ва ўмеранай і трапічнай Еўразіі, Міжземнамор‘і і трапічнай Афрыцы.

Варсавальнаяшышка, варсянка пасяўная (D. sativus) – аднагадовая расліна з калючым сцяблом і кветаложам, зрослымі лістамі, з паглыбленнем, дзе збіраецца вада. Суквецце – шышкападобная галоўка з жорсткімі пругкімі прыкветнікамі, з адагнутым уніз вастрыём. Суквецце выкарыстоўваюць для навядзення ворсу на тканіне (шарсцяной ці баваўнянай). Вырошчваюць на поўдні.

Многія скабіёзы належаць да прыгожаквітучых раслін і з‘яўляюцца перспектыўнымі дэкаратыўнымі відамі, а некаторыя ўжо даўно выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве. У многіх відаў скабіёз выяўлены сапаніны.

1. Дайце характарыстыку раслін сям’і кізілавых.

2. Раскрыйце асаблівасці будовы вегетатыўных і рэпрадуктыўных органаў раслін сям’і парасонавых.

3. Назавіце прыкметы гетэрабатміі ў будове кветак кізілавых і парасонавых.

4. Якія прыкметы сведчаць аб філагенетычных сувязях кізілакветных і сельдэрэякветных?

ПАДКЛАС АСТЭРЫДЫ (ASTERIDAE)

У падклас астэрыды ўваходзяць найбольш высокаразвітыя групы двухсемядольных, якія характарызуюцца прагрэсіўным прыкметамі. Хоць сярод астэрыд маецца яшчэ нямала дрэў і хмызнякоў, але пераважная большасць іх прадстаўнікоў – травы, часта аднагадовыя. Лік элементаў кветак у астэрыд невялікі і заўсёды фіксаваны (высокая ступень алігамерызацыі). Кветкі астэрыд амаль заўсёды зрослапялёсткавыя, а семязачаткі выключна ўнітэгмальныя (аднапокрыўныя) і звычайна тэнуінуцэлятныя (мацярынская кветка мегаспор ляжыць непасрэдна пад эпідэрмай мегаспарангія). Характэрным для іх з’яўляецца прысутнасць запаснога вугляводу інуліну – поліцукрыду. У большасці прадстаўнікоў у вегетатыўных органах ёсць млечнікі з малочным сокам. Кветкі ў рознага роду суквеццях ці, радзей, адзіночныя, актынаморфныя ці зігаморфныя. Венчык зрослапялёсткавы. Тычынак звычайна 5. Гінецэй з двух карпел, завязь ніжняя.

Філагенетычна Asteridae звязаны з падкласам Rosidae. Яны паходзяць ад найбольш архаічных Cornidae (Hydranheales). Asteridae – самы буйны падклас двухсемядольных і налічвае каля 3500 родаў і каля 6500 відаў.

Асноўныя напрамкі эвалюцыі суквеццяў астэрыд прасочваюцца ад суквеццяў цымозных з абмежаваным ростам галоўнай восі і пераважным развіццём бакавых восей наступных парадкаў да суквеццяў батрычных з верхавінным і зацвітаннем у ўзыходзячым парадку, у сувязі з гэтым верхнія кветкі – самыя маладыя. Пры гэтым галоўка восі заканчвае свой рост не хутка.

У падклас Аsteridae ўваходзіць 6 парадкаў. Разгледзім парадак званочкакветныя.

Парадак званочкакветныя (Campanulales)

Травы ці, радзей, хмызнячковападобныя, рэдка дрэвападобныя расліны. Лісты звычайна чарговыя, іншы раз процілеглыя ці кальчаковыя, простыя, без прылісткаў. Характэрным для іх з’яўляецца прысутнасць запаснога вугляводу інуліну. У лістах і сцяблах большасці прадстаўнікоў маюцца членістыя млечнікі. Кветкі ў цымозных ці рацэмозных суквеццях з тэндэнцыяй да ўтварэння як цымозных, так і рацэмозных галовак, іншы раз адзіночныя, звычайна двухполыя, актынаморфныя ці зігаморфныя, большай часткай з 5-членным калякветнікам і андрацэем. Чашачка зрослалістая. Венчык зрослапялёсткавы, створкавы ці, радзей, чарапічны. Тычынкі ў аднолькавай колькасці з пялёсткамі, свабодныя ці прырослыя да асновы трубкі венчыка; пыльнікі інтрорзныя. Гінецэй з 2-3(5) карпел, утворан некалькімі пладалісцікамі са зрослымі краямі і аднагняздовай завяззю. Завязь ніжняя, (рэдка) паўніжняя ці нават верхняя. Плады – звычайныя каробачкі, іншы раз ягадападобныя. Парадак уключае 7 сем’яў.

Сям‘я званочкавыя (Campanulaceae). Гэта шматгадовыя травы, радзей паўхмызнякі. Лісты пачарговыя, цэльныя, не маюць прылісткаў. Суквецці звычайна з канечнай кветкай. Кветкі правільныя, двухполыя, з пяцічленнымі чашачкай, венчыкам, андрацэем і, рэдка, гінецэем (малюнак 133). Іншы раз лік лісточкаў калякветніка меншы (3-4) ці большы (6-10). Венчык званочкавы, лейкападобны ці колападобны. У некаторых раслін венчык да асновы раздзельны, а іншы раз долі яго застаюцца злучанымі наверсе (віды Phyteuma). Тычынкавыя ніці свабодныя ад венчыка, радзей зрастаюцца з яго асновай, у ніжняй частцы часта пашыраны. Пыльнікі свабодныя, але бываюць злучанымі (склеенымі) ў трубку па ўсёй даўжыні ці толькі ў ніжняй частцы.

Завязь ніжняя (радзей паўніжняя), звычайна 2-5-гняздовая, з многімі семязачаткамі ў кожным гняздзе, часцей на тоўстых плацэнтах. Слупок з трохраздзельным (двух- - шматраздзельным) рыльцам. Вакол асновы слупка часта развіты нектаравыдзяляльны орган (дыск) у выглядзе кальца і рыльцам, часта раздзельным. Плады – каробачкі, радзей ягады. Насенне з эндаспермам. Формула кветкі: Û.

Званочкавыя – энтамафільныя і амаль усе пратаандрычныя. Пылок вызваляецца з пыльнікаў яшчэ да раскрыцця кветкі і адкладаецца на слупку і на знешняй паверхні яшчэ не адышоўшых лопасцей рыльца песціка, пакрытага валаскамі ці клейкай вадкасцю. Пасля раскрыцця кветкі пыльнікі ападаюць ці вянуць. Калі яны вянуць, дык тычынкавыя ніці скарачаюцца ці загібаюцца наверх. Насякомыя такім чынам атрымліваюць свабодны доступ да нектару, што выдзеліўся на дно кветкі. Пры гэтым яны пакрываюцца пылком. Пасля гэтай “мужчынскай” фазы цвіцення надыходзіць наступная, “жаночая”: слупок падаўжаецца і лопасці рыльца разыходзяцца, дзякуючы чаму ўспрымальная пылок паверхня слупка становіцца даступнай для апылення.

Калі не адбылося перакрыжаванае апыленне, то далейшыя разрастанне і згібанне лопасцей рыльца забяспечваюць апыленне рэшткамі пылку той жа кветкі.

Сям‘я ўтрымлівае каля 90 родаў і больш за 2000 відаў у пазатрапічных абласцях паўночнага паўшар‘я, асабліва ў Міжземнамор‘і; вельмі нешматлікая ў тропіках, асабліва ў горных раёнах. У Рэспубліцы Беларусь – 4 роды і 15 відаў.

Род званочак (Campanula) – каля 350 відаў, травы, іншы раз паўхмызнякі ва ўмераным поясе паўночнага паўшар‘я, пераважна на поўдні Еўропы і ў Пярэдняй Азіі.

Найбольш часта сустракаюцца віды: званочак персікалісты (C. persiсifolia) – шматгадовая травяністая расліна са сцябловымі сядзячымі лінейналанцэтнымі лістамі, кветкамі ў гронках і шыроказваночкавымі, ярка-блакітнымі кветкамі, расце звычайна па сасняках, у шырокалісцёвых і змешаных лясах, зарасцях хмызнякоў на лугах; званочак рэпчаты
(С. rapunculus) – шматгадовы, з патоўшчаным ядомым коранем, сцябловымі ланцэтнымі лістамі, невялікімі кветкамі, сустракаецца на лугах, ускраінах сасновых лясоў і дуброў, у Беларусі ахоўваецца; званочак раскідзісты
(C. рatula, малюнак 134), расце на лугах, травяных схілах, па хмызняках; букашнік горны (Jasione montana, малюнак 133) – двухгадовая расліна з вузкімі лінейналанцэтнымі лістамі і дробнымі, у галоўцы, сінімі кветкамі з абгорткай з дробных верхавінных лістоў (як у складанакветных), з венчыкам, глыбока раздзеленым на лінейныя долі, сустракаецца на сухіх пясчаных месцах, у сасновых лясах, абапал чыгуначных і шашэйных дарог.

Расліны маюць пераважна дэкаратыўнае значэнне, але ёсць і ежавыя, лекавыя, каўчуканосы і іншыя.

Парадак астракветныя (Asterales)

Гэта шматгадовыя ці аднагадовыя травы і паўхмызнякі, радзей хмызнякі, ліяны ці невялікія дрэвы. Лісты чарговыя ці радзей супраціўныя, часам кальчаковыя, простыя, ад цэльных да расчлененых, бываюць рэдукаваныя, без прылісткаў. Характэрна прысутнасць запаснога вугляводу інуліну. Кветкі сабраны ў рацэмозныя (батрычныя) суквецці кошыкі.

Апошні ўяўляе сабой кветаложа – выцягнутае, выпуклае ці ўвагнутае. Звонку кветаложа акружана абгорткай з відазмененых верхавінкавых лістоў. Абгортка можа быць з аднаго раду ці яна шматрадная (бадзяк), чарапічная ці кручкаватая (лопух).

Асобныя кветкі кошыка сядзяць на плоскім, больш ці менш выпуклым ці нават верацёнападобным агульным кветаложы. У кошыках з аднароднымі кветкамі краявыя (прамянёвыя) кветкі – жаночыя ці бясплодныя, а цэнтральныя (дыскавыя) – двухполыя ці функцыянальна мужчынскія. Калякветнік і андрацэй 5-членныя ці рэдка чатырохчленныя. Трубка чашачкі разам з асновай трубачкі венчыка поўнасцю прыраслі да завязі, і яе свабодныя лопасці звычайна моцна відазменены і ператвораны ў чубок, ці папус, які часта рэдукаваны ці адсутнічае. Венчык пяці асноўных тыпаў: трубчасты (актынаморфны і поўнасцю зрослапялёсткавы, на вяршыні пяцізубчасты), язычковы (на ранняй стадыі развіцця трубчасты, але ў час цвіцення расшчапляецца ўздоўж і ператвараецца ў язычковы); дзвюхгубы зігаморфны з трохчленнай, верхняй і двухчленнай, ніжняй губамі; несапраўднаязычковы - на вяршыні трохзубчасты і лейкападобны – венчык мае не зусім роўныя долі, ён злёгку зігаморфны. Тычынкі прымацаваны да трубкі венчыка і чаргуюцца з пялёсткамі, ніці звычайна свабодныя, але могуць зрастацца ў трубку. Пыльнікі звычайна склеены паміж сабой. Гінецэй з дзвюх медыяльных карпел, паракарпны. Пад рыльцам слупок часта нясе каўнерык валаскоў (вымятаючыя валаскі). Завязь ніжняя, аднагняздовая з адным семязачаткам.

Эвалюцыйна ў Asterales травяністыя формы ўзніклі, верагодна, ад драўняных продкаў.

Парадак манатыпны, з адной сям’й.

Сям’я астравыя, ці складанакветныя (Asteraceae, ці Compositae) уключае 1250-1300 родаў і 20000-25000 відаў. Распаўсюджаны касмапалітна, але найбольшая разнастайнасць іх ва ўмераных і субтрапічных абласцях. У краінах СНД – 160 родаў і 3500 відаў. У Беларусі – 70 родаў і каля 260 відаў.

У выкапнёвым выглядзе складанакветных знаходзяць у адкладаннях трацічнага перыяду, гэта значыць, што яны з’явіліся параўнальна нядаўна.

У асноўнай масе гэта травяністыя расліны, пераважна шматгадовыя, радзей аднагадовыя, іншы раз паўзмызнякі, хмызнякі і нават дрэвы; ёсць таксама лазячыя расліны і сукуленты.

Узаемаразмяшчэнне і будова лісточкаў абгорткі разам з формай ніжняй часткі восі кошыка вызначае агульны выгляд ці форму абгорткі ў цэлым. Самыя ўнутраныя лісточкі абгорткі – крыючыя лісты крайніх (марфалагічна ніжніх) кветак кошыка. Астатнія кветкі таксама могуць мець крыючыя лісты, але плеўчатыя ці рассечаныя. У апошнім выпадку рассечанасць паверхні восі суквецця ўяўляецца проста валасістай. Паверхня восі кошыка бывае пакрыта невялікімі ямкамі, адпавядаючымі месцам прымацавання кветак. Іншы раз яна мае сеткаватую ці ячэістую будову. У некаторых выпадках кветкі размяшчаюцца на невялікіх бугарках, рэштках рэдукаваных кветаножак. Колькасць кветак у адным кошыку можа быць вялікай (у кошыку сланечніка – Helianthus annuus, – тысячы) ці наадварот – абмежаванай (кошык серпарэзніка – Achillea millefolium). Вядомы нават аднакветкавыя кошыкі, сабраныя ў складанае суквецце, нагадваючае шарападобную галоўку (мардоўнік - Echinops).

Кветкі складанакветных двухполыя, але бываюць жаночыя, мужчынскія і нават бясплодныя, правільныя ці няправільныя (малюнак 135).

Звычайна цэнтральную частку кошыка займаюць кветкі правільныя, двухполыя, трубчастыя (сланечнік, піжма, рамонак і інш.). Формула кветкі:
Û. Плод – сямянка. На слупку песціка маюцца вымятальныя валаскі, якія выносяць пылок. У аснове слупка ёсць нектарнік.

Венчык ў складанакветных закладваецца заўсёды як актынаморфны, трубчасты. Аднак ад гэтага зыходнага тыпу ёсць адхіленні, калі венчык становіцца язычковым ці двухгуба-несапраўднаязычковым, несапраўднаязыч-ковым, варонкападобным.

Будова чашачкі складанакветных разнастайная, але ў іх ніколі не ўтвараюцца лістападобныя чашалісцікі. У антагенезе чашалісцікі закладваюцца ў выглядзе 5-ці бугаркоў. У далейшым чашачка або зусім не ўтвараецца, або ўтвараецца ў выглядзе зубчастай ускраіны, ці ў форме пяціасцюкаватых прыдаткаў, ці лускавінак, шчацінак, валаскоў, утвараючых чубок ці папус. Яны садзейнічаюць распаўсюджанню пладоў. Асноўная функцыя чашачкі – засцярога ўнутраных частак кветак – у астравых страчана. Такую функцыю ў іх выконвае абгортка.

Цеснае збліжэнне дробных шматлікіх кветак на агульным кветаложы робіць кошык прыкметным для насякомых-апыляльнікаў. Усё суквецце робіць ураджанне адной кветкі антодыя.

У многіх складанакветных у кожным кошыку кветкі дыферэнцыраваны на крайнія і сярэднія. Сярэднія кветкі звычайна захоўваюць актынаморфную (трубчастую) будову, а крайнія – зігаморфныя з больш буйным венчыкам. Крайнія кветкі звычайна несапраўднаязычковыя (рамонак, нівянік, пупок і інш.), ці варонкападобныя (васілёк ). Часам крайнія кветкі маюць аднолькавы колер з колерам цэнтральных, сярэдніх кветак, але часта афарбоўка іх іншая (ліловая, белая, ружовая). Гэта яшчэ болей прываблівае насякомых. Такая спецыяльная функцыя крайніх кветак тлумачыць тое, што ў шэрагу складанакветных яны бясплодныя (васілёк ). У іншых выпадках у іх развіваецца толькі гінецэй і яны жаночыя (нівянік, крываўнік). Радзей усе кветкі ў кошыку аднаполыя, напрыклад, у падбела (Tussilago farfara), сярэднія кветкі кошыка мужчынскія, а крайнія – жаночыя).

У рэдкіх выпадках назіраецца двухдомнасць ( агаткі двухдомныя – Antennaria dioica).

Кветкі астравых пратандрычныя. У першы (мужчынскі) перыяд цвіцення двухполых кветак слупок песціка яшчэ кароткі і яго верхавіна знаходзіцца прыкладна супраць асновы пыльнікавай трубкі. Пры раскрыванні інтрорзных пыльнікаў пылок высыпаецца ў трубачку, а падрастаючы слупок сваімі вымятальнымі валаскамі высоўвае пылок да выхаду з пыльнікавай трубачкі. Самаапыленне ў гэты час немагчыма, таму што лопасці рыльца песціка шчыльна прылягаюць адна да адной. Калі апыляльнікі не ўнясуць пылок, то пры агаленні лопасцей і іх разыходжанні ў бакі не адбываецца самаапылення, таму што ўспрымальная паверхня песціка не сутыкаецца з пылком.

У другі (жаночы) перыяд цвіцення, у яго канцы, калі не адбудзецца перакрыжаванае апыленне, то працэс самаапылення магчымы як запасны акт. Растучыя галінкі слупка ўсе мацней загінаюцца вонкі, закручваюцца спіральна і сутыкаюцца ўспрымальнай паверхняй з пылком на вымятальных валасках.

Энтамафілія – пануючы тып апылення ў складанакветных. Аднак сустракаюцца і анемафільныя расліны (палыны). Плады распаўсюджваюцца ветрам, жывёлай, рэдка – вадой. Плады (малюнак 136) маюць розныя прыстасаванні да распаўсюджвання: дробныя і лёгкія пераносяцца ветрам (палыны), маюць спецыяльныя прыстасаванні – “парашут” (дзьмухавец лекавы (Taraxacum officinale), казлабарод (Tragopogon pratensis), бадзяк (Cirsium arvense), асот палявы(Sonchus arvensis); вырасты на пладах – шчацінкі (ваўчкітрохраздзельныя); лісцікі абгорткі забяспечаны вастрыямі, кручочкамі і ўвесь кошык разносіцца жывёламі ( лопух – Arctium, дурнічнік – Xanthium strumarium).

Сям’ю складанакветныя падзяляюць на дзве падсям’ і: астравыя (Asteroideae) і салатавыя (Lactucoideae).

Падсям’я астравыя (Asteroideae) характарызуецца тым, што ўсе кветкі кошыка трубчастыя ці пры трубчастых кветках у цэнтры па краі кошыка размешчаны несапраўднаязычковыя; расліны гэтай падсям’і амаль заўсёды без малочнага соку.

Сланечнік (Helianthus annuus) родам з прэрый Паўночнай Амерыкі, завезены ў Еўропу ў ХVI стагоддзі, дзе вырошчваўся як дэкаратыўная расліна. Сучасныя сарты сланечніку ў насенні ўтрымліваюць да 50-60% алею. У СНД сланечнік на алей вырошчваюць у чарназёмнай паласе, дзе сканцэнтраваны асноўныя яго плошчы. Вялікія заслугі ў вывядзенні высокаалейных сартоў сланечніку належаць акадэміку В.С. Пуставойту – рускаму вучонаму, які прысвяціў гэтай справе ўсё сваё жыццё. Сланечнікавы алей выкарыстоўваюць у ежу, перарабляюць на маргарын, атрымліваюць пакост. Высяваюць сланечнік на сілас, як кулісы для снегазатрымання, як паліва, здабываюць паташ. Насенне выкарыстоўваюць як ласунак. Спіртавая настойка несапраўднаязычковых кветак сланечніку выкарыстоўваецца ў медыцыне як супрацьліхаманкавы сродак.

Тапінамбур, ці земляная груша (Helianthus tuberosus), мае менш буйныя кошыкі і разводзіцца дзеля падземных клубняў парасткавага паходжання, якія багаты інулінам і выкарыстоўваюцца на корм жывёле, у ежу людзей і як лекавы сродак.

Артышок калючы, ці пасяўны (Cynara scolymus) вырошчваюць як агародніну. Мясістая вось нераскрытых кошыкаў і мясістыя лісцікі абгорткі ўжываюць у ежу.

Палын (Artemisia) налічвае каля 250 відаў. Гэта шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы і паўхмызнякі. Суквецці – невялікія кошыкі, сабраныя звычайна ў складанае мяцёльчатае суквецце. Кветкі ветраапыляльныя. Палынам уласцівы засухаўстойлівасць і здольнасць пераносіць засаленне глебы, таму ў складанні расліннага покрыва пустынь і паўпустынь палыны ўдзельнічаюць ва ўтварэнні расліннага покрыва. Масавы рост і высокая пажыўнасць робяць палыны каштоўным пашавым кормам для авечак і коней.

Цытварны палын (A. cinna) утрымлівае сантанін – важны глістагонны сродак. Кошыкі гэтай расліны асабліва багаты сантанінам. Яны вядомы ў фармакалогіі пад назвай “цытварнае насенне”.

Палын горкі (A. аbsinthium, малюнак 137 ) – расліна, прэпарат з лістоў якой выкарыстоўваюць як сродак для паляпшэння стрававання. Ужываюць яго і ў лікёра-гарэлачнай вытворчасці.

Гваюла (Parthenium argentatum) утрымлівае 2-16 % каўчуку.

Рамонак аптэчны (Matricaria chamomilla) – лекавая расліна, выкарыстоўваецца для паласкання, прыпарак, для клізмаў; ім мыюць валасы, якія пасля гэтага набываюць залацістае адценне.

Трохрэбраплоднiк звычайны (Tripleurospermum inodorum) – пустазелле.

Лепiдатэка пахучая (Lepidotheca suaveolens) – пустазелле, заносны, натуралізаваны амерыканскі від.

Маргарытка шматгадовая (Bellis perennis) – дэкаратыўная расліна, крайнія кветкі белыя.

Нагаткі лекавыя (Calendula officinalis) – дэкаратыўная і лекавая расліна.

Вяргіня (Dahlia), астра кітайская (Callistephus chinensis), цынія (Zinnia), рудбекія (Rudbeckia), аксаміткі (Tagetes), хрызантэмы (Chrysanthemum), цынерарыі (Cineraria), эдэльвейс альпійскі (Leontopodium alpinum) і іншыя– цудоўныя дэкаратыўныя расліны.

З гэтай падсям’і вядомы расліны-пустазелле: бадзяк палявы (Cirsium arvense), васілёк сіні (Centaureа cyanus, малюнак 138 ) і іншыя.

Падсям’я салатавыя (Lactucoideae) характарызуецца тым, што ўсе кветкі ў кошыку язычковыя, ёсць млечнікі з малочным сокам. Формула кветкі:
.

Прадстаўнікі:салата пасяўная (Lactuca sativa) – агароднінная расліна, пажыўная; цыкорыя звычайная (Cichorium inthybus) – расце каля дарог. Дзікарослая шматгадовая расліна, у культуры двухгадовая расліна, вырошчваецца і выкарыстоўваецца ў медыцыне, для атрымання сурагату кавы, як салатавая расліна; дзьмухавец лекавы (Taraxacum officinale, малюнак 139) – пустазелле і лекавая расліна; кок-сагыз (T. kok-saghyz), крым-сагыз
(T. hybernum),
таў-сагыз (Scorzonera tau-saghyz) – каўчуканосы, іх культывавалі як сыравіну для атрымання каўчуку, з якога вырабляюць гуму.

Пустазелле з гэтай падсям’і: асот палявы (Sonchus arvensis), чартапалох паніклы (Carduus nutans), старасцень звычайны (Senecio vulgaris), бадзяк палявы (Cirsium arvense) і іншыя.

Барацьба з пустазеллем цяжкая. Яно вельмі пладавітае, некаторыя з іх узнаўляюцца таксама вегетатыўна за кошт каранёвых парасткаў.

З сям’і астравых ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь занесены 13 відаў.

Падклас Asteridae, верагодна, філагенетычна звязаны з падкласам Rosidae.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: