Перадваенны рост 1908 па 1913 гг

Магчыма, найболей спакойным быў час з 1908 па 1913 гг., калі пасля рэвалюцыі і эканамічнай дэпрэсіі пачаўся перыяд бурнага эканамічнага ўздыму, палепшыўся дабрабыт насельніцтва, крыху пацішэлі класавыя супярэчнасці. Па сваім добраўпарадкаванні і тэхнічным стане Магілёў імкнуўся не адставаць ад іншых губернскіх гарадоў Беларусі і Расіі. У пачатку ХХ стагоддзя горад меў водаправод, тэлеграф, тэлефон, электрычнае асвятленне, чыгунка. Не толькі возчыкі, але і конка развозілі пасажыраў па горадзе. Прыдняпроўскі горад хутка развіваўся. Утвараліся новыя прамысловыя прадпрыемствы, расла колькасць крамаў.

У Магілёве з 1911 года з’явіўся новы від пасажырскіх перавозак. Ад ратушы да вакзала і міма яе на Лупалава сталі курсіраваць таксі. Плата за праезд ад вакзала да ратушы на таксі складала 15 кап., што па кошту прыблізна адпавядала двум фунтам (бохану) белага хлеба, або фунту (409,5 г.) цяляціны. Для параўнання, за паездку на коннай чыгунцы, якая з 1910 г. працавала ў Магілёве, прыйшлося б выкласці 5 кап.

Транспартнае значэнне Дняпра хаця і зменшылася, але рака па-ранейшаму заставалася эканамічнай воссю Магілёўскай губерні. Магілёўскі порт іграў важную ролю як у пасажырскіх, так і ў таварных перавозках. Знаходзіўся ён вышэй моста на правым беразе ракі каля схілу магілёўскіх гор. Ратуша і Спаская царква маляўніча ўзвышаліся над портам. Ужо з 1860 года горад вітаў сваім гудком параход “Русалка”, які хадзіў паміж Магілёвам і Шкловам. Яшчэ больш інтэнсіўна зносіны ажыццяўляліся з партамі, што знаходзіліся ніжэй па Дняпры, у тым ліку з Кіевам. У 1907 г., напрыклад, за навігацыю, якая працягвалася з 30 сакавіка па 26 кастрычніка, па Дняпры ў межах губерні было перавезена 56 406 чалавек і 229 457 пудоў грузу. Рэйсы здзяйснялі 11 грузапасажырскіх параходаў.

З параходным рухам звязана і знаходжанне на працягу трох дзён 1910 года ў Магілёве рáкі з святымі мошчамі Прападобнай князёўны Еўфрасінні. З Кіеўскіх пячор яна перавозілася на параходзе па Дняпры да Оршы, затым вернікі неслі святыню на руках да Віцебска, а потым у Полацк. А трэцяй гадзіне 30 красавіка да прыстані наблізіўся казённы параход “Галавачоў” са святымі мошчамі. Яго сустрэлі спевы хору. Пад гукі званоў і ваеннага аркестра рáка са святымі мошчамі была знесена на магілёўскую зямлю. На спецыяльных насілках яе ўрачыста панеслі да Іосіфскага сабора. Паводле падлікаў сучаснікаў, у Магілёве за тры дні ўрачыстасцей пабывала больш за 75 000 багамольцаў.

З 1908 па 1913 гг. прамысловасць рэгіёна перажывала перыяд бурнага росту вытворчасці. Утвараюцца новыя фабрыкі і заводы. Так, у 1913 г. пачаў даваць прадукцыю чыгуна-медналіцейны завод у Магілёве, які сёння вядомы як знакамітае вытворчае аб’яднанне “Строммашына”, у 1915 г. – Магілёўская панчошная фабрыка. Павялічваецца колькасць акцыянерных прадпрыемстваў, сярод якіх была і Шклоўская папяровая фабрыка. Пачаўся павольны рост рэальнай зарплаты, якая павялічылася ў 1913 г. на 1/10-ю (з улікам ростам цэн) ў параўнанні з 1900. Сярэднегадавыя заробкі па губерні выраслі ад 139 да 198 руб. Станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы былі прыпынены пачаткам Першай сусветнай вайны.

У 1913 годзе ў Магілёве адбылося пампезнае і вялікае паводле маштабаў святкаванне 300-годдзя дынастыі Раманавых. Урачыстыя шэсці, дэманстрацыя сілы падчас ваеннага парада, малебны і натоўпы верных манархістаў на Губернатарскай плошчы, здавалася, адназначна сведчылі аб непахіснасці і шчаслівым лёсе манархіі і ў наступныя тры стагоддзі. Мала хто мог уявіць, што адна з самых моцных у свеце манархій праіснуе менш, чым чатыры гады.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: