Культура і цывілізацыя

У нейкіх параметрах паняцці культура і цывілізацыя супадаюць – гэта тычыцца перш за ўсё матэрыяльных аб’ектаў. Акрамя таго, цывілізацыя заўсёды існуе на аснове пэўнай мадэлі культуры. Але на некаторых іншых ўзроўнях культура і цывілізацыя ўсё ж адрозніваюцца. Іх раздзяляў яшчэ філосаф-энцыклапедыст Ж.Ж. Русо.

Чалавецтва ўвогуле і кожная вялікая эпоха развіваліся па такім шляху: культ – культура – цывілізацыя.

Адрозненні наступныя:

1. Культура нарадзілася з культу, вытокі яе сакральныя. Культура пачалася вакол капішча, алтара, храма і на працягу тысячагоддзяў звязвалася з жыццём рэлігійным. Паколькі культура мае рэлігійныя асновы, яна сімвалічная па сваёй прыродзе. Сімвалізм культуры атрымала ў спадчыну ад культавай сімволікі. У культуры не рэалістычна, а сімвалічна выяўлена духоўная аўра. Усе дасягненні культуры па прыродзе сваёй сімвалічныя. У цывілізацыі ж няма сувязі з сімволікай культу. Вытокі яе – звычайнае, будзённае жыццё людзей, паўсядзённасць. Цывілізацыя закранае знешні бок нашага жыцця, культура – глыбінны, часам нават містычны.

2. Культура тым больш вялікая, чым больш старадаўняя, яна саткана з пераемнасці, з традыцый. Культурным можна назваць толькі той народ, які не разгубіў на жыццёвай дарозе ніводнай драбніцы са сваёй спадчыны. Цывілізацыя ж ганарыцца толькі сучаснымі, бягучымі дасягненнямі, усё ў ёй прыстасавана толькі да патрэб сённяшняга дня. Мода якраз народжана цывілізацыяй. Часам нават слова “Традыцыя” (з вялікай літары) з’яўляецца сінонімам слова “культура”. Ёсць напрамак у сучаснай філасофіі – традыцыяналізм.

3. Цывілізацыя накіравана на задавальненне патрэб чалавечага цела, культура – у асноўным духу. Цывілізацыя звязана са спажываннем, культура з творчасцю як праяўленнем Боскага пачатку ў чалавеку. Безумоўна, чалавек – істота дваістая, цялесна-духоўная, таму на задавальненне цела сродкі абавязкова патрэбныя. Цывілізацыйныя выгоды – вельмі важна ў чалавечым жыцці, і неабходна, каб іх было якраз больш і каб яны былі ўсюды: цёплае памяшканне, вада, электрычнасць, транспарт, гандаль і пад. Усе клапоцяцца пра ўласны камфорт. Сёння такі клопат набыў гіпертрафаваныя маштабы. Але і дух павінен “харчавацца”. Гэта не толькі выставы, тэатры, чытанне кніг, але і кантакты з блізкімі людзьмі, абавязкова сузіранне прыроды, самарэфлексія. Між тым пра душу ўсе забываюцца і не клапоцяцца пра яе ўзгадаванне. Успомніце пра Вавілонскую вежу. Як шмат якія сімвалы Біблія, і яна – сімвал. Сімвал нашай цывілізацыі. Бог пакараў людзей за тое, што будавалі знешняе, хоць і прыгожае, у той час як неабходна было будаваць “вежу” душы, гэта значыць, узвышаць душу. У сістэме міфалагічных персанажаў сімвалам Цывілізацыі можна палічыць Праметэя, а сімвалам Культуры – Арфея.

4. Цывілізацыя кожнай вялікай эпохі, кожнага народа заснавана на яго культуры, жывіцца культурай. Цывілізацыя ў сваім, так бы мовіць, цялесным выглядзе можа загінуць, спыніць існаванне, але шлях культуры – духоўны шлях – будзе працягвацца сярод іншых культур. Загінулі цывілізацыі Егіпта, Міжрэчча, Старажытнай Грэцыі, Старажытнага Рыма, але іх культура працягваецца ў наступных эпохах і краінах. Цывілізацыя – заўсёды апошняя стадыя этнагенезу. Чым больш развітая цывілізацыя, тым менш застаецца культуры, таму што цывілізацыя высмоктвае культуру, паразітуе на ёй, поўнасцю знішчае, а затым сама гіне. Усё тое, што называюць масавай культурай, – з’явы цывілізацыі, а зусім не культуры. Ёсць прамежкавыя формы, напрыклад, эстрада. Усё ж якая-небудзь Ала Пугачова – больш з’ява масавай культуры, гэта значыць, цывілізацыі.

Цывілізацыя падрабляецца пад культуру, замяняе яе сабою. Яскравы прыклад – Антычны Рым. Цывілізацыя Рыма шмат узяла ад сваёй культуры. Была вытанчаная, рафінаваная, яна і сёння здзіўляе. Але яе дастаткова лёгка знішчылі варвары. Таму што Рым струхнявеў знутры.

Сёння сітуацыя намнога горшая, чым у V ст. Сама прырода паставіла заслонку далейшаму развіццю цывілізацыі. На Захадзе гэта адчулі даўно. У 1972 г. Рымскі клуб (арганізацыя самых выбітных інтэлектуалаў свету) падрыхтаваў для сесіі ААН даклад “Абмежаванні росту”, які выклікаў бурную рэакцыю і вялікія наступствы. У дакладзе было падлічана, што жыць так, як жывуць 15 найбольш развітых краін, усім немагчыма. Высокі ўзровень цывілізацыі Зямля вытрымае толькі для 1 мільярду. Яго так і назвалі – “залаты мільярд”. Астатнія павінны або загінуць, або жыць у пастаяннай нястачы: ежы, чыстага паветра, чыстай вады, цяпла. Мы яшчэ толькі адчулі пачатак крызісу. Будзе горш: ужо на электрычнасць значна павышаюцца тарыфы. А ў далейшым прыватызуюць не толькі нетры, але і ваду, паветра, мову. Уявіце, усе словы мовы выстаўляюць на аўкцыён, іх купляюць, і цяпер кожны павінен плаціць уладальніку, калі ўжывае тыя ці іншыя словы. Кнігу не надрукуеш. Пачнуць гаварыць і пісаць вельмі лаканічна, ужываць мала слоў. Пасля прыдумляць свае словы, каб не плаціць. Або паступова развучацца гаварыць. Капіталізм не можа развівацца іншым шляхам, яго наступ экстэнсіўны – захоплівае ўсё большыя тэрыторыі (тэрыторыя былога СССР – яскравы прыклад) і сферы, сярод якіх будзе і мова.

Ужо нават сёння палажэнне культуры трагічнае. Цывілізацыя фактычна знішчыла прыроду¸ а цяпер і культуру. Сапраўдная культура абкружана эрзац-культурай, тут мноства падменаў. Усюды пануе пошасць, амерыканізаваны прымітыў. Сапраўднай культуры фактычна ўжо не засталося.

Навука таксама ўваходзіць у сферу культуры, а тэхніка – у сферу цывілізацыі. Менавіта з пачатку 70-х гг., калі быў апублікаваны даклад Рымскага клуба, пачаўся заняпад навукі. Здаецца, нічога падобнага – наадварот, росквіт. Але гэта росквіт тэхнікі на аснове ранейшых дасягненняў навукі. Развіццё ўласна навукі свядома стрымліваюць. Напрыклад, ёсць напрацоўкі, накіраваныя супраць тэорыі Эйнштэйна. Але іх немагчыма нідзе надрукаваць – існуе вельмі жорсткая цэнзура. Стрымліваюць укараненне і альтэрнатыўных, у параўнанні з нафтай і атамам, відаў энергіі. Прычым ва ўсім свеце. Увогуле глабалізм укаранёны больш шырока, чым мы сабе ўяўляем.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: