Іран сярэднявечны і сучасны

Цяжкім выпрабаваннем для народаў Ірана, Афганістана і Сярэдняй Азіі было выключна разбуральнае мангольскае заваяванне. Пасля наступу Чынгізідаў літаральна сотні квітнеючых гарадоў ляжалі ў руінах. Культура названых краін аказалася адкінутай далёка назад, і ў Афганістане, Сярэдняй Азіі ўжо практычна ў ранейшым выглядзе ніколі не ўзнавілася. Іран жа здолеў падняцца. Але толькі ў канцы ХІІІ–пачатку ХІV стст. тут аднавіліся разбураныя гарады, ажывіўся гандаль. У 1370 г. Іран, як і Сярэдняя Азія, увайшоў у склад велізарнай імперыі аднаго з Чынгізідаў – Цімура (гэта той Цімур, які ішоў на Маскву, але адмовіўся ад яе заваявання, убачыўшы ў сне Божую Маці). Яго сталіца – Самарканд – тады пераўзыходзіла ўсе іншыя сталіцы свету. Іран знаходзіўся на перыферыі дзяржавы Цімурыдаў, але і тут назіраўся культурны ўздым. Іранскія дойліды адмовіліся ад арабскай архітэктуры і вярнуліся да мясцовай традыцыі храма-чартака. Склаўся свой нацыянальны стыль архітэктуры: вялікая забудова з унутраным дваром. У цэнтры кожнага боку сцяны ўзвышаецца высокі айван – зала з вялікай аркай, адкрытай у двор. Будынкі былі ўпрыгожаны цудоўным арнаментам з кафлі – пераважна блакітнай і жоўтай (традыцыі Вавілона). Найбольш вядомыя шэдэўры гэтага тыпу – плошча Рэгістан у Самаркандзе і Саборная мячэць у Ісфагане.

Новы ўзлёт у культуры Ірана – ХVІ–ХVІІ стст. Тады на тэрыторыі Ірана зноў утварылася вялікая імперыі, у склад якой уваходзіла ўласна Персія, Афганістан, Азербайджан, Арменія, Грузія. Сталічны горад Ісфаган налічваў каля мільёна жыхароў, канкурыруючы з Лонданам – на той час самым населеным горадам Еўропы. У Ісфагане было пабудавана 230 мячэцяў. Шмат якія з іх захаваліся. Выключную цікавасць і ў наш час выклікае мячэць з так званымі “рухомымі мінарэтамі”. Любы чалавек можа падняцца на дах мячэці і пачаць раскачваць адзін з даволі масіўных мінарэтаў (высокая калона з лесвіцай унутры і балкончыкам наверсе). І тут жа, у такт яму, пачне раскачвацца другі мінарэт. Сучасныя інжынеры не могуць разгадаць гэты цуд будаўнічай тэхнікі. Адна аўтарытэтная будаўнічая французская фірма прапаноўвала разабраць мячэць, каб даведацца пра сакрэт, аднак іранцы адмовіліся. Уражвае і велізарная Шахская плошча, на якую выходзілі царскія палацы, мячэці, караван-сараі, базары. Тут наладжваліся шыкоўныя парады, баі драпежных жывёл, гульні на конях. Ад плошчы адыходзіла галоўная магістраль Ісфагана, абсаджаная алеямі платанаў і таполяў. Па баках цягнуліся доўгія каналы і басейны з фантанамі, а за імі – шыкоўныя палацы. Елісейскія палі ўПарыжы (цэнтральныя бульвары) ствараліся менавіта па іранскім узоры, але ім нават сёння далёка да праспекта Ісфагана.

Увогуле культура Ірана ісфагаганскага перыяду адрозніваецца асаблівай веліччу і раскошаю. Абліцоўка кафляй палацаў робіцца яшчэ больш яркай, насычанай расліннымі матывамі. Асаблівую славу гораду прынеслі сады. Іх планіроўка строгая, геаметрычная (у Еўропе ў гэты час такія ж – сады Версаля ў Францыі). Прамавугольныя ўчасткі засаджваліся дрэвамі аднаго віду – абрыкосамі, гранатамі, вішнямі, слівамі. Прамыя каналы злучаліся з вадаёмамі складаных абрысаў. Кветкі раслі ўсюды (менавіта з Персіі паходзяць ружы, цюльпаны, нарцысы). У парках свабодна гулялі касулі, паўліны, фазаны, гепарды. У сажалках плавалі лебедзі і качкі.

У гэты час тут квітнее мастацтва мініяцюры. Менавіта персідская школа мініяцюры, як і індыйская, уражвае сілаю фантазіі, выключнай паэтычнасцю. Мастацтва паэзіі і мастацтва мініяцюры маюць адзіную эстэтыку. Мастацтва мініяцюры – умоўнае і дэкаратыўнае. Гэта жывапіс без светаценю і без перспектывы. Выява будуецца на аснове тонкага лінейнага малюнка і спалучэння яркіх фарбаў. Як і ў паэзіі, у мініяцюры панаваў звычай паўтарэння любімых сюжэтаў і матываў. У той жа час мініяцюра як мастацтва свецкае было найбольш набліжана да рэальнасці. Ілюстрацыі запоўнены пейзажамі, архітэктурнымі збудаваннямі, прадметамі побыту. Малявалі і людзей, хоць у ісламе гэта забаронена. Свет усходняй мініяцюры – зліццё рэальнасці, вымыслу і сімволікі. Яе вобразы святочныя, поўныя радасцю жыцця. Часцей тут паказаны шыкоўны казачны сад. Увогуле сад – як бы цэнтр іранскай культуры. Успомнім, што ў той самы час наш Сімяон Полацкі таксама апяваў сад (“вертаград”) як ідэал жыцця на зямлі. У Кітаі і Японіі таксама ўжо сфармавалася паэтыка садоў.

Персідскае дэкаратыўнае мастацтва адзначана высокім густам і вытанчанай прыгажосцю. Ва ўсіх яго відах – тканінах, дыванах, кераміцы, зброі, посудзе – іранскія майстры дасягнулі выключных мастацкіх поспехаў (бо існавала магутная традыцыя).

У ХVІ–ХVІІ стст. асаблівага росквіту дасягнула вытворчасць тканін і дываноў. Тут выраблялі шоўк розных гатункаў, аксаміт. Іранскія тканіны карысталіся сусветнай славай, іх шырока вывозілі на Захад, у тым ліку ў Масковію, у ВКЛ. Асабліва вядомыя былі тканіны з расліннымі арнаментамі. Звычайна гэта кветкі – ірысы, гіяцынты¸ цюльпаны, нарцысы, півоні. Такога кшталту арнамент аказаў уплыў і на беларускае мастацтва. Але ўспомнім: у М. Багдановіча слуцкія ткачыхі ткуць “замест персідскага ўзора цвяток радзімы васілька” (У М. Багдановіча ёсць чатырохрадкоўі з назвай “Пярсідскія”. Аддавалі даніну персідскай экзотыцы і А. Пушкін, і С. Ясенін). [Я не згодна з сённяшнім “развянчаннем” М. Багдановіча: вышывалі слуцкія паясы ў майстэрнях Радзівілаў мужчыны. Але на самай справе было па-рознаму, нейкую працу выконвалі і дзяўчаты – хоць бы таму, што для жанчын намнога больш характэрная дробная маторыка пальцаў: на вялікіх кроснах яны, можа, і не працавалі, але больш тонкую працу рабілі менавіта яны. Або дзяўчаты працавалі да таго, як Радзівілы павыпісвалі буйных майстроў з-за мяжы.]

Іран – адзін з самых старажытных і буйных цэнтраў дыванаткацтва. Іранскія дываны шырока вядомыя ў Еўропе, пачынаючы з ХVІ ст. (але ў эпоху ранняга Сярэднявечча таксама вывозіліся). Дарэчы, у арнаментах нашых праслаўленых сучасных беларускіх дываноў, напрыклад, віцебскіх, брэсцкіх, адчуваюцца іранскія матывы. Лепш сказаць, тут адзіны выток арнаменту – арыйскі.

Шахская персідская імперыя заўсёды была ў блізкіх стасунках чамусьці з Францыяй, асабліва ў ХVІІ–ХVІІІ стст. (Уплыў Персіі адчуваецца ў ландшафтным дызайне, у творчасці энцыклапедыстаў, напрыклад, Вальтэра.) Важную ролю ў еўразійскім рэгіёне адыгрывала Персія і ў ХІХ ст. Своеасаблівай былі яе адносіны з іншай магутнай імперыяй – Расійскай (а Беларусь з канца ХVІІІ ст. ужо ўваходзіла ў склад апошняй). У прыватнасці, іранскі шах слаў сватоў да дачкі Пятра І – тады яшчэ цэсараўны Елізаветы. Шыкоўныя падарункі сватоў і сёння знаходзяцца ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Сярод падарункаў было 14 жывых сланоў. Да Пецярбурга іх давялі, але тут яны ад холаду загінулі. Нягледзячы на, сапраўды, фантастычна багатыя падарункі Елізавета адмовіла шаху. І правільна зрабіла: неўзабаве яна сама стала імператрыцай (у 1742 г.).

У 20-х гадах ХІХ ст. Расія і Персія ваявалі. Перамагла Расія. Пасол у Персіі, выдатны паэт і дыпламат Аляксандр Грыбаедаў, аўтар камедыі “Гора ад розуму”, павінен быў вызваліць рускіх палонных і ўзяць ад Персіі велізарную кантрыбуцыю. У 1829 г. натоўп фанатыкаў знішчыў расійскую амбасаду ў Тэгеране і забіў Грыбаедава. Жывым застаўся адзін сакратар – родзіч сям’і Карамзіных. Шах Ірана, каб замаліць віну, паслаў у Расію свайго сына з багатымі падарункамі. Сярод падарункаў зноў-такі знаходзілася сланы. (На гэты раз іх захавалі ў заапарку і часта вадзілі па вуліцах сталіцы. Менавіта пра іранскага слана напісаў несмяротную байку “Слон і Моська” Іван Крылоў). У якасці падарунка шах пераслаў і найвялікшую каштоўнасць сваёй дзяржавы – знакаміты алмаз “Шах”, адзін з самых вялікіх у свеце, акрамя таго, незвычайны – зялёны, з нейкімі літарамі (а чым можна было іх выразаць, калі алмаз – самы цвёрды з мінералаў?). З таго часу “Шах” захоўваецца ў Алмазным фондзе Расіі. Сын Шахіншаха ў Расіі карыстаўся вялікай любоўю, бо аказаўся надзвычай абаяльным чалавекам. Але лёс яго трагічны. Калі ён праз два гады вярнуўся ў Персію, яго тут асляпілі браты-канкурэнты.

У ХІХ ст. сталіца Ірана была перанесена з Ісфагана ў Тэгеран. У ім мала значных помнікаў. Але вядомы горад іншым: у 1943 г. у Тэгеране праходзіла знакамітая канферэнцыя трох дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі – СССР, ЗША, Велікабрытаніі. Тут упершыню (да таго вялі перапіску) сустрэліся выдатнейшыя дзеячы ХХ ст. – Іосіф Сталін, Франклін Рузвельт і Уінстон Чэрчыль, якія абмяркоўвалі адкрыццё Другога фронту (быў адкрыты толькі ў чэрвені 1944 г.)

Шахская ўлада існавала ў Іране яшчэ адносна нядаўна, на памяці майго пакалення. Апошні шах Ірана Рэза Пехлеві браў кірунак на заходняе развіццё краіны, знаходзіўся пад уплывам ЗША. Аднак у 1979 г. тут адбылася антыамерыканская, антышахская рэвалюцыя. Шах збег у Еўропу і неўзабаве памёр. Кіраваць краінай пачаў выдатны ісламскі рэлігійны і грамадскі дзеяч – аятала (тыпу патрыярха) Хамейні. Ён карыстаўся велізарнай папулярнасцю ў народзе. У Іране ўсталяваўся лад, які атрымаў назву “ісламскі фундаменталізм”. У заходніх СМІ сцвярджалася, што гэта адразу адкінула краіну ў ХІІІ ст. – такія ўсталяваліся парадкі. Напрыклад, жанчыны зноў апранулі паранджу, дзяўчаты і хлопцы і ў школах, і ў ВНУ пачалі вучыцца паасобку (што, дарэчы, дапамагло вярнуць рамантычнае каханне). На маю думку, гэта вяртанне да нейкага фантастычнага ідэалу: замест светлага будучага (напрыклад, камунізму) – светлае мінулае. За дзесяць гадоў панавання Хамейні тут удвая вырасла насельніцтва (а Расія з панаваннем дэмакратаў – вымірае).

Пасля смерці Хамейні краіна ідзе ў тым жа кірунку, аднак у сэнсе быту паступова назіраецца паслабленне, адбываецца некаторая лібералізацыя ўнутранага ладу жыцця. Жанчыны ў гарадах, як правіла, з адкрытымі тварамі, але ў хустачках. Замежныя радыё- і тэлеканалы па-ранейшаму глушацца. Але гэтыя знешнія прыкметы не павінны для нас зацямняць сутнасць справы: цывілізацыйна краіна якраз надзвычай хутка развіваецца. Пры гэтым захоўвае ў поўным аб’ёме сваю традыцыйную культуру. З Кітаем у Ірана – выключна сяброўскія стасункі і таемныя дамоўленасці. Расія дапамагае будаваць АЭС і ціхенька садзейнічае ўзмацненню ваеннага патэнцыялу. Беларусь імкнецца да пашырэння гандлю з Іранам. Іранцы вучацца ў нашых ВНУ. Усяго ў Мінску жыве 700 іранцаў.

На міжнароднай арэне Іран праводзіць самастойную, незалежную палітыку. Прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінеджад не верыць у Халакост і рэзка выступае супраць ЗША і Ізраіля. Прэзідэнты ЗША Дж.Буш-малодшы і Барак Абама пагражалі і цяпер пагражаюць Ірану вайной. Але Амерыцы Іран так лёгка, як Ірак, Лівію, нават Сірыю не ўзяць: тут хоць і іслам, але народ этнічна зусім іншы – не арабы, а актыўныя арыйцы, перамешаныя з пасіянарнымі цюркамі. Тут надзвычай высокія традыцыі культуры па сутнасці не перарываліся, у адрозненне ад Ірака, на працягу тысячагоддзяў. А імперская ідэя існавала заўсёды. І мы яе яшчэ адчуем…


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: