Кітай ХХ стагоддзя і сучасны Кітай – супердзяржава ХХІ стагоддзя

Заўважана, што ў пару няўстойлівасці жыцця і няўпэўненасці ў будучым людзі заканамерна звяртаюцца да рэлігіі. У эпоху Сярэднявечча ў Кітаі асабліва шырока распаўсюдзіўся будызм. Найбольш яскравы помнік будызму – скульптура Буды, высечаная з гары (вышынёй 70 м), у правінцыі Сычуань.

Сярэднявечны Кітай

У Кітаі Сярэднявечча пачалося раней, чым у Еўропе. Ужо на мяжы ІІІ–ІVстст. тут склаўся феадальны грамадскі лад. Гэта быў цяжкі для краіны час. Пасля падзення вялікай дзяржавы Хань у 220 г. Кітай распаўся на асобныя дробныя княствы і амаль 150 гадоў цярпеў ад пастаянных нападаў паўночных качавых плямёнаў. У выніку Поўнач і Поўдзень Кітая раздзяліліся – тутутварыліся свае дзяржавы, свае сталіцы. На Поўначы ў асноўным абаранялісяад ворагаў, а культура развівалася на Поўдні, кудыбегла насельніцтва з паўночных правінцый.

Новае аб’яднанне Кітая завяршылася стварэннем дзвюх вялікіх дзяржаў – Тан (618–907гг.) і Сун (960–1279гг.). Умацаванне імперыі суправаджалася і бліскучым росквітам мастацтва. Дасягненні гэтай эпохі на стагоддзі вызначылі культурнае аблічча Кітая.

VII–XIIIстст. – перыяд росквіту кітайскай лірыкі. Яна і сёння захапляе, выклікае непараўнальную ні з чым асалоду. І гэта пры тым, што для нас, заходніх рацыяналістычных людзей ХХІст., даволі складана спасцігнуць светаўспрыманне старых кітайскіх паэтаў.

У Кітаі паэтычны эпас, такі развіты ў іншых краінах свету, практычна адсутнічаў. Кітайцы не маглі ўявіць аб’ектызаванага паэтычнага апавядання. Для іх гэта была б ужо не паэзія. Паэзія ж заўсёды павінна гучаць як голас сэрца, прычым сэрца, не замкнёнага ў сабе, а адкрытага для прыгажосці Сусвету, адкуль і чэрпаў натхненне паэт.

Важнейшы жанр лірыкі ў Кітаі – пейзажны. У аснове яго ляжыць філасофія даасізму. Усё ў Сусвеце аднолькава рытмічна рухаецца ў прасторы і ў часе, адгукаючыся на рытм Вялікага Дао (Шляху). У звілінах ракі, у застылых хвалях гор гэты рытм праяўляецца асабліва відавочна, і, захоплены ім, паэт набліжаецца да Абсалюту. Прырода і толькі прырода – выток натхнення для класічных кітайскіх паэтаў. Кантакт з прыродай – вось імпульс, які адчыняе сэрца, а далейшае пранікненне ў навакольны свет ідзе ўжо, як здавалася кітайскім творцам, на іншым, пазапачуццёвым узроўні. Усё кітайскае мастацтва пабудавана на сузіранні, і гэта сузіранне давала адчуванне асаблівай блізкасці чалавека да прыроды, яго зліцця з Космасам.

У малюнках прыроды кітайскаму паэту бачыліся складаныя знакі і сімвалы, напоўненыя глыбокім сэнсам. [Але хіба не так у еўрапейскіх паэтаў, скажам, у сімвалістаў? А наш Якуб Колас? Яго пантэізм здаецца мне набліжанымда светаадчування кітайскіх класічных паэтаў].

У кітайскай паэзіі амаль заўсёды ёсць падтэкст: лірыка проста не можа гаварыць адкрыта. Вобразы павінны складвацца ў самім сэрцы чытача. Прыёмы схаванай асацыяцыі, унутранага паралелізму заўсёды лічыліся тут найвышэйшым узроўнем паэтычнасці, і матэрыялам для іх нязменна былі матывы прыроды.

Нягледзячы на трагічныя перыпетыі ў гісторыі Кітая, развіццё паэзіі ў краіне ніколі не спынялася, а ў некаторыя перыяды дасягала бліскучых вяршыняў. Традыцыя не перарывалася, як у Еўропе пасля Антычнасці, і паэзія заўсёды лічылася найвышэйшай каштоўнасцю. Асаблівай глыбінёй і выразнасцю вызначаецца лірыка дынастыі Тан.

У часы Сярэднявечча працавалі тысячы – літаральна тысячы – не проста таленавітых, а геніяльных паэтаў. Але танскі перыяд у поўным сэнсе слова – Залаты век кітайскай паэзіі. Сярод зорак першай велічыні тут вылучаюцца два геніі – Лі Бо і Ду Фу.

У эпоху Тан імператар заснаваў дзвеАкадэміі – жывапісу і паэзіі, якія паэтычна называліся Лес Пэндзляў і Сход Мудрасці. Акадэмікі карысталіся значнымі прывілеямі і высокай пашанай. Асабліва праслаўлены сярод іх быў Лі Бо. Яшчэ юнаком ён пакінуў бацькоў і пасяліўсяў гарах. Многія гады ён прысвяціў самавыхаванню – “узгадаванню духа”, як гаварылі даосы. Ён жыў у гармоніі з прыродай, вучыўся разумець яе. Пазней Лі Бо зрабіўся вандроўным рыцарам, абаронцам прыгнечаных і пакрыўджаныхлюдзей. Гэта аказалася для яго няцяжка нават фізічна: Лі Бо меў у сваіх жылах вялікую долю цюркскай крыві, быў высокім і магутным чалавекам. Пажыўшы ў сталіцы як акадэмік, Лі Бо ўсё ж вярнуўся на ўлонне прыроды і доўгія гады вывучаў расліннасць і мінералы, займаўся пошукам эліксіру несмяротнасці. Ужо сваім сучаснікам Лі Бо ўяўляўся літаральна святым, ва ўсім незвычайным чалавекам, абсалютна не падобным да іншых. Ён жыў у гармоніі з самім сабой і з прыродай, пастаянна знаходзіўся як бы ў экстазе –у творчым гарэнні. Для яго паэзіі характэрны тонкі лірызм, чалавечнасць, вольны палёт фантазіі, раскаванасць, натуральнасць, дасканаласць формы.

Лі Бо ў цэлым шчасліва пражыў жыццё. Не так склаўся лёс яго паплечніка і сябра – Ду Фу. Не часта выпадае, каб два магутныя геніі аднаго і таго ж народа не толькі жылі ў адзін час, але і былі знаёмыя, разам падарожнічалі, прысвячалі адзін аднаму вершы, пісалі лісты. Натуральна, што яшчэ літаратуразнаўцы эпохі Сярэднявечча спрачаліся, хто вышэй: Лі Бо з яго ўменнем “бачыць нябачнае”, улоўліваць “біццё касмічных сфераў”, прасякаць думкаю прастору або цвяроза-мудры і зямны Ду Фу. [Заўважым, што гэтыя кітайскія геніі ў нечым падобныя да геніяў беларускіх – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта ж таксама дзіва, таксама падарунак лёсу – як бы кампенсацыя за былыя страты – адначасовае з’яўленне ў Беларусі народных песняроў. Яку Кітаі Лі Бо і Ду Фу, так і ў нас Янка Купала і Якуб Колас заклалі падмурак літаратурнай традыцыі, вызначылі далейшы кірунак літаратурнага развіцця.]

Ду Фубыў выхаваны ў тыпова канфуцыянскім духу. Ён шмат падарожнічаў, у тым ліку з Лі Бо, але не жыў у палацах, як яго сябра, не вёў гутарак з самім імператарам. Падобна даКанфуцыя, Ду Фу лічыў дабрыню і любоў усеагульным законам быцця. Парушэнне гэтага закону прыводзіць да прыродных катаклізмаў. “Узоры Неба” (воблакі, вясёлкі, зоркі, каметы) былі для паэта нейкімі касмічнымі знакамі, і ён меркаваў па іх, ці не страчаны Вялікі Шлях (Дао), ці не парушана раўнавага паміж дабром і злом.

Некалькі разоў у сваім жыцці Ду Фу імкнуўся вытрымаць іспыты на імператарскага чыноўніка. Экзамены ўключалі праверку ведаў канфуцыянскай класікі, умення ствараць вершы, пісаць трактаты на палітычную тэму і па старажытнай гісторыі. Ду Фу быў адным з найбольш адукаваных людзей свайго часу і пісаў бліскуча, але неардынарнасць яго мыслення заўсёды палохала экзаменацыйную камісію. Службу ён пачаў позна і няўдала. Яму давялося зведаць прыніжэнне, гора і нястачу. Пад канец жыцця ён жыў у чаўне, не маючы іншага прытулку. Як ніхто іншы да яго ў Кітаі, ён адлюстраваў у паэзіі пакуты простага чалавека, бо сам спазнаў іх. У яго творах шмат тугі – водгуку ўнутранай напружанасці.

Свет кардынальна змяніўся, і мы па-новаму глядзім на многія рэчы, але ёсць каштоўнасці, над якімі не ўладарны час. Сярод іх – класічная паэзія, у тым ліку і далёкага для нас Кітая. Адкрыццё яе – гэта адкрыццё цэлага космасу.

У эпоху Сярэднявечча побач з літаратурай галоўнае месца сярод іншых відаў мастацтва займаў жывапіс. Эпоха Тан і Сун – росквіт жывапісу. Менавіта паэзія і жывапіс вызначылі своеасаблівасць і значнасць кітайскага сярэднявечнага мастацтва. Як ніколі і нідзе гэтыя віды мастацтва наблізіліся адзін да аднаго. І хоць сродкі іх выразнасці адрозніваліся, мова паэтаў і мастакоў была амаль адзінаю. Прычым узнік як бы і прамежкавы від мастацтва – каліграфія.

Кітайскія мастакі ўжо ў VIIIст. побач з празрыстымі мінеральнымі фарбамі шырока выкарыстоўвалі і чорную туш, якою пісалі іерогліфы. У той самы час склаліся асноўныя манеры жывапісу: адна – дэталёвая, якая фіксавала ўсе нюансы, усе падрабязнасціаб’екту; другая – свабодная і як бы незавершаная, якая дазваляла гледачам праявіць сваю фантазію, у сваім уяўленнідавяршыць за мастака яго твор.

Кітайскі жывапіс, як і паэзія, амаль увесь пейзажны. Прычым кітайскія пейзажы ніколі не пісаліся непасрэдна з натуры. Яны ствараліся толькі па памяці. Найбольш распаўсюджаныя матывы – дарэчы, як і ў паэзіі – “гара-вада” і “поле-сад”. Гара яшчэ здаўна ў кітайскай натурфіласофіі сімвалізавала светлыя, актыўныя, як бы мужчынскія сілы прыроды (ян), а вада звязвалася з мяккім, пасіўным, жаночым пачаткам (інь). Тое ж тычыцца матыву “сад-поле”.

Побач з шырокай прасторай у кітайскім жывапісе адлюстроўваліся фрагменты прыроды, яе прыватныя праяўленні, дэталі. Найбольш распаўсюджаныя матывы гэтага кірунку – “кветкі-птушкі” і “расліны-матылькі”. Творы гэтага жанру, якія таксама своеасабліва раскрывалі навакольны свет, пісаліся не толькі на світках, але і на альбомных лістах, на шырмах, веерах.

Танскі жывапіс святочны, яркі, багаты. Найбольш вядомы мастак гэтага перыяду – Ван Вэй. Ён быў, дарэчы, сябрам Лі Бо і Ду Фу і сам пісаў цудоўныя вершы. Яго творы жывапісу мяккія, як бы празрыстыя. Ён пісаў не фарбамі, а толькі чорнай тушшу з размывамі. Ван Вэй быў блізкі да імператара, займаў высокіяпасады, але пакінуў царскі палац і пачаў жыць адзіну гарах, каб сузіраць прыроду, пісаць карціны, вершы, музыку.

Манера Ван Вэя аказалася найбольш блізкаю для мастакоў наступнага перыяду Сун. Менавіта ў гэты час былі зроблены асноўныя адкрыцці ў галіне прасторавай пабудовы малюнкаў, іх кампазіцыйнага рытму, танальнасці. Прастора разумелася мастакамі як сімвал бясконцасці свету. Людзі на карцінах настолькі маленькія, што толькі падкрэсліваюць магутнасць прыроды. Пейзажы Х–ХІ стст. уражваюць стрыманай веліччу. Прыгажосць прыроды сведчаць пра гармонію Сусвету, і гэта гармонія найбольш перадавалася манахромнасцю (адзін колер ці часцей за ўсё туш). Горы, рэкі, вадаспады, бездані, ціхія квяцістыя разлогі, празрыстыя горныя азёры – усё адлюстравана ў творах сунскіх мастакоў з каласальнаю сілай выразнасці.

Нашэсце манголаў у канцы ХІІІ ст. прынесла Кітаю вялікія разбурэнні і няшчасці. На 90 гадоў усталявалася варожая дынастыя, і ўся велізарная тэрыторыя Кітая трапіла пад акупацыю чужынцаў. Згарэлі цудоўныя палацы і храмы, былі разрабаваны і знішчаны мастацкія каштоўнасці. Настрой тугі і смутку, настальгія па мінулым пачалі пераважаць у асяроддзі мастакоў. Буйнейшыя майстры разышліся па краіне, перабраліся ў паўднёвыя правінцыі. У сваёй творчасці яны працягвалі традыцыі папярэдняга перыяду, хоць і з мінорнымі інтанацыямі.

Пасля выгнання чужаземных захопнікаў у Кітаі ўсталявалася дынастыя Мін (1368–1644гг.). Краіна перажыла перыяд эканамічнага і духоўнага росквіту. Зноў выраслі гарады, узніклі новыя цудоўныя архітэктурныя ансамблі. Умацаванне імператарскай улады і стабільнае развіццё дзяржавы паўплывала пераважна на дойлідства і дэкаратыўнаемастацтва.

Праўда, ўжо ў ХVIIст. краіна прыйшла ў заняпад. У 1644 г. Кітай захапілі манчжуры. Манчжурская дынастыя Цын устанавіла сваю ўладу ажно да 1912г. і давяла некалі магутную дзяржаву да беднасці, дэградацыі і амаль каланіяльнай залежнасці ад заходніх дзяржаў, перш за ўсё ад Англіі.

Мастацкае жыццё перыяду Мін і Цын складанае, супярэчлівае. Улады арыентавалі мастакоў на паўтарэнне мінулага. Ніводная эпоха не кіравалася ранейшымі традыцыямі з такой стараннасцю. Мастакі былі заціснуты канонамі ў сюжэтах, тэмах, метадах работы. Прыкладна ў той жа час падобная з'ява назіралася ў Еўропе, калі ў Францыі ўсталяваўся метад класіцызму (ХVIIст.).

І ўсё ж у кітайскай культуры з'явілася шмат новага. Напрыклад, у гэты перыяд у літаратуры развівалася проза. Празаічныя творы – героіка-авантурныя, фантастычныя, фантастычна-чароўныя раманы і аповесці – ствараліся не для арыстакратычнай эліты, а для шырокіх колаў гарадскога насельніцтва.[Дарэчы, тое ж назіралася ў іншых рэгіёнах, у тым ліку ў Еўропе – з ростам гарадоў развівалася проза: чым больш прадстаўнікоў трэцяга саслоўя ў краіне, тым вышэйшая папулярнасць аповесцяў і раманаў.]

Кітайскія чытачы асабліва любілі сюжэтылюбоўна-авантурныяабо прыгодніцкіяз дыдактычнымі элементамі.Кітайская проза мела схільнасць да сямейных драм, шлюбных перыпетый, апісанняў складаных судовых працэсаў. Прычым чытачы праяўлялі жывую цікаўнасць да розных бакоў побыту, нораваў, псіхалогіі людзей усіх класаў грамадства. Нязменна, яшчэ з Ханьскай эпохі, захоўваліся інтарэс да цудоўна-казачных сюжэтаў з падарожжамі ў іншасвет, з міфічнымі істотамі, пошукамі скарбаў, чароўных рэчаў. Некаторыя кнігі нагадваюць "Дэкамерон" Дж.Бакача. Напрыклад, адным з такіх найбольш любімых зборнікаў народных апавяданняў быў зборнік пад назваю "Дзіўныя гісторыі нашага часу і старажытнасці". Ён узнік у канцы Мінскай эпохі і да сённяшніх дзён карыстаецца надзвычай шырокай папулярнасцю, лічыцца класікай. Для"Дзіўных гісторый…" характэрнагероіка мінулага, захапленне прыгодамі незвычайных людзей. У ролі станоўчых персанажаў звычайна выступаюць навукоўцы, пісьменнікі, паэты і мастакі, найбольш вядомыя і любімыя ў народзе, у тым ліку Лі Бо. Мноства прыказак, прымавак, афарызмаў з гэтай кнігі шырока разышліся ў народзе і ўспрымаюцца як фальклор. Гераічнае мінулае апяваюць і класічныя кітайскія раманы: "Тры царствы", які распавядае пра трагічны канец эпохі Хань; "Рачныя затокі", дзе расказваецца пра народнае паўстанне ХІІ ст.; “Сон у чырвоным палацы” пра каханне душэўна тонкіх юнака і дзяўчыны з сем’яў арыстакратыі.

З развіццём прозы звязаны бытавы жывапіс і кніжная гравюра. У іх яскрава адбіўся рост цікаўнасці да прыватнага жыцця чалавека, да яго інтымных перажыванняў.

Але найвышэйшы росквіт у эпоху Мін звязаны ўсё ж з дойлідствам. Будаўніцтва ішло па ўсёй краіне. За кароткі тэрмін былі пабудаваны і ўпрыгожаны першая, а затым другая імператарскія рэзідэнцыі – Нанкін і Пекін. Апошняя з'яўляецца сталіцай Кітая з 1421 года.

У перакладзе Пекін – “Паўночная сталіца”. У гэтым горадзе быў сінтэзаваны ўвесь будаўнічы вопыт мінулага. Яго велізарная плошча задумвалася як агромністая пейзажная карціна. Усе важныя забудовы скіроўваліся фасадам на поўдзень, а ўвесь горад, з канца ў канец, перасякала прамая шырокая траса. Велізарная сцены (12 м у вышыню) з велічнымі брамамі абкружала Пекін з усіх бакоў. Але сіметрычнасць, матэматычная правільнасць не рабілі горад халодным і сумным. Тонка ўлічваліся ўсе асаблівасці рэльефу. Прамыя вуліцы суадносіліся з маляўнічасцю паркаў, размешчаных на прыгожых узгорках, сярод празрыстых азёраў.

Асноўны ансамбль Пекіна – " Забаронены горад " (сёння – музей), абнесены сценамі і ровам з вадою. Тут некалькі палацаў, шырокія плошчы, каналы, сотні чырвоных павільёнаў, паднятыхна тэрасы. Галоўны з іх – "Павільён найвышэйшай гармоніі" – як бы сінтэзаваў усе дасягненні архітэктуры Кітая. Лёгкасць, вытанчанасць, яркасць спалучаюцца ўім з простасцю і яснасцю формы. Высокія чырвоныя калоны падтрымліваюць велізарны двух'ярусны дах. Плаўна загнутыя вуглы гэтага даху надаюць будынку асаблівую святочнасць(загнутасць дахаў – абарона ад злых духаў).

Храмы Кітая таксама размяшчаліся вялікімі комплексамі. Найбольш вядомы з іх – Храм Неба ў Пекіне (XVIст). На квадратных мармуровых платформах, якія ўвасаблялі зямлю, узвышаўся круглы трох'ярусны з сінімі дахамі храм, які сімвалізаваў неба. У гэтым храме кітайскія імператары прыносілі ахвяры небу і прасілі пра багаты ўраджай.

У Кітаі захавалася шматстаражытных пагадаў, напрыклад, сусветна вядомая Жалезная пагада ў Пекіне вышынёю 56 м. Пагада сімвалізавала Сусветную Гару.

Кітайскае дойлідства XV–XVIIстст. велічнае і гарманічнае. У далейшым яно будзе перагружана залішняй дэкаратыўнасцю – мноствам дэталяў, роспісамі. ХІХ ст. – заключны этап развіцця традыцыйнага дойлідства Кітая. Пазней ужо адчуваўся заходні ўплыў.

Кітайскі народ з яго фенаменальнай працавітасцю, найбагацейшай фантазіяй і тонкім дэкаратыўным чуццём за тысячагоддзі развіцця стварыў незлічонае мноства прадметаў дэкаратыўнага мастацтва. Сусветнай славай карыстаюцца вырабы з кітайскага фарфору, лаку, дрэва, каштоўных камянёў. Ужо з даўніх часоў іх вывозілі, імі ўпрыгожвалі палацы сусветных уладароў, капіравалі ў многіх краінах. Асаблівасць кітайскіх рамёстваў – уменне майстроў выявіць прыродныя якасці матэрыялу. Найбольш славіўся кітайскі фарфор. Доўгі час тэхналогія яго вырабу была дзяржаўным сакрэтам. Толькі на пачатку XVIIIст. гэты сакрэт выпадкова адкрылі ў Саксоніі, але ўсё роўна кітайскія вазы, посуд уражваюць незвычайнай тонкасцю і чысцінёй белай асновы, выключнай фантазіяй у выбары сюжэтаў і вобразаў роспісу.

Велізарным попытам не толькі ў Кітаі, але і ва ўсім свеце карысталіся вырабы з эмалі, з чырвонага лаку, з нефрыту, яшмы. Шматстайнасць формаў і тэхнік кітайскага дэкаратыўнага мастацтва невычарпальная. У XVIIIст. у Еўропе панавала мода на кітайскія павільёны, альтанкіў садах, на адпаведнае афармленне пакояў у палацах. Такія пакоі, напрыклад, у палацы горада Ламаносава пад Пецярбургам, уражваюць незвычайнасцю формаў мэблі і посуду, фенаменальнай раскошай. Тады ж, у XVIIIст., былі запазычаны кітайскія ліхтарыкі, мастацтва фейерверкаў, паветраных змеяў і шмат іншага.Сёння зноў вярнулася мода на ўсё кітайскае.

Культура Кітая Новага часу (ХІХ–сярэдзіна ХХ стст.) характарызуецца амаль ва ўсіх відах мастацтва паўторам набытага раней – у ёй пануе традыцыя. Фактычна развіваецца толькі літаратура, у якой адлюстраваны вызваленчы рух супраць манчжурска-кітайскіх феадалаў і экспансіі капіталістычнага Захаду, заняпад сярэднявечнага Кітая і інтэнсіўнае знаёмства з дасягненнямі сусветнай культуры. У пачатку ХХ ст. найбольшую папулярнасць атрымалі сацыяльныяраманы, створаныя ў традыцыях крытычнага рэалізму. Найбольш вядомы класік ХХ ст. – Лу Сінь. Ён упершыню зрабіў галоўным героем літаратуры простага чалавека. Ён пераклаў шмат заходніх аўтараў, асабліва рускіх, якія, безумоўна, аказалі на яго моцны ўплыў.

З 80-х гг. ХІХ ст. у Кітаі фармавалася нацыянальная буржуазія, якая спрабавала правесці некаторыя рэформы, але яене падтрымаў народ. Дзейнасць рэфарматараў закончылася поўным правалам: імператрыца Цынь пакарала іх смерцю.

З пачатку ХХ ст. узмацніўся рэвалюцыйны рух. У 1911 г. адбылася рэвалюцыя, якая ўрэшце скінула ненавісную манчжурскую дынастыю. Аднак новы ўрад не вырашыў многіх праблем, і таму рэвалюцыя фактычна працягвалася да 1927 г.

Цяжкім выпрабаваннем для Кітая была агрэсія Японіі на працягу 30–40-х гг. У барацьбе з японцамі выспелі дзве магутныя сілы – партыя гаміньдан,узначаленая з канца 20-х гг. Чан Кайшы, і партыя камуністаў, якая паступова вылучыла свайго правадыра – Мао Цзэдуна. Савецкі Саюз у перыяд Другой сусветнай вайны падтрымліваў абедзве партыі, але Сталін гуляў і на супярэчнасцях паміж імі. Пасля разгрому Савецкім Саюзам японскай Квантунскай арміі і капітуляцыі Японіі ў жніўні 1945 г. закончылася і акупацыя Кітая. Пачалася барацьба за ўладу, грамадзянская вайна. Заходнія дзяржавы падтрымлівалі Чан Кайшы, Сталін рашуча стаў на бок камуністычнай партыі.Яна і перамагла.1 кастрычніка 1949 г. у выніку народнай рэвалюцыі была створана Кітайская Народная Рэспубліка, якая існуе і сёння. Доўгі час партыю і дзяржаву ўзначальваў Мао Цзэдун. Савецкі Саюз шмат у чым дапамагаў маладой рэспубліцы, пакуль Мао не пасварыўсяз Мікітам Хрушчовым пасля развянчання тым у 1956 г. культу асобы Сталіна[Сёння высветлілася, што ўсе палажэнні даклада Хрушчова аказаліся няпраўдай, так што кітайскі лідэр меў рацыю.]

За 60 гадоў развіцця сацыялістычны Кітай перажыў і добраеі ліхое. Да апошняга можна аднесці масавы псіхоз у 60-я гады – так званую культурную рэвалюцыю, калі знішчаліся класічныя помнікі, а інтэлігентаўадпраўлялі "на перавыхаванне" ў вёскі, бо яны як быццам трапілі пад уплыў "савецкага рэвізіянізму"[Рэвізіянізм, між іншым, сапраўды быў, інакш кажучы, савецкае грамадства паступова рабілася абывацельскім.]

Складаныя працэсы ў Кітаі сведчаць пра тое, што нельга механічна пераносіць заходні вопыт у зусім іншую цывілізацыю. Істотныя зрухі пачаліся толькі тады, калі Кітай перахварэў на гэтую хваробу і ўзяў кірунак на нацыянальныятрадыцыі. "Бацькам" кітайскіх эканамічных рэформаў стаў вядомы ва ўсім свеце палітычны дзеяч Дэн Сяопін, які памёр зусім нядаўна.За 20гадоў Кітай дасягнуў неверагодных поспехаў і па многіх паказчыках увайшоў у першуюдзесятку найбольш развітых краін. Ніводная краіна не развіваецца так бурна.На працягу 15-17 гадоў нацыянальнае багацце краіны прыбывала штогод на 10-12 %. Такія паказчыкі былі толькі ў СССР у 30-50-я гг. Праўда, з 2008 г., з-за сусветнага эканамічнага крызісу, тэмпы развіцця ў КНР замарудзіліся. Але ўсё роўна па ўсіх параметрах Кітай абганяе Расію ў чатыры разы.Нават спецыялісты Міжнароднага валютнага фонду былі вымушаны прызнаць, што кітайская эканамічная мадэль аказалася найбольш прагрэсіўнай. Кітай як бы пацвердзіў, што і ва ўмовах сацыялізму (бо ён так і застаўся сацыялістычнай краінай, не разбурыў, як Расія, свае дзяржаўныя інстытуты) можна праводзіць актыўныя эканамічныя рэформы.

За апошнія 10 гадоў колькасць карыстальнікаў Інтэрнету ў Кітаі павялічылася ў 16 разоў, колькасць асабістых аўтамашын ў 8 разоў. Самыя высокія ў свеце тэмпы! У той жа час рынкавая эканоміка, хоць і пры сацыялістычным палітычным ладзе, прывяла да росту карупцыі, да сацыяльнага расслаення. Так, у 2006 г. у Кітаі было 15 доларавых міліярдэраў, а сёння – 250. Доларавых мільянераў – паўтара мільёна. Праўда, 400 мільёнаў чалавек пераадолелі беднасць, але застаюцца беднымі 150 мільёнаў чалавек. Простаму чалавеку па-ранейшаму цяжка, як і ў Расіі, дасягнуць справядлівасці.Інакш кажучы, не ўсё так добра – менавіта з-за рынкавых рэформаў.

Напачатку лістапада 2012 г. у Кітаі адбыўся чарговы з’езд кампартыі, якая кіруе дзяржавай. Памянялася кіраўніцтва. Былі вызначаны некаторыя новыя прыярытэты. Але па-ранейшаму кампартыя кіруецца ідэяй, якая можа аб’яднаць увесь народ. Гэта – нацыянальная ідэя. Гонар за сваю краіну аб’ядноўвае і бедных, і багатых. Праўда, уапошні час, калі адбыліся антыяпонскія дэманстрацыі (з-за тэрытарыяльных прэтэнзій), дэманстранты неслі партрэты і Мао Цзэдуна. Гэта было нечаканасцю для кіраўніцтва, хоць Мао Цзэдуна не ганьбяць, як Сталіна, а глыбока шануюць. Аказалася, што ў Кітаі туга па тым часе, калі не было багатых, а ўсе былі роўныя, затое гарэлі энтузіязмам.

На сённяшні дзень ЗША і Кітай – дзве супердзяржавы – не могуць існаваць адна без другой, але ў той жа час ЗША бачыць у Кітаі свайго галоўнага канкурэнта. Вялікае раздражненне ва ўладаў ЗША выклікае падтрымка Расіяй і КНР Сірыі і Ірана. Толькі пазіцыя РФ і КНР не дазваляе распачаць чарговую сусветную вайну. Але ўсё роўна яна ўжо на парозе, і нам яе не пазбегнуць.А абывацелі працягваюць шукаць матэрыяльных даброт і весяліцца – нічога іх не цікавіць, не хвалюе.

На маюдумку, галоўная ўмова росквіту Кітая – яго надзвычай высокая і надзвычай старажытная, са шматвяковымі традыцыямі, культура.

Кітай – не проста дзяржава, а асобная цывілізацыя. Тут жыве, дарэчы, шмат нацый (хань – асноўная), і гавораць яны на розных мовах, але ў іх агульныя каштоўнасці і традыцыі. Для кітайцаў Вялікая кітайская сцяна – намнога большая каштоўнасць, чым тэлебачанне. Тут лічаць, што канфуцыянства больш дапамагае ў жыцці, чым статут кампартыі і правілы дарожнага руху. Сям’я – аснова і правобраз дзяржавы. І гэта таксама ідзе ад Канфуцыя. У кітайскай медыцыны і кулінарыі – шматтысячагадовыя традыцыі, некаторым стравам па пяць тысяч гадоў, а, можа, і больш. Кітайская кулінарыя па багацці страў, па тэхналогіях лічыцца на другім месцы ў свеце пасля французскай. Усім гэтым кітайцы справядліва ганарацца. Кітайская цывілізацыя прынцыпова іншая, чым заходняя.

Усе буйнейшыя футуролагі свету прадказваюць, што ў ХХІ ст. Кітай будзе супердзяржавай і дамінантай у свеце. Ды гэта ўжо і сёння відавочна: Кітай – сусветная дзяржава, якая адыгрывае ўсё большую ролю на міжнароднай арэне.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: