Грамадска-палітычнае жыццё

Станоўчыя эканамічныя і культурныя працэсы 1920 гадоў не былі ў СССР замацаваны дэмакратызацыяй грамадска-палітычнага ладу. Больш таго, аўтарытарны аднапартыйны рэжым у канцы дзесяцігоддзя перарос у жорсткую дыктатуру Сталіна, што мела відавочна негатыўныя наступствы для Беларусі. У 1927-29 гг. узмацніўся ідэалагічны ціск кампартыі на кадры беларускай інтэлігенцыі. Пачалося фактычнае згортванне беларусізацыі, якое перарасло ў рэпрэсіі 1930 гадоў. У сярэдзіне наступнага дзесяцігоддзя практычна не засталося школ і культурна-асветніцкіх устаноў нацыянальных меншасцяў, было вынішчана краязнаўства. У эканоміцы была звернутая палітыка нэпа.

Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё Магілёўшчыны ў 1930-я гады знаходзілася пад татальным кантролем камуністычнай партыі. Праз партыйныя, прафсаюзныя, камсамольскія арганізацыі, працоўныя калектывы і сродкі масавай інфармацыі кампартыя імкнулася выкараняць усялякае іншадумства ў грамадстве, прапагандавала рэальныя і ўяўныя поспехі сацыялістычнага будаўніцтва. Новыя канцэпцыі гісторыі прыніжалі годнасць беларусаў, з гістарычнай памяці народа імкнуліся выкрасліць імёны Ефрасінні Полацкай, Скарыны, Каліноўскага, Дунін-Марцынкевіча, Багушэвіча ды іншых дзеячаў нацыянальнай культуры.

Пачала змяняцца да горшага і рэлігійная палітыка. Быў узяты курс на канчатковае вынішчэнне рэлігійнасці насельніцтва. З канца 1920 гадоў Паступова ўлады закрылі ў рэгіёне ўсе без выключэння цэрквы, касцёлы, сінагогі, афіцыйна ліквідавалі рэлігійныя абшчыны. Найбольшая колькасць храмаў у Магілёве была канфіскавана на карысць дзяржавы ў 1929-30 гг. Напрыклад, у 1929 годзе адабралі ў вернікаў Васкрасенскую царкву і сінагогі “Кнэсэс-Ізраіль”, "Шыра-Шырым". Усе званы з цэркваў горада знялі 3 студзеня 1930 года перад Калядамі. 24 студзеня 1930 года канфіскавалі кафедральныя Спаскі і Іосіфаўскі саборы. Палітыка вынішчэння рэлігійных арганізацый працягвалася і ў 1930-я гады. Былі закрыты Трохсвяціцельская царква, Траецкая царква на Лупалава, капліца ў Пячэрску, Мікольская царква. У 1935-37 гг. зачынілі абодва магілёўскія касцёлы. Ва ўмовах забароны дзейнасці рэлігійныя абшчыны паступова храмы прыходзілі да заняпаду.

Адначасова з першай хваляй калектывізацыі распачаліся масавыя рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі – так званых “нацыянал-демакратычных укланістаў”. Яны працягваліся да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Сотні самых таленавітых і адукаваных сыноў і дачок беларускага народа апынуліся за кратамі, былі сасланы або расстраляны. Рэпрэсаваны і расстраляны быў і ўраджэнец Мсціслаўскага раёна класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі. У Магілёве многіх “ворагаў народа” на прыгаворах тройкі без суда расстрэльвалі ў раёне мясакамбіната. Рэпрэсіі закранулі і членаў КП(б)Б, палову якіх у 1935-1937 гг. выключылі з кампартыі. Толькі далучэнне Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. некалькі змякчыла контрбеларусізацыю ва ўсходняй Беларусі. Некаторыя нацыянальныя героі мінулага былі рэабілітаваны.

У 1936 г. органы НКВД арыштавалі групу выкладчыкаў і навукоўцаў г.Магілёва, сярод іх быў і выкладчык геаграфіі Магілёўскага педінстытута, краязнавец, гісторык і публіцыст Д. Васілеўскі. Выключэнні з партыі, звальненні з працы і арышты гісторыкаў інстытута прывялі да таго, што ў 1935 годзе востра не хапала, а ў 1936-38 гадах практычна не засталося сваіх лектараў-гісторыкаў. З-за знішчэння “шкодніцкіх кніг ворагаў народа” востра не хапала гістарычнай літаратуры. Толькі ў 1936/37 навучальным годзе “з інстытута было вынята і асуджана на розныя тэрміны органамі НКВД шэсць чалавек, знята з працы за варожыя, контррэвалюцыйныя выступленні сем чалавек” Яшчэ большых памераў барацьба з ворагамі народаў дасягнула ў Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце.

Разгортванне ў савецкай краіне трыццатых гадоў барацьбы Сталіна з рэальнымі палітычнымі апанентамі і ўяўнымі ворагамі не магло абмінуць Магілёў. Пэўныя поспехі ў развіцці гарадской інфраструктуры – з характэрнай духу таго часу рыторыкай – звязваліся з вынікамі барацьбы са “шкодніцтвам ворагаў народа”, з-за дзейнасці і “дыверсійнай работы” якіх раней “наўмысна адсоўваліся на другараднае месца” развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сацыяльна-культурнае будаўніцтва. Падкрэслівалася, што пасля разгрому ў Магілёве ў 1937 г. пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна ворагаў народа адразу ў 1938 г. выраслі асігнаванні на добраўпарадкаванне горада.

Канстытуцыі СССР 1936 г. і БССР 1937 г. абвяшчалі савецкія рэспублікі сацыялістычнымі дзяржавамі. Адначасова яны замацавалі абмежаванне прававога і эканамічнага суверэнітэту БССР. У 1938 г. у Беларусі была праведзена адміністрацыйная рэформа. Было ўтворана 5 абласцей, у тым ліку 15 студзеня 1938 года і Магілёўская з цэнтрам у горадзе Магілёве. Яна ўключыла ў сябе 21 раён.

 

Праект пераносу сталіцы БССР у Магілёў

У сувязі з блізкасцю сталічнага Менска да заходняй дзяржаўнай мяжы ў 1938-39 гг. распрацоўваўся праект пераносу сталіцы БССР у Магілёў. Бюро ЦК КП(б)Б 19 кастрычніка 1937 года разгледзела пытанне “Аб сталіцы БССР” і палічыла “палітычна мэтазгодным перанесці сталіцу з Мінска ў Магілёў”. Члены бюро ўлічвалі лепшае стратэгічнае становішча Магілёва і тое, што горад па сваіх “прыродных умовах мае большыя перспектывы для далейшага развіцця”. Сапраўды, сталічны Мінск да 1939 года знаходзіўся ўсяго ў 30 км ад дзяржаўнай мяжы з Польшчай. У выпадку ўзброенага канфлікту Мінск адразу ж мог апынуцца ў цэнтры тэатра баявых дзеянняў. Магілёў знаходзіўся на 200 км далей ад дзяржаўнай мяжы і ў цэнтры тагачаснай тэрыторыі БССР.

Быў прыняты перспектыўны план рэканструкцыі горада. Новая планіроўка горада павінна была адпавядаць ідэальнаму выгляду сацыялістычнай сталіцы савецкай рэспублікі. Плануемая сталіца мела, на думку камуністычнага кіраўніцтва, зашмат рэлігійных архітэктурных помнікаў, якія прапаноўвалася знішчыць. Планавалася знесці да 80% помнікаў дойлідства старога горада: практычна ўсе гарадскія цэрквы і касцёлы, архірэйскі палац, ўвесь ансамбль былой Губернатарскай плошчы, уключаючы дом губернатара, губернскага праўлення і ратушу. На іх месцы праектавалася будаўніцтва Дома урада, ЦК КП(б)Б, гасцініцы, жылых дамоў для партыйна-савецкай наменклатуры, бібліятэк, школ, парка і г.д.

Савецкай плошчы павінна была стаць значна большай і называцца “Плошча Перамогі”. Усе варыянты рэканструкцыі цэнтральнага раёна прадугледжвалі фактычнае знішчэнне старога горада. Адпаведна канчатковай схеме 1939 года ў квартале паміж вуліцамі Першамайская і Ленінская мусіў быць пабудаваны вялізны будынак дзяржаўнага драматычнага тэатра. На месцы чароўнага барочнага Спаскага сабора планавалася ўзвесці дом ЦК КП(б)Б. А перад ім на месцы ратушы па схеме месціліся кветкавыя клумбы і пачатак лесвіцы, якая павінна была спускацца да Дняпра ў Цэнтральны парк культуры і адпачынку новай сацыялістычнай сталіцы.

Асновай кампазіцыйнай структуры горада цяпер станавіліся вуліца Першамайская і праспект Міру. Адпаведна іх перасячэнне – плошча Леніна – галоўным транспартным вузлом горада і цэнтральнай плошчай рэспублікі. На ёй у 1938-40 гг. быў пабудаваны шэраг будынкаў у тым ліку дом Саветаў па праекту У. Лангбарда, падобны на Мінскі будынак Савета міністраў. У цэнтры Магілёва за сціслыя тэрміны былі таксама ўзведзены будынак Народнага камісарыята ўнутраных спраў, кінатэатр “Радзіма”, гасцініца “Дняпро”. Для расчысткі пляцоўкі будаўніцтва гасцініцы ў 1938 годзе быў узарваны адзін з самых вядомых гістарычных помнікаў Магілёва – велічны Іосіфаўскі сабор, пабудаваны ў стылі класіцызму знакамітым расійскім архітэктарам М. Львовам.

Праграма гарадскога будаўніцтва ў лютым 1938 г. была выканана толькі на 42%. У многім плануемы перанос сталіцы зацягнуўся з-за нежадання мінскіх чыноўнікаў пераязджаць. У ЦК КП(б)Б было вырашана паскорыць пераезд і завяршыць яго восенню 1939 г. Летам гэтага года пачаўся пераезд шэрагу наркаматаў. У 1938-41 гг. у Магілёве пераехаў цырк, які з’яўляўся славутасцю горада.

У верасні 1939 года, пасля нападу нацысцкай Германіі на Польшчу, Чырвоная армія перайшла савецка-польскую мяжу і ўзяла пад кантроль тэрыторыю Заходняй Беларусі. У выніку да БССР былі далучаны заходнія беларускія землі, дзяржаўная мяжа была адсунута на захад на 300 - 400 км. Геапалітычная абстаноўка рэзка змянілася. Ваенна-стратэгічнай неабходнасці ў пераносе сталіцы ўжо не было. Знікла і ўнутрыпалітычная мэтазгоднасць пераезду. Мінск цяпер знаходзіўся не на ўскрайку тэрыторыі БССР, а ў самым сэрцы Беларусі. Магілёў застаўся абласным горадам, што па сутнасці і ўратавала тады ратушу, як і многія іншыя архітэктурныя помнікі.

 

Пачатак Вялікай Айчынай вайны. Абарона Магілёўшчыны

Магілёву ўсё ж такі давялося стаць часовай сталіцай Беларусі, але адбылося гэта пасля пачатку Вялікай Айчынай вайны. Раптоўны напад нацысцкай Германіі на СССР, памылкі савецкага камандавання і вярхоў партыйнага і дзяржаўнага апарату прывялі да паразы прыгранічных груповак войск Чырвонай Арміі. ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, Савет народных камісараў БССР былі эвакуіраваны і з 25 чэрвеня па 3 ліпеня 1941 г. знаходзіліся ў Магілёве. Тут жа размясціўся першы штаб Заходняга фронту. Ужо ў дзень захопу нацыстамі Мінска 28 чэрвеня танкавыя часці Гудэрыяна ўступілі на тэрыторыю Магілёўскай вобласці ў раёне Бабруйска.

Магілёўшчына рыхтавалася да барацьбы з гітлераўцамі. На наступны дзень пасля абвяшчэння вайны на ўсіх прадпрыемствах і ў арганізацыях Магілёўшчыны прайшлі сходы, масавыя мітынгі. Адбываўся масавы прызыў у Чырвоную Армію ваеннаабавязаных і добраахвотнікаў. На буйных заводах вобласці, у педінстытуце фарміраваліся атрады народнага апалчэння. Усяго на Магілёўшчыне было ўтворана 14 батальёнаў, у якіх было каля 12 тыс апалчэнцаў. Да 40 тыс магілёўцаў штодня працавала на будаўніцтве абарончых умацаванняў вакол горада.

Пачалася эвакуацыя прамысловага абсталявання, матэрыяльных каштоўнасцей і людзей на ўсход, для чаго ў Лупалава пад Магілёвам была створана Цэнтральная эвакуацыйная камісія БССР. Адказным за эвакуацыю ў вобласці быў назначаны сакратар абкома Д. С. Маўчанскі. Эвакуацыя насельніцтва і матэрыяльных каштоўнасцей была спалучана з вялікімі цяжкасцямі: чыгуначны транспарт забяспечваў у першую чаргу ваенныя перавозкі, а большая частка аўтамабіляў па мабілізацыі накіроўвалася ў воінскія часткі. З-за дэфіцыту часу і транспартных сродкаў, бамбёжак горада і чыгуначных дарог было эвакуіравана толькі 12 прадпрыемстваў Магілёва.

Сітуацыя была крытычнай. Ад Мінска да Дняпра практычна не было вялікіх баяздольных злучэнняў Чырвонай Арміі. Фактычна без бою 28 чэрвеня фашысты захапілі Бабруйск. Спроба адбіць Бабруйскую крэпасць у ноч на 30 чэрвеня і арганізаваць абарону на ўсходнім беразе р. Беразіна не ўдалася. Часці вермахта пачалі рух на Магілёў і Рагачоў. Савецкае камандаванне вялікія надзеі звязала з абаронай на рубяжу Дзвіна – Днепр. Падцягнутыя з усходу вайсковыя злучэнні з дапамогай апалчэнцаў і жыхароў вобласці паспрабавалі прыпыніць наступ фашысцкай армады.

У абароне Магілёва з 3 па 26 ліпеня 1941 ўдзельнічалі войскі 61-га стралковага корпуса генерала Ф. Бакуніна. Баі пачаліся 3 ліпеня на дальніх, а 10-16 прахадзілі на бліжніх подступах да Магілёва. Непасрэдна горад мужна абараняла Байцы сфарміраваных у Туле 172-й і 110-й стралковых дывізій пад камандаваннем генерала М. Раманава і палкоўніка Хлебцава і народныя апалчэнцы. На першым этапе абароны Магілёва з 3 па 9 ліпеня камандаванне корпуса і 172 дывізіі высылалі атрады на далёкія подступы да горада з мэтай разведкі і знішчэння перадавых груп праціўніка. Гэта дало час, неабходны для падрыхтоўкі абарончых ўмацаванняў вакол горада. Вынікам стаў 25-кіламетровы супрацьтанкавы роў, які акружыў горад з захаду, поўначы і поўдня; больш за 40 км акопаў, мноства бліндажоў, дзотаў, траншэй.

На другім этапе – з 10 па 16 ліпеня 1941 г. другая танкавая група Гудэрыяна спрабавала з ходу штурмам авалодаць горадам. Дадзены перыяд характарызуецца асаблівай бязлітаснасцю баёў, у якіх загінулі смерцю храбрых найбольш мужныя і падрыхтаваныя абаронцы нашага горада. Асабліва напружанымі былі баі на Буйніцкім поле. Тут салдаты 388-га стралковага палка пад кіраўніцтвам палкоўніка С. Куцепава, паводле звестак штаба дывізіі, падбілі і спалілі да 180 адзінак нямецкай бронетэхнікі. Пасля пяцідзённых жорсткіх баёў немцы вырашылі абыйсці гарадскія ўмацаванні, пераправіліся праз Днепр і ўзялі “у абцугі” часці 13-й арміі, якія абаранялі Магілёў.

Трэці перыяд – з 17 па 26 ліпеня 1941 – самы цяжкі ў гісторыі абароны, бо войскі, якія абаранялі горад, апынуліся ў поўным акружэнні. Яшчэ 10 дзён абаронцы горада мужна адбівалі атакі ворага. Пасля захопу г. Чавусы спыніўся падвоз боепрыпасаў і харчавання. Праціўнік, які наступаў з усходу, змог заняць вёскі Грабянёва, Лупалава, Халмы, выйсці да Дняпра і 24-га ліпеня прарвацца на ўскраіны горада. У ноч на 26-га ліпеня частцы савецкіх воінаў удалося вырвацца з варожага кальца.

Магілёўская абарона 1941 г. – гераічная старонка гісторыі горада. У самы страшны, самы трагічны год вайны, жыхары горада разам з байцамі Чырвонай Арміі змаглі выявіць свае лепшыя якасці, ў баях за горад пакрылі сябе неўміручай славай. Яны скавалі вялікія сілы фашыстаў, сталі магутнай перашкодай на шляху правага фланга групы арміі “Цэнтр” пад час Смаленскай бітвы, нанеслі адчувальныя страты ўдарным атрадам вермахта. Нездарма нямецкае камандаванне ў сваіх данясеннях называла Магілёў “крэпасцю”. Падзеі абароны Магілёва апісаны ў рамане “Жывыя i мёртвыя” знакамітага савецкага пісьменніка К. Сіманава, які ў дні абароны ў якасці карэспандэнта знаходзіўся ў Магілёве. У адпаведнасці з апошняй воляй пісьменніка яго прах развеяны на Буйніцкім полі. Абарона Магілёва была самай доўгай і адной з самых разлютаваных на тэрыторыі Беларусі ў 1941 годзе і заслугоўвае не меншай удзячнасці, чым абарона Брэсцкай крэпасці.

Цяжкія абарончыя баі адбываліся і ўздоўж р. Сож на лініі Крычаў – Чэрыкаў - Прапойск. 25 ліпеня конна-механізаваная група палкоўніка Бацкаловіча нанесла контрудар у раёне Глуск – Старыя Дарогі, адцягваючы на сябе сілы праціўніка. Нягледзячы на мужнасць савецкіх салдат і афіцэраў агульная перавага сіл была на баку вермахта. 15 жніўня савецкія войскі пакінулі Хоцімск. Магілёўская вобласць апынулася пад пятой нацыстаў.

 

Акупацыйны рэжым

Тэрыторыя Магілёўскай вобласці была цалкам акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Яна не была ўключана ў склад генеральнай акругі “Беларусь”, а ўваходзіла ў вобласці аховы тылу групы армій “Цэнтр” (у зоне 203, 221, 286 ахоўных дывізій). Былі ўтвораны Магілёўская і Бабруйская акругі, якія ў сваю чаргу дзяліліся на раёны і воласці. У структуры акруговых і раённых упраў былі аддзелы школ і культурных устаноў, якія і сталі займацца адкрыццём так званых “народных школ”. Уся паўната ўлады належала ваеннай і цывільнай адміністрацыі. Яе ніжэйшыя звенні – старасты, паліцэйскія фарміраваліся з мясцовых жыхароў.

На захопленай тэрыторыі быў усталяваны жорсткі акупацыйны рэжым Было абвешчана надзвычайнае становішча і ўведзена сістэма заложнікаў. Ваеннапалонныя ўтрымліваліся ў шматлікіх канцэнтрацыйных лагерах: Бабруйскім, Магілёўскім, Лупалаўскім, Грэбяноўскім і інш. Западозраных у сабатажы цывільных грамадзян знявольвалі ў турмы, высылалі ў “працоўныя выхаваўчыя лагеры”.

Ужо ў першыя дні пасля захопу Магілёва яўрэі былі выгнаны са сваіх дамоў і пераселены ў гета каля ракі Дубравенка. Спецыяльныя каманды з савецкіх ваеннапалонных, яўрэяў з нашытымі зоркамі Давіда, мабілізаваных немцамі жыхароў горада працавалі на расчыстцы завалаў. Дзеля скарачэння насельніцтва карныя спецкаманды праводзілі аперацыі па яго знішчэнню. У першаю чаргу ізаляваліся і планамерна знішчаліся яўрэі, якія перасяляліся ў спецыяльных гета. Яны былі створаны таксама ў Быхаве, Дрыбіне. Клімавічах, Краснаполлі, Крычаве, Магілёве, Шклове, вёсцы Напраснаўка Горацкага раёна. Адным з буйнейшы з на Беларусі стала Бабруйскае гета, у якім утрымлівалася 20 тыс яўрэяў. Ужо ў кастрычніку было знішчана практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва Магілёва. Усяго за гады акупацыі на Беларусі загінула каля 400 тыс яўрэяў.

У красавіку 1942 ў Магілёве адбылася яшчэ адна трагічная падзея. Вялікая веснавая вада выклікала сель на Дубравенцы. У 1941 чырвонаармейцы ўзарвалі чыгуначны мост цераз раку. Немцы не сталі яго рамантаваць, а толькі паклалі пад насып жалезабетонную трубу. Вясной яе дыяметра стала не хапаць для пропуску вады. Утварылася вялізнае возера, вада якога 10 красавіка змыла насып і 4-5-мятровым валам з хуткасцю кур’ернага цягніка рынулася да Дняпра. Сель змыў мост, лазню ля на быхаўскім рынку, амаль усе дамы ў пойме ракі, мноства людзей, коней і, па чутках, машыну гітлераўцаў. Загінула ў гэты нешчаслівы дзень каля 2000 чалавек.

Нацысты наладзілі сістэму рабавання і каланізацыі беларускіх зямель. На базе калгасаў ствараліся ”абшчынныя гаспадаркі”. З 1942 г. жыхароў вёсак надзялілі палоскамі зямлі і абклалі вялікімі падаткамі. Для гараджан была ўведзена працоўная павіннасць. Працягласць рабочага дня складала 10-12 гадзін і магла павялічвацца. Кіраўнікі прадпрыемстваў мелі права фізічна караць работнікаў: біць, саджаць у карцэр і г. д. Прадукты, сыравіну і маёмасць фашысты вывозілі ў Германію, ці пастаўлялі ў сваю армію. Моладзь шляхам прапаганды і прымусова адпраўлялі на работы ў Нямеччыну.

У той жа час акупанты імкнуліся стварыць станоўчы вобраз нацызму і “новага парадку”. Яны адчынілі закрытыя пры саветах цэрквы і касцёлы. Паступова наладзілі сістэму пачатковай адукацыі, медыцынскага абслугоўвання, культурнага жыцця. У Магілёве актыўна дзейнічаў тэатр. Фашысты з’яўляліся нацыянал-сацыялістамі па сваёй ідэалогіі і працягвалі святкаванне дня працоўных – 1 мая. Нацысцкая контрпрапаганда ўсяляк выкрывала сталінскія рэпрэсіі і паказвала сябе вызваліцелем беларускага народа і г. д. Такія дзеянні захопнікаў, паражэнні Чырвонай Арміі выклікалі стан разгубленасці і пэўнае спачуванне новым уладам у частцы мясцовага насельніцтва ў першыя гады акупацыі.

“Народныя школы” былі пачатковыя і з сямігадовым тэрмінам навучання. У іх выкладаліся руская, нямецкая, беларуская мовы, матэматыка, радзімазнаўства, геаграфія, біялогія, спевы, маляванне, фізічная культура, садоўніцтва і рамёствы. У праграмах ўсіх школ адсутнічаў такі прадмет, як гісторыя. Сцвярджалася, што “Берлін – сталіца нашай радзімы”. Школы працавалі ва ўсіх раёнах вобласці, акрамя Клічаўскага, дзе ўсе спробы стварэння немцамі народных школ праваліліся. У 1942/43 навучальным годзе ў Бабруйску працавала 14 школ, у якіх навучалася больш за 4000 дзяцей і працавала 146 настаўнікаў.

У Магілёве дзейнічала восем школ: 1 чатырохгадовая, 4 сямігадовых і 3 васьмігадовых з камерцыйным ухілам. Сярод іх было пяць беларускіх і тры рускія. Усяго налічвалася 114 класаў, у якіх выкладалі 146 настаўнікаў. У 1942/43 навучальным годзе пачалі вучобу 3963 вучня, завяршылі 2145. У горадзе дзейнічалі рамеснае і будаўнічае вучылішча, платная музычная школа. А 13 мая 1943 года ў Магілёве ў памяшканні былой фельчарскай школы пачаў сваю працу медыцынскі інстытут.

Цэнтр горада двойчы – у ліпеню 1941 і чэрвені 1944 гг. – знаходзіўся ў зоне баявых дзеянняў. Моцна пацярпелі будынкі на Савецкай плошчы і ад бамбардзіровак савецкай авіяцыі. Магіляўчане згадвалі, як ў ноч на 28 мая 1943 года савецкія лётчыкі з мэтай знішчэння салдат гітлераўскай дывізіі, якая знаходзілася на адпачынку ў Магілёве, бамбілі цэнтральную частку горада. Разам з гітлераўцамі знішчаліся і гарадскія будынкі, у тым ліку і культавыя. Амаль усе праваслаўныя храмы, частка з якіх у 1941-44 гг. з дазволу акупацыйных уладаў была нанова адкрыта, былі моцна пашкоджаны.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: