Культура Егіпта эпохі элінізму

Пасля Рамсеса ІІ у краіне пачынаецца стагнацыя, заняпад. Сусветна-гістарычнае значэнне Егіпта вычарпана, затое ўзыходзіць зорка Грэцыі. Прычым грэкі з велізарнай павагай ставіліся да культуры Егіпта, шмат вучыліся тут; для іх Егіпет (як і для нас) назаўсёды застаўся краінай цудаў, таямніц, загадак. Яшчэ вельмі доўга – тысячу гадоў, нягледзячы на адсутнасць новых дасягненняў, культура Егіпта працягвала жывіць сабою культуру ўсяго Міжземнамор’я. А ў ІV ст. да н. э. Егіпет перажывае новы ўзлёт, звязаны з жыццём і дзейнасцю Аляксандра Македонскага.

У 332 г. да н. э. Аляксандр высаджваецца на беразе Егіпта. Яго сустракаюць радасна і ўрачыста, аб’яўляюць сынам бога Амона. Стаўшы царом Егіпта ў выніку мірнага заваявання, Аляксандр асноўвае ў бухце каля Дэльты горад Александрыю і працягвае свае паходы ўжо ў Азіі. Яго вышэйшае дасягненне як палкаводца – перамога над агромністай Персідскай імперыяй. Дайшоў ён і да Індыі, але, не авалодаўшы ёю, вымушаны быў павярнуць назад і ў 323 г. да н. э. раптоўна памёр у горадзе Вавілоне ва ўзросце 33 гадоў. Адразу пасля смерці цара агромністую імперыю падзялілі паміж сабою яго сябры і паплечнікі – так званыя дыядохі. Егіпет – самая багатая частка імперыі – дастаўся Пталемею, бліжэйшаму сябру і, як сцвярджаюць антычныя аўтары, брату Аляксандра па бацьку. З вялікай пашанай Пталемей бальзамуе цела Аляксандра, кладзе яго ў мёд, прывозіць у Александрыю, будуе для яго маўзалей. Праўда, з пачатку нашай эры звесткі пра маўзалей знікаюць з запісаў падарожнікаў, і мы сёння не ведаем, дзе знаходзіцца цела Аляксандра. А ў Егіпце пачынаецца эпоха праўлення македонска-грэцкай дынастыі Пталемеяў, з якой звязаны росквіт культуры Егіпта і нават надзвычай важная з’ява ў культуры чалавецтва, якая носіць назву элінізму. Элінізм – сінтэз мастацтва Захаду і Усходу, у прыватнасці грэцкага (пазней рымскага) і егіпецкага, грэцкага і персідскага. Такі сінтэз аказаўся надзвычай прадуктыўным для развіцця сусветнай культуры.

Пталемей – цар Егіпта – перанёс сталіцу краіны з Фіваў у Александрыю. Будаваў горад выдатны македонскі дойлід Хейракрат. У даволі хуткім часе Александрыя робіцца не толькі сталіцай Егіпта, але фактычнай сталіцай усяго Міжземнамор’я.

Горад быў разбіты на прамавугольныя кварталы. Уздоўж шырокіх цэнтральных вуліц, пасярод садоў, размяшчаліся шыкоўныя катэджы і палацы. Дамы будаваліся ў грэцкім стылі, хоць жылі тут як грэкі (40%), так і яўрэі (40%), часткова егіпцяне (20%).

Звяртаюць на сябе ўвагу наступныя збудаванні. Перш за ўсё Мусейон(Храм Муз), як бы універсітэт і акадэмія адначасова. Гэта цэлы комплекс будынкаў сярод вялікага парка. Сюды Пталемеі запрашалі самых знакамітых навукоўцаў, паэтаў і мастакоў свету і прадстаўлялі ім усе магчымасці для працы і камфартабельнага жыцця. І ў наш час умовы, неабходныя для плённай творчасці александрыйскім навукоўцам, уражваюць – тут былі: астранамічная абсерваторыя, анатамічны тэатр, майстэрні, батанічны сад, заапарк, аўдыторыі для заняткаў, добраўпарадкаванае жыллё для саміх вучоных і мастакоў. У Мусейоне некаторы час жыў нават Архімед, працаваў выдатны географ Эратасфен, які вылічыў памер Зямнога шара (александрыйскія вучоныя ад егіпецкіх жрацоў ведалі, што Зямля – шар), заснавальнік навуковай картаграфіі астраном Клаўдзій Пталемей (родзіч цароў), філосафы Філон Александрыйскі і Плоцін, хірург Гелен.

Самае выдатнае ў комплексе Мусейона – знакамітая Александрыйская бібліятэка. Багацейшай за яе ў гісторыі не было, маючы на ўвазе менавіта якасць рукапісаў, іх фенаменальную інфарматыўнасць. Будынак бібліятэкі – у выглядзе грэцкага храма – будаваў яшчэ Пталемей І, вучань, як і Аляксандр Македонскі, самога Арыстоцеля! А Пталемей ІІ набыў найбольш славутыя творы-арыгіналы грэцкіх класікаў – Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда, заплаціўшы за іх каласальную па тым часе суму. Прыкупіў ён і вядомую Пергамскую бібліятэку (ад Пергама ідзе назва пергаменту, хоць на тонка вырабленых скурах пісалі намнога раней). Усяго да пачатку нашай эры ў Александрыйскай бібліятэцы сабралася 700000 рукапісаў. Пазней, кажуць, даходзіла да мільёна. Менавіта тут узніклі навукі, звязаная з бібліятэчнай справай. Тут квітнела і філалагічная школа, галоўнае дасягненне якой – збіранне і выданне поўнага збору твораў Гамера і яго паслядоўнікаў. Дырэктарамі бібліятэкі Пталемеі заўсёды прызначалі слынных паэтаў, напрыклад, Калімаха, Апалонія Радоскага. Тут цары сабралі і старажытныя рукапісы з усіх храмаў Егіпта. Але гэта была памылка Пталемеяў, бо ўсю бібліятэку знішчылі ў 641 г. арабы, калі заваявалі Егіпет. Паўгода ў сотнях лазняў Александрыі гарэлі папірусы і пергаменты. Нешматлікія кнігі, якія ўдалося выратаваць, потым захоўвалі розныя патаемныя ордэны і секты. Арабы, якія праз некалькі стагоддзяў, пасля заканчэння сваіх заваяванняў, заняліся культурай, куплялі александрыйскія рукапісы ў яўрэяў. І гэта якраз тлумачыць нечаканы росквіт арабскай культуры ў эпоху Сярэднявечча. А на самай справе меў месца плагіят! Увогуле ж, калі б захавалася Александрыйская бібліятэка, развіццё чалавецтва пайшло б зусім іншым шляхам – тут былі рукапісы, магчыма, яшчэ з Атлантыды.

Яшчэ адно выдатнейшае і абсалютна ўнікальнае збудаванне ў Александрыі – Фароскі маяк, сёмы з цудаў свету (першы – піраміды).

У тагачаснай сталіцы Егіпта быў агромністы порт (і сёння порт у шасцімільённай Александрыі – самы вялікі на Міжземным моры), але падыход да берага цяжкі: мноства камянёў і мелі ад пяску і глею, што прыносіў Ніл. Таму Пталемей ІІ вырашыў пабудаваць маяк на востраве Фарос (ад яго назвы паходзіць слова “фара”) у заліве, на беразе якога і раскінулася Александрыя.

Будаваў маяк знакаміты грэцкі архітэктар Састрат. Пачаў будоўлю ў285 г. да н.э. і ўзвёў каласальны гмах усяго за пяць гадоў. Каштаваў ён 800 талантаў (самая вялікая грашовая адзінка ў старажытным свеце) – сума неверагодная: гэта 21 тона золата.

Маяк – агромністая вежа. Агульная вышыня – 160 м, больш за піраміды Гізы. Подыум вышынёй у 70 м з’яўляўся крэпасцю, арсеналам, тут размяшчаўся гарнізон. Сярэдняя частка – мармуровая, васьмівугольная. Таўшчыня сценаў даходзіла да 8 м. Верхні ярус быў увенчаны ратондай з купалам, на якім стаяла 7-мятровая скульптура бога Пасейдона. У самой ратондзе дзень і ноч гарэў агонь, абкружаны сістэмай люстэрак і заглушак, з дапамогай якіх перадавалі паведамленні як бы на спецыяльнай мове агню. З дапамогай яшчэ адной тэлескапічнай сістэмы люстэрак можна было сачыць за варожымі караблямі, якія плылі далёка ў моры. Яркае святло маяка было відаць за 100 км. Унутры маяка – пандус, які падымаўся ўздоўж сценаў спіраллю: для ослікаў, якія насілі наверх дровы, ён аказаўся больш зручны, чым лесвіца. Але былі і ліфты.

На другім ярусе маяка звонку стаялі пазалачоныя бронзавыя жаночыя скульптуры – фактычна робаты. Побач з імі размяшчаліся розныя прыборы, якія паказвалі сілу ветру і марскіх хваляў, напрамак ветру, рух сонца і месяца, а таксама размяшчалася вялікая клепсідра (вадзяны гадзіннік і фактычна своеасаблівы камп’ютар, які ўпраўляў робатамі, даваў для іх энергію). Робаты прыборамі кіравалі, яны ж званілі ў звон і трубілі ў рог падчас туману. Скульптуры-аўтаматы пастаянна знаходзіліся ў руху – гэта быў своеасаблівы тэатр, за якім заўсёды з вялікай цікавасцю сачылі гараджане і шматлікія турысты (і тады яны былі). Скульптуры рабіў або сам Архімед, або яго вучні. Робаты здаваліся літаральна жывымі істотамі – настолькі дасканалыя былі іх рухі. Увогуле ўвесь маяк уражваў рознымі цудамі, фенаменальнай вышынёй і прыгажосцю. Больш высокага маяка не было ў свеце і няма цяпер. Маяк стаў прататыпам для хмарачосаў Амерыкі, а за імі – і ўсяго свету.

Маяк увасаблялі ў манетах, у розных малюнках. Яго ведалі лепш, чым нават праслаўлены Мусейон. Кожны чалавек у тагачасным свеце яскрава ўяўляў яго лаканічны і выразны сілуэт.

Амаль дзве тысячы гадоў праіснаваў гэты выключны будынак. А дзе ж ён цяпер? Калі Егіпет заваявалі арабы, халіф аль-Валід вырашыў, што ў такім прыгожым будынку Пталемеі яўна замуравалі скарб, і загадаў разабраць маяк. Разабралі да палавіны і тады зразумелі, што назад не збяруць. Ледзь-ледзь неяк сабралі, але цудоўныя скульптуры зніклі, парушана была і складаная сістэма механізмаў. Дрэнная зборка (варвары-арабы – гэта ж не грэкі-разумнікі!) абумовіла нетрываласць будынка падчас землятрусаў. Але нават у эпоху Адраджэння маяк яшчэ існаваў. У ХVІ ст. Егіпет заваявалі туркі і давяршылі разбурэнне маяка. Сёння яго подыум з’яўляецца часткаю крэпасці, пабудаванай туркамі. Але да “арабскай вясны” 2011 г. працавала егіпецка-французская падводная археалагічная экспедыцыя, якая з дна бухты падняла шматлікія часткі ўпрыгожання маяка і нават грандыёзную 8-метровую скульптуру самога цара Пталемея.

На дне мора (якое аднойчы наступіла і затапіла бераг) археолагі знайшлі яшчэ адно выдатнае збудаванне Александрыі – палац царыцыКлеапатры. Ён уражваў сваёй фенаменальнай раскошай – хутчэй егіпецкай, чым грэцкай, хоць Клеапатра – таксама з македонска-грэцкага роду Пталемеяў (апошняя ў родзе). Некаторыя залы тут былі па 500 квадратных метраў, іх упрыгожвалі таўшчэзныя калоны, велізарныя скульптуры – у духу Рамсесаў. Калі Клеапатра сустракала свайго каханага – рымляніна Антонія, то загадала падлогу ва ўсім велізарным палацы пасыпаць пялёсткамі руж у паўметра вышынёй. Дзверы тут былі з эбенавага дрэва, упрыгожаныя золатам і каштоўнымі камянямі. Увогуле золата блішчэла на кожным кроку. Існавала легенда, што царыца абрабавала піраміду Мікерына, у якой захоўваўся скарб, прызначаны для выратавання краіны ў самы цяжкі для яе час, калі б ён наступіў. А Клеапатра пусціла скарб на задавальненне сваёй прагі раскошы. За гэта Бог пакараў краіну: менавіта пры царыцы Клеапатры, якая скончыла жыццё самагубствам, Егіпет страціў незалежнасць (у 30 г. да н. э.), быў заваяваны Рымам (Аўгустам) і стаў яго правінцыяй. Праўда, эпоха элінізму працягвалася: і пры Рыме працавалі выдатныя вучоныя, квітнела мастацкае жыццё, існавалі шматлікія філасофскія школы. Гэта быў сапраўдны плавільны кацёл ідэй, канцэпцый, тэорый, мастацкіх твораў. Тут жа, амаль адразу пасля ўзнікнення хрысціянства, з’явіліся і першыя хрысціяне.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: