Культурная рэвалюцыя і беларусізацыя

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. вялікія змены адбыліся ў галіне культуры. Новая ўлада з рэвалюцыйнай смеласцю ламала старыя і ўводзіла новыя формы, установы культуры пад лозунгам набліжэння яе да народу. Ужо ў гады грамадзянскай вайны пашыралася сетка школ, адчыняюцца першыя дашкольныя ўстановы, у былых сядзібах памешчыкаў летам працавалі дзіцячыя летнікі, як напрыклад, у Пашкава і Пячэрске ля Магілёва летам 1919 г. З’яўляецца вялікая колькасць тэатральных гурткоў, калектываў мастацкай самадзейнасці. Для ліквідавання непісьменнасці дарослых ствараюцца разнастайныя курсы. У 1920 г. у Магілёўскім павеце было арганізавана каля 300 школ для дарослых. У самім горадзе дзейнічала 49 школ 1-й і 22 – 2-й ступені, 43 дашкольныя ўстановы, 5 рабочых клубаў, народны дом, Дом селяніна, 7 бібліятэк. У Бабруйскім павеце працавала 25 хат-чытален, 2 народных домы, 10 бібліятэк.

На хвалі рэвалюцыйнага энтузіязму ў гарадах і павятовых цэнтрах Магілёўшчыны ствараліся пралетарскія, сялянскія, народныя ўніверсітэты. Фактычна гэта былі культурна-асветніцкія, а не навучальныя ўстановы, але на лекцыі ў іх збіраліся часам сотні людзей, якія імкнуліся далучыцца да ведаў. У 1920 г. у сувязі з блізкасцю Заходняга фронту ў Магілёве дзейнічаў падобны чырвонаармейскі ўніверсітэт 16 арміі. Усе гэтыя ўстановы ствараліся не толькі з мэтай распаўсюджання ведаў, але і дзеля паскоранага ўкаранення марксісцкага светапогляду, норм камуністычнай маралі і прапаганды палітыкі савецкай улады.

Ва ўмовах недахопу сродкаў і кадраў выкладчыкаў многія ўстановы культуры і адукацыі дзейнічалі малаэфектыўна, часта закрываліся. Каб рашыць кадравую праблему ў 1918 г. Магілёўскі настаўніцкі інстытут быў пераўтвораны ў педагагічны – вышэйшую навуковую ўстанову, якая з 1919 г. называлася Інстытут народнай адукацыі. Ён дзейнічаў да ліпеня 1923 г., пасля чаго перадаў сваю матэрыяльную базу педтэхнікуму. Ствараліся спецыялізаваныя тэхнікумы і семінарыі. У 1919 г. аднавіў сваю дзейнасць Горы-Горацкі сельскагаспадарчы інстытут – старэйшая вышэйшая навучальная ўстанова нашай краіны.

Каб палепшыць матэрыяльную базу ўстаноў культуры і адукацыі рабіліся рэквізіцыі ў насельніцтва. Органы савецкай улады неаднаразова паведамлялі насельніцтву, што ўсе мастацкія каштоўнасці, у тым ліку кнігі, вазы, карціны, музычныя інструменты і г.д. павінны быць “пад страхам адказнасці перад рэвалюцыйным законам” перададзены органам народнай адукацыі. У павятовых гарадах назапасілася вялікая колькасць каштоўнасцей, з якой толькі частка трапіла ў школы, бібліятэкі, музеі. Астатняе было раскрадзена, перададзена савецкім установам, пры набліжэнні польскага фронту вывезена ў Гомель, а потым далей – на ўсход.

1920-я гады сталі яшчэ больш плённымі ў нацыянальна-культурным развіцці Беларусі. Пасля вяртання ўсходнебеларускіх зямель, на якіх да 1924 г. па сутнасці працягваўся царскі курс на русіфікацыю беларусаў, у БССР пачала праводзіцца палітыка “беларусізацыі”. У выніку яе рэалізацыі напрыканцы 1920-х гадоў ужо каля 90% навучэнцаў вучылася ў беларускіх школах, 95% выданняў газет і часопісаў друкавалася на беларускай мове. Справаводства дзяржаўных устаноў пераводзілася на беларускую мову, якая замацавалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у тым ліку і ў беларускіх тэрытарыяльных вайсковых фарміраваннях.

Шырокіх памераў дасягнуў краязнаўчы рух, удзельнікі якога па ўсяму магілёўскаму краю вывучалі мову, гісторыю, культуру, прыроду радзімы, займаліся лектарскай працай і аховай помнікаў. У 1927 г. быў выдадзены краязнаўчы зборнік ”Магілёўшчына”, літаратурны альманах “Дняпроўскія ўсплёскі”, які выдаў Магілёўскі філіял аб’яднання беларускіх пісьменнікаў “Маладняк”. Інтэнсіўна ішоў працэс фарміравання беларускага тэатра, мастацтва, музыкі, кінематаграфіі, пашырэння ўстаноў культуры і адукацыі. У 1924 г. у Магілёве была пастаўлена першая савецкая беларуская опера “Вызваленне працы” М. Чуркіна. Пад уплывам палітыкі беларусізацыі з эміграцыі вярнуўся шэраг дзеячаў беларускай культуры, у тым ліку наш зямляк, ураджэнец Клічаўшчыны, выдатны географ, першы прафесар геаграфіі А. Смоліч.

Побач і разам з беларускай культурай развівалася і культура нацыянальных меншасцей Беларусі. Статус дзяржаўных пры першынстве беларускай мелі таксама польская, руская і яўрэйская мовы. На ўсіх чатырох мовах выдаваліся газеты і часопісы. Побач з беларускімі ствараліся нацыянальныя школы і культурна-асветніцкія ўстановы. На тэрыторыі Магілёўскай акругі ў сярэдзіне 1920 гадоў было 15 польскіх, 9 рускіх, 16 яўрэйскіх школ. У вёсцы Сафійск дзейнічала літоўская, а ў вёсцы Латролшчы і Грудзінаўка дзве латышскія школы. У 1928 з 265 сельсаветаў акругі пяць было нацыянальных: польскі, два яўрэйскіх і два латышскіх.

 

Індустрыялізацыя 1930-х гадоў

Пасля выхаду на даваенны ўзровень вытворчасці ў прамысловасці быў узяты курс на паскораную індустрыялізацыю краіны і ў першую чаргу на павялічэнне, выпуску сродкаў вытворчасці і ваеннай тэхнікі. У канцы 1925 г. партыя аб’явіла курс на індустрыялізацыю народнай гаспадаркі.

У другой палове 1920 г. у Магілёве быў рэканструяваны металаапрацоўчы завод “Чырвонае адраджэнне”, 1926-1927 гадах пабудавана кандытарская фабрыка “10-й Кастрычнік”, запрацавалі гарбарная і швейная фабрыкі. У 1929 г. першамайскія калоны дэманстрантаў г. Магілёва прыйшлі на поле і пад гукі “Інтэрнацыянала” заклалі першую цагліну у фундамент фабрыкі штучнага валакна (завод штучнага валакна імя В. Куйбышава). А ўжо праз год пачало даваць прадукцыю першае ў БССР буйное прадпрыемства хімічнай прамысловасці – – галоўны аб’ект першай пяцігодкі ў Магілёве. У 1932 г. запрацаваў Магілёўскі трубаліцейны завод імя А. Мяснікова. Магілёў і Мінск злучыла сучасная аўтамагістраль. За гады першых пяцігодак у горадзе запрацавалі швейная фабрыка імя Валадарскага, аўтарамонтны завод імя С. Кірава, мэблевая і касцёваперепрацоўчая фабрыкі. На базе дробных гарбарных арцелей узнік гарбарны завод імя Сталіна. У 1937 г. уступіў у строй косцеперапрацоўчы завод, які пачаў выпускаць клей, касцявую муку і азотныя ўгнаенні. У 1938 годзе ў Магілёве дзейнічалі ўжо 53 прадпрыемствы саюзнага, рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання, на якіх працавала больш за 14 тыс. чалавек.

Пленум Магілёўскага акружкама партыі ў сакавіку 1928 г. прыняў рашэнне аб будаўніцтве сілікатнага завода ў Клімавічах, цаглянага ў Чавусах, вясковай электрастанцыі ў Бялынічах. У Крычаве ў 1930-я гады пачалі дзейнічаць цэментны, фасфарытны, мелавы, ільнозаводы, ЦЭЦ. У Бабруйску запрацавала вядомая швейная фабрыка імя Ф. Дзяржынскага. Прамысловыя прадпрыемствы будаваліся і ў іншых гарадах і мястэчках Магілёўшчыны. На заводах і фабрыках з мэтай павышэння прадукцыйнасці працы было арганізавана сацыялістычнае спаборніцтва. Напачатку “ўдарнікі”, а затым “стаханаўцы” паказвалі прыклады ўдарнай працы. Пад час індустрыялізацыі павялічвалася колькасць рабочага класа, было ліквідавана беспрацоўе. Тэмпы прамысловасці развіцця ў гады даваенных пяцігодак былі вышэйшыя за сярэднесусветныя і сярэднесаюзныя.

Для правядзення столь маштабнай індустрыялізацыі неабходна былі вялікія сродкі. З 1927 г. сталі штогадовымі ўнутраныя пазыкі, якія прымусова пад кантролем грамадскіх арганізацый размяшчаліся сярод насельніцтва. Часта праводзіліся дні бясплатнай працы – суботнікі, якія праводзіліся як сапраўдныя камуністычныя святы. Рэзка павялічыліся падаткі на прыватны сектар. Была адноўлена дзяржаўная манаполія на гарэлку, валютная манаполія. Індустрыялізацыя патрабавала вялікай напругі сіл грамадства. Пагоршылася матэрыяльнае становішча народу і асабліва сялянства. Была зноў уведзена картачная сістэма, якая забяспечвала мінімальны пражытачны ўзровень. Рэальная зарплата рабочых толькі ў 1940 г. зноў дасягнула ўзроўню 1928 г.

У сувязі з масавым будаўніцтвам і рэканструкцыяй заводаў і фабрык хутка пачалі расці гарады нашай вобласці. Насельніцтва Магілёва ў 1939 г. дасягнула амаль 100 тыс. Яно падвоілася за перыяд з 1926 да 1941 года, Бабруйска – 85 тыс чалавек. Паступова да лепшага мяняўся знешні воблік гарадоў.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: