Лік назоўнікаў

Род назоўнікаў

Кожны назоўнік у форме адзіночнага ліку належыць да аднаго з трох родаў:

- мужчынскага: край, падручнік, бацька;

- жаночага: зямля, дарога, восень;

- ніякага: падарожжа, галлё, гумно.

Ёсць назоўнікі, якія могуць адносіцца і да мужчынскага, і да жаночага роду. Гэта назоўнікі агульнага роду: няўмека, стыляга, плакса, забіяка, непаседа, сірата, ціхоня, ляўша, запявала, старшыня і г.д. Ад іх трэба адрозніваць назвы асоб мужчынскага і жаночага полу, што ўказваюць на прафесійны занятак, пасаду і звычайна маюць форму мужчынкага роду: доктар, інжынер, прафесар, рэдактар, дырэктар. Граматычны род у такіх выпадках вызначаецца сінтаксічна, па дапасаваных словах: дырэктар Сталярова, рэдактар падпісаў, рэдактар падпісала.

Род нескланяльных назоўнікаў іншамоўнага паходжання вызначаецца наступным чынам:

- да мужчынскага роду адносяцца назвы асоб, жывёл і птушак мужчынскага полу: ваенны аташэ, кітайскі кулі, вялікі шымпанзэ, ружовы фламінга;

- да жаночага роду адносяцца назвы асоб жаночага полу: мадам, місіс, фрау, пані;

- да ніякага роду адносяцца назвы неадушаўлёных прадметаў: новае атэлье, воднае пола, прасторнае фае, аўтарытэтнае журы.

Род нескланяльных уласных назваў вызначаецца на аснове роду агульнага назоўніка: Баку, Тбілісі (горад), Хонсю (востраў) – мужчынскі род; Місісіпі (рака) – жаночы род; Антарыа (возера) – ніякі род.

Род нескланяльных складанаскарочаных назоўнікаў вызначаецца па апорным слове: БелАЗ (Беларускі аўтамабільны завод) – мужчынскі род; ААН (Арганізацыя Аб'яднаных Нацый) – жаночы род; ТБМ (Таварыства беларускай мовы) – ніякі род.

Род некаторых назоўнікаў у беларускай мове не супадае з родам тых самых назоўнікаў у рускай мове: цень, боль, мазоль, дроб, медаль, шынель, стэп, жывапіс, запіс, шаль, фальш, палын, насып, россып, летапіс у беларускай мове мужчынскага роду, а ў рускай – жаночага; гусь, жырафа, лебедзь, таполя, салата ў беларускай мове жаночага роду, а ў рускай – мужчынскага; яблык у беларускай мове мужчынскага роду, а ў рускай ніякага.

Назоўнікам, якія ўжываюцца толькі ў форме множнага ліку, граматычны род не ўласцівы: дзверы, абцугі, акуляры.

Лік назоўнікаў – граматычная катэгорыя, якая выражае колькасць прадметаў у шэрагу аднародных.

Большасць назоўнікаў беларускай мовы маюць два лікі – адзіночны і множны: вуліца – вуліцы, стол – сталы, акно – вокны. Аднак ёсць назоўнікі, якія не змяняюцца па ліках і маюць або толькі адзіночны, або толькі множны лік.

Да назоўнікаў, якія заўсёды ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку, адносяцца:

- рэчыўныя: малако, золата, чарніла, цукар, масла, цэмент, чай, павідла;

- зборныя: дзятва, студэнцтва, моладзь, калоссе, птаства, бярэзнік, насенне;

- абстрактныя: ініцыятыва, сумленне, годнасць, прынцыповасць, радасць;

- уласныя: Нарач, Сож, Магілёў, «Вясёлка» (часопіс).

Да назоўнікаў, якія заўсёды ўжываюцца толькі ў множным ліку, адносяцца назоўнікі, што абазначаюць:

- канкрэтныя прадметы, якія складаюцца з дзвюх або некалькіх частак: нажніцы, акуляры, сані, абцугі, шорты, джынсы, калготы;

- некаторыя рэчывы, прадукты вытворчасці: кансервы, дрожджы, апілкі, духі;

- народныя звычаі, гульні: дажынкі, вячоркі, адведкі, хованкі, шахматы;

- прыродныя з’явы, адрэзкі часу: замаразкі, прыцемкі, суткі, канікулы;

- некаторыя геаграфічныя назвы: Клімавічы, Бялынічы, Філіпіны, Альпы.

Лік некаторых назоўнікаў у беларускай і рускай мовах не супадае. Напрыклад, назоўнікі грудзі, чарніцы, каноплі ў беларускай мове ўжываюцца толькі ў форме множнага ліку, а ў рускай мове грудь, черника, конопля – назоўнікі адзіночнага ліку; назоўнікі бяліла, чарніла ў беларускай мове маюць форму адзіночнага ліку, а ў рускай мове белила, чернила – назоўнікі множнага ліку.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: