Крызіс позняга сацыялізму

Тыя поспехі, якія меліся ў развіцці народнай гаспадаркі вобласці ў пасляваенны перыяд былі вынікам пераважна экстэнсіўнага развіцця эканомікі, эксплуатацыі людскіх і матэрыяльных рэсурсаў вёскі. У 1970-я гады гэтыя крыніцы былі вычарпаныя, а пераход да інтэнсіўнага развіцця ва ўмовах планава-дзяржаўнай сістэмы гаспадарання аказаўся цяжка дасягальным. Тэмпы росту вытворчасці паступова зніжаліся. Гонка ўзбраенняў, арыентацыі заводаў і фабрык на прадукцыю для ваенна-прамысловага комплексу, адставанне лёгкай прамысловасці прывялі да дэфіцыту многіх тавараў народнага спажывання. Абвастрылася жыллёвая праблема. Людзі на 15-20 гадоў стаялі ў чэргах на дзяржаўныя кватэры, а кааператыўныя амаль не будаваліся. Доўгія гады эканоміка развівалася без дастатковага ўліку яе ўздзеяння на прыроду. Непрадуманая меліярацыя і хімізацыя сельскай гаспадаркі, неэфектыўнасць ачышчальных збудаванняў жывёлагадоўчых комплексаў і прамысловых прадпрыемстваў – усё гэта стварыла шматлікія экалагічныя праблемы.

Нацыянальнай трагедыяй для беларускага народа стала Чарнобыльская аварыя на атамнай станцыі ў 1986 г. Яе вынікі доўга замоўчваліся партыйнымі і савецкімі органамі, нягледзячы на тое, што на Магілёўшчыне ад радыяцыйнага забруджання моцна пацярпелі Быхаўскі, Краснапольскі, Касцюковіцкі,Слаўгарадскі,Чэрыкаўскі, Чавускі ды іншыя раёны. Толькі з 1989 года была адкрыта інфармацыя аб забруджанасці вобласці, было адселена 174 населеных пункта, 21 тыс чалавек.

Нявырашанасць шматлікіх эканамічных, сацыяльных, экалагічных праблем адставанне ад перадавых краін свету, падштурхнулі КПСС да перабудовы ў другой палове 1980 гадоў. Зняцце забароны на прыватную маёмасць нарадзіла вялікую прадпрымальніцкую актыўнасць. На Магілёўшчыне пачалі стварацца першыя кааператывы. Але спробы рэфармаваць сацыялізм, лібералізаваць эканоміку прывялі да яшчэ большага паглыблення эканамічнага крызісу, з'яўлення палітычнай апазіцыі і нацыянальных рухаў.

Першым масавым апазіцыйным камуністам рухам у рэгіёне стаў Беларускі народны фронт "Адраджэнне". У 1990-91 гг. у Магілёве пачалі адбывацца масавыя мітынгі з патрабаваннем нацыянальнага адраджэння, дэмакратызацыі, уратавання людзей ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У Магілёве, першым з гарадоў Беларусі, была зарэгістраваная гарвыканкамам дэмакратычная партыя.

Палітыка перабудовы і галоснасці, якую праводзіла кіраўніцтва СССР у другой палове 1980-х гадоў, спрыяла росту цікавасці грамадства да сваёй, у тым ліку страчанай, гістарычнай спадчыны. Напрыканцы існавання СССР каля падмуркаў ратушы і ганку Дома культуры будтрэста № 12 (Палац шлюбу) адбываліся першыя несанкцыянаваныя камуністычнымі ўладамі мітынгі. Сімвалічна, што як і ў магдэбургскія часы гараджане збіраліся на традыцыйным спакон веку месцы збору каля ратушы. На мітынгах гучалі новыя нязвыклыя для савецкіх часоў словы аб сапраўднай дэмакратыі, аб неабходнасці рэабілітацыі ворагаў народу, адраджэння гістарычнай памяці, перадачы вернікам адабраныя раней храмы. Менавіта тут нараджаўся дэмакратычны рух на Магілёўшчыне.

 

Магілёўшчына ў час станаўлення незалежнасці Беларусі

Пасля жнівеньскага 1991 г. путчу і распаду СССР жыхары Магілёўшчыны сталі жыць у незалежнай дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь. Вынікі першых гадоў самастойнага жыцця ў суверэннай дзяржаве былі вельмі неадназначныя і супярэчлівымі. Напачатку на хвалі энтузіязму рэзка актывізавалася грамадска-палітычнае і нацыянальна-культурнае жыццё краіны. Ілюзіі аб магчымасці рэфармавання грамадства пры адначасовым павышэнні дабрабыту насельніцтва хутка прайшлі. Стала назірацца стомленасць людзей, якія засталіся сам на сам са сваімі штодзённымі праблемамі. Распаліся наладжаныя гадамі эканамічныя сувязі, назіраліся цяжкасці з грашовым абарачэннем. Крызісныя з'явы ў эканоміцы 1990-х знізілі рэальныя даходы насельніцтва. Але паступова вытворчыя аб'яднанні і прадпрыемствы пераарыентуюцца на новыя віды прадукцыі, наладзілі новыя, больш эфектыўныя эканамічныя сувязі. У апошнія гады ў вобласці назіраецца рост прамысловай вытворчасці, наладжваецца кааперацыя з замежнымі, перш-наперш расійскімі фірмамі.

Магілёўшчыне ўдалося захаваць асноўныя галіны прамысловасці, якія дасталіся нам ад савецкіх часоў, і пачаць развіваць новыя сучасныя накірункі вытворчасці. Высокая канцэнтрацыя прамысловых прадпрыемстваў, а іх у горадзе каля 70, наяўнасць развітай інфрастуктуры і кваліфікаваных працоўных рэсурсаў, добрая транспартная інфраструктура, уключаючы развітыя аўтамабільныя дарогі, чыгуначную сетку, аэрапорт і рачны порт, і сучасныя камунікацыі абумоўліваюць планамерны рост рэальнага сектара эканомікі. Магілёў – трэці па велічыні горад Рэспублікі Беларусь, каля 4% усёй прамысловай прадукцыі рэспублікі прыходзіцца на яго прамысловы комплекс. У галіновай структуры магілёўскага прамысловага комплексу дамініруючымі з’яўляюцца хімічная (34%), машынабудаўніцтва і металаапрацоўка (30%), харчовая (14,3%) і лёгкая (13,2%) прамысловасць, якія і вызначаюць практычна ўвесь знешнегандлёвае баланс горада. Сёння ў эканоміку рэгіёна ўкладаюць інвестыцыі інвестары больш чым з 20 краін свету: бізнесмены Германіі, Італіі, Расіі, Швейцарыі, Літвы, Латвіі, у апошні час – Кітая і Рэспублікі Карэя.

У цяперашні час у вобласці функцыянуе шэраг палітычных партый і грамадскіх арганізацый, сярод якіх маецца шмат нацыянальных. Зарэгістраваныя нацыянальна-культурныя аб'яднання азербайджанцаў, армян, палякаў, рускіх, украінцаў, цыган, яўрэяў. Вялікую працу па адраджэнні беларускай мовы і нацыянальнай культуры праводзяць гарадская і абласная грамадскія арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" і беларускамоўны тэатр “Валянцін” Гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу.

Штогод Магілёўшчына становіцца цэнтрам буйных міжнародных акцый: фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”, фестывалю эстрады “Залаты шлягер”, міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму “M.@rt.кантакт” і фестывалю анімацыйнага кіно “Анімаёўка”, міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах, міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок сяброўства” у Бабруйску, пленэра па жывапісе і інш. Праводзяцца Калядныя, Велікодныя і восеньскія кірмашы, народныя святы і іншыя культурныя мерапрыемствы.

Магілёўшчына – музейны край. Толькі ў адным Магілёве маецца пяць дзяржаўных музеяў: Абласны краязнаўчы музей, Абласны мастацкі музей, музей ім. Бялыніцкага-Бірулі, музей этнаграфіі і музей гісторыі горада. Да таго ж дзейнічае шэраг музеяў прадпрыемстваў і устаноў вобласці. У адным толькі Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова маецца пяць музейных кабінетаў і залаў. Ва ўсіх раённых гарадах дзейнічаюць мясцовыя рэгіянальныя музеі.

Спорт

На працягу развіцця адукацыі ва ўмовах незалежнасці ў Магілёўскай вобласці назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння колькасных паказчыкаў стану школьнай адукацыі. Значнае памяншэнне дзяцей школьнага ўзросту прывяло да адпаведнага памяншэння колькасці школ усiх тыпаў. Найбольш яркай падзеяй у школьнай адукацыі 1990-х гадоў стала з'яўленне навучальных устаноў новага тыпу. У 1990 годзе адкрыўся ліцэй № 1 і №2, у 1992 – № 3 у г. Магілёве, у 1996 – №4 у г. Крычаве, у 1998 годзе – №5 у Быхаве, у 2003 годзе ліцэй пры Беларуска-Расійскім універсітэце. Адкрыты гімназіі ў Магілёве, Горках, Бабруйску. З 2006 года адкрыты раённыя гімназіі ў Бялыніцкім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Шклоўскім, Кіраўскім, Клімавіцкім раёнах, ва ўсіх рэгіёнах працуюць цэнтры па працы з таленавітымі навучэнцамі. У Магілёве рыхтуюць спецыялістаў тры дзяржаўныя ўніверсітэты, у Бабруйску дзейнічае філіял Беларускага Дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту.

За апошнія гады ў Магілёве былі створаны помнікі народнаму мастаку Беларусі і Расіі В. Бялыніцкага-Бірулі, народнаму мастаку Беларусі П. Масленікаву, генералу М. Раманаву, мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”, помнік магілёўцам, якія загінулі, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Адкрыты памятныя дошкі Г. Каніскаму, Спірыдону Собалю, Е. Раманаву, музыканту М. Солдатову, народнаму паэту Беларусі А. Куляшову. Рэканструяваны і адрэстаўраваны комплекс будынкаў чыгуначнага вакзала, праведзена рэстаўрацыя будынкаў-помнікаў архітэктуры XVIII - XIX стст., добраўпарадкавана і набыла статус пешаходнай адна з найстарэйшых вуліц – Ленінская (Ветраная – Вялікая Садовая); у выніку перайменавання ў горадзе з'явіліся вуліцы, якія носяць імёны вядомых магілёўцаў – Т. Сурты, Трубницких, І. Чыгрынава, В. Турава, А. Куляшова, А. Пысіна, “Грунвальдская” і г.д.

Аднаўленне найвышэйшага дасягнення магілёўскага гарадскога дойлідства – гарадской ратушы пачалося летам 2007 года, праз паўстагоддзя пасля яго варварскага знішчэння ў 1957 г. Будаваць ратушу дапамагаў увесь горад. Пад час святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дня горада ў чацвер 3 ліпеня 2008 года, адбылася ўрачыстая прэзентацыя для грамадскасці нанава адбудаванай магілёўскай ратушы. Афіцыйная цырымонія адкрыцця Магілёўскай гарадской ратушы прайшла праз два тыдні ў пятніцу 18 ліпеня. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі магілёўскай грамадскасці, кіраўніцтва вобласці і гораду, але і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Глава дзяржавы Аляксандр Лукашэнка разам з старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Барысам Батура перарэзаў пунсовую стужку перад ганкам беласнежнага ўнікальнага па сваім архітэктурным і інжынерным рашэнням будынка. Сам будынак ратушы перададзены на баланс Музея гісторыі Магілёва. У ім на першым паверсе размясціліся экспазіцыя, а на трэцім – службовыя памяшканні музея. Другі паверх функцыянальна падзелены на залу пасяджэнняў гарадскога Савета дэпутатаў, урачыстых прыёмаў і цырымоніяў і памяшканні музея. Адроджана была і Шклоўская ратуша.

У апошнія гады горад Магілёўшчына відавочна папрыгажэла і ўзбагацілася на мемарыяльныя знакі і культурна-гістарычныя аб’екты. Цяпер экскурсаводы могуць не толькі з сумам паказваць турыстам месцы, дзе раней стаялі разбураныя часам і чалавечай нядбайнасцю святыні, але і з гонарам прывесці іх у адрэстаўраваныя вернікамі праваслаўныя саборы і каталіцкія касцёлы, правесці па лепшай на Беларусі пешаходнай вуліцы, прапанаваць наведаць заасад, мемарыяльны комплекс у Буйнічах, палац Пацёмкіна ў Крычаве, Мсціслаўскі і Быхаўскі замкі, Бабруйскую крэпасць, з густам створаныя экспазіцыі краязнаўчых і мастацкіх музеяў. Яны маюць магчымасць не толькі распавядаць аб магдэбургскім праве, але і паказваць адроджаныя магілёўскую і шклоўскую ратушы.

 

Аляксандр Агееў


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: