Пачатак хрысціянізацыі і пісьмовасці

Першабытны час

Дзякуючы археалагічным даследаванням мы ведаем, што першыя людзі пранікалі на тэрыторыю сучаснай Магілёўскай вобласці яшчэ ў палеаліце – самым старажытным часе чалавечай гісторыі. Аб гэтым сведчаць знаходкі прылад працы мусцьерскай эпохі (100-35 тыс гадоў назад) ў верхнім Падняпроўі, у прыватнасці каля вёскі Абідавічы, што ля Быхава, і Клеевічы Касцюковіцкага раёнаў. Тады вольную ад лёду прастору Еўропы засялялі неандэртальцы. Але першыя паселішчы на тэрыторыі краю з’явіліся значна пазней. Недзе 10 тыс гадоў таму на мяжы верхняга палеаліту і мезаліту іх заснавалі краманьёнцы – людзі сучаснага тыпу. У тыя часы тундравую расліннасць замянілі дрымучыя лясы, па якіх блукалі зубры, туры, ласі. Людзі прыручылі сабаку, пачалі карыстацца лукам і стрэламі, лодкамі, паступова пераходзілі да аселага ладу жыцця. У эпоху неаліту ў V-III тыс да нашай эры існавалі ўжо дзесяткі селішчаў, якія час ад часу мянялі сваё месцазнаходжанне.

Нарэшце, на мяжы ІІІ-ІІ тыс да н.э. пачалася эпоха металу, і шматлікія плямёны жывёлаводаў-качэўнікаў засялілі абшары Еўропы. Так ў край прыйшлі нашы далёкія продкі індаеўрапейцы. Культуру бронзавага веку, якая злучана з імі, называюць сярэднедняпроўскай. Яна роднасная шырокаму кругу культур шнуравой керамікі і баявых сякер, якія ў старажытнасці ахоплівалі прасторы ад Фінляндыі і Швецыі на поўначы да Карпат на поўдні, ад Прыўралья на ўсходзе да Рэйна на захадзе. Насельніцтва гэтых культур – продкі славян, балтаў, германцаў і іншых народаў. Сярэднедняпроўцы жылі ў нашым краі амаль тысячагоддзе.

У восьмым-сёмым стагоддзях да нашай эры на тэрыторыі сучаснай Магілёўшчыны людзі авалодалі тэхналогіяй вырабу жалеза. Распачаўся жалезны век. З пераходам да жалеза тагачаснае насельніцтва рэгіёна апынулася ў больш спрыяльных умовах для атрымання ўласнага металу. У супрацьлегласць медным і алавяным рудам, якія тут адсутнічалі, наваколлі былі багатыя бурымі жалязнякамі, балотнымі, азёрнымі і лугавымі рудамі, прыдатнымі для апрацоўкі першабытным спосабам. Сляды апрацоўкі металу ў выглядзе шлаку, крыцы, прыстасаванняў для плаўкі і разліву металу ў ліцейныя формы засталіся на старажытных гарадзішчах і паселішчах. Рэшткі сырадутных горнаў сведчаць аб мясцовым характары металургічнай вытворчасці.

Жалезнымі сякерамі нашы продкі ачышчалі ад лесу значныя ўчасткі для падсечна-агнявога земляробства. Выраслі прадукцыйнасць працы і дабрабыт людзей. Жалеза стала асноўным матэрыялам і для якаснай зброі. У наваколлі Магілёва каля Палыкавічаў, Буйніч і цэнтры горада захаваліся рэшткі некалькіх гарадзішчаў – умацаваных паселішчаў гэтай эпохі. Яны з’явіліся тут, як і ў іншых рэгіёнах Усходняй Еўропы, у сувязі з назапашваннем маёмасці першабытных плямёнаў, на якую квапіліся суседзі і якую трэба было ахоўваць. Як правіла, яны размяшчаліся на ўзнёслых мысах ці ўзвышшах і мелі выгляд невялікіх крэпасцяў з простымі ўмацаваннямі: за ровам на валу ладзіўся частакол ці драўляныя сцены. Пад час вайсковых нападаў у гарадзішчах хаваліся мясцовыя жыхары. У небяспечны час тут маглі збірацца рамеснікі і гандляры. А калі ў ім сяліўся князь са сваёй дружынай, то шанс на тое, што гарадзішча паступова стане горадам быў дастаткова вялікі.

Славяне з сярэдзіны першага тысячагоддзя нашай эры настойліва рухаліся на поўнач, рассяліліся ў лясных балцкіх і фіна-угорскіх землях. На тэрыторыі Магілёўшчыны яны паступова змянілі ці асімілявалі балцкія плямёны, якія дагэтуль пражывалі тут. Магілёўскае Падняпроўе было межавой зонай, дзе па-суседску жылі розныя славянскія аб’яднанні: крывічы (паўночныя раёны), дрыгавічы (басейн Беразіны) і радзімічы (Пасожжа).

Першыя дзяржаўныя ўтварэнні

Напрыканцы першага тысячагоддзя ад нараджэння Хрыстова славяне на тэрыторыі Беларусі ў сваім развіцці дасягнулі ўзроўню цывілізацыі. У іх з’явіліся гарады, дзяржавы і пісьмовасць. Яшчэ ў VІІІ-ІХ стагоддзях некаторыя племянныя саюзы ўсходніх славян сталі своеасаблівымі протадзяржаўнымі ўтварэннямі – княжаннямі з гарадамі - цэнтрамі. У крывічаў такімі цэнтрамі сталі Полацк і Смаленск, у дрыгавічоў – Тураў. Насельніцтва асобных частак сучаснай Магілёўскай вобласці цягнуліся да бліжэйшых да іх цэнтраў. Лёс радзімічаў быў іншым. Яны трапілі ў сферу ўплыву вялізнай дзяржавы Усходняй Еўропы – Хазарскага каганату і плацілі яму даніну.

З'яўленне варагаў ва ўсходняй Еўропе паскорыла ўтварэнне ў другой палове ІX стагоддзя адзінай дзяржавы. У перыяд найвышэйшага росквіту Кіеўская Русь раскінулася ад Прычарнаморскіх стэпаў да Балтыкі і Ладагі і кантралявала гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”. І зімой, і летам рэкі тады былі па сутнасці адзінымі надзейнымі дарогамі ў лясной зоне. Дняпро быў найважнейшым з гэтых шляхоў. Па яго рэчышчу купцы везлі свае тавары з далёкіх паўднёвых краін у Паўночную Еўропу і вярталіся назад. З самага пачатку ўтварэння гэтага гандлёвага шляху магілёўскае Прыдняпроўе мела важнае транспартнае значэнне і натуральна ўвайшло ў склад Кіеўскай Русі. Пры Ўладзіміры Святаславічы канчаткова ў новую дзяржаву ўвайшлі і землі радзімічаў, войска якіх у бітве на рацэ Пяшчань (недзе каля Слаўгарада) у 984 г. было разбіта. У выніку Кіеву падпарадкавалася тэрыторыя і паўднёва-ўсходняй частцы Магілёўскай вобласці.

Большасць насельніцтва ўсходняй Беларусі займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Сяляне прадавалі ў гарадах харчаванне, самаробныя тканіны, дровы, сена і набывалі прамысловыя тавары. Яны былі свабоднымі абшчыннікамі, якія ў час палюддзя раз на год плацілі князю даніну. У Х-ХІ стагоддзях на тэрыторыі нашай вобласці, як і па ўсёй Беларусі, з’яўляюцца элементы феадальнага грамадства. Працэс феадалізацыі паскараецца ў наступныя два стагоддзі. Паступова ўтвараецца вотчына, заснаваная на ўласнасці на зямлю феадала. Адначасова паскараецца працэс узнікнення і росту гарадоў. Самымі старажытнымі на Магілёўшчыне з'яўляюцца гарады Прупой (Прапошаск, Слаўгарад) (1136), Крычаў (1136) і Мсціслаў (1135 – 1150, 1156). У адпаведнасці з дэндрахраналагічным аналізам маставых узрост Мсціслава павялічваецца, яго заснаванне можна аднесці згодна меркаванню Марзалюка да 1098 года.

Рост гарадоў, развіццё феадалізму, узмацненне асобных княстваў і іх знаці, якая імкнулася выйсці з-пад васальнай залежнасці ад кіеўскіх князёў, сталі прычынамі распаду Кіеўскай Русі. Полацк першым пачаў працэс аддзялення ад Кіева ў першай чвэрці ХІ стагоддзя разам з тэрыторыяй паўночна-заходняй Магілёўшчыны, якая ў ХІІ стагоддзі ўваходзіла ў склад удзельнага Друцкага княства.

Друцкае княства было адным з найбольш старажытных феадальных уладанняў на тэрыторыі Беларусі. Яно ўзнікла ў працэсе драблення Полацкай зямлі на ўдзелы. Княства кантралявала басейн ракі Друць і грала важную ролю ва ўнутрыпалітычнай барацьбе полацкіх князёў. Княства з цэнтрам у г. Друцку (цяпер вёска ў Талачынскім раёне) ў ХІІ-XVI стагоддзях размяшчалася на тэрыторыі сучасных Круглянскага, Талачынскага і Крупскага раёнаў. Паводле спрэчнага сведчання Друцкага Евангелля, у 1001 у горадзе была пабудавана адна з першых на беларускіх землях хрысціянскіх цэркваў. Рэшткі дзядзінца і вакольнага горада старажытнага Друцка – адны з найлепш захаваных сярэднявечных умацаванняў Беларусі – захапляльны і лёгкадаступны турыстычны аб’ект для жыхароў вобласці.

Да сярэдзіны XII стагоддзя Кіеўская Русь фактычна распалася на паўтара дзесяткі самастойных княстваў. Тураўскае і Смаленскае княствы разам з адпаведна паўднёва-заходняй і ўсходняй часткамі нашага рэгіёну таксама сталі самастойнымі. Ва ўсіх княствах пачынаецца працэс феадальнай раздробленасці. У 1180 г. утвараецца ўдзельнае Мсціслаўскае княства.

 

Пачатак хрысціянізацыі і пісьмовасці

У ходзе хрышчэння Русі ва ўсіх яе землях была ўстаноўлена ўлада праваслаўных епіскапаў, якія падпарадкоўваліся кіеўскаму мітрапаліту. Прыняцце хрысціянства па Візантыйскім абрадзе і ўтварэнне Полацкай (992) і Тураўскай (1005) епархій спрыялі распаўсюджанню лепшых дасягненняў культуры на беларускіх землях.

Помнікаў пісьменства пачатку другога тысячагоддзя эры Хрыстовай на Магілёўшчыне захавалася няшмат. Але знойдзеныя пры раскопках у Мсціславе крыж-складзень XII стагоддзя, вырабы кастарэзаў, берасцяныя граматы XII-XIII стагоддзяў сведчаць аб высокім узроўні прыкладнога мастацтва і развіцці пісьменнасці. Большасць твораў мастацтва было звязана з новай рэлігіяй, з яе культам.

Найважнейшымі цэнтрамі асветы і культуры на сучасных землях Магілёўскай вобласці ўжо ў XII-XIII стагоддзях былі Мсціслаў, Крычаў, Прапошаск (Слаўгарад) і Магілёў. Безумоўна, першае месца ў гэтым спісе належыць Мсціславу – сталіцы удзельнага княства ў складзе Смаленскай зямлі.

Археалагічныя раскопкі на Замкавай гары дзяцінца Мсціслава, праведзеныя пад кіраўніцтвам маскоўскага і магілёўскага археолагаў Л. Аляксеева і І. Марзалюка, дазваляюць з упэўненасцю казаць пра высокі ўзровень культуры гэтага горада, а таксама аб распаўсюджанні пісьменнасці сярод жыхароў старажытнага Мсціслава. Менавіта тут, у час археалагічных раскопак 1980 года сядзібы 20-30 гадоў XIII стагоддзя на Замкавай Гары, знойдзеная другая ў Беларусі берасцяная грамата, а раскопкі 2014 года падарылі знаходку яшчэ адной берасцянай граматы.

Аб пісьменнасці жыхароў Мсціслава ў той час сведчаць і іншыя знаходкі, якія прадстаўлены знойдзенымі пісаламі і эпіграфічнымі матэрыяламі. Так, у 1979 годзе пры раскопках у Мсціславе было знойдзена каменнае кола, зробленае з ружовага оўручскага сланцу. Знаходка датуецца 1260-70 гадамі. На коле захавалася надпіс: «ЖАТИ» (націснуць). Кірылічныя надпісы знаходзяцца таксама на нагрудных крыжах, крыжах-энкалпіёнах і абразках, знойдзеных пры раскопках на Мсціслаўшчыне. У Магілёве ў культурным пласце XII- першай паловы XIII стагоддзяў знойдзены фрагмент жаночага бранзалета, на ўнутраным боку якога на метале былі выбітыя чатыры літары, якія ўтвараюць слова «ЖЕОД» – кірылічны варыянт напісання грэцкага слова «geoid», «geoides» - земляны. На тэрыторыі вобласці на сённяшні дзень пісалы знойдзены ў Мсціславе (3 асобнікі) і Прапошаске (Слаўгарадзе) (1 жалезны асобнік).

Усе гэтыя разнастайныя археалагічныя знаходкі сведчыць аб тым, што ў XII-XIV стагоддзях пісьменнасць была здабыткам не толькі знаці, але і простых людзей, што паралельна з ростам гарадоў, іх эканомікі і культуры расла колькасць пісьменнага гандлёва-рамеснага насельніцтва. Вялікія гарады, высокае ваеннае майстэрства, шырокае распаўсюджванне пісьмовасці, развітае прыкладное мастацтва сведчыць аб тым, што культура нашых зямель знаходзілася на ўзроўні тагачасных перадавыхкраін Еўропы.

Нараджэнне Магілёва

Магілёў адносіцца да ліку тых месцаў, абставіны нараджэння якіх губляюцца ў сівой даўніне. У летапісы гарады траплялі дзякуючы дзейнасці князёў, ці з нагоды здарэння нечага незвычайнага. Не “пашчасціла” Магілёву быць спаленым, як Менску ў 1067 годзе, або мець моцную княжацкую дынастыю, як Полацаку, таму ён і не мае дакладнай даты нараджэння.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя тутэйшыя даследчыкі палічылі 1267 рок годам заснавання Магілёва. Сур’ёзнага навуковага абгрунтавання гэтая дата не мела, але паступова замацавалася і стала афіцыйнай, хаця ў пісьмовых крыніцах, якія дайшлі да нашага часу, горад пачынае згадвацца толькі з канца ХІV стагоддзя. Неабходна прызнаць, што час узнікнення Магілёва – пытанне, якое сёння немагчыма вырашыць з дапамогай пісьмовых крыніц. А вось археалогія дае багатую глебу для разважанняў аб большай старажытнасці Магілёва, прынамсі аб дзесяці стагоддзях гарадской гісторыі.

З усіх магілёўскіх паселішч найбольш вядомаеПелагееўскае гарадзішча ва ўрочышча Змяёўка. Знаходзілася яно на правым беразе р. Дубровенка (ў моста па праспекце Міра) адносна недалёка ад Дняпра, мела моцныя ўмацаванні, мае сляды жыцця з ІІІ па ХІ стагоддзе і цесна звязана з найстаражытнейшай гісторыяй горада Магілёва. Пласт попелу ад пажару амаль па ўсёй даследаванай частцы помніка ў трэцяй чвэрці першага тысячагоддзя эры Хрыстовай дазваляе вучоным звязваць пажар з нападам ваяўнічых авараў ў 602 годзе на антаў. Авары – качэўнікі, аб'яднаныя ў вялікі племянны звяз, асноўную частку якога складалі цюркамоўныя плямёны. Аварскі каганат у тыя часы быў магутным дзяржаўным утварэннем, якое спаборнічала з Візантыйскай імперыяй. У адказ на напад рамераў (візантыйцаў) авары выправіліся на землі іх саюзнікаў антаў і знішчалі іх найбуйнейшыя цэнтры. Невыпадкова ў Падняпроўі менавіта у VII стагоддзі былі знішчаны Стары Шклоў, Нікадзімаўскае ля Горак і іншыя гарадзішчы. У іх попелу знаходзяць шматлікія аварскія трохлопасцевыя наканечнікі стрэл. Заняпад жыцця на Пелагееўскім гарадзішчы пасля пажару не дазволіў яму стаць цэнтрам фарміравання будучага Магілёва.

Найбольш падыходзіць на ролю паселішча, з якога ўзнік Магілёў, калішняе магілёўскае замчышча – гара “Магіла” (ў раёне парка імя Горкага) на ўзвышшы пры ўпадзенні р. Дубравенка ў Днепр. Археолагі знайшлі тут фрагменты ляпной керамікі з расчэсамі ІІІ-ІV стагоддзяў нашай эры, але артэфактаў V-VII стагоддзяў на гары Магіла і прылеглых тэрыторыях не сустракаецца. Людзі відаць сышлі і адтуль. А зноў вярнуліся ў сувязі з новай хваляй рассялення славян.

Сёння на думку археолагаў ёсць падставы лічыць, што з прыходам славян звязана ўзнікненне, ці адраджэнне гарадзішча “Магіла”. Побач з гарадзішчам у пойме Дняпра месцілася селішча. Знаходжанне гарадзішча на гандлёвым шляху з “варагаў у грэкі” спрыяла росту града. Аб гэтым сведчаць знаходкі старажытных манет і скарбаў у наваколлі горада. З пачаткам ўтварэння гэтага гандлёвага шляху магілёўскае Прыдняпроўе займела важнае транспартнае значэнне і натуральна ўвайшло ў склад Кіеўскай Русі. Не дзіва, што археалагічнымі раскопкамі выяўлены ў цэнтры Магілёва рэчы ІХ-ХІІІ, а ўмацаванні Х-ХІІІ стагоддзяў, і сярод іх керамічныя сасуды з клеймамі князёў Уладзіміра Святаслававіча і Усяслава Ізяслававіча. Асаблівую цікавасць выклікае апошняе кляймо, бо яно дазваляе звязваць нараджэнне Магілёва з 1003 годам.

Падсумоўваючы, можна зрабіць вывад, што град Магілёў узнік у сувязі з новай хваляй рассялення славян і ўсталяваннем гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”. Тым не менш, час заснавання Магілёва застаецца спрэчным пытаннем. Дакладна ясна, што ўжо ў ІХ-Х стагоддзях тэрыторыя сучаснага Магілёва інтэнсіўна асвойваецца славянамі. Напачатку тут існавала вясковае паселішча крывічаў ля Дняпра з ўмацаваннем на гары Магіла. Першапачаткова гэта было звычайнае паселішча, якое расло, паступова абрасло ўмацаваннямі, сталаградам на гандлёвым шляху з “Варагаў у грэкі”, у ХІ ст. цэнтрам феадальнай адміністрацыі, а ў ХІІ стагоддзі ўжо дасягнула ўзроўню протагарадскога цэнтра. Сляды будаўніцтва ў канцы ХІІ, ці пачатку ХІІІ стагоддзя мураванай царквы на замчышчы, якія былі ў апошнія гады адкрыты магілёўскім археолагам І. Марзалюком, пэўна сведчаць аб значнасці і заможнасці гэтага паселішча, якое фактычна дасягнула гарадскіх маштабаў.

Такім чынам, Магілёў узнік на гары пры ўпадзенні ракі Дубравенкі ў Дняпро недзе ў канцы першага – пачатку другога тысячагоддзя нашай эры. На сённяшні дзень найбольш падыходзіць для мяркуемай даты заснавання 1003 год, з якім звязваецца кляймо князя Усяслава Ізяслававіча на донца сасуда.

Адпаведна народнаму паданню назва Магілёва пайшла ад месца пахавання асілка, або ў іншым варыянце разбойніка Машэкі, якое назвалі “Магілай Льва”. Паводле іншай версіі, горад атрымаў імя ў гонар князя Льва Данілавіча Могія (Магутны Леў), які нібыта тут пабудаваў замак у 1267 г.

 

Уваходжанне ў склад Вялікага Княства Літоўскага

У ХІІІ стагоддзі дзве страшныя небяспекі пагражалі ўсходнеславянскім землям. З захаду славян ваявалі нямецкія крыжаносцы, са ўсходу – мангола-татарскія орды. Батыева нашэсце з большага абмінула беларускія землі. Але апошнія археалагічныя даследаванні паказваюць, што верагодна ў першай палове ХІІІ стагоддзя мангола-татары спалілі Магілёў і Свіслач (Асіповіцкі раён). Безумоўна пацярпелі і блізкія да іх вясковыя паселішчы. У другой палове стагоддзя жыхары ўсходняй Магілёўшчыны (Мсціслаўскія і Прапойскія землі ), відаць, плацілі разам з усім Смаленскім княствам даніну Залатой Ардзе.

Ва ўмовах неабходнасці яднання для барацьбы з чужынцамі і пад уплывам сацыяльна-эканамічных фактараў на беларускіх і літоўскіх землях ўтварылася новая дзяржава, якая пазней стане магутнай і будзе называцца Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае і іншых зямель. Новае дзяржаўнае ўтварэнне аб'яднала народы сучаснай Беларусі, Літвы, а пасля, часткова Украіны і Расіі. Большасць беларускіх зямель або добраахвотна, або мірна ўвайшла ў новую дзяржаву. Ужо пры Гедыміне ў першай палове ХІV стагоддзя ВКЛ кантралявала Друцкае і Свіслацкае княствы і ўсё дняпроўскае правабярэжжа Магілёўшчыны. А вялікі князь Альгерд аб’яднаў і надзейна абараняў усе беларускія і большую частку ўкраінскіх зямель. Пры ім у 1358 г. і Мсціслаўскае княства ўвайшло ў склад ВКЛ.

У XІV стагоддзі жыццё на замчышчы Магілёва аднавілася, і ў канцы стагоддзя горад ужо згадваецца ў пісьмовых крыніцах. Паступова Магілёў набывае дамінуючае становішча сярод навакольных вёсак, становіцца цэнтрам магілёўскай воласці і адным з надзелаў вялікага князя Альгерда. Пасля яго смерці, у 1377, Магілёў перайшоў у валоданьне яго сына Ягайлы. З гэтага часу горад з воласцю становіцца асабістым спадчынным уладаннем кіруючай дынастыі Ягелонаў. Пасля Крэўскай уніі 1385 г. воласць належала каралеве Ядвізе.

Нашы продкі разам з ваярамі іншых зямель ВКЛ удзельнічалі ў шматлікіх ваенных паходах і бітвах, якія вяла гэта вялікая еўрапейская дзяржава. Перамога Альгерда над татарамі ў бітве на Сініх Водах (1362) падарвала магутнасць Залатой Арды і паклала пачатак вызваленню ўсходнеславянскіх народаў ад золатаардынскага ярма, спрыяла далучэнню ўкраінскіх зямель да ВКЛ, падаравала надзею на незалежнасць маскоўскім землям, на доўгі час ліквідавала пагрозу набегаў качэўнікаў на паўднёвую частку дзяржавы. Тройчы – ў 1368, 1370 і 1372 гадах з вялікім князем Альгердам выпраўляліся жыхары ўсходняй Беларусі на Маскву.

Пасля Крэўскай уніі аб’яднаныя сілы Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў 1410 годзе ў рашаючай бітве на грунвальдскім полі дашчэнту разбілі крыжацкія войскі Тэўтонскага ордэна. У крытычны момант бітвы выключную мужнасць паказалі войны аршанскай, мсціслаўскай і смаленскай харугваў на чале з князем Сямёнам (Лугвенам) Альгердавічам, якія не пахіснуліся нават тады, калі польскае войска апынуліся на мяжы разгрому. Іх трываласць стала адным з вырашальных фактараў перамогі. Разгром крыжакоў пад Грунвальдам на пяць стагоддзяў прыпыніў нямецкую агрэсію на ўсход.

Не толькі войны, але і паморкі з’яўляліся страшным ліхам тых часоў. У сярэдзіне ХІV стагоддзя ў Еўропе лютавала чума. Гэта самае жахлівая ў сярэднявечнай Еўропе эпідэмія каштавала жыцця кожнаму трэцяму еўрапейцу. Не абышла яна і наш край. Перш наперш, ад паморка выміралі гараджане, рэшта якіх ратуючыся збягалі ў вёскі. У блізкім да нас Смаленску пад час эпідэміі, калі верыць летапісу, ў жывых засталося пяць чалавек, якія “выйшлі і зачынілі горад, напоўнены трупамі”. Паморкі ў выглядзе чумы, воспы, грыпу і г.д. наведвалі абшары паміж Сожам і Беразіной і пазней. Вясковыя паселішчы таксама цярпелі ад эпідэмій, але шанцаў выжыць тут было болей. Пасля заканчэнне “пошасці” выхадцы з вёскі складалі значную колькасць насельніцтва адроджаных гарадоў.

 

Развіццё краю ў складзе ВКЛ

Вялікае княства Літоўскае дастаткова надзейна абараняла беларускія землі ад ворагаў. Невыпадкова ў XV- першай палове XVІІ стагоддзяў ў ВКЛ назіраецца значны ўздым гаспадаркі, рост колькасці гарадскіх і вясковых паселішчаў. У гэты час пашыраюцца гандлёвыя сувязі з заходнімі краінамі, дзе быў добры попыт на збожжа, павялічваецца колькасць насельніцтва, назіраецца рост не толькі вёсак, але і гарадоў.

У ХV стагоддзі вялікі князь Казімір дае граматы магілёўскім месцічам (гараджанам) і магілёўскаму намесніку і старцам. Пачынае фарміравацца гарадская тэрыторыя, пра што сведчыць культурны слой ХV стагоддзя на тэрыторыі Гандлёвай плошчы (зараз Савецкая) і іншых месцах сённяшняга гарадскога цэнтра. Складваецца тыповы комплекс сярэднявечнага беларускага горада: замак – гандлёвая плошча – пасады. Магілёў пачынае становіцца буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам Беларусі і найбуйнейшым горадам краю.

На тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці ў сярэдзіне XVІІ стагоддзя ўжо налічвалася каля 40 гарадоў і мястэчак. У Быхаве і Мсціславе жыло ад 5 да 8 тыс чалавек. Вылучаліся таксама Бабруйск і Крычаў, у якіх жыло ад 2 да 5 тыс чалавек. Трэба адзначыць высокі ўзровень развіцця гарадоў Беларусі. У гэты час у гарадах і мястэчках краіны жыло 12-13 % насельніцтва. Для параўнання, ў суседняй Расійскай дзяржаве гарадское насельніцтва складала 5-6 %.

Герб Мсціслава 1634

Найвялікшым адміністрацыйным цэнтрам сярод гарадоў Магілёўшчыны быў Мсціслаў, які ў XVІ-XVІІІ стагоддзях быў цэнтрам ваяводства. Яго буйнымі мястэчкамі былі Дрыбін, Крычаў, Радамля, Радзівілаў, Расна, Хаславічы, Шумячы. У склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводства ўваходзілі Быхаў, Горы, Круглае, Магілёў, Чавусы, Чэрыкаў, Шклоў. А Бабруйск, Свіслач, Прапойск належалі Менскаму ваяводству. Глуск адносіўся да Навагрудскага ваяводства.

Каб забяспечыць гараджан харчаваннем і сельскагаспадарчай сыравінай неабходна было мець развітую сельскую гаспадарку. Гарады папросту не маглі б так хутка развівацца без вялікай колькасці вёсак. Мноства сучасных населеных пунктаў Магілёўшчыны першы раз згадваюцца як вёскі менавіта ў ХVI-ХVII стагоддзях. Імкліва расло прыватнае землеўладанне свецкіх феадалаў – шляхты. Але ў нас – на ўсходзе Беларусі яшчэ доўгі час заставалася вялікая колькасць дзяржаўных уладанняў і гаспадарскіх зямель.

Распаўсюджванне магдэбургскае права ў Беларусі.

Магдэбургскае ці майдэборскае права ўзнікла ва ўсходненямецкім горадзе Магдэбургу ў ХІІІ стагоддзі і з’яўлялася зводам правоў і прывілеяў жыхароў еўрапейскага феадальнага горада. Юрыдычныя нормы, замацаваныя ў магдэбургскім праве, спрыялі развіццю эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасці гараджанаў, вызначалі іх стан і маёмасныя правы. Потым яно распаўсюдзілася на розныя гарады Паўночнай Еўропы і Прыбалтыкі, паступова прыйшоўшы на тэрыторыю Польшчы і Вялікага княства Літоўскага.

У ВКЛ граматы на магдэбургскае права або прывілеі дзяржаўным гарадам давалі вялікія князі, а прыватнаўласніцкім – уладальнікі гарадоў ці вялікія князі паводле іх хадайніцтва. Першым з сённяшніх беларускіх гарадоў магдэбургскае права ў 1390 годзе атрымала старажытнае Бярэсце. За некалькі гадоў да гэтай падзеі, у 1387-м, Ягайла адпаведным прывілеям надаў магдэбургскае права сталіцы ВКЛ гораду Вільні. У ХV стагоддзі права на самакіраванне набываюць буйныя гарады цэнтральнай і паўночнай часткі краіны, а ў ХVІ – усходняй Беларусі. У ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях магдэбургскімі становяцца многія сярэднія і малыя гарады.

Магдэбургскія гарады стаялі на адной роўніцы са славутымі гарадамі Старога Свету ў сэнсе самакіравання. Горад, які атрымліваў нямецкае магдэбургскае права, меў магчымасць ствараць выбарны орган самакіравання – магістрат, які дзяліўся на раду і лаву.У яго склад ўваходзілі заможныя гандляры і рамеснікі. Магістрат кіраваў усім жыццём у горадзе і размяшчаўся звычайна ў спецыяльным будынку – ратушы. Ратуша (Rathaus) ў перакладзе з нямецкай азначае "дом сходаў". Першыя такія "дамы" з'явіліся ў Заходняй Еўропе ў ХІІІ стагоддзі і з часам набывалі ўсё больш манументальныя формы.

Будынак ратушы з’яўляўся сімвалам вольнага горада. Быў ён звычайна прамавугольнай формы, будаваўся ў цэнтры горада, на месцы, дзе адбываліся кірмашы. Яго амаль заўсёды ўпрыгожвала вежа, якая выконвала ролю назіральнай вышкі (у выпадку пажару альбо варожага нападу). Галоўным памяшканнем ратушы была зала пасяджэнняў магістрата на другім паверсе асноўнага будынка. Вакол ратушы мясціліся гандлёвыя рады і крамы.

Запазычанае ў Еўропе магдэбургскае права ў ХVІ –ХVІІІ стагоддзях мелі практычна ўсе вялікія, сярэднія і значная частка дробных беларускіх гарадоў. Яно забяспечвала гарадам развіццё рамяства і гандлю, вызначала месца і стан гараджан у феадальным грамадстве, бараніла мяшчан ад уціску шляхты і велікакняжацкай адміністрацыі, спрыяла саслоўнаму адзінству. На Магілёўшчыне магдэбургскае права атрымалі Магілёў (1577), Крычаў (1633), Бялынічы (1634), Мсціслаў (1634), Чавусы(1634), Чэрыкаў (1641), Шклоў (1762).

 

Уплыў руска-літоўскіх войнаў ХVI стагоддзя на прыдняпроўскія гарады

Мірнаму жыццю насельніцтва ўсходняй Беларусі замінаў перманентны канфлікт вялікіх княстваў Літоўскага і Маскоўскага за першынства ва ўсходняй Еўропе. Пасля таго, як ў 1480 г. Масква канчаткова вызвалілася ад ардынскай няволі, яна пачала перыяд няспынных войнаў з Вільняй, які працягваўся добрых два стагоддзі. Ад гэтага канфлікту перш-наперш пакутавалі жыхары прыгранічных да Маскоўскага княства рэгіёнаў. У 1502 г. маскоўскія ваяры спустошылі ваколіцы Оршы і Мсціслава, у 1507 г. ад іх мужна абараніліся жыхары Крычава, Мсціслава і сяляне навакольных вёсак. Падняпроўе зведала буйныя напады суседзяў таксама ў 1514, 1516, 1535, 1562, 1580, 1633 гадах. У сваю чаргу з Магілёва на рускія землі рушылі вялікія войскі нашай дзяржавы ў 1534, 1609, 1618. Нямала нашых землякоў хадзілі на Маскву з І і ІІ Лжэдзмітрыямі. Дарэчы, па некаторых звестках апошні быў да сваёй авантуры настаўнікам у Магілёве і Шклове.

Войны прывялі да павышэння падатковага ціску на насельніцтва і прымушалі жыхароў гарадоў умацоўваць абарончыя збудаванні. Беларускія гарады ХVІ-ХVІІ стагоддзяў можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі: гарады Заходняй Беларусі (Гародня, Ваўкавыск, Слонім), якія не мелі гарадскіх умацаванняў, і гарады цэнтральнай, паўночнай і ўсходняй частак краіны (Полацк, Слуцк, Нясвіж, Мір, Менск, Магілёў, Мсціслаў, Быхаў), якія былі абнесены магутнымі землянымі валамі і мураванымі брамамі.

Планіровачная структура гарадоў з умацаваннямі была падпарадкавана замку і лініям умацаванняў, што абкружалі горад. Найбольш яскрава яе можна прасачыць на прыкладзе Магілёва, які ў канцы ХVІ стагоддзя стаў самым вялікім беларускім горадам. У 1526 г. у ім на месцы старога гарадзішча быў пабудаваны новы Магілёўскі замак. Магутнае ўмацаванне мела плошчу каля 2 га, а ў плане ўяўляла замкнёны пяцівугольнік з драўляных сцен – гародняў і васьмігранных трох-чатырохпавярховых вежаў. Гародні – гэта двух'ярусныя драўляныя зрубы з тоўстых бярвенняў, набітыя каменнем і зямлёй. Каб засцерагчы замак ад пажару, вежы і гародні абмазваліся глінай. Замак стаў цэнтрам планіровачнай структуры Магілёва, да яго сыходзяцца галоўныя гарадскія вуліцы. Гэта вуліцы Шклоўская (зараз Першамайская) і Ветраная (зараз Ленінская). Яны перасякалі тэрыторыю горада з поўначы на поўдзень.

У ХV-ХVІ стагоддзях, апрача замка, ў Магілёве фарміруецца і другі гарадскі цэнтр – гандлёвая плошча. У 1604 годзе яна займала тэрыторыю, большую за 2 гектары, і з’яўлялася няправільным шматвугольнікам. На плошчы размяшчалася 26 радоў крамаў, якія належалі не толькі купцам і рамеснікам, але і духавенству і нават шляхце. Тут жа паўстала і першая драўляная ратуша.

У сапраўдную крэпасць ператварыліся ўмацаванні, у тым ліку мураваныя, Быхава, які з 1561 г. перайшоў да Яна Ераміна Хадкевіча – “графа на Шклове, Быхаве, Глуску і Мышы”. Прадстаўнік гэтага слаўнага беларускага магнацкага роду Ян Кароль Хадкевіч быў вялікім палкаводцам XVІІ стагоддзя. Нашы продкі пад яго кіраўніцтвам неаднаразова разбівалі большае па колькасці шведскія войскі, а неўміручую славу набылі ў бітве 1621 г. пад Хоціным, дзе 60 тыс. ваяроў Рэчы Паспалітай месяц адбівалі атакі 150 тыс. султанскай арміі. У першыню пасля пачатку турэцкай агрэсіі ў Еўропе галоўныя сілы турэцкага войска не змаглі атрымаць перамогі.

 

Росквіт Магілёва у ХVІ – першай палове ХVІІ стагоддзяў

Геапалітычная сітуацыя істотна змяняецца ў першай палове ХVІ стагоддзя, калі Вялікае княства Літоўскае страціла Смаленск, а Мсціслаў і Орша былі не раз спалены маскоўскімі войскамі. Узяцце маскавітамі Смаленска ў 1514 годзе і пераход яго амаль на стагоддзе пад уладу Вялікага Княства Маскоўскага далі магчымасць Магілёву пераняць некаторыя функцыі гэтага горада. Магілёў вымушана становіцца галоўным цэнтрам ВКЛ на ўсходзе краіны. Паспрыяў уздыму Магілёва і пераезд у яго многіх смаленскіх купцоў. Яны не толькі прывезлі сюды свае капіталы, але і пераадрасавалі са Смаленска ў Магілёў свае гандлёвыя справы і сувязі. Выгаднае транспартнае становішча горада на Дняпры, зручнае ваенна-стратэгічнае размяшчэнне ў баку ад галоўных ваенных дарог, прадпрымальнасць мясцовых і прышлых купцоў паступова ператварылі Магілёў у найбуйнейшы на ўсходзе ВКЛ гандлёвы цэнтр.

Магілёўскае купецтва было шматлікім, мела свае арганізацыі, гандлявала з Прыбалтыкай, Польшчай, Расіяй, Украінай і Чэхіяй. Рамеснікі Магілёва аб'ядноўваліся ў канцы XVI стагоддзя ў 12, а ў першай палове XVII у 17 цэхаў, якія ўключалі майстроў каля 70 – 80 рамесных спецыяльнасцяў. Горад стаў буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам Беларусі і паводле рэестру 1552 года выйшаў на другое месца пасля Вільні па суме ваенных плацяжоў. Мяшчане ўносілі 150 коп. грошаў, а сталіца – 300.

У 1561 годзе Магілёў па грамаце Жыгімонта ІІ Аўгуста атрымаў права на войтаўства. Магілёўцы падпарадкоўваліся войту, які прызначаўся каралём. Гаражане залежалі ад замкавай адміністрацыі, але вызваляліся ад шэрагу сялянскіх павіннасцяў.

Яшчэ больш узрастае роля Магілёва пасля разгрому Полацка ў час Лівонскай вайны. Горад вылучаюць са складу воласці, і ён атрымоўвае поўнае магдэбургскае права. Дамагаючыся магдэбургскага права, магілёўцы скардзіліся каралю на злоўжыванні каралеўскіх службоўцаў і патрабавалі самакіравання.

У выніку 28 студзеня 1577 года кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый выдаў Магілёву прывілей на магдэбургскае права. Яго атрыманне было вялікім дасягненнем. Яно не толькі сведчыла пра эканамічную сілу Магілёва, але і заклала падмурак яшчэ больш хуткага развіцця горада ў канцы XVI – пачатку XVII стст., вызваліла гараджан ад феадальнай і чынавенскай самаўпраўнасці. Горад займеў герб і дазвол на пабудову ратушы.

Пасля атрымання магдэбургскага права горад хутка развіваўся. У 1577 годзе у Магілёве меўся 1261 дом і пражывала каля 10 тыс жыхароў, а ў пачатку XVII ст. – ужо 2121 дом і каля 17 тыс гараджан. Для прыкладу, у гэты час адзін з самых буйных гарадоў цэнтральнай Еўропы славутая бліскучая Прага – рэзідэнцыя імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Рудольфа ІІ была толькі ў тры разы большай і налічвала каля 60 тыс жыхароў.

Тэрыторыя Магілёва дзялілася на пасады і сотні. Іх колькасць расла. У межах Нагорнага пасада (стары горад) знаходзілася Астрогская і Нагорская сотні, далей на ўсход – Ледькоўская сотня. На правым беразе Дняпра быў Пакроўскі пасад, за Дубравенкай – Задубровенский пасад, які складаўся з Папінскай, Трысненскай, Коскаўскай, Даброслаўскай соцен. Задняпроўскі пасад – з Троіцкай і Лупалаўскай соцен.

У першай палове ХVІІ ст. Магілёў ужо меў тры паясы магутных умацаванняў. Замак агінаў Замкавы вал. Вакольны вал бараніў Стары горад, які склаўся ў ХV – ХVІ стст. У ім былі чатыры каменныя вежы-брамы: Ветраная, Каралеўская, Алейная і Дубровенская. Ад Дубровенскай брамы да замка ішла мураваная сцяна з амбразурамі. Новыя, больш далёкія гарадскія пасады акаляў Палявы, або Дальні вал даўжынёй больш за 5 км. Яго праразалі восем драўляных брамаў.

 

Кнігадрукаванне

У XVI- пачатку XVII стагоддзяў старабеларуская культура перажывала перыяд росквіту. Эпоха Адраджэння спрыяла распаўсюджванню на Магілёўшчыне ідэй гуманізму і рэфармацыі, навуковых ведаў па геаграфіі, гісторыі, прыродазнаўстве, медыцыне, зараджэнню рацыяналізму. Эканамічнае, палітычнае, культурнае развіццё выклікала рост грамадскай неабходнасці ў кнізе і цікавасць да яе. Невыпадкова ў XVI стагоддзі ў Вялікім княстве Літоўскім актыўна пачало развівацца кнігадрукаванне.

Ўнеслі свой важкі ўклад у распаўсюджванне новага спосабу асветы і нашы землякі. Ураджэнец Мсціслава Пётр Мсціславец – беларускі кнігадрукар і гравёр і Іван Фёдараў адкрылі друкарні і працавалі ў Маскве, Вільні, Заблудаве. У 1564 годзе яны надрукавалі ў Маскве першую дакладна датаваную рускую друкаваную кнігу “Апостал”, а ў наступным 1565 – два выданні “Часоўніка”. Пасля другога выдання пад націскам кансерватыўнага расійскага духавенства абодвум першадрукару прыйшлося пакінуць Маскву. Яны заснавалі друкарню ў Заблудаве Гродзенская павета, у маёнтку гетмана літоўскага і рупліўца праваслаўя Рыгора Хадкевіча, дзе у 1569 годзе выпусцілі “Евангелле вучыцельнае”. У сярэдзіне 1570 ў Вільні Пётр Мсціславец заснаваў на сродкі беларускіх друкароў братоў Мамонічаў знакамітую друкарню, якая дзейнічала да 1623 Яна адыграла важную ролю ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі.

Брацкія друкарні Ўкраіны і Беларусі выдалі вялікую колькасць вучэбных дапаможнікаў для школ. Першыя ў Беларусі друкарні з'явіліся разам з Вільняй, Брэстам і Нясвіжам на ўсходзе краіны ў Куцейна пад Оршай (1630-54), Буйнічах (1635) і Бялынічах (1638-53) пад Магілёвам. Асабліва актыўна мясцовае кнігадрукаванне пачало развівацца з пачатку XVII ст., калі ў 1616 г. была створаная друкарня пры Магілёўскім брацтве, якая з перапынкамі працавала да 1773 г. Магілёў і Куцейна сталі галоўнымі цэнтрамі кірылічнага кнігадрукавання Беларусі з другой чвэрці XVII стагоддзя.

Магілёўскія друкарні былі вядомы далёка за межамі нашага рэгіёна і надалей. З канца XVII і на працягу XVIII стагоддзяў толькі ў Магілёўскай брацкай друкарні выдадзена мноства царкоўна-службовых кніг: “Псалтыры”, “Часасловы”, “Акафісты”, “Малітвасловы”, “Катэхізісы”, “Ірмалоі” і інш. У XVIII стагоддзі Магілёўская брацкая друкарня засталася адзінай у Беларусі. У ёй было надрукавана больш за 300 кніг на стараславянскай мове, у тым ліку па замовах старавераў. Магілёўскія выданні шырока выкарыстоўваліся ў школьнай адукацыі, у тым ліку ва Ўкраіне.

 

Адукацыя на Магілёўшчыне

У XVI- пачатку XVII стагоддзя на беларускіх землях фарміруецца сістэма асветы адпаведная Новаму часу: узнікаюць пратэстанцкія, каталіцкія і праваслаўныя школы. Яны ўсё шырэй адкрываюцца пры манастырах, саборах, цэрквах і зборах. Аб дзейнасці першых навучальных устаноў на Магілёўшчыне засталося вельмі мала сведчанняў.

Першапраходцамі новага этапу развіцця асветы і адукацыі на беларускіх землях можна лічыць кальвіністаў і арыян, якія здолелі стварыць у другой палове XVI- пачатку XVII стагоддзя сваю школьную сетку. На ўсходніх землях Беларусі найбольш шырокае распаўсюджванне сярод пратэстанцкіх плыняў атрымаў кальвінізм. Гэтага веравызнання сталі прытрымлівацца многія багатыя і ўплывовыя князі і магнаты, якія выдавалі кнігі, адкрывалі школы, садзейнічалі вывучэнню роднай мовы. У 1570 г. ў Беларусі налічвалася 163 кальвінскіх зборы. На Магілёўшчыне яны дзейнічалі ў Магілёве, Оршы, Шклове.

Каталіцкія навучальныя ўстановы на тэрыторыі Беларусі былі прадстаўлены саборнымі, кафедральнымі, манастырскімі, дыяцэзіяльнымі школамі. Магнатаў абслугоўвалі прыватныя педагогі. Станаўленню навукі, развіццю еўрапейскай сістэмы адукацыі ў Беларусі садзейнічала дзейнасць каталіцкай арганізацыі “Таварыства Езуса”. У XVII стагоддзі намаганнямі езуітаў школы і калегіумы былі створаны ў Оршы, Бабруйску, Магілёве, Мсціславе і іншых гарадах ўсходняй Беларусі. Невялікія школы існавалі пры езуіцкіх рэзідэнцыях і місіях ў Клімавічах і Расна. Езуіцкія школы давалі агульнадаступную, бясплатную адукацыю на вельмі высокім узроўні. З мэтай прыцягнення моладзі ў езуіцкія школы навучанне ў іх вялося не толькі на лацінскай, польскай, але і на беларускай мовах.

Праваслаўнае насельніцтва не жадала саступаць прадстаўнікам іншых веравызнанняў як ў плане матэрыяльнага дабрабыту, так і ў духоўнай сферы. Пры падтрымцы праваслаўнай шляхты ў канцы XVI- пачатку XVII стагоддзяў у Вільне, Львове, Брэсце, Луцку, Кіеве, Мінску, Пінску, Полацку Слуцку, а адначасова ў Магілёве, Галоўчыне, Крычаве, Мсціславе, Оршы, Шклове і іншых беларускіх і ўкраінскіх гарадах утвараюцца буйныя праваслаўныя брацтвы, якія арганізуюць свае брацкія школы. У 1585 г. была адкрыта брацкая школа ў Вільні, а ў 1586 пачала працаваць Львоўская школа, якая стала першай брацкай школай ва ўкраінскіх землях. На пачатку XVII ст. ў Рэчы Паспалітай існавала ўжо каля трыццаці такіх школ. З пункту гледжання агульнаеўрапейскіх працэсаў іх ўзнікненне можна разглядаць у кантэксце станаўлення гарадскіх і цэхавых школ Еўропы.

Магілёў дазвол на стварэнне гарадской школы атрымаў разам з наданнем яму магдэбургскага права ў 1577 г., але ва ўмовах Лівонскай вайны горад не здолеў ім скарыстацца. Толькі ў 1590-92 гг., але ў ліку першых на беларускіх землях, магілёўскія мяшчане стварылі ў горадзе братэрства і адкрылі брацкую школу пры Спаскім манастыры. У Магілёўскай, як і ў Віленскай школах, з самага пачатку выкладалі чатыры мовы: царкоўнаславянскую, “простую мову” (беларускую), латынь і польскую, а таксама вывучалі: дыялектыку, рыторыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію, геаграфію. Навучанне вялося на царкоўна-славянскай і беларускай мовах. Выкладанне ў магілёўскай школе з моманту заснавання лацінскай і польскай моваў вылучае яе з ліку іншых брацкіх школ на тэрыторыі Беларусі.

У Магілёўскай брацкай школе ў 20-я гады XVII ст. вучыліся вядомыя праваслаўныя дзеячы Ігнат і Фама Іеўлевічы. Узровень атрыманых ведаў дазволіў ім паступіць адпаведна ў Замойскую і Кракаўскую акадэміі. Фама Якаўлевіч Іевлевіч (Евлевіч) – культурны і рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай, польскамоўны паэт, гуманіст нарадзіўся ў Магілёве, у 1628-31 гг. быў рэктарам Кіеўскай брацкай школы. Пасля ўтварэння Кіева-Магілянскага калегіўма вярнуўся ў Магілёў.

У гэты жа перыяд узнікаюць брацкія школы ў Шклове, пры Баркалабаўскім манастыры, у Куцейна пад Оршай і Буйнічах пад Магілёвам. У школах навучаліся дзеці розных слаёў гарадскога насельніцтва. Выкладалі ім самыя вядомыя педагогі. Першымі настаўнікамі ў магілёўскай школе былі ў асноўным выхадцы з Кіева. Сярод выбітных асобаў асветы і школьнай адукацыі перш наперш вылучаюцца імёны Лаўрэнція Зізанія, Мяленція Сматрыцкага, Спірыдона Собаля.

На мяжы XVI-XVII стст. у Буйнічах пад Магілёвам настаўнічаў беларускі і ўкраінскі асветнік, педагог царкоўны дзеяч Лаўрэнці Зізані. Ён працаваў выкладчыкам брацкіх школ у Львове, Брэсце, Вільні, хатнім настаўнікам сына крычаўскага старасты Б. Саламярэцкага (1597-1600), дзяцей князя А. К. Астрожскага, пасля князя Я. Карэцкага на Валыні. У 1596 у Вільні Зізаній надрукаваў першую ў Беларусі і Ўкраіне азбуку "Наука ку читаню и розуменю писма словенскаго". У гэтым жа годзе была ім выдадзена "Грамматіка словенска..." Буквар і граматыка Зізанія мелі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсходніх і паўднёвых славян.

Свой уклад у развіццё брацкіх школ Беларусі ўнёс беларускі і ўкраінскі асветнік, пісьменнік-палеміст, царкоўны і грамадскі дзеяч, аўтар вядомай “Граматыкі славенскай…” Мяленці Сматрыцкі. Вядома, што з 1600 г. Сматрыцкі жыў і настаўнічаў у князя Б. Саламярэцкага ў вёсцы Баркулабава на Магілёўшчыне (па іншых звестках у Буйнічах).

Яскравым прыкладам сувязяў і ўзаемаабагачэння школьных сістэм Магілёўшчыны і Кіеўшчыны з’яўляецца біяграфія беларускага асветніка XVIІ ст. Спірыдона Собаля. Будучы рэктар Магілёўскай і Кіеўскай брацкіх школ нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і магілёўскага бурмістра Б. І. Собаля ў канцы XVI ст. Верагодна, адукацыю атрымаў у Кіеве. У Магілёўскай брацкай школе пачаў працу настаўнікам, а затым стаў яе рэктарам. 3 1624 г. пачынаецца яго настаўніцкая праца ў Кіеўскай брацкай школе, дзе ў 1626 яго абіраюць яе рэктарам. У 1628-30 гг. у Кіеве Спірыдон Собаль друкаваў кнігі ў доме мітрапаліта Іова Барэцкага. З 1630 г. ў Куцейна пад Воршай а затым у Буйнічах пад Магілёвам каля 1635 Собаль прымае ўдзел у заснаванні друкарняў, у якіх працягвае друкаваць кнігі. Сьпірыдон Собаль не толькі надрукаваў першы “Буквар” у Куцейна ў 1631 і 1636 гг. і ў Магілёўскай брацкай друкарні ў 1636 г. але і ўпершыню ўвёў ва ўжытак само слова “Буквар”, якое пазней замацавалася як назва першага падручніка, па якім дзеці пачынаюць вучыцца чытаць і пісаць. “Буквар” Собаля можна лічыць першым беларускім спецыялізаваным падручнікам.

Плённасць украінска - магілёўскіх культурных сувязяў засведчана часам. Узорам і своеасаблівым метадычным узорам для магілёўскай брацкай школы быў статут Львоўскай брацкай школы, а пазней праграмы кіеўскага калегіўму. Відавочна, што для праваслаўнай школьнай адукацыі ХVII-XVIII стст. цэнтрам падрыхтоўкі школьных кадраў стаў Кіеў. Існаваў адзіны рынак працы настаўнікаў. Назіралася ўзаемная ратацыя настаўнікаў, пры гэтым пераважаў рух настаўнікаў з Кіева на Магілёўшчыну. У выданні вучэбных дапаможнікаў вялікую ролю сыгралі магілёўскія друкарні.

 

Беларуска-літоўскае летапісанне і Магілёўшчына

Яркай з'явай у старабеларускай літаратуры стала беларуска-літоўскага летапісанне. Развіццё сістэмы адукацыі, павелічэнне колькасці пісьменных людзей прывяло да з'яўлення ў XVII-XVIІI стагоддзях на Магілёўшчыне ўнікальных летапісных помнікаў. Першым мясцовым летапісам, у якім дадзены звесткі пра шматлікія бакі жыцця вяскоўцаў Магілёўшчыны, з'яўляецца "Баркалабаўская хроніка". Яна была напісана ў канцы 1580-1608 гадоў, найболей верагодна святаром Фёдарам Філіповічам. Хроніка ахоплівае падзеі больш за стогадовага перыяду. Несумнеўна, першапачатковыя звесткі аўтар браў з нейкіх крыніц, але большасць падзей захавана непасрэдным іх сведкам. Найвялікшую каштоўнасць у летапісу ўяўляе інфармацыя пра паўсядзённае жыццё простых людзей Беларусі. У ёй падрабязна апісана гаспадарчае становішча і побыт беларускіх сялян, паведамляецца пра час і ўмовы пасяўных прац, пра кошты на прадукцыю сельскай гаспадаркі. Гэтай інфармацыі вельмі мала ў іншых тагачасных крыніцах не толькі Беларусі, але і Расіі, і Украіны.

Найбольш каштоўным помнікам гарадскога летапісання XVII-XIX стагоддзяў і апошнім беларускім летапісным зводам з'яўляецца «Магілёўская хроніка Трафіма Раманавіча Сурты і Юрыя Трубніцкага». Яна напісана на працягу жыцця некалькіх пакаленняў жыхароў г. Магілёва і ахоплівае падзеі з 1526 да 1856 гады. У ёй ўсебакова адлюстраваны падзеі гарадскога жыцця насельніцтва Магілёва, Быхава, Шклова і іншых гарадоў, змешчаны цікавы матэрыял па гісторыі беларускага народа, Рэчы Паспалітай, Украіны, Расіі, а таксама аб міжнародных адносінах у XVII-XVIII стагоддзях. Верагодна, першапачаткова хроніка пісалася па-беларуску, а пасля кімсьці з Трубніцкіх была перапісана ўжо па-польску. Пры напісанні хронікі аўтары праявілі яркі пісьменніцкі талент; многія яе месца ўспрымаюцца як асобныя навелы са сваёй фабулай і яркімі каларытнымі фігурамі.

 

Нарастанне супярэчнасцяў і ўнутраных канфліктаў

Другая палова ХVІ стагоддзя стала пераломнай у гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Няспынныя войны з Расіяй спрыялі канчатковаму аб’яднанню ВКЛ і Польшчы ў адзінаю дзяржаву – Рэч Паспалітаю абодвух народаў, якое было замацавана Люблінскай уніяй 1569 г. Статут 1588 г. стаў дасканалым на той час зводам законаў, які два з паловай стагоддзі рэгуляваў прававое жыццё беларускіх зямель. Ён захаваў самастойнасць княства ў межах Рэчы Паспалітай, але ж і канчаткова замацаваў запрыгоньванне сялянства. Брэсцкая ўнія 1596 г. арганізацыйна аб’яднала каталіцкую і праваслаўную цэрквы. З 1582 г. нашы продкі пачынаюць пераходзіць на новы грыгарыянскі каляндар. Такія рэзкія змены не маглі не парушыць палітычны, сацыяльна-эканамічны і рэлігійны баланс у грамадстве.

У канцы XVІ- пачатку XVІІ стст. узрастаюць падаткі і павіннасці, узмацнілася феадальна-прыгонная эксплуатацыя сялян. Не дзіва, што калі казацкі атрад Севярына Налівайкі ў 1595 г. з’явіўся каля Бабруйска і Магілёва, то атрымаў падтрымку бядняцкага насельніцтва. Войска Налівайкі 13 снежня штурмам авалодала Магілёвам. У выніку да 40% гарадской забудовы было спалена. Праз два тыдні казацкі табар ўвесь дзень адбіваў атакі ўрадавага войска на чале з Буйвідам. У прыцемках казакі адышлі ад Магілёва на Палессе.

Напачатку выбарчая сістэма гарадскіх органаў самакіравання не была дасканалай, гарадскія нізы не мелі значнага ўплыву на палітыку гарадскіх уладаў. У гарадах абвастрыліся сацыяльныя супярэчнасці паміж простымі мяшчанамі і гарадскімі вярхамі. Найбольш востра яны выявіліся ў Магілёўскіх паўстаннях 1606-10 гг., калі паўстанцы на чале з Стахорам Мітковічам скінулі старую гарадскую раду і пэўны час кіравалі горадам. Іх прычынай сталі злоўжыванні ўладай, якія дапускаў магістрат, вялікія падаткі і грашовыя паборы. Сотні гараджан збіраліся каля ратушы і патрабавалі спыніць злоўжыванні. Урэшце 12 ліпеня 1606 года яны ўварваліся ў ратушу, скінулі старую раду і абралі новы склад магістрату. Але выбары праходзілі з парушэннем правіл, устаноўленых каралеўскімі граматамі. Пачаліся судовыя спрэчкі, якія дайшлі да караля. Рашэннем ягамосці Жыгімонта ІІІ Вазы канфлікт павінен быў вырашацца ў каралеўскім судзе. 22 жніўня 1608 года ў канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле старасты магілёўскага Льва Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова. У адпаведнасці з ёй новая рада да лістапада дабыла свой тэрмін, а потым перадала ўладу старой. Але выступленні гарадскіх нізоў працягваліся да 1610 года. “Магілёўскія паўстанні” выразна сведчаць не толькі пра імкненне гараджан да справядлівасці, але і пра жаданне вырашаць канфлікты ў межах прававога поля, магчымасць рэалізоўваць якое і давала магдэбургскае права.

Узмацнілася і рэлігійная барацьба. Мяшчане стварылі ў горадзе для абароны праваслаўя брацтвы, адкрываюць брацкую школу, а ў 1616 г. – магілёўскую брацкую друкарню.У 1618 г. магілёўцы не пусцілі ў горад уніяцкага архіепіскапа Я. Кунцэвіча.

 

Пашырэнне і ўдасканаленне магілёўскага самакіравання

Падчас Смаленскай вайны 1632-34 гадоў з Расіяй, магілёўцы змаглі арганізаваць хуткую і, самае галоўнае, своечасовую дапамогу Смаленску, а таксама гараджанам Крычава, Мсціслава і Радомлі. Магілёўскія купцы за свой кошт паставілі порах і кулі, што спрыяла арганізацыі абароны гэтых гарадоў да падыходу асноўных сіл Рэчы Паспалітай. Дапамога Магілёва так высока была ацэненая каралеўскай уладай, што Уладзіслаў IV ураўнаваў правы горада з правамі сталіцы Вялікага княства Вільні. Ён жа прыняў у 1632 годзе рашэнне аб стварэнні Магілёўскай епархіі, што зрабіла Магілёў цэнтрам праваслаўя на Беларусі. У час і пасля Смаленскай вайны атрымалі магдэбургскае права і прывілеі некаторыя іншыя гарады ўсходняй Беларусі: Крычаў (1633), Бялынічы (1634), Мсціслаў (1634), Чавусы (1634).

Выступленні магілёўскіх мяшчан у першай палове ХVІІ стагоддзя, якія дазвалялі сучаснікам называць Магілёў сталіцай літоўскіх бунтаў, прымусілі ўдасканальваць выбарчую сістэму гарадскіх органаў самакіравання. Да 1636 года Магілёўскі магістрат выбіраўся на два гады. Выбары праходзілі на агульным сходзе гараджан, дзе адначасова выбіраліся два поўныя склады рады, кожны з якіх пасля прынясення прысягі войту кіраваў горадам на працягу года.

З 1636 года выбары гарадской рады ўрачыста праходзілі ў снежні: 18 снежня мяшчане выбіралі па 12 "лепшых мужоў" ад купцоў і цэхавых рамеснікаў, а 20-га абраныя "мужы" збіраліся ў памяшканні ратушы на сесію магістрата і выбіралі 12 "паспалітых" – па 6 ад купцоў і рамеснікаў. Яны разам са старой радай выбіралі новую. Прычым, цяпер адразу выбіраліся не два, як раней, а пяць змен рады, кожная з якіх кіравала горадам год. Змены ў выбарчай сістэме відавочна рабіліся з улікам выступленняў гараджан, з мэтай прадухілення злоўжыванняў і незадаволенасці магілёўцаў.

Кожная рада прыносіла прысягу. Перадача ўлады праходзіла ва ўрачыстых абставінах і ў прысутнасці ўсіх змен магістрата. Стары склад рады рабіў фінансавую справаздачу за год, перадаваў справы, ключы ад касы магістрата, пячатку новаму складу рады. Гэты дзень з’яўляўся святочным днём для жыхароў горада. Як бачна, выбары праводзіліся раз у пяць гадоў, але склад магістрата мяняўся штогод.

Рада складалася з намесніка войта, двух бурмістраў, чатырох лаўнікаў і чатырох радцаў, пісарчука, 12 паспалітых і 4 скарбнікаў. Гарадская рада кіравала ўсім жыццём горада, займалася адміністрацыйнымі, гаспадарчымі, судовымі пытаннямі. На пасяджэннях рады разглядаліся пытанні і выносіліся пастановы аб парадку падаткаабкладання насельніцтва і грашовых збораў, аб перадачы ў арэнду гарадскіх уладанняў. Рабіліся запісы ў актавую кнігу аб продажу, завяшчаннях, зацвярджаліся цэхмістры, цэхавыя пастановы, гандлёвыя і крэдытныя ўмовы. На пасяджэнні рады па чацвяргах а 18 гадзіне ў ратушы павінны былі з'яўляцца не толькі ўсе яе чальцы, але і паспалітыя, сотнікі, а таксама адмыслова запрошаныя службовыя асобы.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: