Пасляваеннае адраджэнне і развіццё народнай гаспадаркі (1945-1990)

Першыя пасляваенныя гады былі дужа цяжкімі і напружанымі для Магілёўшчыны. Тысячы людзей жылі ў зямлянках, не даставала самага неабходнага рыштунку і хатняга начыння. Харчовая сітуацыя ў 1945-47 гг. была нават горшай за гады акупацыі, бо баявыя дзеянні 1944 г. канчаткова знясілілі сельскую гаспадарку. Вялікая дапамога Беларусі была аказана з саюзнага бюджэту. Са ўсходніх раёнаў СССР ў вобласць пастаўляліся машыны і абсталяванне, прадукты харчавання, пераганялася скаціна. У гарадах інтэнсіўна ішлі рамонтна-аднаўленчыя работы: разбіраліся завалы, пачалі працаваць даваенныя заводы, транспартныя і камунальныя службы. Паступова аднаўлялі сваю дзейнасць установы адукацыі, медыцыны, культуры. Гераічнымі звышчалавечымі намаганнямі вяскоўцаў і гараджан да канца пасляваеннай “пяцігодкі” была ў асноўным адноўлена сельская гаспадарка і прамысловасць вобласці. У сярэдзіне 1950-х апошнія сем`і былі пераселены з зямлянак. Патрыятычны ўздым і гонар за сваю краіну, якая змагла перамагчы самага небяспечнага заваёўніка ХХ ст., спрыялі поспехам у аднаўленні народнай гаспадаркі.

У 1950-80 гады значна вырас прамысловы патэнцыял Магілёўскай вобласці. У сувязі са з`яўленнем у Еўропе братніх для СССР сацыялістычных краін адсунуўся магчымы тэатр ваенных дзеянняў, і кіраўніцтва СССР узяло курс на развіццё ў рэспубліцы цяжкай індустрыі. Атрыманае па рэпарацыйных пастаўках з Германіі абсталяванне выкарыстоўвалася перш-наперш для развіцця машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Паступова сфарміраваўся моцны машынабудаўнічы комплекс. У Бабруйску пашыралі вытворчасць, або пачалі працаваць машынабудаўнічы завод імя І. В. Сталіна (пазней В. І. Леніна), заводы вагавымяральных прыбораў, суднарамонтны, трактарных дэталяў і агрэгатаў ды інш. У Магілёве працаваў металургічны завод, які доўгі час быў адзіным ў рэспубліцы, заводы “Строммашына”, які выпускаў абсталяванне для вытворчасці будматэрыялаў, “Электрарухавік”, “Тэхнапрыбор”, “Зеніт”, “Ліфтмаш”, прадукцыя якога працуе ў большасці вялікіх гарадоў былога СССР, многіх іншых краін, на касмадроме Байканур.

Карысталася попытам і прадукцыя Магілёўскага завода імя С. М. Кірава. Яна нават стала помнікам у іншых краінах свету. Прадпрыемства аднавілі сваю дзейнасць у 1947 г., як лакамабільны завод пад`ёмна-транспартнага абсталявання, а з 1958-59 гг. на заводзе пачаўся выпуск дарожна-будаўнічых аўтамабіляў. Магілёўскія скрэйперы шырока выкарыстоўваліся на будаўніцтве Новакахоўскай ГЭС ва Ўкраіне, і адзін з іх быў усталяваны на п`едэстал ў г. Новая Кахоўка. У Расіі каля Паўночнабайкальску стаіць падземны аўтапоезд, як помнік будаўнікам Байкала-Амурскай магістралі, якія прабівалі тут тунелі скрозь горныя хрыбты.    

У 1960-70 гады Магілёўшчына стала вобласцю вялікай хіміі. Пачалі дзейнічаць Бабруйскі гідролізны завод, адзін з буйнейшых у Еўропе камбінат “Бабруйскшына”. На Магілёўскім заводзе штучнага валакна пачаласявытворчасць цэлафану, штапеля. У 1965 г. у Магілёве распачалося будаўніцтва буйнейшага ў Еўропе камбіната “Хімвалакно”, які стаў дзейнічаць у 1968 г. Шырока вядома прадукцыя і Магілёўскага аб’еднання шоўкавых тканін. На пачатку 1980-х хімічная прамысловасць апярэдзіла машынабудаўніцтва і выйшла на першае месца ў аб’еме прамысловай вытворчасці вобласці.

У райцэнтрах развівалася харчовая, будаўнічая і дрэваапрацоўчая прамысловасць. Бабруйск стаў найбуйнейшым цэнтрам апошняй ва ўсёй рэспубліцы. Крычаў і Касцюковічы – вядучыя цэнтры цэментнай вытворчасці краіны. А прадукцыя Магілёўскіх і бабруйскіх швейных прадпрыемстваў была шырокавядомая ва многіх краінах свету. Выпрацоўвалі электраэнергію для прадпрыемстваў цеплаэлектрастанцыі Бабруйска, Крычава і Магілёва, Асіповіцкая, Чыгірынская і Цяцэрынская ГЭС.

Магілёў быў прамысловым лідэрам вобласці. У вялікіх маштабах рэканструяваліся, тэхнічна перааснашчаліся, мянялі профіль прадпрыемствы, пабудаваныя раней. Да вышэй пералічаных трэба дадаць хімкамбінат “Заря”, завод “Чырвоны металіст”, стужкаткацкую фабрыку, будаўнічы трэст №17 “Лаўсанбуд”, завод зборнага жалезабетону №7, камбінат сілікатных вырабаў, Магілёўскую ЦЭЦ-2, завод жалезабетонных вырабаў, “Магілёўсельмаш”, адзін з першых у СССР завод па перапрацоўцы бытавых адходаў, завод напояў, клеявы (жэлацінавы), штучнага валакна, піўны, маторарамонтны, а таксама швейную і абутковую фабрыкі. Шэраг прадпрыемстваў за высокія вытворчыя дасягненні, поспехі ў асваенні новай прадукцыі былі ўзнагароджаны ордэнамі СССР: завод “Электрарухавік” і камбінат “Хімвалакно” імя Леніна – ордэнамі Леніна, завод штучнага валакна імя Куйбышава – ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, завод “Строммашына” – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ліфтабудаўнічаму заводу было прысвоена званне прадпрыемства высокай культуры вытворчасці.

Сельская гаспадарка вобласці ў пасляваенны час па тэмпам росту вытворчасці значна адставала ад прамысловасці, а вёскі па свайму добраўпарадкаванню – ад гарадоў. Вялізарныя сродкі, якія ўкладваліся ў калгасна-саўгасную сістэму, не давалі неабходнай аддачы. Але дзякуючы ім, былі пабудаваны вялікія, часам гіганцкія, жывёлагадоўчыя комплексы, праведзена меліярацыя зямель, адбылося пераабсталяванне машына-трактарнага парка, хаця і павольна але павялічыўся дабрабыт жыхароў вёскі. Кадры спецыялістаў для вёскі паспяхова рыхтавала Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія. У кожным раёне ствараліся адна-дзве перадавыя гаспадаркі, такія як калгас “Рассвет” Кіраўскага, “Камінтэрн” Магілёўскага, Імя Фрунзе, Імя Кірава Шклоўскага раёнаў, Імя Чкалава Горацкага ды інш. У 1960-70 гады пачала рэалізоўвацца праграма зносу “неперспектыўных” вёсак і перасяленне іх жыхароў у буйныя аграпасёлкі.

Рост прамысловасці ва многім прадвызначыў хуткі рост насельніцтва гарадоў рэгіёна. З канца 1950 гадоў пачалася газіфікацыя гарадоў і масавае жыллёвае будаўніцтва новых мікрараёнаў. Абласны цэнтр быў найбуйнейшым з гарадоў. Калі ў пачатку 1960-х гадоў у горадзе было каля 20 буйных прадпрыемстваў, то за 1960-1990 гг. тут з’явілася больш як 40 новых прамысловых аб’ектаў. Насельніцтва Магілёў вырасла са 120 тысяч чалавек у 1957 годзе, да 200-т у напачатку 1970-х гг., праз дзесяцігоддзе яго насельніцтва перавысіла 300 тыс, а напачатку ХХІ ст. дасягнула 370 тыс чал. Адным з буйнейшых гарадоў краіны стаў Бабруйск, колькасць жыхароў якога сёння большая за 230 тыс чал. Ва ўсіх гарадах вобласці праводзілася добраўпарадкаванне вуліц, арганізоўваліся аўтобусныя перавозкі, у Магілёве і Бабруйску пушчаны тралейбусы.

Станоўча паўплывала на развіццё Бабруйска існаванне з 1944 па 1954 гг. Бабруйскай вобласці. Па магчымасцях тых часоў ішло добраўпарадкаванне горада. Пасля ліквідацыі Бабруйскай вобласці Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі раёны былі вернуты, а ў 1960 г. Глускі раён перададзены ў склад Магілёўскай вобласці. У 1964 г. сем населеных пунктаў Музыкінскага сельсавета Смаленскай вобласці РСФСР былі далучаны да Мсціслаўскага раёна. Гэта стала вынікам шматлікіх просьбаў беларускага насельніцтва тых прыгранічных раёнаў Смаленшчыны, што ў свой час ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, потым Магілёўскай губерні і жадалі знаходзіцца ў складзе Беларусі. Былі выкананы толькі пажаданні жыхароў тых вёсак, што знаходзіліся побач з Мсціславам.

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: