double arrow

Правапіс вялікай і малой літар

З вялікай літары пішуцца:

- першае слова ў сказе, першае слова пасля клічніка, якім выдзяляецца зваротак, а таксама выклічнік у пачатку сказа: Былі пагодныя дні. З сонцам ад рання да вечара, з сінім небам. Уцякай, мароз-дзядуля! Чуеш ты, стары, ці не?. Усю дарогу праз лес мяне суправаджала нябачная птушка тоненькім жалобным плачам. Што яна страціла? Па чым плакала? Найсмачнейшыя цяпер брусніцыяк вінныя яблыкі... Яны на пасецы растуць шышкамі. Як бабок на балоце. Зямля Беларусі! Табой мы сагрэты, ніколі не сходзіш ты з нашых вачэй. А-я-яй! Хто ж бы гэта мог падумаць! Гэтакі, здаецца, чалавек!..;

- першае слова ў пачатку простай мовы, у пачатку цытаты, якая з’яўляецца самастойным сказам: Ён падумаў: «Ніхто цябе не бачыць, ніхто не ведае, якая ты слаўная і мілая,і дадаў:Дурні яны!» П. Глебка з поўнай падставай пісаў: «Лірычную плынь унёс у нашу празаічную мову М. Лынькоў». Калі цытата ўключаецца ў просты ці складаны сказ у якасці яго граматычнай часткі, тады яна пачынаецца з малой літары: Якуб Колас справядліва ўказваў, што «родная мовагэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет». Паводле глыбокага пераканання Дубоўкі, моўныя скарбыу народзе, «настаўнікаў, мудрэйшых, чым народ, не бывае»;

- імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, а таксама дадатковыя азначэнні пры гэтых назвах; клічкі жывёл, птушак і іншых істот: Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, Казімір Чацвёрты Ягелончык, Іаан Багаслоў, Кірыла Тураўскі, Вольфганг Амадэй Моцарт; Дон Кіхот, Нестар Летапісец; карова Красуля, папугай Гоша;

- прозвішчы, а таксама імёны ў множным ліку, калі яны выступаюць як назва роду, групы асоб ці ўжываюцца ў значэнні агульнай назвы: Міцкевічы, браты Гарэцкія, маёнтак Тышкевічаў, род Радзівілаў, абодва Жукі, бязродныя Іваны; Гагарыны (але асабовыя імёны, прозвішчы ў форме множнага ліку, якія перадаюць пагардлівыя, зневажальныя адносіны, пішуцца з малой літары: гарлахвацкія, кручковы);

- геаграфічныя, дзяржаўныя, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя і астранамічныя назвы (акрамя слоў з родавым значэннем рака, горад, плошча, востраў, вуліца, вобласць, раён, зорка, мыс і г.д.): Мінск, Нёман, Новае сяло, Аўстралія, Рэспубліка Беларусь, возера Свіцязь, Віцебская вобласць, зорка Венера, Млечны Шлях, пустыня Сахара, Балканскі паўвостраў, мыс Добрай Надзеі;

- назвы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый:

а) усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная Дума Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, Нацыянальны Кангрэс (у Злучаных Штатах Амерыкі), Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў;але: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

б) першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (Белтэлерадыёкампанія), Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Сусветны паштовы саюз;

в) простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, Таварыства Чырвонага Крыжа, Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТА);

г) слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў; але: сельсавет;

д) словы Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Зімовы палац, дом адпачынку;

- аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах кніг, газет, часопісаў, устаноў, арганізацый, заводаў, караблёў, машын пішуцца з вялікай літары і бяруцца ў двукоссе: часопіс «Полымя», аўтамабіль «Масквіч», опера «Кастусь Каліноўскі», верш М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», перыядычнае даведачнае выданне «Летапіс друку», выдавецтва «Вышэйшая школа», набор мэблі «Вязынка», хлеб «Водар», кафэ «Вясна»; назвы саміх вырабаў (акрамя назваў, што супадаюць з асабовымі і геаграфічнымі назвамі) пішуцца ў двукоссі з малой літары: «масквіч», «вольва», «боінг», «гарызонт» (тэлевізар); але: «Мінск» (халадзільнік), «Волга» (аўтамабіль);

- аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, свят: Варфаламееўская ноч, Адраджэнне, Рэфармацыя, Крыжовыя паходы, Лядовае пабоішча, Крычаўскае паўстанне, Супраціўленне, Першая (Другая) сусветная вайна, Каляды, Радаўніца, Новы год, Таццянін дзень, Дзень ведаў, Вялікая субота; але: грамадзянская вайна, імперыялістычная вайна, лютаўская рэвалюцыя, кайназойская эра, эпоха феадалізму, неаліт, залаты век, высакосны год, санітарны дзень, месячнік пажарнай бяспекі;

- словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Папа Рымскі, Далай-Лама. У неафі­цыйным ужыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары: візіт прэзідэнта, выступленне старшыні, прыём у караля, загад імператара; але: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

- найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, асабовыя імёны заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, біблейскіх асоб, імёны легендарных і міфічных асоб, уласныя назвы казачных істот і герояў літаратурных твораў, назвы культавых кніг: Бог, Алах, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая Тройца, Прасвятая Тройца, Прасвятая Дзева Марыя, Ісус Хрыстос, Буда, Святы Павел, Геркулес, Зеўс, Пярун, Чырвоная Шапачка, Калабок, Біблія, Каран; з малой літары пішуцца: слова бог (гасподзь)ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог (алах) яго ведае, дай божа, крый бог (божа), не давядзі бог (божа, госпадзі), алах з ім, а таксама агульныя назвы ўяўных істот: архангел, анёл, херувім, фея, муза, дамавік, лясун, русалка, гном і інш.

- усе словы ў назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій: Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы, Курган Бессмяротнасці, Востраў Слёз, Помнік Перамогі;

- усе словы ў поўных назвах ордэнаў і медалёў (акрамя слоў медаль, ордэн і ступень): медаль «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза, медаль «Залатая Зорка» Героя Сацыялістычнай Працы, ордэн Айчыны І (ІІ, ІІІ) ступені, ордэн Маці, ордэн Пашаны, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Ганаровага Легіёна (Францыя), Георгіеўскі Крыж; але: ордэн Дружбы народаў;

- першае слова ў назвах дзяржаўных сімвалаў, дзяржаўных і міжна­родных прэмій, грамат, прызоў і інш.: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжнародная прэмія Міру, Нобелеўская прэмія, Кубак свету, Кубак федэрацыі, Каралеўскі кубак;

- прыметнікі ва ўласных назвах, калі яны паказваюць на прыналежнасць (утвораны ад асабовых імён і клічак жывёл, мянушак пры дапамозе суфіксаў -ов-, -оў (-ав-, -аў), -ёв-, -ёў (-ев-, -еў), -ын-, -ін-) або ўваходзяць у склад назваў, сінанімічных словам імя, памяці: Скарынавы выданні, Багдановічаў верш, Міхасёвы прыгоды, Васілёў голас, Купалаўская прэмія (прэмія імя Янкі Купалы), Нобелеўская прэмія, Коласаўская стыпендыя (стыпендыя імя Якуба Коласа), Гарэцкія чытанні (чытанні, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму).

З малой літары пішуцца:

- агульныя назвы людзей, прадметаў, рэчываў і хімічных элементаў, адзінак вымярэння, якія ўтварыліся на аснове асабовых і геаграфічных назваў: донжуан (быў донжуанам), донкіхот (такі донкіхот), эскулап; бефстроганаў, браўнінг, дызель, кацюша, маўзер, маргарытка, наган, такай, форд, фрэнч, морфій, амерыцый, палоній, уран, фермій; ампер, вольт, джоўль, ом, рэнтген, фарада;

- назвы чалавека, утвораныя ад асабовых імёнаў, якія ўказваюць на яго прыналежнасць або прыхільнасць да каго-, чаго-небудзь: гегельянец, купалавец, магаметанін, махновец, талстовец;

- назвы нацыянальнасцей, плямёнаў, а таксама словы, якія паказваюць на месца пражывання: грузіны, армяне, дрыгавічы, беларус, мінчанін;

- артыклі і часціцы ў іншамоўных уласных імёнах: Лопэ дэ Вега, Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы;

- прыметнікі, утвораныя ад асабовых назваў, якія ўжываюцца ў складзе ўстойлівых спалучэнняў з назоўнікамі (фразеалагізмаў) або ў складзе састаўных агульных назваў са значэннем адпаведнай адноснай прыкметы: пірава перамога, ахілесава пята, танталавы мукі, шамякаў суд, бальзакаўскі ўзрост, броўнаўскі рух, гегелеўская дыялектыка, напалеонаўскія планы, рэнтгенаўскі здымак, сідарава каза;

- прыметнікі, утвораныя ад уласных назваў з дапамогай суфіксаў -аўск-, -еўск-, -анск-, -інск- (-ынск-), акрамя назоўнікаў, сінанімічных словам імя, памяці: нёманскія краявіды, сочынскія курорты, коласаўскія мясціны, мележаўскія раманы;

- назвы парод жывёл: балонка, дог, пудзель;

- словы сонца, месяц, зямля, калі яны не з’яўляюцца назвамі нябесных цел.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: