Пачатак русіфікацыі краю

Расійская ўлада праводзіла на Беларусі вялікадзяржаўную нацыянальную палітыку. Была ўведзена мяжа яўрэйскай аселасці. Яўрэяў прымусова сялілі ў гарады. У выніку гэтага да канца XІX ст. яны ўжо складалі палову, а ў такіх гарадах, як Быхаў, так і большую палову насельніцтва гарадоў Магілёўшчыны. Беларусаў за асобны народ улады ўвогуле не лічылі. Пасля антырасійскага паўстання 1830-31 гг. рэзка ўзмацнілася палітыка русіфікацыі краю. У 1839 г. было ліквідавана ўніяцтва.

Чарговае нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863-64 гг. у Польшчы, Літве і на Беларусі ахапіла і Магілёўшчыну. У красавіку 1863 года каля Магілёва дзейнічаў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад. А атрад Звяждоўскага здолеў з дапамогай студэнтаў захапіць павятовы цэнтр Горкі. Паўстанцы выступалі з лозунгам “За нашу і вашу свабоду”, жадаючы волі ад самадзяржаўя і рускаму народу. У Літве, Беларусі і правабярэжнай Украіне быў усталяваны жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым. Увесь край быў абвешчаны на ваенным становішчы.

У самім Магілёве, які меў вялікі гарнізон, да выступлення справа не дайшла. Тым не менш, следчая камісія высвятляла, чаму так шмат магілёўскіх гімназістаў і чыноўнікаў знаходзіліся ў самавольных адлучках у перыяд паўстання. Пасля разгрому паўстанцаў непадалёк ад ратушы ў астрозе каля Дняпра ўлады трымалі зняволеных. У горадзе былі расстраляны чатыры афіцэры, у тым ліку і браты Манцэвічы, якія змагаліся на баку паўстанцаў. Падтрымліваў паўстанне старшыня палаты крымінальнага суда ў Магілёве, прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду Ігнацій Валовіч, які быў высланы ў далёкую Енісейскую губерню ў чэрвені 1864 года.

Паўстанні сталі прыкладам для барацьбы адраджэнцаў XX ст., але паражэнне паўстання выклікала новую хвалю русіфікацыі. З прыходам на пасады генерал-губернатара М. Мураўёва пачынаецца новая кампанія ўзмацнення палітыкі “русіфікацыі адукацыі” і “адраджэння рускай справы”. Горы-Горацкі земляробчы інстытут у 1864 годзе быў пераведзены ў С.-Пецярбург. Баючыся распаўсюджвання рэвалюцыйнай заразы ў краі, які менш, чым за стагоддзе тройчы ўздымаўся на паўстанні супраць расійскага панавання, царскі ўрад так і не рашыўся адкрыць вышэйшую навучальную ўстанову ні ў Магілёўскай губерні, ні ў Беларусі. Былі ліквідаваны дваранскія вучылішчы, у якіх займаліся пераважна дзеці шляхты. Адкрываліся толькі рускія школы, а заснаванне беларускіх школ забаранялася.

Меры, прынятыя ў 1860 гадах расійскімі і мясцовымі ўладамі супраць панавання ў гімназіях Беларусі “польскага элемента”, шмат у чым дублявалі палітыку 1830 гадоў, толькі праводзіліся больш настойліва. Усе выкладанне павінна было весціся выключна на расейскай мове. Настаўнікі-каталікі ў 1864 годзе былі звольненыя, а на іх месца прызначаліся настаўнікі праваслаўнага веравызнання, якіх імкнуліся падбіраць з “унутраных губерняў”. З мэтай прыцягнення чыноўнікаў, духавенства і настаўнікаў з цэнтральнай Расіі для іх былі ўсталяваныя розныя льготы, у тым ліку 50% грашовыя надбаўкі да акладаў. Нават мясцовыя праваслаўныя кандыдаты ў настаўнікі праходзілі дбайную праверку на добранадзейнасць.

Пры гэтым царскім урадам ігнараваліся нацыянальныя інтарэсы не толькі польскамоўнага насельніцтва, але і беларускага народа. Пытанне аб вывучэнні беларускай мовы або выкладанне прадметаў на беларускай мове ў навучальных установах Беларусі міністэрствам народнай асветы нават не разглядалася, нягледзячы на тое, што беларуская мова была найбольш распаўсюджанай. У 60-х гадах XIX стагоддзя расійскія ўлады пайшлі на некаторыя нязначныя саступкі “беларускай гаворцы” рэкамендаваўшы настаўнікам “пры тлумачэнні незразумелых слоў карыстацца роднай беларускай мовай народа. Але галоўнай мэтай было навязванне рускай мовы. У студзені 1864 па распараджэнні міністэрства адукацыі ў сценах навучальных устаноў забаранялася размаўляць на родных мовах: беларускай, польскай, яўрэйскай і г.д. Дазвалялася гаварыць, нават на перапынках, толькі на рускай. У 1867 г. адмысловым указам было забаронена друкаванне кніжак на беларускай мове. Такая палітыка паслядоўна праводзілася доўгія гады. Толькі ў 1904 годзе былі адменены абмежаванні адносна “мясцовых” моў у дзевяці заходніх губернях Расіі, у тым ліку ў Магілёўскай, але праблемы стварэння беларускамоўнай школы царызм так і не вырашыў.

Для яўрэйскага насельніцтва гарадоў пытанне аб даступнасці сярэдняй адукацыі таксама было даволі складаным. У пачатку XX стагоддзя працягвалі дзейнічаць працэнтныя нормы для паступлення габрэяў у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, уведзеныя ў сярэдзіне 80 гадоў XIX стагоддзя. Габрэяў у гімназіі не маглі прымаць звыш 15% ад агульнай колькасці вучняў.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: