Войны сярэдзіны ХVІІ стагоддзя

Ва ўмовах вострых супярэчнасцей паўстанне на Украіне казакоў на чале з Багданам Хмяльніцкім стала штуршком да антыфеадальных выступленняў на Беларусі. Казацкія загоны былі тут падтрыманы сялянствам і гарадскімі нізамі. Паўстанцы змагаліся супраць феадальнага прыгнёту і свавольства адміністрацыі, за “паказачванне” сялян і вынішчэнне шляхты – крыніцы зла. У кастрычніку 1648 г. казацкі атрад Крывашапкі заняў Чэрыкаў, адкуль рабіў набегі на шляхецкія маёнткі Мсціслаўскага ваяводства, а загон Паддубскага пры падтрымцы гараджан авалодаў Бабруйскам.

Супраць паўстанцаў выступала шляхецкае апалчэнне на чале з Янушам Радзівілам. У пачатку 1649 г. буйнейшыя цэнтры паўстання былі занятыя ўрадавымі войскамі. Абодва бакі не вызначаліся літасцю да пераможаных. Асабліва лютавалі казакі, якія шляхту і жыдоў высякалі “ў пень”, не шкадуючы ні немаўлят, ні старых. Шляхецкія атрады пасля сваёй перамогі таксама бязлітасна каралі паўстанцаў. Узброеная грамадзянская барацьба працягвалася па 1651 год, калі паўстанне ахапіла раён Мсціслаўля - Прапойска. Яна прывяла да шматлікіх чалавечых ахвяр і завяршылася перамогай шляхты.

Унутраным аслабленнем Рэчы Паспалітай скарысталася Расія, якая пад маркай абароны праваслаўя і беларусаў распачала ў 1654 г. чарговую наступальную вайну. Мужна абаранялі ад расіян свой горад мсціслаўцы, але 22 ліпеня войскі Трубяцкога захапілі замак і ўчынілі “трубяцкую разню”, пад час якой па рускіх дадзеных было вынішчана 15 тыс чалавек. Ужо ў першы год расійскія войскі занялі ўсе левабярэжжа Дняпра: Мсціслаў, Крычаў, Шклоў, Новы Быхаў. Здаўся на ўмовах захавання сваіх прывілеяў і Магілёў.

Поспеху расіян спрыяла ідэалагічная апрацоўка беларускага насельніцтва, шматлікія царскія лісты, у якіх абяцалася захаванне прывілеяў. Частка насельніцтва прыхільна сустрэла рускія войскі. У 1655 годзе рускі гарнізон Магілёва вытрымаў аблогу і штурмы войска Януша Радзівіла. Летам гэтага года расіяне, выкарыстаўшы наступ шведаў ў Рэчы Паспалітай, занялі амаль усю Беларусь. На ўсходзе толькі гарнізон Старога Быхава трымаў шматлікія аблогі да 1659 г. У 1657-58 гадах прыйшла на Беларусь і іншая бяда – эпідэмія, якая выкасіла насельніцтва многіх паветаў. Паступова настрой насельніцтва змяніўся на антымаскоўскі. Марадзёрства, няспраўджаныя чаканні, цяжар вайны выклікалі шляхецка-сялянскі партызанскі рух і антырасійскія паўстанні, у тым ліку і ў Магілёве ў 1661 г.

Шэсць гадоў у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654-67 гг. Магілёў знаходзіўся пад расійскай уладай. На пачатку вайны магілёўцы без супраціву адкрылі свае брамы і ўпусцілі маскоўскае войска. Нягледзячы на абяцанні цара захаваць у непарушнасці магдэбургскае права, нормы гарадскога кіравання, вайсковая адміністрацыя груба ўмешвалася ў гарадскія справы, імкнулася дыктаваць сваю волю магістрату. Маскоўскія стральцы, запарожскія казакі грабілі насельніцтва. Рабаваліся нават праваслаўныя храмы, царкоўную маёмасць якіх вывозілі ў Маскву. Магілёўская праваслаўная брацкая школа была разрабавана цалкам. Вывезлі кнігі, друкарскае абсталяванне, настаўнікаў.

Усё гэта не магло не выклікаць абурэння вольналюбівых магілёўцаў і прывяло да паўстання, якое таемна рыхтаваў магістрат. Магілёўцы толькі чакалі зручнага моманту, каб выгнаць чужынцаў. Пачалося паўстанне 1 лютага 1661 года, калі на рынку маскоўскія стральцы пачалі крыўдзіць і зневажаць магілёўскіх гандлярак. На дапамогу мяшчанам прыйшлі вызваленыя з астрогу ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін двухтысячны маскоўскі гарнізон быў знішчаны амаль дарэшты, ацалела толькі некалькі чалавек.

Пасля Магілёўскага адбыліся паўстанні і ў іншых гарадах усходу Беларусі. Быў пакладзены пачатак вызваленню краіны. За свой учынак многія магілёўцы атрымалі шляхецтва, горад ізноў ураўнавалі ў правах са сталіцай Вільняй. Магілёву быў нададзены і новы герб, які і сёння з´яўляецца гарадскім гербам. Адбылося гэта ў чэрвені 1661 года, калі кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір пацвердзіў права мяшчан выбіраць войта і даў гораду герб: на блакітным полі тры сярэбраныя гарадскія вежы, у сярэдняй, адкрытай, браме – рыцар з узнятым мячом. Над варотамі вісіць шчыт з малюнкам "Пагоні". 3 2005 года гэты герб зацверджаны ў якасці афіцыйнага герба горада Магілёва.

Вайна 1654-67 стала адным з самых трагічных перыядаў нашай гісторыі. Насельніцтва Беларусі скарацілася напалову ў выніку ваенных дзеянняў, недароду, голаду і эпідэмій. Мноства беларусаў было прымусова вывезена ў Расію. Асабліва моцна пацярпелі ўсходнія раёны Беларусі. У Мсціслаўскім павеце насельніцтва зменшылася на 71%, у Аршанскім – на 69%. Да таго ж Рэч Паспалітая ў другой палове XVІІ-XVІІІ стст. перажывала працяглы палітычны крызіс. Шляхецкія саюзы – канфедэрацыі перыядычна ваявалі адна з адной. Найважнейшыя дзяржаўныя рашэнні не прымаліся своечасова.

 

Магілёўшчына пад час Паўночнай вайны

Новае стагоддзе, як часта бывала ў нашай гісторыі, распачалося з разбуральнага ваеннага канфлікту. Не паспела Беларусь загаіць раны ад войнаў XVІІ ст., як пачалася Паўночная вайна. Геаграфічнае становішча “усходняй брамы” ВКЛ на шляху ў Маскву прадвызначыла асаблівае месца горада ў планах Расіі і Швецыі падчас Паўночнай вайны 1700-21 гг. Каб зберагчы горад ад знішчэння, магілёўцам нічога не заставалася, як з пакораю карміць войскі варагуючых бакоў і сустракаць у прамым сэнсе “дарагіх” як чужаземных, так і сваіх рэчапаспалітаўскіх гасцей.

У вайне нашай саюзніцай у барацьбе са Швецыяй была Расія. Частка шляхты на чале з Сапегамі, маючы намер утварыць незалежнае ВКЛ, перайшла на бок шведаў. На ўсходзе Беларусі ля Галоўчына і Быхава Сапегі ўтварылі сялянска-казацкія атрады, якія былі разбіты ў 1702 г. Буйных ваенных дзеянняў да 1708 г. на тэрыторыі Магілёўшчыны не вялося. Але шматлікія пастоі шляхецкіх атрадаў, рускай арміі, сустрэчы Пятра І і яго паплечнікаў вялікім цяжарам ляглі на плечы народа.

Прыкладам, 21 Чэрвеня 1706 года Пётр I прыбыў з Оршы ў Магілёў на байдаку і стаў ва ўрочышчы Грабёж каля рачулкі Дзебра. Гарадскі магістрат, сустракаючы цара, на сярэбраных з пазалотай падносах паднёс яму вялікі каравай і сітны хлеб. Цар распарадзіўся даставіць хлеб на кватэру, а сам адразу накіраваўся да войска. Аб'ехаўшы палкі, Пётр паехаў са сваёй світаю ў горад. Пры ўездзе ў Магілёў цара сустрэў гарматны салют з усіх бастыёнаў. Калі ён праязджаў праз Алейную браму і выязджаў да гарадской ратушы, прагучаў другі залп салюту з гармат каля ратушы. Ад такой урачыстасці Пётр І нават некалькі разгубіўся, прамовіўшы: "Право, изрядно".

Месяца сакавіка 14 дня 1708 года Аляксандр Данілавіч Меншыкаў, маскоўскі князь і першы царскі дарадца з вельмі пышнай кавалькадай і помпай, многімі вайсковымі аксесуарамі і з немалой вайсковай світай уехаў у Магілёўскі замак. Горад, сціснуты адусюль бедамі, мусіў, што толькі было з харчоў, выдаваць і карміць князя і яго войска. Нягледзячы на добразычлівы прыём, Меншыкаў, ужо на балю, які быў зладжаны магістратам у ратушы ў гонар расейцаў, выказаў думку пра тое, што Магілёў варта спаліць. Прычынай яго нянавісці да горада былі ўспаміны аб магілёўскім паўстанні 1661 года, калі месцічы выразалі каля 2000 маскоўскіх стральцоў. Яму запярэчыў іншы расійскі палкаводзец Барыс Шарамецеў, які указаў на добры прыём гараджан. Паводле народных паданняў, толькі заступніцтва іконы Маці Божай уратавала тады Магілёў.

Шведскі кароль Карл ХІІ у чэрвені 1708 года ён пачаў наступ на Маскву. Каля мястэчка Галоўчын 3 ліпеня адбылася апошняя ў гісторыі Швецыі вялікая бітва, у якой шведы атрымалі бліскучую перамогу. Расійскае войска было разбіта і ў паніцы адступіла. Праз чатыры дні шведы занялі Магілёў. Карл ХІІ урачыста ўехаў у горад праз Віленскую браму 7 ліпеня. Сябры магістрата паднеслі каралю хлеб і соль, а таксама ўручылі ключы ад горада. На наступны дзень магістрат, адпаведна шведскім крыніцам, арганізаваў баль у яго гонар. Шведы размясціліся на правым беразе Дняпра на вышынях Буйніцкага поля. Па прычыне правядзення расейцамі тактыкі “оголожения” мясцовасці наступаўшыя на Магілёў шведскія войскі сустракалі выпаленыя вёскі і татальную пустэчу. Не дзіва, што ў адпаведнасці з шведскай вайсковай традыцыяй, на горад былі ўскладзены вялікія грашовая і харчовая кантрыбуцыі для шведскага войска. Карл ХІІ растлумачыў магістрату неабходнасць кантрыбуцыі: “Паколькі давалі вы правіянт маскалям, трэба, каб далі і мне…“

Пасля пяцітыднёвага магілёўскага адпачынку, абабраўшы горад і адкарміўшы сваю згаладалую армію, Карл XІІ рушыў ў накірунку Мсціслава. Пастой шведаў, паводле падлікаў магілёўскага храніста і сябра магістрата Трафіма Сурты, абышоўся гораду ў 100 000 талераў.Выходзячы з места, шведы пабралі з горада шмат правіянту. Забралі яны ў няволю і чальцоў гарадскога магістрата, якіх толькі за выкуп удалося вярнуць у Магілёў.

Адступаючы, рускія знішчалі запасы фуражу і харчавання, спалілі шэраг гарадоў, у тым ліку Дрыбін і Мсціслаў. Спалілі войскі Пятра І і Магілёў. Гэтыя падзеі магілёўскі летапісец з болем апісваў так:

“У год 1708 месяца верасня 8-га дня... горад Магілёў, дарма што быў зрабаваны шведам, але, застаючыся забудаваным дамамі, крамамі, на Божае свята абярнуўся за адзін дзень праз агонь у попел і тло, бо паводле указа цара Пятра Аляксеевіча масква, калмыкі, татары... роўна з усходам сонца акружылі горад з усіх бакоў. Пазачынялі брамы, па трывозе ўдарылі ў барабаны, а калі заўважылі – замак ужо гарыць. Адчынілі брамы, прасілі літасці, але дарэмна, толькі далі гадзіну вольнага часу і прыставілі варту, пакуль пазносілі з ратушы ў склеп гарадскія кнігі. Тут калмыкі крамы разбіваюць, рабуюць, з другога канца паляць, заўважым між іншым, людзей з адзення абіраюць, грошы мацаюць, цэрквы адбіваюць, рабуюць... У гэты час набожны і акамянелы люд мусіў выплакаць апошнія слёзы, бачачы, як багата аздобныя Божыя святыні гараць, арнаментаваныя крыжы, Божыя цэрквы патроху, заняўшыся агнём, валяцца на зямлю, царкоўныя купалы. адрамантаваныя з немалымі выдаткамі, гараць, а бляхі ад агнёвага шалу лётаюць па паветры, як птушкі, званы самі звоняць, гаспадарскія дамы без аніякага паратунку ў тло абарочваюцца...”

Вайна працягвалася. Лёсавызначальнай стала бітва каля вёскі Лясная ля Прапойска 28 верасня 1708 г. Тут войска Пятра І разбіла шведскі корпус Левенгаўпта. У той час шведская армія лічылася лепшай у Еўропе. Бітва пры Лясной стала першай значнай перамогай рускіх, якая ўзняла іх маральны дух. Да 200-годдзя бітвы на поле бою ўзведзена капліца і помнік з надпісам: “В память сражения при Лесной – матери Полтавской победы”. Пасля разгрому ў 1709 г. пад Палтавай шведаў буйных ваенных дзеянняў на тэрыторыі ўсходняй Беларусі не вялося.

Для Беларусі вынікі чарговай вайны былі зноў трагічнымі. Загінула трэцяя частка яе жыхароў. Зноўку асабліва моцна пацярпела Мсціслаўшчына. У магілёўскай дзяржаўнай эканоміі пустымі былі звыш за 1500 валок, што складала каля 25% апрацаванага ворыва.

 

Павольнае аднаўленне XVІІІ стагоддзя

Пасля Паўночнай вайны полымя вялікіх войнаў амаль стагоддзе абмінала наш край. Адносна мірны перыяд спрыяў аднаўленню і развіццю эканомікі, росту насельніцтва. Толькі шляхецкія разборкі ды інтэрвенцыі рускіх войскаў, якія ўводзіліся для адстойвання інтарэсаў Расіі, перыядычна парушалі спакой.

Феадальныя зямельныя ўласнікі ў першай палове стагоддзя, як і пасля вайны 1654-67 гг., з мэтай адраджэння разбуранай у гады Паўночнай вайны гаспадаркі, праводзілі палітыку ільгот. Яны часцяком пераводзілі сялянства з паншчыны на чынш, дазвалялі апрацоўваць пустыя землі на ільготных умовах, вызвалялі сялян ад пэўных павіннасцяў праз увядзенне слабод на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. Гэта спрыяла адраджэнню сельскагаспадарчай вытворчасці. Але пасля яе аднаўлення феадалы зноў павялічвалі эксплуатацыю сялянства. Буйнейшым на Беларусі ў XVІІІ ст. антыфеадальным выступленнем сялянства стала Крычаўскае паўстанне 1743-44 гг. пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы.

Марудна адбудоўваліся гарады Магілёўшчыны і аднаўлялася гарадская гаспадарка. Прычынай заняпаду “праваслаўнай сталіцы Рэчы Паспалітай” было не толькі спаленне горада ў 1708 годзе, але і фактычная забарона Пятром І замежнага гандлю з Заходняй Еўропай праз усе парты і гарады за выключэннем С.-Пецярбурга. Каб квітнела заснаваная ім новая сталіца Расіі, імператар ахвяраваў дабрабытам іншых расійскіх гарадоў і іх замежных партнёраў. Роля пасрэдніцкага гандлю з Расіяй пасля пераносу яе сталіцы з Масквы ў С. Пецярбург ужо не мела таго значэння, што раней. Крызіс перажываў не толькі Магілёў, іншыя гарады ўсходняй Беларусі, але і, напрыклад, расійскі Архангельск. У выніку Магілёў назаўсёды страціў значэнне буйнейшага гандлёвага цэнтра Усходняй Еўропы, канкурэнта Данцыгу, Рыгі, Вільні і Масквы. Гарады ўсходняй Беларусі вельмі марудна пераадольвалі заняпад, выкліканы папярэднімі войнамі. Тым не менш, паступова адраджалася рамяство. У краіне з’яўляюцца першыя мануфактуры.

Войны сярэдзіны XVІІ – пачатку XVІІІ стст. перш-наперш вынішчалі гарадское насельніцтва Беларусі. Гэта стала мацнейшым ударам па старабеларускай культуры. Аслабленне палітычнай і культурнай праваслаўнай эліты, антымаскоўскія настроі спрыялі пераходу праваслаўных ва ўніяцтва і каталіцтва. Вясковае насельніцтва Магілёўшчыны ў XVІІІ ст. стала пераважна ўніяцкім, а вось жыхары Магілёва даволі трывала трымаліся праваслаўя. Нездарма Магілёў быў цэнтрам, адзіным на гэты час, на Беларусі, праваслаўнай епархіі.

Палітычнае жыццё Магілёва і ў другой палове стагоддзя не было надта спакойным. Барацьба гараджан супраць падатковага і павіннаснага ўціску, беззаконняў і самавольства магістрата пры размеркаванні і зборы падаткаў, злоўжыванняў уладаў час ад часу выяўлялася ў канфліктах. У 1742 і 1744 гадах гараджане Магілёва не заплацілі належнай сумы грашовага збору, адмовіліся яго ўносіць, а таксама падпарадкоўвацца гарадской радзе. Магістрат прыняў меры ў адносінах да арганізатараў супраціўлення. Многія рамеснікі былі прыцягнуты да суда, а шэсць чалавек зняволены ў турму. Унутры цэхаў назіралася супрацьстаянне майстроў і цэхавых старшыняў з аднаго боку і чаляднікаў і вучняў – з другога. Апошнія накіроўвалі скаргі ў магістрат, арганізоўвалі адкрытыя выступленні.

У XVІІІ ст. назіраецца далейшае паглыбленне палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай. Палітычная анархія, шляхецкае свавольства ў Рэчы Паспалітай таксама прыводзілі да здарэнняў, якія нават адлюстроўваліся ў гарадской хроніцы: “У гэтым жа годзе (1745) быў у горадзе войтам Базыль Аляксандравіч Бацвінка, не так улады, як амбіцыі поўны... А калі памерла яго жонка, невядома з якой прычыны, ці з п’янства, ці з роспачы, альбо з глупства і памяшання ў галаве, стаў ён хадзіць у ратушу пры шаблі і з паляўнічым нажом. Кожнага, на каго толькі трапляў, зневажаў, кожнага біў, і мусілі людзі ад яго ўцякаць, бо парываўся да шаблі. У час сесіі, калі ў ратушы таксама ўсіх зневажаў, шаблю і палку ў яго забралі. Потым ноччу напаў на замак, там яго і закавалі. Назаўтра прывезлі яго ў карэце да сабору, каб быў пакараны епіскапам. Але прасядзеўшы там некалькі дзён акаваным, быў адпушчаны дадому. Потым на генеральнай сесіі яго з войтаўства знялі.”

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: