Традыцыйныя рэлігіі і віды мастацтва Японіі

У Японіі дзве рэлігіі – будызм і сінтаізм. Яны мірна суіснуюць побач. Усе японцы – адначасова і сінтаісты, і будысты. Будызм прывучае іх абмяжоўваць свае жаданні, а вера сінта (фактычна анімізм) выхоўвае чуйнасць да прыроды, уменне адчуваць асалоду ад яе прыгажосці, яе бясконцай пераменлівасці. З сінтаізмам звязаны ўсе радасныя падзеі ў жыцці, а з будызмам – усе журботныя. Напрыклад, толькі што народжанае дзіця нясуць у сінтаісцкі храм. Акрамя таго, ёсць свята: 7 – 5 – 3. Дзяцей гэтых узростаў 15 лістапада апранаюць, як лялечак, дораць падарункі і таксама вядуць у храм сінта. У гэтых храмах вяселлі спраўляюць 90 % маладых людзей. Назіраецца тэндэнцыя: у першы дзень шлюб адзначаць згодна нацыянальных традыцый, а ў другі дзень – па-еўрапейску. Заключаюць шлюб заўсёды толькі ў шчаслівыя дні. З рэлігіяй сінта звязаны і ўсе каляндарныя святы, а ў нашы дні – закладка будынка ці спусканне на ваду танкера.

Пахавальныя абрады, дні памяці памерлых, у цэлым культ продкаў больш тычацца будысцкай рэлігіі. А ўвогуле японцы вельмі спакойна ставяцца да рэлігіі. Яны не фанатыкі. Рэлігію ў іх у многім замяняе культ прыгажосці, народжаны абагаўленнем прыроды.

Сімвалам нацыянальнага культу прыгажосці з’яўляецца гара Фудзіяма. Гэта свяшчэнная гара японцаў, у поўным сэнсе слова міфалагічная Сусветная Гара, што размешчана ў цэнтры свету. Фудзіяма ў многім незвычайная. Па-першае, яна адна ўзвышаецца на раўніне, іншых гор вакол няма, і яна ж самая высокая гара Японіі – 3776 м. Па-другое, па форме яна – амаль правільны конус, што робіць яе надзвычай прыгожай. Гэта патухлы вулкан, спакойны ўжо два стагоддзі. Як бы ні змяняўся воблік гарадоў і вёсак, рэчак і азёраў, гор і раўнін, Фудзіяма застаецца царыцай японскай прыроды, сімвалам магутнасці, дасканаласці форм і прапорцый. Якія б сацыяльныя ці тэхналагічныя перамены не ўплывалі на жыццё японцаў, яны заўсёды будуць любавацца сваёй адзінай і непаўторнай Фудзі. Больш за тое, свяшчэнны абавязак кожнага японца – хоць бы раз у жыцці падняцца на Фудзіяму. Гэта ў прынцыпе тое ж, што для мусульман – наведаць Мекку. Але Мекка – горад, дзе жыў і вучыў прарок Мухамед, а Фудзі – прыродны аб’ект.

Нават у наш час пад’ём на Фудзі зусім няпросты. Ён падзелены на 10 так званых станцый. Праўда, да 5-й станцыі, хто лянуецца, можа даехаць на аўтамашыне або на аўтобусе. А потым усё ж неабходна ісці пешшу па сцежцы пасярод вулканічнай пемзы. Па баках сцежкі – сосны, бярозкі. Паміж агромністымі кавалкамі выкінутай вулканам лавы – астраўкі кустоў, трава. І напачатку надзвычай чыстае, як бы “смачнае”, паветра – у гарадах такога не бывае. Праўда, наверсе гары паветра ўжо часам не хапае. Акрамя таго, пасля альпійскіх лугоў – суцэльны снег, ледавік. На станцыях можна адпачыць, паесці, выпіць кавы ці гарбаты, пагрэцца. Пад’ём звычайна цягнецца з трох гадзін дня да трох ночы. У цемры ўздымаюцца з ліхтарамі ў суправаджэнні вопытных гідаў. На вяршыні знаходзіцца метэастанцыя, якая працуе круглы год, і храм багіні гары Фудзі. Непасрэдна каля кратэра стаяць даволі жудасна. Ды і на пад’ёме-спуску можна трапіць пад абвал. А ўсё ж ўражанне на вяршыні выключнае. Сэнс пад’ёму заключаецца ў тым, каб убачыць тут узыход сонца – інакш кажучы, першымі на Зямлі сустрэць новы дзень. Нагадаю: Японія – Краіна Узыходзячага Сонца. Акрамя таго, адсюль можна ўбачыць ледзь не ўсю Японію: зверху можна налічыць 3000 астравоў. Перад вяршыняй апранаюць асаблівае адзенне, на якое ставяць пячатку – сведчанне, што на Фудзі чалавек падняўся, значыць, выканаў свой патрыятычны абавязак. У гэтым жа адзенні чалавека, калі памрэ, пахаваюць. Сам пад’ём і той экстаз, што перажывае чалавек наверсе, у многім садзейнічае выхаванню патрыятычных пачуццяў.

Фудзі – нацыянальны сімвал Японіі. Яна паўстае ў тысячах сувеніраў. Бадай, ні адзін прыродны аб’ект у свеце так багата не выяўлены. Лепшыя японскія мастакі малявалі Фудзіяму. Асабліва неабходна адзначыць творчасць класіка японскага жывапісу Кацусіка Хакусаі, які жыў у ХVІІІ - першай палове ХІХ стст. Хакусаі (або Хакусай), які пражыў 99 гадоў, – геній пейзажнага жывапісу сусветнага маштабу, які аказаў, дарэчы, вялікі ўплыў на заходніх мастакоў ХІХ і асабліва ХХ стст., хоць на Захадзе гэта не вельмі прызнаюць. Хакусаі ствараў пейзажныя цыклы, напрыклад, “Новыя масты ў розных правінцыях”, “100 выглядаў гары Фудзі”, “36 вобразаў Фудзі”, выкананых з выкарыстаннем смелых перспектыўных эфектаў і нечаканых колеравых спалучэнняў.

... Мусонныя вятры, марскія цячэнні, розныя геаграфічныя шыроты зрабілі Японію краінай надзвычай своеасаблівага клімату, дзе ўсе поры года замяняюць адна адну вельмі пэўна, выразна, у адзін і той жа час. І японцы бачаць у гэтым радасць, вышэйшую асалоду. Часта яны падарожнічаюць толькі для таго, каб пабачыць які-небудзь прыгожы ландшафт.

У кожнага сезона – сваё любімае свята. Напрыклад, вясною ўсе гараджане ў вольны час выязджаюць у вішнёвыя сады, каб сузіраць квітненне сакуры. Сакура – японская вішня – таксама, як і Фудзіяма, – нацыянальны сімвал Японіі. Яе выяву можна сустрэць на тканінах, гравюрах, у афармленні рэкламы. Нават у нас, у Беларусі, паведамляюць пра дзень, калі ў Японіі зацвіла сакура.

Багатыя на святы летнія месяцы. Напрыклад, ноч на 7 ліпеня. У праваслаўных вернікаў гэта Купалле. А ў Японіі – Танабата, касмічнае свята, якое паэтычна можна назваць “Мост праз Млечны Шлях”. Легенда, звязаная са святам, наступная. Даўным-даўно на ўсходнім беразе Сярэбранай Ракі (Млечнага Шляху) жыў імператар са сваёй дачкой зоркай Вегай. Аднойчы яна сустрэла прыгожага і смелага пастуха Альтаіра, які жыў на заходнім беразе Нябеснай ракі. Аднак бацька дзяўчыны дазволіў ім сустракацца толькі раз на год – у ноч на 7 ліпеня. У гэты час птушкі будуюць мост праз Млечны Шлях. Дзве самыя яркія зоркі гэтай часткі неба – Альтаір і Вега – ззяюць насупраць адна другой па абодва бакі Млечнага Шляху. Японскія дзяўчаты ў гэты вечар моляцца пра шчаслівае замуства. На дрэвах, на сценах дамоў вывешваюць палоскі каляровай паперы з кароткімі радкамі вершаў. На вуліцах танцуюць старажытныя танцы, ідуць жаночыя аркестры; выбіраюць каралеў прыгажосці. Надзвычай прыгожа афармляюць гарады: ліхтарыкі, стужкі, выявы герояў японскіх народных казак.

Любімы час восенню – квітненне хрызантэмаў. Кветкамі любуюцца ў парках, садах, на выставах. Дарэчы, кветкі хрызантэмы і ядуць у розных салатах.

Новы год японцы адзначаюць, як і кітайцы, – і паводле Грыгарыянскага календара, і паводле ўсходняга жывёльнага. Ноччу на Новы год 108 разоў б’юць званы. 108 – свяшчэнная лічба, вытворная ад памнажэння 1х2х2х3х3х3. Ва ўсіх старажытных цывілізацыях шмат якія містычныя з’явы звязаны з гэтай лічбай. Але толькі Японія захавала да сёння яе сакральнае значэнне.

Кожны народ уяўляе сабою непаўторную індывідуальнасць, у кожнага свой непадобны твар. Шмат якія рысы японцаў здзіўляюць заходняга чалавека. Тут культывуецца шанаванне старэйшага па ўзросце; тут існуе звычка выключнага цярпення да пакут і нават свядомы пошук дыскамфорту і нягод; тут не выстаўляюць сваё “я”; не дэманструюць пачуцці на людзях. Але ці можна назваць гэтыя рысы выключна японскімі? Мы, беларусы, такія ж стрыманыя, сціплыя, рахманыя, нязвыклыя да асаблівага камфорту. Праўда, мы не такія салодка-ласкавыя, як японцы знешне. А з іншага боку, наша стрыманасць ды цярплівасць не абарочваецца раўнадушшам да блізкага, у чым вінавацяць японцаў. Але шмат што і мы маглі б у іх пераняць.

Самі японцы прыкладна з канца 60-х гадоў ХХ стагоддзя зацікавіліся ўласным характарам, заняліся самапазнаннем. Краіна, як зачараваная, пачала ўглядацца ў сябе, высвятляць карані ўласнай культуры, свой спецыфічны воблік, сваю душу. “Адкрывай Японію!” – галоўны лозунг, можна сказаць, нацыянальны дэвіз. За некалькі дзесяцігоддзяў японцаў прывучылі падарожнічаць не толькі на Захад (за ідэямі і тэхналогіямі), а і па ўласнай краіне, у якой адкрываюцца ўсё новыя дзівосы. Нам бы так!

Ужо ў пачатку ХХ ст. Японія робіцца магутнай індустрыяльнай дзяржавай, але пры гэтым захоўвае ўсе нацыянальныя традыцыі, у тым ліку ў вытворчасці – рамяство. Да самага апошняга часу тут удаецца выключна ўдала балансаваць паміж традыцыйнай культурай, спрадвечным ладам жыцця і выкарыстаннем новых адкрыццяў, часта пазычаных. Ужо хрэстаматыйным стаў прыклад, як японцы выкарысталі ўсе тэхналогіі з рубрыкі “Маленькие хитрости” з папулярнага савецкага часопіса (ён і цяпер існуе) “Наука и жизнь”. Сёння ў Японіі развіваецца ў асноўным робататэхніка. Аднак я бачу ў іх распрацоўкі, якімі займаліся менавіта савецкія інжынеры, ды нават проста хлопцы-вынаходнікі, яшчэ ў 60-70-я гады. Прынцып японцаў наступны: браць у іншых народаў усё самае лепшае, але не адкідваць свайго, пастаянна ўлічваць нацыянальны менталітэт, народны характар. Вось чаму нам варта ў іх павучыцца! З іншага боку, яны, калі прыязджаюць да нас, захапляюцца, што ў нас ёсць лецішчы – уласныя дамы за горадам, што ў многіх з беларусаў – трох-чатырохпакаёвыя кватэры: для іх маленькай краіны гэта – фенаменальная раскоша.

У Японіі на працягу стагоддзяў развіваліся многія традыцыйныя віды мастацтва, але ў нацыянальнай спецыфіцы: дойлідства (у асноўным драўлянае), жывапіс, літаратура, тэатр, дэкаратыўнае мастацтва, харэаграфія. Не існавала ў Японіі толькі, відаць, фрэска, ніколі не было і аратарскага мастацтва. Але затое тут узніклі такія віды, якія не сустракаліся больш нідзе.

У былой сталіцы краіны – Кіёта – развілося ўнікальнае мастацтва (японцы лічаць яго менавіта асобным відам) – ікебана. Гэта своеасаблівыя скульптуры з кветак, мастацтва аранжыроўкі раслін. У аснове ікебаны, безумоўна, сінтаізм, вера, што ўсе з’явы прыроды маюць душу. У Японіі лічаць, што галоўнае – прырода, а чалавек толькі яе часцінка. Ён – частка сусветнай гармоніі, якую неабходна спасцігнуць. Кантакт з прыродай, з раслінамі дапамагае яму ў гэтым.

Ікебана для японцаў – сімвал жывой прыроды, яе невялікі фрагмент, унесены ў дом. У традыцыйным японскім доме заўсёды маецца ніша ў сцяне, у якой на нізкі столік ставяць ікебану. Заходзячы ў дом, госці кланяюцца ікебане, а значыць, Прыродзе, а таксама гаспадыні, як густу, майстэрству, яе душы. Так раней у нас, уваходзячы ў дом, хрысціліся на абразы.

Па ўсёй краіне раскіданыя гурткі ікебаны. Практычна кожная дзяўчына такі гурток наведвае. Заняткі ікебанай не толькі далучаюць да традыцыйнага этыкету і эстэтычных уяўленняў мінулага, але і развіваюць густ, адчуванне прыгажосці. Адначасова гэта найбольш папулярны від адпачынку і жаночых кантактаў.

Мэта ікебаны – выявіць прыгажосць прыроды. Але яна ж – і сродак самавыяўлення. Кожны твор ікебаны ўключае не менш чым тры элементы, якія сімвалізуюць Неба, Зямлю і Чалавека між імі. Тэматыка твораў разнастайная. Гэта можа быць адлюстраванне прыроды ў розныя поры года, выяўленне настрою, нават нейкай філасофскай ідэі, пасвячэнне каму-небудзь.

У ікебане павінна быць недагаворанасць, намёк. Увогуле тут няма празмернай яркасці, дэкаратыўнасці, багацця, раскошы. Японскія букеты – вельмі лаканічныя, сціплыя.

У працэсе гістарычнага развіцця асноўныя палажэнні ікебаны змяняліся павольна. І толькі ў ХХ ст. пад уплывам дызайну і заходніх традыцый аранжыроўкі з’явіліся новыя школы ікебаны – авангардыстаў, абстракцыяністаў, постмадэрністаў, якія далёка адышлі ад народных вытокаў. Традыцыйны стыль спалучаў кветкі з веткамі хваёвых дрэў, шышкамі, з сухімі лістамі, часам з птушыным пер’ем. Сучасныя ж школы пачалі шырока выкарыстоўваць у кампазіцыях метал, пластмасу, іншыя сінтэтычныя матэрыялы.

У 60-я гады ХХ ст. мастацтва ікебаны прыйшло ў Еўропу, у тым ліку да нас. Многія тады захапляліся японскай аранжыроўкай – былі падручнікі, часта з’яўляліся артыкулы ў розных часопісах. Некаторыя элементы стылю ікебаны трывала ўвайшлі ў наш побыт – сёння мы іх ужо лічым сваімі, асабліва ў кампазіцыях з сухімі раслінамі. Традыцыйная японская ікебана цудоўна спалучаецца з сучасным мінімалізмам у інтэр’ерах. Хоць неабходна сказаць, што ў беларусаў усё ж іншыя эстэтычныя густы. Мы – нацыя, якая сфармавалася ў час Рэнесансу і Барока. А стылі рэнесанс і барока ва ўсім супрацьлеглыя японскаму дэкаратыўна-сціпламу стылю. Праўда, сённяшняе ўменне беларусаў бачыць прыгажосць і ў лаканізму японскага дызайну гаворыць на карысць нашай талерантнасці, сведчыць пра багацце нашага густу.

З раслінамі ў Японіі звязаны яшчэ адзін від мастацтва – бансай. Гэта зусім маленькія дрэўцы, але вельмі старыя. Мініяцюрная расліна перадае ўсе асаблівасці старога дрэва ў яго натуральным палажэнні. Больш за тое, людзі, якія разумеюць бансай, гавораць, што яны адчуваюць і абстаноўку вакол дрэва: бязмежную раўніну, або гай, або бераг мора.

Некаторыя дрэўцы сімвалізуюць пэўную пору года, іншыя ствараюць вобраз расліны, схіленай пад парывам ветру. Лічыцца, што дрэўца бансай ў сваім павольным росце ўвасабляе незаўважаны рух у прыродзе і адзінства чалавека з ёю.

У офісах японскіх фірмаў заўсёды прысутнічае бансай, і чым больш аўтарытэтная фірма ці ўстанова, тым старэй там дрэва. Ёсць унікальныя экземпляры ўзростам па 300-500 гадоў. Іх вырошчвалі пакаленні майстроў, бо гэта мастацтва заўсёды перадавалася ад бацькі да сына.

Бансай узнік, між іншым, у Кітаі, але лічыцца японскім. Ён таксама, як і ікебана, прыйшоў у Еўропу і Амерыку і набыў велізарную папулярнасць. Людзі цяпер усюды эксперыментуюць з мініяцюрызацыяй дрэў свайго рэгіёну.

Традыцыйны японскі сад – таксама той від мастацтва, які распаўсюдзіўся па ўсім свеце (таксама ўзнік у Кітаі, а лічыцца японскім). Цяпер у кожным батанічным садзе ёсць куточак японскага традыцыйнага саду. І ў разбіўцы паркаў, у афармленні гарадскіх куткоў прыроды элементы японскіх садоў выкарыстоўваюцца даволі шырока. Напрыклад, асіметрычна раскіданыя камяні. Магчыма, гэта таму хутка і арганічна ўвайшло ў нашу новую ландшафтную архітэктуру, што характэрна для беларускага ландшафту, сфармаванага адышоўшым ледавіком. Акрамя таго, у беларусаў заўсёды абагаўляліся валуны, многія з іх лічыліся свяшчэннымі. [Тым не менш, я яшчэ памятаю час, калі ўявіць вялікія камяні ў афармленні паркаў і садоў было немагчыма. У 50-я гады панаваў прынцып класіцысцкай сіметрыі. Але заўважу, што суцэльныя бардзюры з кветак ішлі ўздоўж усіх вуліц, што сёння цяжка ўявіць. Увогуле зеляніны ў Мінску стала намнога-намнога менш.]

У Японіі распаўсюджаны і культ чаю. Чай, безумоўна, прыйшоў з Кітая, але мастацтва чайнай цырымоніі ў Японіі ўсё ж адрозніваецца ад Кітая. Ва ўсіх садах, асабліва ў Кіёта, раскідана мноства чайных домікаў.

У чайным доміку звычайна збіраецца не больш чым пяць чалавек. Нават днём тут даволі цёмна. На кожным прадмеце ляжыць пячатка часу. Галоўныя прадметы: медны імбрычак, драўляныя лыжкі і бамбукавы венчык, керамічныя кубачкі – усе розныя. У прыгожым куфэрку – зялёны, і толькі зялёны, чай, перамалоты ў парашок, літаральна пудру. Кіпяцяць ваду на вуглях з ветак сакуры, а затым заварваюць і ўзбоўтваюць да ўтварэння пены. Ні цукру, ні варэння не ўжываюць.

Сэнс цырымоніі – культ прыгажосці сярод шэрасці будняў. Тут любуюцца ўсімі старажытнымі рэчамі, прыгатаванымі для пітва, а таксама рухамі распараджальніцы цырымоніі. Усе рухі надзвычай вытанчаныя, і кожны нясе свой сэнс. Не толькі ўсе японскія жанчыны, але і мужчыны ведаюць значэнне рухаў чайнай цырымоніі. Існуюць школы, гурткі па яе вывучэнні. Ва універсітэтах чытаюць адпаведныя курсы.

Як бачым, традыцыйныя, вельмі спецыфічныя, мастацтвы Японіі сведчаць, што японец ставіцца да прыроды, да жыцця перш за ўсё як мастак. Асноўныя законы яго існавання не толькі тычацца маралі, рэлігіі ды палітыкі, але абавязкова ўключаюць у сябе і нормы эстэтыкі. Менавіта гэта – аснова так званага “ японскага цуда ”, паскоранага развіцця краіны, пачынаючы з 60-х гг. ХХ ст. Гэта прыклад для нас: падняць эканоміку можна толькі на аснове высокай культуры. Адсюль выснова: развіваць найперш культуру!

Праўда, сёння пра “японскі цуд” ужо не гавораць, бо побач іншы – кітайскі цуд, больш паказальны, бо гаворка ідзе пра краіну з насельніцтвам у паўтара мільярда чалавек. Развіццё Японіі ў пачатку ХХІ ст. значна замарудзілася – відаць, народ не можа вытрымаць пастаяннага напружання. Заўважаецца тэндэнцыя прыхілення Японіі менавіта да Кітая: хітрыя японцы добра адчулі, хто ў свеце будзе гаспадаром. Акрамя таго, страшэнная катастрофа на АЭС Фукусіма (2011 г.) адкінула краіну далёка назад. Прычым памылак у першыя гадзіны і дні катастрофы тут было зроблена нават больш, чым на Чарнобыльскай АЭС. Адсюль таксама выснова – не злараднічаць! Памятаю, як кпілі, як здзекваліся ў сусветных СМІ з СССР. Але ж мы ўпершыню сутыкнуліся з такой страшэннай тэхнагеннай катастрофай. Сёння ў сусветных СМІ вельмі мала гаворыцца пра жыццё японцаў ва ўмовах абмежавання энергіі (у дзень электрычнасць даюць на 4 гадзіны). У адносінах да Японіі якраз не злараднічаюць, захоўваюць выключную паліткарэктнасць.

Культура Японіі настолькі прыцягальная, настолькі адносіны да прыроды і да мастацтва тут павучальныя, што нам усё ж варта пастаянна памятаць пра вопыт Японіі ў ХХ ст. і вучыцца ў яе.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: