Прамысловы пераварот, урбанізацыя, змяненне гарадской інфраструктуры

Шасцідзесятыя гады ХІХ ст. сталі часам важных сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформ у Расійскай імперыі. Царскі ўрад падазрона ставіўся да прапаноў правесці ліберальныя, на яго погляд, рэформы ў непакорным рэгіёне. У Паўночна-заходнім краі (так афіцыйна называліся беларускія і літоўскія губерні ў дакументах расійскай адміністрацыі ХІХ– пач. ХХ стст.) большасць рэформ праводзілася са значнымі абмежаваннямі і спазненнем у параўнанні з велікарускімі губернямі.

Тым не менш, адмена прыгону ў 1861 г., буржуазныя рэформы 1860-х гадоў у Расіі сталі мацнейшым імпульсам для развіцця эканомікі рэгіёна. Да канца XІX ст. і сельская гаспадарка і прамысловасць Магілёўшчыны ў сваім развіцці зрабілі значны крок наперад. Рэзка паскараюцца тэмпы тэхнічнага прагрэсу. Павялічылася прымяненне тэхнічных прыладаў і машын, у тым ліку паравых. Па ступені выкарыстання тэхнікі ў сельскай гаспадарцы беларускія губерні былі сярод самых перадавых губерняў Расійскай імперыі.

Да пачатку XX ст. фабрыкі і заводы давалі ўжо каля паловы прамысловай прадукцыі. Развівалася харчовая, тэкстыльная, гарбарная, а асабліва шпарка – дрэваапрацоўчая прамысловасць. Па Дняпру, Бярэзіне, Сажу пачалі рэгулярна хадзіць параходы. У 1872-73 гг. Лібава-Роменская чыгунка прайшла праз Асіповічы, Бабруйск, Гомель. У 1902 г. чыгуначная лінія Пецярбург-Адэса прайшла праз Оршу, Шклоў, Магілёў, Быхаў. Развіццё транспартнай сеткі, а па шчыльнасці чыгунак Беларусь выйшла на адно з першых месцаў у Расіі, спрыяла пашырэнню аб`ёмаў унутранага і замежнага гандлю. Сярод знешнегандлёвых партнёраў Беларусі на першае месца ўстойліва выходзіць Германія.

Магілёў рос і развіваўся. У ХІХ ст. найвялікшы росквіт горада прыпаў на час кіравання Магілёўскай губерняй Аляксандра Дамбавецкага. За дваццаць адзін год дзейнасці губернатара (1872-93) горад атрымаў Магілёўскую цэнтральную фельчарскую школу і Магілёўскае рэальнае вучылішча, адметныя будынкі гарадскога тэатра (1888) і жаночай гімназіі, водаправод і першыя тэлефоны. Менавіта ён спрыяў правядзенню археалагічных даследаванняў і станаўленню першага музея. Пры ім з 1883 года пачаў выходзіць часопіс "Магілёўскія епархіяльныя ведамасці", ў 1882-84 гг. пад яго рэдакцыяй быў выдадзены “Опыт описания Могилевской губернии…“ ў трох тамах і г.д.

Развіццё эканомікі, пэўны рост дабрабыту, паляпшэнне санітарных умоў жыцця і медыцынскага абслугоўвання спрыялі хуткаму найбольш інтэнсіўнаму за ўсю гісторыю Беларусі росту насельніцтва нашага рэгіёну ў канцы XІX- пачатку XX стст. Паскараецца ўрбанізацыя насельніцтва вобласці. У 1897 г. у Магілёве пражывала 43,1 тыс жыхароў, а ў 1913 – 69,7 тыс, у Бабруйску 34,3 тыс і 41,3 адпаведна. У іншых павятовых гарадах у сярэднім жыло 4-10 тыс чалавек. У гарадах будуюцца водаправоды (у Магілёве з 1879). У 1859 г. у Бабруйску, а потым і ў Магілёве пачынае дзейнічаць тэлеграф. У 1912 г. тэлеграфныя лініі ў Магілёўскай губерні мелі працягласць 15 тыс вёрст. У 1904 г. у Магілёве запрацавала тэлефонная станцыя, а ў пачатку першай сусветнай вайны тэлефонныя лініі пракладзены ў самыя аддаленыя валасныя цэнтры Магілёўскага ўезда, а тэлефонная станцыя мелася і ў Бабруйску. У пачатку XX ст. у Магілёве пушчана лінія конкі, з`явіліся аўтамабільныя маршруты таксі, адбыліся першыя дэманстрацыі кінематографа. У 1910 г. у губернскім цэнтры пачала выпрацоўваць электраэнергію гарадская электрастанцыя і з`явілася электрычнае асвятленне.

У гарадах пашыраецца мураванае будаўніцтва. Ужо ў сярэдзіне ХІХ ст. кожны трэці будынак у Магілёве быў каменны, а ў пачатку ХХ ст. амаль ўвесь цэнтр горада забудаваны мураванымі дамамі. У 1886-88 гг. у Магілёве быў на сродкі месцічаў узведзены прыгожы будынак тэатра, які стаў адным з першых мураваных гарадскіх тэатраў не толькі ў Расійскай імперыі, але і ва ўсходняй Еўропе. Пасля страшных пажараў 1901 і 1902 гг., якія знішчылі цэнтр Бабруйска, і гэты горад таксама імкліва ўпрыгожваецца мураванымі будынкамі.

 

Адукацыя

Школьная рэформа 1860 гадоў XIX стагоддзя праходзіла ў Беларусі пад асабліва строгім кантролем царскага ўрада. Звязана гэта было з рэакцыйнай палітыкай царызму ў краі пасля падаўлення паўстання 1863-64 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Прагрэсіўнае для таго часу “Палажэнне аб пачатковых народных вучылішчах”, зацверджанае ў 1864 годзе, на губерні Беларусі не распаўсюджвалася. Для Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў 23 сакавіка 1863 былі зацверджаны “Часовыя правілы для народных школ”.

У 1865 г. спыніла сваю працу пяцікласнае дваранскае вучылішча ў Мсціславе, трохкласнае – у Касцюковічах, Чэрыкаве. Замест іх былі заснаваны двухкласныя павятовыя вучылішчы ў Магілёве, Чавусах, Быхаве, Чэрыкаве, Мсціславе, Клімавічах са зменамі для навучання дзяўчынак. Дваранскае вучылішча Бабруйска, было рэарганізавана ў чатырохкласнай прагімназію, а ў Гомелі на базе трохкласная дваранскага вучылішча адкрываецца мужчынская прагімназія.

На 1 студзеня 1866 у Магілёўскай губерні мелася 33 штатных вучылішча, у тым ліку адно жаночае ў Чэрыкаве і 49 другаразрадных. Было арганізавана харчаванне дзяцей аднолькавае для ўсіх. 1860-90 гады сталі часам нараджэння мноства вясковых школ Магілёўшчыны. Навучанне ў пачатковых вучылішчах магло быць платным ці бясплатным, па меркаванні тых ведамстваў, таварыстваў і асоб, за кошт якіх вучылішча ўтрымліваліся. Збор з дзяржаўных сялян на ўтрыманне вучэльняў у Магілёўскай губерні ў 1868 годзе складаў ¾ капейкі з душы.

Частка павятовых вучылішчаў была ператворана ў 1870 гадах у гарадскія вучылішчы. Яны былі школамі павышанага ўзроўню і давалі найбольш высокі ўзровень пачатковай адукацыі. У Магілёўскай губерні да 1887 было дзевяць павятовых вучылішчаў: Быхаўскае, Клімавіцкае, Магілёўскае, Мсціслаўскае, Аршанскае, Рагачоўскае, Сенненскае, Чэрыкаўскае і Чавускае. Гарадскімі з іх сталі толькі Магілёўскае, Мсціслаўскае, Аршанскае і Рагачоўскае. Магілёўскае гарадское вучылішча было чатырохкласным (класы магі быць разлічаны на два ці тры гады навучання). Пры ім ў 1883 г. былі адкрыты рамесныя класы, дзе вучылі слясарнаму, кавальскаму, шавецкаму і башмачнаму майстэрству. Падобныя класы былі адкрыты і пры Магілёўскім прыходскім вучылішчы ў 1873 г.

У 1885 годзе ў губерні ў ведамстве дырэкцыі народных вучылішч ужо працавалі школы: Магілёў – 72, Магілёўскі павет – 30; Быхаў – 12, Быхаўскі павет – 36; Горкі – 16, Горацкі павет – 35; Клімавічы – 13, Клімавіцкі павет – 48; Мсціслаў – 15, Мсціслаўскі павет – 23; Чавусы – 12, Чавускі павет – 16; Чэрыкаў – 9, Чэрыкаўскі павет – 40. У гэты час на Магілёўшчыне адкрыўся шэраг новых спецыялізаваных навучальных устаноў: Магілёўская цэнтральная школа павітух (1865), Магілёўская цэнтральная фельчарская школа (1875), Горацкае рамеснае вучылішча (1872) – першае на Беларусі прафесійна-тэхнічнае вучылішча, Магілёўскае рэальнае вучылішча (1885), Магілёўскі настаўніцкі інстытут (1913), Аршанская, Рагачоўская, Гомельская жаночая і Мсціслаўская (якая ў 1915 г. была эвакуіравана з Панявежыса) настаўніцкія семінарыі і г. д.

Павялічылася колькасць дзяржаўных і прыватных гімназій. Бабруйская мужчынская гімназія была заснавана ў 1823 г. як трохкласная павятовая вучэльня, у 1865 г. ператворана ў чатырохкласнай прагімназію, а з 1902 па 1920 гады працуе Бабруйская мужчынская васьмікласная гімназія. Мужчынская прыватная гімназія ў Бабруйску адкрыта ў 1900. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія. У 1906 годзе ў Рагачове была адкрыта жаночая сямікласная гімназія, ператвораная з прыватнага жаночага пансіёну, а ў Мсціславе –мужчынская гімназія. У верасні 1908 была адкрыта прагімназія ў Клімавічах. У Быхаве ў 1914 г. адкрываецца мужчынская грамадская гімназія, а з 1915 года і жаночая гімназія. У 1916 годзе пачынаюць працаваць гімназіі ў Глуску і ў м. Свіслач (Асіповіцкі раён).

Са сцен найстарэйшай Магілёўскай мужчынскай гімназіі выйшлі вядомыя навукоўцы, лекары, вайскоўцы: Міхаіл Урончанка – вядомы географ, які адкрыў еўрапейцам Малую Азію; М. С. Кутарга – гісторык, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта; Д. І. Дубяга – астраном, рэктар Казанскага ўніверсітэта; браты Гранат – выдаўцы энцыклапедычнага слоўніка; І. П. Лазарэвіч – буйны вучоны, прафесар Харкаўскага ўніверсітэта; Е. В. Касценіч – афтальмолаг, які зрабіў аперацыю і выратаваў Д. І. Мендзялееву зрок. У гімназіі вучыўся палярны даследчык, матэматык, астраном О. Ю. Шміт – акадэмік, доктар навук, Герой Сацыялістычнай працы.

З агляду Магілёўскай губерні за 1895 бачна, што ў Магілёўскай губерні было 2807 навучальных устаноў, у якіх вучылася 62 746 чалавек, у тым ліку 55 276 хлопчыкаў і 7470 дзяўчынак. У новае ХХ стагоддзе Магілёўшчына ўступала з школай, якая дынамічна развівалася. Але ахоп навучаннем дзяцей школьнага ўзросту ў беларускіх губернях ўсё яшчэ быў невысокі і адставаў ад велікарускіх. Так калі ў сярэднім па губернях еўрапейскай Расіі на мяжы стагоддзяў навучалася 42% дзяцей, то ў чатырох беларускіх вучыўся толькі кожнае трэцяе дзіця. Рэакцыйная палітыка царызму ставіла нацыянальныя раёны ў горшае становішча, у параўнанні з метраполіяй.

Усяго ў Магілёўскай губерні на 1907 год мелася 2049 навучальных устаноў, у якіх навучалася 109 тыс навучэнцаў. Паступова пачала змяншацца непісьменнасць насельніцтва. У Магілёве каля 80% хлопцаў і больш за 60% дзяўчат ва ўзросце ад 10 да 19 гадоў ужо валодала граматай. У 1914 г. было 22 вышэйшых пачатковых вучылішча: 13 мужчынскіх, 9 змешаных і 1 пры Магілёўскім настаўніцкім інстытуце, з чатырохгадовым навучаннем. Вышэйшыя вучылішча працавалі ў Горках, Раманавічах, Прапойску (жаночае), Дрыбіне, Чэрыкаве, Мсціславе і іншых населеных пунктах.

Расея па-ранейшаму значна адставала ад еўрапейскіх краін па ўзроўні пісьменнасці насельніцтва. Ўсеагульны перапіс 1897 паказала, што толькі чвэрць насельніцтва Расеі была пісьменнай. У краінах заходняй Еўропы адукаванасць насельніцтва складала каля 90%. Спрабуючы падняць ўзровень народнай адукацыі, урад Расіі з 1900 па 1914 павялічыла выдаткі на патрэбы Міністэрства народнай асветы ў 4,75 разы. Да 1907 г. з-за палітычных абмежаванняў адсутнічалі земскія школы. З утварэннем земства іх колькасць пачала імкліва расці і ў гады вайны яны становяцца асноўным тыпам навучальных устаноў. Нават ва ўмовах вайны земства ставілі задачу пераходу да ўсеагульнай адукацыі ў Магілёўскай губерні. Меркавалася да 1918 ажыццяўляць агульнадаступнае пачатковае навучанне дзяцей.

Сетка навучальных устаноў Магілёўшчыны ў 1913-16 гг.

Тып установы

Усяго

Усяго навучэнцаў

Настаўнікаў

Сярэднія навучальных устаноў 13 6044 186
Вышэйшыя вучылішчы 22 1478 76
Народныя пачатковыя школы 957 58324 1325
Земскія школы 1336 108,2 тыс. 2159
ЦПШ і школы граматы 1022 Каля 25 тыс. 1200
Яўрэйскія ніжэйшыя школы – хедэры 45 Болш 1000 45

Табліца складзена на падставе дадзеных музея гісторыі адукацыі Магілёўскай вобласці.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: