Першая сусветная вайна

Летам 1914 г. у Еўропе пачалася імперыялістычная вайна паміж аўстра-германскім і англа-франка-расійскім (Антанта) ваенна-палітычнымі блокамі. У навуковай літаратуры яна атрымала назву Першай сусветнай вайны. Беларускія губерні ўжо ў яе першыя дні былі абвешчаны на ваенным становішчы. Пад сцягам абароны Айчыны на Магілёўшчыне. як і ў іншых рэгіёнах Расіі, у ліпені – жніўні 1914 г. пракацілася хваля “патрыятычных” сходаў, малебнаў і маніфестацый. Да ахвяр і грамадскай згоды ў імя перамогі заклікалі мясцовыя газеты. У сувязі з абвяшчэннем ваеннага становішча забараняліся забастоўкі, дэманстрацыі. якія маглі пагражаць “грамадскаму спакою”, уводзілася ваенная цэнзура.

У ліпеню пачаліся першыя мабілізацыі. Усяго за гады вайны ў дзеючаю армію было прызвана ля паловы ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі. Каля трэці ўсіх сялянскіх гаспадарак засталіся пад апекай жанчын. Гэта, а таксама бясконцыя рэквізіцыі коней, буйнай рагатай жывёлы, зерня. фуражу, прымусовыя работы, у тым ліку ахова чыгунак, падвоз грузаў. будаўніцтва на патрэбы расійскай арміі падрывалі ўстойлівасць сялянскіх гаспадарак. У выніку праз два гады ваенных дзеянняў амаль на трэць скараціліся зборы жыта, удзельная вага бескароўных гаспадарак у губерні ўзрасла ў 8,2 разы.

Летам 1915 г. у сувязі з ваеннымі паразамі расіян Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміі была пераведзена ў “тылавы Магілёў”, які меў добрыя транспартныя сувязі, быў роўнааддалены ад франтоў і сталіц. Яна знаходзілася ў горадзе з 8 (21) жніўня 1915 г. і па 25 лютага 1918 г. Стаўка з’яўлялася вышэйшым органам упраўлення дзеючай арміяй. Пры ёй знаходзіліся місіі краін Антанты – хаўруснікаў Расіі. Тут абмяркоўваліся стратэгічныя задумы, планаваліся і распрацоўваліся ваенныя аперацыі, узгадняліся дыпламатычныя і ваенныя дзеянні саюзных дзяржаў. Так Магілёў апынуўся ў цэнтры гістарычных падзей еўрапейскага і сусветнага значэння. У Магілёве не раз праходзілі пасяджэнні Дзяржаўнага савета Расіі. Лёс свету вырашаўся не толькі ў Парыжы, Лондане ці Берліне, але і ў Магілёве. Горад апынуўся ў цэнтры ўвагі інфармацыйных агенцтваў усяго свету.

Сама стаўка размясцілася каля ратушы ў будынках Губернатарскай плошчы. У доме губернскага праўлення знаходзілася ўпраўленне генерал-кватэрмайстра па аператыўных пытаннях, пражывалі начальнік Генеральнага штаба генерал М. Аляксееў і вышэйшыя афіцэры штаба. Тут жа быў і рабочы кабінет цара. У будынку цяперашняга краязнаўчага музея размяшчаліся ўпраўленне дзяжурнага генерала, начальнік ваенных шляхоў зносін, ваенна-марское ўпраўленне і камендант галоўнай кватэры, якому падпарадкоўваліся ўсе вайскоўцы ў раёне Стаўкі і ўстановы сувязі. Імператар з наследнікам жылі ў доме губернатара.

У жніўні 1915 г. ва ўмовах ваенных паражэнняў імператар Расіі Мікалай ІІ ўступіў у Вярхоўнае камандаванне арміяй. Начальнікам штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага быў генерал Аляксееў – таленавіты рускі палкаводзец, які фактычна і кіраваў арміяй. Гасудар жа прыкрываў яго дзеянні сваім аўтарытэтам і браў на сябе адказнасць. Імператар і яго наследнік Аляксей падоўгу жылі ў доме Магілёўскага губернатара.. Цар любіў здзяйсняць з сынам прагулкі на аўто або яхце каля Магілёва. Яму вельмі падабаўся сасновы лес каля вёскі Салтанаўка. Ён неаднаразова наведваў Палыкавіцкую крыніцу. Неаднаразова прыязджалі ў Магілёў і іншыя прадстаўнікі “Дома Раманавых”, у тым ліку Гасударыня і княжны. Дочкам цара вельмі падабаліся гэтыя паездкі, якія ўносілі перамену ў іх аднастайнае жыццё, і сам Магілёў. Яны размаўлялі з бежанцамі, сем’ямі чыгуначнікаў, удзельнічалі ў культурных мерапрыемствах. У Магілёве яны жылі ў цягніку, бо жанчын, у адпаведнасці з традыцыяй, у Стаўку не дапускалі.

Рэвалюцыя 1917 года

1917 год стаў пераломным як у жыцці Расіі, Магілёўшчыны, так і лёсе дынастыі Раманавых. У Петраградзе пачалася рэвалюцыя. Яе галоўнай прычынай стала вайна, цяжар якой абвастрыў і ўсе іншыя супярэчнасці і праблемы, якія Расія так і не змагла або не паспела вырашыць ні пад час рэвалюцыі 1905 года, ні ў ходзе сталыпінскіх рэформ. 28 лютага (13 сакавіка) царскі цягнік пакінуў Магілёў і накіраваўся ў Петраград. Але шлях у сталіцу ўжо быў перакрыты. Рэвалюцыя перамагла, і 2 (15) сакавіка Мікалай І адрокся ад прастола. Сам ён вярнуўся ў стаўку і заставаўся ў Магілёве да свайго арышту і ад’езду ў сталіцу 8 (21) сакавіка.

У выніку лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. самадзяржаўе было скінута і да ўлады ў Расіі прыйшоў буржуазны Часовы ўрад. Расія стала адной з самых дэмакратычных краін свету. Усюды адбываліся стыхійныя мітынгі, партыі выходзілі з падполля, палітычных зняволеных вызвалілі з турам. Ў Магілёве 3 сакавіка адбылася масавая дэманстрацыя салдат з чырвонымі сцягамі, а 22 сакавіка быў утвораны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі эсэры і меншавікі.

На працягу сакавіка - красавіка ўтвараюцца мясцовыя Саветы салдацкіх, рабочых, батрацкіх і сялянскіх дэпутатаў. У межах Магілёўскай і Мінскай губерняў былі створаны асобныя Саветы сялянскіх дэпутатаў і Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У абодвух губернях Часовы ўрад зацвердзіў губернскіх, а ў паветах павятовых камісараў. У канцы сакавіка ў будынку ратушы быў утвораны Магілёўскі гарадскі савет. У прэзідыум Выканаўчага камітэта Савета ўваходзілі 6 чалавек – па тры ад рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Савет размясціўся ў адным будынку з Гарадской управай у памяшканні былой ратушы. Саветы на Беларусі ў большасці прызналі Часовы ўрад і яго мясцовыя органы, і ў адрозненне ад Петраграда двоеўладдзя тут не існавала.

Па ініцыятыве М. Кахановіча ў апошні дзень сакавіка ў кватэры прысяжнага паверанага І. Рэута адбыўся арганізацыйны сход гуртка магілёўскіх патрыётаў - беларусаў. Удзельнікі сходу вырашылі прыняць удзел у з’ездзе беларускіх арганізацый і партый. Для пашырэння свайго ўплыву магілёўскія патрыёты 15 красавіка 1917 г. стварылі ў горадзе Беларускі нацыянальны камітэт – беларускую грамадска-палітычную і культурна-асветніцкую арганізацыю, што дзейнічала ў нашым горадзе ў 1917-18 гг.

Па сваіх рухаючых сілах лютаўская рэвалюцыя была агульнанароднай. У ёй удзельнічалі чыноўнікі і буржуазія, рабочыя і сяляне, інтэлігенцыя і салдаты. Усе гэтыя сацыяльныя пласты цяпер былі ахоплены самымі разнастайнымі самадзейнымі арганізацыямі: дзейнічалі Саветы і прафсаюзы, салдацкія і фабрычна-завадскія камітэты, саюзы і партыі. Лёгкасць перамогі парадзіла надзеі на хуткасць змен да лепшага ў жыцці. Але новая ўлада не мела вопыту кіравання, праяўляла слабасць і ваганні. Праблемы, якія стаялі перад краінай, па-ранейшаму не вырашаліся. Крызіс нарастаў.

Летам пачалося размежаванне палітычных сіл. На Магілёўшчыне дзейнічалі губернскія арганізацыі агульнарасійскіх партый: анархістаў, бальшавікоў, кадэтаў, меншавікоў, народных сацыялістаў, эсэраў ды інш. Існаваў шэраг яўрэйскіх арганізацый і партый, адрадзілася Беларуская сацыялістычная грамада, якая стала агульнабеларускай партыяй і выступала за аўтаномію краю. Найбольш уплывовымі палітычнымі сіламі на ўсходзе Беларусі былі эсэры ў вёсцы, меншавікі і яўрэйскія арганізацыі ў гарадах.

У Магілёве па-ранейшаму размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміі. У гэты час у яе ўваходзілі 15 упраўленняў, 3 канцылярыі, 2 камітэты. Усяго ў іх працавалі больш за 2 тыс генералаў, афіцэраў, чыноўнікаў і салдат. З фронту на нарады прыязджалі і іншыя вайскоўцы і палітыкі. Гэта спрыяла таму, што ў горадзе жылі і працавалі пэўны час, або наведвалі з візітамі такія вядомыя асобы, як кіраўнік Часовага ўрада эсэр А. Керанскі, эсэр-тэрарыст Б. Савінкаў і іншыя вядомыя палітыкі таго часу. Генералы А. Брусілаў, Л. Карнілаў, А. Дзянікін не раз прагульваліся па гораду.

У жніўні 1917 г. наш край зноў апынуўся ў эпіцэнтры падзей агульнарасійскага значэння. Магілёў стаў цэнтрам “карнілаўшчыны” — няўдалай спробы галоўнакамандуючага расійскай арміяй генерала Л. Г. Карнілава з дапамогай адданых яму вайсковых часцей адхіліць ўрад А.Ф. Керанскага ад улады. Рэвалюцыйныя сацыялістычныя партыі ўсталі на абарону рэвалюцыі, узнялі народныя масы на барацьбу з мяцежнікамі. Антыкарнілаўскія камітэты былі створаны ў Бабруйску, Гомелі, Магілёве, Оршы, Рагачове. У выніку энергічнай дзейнасці ўрада і паспяховай агітацыі ліквідацыя мяцяжу адбылася бяскроўна. Салдаты батальёна георгіеўскіх кавалераў ды іншых вайсковых частак Магілёўскага гарнізона адмовіліся падпарадкоўвацца сваім камандзірам. Карнілаў і яго бліжэйшыя паплечнікі былі арыштаваны і змешчаны ў Быхаўскую турму, адкуль уцяклі ў лістападзе 1917 г.

Сацыялістычныя партыі не змаглі скарыстаць перамогу над мяцежнікамі. Працягвалася вайна з Германіяй. Шматлікія ахвяры і эканамічныя цяжкасці рабілі яе ўсё больш непапулярнай у народзе. Крызіс паглыбляўся, аўтарытэт сацыялістычных партый змяншаўся. На іх фоне ўзмацніўся ўплыў беларускіх нацыянальных арганізацый і асабліва моцна ў сталіцах і на франтах павялічваецца колькасць бальшавікоў, якія прапанавалі народу простыя рашэнні самых складаных праблем. Ленін і яго партыя адкрыта рыхтавалі ўзброенае паўстанне, якое пачалося ў ноч на 25 кастрычніка (7 лістапада) у Петраградзе.

Весткі аб звяржэнні Часовага ўрада, змесце дэкрэтаў аб міры і зямлі спрыялі хуткаму ўсталяванню Савецкай улады ў большасці гарадоў Беларусі. А вось Магілёў стаў адным з цэнтраў антыбальшавіцкага руху. Ад пазіцыі Стаўкі, ад здольнасці бальшавікоў нейтралізаваць яе дзеянні залежаў лёс кастрычніцкага перавароту. Антыбальшавіцкія сілы, што групаваліся вакол Стаўкі, намагаліся пераўтварыць Магілёў у цэнтр барацьбы супраць Савецкай улады. Прадстаўнікі дэмакратычных партый спрабавалі стварыць тут агульнарасійскі ўрад на чале з эсэрам Чарновым. Іх падтрымлівалі Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Выканкам губернскага Савета сялянскіх дэпутатаў. Выконваючы абавязкі галоўкаверха, генерал М. Духонін адмовіўся пачаць перамовы з Германіяй аб перамір’іі звярнуўся да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў.

У адказ Савецкі ўрад змясціў з пасады Духоніна і прызначыў Вярхоўным галоўнакамандуючым бальшавіка прапаршчыка М. Крыленка. Бальшавікі аказаліся больш рашучымі і энергічнымі. У ноч на 20 лістапада (3 снежня) пад націскам рэвалюцыйных салдат Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнаў Савецкую ўладу. Былы галаўком М. Духонін на чыгуначным вакзале быў па-зверску забіты азвярэлымі ад улады рэвалюцыйнымі салдатамі. Стаўка была занята атрадам рэвалюцыйных войск на чале з новым галаўкомам і рэарганізавана. Начальнікам генштаба Галоўкаверха стаў генерал М. Бонч-Бруевіч. Ліквідацыя Стаўкі, як антыбальшавіцкага цэнтра, спрыяла ўсталяванню Савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Расіі.

Некаторыя аддзелы Магілёўскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, які быў створаны для арганізацыі ўзброенай барацьбы з антыбальшавіцкімі сіламі і інтэрвентамі, знаходзіліся ў памяшканні ратушы. У Магілёве пачаліся першыя сацыялістычныя пераўтварэнні: уводзіўся працоўны кантроль над вытворчасцю, 8-гадзінны працоўны дзень, пачалася нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў, транспарту і банкаў.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: