Грамадска-палітычнае жыццё, адукацыя і культура

Усе сферы грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця вобласці знаходзіліся пад жорсткім кантролем камуністычнай партыі. Грамадскія арганізацыі, камсамол, прафсаюзы былі пазбаўлены самастойнасці. Іншадумства праследавалася і выкаранялася. Толькі ў першыя гады “хрушчоўскай адлігі” пасля ХХ з’езду КПСС і развянчання “культу асобы Сталіна” (як тады называлі перыяд яго дыктатуры) некалькі актывізаваліся творчыя і прафесіянальныя саюзы, арганізоўваліся грамадскія арганізацыі на прадпрыемствах. На Магілёўшчыну з лагераў вярнуліся незаконна рэпрэсаваныя грамадзяне. Але курс на разгорнутае будаўніцтва камунізму зноў узмацніў ролю партыйных органаў. А доўгія гады кіравання СССР Л. Брэжневым канчаткова фармалізавалі дзейнасць афіцыйных і самадзейных арганізацый. Большасць насельніцтва ў той ці іншай ступені знаходзілася пад уплывам камуністычнай ідэалогіі.

Вайна нанесла велізарны ўрон народнай адукацыі вобласці. Былі цалкам знішчаны будынкі 1102 школ, 16 дзіцячых дамоў, 45 дзіцячых садоў, 16 раённых і 318 сельскіх бібліятэк, 278 хат-чытальняў. Тым не менш, у лістападзе 1943 года ў вызваленых раёнах вобласці ўжо працавалі 524 школы, у іх навучалася 44 тыс навучэнцаў, былі адкрыты 18 дзіцячых дамоў, а таксама школа для глухіх дзяцей. Калі пачатковыя школы па вобласці былі адноўлены даволі хутка, то ў 1947 годзе ў г. Магілёве сярэднюю адукацыю атрымалі ўсяго 36 навучэнцаў, 8 з іх скончылі школу з залатым медалём і 8 з срэбнай.

На аснове рашэння XIX з'езда ВКП(б) (1952) аб паступовым пераходзе да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі павялічыліся тэмпы будаўніцтва школ у гарадах і на вёсцы. Большасць школ атрымалі свае ўласныя будынкі. У 1950-60 гады рэзка зніжаецца колькасць пачатковых школ і ўзрастае колькасць няпоўных сярэдніх і сярэдніх школ. Вялікая праца, якую правялі органы народнай адукацыі па рэарганізацыі школьнай сеткі і расстаноўцы педагагічных кадраў, дазволіла ўжо да 1962/63 навучальнага года ўсе сямігадовыя школы рэарганізаваць у васьмігадовыя. У гэтым жа годзе ў гарадской мясцовасці быў завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, восьмымі класамі было ахоплена 99,1% навучэнцаў. У вобласці працавала 465 сярэдніх школ. Прафесійная падрыхтоўка ў іх вялася па 52 прамысловым спецыяльнасцях і 12 сельскім.

Пераход ад ўсеагульнага базавай адукацыі да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі быў завершаны на працягу 1968-78 гадоў. Да пачатку 1980-х гадоў усе школы ў гарадах, раённых цэнтрах сталі рускамоўнымі. Палітыка перабудовы і галоснасці ў другой палове 1980 гадоў прывяла да зменаў у выкладанні многіх гуманітарных прадметаў, асабліва гісторыі. Больш крытычнае асэнсаванне вопыту развіцця савецкай школы выявіла яе многія недахопы і заганы: камандна-адміністрацыйную сістэму кіравання адукацыяй, фармалізм, уніфікацыю навучання, слабасці развіцця сучаснай матэрыяльнай базы і г.д.

У другой палове ХХ стагоддзя паступова пашыралася сетка тэхнікумаў, ПТВ, бібліятэк, клубаў і дамоў культуры. Павялічыў выпуск спецыялістаў педінстытут (сёння Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт), якому ў 1978 г. надалі імя нашага земляка, выдатнага беларускага паэта А. Куляшова. У 1960 г. пачаў працаваць машынабудаўнічы (сёння Беларуска-расійскі тэхнічны ўніверсітэт), а ў 1973 г. – тэхналагічны (Універсітэт харчавання) інстытуты.

У Магілёве яшчэ ў 1944 годзе аднавіў працу прафесійны рускі драматычны тэатр. За адзін сезон было пастаўлена некалькі спектакляў нягледзячы на тое, што самім артыстам прыходзілася ўдзельнічаць у аднаўленні тэатра. Праіснаваў тэатр у нашым горадзе ўсяго толькі адзін год. У гэтым жа годзе аднавіўся Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім. У. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Магілёўскі драматычны тэатр пачаў дзейнічаць толькі ў 1954 годзе на аснове пераведзенай з Пінска трупы. Магілёўскі абласны тэатр лялек створаны ў 1976 з выпускнікоў Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці.

У 1945 годзе ў Магілёве быў адкрыты Магілёўскі філіял Саюза мастакоў БССР, куды ўваходзілі жывапісцы, дэкаратары, скульптары і архітэктары. Магілёўскія дзеячы мастацтва прымалі ўдзел у рэспубліканскіх і саюзных выставах, арганізоўвалі ў Магілёве выставы твораў сваіх калегаў у выставачнай зале, які функцыянуе з 1966 г. У 1976 годзе ў Магілёве створана абласная арганізацыя Саюза мастакоў БССР.

У 1950-80 гады на Магілёўшчыне развіваўся даволі актыўны літаратурны рух. Тут жылі вядомыя літаратары В. Матэвушаў, А. Пысін, П. Шасцерыкоў, ўдасканальвалі сваё майстэрства І. Аношкин, В. Карпечанка, шматлікія пачаткоўцы, што пасля ўзначалілі раённыя літаб'яднання. У гэтыя гады прыязджалі ў Магілёў, праводзілі літаратурныя вечары беларускія пісьменнікі І. Чыгрынаў, В. Зуёнак, П. Макаль. У канцы 1980-х у Магілёве былі А. Вазнясенскі, Р. Казакова, Р. Калядны, І. Шклярэўскі. Сустракаліся з грамадскасцю В. Быкаў, А. Жук, Р. Барадулін і інш. Даволі інтэнсіўнымі былі сустрэчы магілёўскіх літаратараў з калегамі з Балгарыі і Браншчыны.

Нацыянальная палітыка на тэрыторыі БССР вызначалася ўзмацненнем русіфікатарскіх тэндэнцый. Курс на “зліццё нацый” прывёў да таго, ў гарадах практычна зніклі беларускамоўныя школы. Руская мова стала выконваць функцыі дзяржаўнай. Гэтаму і спрыяў прыток у гарады спецыялістаў з Расіі пасля Вялікай Айчыннай вайны, знаходжанне у гарадах шматлікіх вайсковых гарнізонаў, асабліва вялікіх у Бабруйску і Быхаве. Трансфармацыя грамадства прывяла да сцірання нацыянальных рысаў у абліччы населеных пунктаў і ва ўкладзе жыцця іх жыхароў. Кіраўніцтва вобласці вызначалася асаблівай прыхільнасцю да ідэй сацыялістычнага інтэрнацыяналізму. Візуальнае асяроддзе гарадоў, нават у параўнанні з заходнебеларускім, вызначалася сваёй рускамоўнасцю. Усе шыльды гандлёвых прадпрыемстваў, большасць камуністычных лозунгаў на дамах былі на рускай мове. Рэзкая моўная пераарыентацыя гараджан, якія так і не змаглі дастаткова поўна засвоіць багатую рускую культуру, адсутнасць рэлігійная выхавання прывялі да разбурэння сістэмы міжпакаленнай этнакультурнай інфармацыі, знікнення нацыянальных традыцый, да ўзнікнення і паступова паглыблення духоўнага крызісу.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: