Грамадзянскае і культавае дойлідства

У канцы ХVІІ ст. пасля спусташальнай вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654-67 гг., падчас якой Магілёву больш пашанцавала, чым суседнім беларускім гарадам, яго заможныя жыхары будуюць мураваную двухпавярховую ратушу з высокай васьмікутнай вежай на Гандлёвай плошчы.

Выклікана будаўніцтва было, як пыхлівасцю магілёўцаў, якія ганарыліся багаццем, славаю свайго гораду і хацелі мець матэрыяльнае ўвасабленне велічы свайго гораду, так і практычнай неабходнасцю мець мураваны пажарабяспечны будынак для магістрату. Сыграў сваю ролю прывілей 1661 года караля Яна Казіміра, які за арганізацыю ў тым годзе знакамітага Магілёўскага паўстання надаў многім магілёўцам шляхецтва, горад ураўнавалі ў правах са сталіцай Вільняй, даў новы герб і прывілеі, і каралеўскі загад мяшчанам адбудаваць мураваную ратушу. У Магілёва з’явіўся юрыдычны абавязак будаўніцтва і сродкі для яго здзяйснення. Першы камень у падмурак новай ратушы быў урачыста закладзены ў верасні 1679 года.

У лістападзе 1681 года ратушу асвяцілі святары з Брацкага манастыра. З гэтага часу яна стала функцыянаваць. У 1682 годзе было пачата будаўніцтва ратушнай вежы пад кіраўніцтвам майстра Крузберга з Быхава. Але праз чатыры гады 1 верасня 1686 года каменная вежа, збудаваная на вышыню 40 локцяў вышэй за саму ратушу (каля 26 метраў) абвалілася. З цаглянага развалу і друзу спрытныя магілёўцы збудавалі непадалёку цэйхгауз для гарматаў. Магілёўскі магістрат на гэтым не супакоіўся і ў ліпеню 1692 года зноў распачаў будаўніцтва вежы перад ратушным будынкам. У 1698 годзе будаўніцтва ратушы з васьміграннай вежай завяршылася. Пабудова мела простыя і строгія формы. Вышыня вежы разам са шпілем складала 46 метраў. Яе ўдалае размяшчэнне на верхняй тэрасе Дняпра зрабіла будынак галоўнай гарадской дамінантай у сілуэце Магілёва.

Будаўніцтва каменнай ратушы мела вялікае значэнне для горада. Узвядзенне ратушы і культавых будынкаў канчаткова зрабіла Гандлёвую плошчу галоўным адміністрацыйным і грамадскім цэнтрам Магілёва. Роля замка стала паступова змяншацца. Будынак ратушы сведчыў аб багацці, значнасці горада і заможнасці яго жыхароў. Самымі высокімі магілёўскімі вертыкалямі з гэтага часу сталі васьмігранная ратушная вежа і чатырох’ярусная званіца брацкага манастыра. Сваімі памерамі, месцазнаходжаннем, а таксама стромкай высокай вежай магілёўская ратуша вылучалася сярод іншых беларускіх будынкаў ратуш. Магілёўцы па праву ганарыліся ёй і лічылі найпрыгажэйшай на Беларусі.

Магілёў у канцы XVII ст. быў вельмі заможным горадам, а яго магістрат меў дастаткова грошаў, каб не толькі будаваць ратушу, але і набываць прыгарадныя землі, будаваць там неабходныя гораду гаспадарчыя пабудовы. Так 30 жніўня 1676 года пачалося будаўніцтва гарадскога млына ў Любужы, якое завяршылася летам 1679 года. Млын здавалі ў арэнду, і даваў ён гораду відаць неблагія прыбыткі. Праз 20 гадоў Магілёў пабудаваў у Любужы новы млын.

У адрозненне ад Гродна і Слоніма каталіцкія храмы ў Магілёве не займалі пануючага становішча і іх было няшмат. Значную плошчу ў цэнтральнай частцы (Старым горадзе) займалі ансамблі аднаго з найбуйнейшых на Беларусі Брацкага і Спаскага праваслаўных манастыроў і фарнага касцёла. Самым прыгожым будынкам Магілёва ХVІІ ст. быў Багаяўленскі сабор брацкага манастыра, збудаваны ў 1633-36 гг. Гандлёвая плошча перад ратушай была забудавана аднапавярховымі мураванымі і драўлянымі крамамі. Тут жа знаходзіўся гарадскі арсенал.

За межамі гарадскіх умацаванняў у пойме Дняпра ў ХVІІ ст. узнік Мікалаеўскі манастыр з цэлым комплексам культавых, жылых і гаспадарчых будынкаў. Тэрыторыя манастыра была абнесена мураванай агароджай з уязной брамай. У цэнтральнай частцы манастыра ў 1669-72 гг. была збудавана царква св. Мікалая. Гэта трохапсідная крыжова-купальная базіліка з васьмігранным светлавым барабанам. Галоўны фасад царквы аздоблены ляпным раслінным арнаментам у стылі беларускага барока. Інтэр'еры царквы вылучаюцца фрэскавым роспісам канца ХVІІ ст. і чатырохярусным разным пазалочаным іканастасам.

Магілёўскі кармеліцкі касцёл Успення Маці Божай (Станіслаўскі) быў узведзены ў стылі барока. У гэтым жа стылі ўзводзяцца і касцёл Св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў Ахоўнікаў (Езуіцкі), многія прыватныя камяніцы. Пад патранажам праваслаўнага епіскапа Г. Каніскага будуецца выдатны помнік позняга барока Спаская царква.

У другой палове XVІІ-XVІІІ стст. пашыраецца будаўніцтва мураваных бажніц у гарадах Падняпроўя. Шмат храмаў на Магілёўшчыне пабудавалі манахі езуіцкага і кармеліцкага ордэнаў, у тым ліку ў Бабруйску, Магілёве, Мсціславе. Шматлікія кляштары і манастыры былі цэнтрамі асветы для сваёй акругі. У храмах шырока вялося манументальныя размалёўкі ў стылі барока. Вызначаліся багаццем размалёўкі магілёўская Мікалаеўская царква, кармеліцкія касцёлы ў Бялынічах, Магілёве, Мсціславе. Прапойская царква Раства Багародзіцы ў стылі ранняга класіцызму мела каля 60 сюжэтаў на тэму Старога і Новага запаветаў. Маштабнаму будаўніцтву спрыяла ажыўленне гарадской гаспадаркі з сярэдзіны стагоддзя.

 

Нараджэнне тэатра

З канца XVII стагоддзя на Магілёўшчыну з Захаду прыйшоў новы від мастацтва – школьная драма. Яна напачатку развівалася ў езуіцкіх калегіўмах, як сродак выхавання, а затым стала даволі пераканаўчым сродкам міжканфесійнай барацьбы. У Беларусь яго таксама прынеслі езуіты, якія імкнуліся пашырыць свой уплыў шляхам арганізацыі розных відовішчаў. Каталіцызм паступова губляў манаполію на школьны тэатр. Прадстаўленні пачынаюць арганізоўваць таксама ўніяцкія і праваслаўныя школьныя ўстановы. Ня быў выключэннем у гэтым плане і наш край.

Школьны тэатр у Магілёве ўзнік у канцы XVII стагоддзя. Існаваў ён пры езуіцкай рэзідэнцыі, што пацвярджаецца трыма вядомымі друкаванымі праграмамі, якія адносяцца да 1722-32 гадоў. У канцы XVIII стагоддзя на беларускіх землях менавіта на Магілёўшчыне мелася больш за ўсё тэатраў. Тут дзейнічалі школьныя, прыгонныя, гарадскія і асабістыя тэатры. Прычым школьныя часта пераўзыходзілі па якасці пастановак іншыя тэатры.У Бабруйску, Магілёве, Мсціславе, Шклове існавалі школьныя і прыватныя тэатры. Танцоўшчыкаў рыхтавала балетная школа ў Шклове. Спектаклі ставіліся і ў навучальных установах, і ў прыватных дамах.

Рэпертуар езуіцкага школьнага тэатра складаўся з трагедый, камедый, трагікамедыя, літаратурных драм, інсцэніровак дыспутаў і судовых пасяджэнняў. Межы паміж гэтымі жанрамі былі даволі умоўнымі, рухомымі, таму часта ў адным і тым жа творы злучалася трагічнае і камічнае. Усё дзейства ішло на лацінскай, пазней і польскай мове, а ўстаўкі - на беларускай. Вядома больш за 100 лацінскіх і польскіх драм, пастаўленых у школьных езуіцкіх тэатрах Беларусі.

Цэнтральная фігура інтэрмедый – селянін-беларус, які ўступае ў розныя ўзаемаадносіны з прадстаўнікамі іншых грамадскіх саслоўяў, груп, класаў, прафесій, нацыянальнасцяў. Інтэрмедыі ў асноўным пісаліся на мясцовым матэрыяле, таму таксама мелі павучальны характар. Таленавіта напісаныя інтэрмедыі часцей за ўсё разам з выкладчыкамі пераходзілі ў навучальныя ўстановы іншых гарадоў, станавіліся агульнавядомымі.

 

Далучэнне прыдняпроўскіх зямель да Расіі

Унутраная слабасць Рэчы Паспалітай і агрэсіўная захопніцкая палітыка яе суседзяў прывялі да падзелаў дзяржавы Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. У 1772 г. у выніку першага падзелу землі на ўсход ад Друці і Дняпра перайшлі да Расійскай імперыі. Магілёў стаў цэнтрам Магілёўскай губерні, якая распасціралася ад ваколіц Віцебска да Гомеля, а з 1778 года – цэнтрам магілёўскага намесніцтва. У 1793 г. да Расіі адышла цэнтральная Беларусь, пасля чаго Бабруйскі павет увайшоў у склад Мінскай губерні.

Пасля далучэння да Расійскай імперыі ў гарадах Прыдняпроўя было практычна ліквідавана самакіраванне. Расійскія ўлады неўзабаве распачалі добраўпарадкаванне гарадоў губерні, якое праводзілі ў адпаведнасці з сваімі ўяўленнямі аб ідэальнай планіроўцы ў стылі класіцызм. Рэгулярная перапланіроўка гарадоў закранула многія месцы. Прыкладам, па новаму былі пракладзены вуліцы старажытнага Мсціслава.

У губернскім Магілёве адразу пачалося вялікае будаўніцтва. На гандлёвай плошчы, недалёка ад ратушы, будуюць палац губернатара і будынкі розных устаноў: будынкі губернскай канцылярыі, дом віцэ-губернатара і гасціны двор. У час будаўніцтва новага адміністрацыйнага цэнтра ў канцы ХVІІІ ст. былі выкананы першыя вялікія нівеліроўкі Гандлёвай плошчы. Менавіта тады знеслі многія старыя пабудовы і ўзвялі новыя. Драўляныя крамы часткова знішчаюцца, але функцыя плошчы пакуль застаецца ранейшай. Яна прызначана для продажу "съестных припасов". У 1773 годзе карэннай перабудове ў стылі класіцызму падлягае і ратуша. Перабудова ратушы і пабудова побач шэрагу манументальных будынкаў абапал Гандлёвай плошчы прывялі да ўзнікнення ў Магілёве першага завершанага комплексу адміністрацыйна-грамадскіх будынкаў.

Мясцовая шляхта, якая прысягала на вернасць расійскай імператрыцы, захавала свае маёнткі. Тыя, хто не прысягаў павінны былі пакінуць межы краю. Вялікая частка дзяржаўных і былых магнацкіх зямель на Магілёўшчыне царскім урадам была разам з сялянамі падаравана расійскім дваранам. Фаварытам Кацярыны ІІ графу Пацёмкіну і графу Зорычу дасталіся адпаведна Крычаўскае староства і Шклоў, князю Галіцыну – Прапойскае староства. Кіравала краем руская адміністрацыя.

Магілёў у гэты час заставаўся цэнтрам адной з буйных праваслаўных епархій Расіі і адначасова стаў цэнтрам усіх рыма-каталікоў вялізнай Расійскай імперыі. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч ачольваў найбуйнейшую ў свеце епархію. У склад Магілёўскай мітраполіі ўваходзілі касцёлы ад Бялыніч і Магілёва да Ціхага акіяну, падпарадкоўваліся ўсе католікі да мяжы з Канадай.

У маі 1780 года у Магілёве адбылася сустрэча расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Іосіфа II. Апошні прыбыў у Расійскую імперыю інкогніта пад іменем графа Фалкенштэйна. Расійская імператрыца Кацярына ІІ прыбыла ў Магілёў 24 мая. Губернскія ўлады, чыноўнікі і дваранства наладзілі ўладарцы Расіі раскошную сустрэчу. У Магілёве адбываліся афіцыйныя сустрэчы, у тым ліку перамовы з Іосіфам ІІ, кожны вечар ладзіліся балы, феерверкі, гулянні… У памяць аб падзеі быў закладзены Іосіфаўскі сабор.

Не менш шыкоўнае тэатральнае відовішча, на якім прысутнічаў увесь расійскі двор, з нагоды сустрэчы імператрыцы Кацярыны II і аўстрыйскага імператара Іосіфа II зладзіў 30 мая 1780 г. у Шклове С. Зорыч. На сродкі ўладара Шклова быў заснаваны знакаміты прыватны тэатр, а ў 1778 г. Шклоўскае высакароднае вучылішча – першая навучальная установа, якую можна лічыць свецкай сярэдняй школай. Вучылішча было адкрыта для дзяцей бедных дваран, а ў 1799 г. пераўтворана ў кадэцкі корпус. Пасля шэрагу перасоўванняў яно стала 1-м Маскоўскім кадэцкім корпусам.

Далучэнне беларускіх зямель да Расіі мела як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. Так,скончыліся шляхецкія міжусобіцы, будаўніцтва дарог і расійскія ваенныя заказы ў пэўнай ступені спрыялі развіццю вотчыннай мануфактуры і гандлю. Але Расія была адной з самых адсталых у сацыяльна-эканамічным плане краін Еўропы. Пасля далучэння да яе на Беларусі ўзмацнілася прыгоннае права, большасць магілёўскіх сялян паступова была пераведзена з аброку на паншчыну. За першую палову ХІХ ст. іх эксплуатацыя ўзрасла ў 1,5 разы. Шэраг мястэчак быў ператвораны ў вёскі, а іх мяшчане сталі сялянамі. Фактычна было ліквідавана мясцовае самакіраванне, у тым ліку магдэбургскае права ў гарадах. Шляхта атрымала такія ж саслоўныя правы, як і расійскае дваранства, але яна была пазбаўлена шматлікіх палітычных правоў, у тым ліку права выбару ў сейм-парламент Рэчы Паспалітай. Да таго ж ёй трэба было даказаць сваё шляхецтва. Насельніцтва Беларусі было ўцягнута ў шматлікія войны Расіі. Былі ўведзены рэкруцкія наборы, якіх раней не было ў Рэчы Паспалітай.

 

Магілёўская губерня

З зямель былых Мсціслаўскага, Віцебскага і Мінскага ваяводстваў ВКЛ 8 чэрвеня 1772 г. была ўтворана Магілёўская губерня, у склад якой увайшлі Аршанская, Магілёўская, Мсціслаўская і Рагачоўская правінцыі. У 1777 годзе губерня была падзелена на 12 паветаў: Магілёўскі, Бабінавіцкі, Старабыхаўскі, Капыскі, Клімавіцкі, Мсціслаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Рагачоўскі, Беліцкі, Аршанскі, Сенненскі. Магілёў з'яўляўся цэнтрам Магілёўскай правінцыі і Магілёўскай губерні, з 1778 - Магілёўскага намесніцтва, з 1796 - павета Беларускай губерні.

Герб Магілёўскай губерні, 1778

У 1796 годзе была ўтворана Беларуская губерня з цэнтрам у Віцебску, у якую ўвайшлі землі Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў. У 1802 годзе ў выніку падзелу Беларускай губерні на Магілёўскую і Віцебскую Магілёў зноў стаў губернскім горадам. Абедзве губерні ўваходзілі ў склад Беларускага генерал-губернатарства.

У 1802 Магілёўская губерня адноўленая ў складзе ранейшых 12 паветаў, падзеленых на 39 станаў і 147 валасцей. У 1840 году Бабінавіцкай павет быў скасаваны і далучаны да Аршанскай, у 1852 годзе Беліцкі павет перайменаваны ў Гомельскі павет, Старабыхаўскі – у Быхаўскі. У 1861 году Капыскі павет быў ліквідаваны, а яго тэрыторыя падзелена паміж паветамі Сенненскага, Аршанскім і новаствораным Гарэцкім.

З верасня 1917 Магілёўская губерня ўвайшла ў склад Заходняй вобласці, з сакавіка 1918 яна ўваходзіла ў склад абвешчанай БНР, з студзеня 1919 года – у БССР, з лютага ў РСФСР. 11 ліпеня 1919 года Магілёўская губерня была скасаваная, 9 яе паветаў увайшлі ў новаўтвораную Гомельскую губерню, Мсціслаўскі павет перададзены Смаленскай, а Сенненскі – Віцебскай губерні.

 

Напалеонаўскія войны і Магілёўшчына

Пачатак стагоддзя ў гісторыі Еўропы быў адзначаны буйнейшымі ваеннымі падзеямі Напалеонаўскай эпохі. У іх актыўна ўдзельнічала і Расія, якая была на баку антыфранцузскай кааліцыі. Расійскі ўрад актыўна рыхтаваўся да вайны з Францыяй. На месцы спецыяльна зруйнаванага старажытнага Бабруйска была пабудавана крэпасць. Пад час вайны 1812 г. дапамога гарнізона крэпасці значна паскорыла рух адступаючай арміі Баграціёна.

У 1812 годзе дзве страшныя ваенныя хвалі прайшлі праз Беларусь: адна летам на Маскву, другая восенню – назад у Еўропу. Маршал Даву, нягледзячы на нядоўгі супраціў гарнізоннага батальёна, уступіў са сваім корпусам у Магілёў 8 (20) ліпеня. Пры ўездзе ў горад маршала сустрэў маршалак дваранства П. Кроер. Насупраць ратушы на губернатарскай плошчы прадстаўнікі гарадскіх улад віталі французаў і ўручылі госцю ключы ад горада. Даву выступіў перад гараджанамі з прывітальнай прамовай.

Праз тры дні, 11 (23) ліпеня, каля вёскі Салтанаўка адбылася найбуйнейшая з пачатку кампаніі бітва паміж французскімі войскамі маршала Даву і расійскім корпусам генерала Раеўскага. Гарматная страляніна была добра чутна не толькі на губернатарскай плошчы Магілёва, а нават і за 40 км ад поля бою ў Чавусах. У Магілёве ж чутны былі не толькі гарматныя выбухі, але і стрэлы з ружжаў. Абедзве арміі паказалі добрую вывучку і мужнасць. Раеўскі адступіў (а не атрымаў перамогу, як пісалі раней), але даў магчымасць асноўным сілам арміі Баграціёна пераправіцца цераз Днепр ля Новага і Старога Быхава і злучыцца з арміяй Барклая дэ Толі ў Смаленску. Гэта мела важнае стратэгічнае значэнне для ходу кампаніі.

Пасля адступлення рускіх у другой палове ліпеня амаль уся сучасная Магілёўшчына была занятая французамі. Жадаў таго Напалеон ці не, але яго армія несла з сабой ідэі французскай рэвалюцыі: свабоды, роўнасці, братэрства. Шляхта і гараджане пераважна з радасцю сустрэлі прыход рэвалюцыйнай арміі. Шляхта падтрымала Напалеона, бо звязвала з ім мары аб аднаўленні сваіх вольнасцяў і Рэчы Паспалітай. Многія шляхцічы ўдзельнічалі ў паходзе на Маскву. Касцёл, паводле сведчанняў мемуарыстаў, адразу “стаў на бок непрыяцеля” і маліўся за перамогу французаў. Мноства расійскіх чыноўнікаў і нават праваслаўны архіепіскап Варлаам разам з большасцю свайго кліру таксама прысягнулі на вернасць Напалеону. У многім такая пазіцыя насельніцтва была звязана з чаканнем свабоды, аднаўлення Рэчы Паспалітай і гарадскога самакіравання.

Сяляне напачатку звязвалі з рэвалюцыйнай французскай арміяй надзеі на вызваленне ад прыгону і адмаўляліся выконваць феадальныя павіннасці. Тым не менш, шырокага антыфранцузскага руху на Магілёўшчыне, як лічаць многія сучасныя беларускія і расійскія вучоныя, не было нягледзячы на тое, што французы бязлітасна эксплуатавалі рэсурсы краю. Так, у Магілёўскай губерні не было ніводнага сялянскага партызанскага атрада. У Барысаўскім і Ігуменскім паветах Менскай губерні толькі ў некаторых лясістых раёнах дзейнічалі ўзброеныя сяляне, якія хутчэй нападалі на мясцовых памешчыкаў, чым ваявалі з французамі. Па сутнасці, сяляне вялі барацьбу за выжыванне сваіх сем'яў. Відавочна і тое, што ўзброены сялянскі рух у Беларусі быў значна слабейшы, чым у расійскіх землях. Як лічаць шматлікія расійскія гісторыкі, шырокі народны супраціў французы пачалі сустракаць пасля Смаленска, калі ўступілі ў велікарускія землі. Прычыны слабасці народнага супраціву французам на беларускіх землях у 1812 гаду бачацца ў тым, што беларускі народ пяць стагоддзяў жыл асобным дзяржаўным жыццём ад народаў Расіі. І кароткае знаходжанне ў складзе Расійскай імперыі было вельмі малым часам для таго, каб насельніцтва ўспрымала Расію, як сваю Айчыну. У той жа час у складзе рускай арміі ваявала шмат рэкрутаў з Беларусі. Большасць рэкрутаў былі сялянамі.

Маскоўская кампанія пакінулі вялізныя разбурэнні на нашых землях. Восенню ваенныя дзеянні моцна апалілі паўночную частку губерні. Адступаўшыя французы і наступаўшыя рускія забіралі ў сялян апошняе харчаванне. Голад, тыф касіў не толькі вайскоўцаў, але і тутэйшых жыхароў. І праз чатыры гады пасля вайны ў Магілёўскай губерні было на 1/5 менш насельніцтва чым да яе. Вайна не спраўдзіла надзеі «ні вярхоў, ні нізоў». Рэч Паспалітая не была адроджана. Расія здолела перамагчы наймацнейшага заваёўніка ХІХ ст., але перамога прыпыніла рэформы, адтэрмінавала адмену прыгону і запаволіла развіццё краіны.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: