Егіпет сярэднявечны і сучасны

Хрысціяне Егіпта носяць назву копты. На сёння коптаў налічваецца ў Егіпце каля 6 млн. – гэта самая вялікая хрысціянская абшчына сярод мусульманскіх краін. [У 2012 г., калі да ўлады ў Егіпце прыйшлі ісламскія фундаменталісты, на коптаў абрынуліся рэпрэсіі. На пачатку лістапада 2012 г. копты выбралі новага патрыярха].

Копты самі лічаць сябе найбольш старажытнай царкоўнай абшчынай, утворанай непасрэдна Хрыстом, яшчэ да яго 30-годдзя, да таго часу, калі ён пачаў сваю дзейнасць у Палесціне. Менавіта ў Егіпце ўпершыню ўзнікае інстытут манаства. Копцкая царква – праваслаўная. У ІV ст., калі Егіпет перайшоў да Візантыі, праваслаўе стала тут дзяржаўнай рэлігіяй, а афіцыйнай мовай – грэцкая. Праўда, копты адарваліся ад праваслаўя ў V ст., і менавіта гэта абумовіла акупацыю Егіпта арабамі ў VІІ ст. У ХІІІ ст. копцкая царква зноў далучылася да праваслаўнага адзінства. Тут ёсць некаторыя адрозненні ад нашага праваслаўя, але нязначныя. Храмы амаль такія ж. Усяго ў Егіпце каля 300 праваслаўных храмаў. У царкве Святога Сергія ў Каіры пад падлогай ёсць памяшканне, дзе, як лічыцца, знаходзілася жыллё Святой Сям’і, калі Іосіф і Марыя з маленькім Хрыстом перасяліліся ў Егіпет, ратуючыся ад цара Ірада [У той час, натуральна, Каіра не было, а быў горад Мемфіс]. Літургічная мова – грэцкая, але існуе і копцкая мова – своеасаблівы сінтэз старажытнаегіпецкай і грэцкай. Менавіта копцкая патрыярхія ў Александрыі распрацоўвае пасхалію (велікодны каляндар) для ўсіх іншых праваслаўных цэркваў (а іх у свеце 15). Культура коптаў падобная да культуры нашых старавераў – гэта яскрава відаць у праслаўленым на ўвесь свет Веткаўскім музеі (Гомельская вобласць). У коптаў схільнасць да бізнесу, яны працалюбівыя, акуратныя. Квартал коптаў у Каіры выразна адрозніваецца ад мусульманскіх кварталаў сваёй цывілізаванасцю, парадкам, чысцінёй.

Копты найбольш захавалі старажытнаегіпецкія рысы ў вобліку. Увогуле егіпецкая падраса лічыцца найбольш устойлівай. За тысячагоддзі антрапалагічны тып амаль не змяніўся: тут былі нашэсці (гіксосаў, персаў), але не было перасялення народаў, як у Еўразіі. Калі ў VII ст. краіну захапілі арабы, іх было ўсяго 150000 чалавек, і яны, безумоўна, растварыліся ў мільёнах егіпцян.

Арабы пачалі насаджаць іслам, але эканамічнымі сродкамі: вызвалялі ад падаткаў тых, хто пераходзіў у іслам. Працэс расцягнуўся на некалькі стагоддзяў. На месцы былой сталіцы Старажытнага царства Мемфіса арабы будуюць сваю сталіцу – Каір. Прычым для гэтага разбіраюць старажытныя будынкі, у выніку чаго ад Мемфіса засталіся толькі піраміды Гізэ, і тое з іх знялі мармуровую абшыўку (яна пайшла на шматлікія мячэці). Найбольш вядомае збудаванне арабаў ад перыяду Сярэднявечча – Цытадэль, у якой цяпер знаходзіцца музей зброі.

У эпоху Сярэднявечча Каір быў некаторы час адной са сталіц агромністага Арабскага халіфата, які раскінуўся на тры кантыненты: Азію, Афрыку і Еўропу (Іспанію). З ХVI ст., калі Егіпет увайшоў у склад Асманскай імперыі, ён перажывае страшэнны заняпад.

Заваяванне Егіпта Напалеонам (у 1798-1801 гг.) адкрывае краіну для Еўропы. У ХІХ ст. тут – археалагічны бум. Амерыкана-англа-французская кампанія будуе Суэцкі канал, які ўтварае магчымасць з Міжземнага мора лёгка трапляць у Індыйскі акіян, не абгінаючы Афрыку. Спецыяльна для ўрачыстага адкрыцця канала геніяльны італьянскі кампазітар Джузепе Вердзі напісаў оперу “Аіда”.

Застаючыся фармальна ў складзе Турцыі, фактычна Егіпет з канца ХІХ ст. падпарадкаваны Англіі. У 1922 г. ён атрымоўвае незалежнасць. Упраўляў тады краінай кароль Фарух. У 1952 г. група маладых афіцэраў на чале з Гамаль Абдэль Насерам ажыццяўляе дзяржаўны пераварот, аб’яўляе рэспубліку, прэзідэнтам якой народ выбірае Насера. Насер тут жа прытуляецца да СССР і атрымоўвае ад Сталіна значную дапамогу – ваенную, эканамічную, ідэалагічную. І далей СССР пастаянна дапамагае Егіпту, у прыватнасці будуе яму адну з самых вялікіх у свеце – Асуанскую –плаціну на Ніле. Сёння плаціна дае электрычную энергію практычна для ўсяго Егіпта.

У 1956 г. Насер умацоўваецца настолькі, што нацыяналізуе Суэцкі канал (гэта значыць, увесь даход ад яго паступае не міжнароднай кампаніі, а Егіпту). Гэтага дзяржавы Захаду пацярпець не могуць і “рукамі” Ізраіля распачынаюць супраць Егіпта вайну, якая робіцца араба-ізраільскай вайной і цягнецца да сёння, прымаючы розныя формы. Савецкі Саюз актыўна, але патаемна дапамагаў Егіпту. У 1970 г. раптам памірае яшчэ малады Насер (яго атруцілі, як і Сталіна). Да ўлады прыходзіць Анвар Садат, які паварочвае развіццё Егіпта ў супрацьлеглы бок – замест будаўніцтва сацыялізму зноў вяртаецца да капіталізму; у 24 гадзіны адпраўляе з краіны ўсіх савецкіх спецыялістаў, а іх было з сем’ямі больш за 50000 чалавек.

У 1981 г. Егіпет, парушыўшы дамоўленасць з іншымі арабскімі краінамі, заключае сепаратны мір з Ізраілем. За гэта самі ж егіпецкія афіцэры расстрэльваюць Садата прама на ваенным парадзе. Да ўлады прыходзіць Хосні Мубарак, які узначальваў краіну да вясны 2011 г. Ён праводзіў надзвычай узважаную палітыку, сябраваў з усімі і карыстаўся прызнаным аўтарытэтам як у арабскім свеце, так і ў заходнім, а таксама ў Беларусі і ў Расіі. Хосні Мубарак браў кірунак на развіццё турызму. Краіна фактычна перастала будаваць прамысловыя прадпрыемствы (іх і раней будавалі выключна савецкія людзі), а поўнасцю жыла за кошт свайго слаўнага мінулага і надзвычай узбагацілася на гэтым. Аднак Сусветны Ўрад вырашыў пазбавіцца ад Мубарака, які стаў стары і хворы. Пачала праводзіцца, як ужо адбывалася не раз, палітыка кіруемага хаосу. Сапраўды, сёння ў Егіпце суцэльны хаос і бязладдзе. Народ, бясспрэчна, жыве намнога горш, чым пры Мубараку.

Каір – сталіца Егіпта – адзін з самых вялікіх мегаполісаў у свеце: мяркуюць, што ў ім ужо 20 млн. жыхароў.

Класічная літаратура Персіі (Ірана)

Мастацкая культура Ірана мае надзвычай глыбокія карані. Пасля імперскага перыяду (І тыс. да н. э.), разгледжанага намі ў лекцыях, наступны ўзлёт назіраецца ў Ш–VІІ стст. н.э., калі іранскія княствы зноў аб’ядналіся пад уладай дынастыі Сасанідаў. Гэта была самая магутная дзяржава Заходняй Азіі з багатай і своеасаблівай культурай. Сусветнай славай карысталіся дываны, тканіны, зброя, посуд з золата і срэбра. Вялікі збор сасанідскага срэбра знаходзіцца ў Эрмітажы (Пецярбург), прычым знойдзены ён вельмі далёка ад Ірана – на Ўрале (!).

Культавае мастацтва было стрымана-засяроджаным. Рэлігіяй сасанідскага Ірана заставаўся зараастрызм, які гаварыў пра барацьбу святла і цемры, добрага і ліхога пачаткаў у сэрцы чалавека. Зараастрыйцы шанавалі стыхіі – зямлю, ваду і асабліва агонь. Іх храмы, узведзеныя ў месцах выхаду прыроднага газу, уяўлялі сабою невялікую квадратную залу з прарэзанымі на чатыры бакі аркамі. Храм называўся “ чартак” – “чатыры аркі”. Пасярод храма гарэў непагасны агонь. Чартак зверху перакрываўся купалам, які сімвалізаваў неба.

У VІІ–VІІІ стст. Іран перажыў нашэсце арабаў-мусульман, потым – у ХІ ст. – цюрак-сельджукаў, а ў ХІІІ ст. – найбольш разбуральнае нашэсце манголаў. Аднак менавіта гэты – самы цяжкі перыяд у гісторыі Ірана – вызначаецца ўздымам культуры, асабліва літаратуры.

Вытокам магутнага ўзлёту літаратуры Персіі была, безумоўна, надзвычай багатая міфалогія. Мы, на жаль, ведаем яе дрэнна, а між тым яна шмат што магла б падказаць у вызначэнні нашых уласных фальклорных і літаратурных першакрыніц, бо стваралася арыйцамі, а арыйцы – і нашы продкі. Для іранскай міфалогіі характэрныя міфы не толькі пра багоў, а і пра герояў, асабліва пра так званых “культурных герояў”, напрыклад, Дшамшыда. Варта звярнуць увагу і на вобраз Каваля, які перамагае злых цмокаў (драконаў). Менавіта Каваль – першапродак-дэміург нашых славянскіх продкаў крывічоў.

Для міфалогіі Ірана характэрная ідэя справядлівага цара і як бы сялянская утопія, адкуль можна працягнуць ніці да геніяльнай “Новай зямлі” Якуба Коласа, да “избяного рая ” Мікалая Клюева і Сяргея Ясеніна. Старажытная літаратура Ірана прадстаўлена адным творам – але якім! – Авестай, якая ўвабрала ў сябе ўсю найбагацейшую міфалогію арыйцаў. Адначасова Авеста – свяшчэнная кніга зараастрызму. Авеста створана на адной з архаічных моў Старажытнага Ірана, безумоўна, індаеўрапейскай. Праз тысячу-дзве гадоў мова змянілася, і ў эпоху Сярэднявечча літаратура стваралася ўжо на мове фарсі, інакш кажучы, на ўласна персідскай. Пасля заваявання Ірана і Сярэдняй Азіі войскамі Арабскага халіфата, у VІІІ–ІХ стст., складаліся кампілятыўныя творы, якія ўвабралі ў сябе пераклады тэкстаў з Авесты і фальклор, перапрацаваны жрацамі-зараастрыйцамі. Гэтыя творы называюць агульным словам “Зэнд”. У “Зэнд” уключаны і палемічныя трактаты, і казанні рэлігійных дзеячоў, і легенды, паданні, вершы. “Зэнд-Авеста” паклала пачатак магутнай літаратурнай традыцыі – узлёту шмат якіх жанраў, зародак якіх сфарміраваўся яшчэ ў Авесце.

Непасрэдным штуршком для развіцця прыгожага пісьменства стала арабскае нашэсце. Інакш кажучы, літаратура на роднай мове была адказам-рэакцыяй на чужую культуру, чужую мову – арабскую. Але здарылася так, што менавіта літаратура фарсі аказала велізарны ўплыў менавіта на арабскую культуру, дапамагла ёй пачэсна ўсталявацца ў свеце. Маецца на ўвазе тое, што казкі “1001 ночы”, якія лічацца арабскімі, на адну трэцюю – індыйскія, на адну – іранскія, і толькі яшчэ на адну трэцюю частку – уласна арабскія.

Першапачаткова літаратура фарсі ўзнікла на тэрыторыі цяперашняй Сярэдняй Азіі, якая тады называлася Харасанам: у гарадах Самарканд, Бухара, Хіва, Мары. Антыарабскія выступленні ў гэтым рэгіёне прывялі да ўлады іранскую дынастыю Саманідаў, якая праводзіла незалежную ад Арабскага халіфата палітыку.

У Бухары, сталіцы Саманідаў, у пачатку Х ст. аформілася і квітнела першая буйная школа паэзія і прозы на фарсі. У нас у гэты час ужо створана Вялесава кніга і жыў легендарны Баян.

Ад твораў шматлікіх бухарскіх паэтаў захаваліся толькі асобныя ўрыўкі. Самы выдатны з песняроў – Рудакі (каля 858–941). Пра жыццё Рудакі вядома мала. Ён нарадзіўся ў невялікай горнай вёсачцы Рудак на Паміры. Вучыўся ў аднавяскоўцаў музыцы і песням і праславіўся напачатку менавіта як народны бард (падобны да Баяна). Даволі доўгі час ён быў прыдворным паэтам пры двары Саманідаў, але ўрэшце яго прагналі з палаца, як мяркуюць, з-за спачування народнаму паўстанню. Памёр ён у роднай вёсцы. Рудакі напісаў 300000 двухрадкоўяў, але захавалася, безумоўна, на парадак менш. Рудакі ствараў панегірычную лірыку, але, ухваляючы цароў і арыстакратаў, ён імкнуўся абуджаць у іх чалавечнасць. Усё ж найбольш праславіўся паэт сваёй інтымнай лірыкай, натхнёнай глыбокім, драматычным каханнем да прыгажуні-рабыні, пра якую і наступныя пакаленні стваралі легенды.

У перыяд праўлення Саманідаў адрадзілася цікавасць да іранскага імперскага мінулага, якое натхняла на барацьбу з арабамі. На хвалі гэтай цікавасці была створана геніяльная паэма Фірдо у сі “Шах-намэ” (“Кніга аб царах”). Яна з’яўляецца ў Іране нацыянальным паэтычным эпасам, адначасова гэта шэдэўр сусветнага значэння. Увогуле, імя Фірдоусі на Усходзе – тое ж, што імёны Дантэ, Шэкспіра, Гётэ на Захадзе.

Вакол жыцця Фірдоусі склалася цэлая міфалогія. Нарадзіўся ён прыкладна ў 934 г. у Харасане, памёр каля 1026 г. Усё жыццё вучыўся: праславіўся сваімі проста каласальнымі ведамі і мудрасцю. За сваё доўгае жыццё ён перажыў і ўзлёт дынастыі Саманідаў, і яе падзенне пад ударамі цюрак-сельджукаў. Новаму цюркскаму ўладару Махмуду паэт накіраваў з’едлівы сатырычны ліст. У выніку пад канец жыцця Фірдоусі вымушаны быў хавацца ад раз’юшанага дэспата.

Фармальна кампазіцыя “Шах-намэ” адпавядае перыядам уладарання пяцідзесяці легендарных і гістарычных шахаў Ірана, але фактычна паэма падзяляецца на тры часткі: міфалагічна-легендарную, гераічную і гістарычную.

Міфалагічная частка распавядае пра цара Джамшыда, ужо вядомага нам. Джамшыд, які дараваў веды і даброты народу, мудра кіраваў краінай на працягу многіх стагоддзяў, але быў пераможаны царом-драконам, які на тысячу год устанавіў сваю ўладу, праўда, быў і сам пераможаны Кавалём. Гэта традыцыйная для Ірана рэлігійная тэма пастаяннай барацьбы Дабра і зла.

Другая – гераічная частка – апавядае пра подзвігі любімага героя Ірана (а да таго арыйцаў) – асілка Рустама. Рустам – увасабленне народнага ідэалу – увабраў у сябе лепшыя рысы нацыянальнага (нават расавага – арыйскага) характару, ён – змагар за сваю радзіму. У цэнтры паэмы – спрадвечнае супрацьстаянне Ірана і Турана, гэта значыць, арыйцаў і цюрак – аселых земляробаў і качэўнікаў. Рустам перамагае не толькі качэўнікаў, але і шматлікіх міфічных істот – злых дэваў, сцвярджаючы канчатковую перамогу Дабра. Акрамя таго, Рустам змагаецца з дрэнным і ў самім сабе. Цэнтральны сюжэт гэтай часткі – пра сына Рустама царэвіча Сухраба (Сахраба). Аднойчы ў сваіх падарожжах Рустам спыніўся ў палацы цара, у дачку якога закахаўся. Пасля праведзенай з ёй ночы Рустам вымушаны быў паехаць на вайну. Ён не ведаў, што ў яго нарадзіўся сын. Сын вырас, і здарылася так, што бацьку і сыну прыйшлося сустрэцца ў двубоі. Рустам забіў маладога супраціўніка, і толькі пасля гэтага ад каханай жанчыны даведаўся, каго забіў. Дарэчы, у вядомай рускай быліне пра Іллю Мурамца і яго сына Сакольнічка Ілля таксама забівае сына. Паданне пра Рустама адбілася ў народнай рускай лубачнай аповесці пра Еруслана Лазаравіча. Нельга не ўбачыць уплыву паэмы Фірдоусі і на А. Пушкіна (паэма “Руслан і Людміла”). Даследчыкі гавораць, што, калі, згодна З. Фрэйду, на Захадзе пануе комплекс Эдыпа (сын забівае бацьку), то на Усходзе – комплекс Рустама (бацька забівае сына).

У трэцяй – гістарычнай частцы – паэмы апавядаецца пра Аляксандра Македонскага, які тут называецца Іскандэрам. Галоўная тэма апавядання – сустрэча Іскандэра з індыйскімі брахманамі (жрацамі).

Рудакі яшчэ толькі імкнуўся адрадзіць старажытную традыцыю. Паэма Фірдоусі – ужо адкрытае, дэманстрацыйнае адраджэнне роднай літаратурнай традыцыі насуперак мусульманскай артадаксальнасці. Рудакі першы ў класічнай іранскай паэзіі “адкрыў” чалавечую асобу. Фірдоусі апяваў ужо не звычайную, а магутную, гераічную асобу. (У свой час такі ж шлях прайшоў наш класік Янка Купала – ад лірыкі да рамантычных паэм з іх апяваннем змагароў у імя народа.). Іран як краіну называюць “блакітнай радзімай Фірдоусі”.

Побач з паэзіяй ў Х ст. складваецца мастацкая проза. Напрыклад, “ Аповесць пра Сіндбада ”. Пра Сіндбада мы ведаем з казак “1001 ночы”, аднак іх ядро – менавіта іранскі эпас. Арабы былі ўсяго толькі вучнямі ў больш старажытнага іранскага (арыйскага) народа.

Вяршыняй паэзіі ХІ–ХІІ стст. з’яўляецца творчасць геніяльнага Амара Хаяма (каля 1048–1131) – паэта, матэматыка і філосафа. Гэта быў, як да яго Фірдоусі і ўрач-філосаф Авіцэна, адзін з самых адукаваных людзей свайго часу. Яго называлі Царом філосафаў Усходу і Захаду. Ва ўзросце 25 год Хаям стварыў алгебраічны трактат, асноўныя палажэнні якога не страцілі свайго значэння і сёння. Некаторы час ён у Ісфагане – сталіцы дзяржавы турак-сельджукаў, якія захапілі Іран, – кіраваў абсерваторыяй і склаў сонечны каляндар, найбольш дакладны з усіх, што існуюць да нашага часу. У сваёй займальнай кнізе “Наўруз-намэ”, якая распавядала пра святкаванне веснавога раўнадзенства – Новага года (Наўруза), ён выступае ў якасці астранома і этнографа. Вялікае незадавальненне навуковая дзейнасць Амара Хаяма выклікала з боку мусульманскіх светароў. Таму яму прыходзілася, ратуючыся ад іх, часта вандраваць.

Амар Хаям-паэт праславіўся сваімі чатырохрадкоўямі – рубаі. Да нас дайшло каля 2000. Асноўныя тэмы іх – радасць жыцця, захапленне прыродай, жанчынай, сяброўствам. Эстэтычны ідэал Хайама – свабодная, чыстая душою асоба. Мудрасць, закаханасць і жыццярадаснасць – такія галоўныя рысы асобы, якую апявае Хайам. Кожнае чатырохрадкоўе паэта – невялікая паэма, напоўненая надзвычай глыбокім зместам. Напрыклад: “Джамшида чашу я искал, не зная сна, // Когда же мной земля была обойдена, // От мужа мудрого узнал я, что напрасно // Так далеко ходил, – в моей душе она ”. Прытым неабходна мець на ўвазе, што вобразнасць яго твораў нельга разумець літаральна. Напрыклад, віно, пра якое часта згадвае Хайам, у паэтыцы ўсходняй літаратуры азначае нейкую – у розных творах розную – крыніцу жыццёвай мудрасці, а зусім не реальнае пітво.

У філасофскай лірыцы Ірана ХІІІ–ХІV стст. існавалі два галоўныя напрамкі: адзін апеляваў да розуму, другі – да пачуцця. Вышэйшае развіццё абодва напрамкі атрымалі ў творчасці адпаведна двух геніяльных паэтаў – Саадзі і Хафіза, якія абодва паходзілі з горада Шыраза (у 30 км ад Персепаля). Шыраз існуе тры тысячы гадоў. З канца Х ст. ён супернічаў з Багдадам, сталіцай Халіфата, як цэнтр асветы, гандлю, культуры Блізкага і Сярэдняга Усходу. Шырокай вядомасцю карысталася шыразская школа мініяцюры (у ХIV ст.). Тут былі выкананы першыя ілюстрацыі да “Шах-намэ” Фірдоусі. Росквіт Шыраза на Усходзе адпавядаў росквіту рэнесанснай Фларэнцыі на Захадзе. Там – Петрарка і Бакача, тут – Саадзі і Хафіз. Сама атмасфера гэтых гарадоў нараджала паэтаў.

Саадзі жыў у ХІІІ ст.,вучыўся ў Багдадзе, доўга бадзяўся як дэрвіш-жабрак па вялікай тэрыторыі – ад Сярэдняй Азіі да Аравіі, шмат перажыў прыгод, шмат чаго бачыў. Ён гаварыў, што чалавек павінен першыя 30 гадоў свайго жыцця вучыцца, пасля 30 гадоў падарожнічаць, і апошнія 30 гадоў прысвяціць творчасці, выкарыстоўваючы назапашаны тэарэтычны і практычны вопыт. Самы вядомы твор Саадзі – “ Гулістан ” (“ Сад руж ”). Тут ён апявае прыроду і гаворыць пра душэўную прыгажосць чалавека. Лейтматыў яго творчасці – павага да асобы, нянавісць да дэспатаў, хвала розуму ды ведам. Сергей Ясенін пісаў: “Нежность, как песни Саади”.

Хафіз – класік ужо ХІV ст. Яго ў Іране асабліва шануюць – літаральна абагаўляюць. Няма дома, дзе б не было кнігі Хафіза. Яго творы па колькасці выданняў стаяць на другім месцы пасля Карана, свяшчэннай кнігі мусульман. Лічыцца, што Хафіз ведае літаральна ўсё ў свеце, і з дапамогай яго радкоў варожаць. Ён і як чалавек быў незвычайны. Напрыклад, умеў 14-ю рознымі спосабамі чытаць Каран, ад першага да апошняга слова, і ўсе спосабы чытання настолькі дзейнічалі на слухачоў, што выклікалі незвычайныя пачуцці, пашырэнне свядомасці, душэўнае ўзрушэнне, літаральна змянялі жыццё. Хафіз стварыў 495 газэляў, сабраных у зборніку “ Дыван ”.

Сёння радзіма паэтаў – Шыраз – прызнаная літаратурная сталіца Ірана. Бадай, няма іншага горада ў свеце, дзе б сама гарадская атмасфера была настолькі насычана паэзіяй. Усё тут нагадвае пра жыццё і вершы Саадзі і Хафіза, іншых выдатных паэтаў: назвы вуліц і плошчаў, знакамітыя сады, апетыя песнярамі ружы і салаўі. Тут знаходзяцца пахавальні класікаў. На працягу стагоддзяў іх даглядаюць прыхільнікі паэзіі. Маўзалей Саадзі – пад блакітным купалам і знаходзіцца пасярод шыкоўнага сада руж. Маўзалей Хафіза таксама пабудаваны ў гарадскім парку. Гэта лёгкае збудаванне – хутчэй альтанка – на тонкіх мармуровых калонах. Людзі прыходзяць сюды адпачыць: чытаюць вершы, варожаць (руск. “гадают”) паводле радкоў Хафіза. З 1967 г. у Шыразе пачалі праводзіць міжнародныя фестывалі паэзіі, якія былі перапынены пасля рэвалюцыі 1979 года. У горадзе – вялікая колькасць вышэйшых навучальных устаноў, у асноўным гуманітарнага профілю.

Класічная літаратура Ірана – адна з выдатнейшых з’яў сусветнай культуры. У той час, калі на Захадзе яшчэ толькі адраджалася – праз тысячу гадоў пасля Антычнасці – прыгожае пісьменства, тут ужо квітнела выключна развітая паэзія ды проза. І сёння культура Ірана – у многім гуманітарная, ва ўсялякім разе гуманітарны кірунак – прыярытэтны. Па-сапраўднаму адукаваным у краіне лічыцца толькі той чалавек, які добра ведае родную літаратурную спадчыну. Літаратуру абавязкова вучаць ва ўсіх – у тым ліку, тэхнічных – навучальных установах! Тут кожны чалавек ведае напамяць тысячы – менавіта тысячы! – паэтычных радкоў. Гэта можа быць для нас надзвычай павучальным прыкладам.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: