Мастацтва Антычнай Грэцыі эпохі элінізму

Культура элінізму – дастаткова цэласная з’ява. Яе найбольш характэрная асаблівасць – грэцкая класічная аснова, узбагачоная мясцовымі (егіпецкімі, вавілонскімі, персідскімі) элементамі.

Гарады будаваліся ў асноўным у традыцыях грэцкай архітэктуры, але, акрамя храмаў, вядомых нам па Акропалю, узводзіліся тэатры, гімнасіі, палацы. Афармленне інтэр’ераў, асабліва ў такіх культурных цэнтрах, як Александрыя, Пергам, Эфес, Антыахія, стала больш шыкоўным, багатым, шырока выкарыстоўваліся калоны (аснова антычнага ордэру): велічныя каланады афармлялі плошчы, вуліцы, алтары. Спецыфікай перыяду можна лічыць з’яўленне новых тыпаў будынка – бібліятэкі, мусейона (у Александрыі), арыгінальных збудаванняў – Фароскага маяка ў Александрыі, Маўзалея ў Галікарнасе, Вежы вятроў у Афінах з сонечнымі гадзіннікамі на сценах і вадзяным гадзіннікам (клепсідрай) унутры. Архітэктура ў найбольшай ступені адпавядала велічы новаўтвораных імперый.

Менавіта ў эпоху элінізму былі створаны некаторыя з сямі цудаў свету. Пра Александрыйскі маяк мы ўжо ведаем. Неабходна назваць яшчэ храм Артэміды ў Эфесе. Эфес узнік яшчэ ў ІІ тыс. да н.э. і лічыўся адным з самых вялікіх гандлёвых гарадоў Пярэдняй Азіі. Належаў ён Кірыі, а потым трапіў пад уладу Персіі. Жыхары верылі, што тут некалі жылі амазонкі, якія ўшаноўвалі багіню ўрадлівасці, вядомую ў Месапатаміі як Іштар, а ў Фінікіі як Астарту. Калі Пярэднюю Азію каланізавалі грэкі, яны пачалі ўшаноўваць Маці ўрадлівасці пад імем Артэміды, сястры Апалона. У пачатку ІV ст. да н.э. жыхары Эфеса ўзвялі мармуровы храм, які перыўзыходзіў усе існуючыя дагэтуль храмы сваёй велічынёй і прыгажосцю.

У тыя часы храмы былі не толькі месцам культу. Яны выконвалі мноства функцый. Напрыклад, яны з’яўляліся скарбоўнямі. Тут жа былі багатыя калекцыі скульптур і твораў жывапісу. Каля храмаў ставілі пліты, дзе высякаліся важнейшыя дзяржаўныя дэкрэты. Храм у Эфесе таксама быў і банкам, і музеем, і пінакатэкай – карціннай галерэяй, і месцам сустрэч.

У будаўніцтве храма ўдзельнічалі шмат якія мецэнаты. Напрыклад, фантастычна багаты лідзійскі цар Крэз падараваў мармуровыя калоны, упрыгожаныя знізу скульптурнымі адлюстраваннямі багоў і міфалагічных сцэн, а таксама прынёс у падарунак храму скульптуры дзвюх кароў, зробленых з чыстага золата.

Будавалі храм 120 гадоў. Займаў ён велізарную плошчу: 110 на 55 м. Абкружаны быў двума радамі калонаў – усяго іх было 127 па 18 м вышынёй у іанічным ордэры. Вельмі прыгожы быў фрыз. Храм ашаламляў бліскучай бялюткасцю і сам выпраменьваў нейкае чароўнае святло.

Слава храма ў антычным свеце расла, пакуль яго не спаліў нейкі Герастрат – ён прагнуў славы [Сёння мы літаральна ператварыліся ў грамадства герастратаў: некаторыя людзі што толькі не ўтвораць, абы толькі трапіць у тэлевізар]. Пажар адбыўся ноччу ў 356 г. да н.э. Менавіта гэтай ноччу ў Македоніі нарадзіўся Аляксандр. А грэкі аплаквалі пагібель храма і праклялі Герастрата – нават імя яго забаранялі вымаўляць.

Жыхары Эфеса вырашылі пабудаваць новы храм. З усіх бакоў пацяклі сродкі. Праз два дзесяцігоддзі, калі сабралі грошы, храм аднаўляў знакаміты Хейракрат – буйнейшы дойлід таго часу: ён ужо праславіўся планіроўкай Александрыі.

Хейракрат аднавіў калоны, зрабіў іх не іанічнымі, а карынфскімі, і нават страху пакрыў не чарапіцай, як раней, а тонкімі мармуровымі плітамі. У цэнтры храма паставілі скульптуру Артэміды вышынёй у 15 м – гэта вышэй, чым скульптура Афіны ў Парфеноне. Храм упрыгожвалі лепшыя творы скульптуры і жывапісу. Знакаміты Праксіцель стварыў рэльеф алтара. Некаторыя разныя калоны належаць Скопасу – яшчэ аднаму геніяльнаму скульптару. Ад старога храма тут захавалася скульптура “Параненая амазонка” Паліклета.

Храм атрымаўся шыкоўны. Жыхары завяшчалі яму сваю маёмасць. Калі Эфес увайшоў у склад Рымскай імперыі, адзін з багатых арыстакратаў падараваў храму залатую скульптуру багіні Дыяны (рымскае імя Артэміды) з двума срэбранымі аленямі. Гэтую скульптуру эфесцы асабліва цанілі.

Ніхто ніколі не адважваўся абрабаваць храм, хоць ён быў надзвычай багаты, а вакол вяліся бясконцыя войны – Эфес пераходзіў з рук у рукі. Храм у Эфесе лічыўся адным з сямі цудаў свету.

З ІІ ст. да н.э. Эфес стаў галоўным горадам усходніх правінцый Рымскай імперыі. У І ст. нашай эры гэта быў адзін з першых цэнтраў хрысціянства, звязаны з імем апостала Паўла.

У ІІІ ст. дзікія готы захапілі Эфес і ўпершыню разрабавалі храм. У часы Візантыі хрысціяне, на жаль, паступова, але няўхільна, таксама разбуралі яго, разбівалі скульптуры. Туркі, якія захапілі гэтую зямлю ў ХV ст., давяршылі разбурэнне.

У ХІХ і ХХ ст. тут вяліся археалагічныя росшукі. Знойдзены асобныя фрагменты храма.

Складаны лёс напаткаў і Маўзалей ў Галікарнасе. Горад, заснаваны дарыйцамі яшчэ ў ІІ тыс. да н.э., з’яўляўся радзімай “бацькі гісторыі” Герадота (V ст. да н.э.). Належаў розным царствам – Персіі, Грэцыі, Рыму. Найвышэйшага росквіту дасягнуў пры цары Маўзоле (памёр у 353 г.), калі горад уваходзіў у Афінскі марскі саюз.

Горад надзвычай прыгожа раскінуўся на узгорках над морам. Тут было мноства мармуровых храмаў і палацаў. У цара была сястра і адначасова яго жонка Артэмісія. Яна літаральна абагаўляла свайго мужа; у яе бязмерным каханні было нешта нават паталагічнае. Калі Маўзол нечакана памёр, гэта было страшным ударам для Артэмісіі. Яна загадала цела яго спаліць, а попел растварыла ў вадзе і выпіла: царыца хацела стаць жывым помнікам для мужа. Потым яна загадала ўзвесці храм-пахавальню для духа Маўзола (адкуль і пайшла назва – “маўзалей”).

Гэта было выключнае збудаванне, прасякнутае містыкай. Тут арганічна зліліся сімволіка ўсходняй архітэктуры з грэцкай прастатой і строгасцю.

Маўзалей уяўляў сабою ўсечаную піраміду з 23 усходцамі. На ёй быў узведзены грэцкі храм, а на ім зноў-такі размяшчалася піраміда. Інакш кажучы, храм аказаўся як бы паміж верхам і нізам піраміды, раздзяляў яе. Гэта было арыгінальнае архітэктурнае рашэнне.

Сам храм быў пабудаваны ў іанічным ордэры, а на версе стаяла квадрыга – калясніца з чацвёркай коней, але без каляснічага.

Храм, пабудаваны ў прынцыпах залатога сячэння, адрозніваўся выключнай гарманічнасцю. Каля яго велізарнай лесвіцы стаялі скульптуры коней і ляжалі львы. Наверсе лесвіцы знаходзіўся надзвычай прыгожы фрыз: гэта было парушэнне традыцыі – фрыз не наверсе, а на ўзроўні вачэй чалавека. На фрызе быў паказаны двубой грэкаў з амазонкамі.

Інтэр’ер храма ўражваў сваёй казачнай раскошаю. Сцены пакрываў прыгожы арнамент, падлога была выкладзена мазаікай з каштоўных камянёў. Тут было даволі цёмна, і толькі курыліся залатыя курыльніцы. Уся атмасфера пахавальні была насычана містыкай, таямнічасцю і падначалена нумералогіі – магіі лічбаў і геаметрычных фігур.

Маўзалей уражваў сваімі каласальнымі памерамі. Вышыня яго – 46 м. Нават калёсы на калясніцы – 3,8 м. У афармленні храма ўдзельнічаў геніяльны Скопас. У прыватнасці менавіта ён узвёў скульптуру Артэмісіі. Сам Маўзалей не столькі пахавальня, колькі помнік яе вернаму каханню. Ён сімвалізаваў ідэю несмяротнасці душы, вечнай любові і прыгажосці. Такімі ж помнікамі каханню былі паветраныя сады Вавілона і Тадж Махал у Індыі.

Маўзалей стаяў доўга – нават тады, калі сам горад Галікарнас перастаў існаваць. У ХV ст. гэтую мясцовасць у Пярэдняй Азіі захапілі крыжакі і пачалі ўзводзіць сваю крэпасць, варварскі выкарыстоўваючы Маўзалей як звычайны будаўнічы матэрыял. Туркі ў ХVІ ст. давяршылі разбурэнне храма.

У ХІХ ст., калі тут пачаліся археалагічныя росшукі, англійскія вучоныя знайшлі даволі многа фрагментаў Маўзалея – значна больш, чым у Эфесе.

Жыццё эліністычнага чалавека немагчыма ўявіць без фону са шматлікіх скульптур, якія сустракаліся і на плошчах гарадоў, і ў храмах, і ў багатых дамах. Мастацтва скульптуры – адно з самых развітых у антычным свеце. Яшчэ ў класічную эпоху праславіліся геніяльныя скульптары – Фідзій, Праксіцель, Мірон, Скопас, Паліклет, Лісіп. Яны стваралі статуі багоў і герояў, якія ўвасаблялі ўяўленні антычных людзей пра фізічную і духоўную прыгажосць чалавека. Вялікі Фідзій не толькі пабудаваў афінскі Акропаль (кіраваў будаўніцтвам), але і стварыў адзін з сямі цудаў свету – скульптуру Зеўса ў горадзе Алімпія, дзе праходзілі Алімпійскія гульні. Скульптура мела вышыню 18 м, адзенне і валасы Зеўса былі з золата, адкрытыя часткі цела – са слановай косці. На троне бога былі выразаны шматлікія эпізоды з грэцкай міфалогіі. У скульптуры Зеўса быў увасоблены ўвесь веліч класічнай Элады.

У эпоху элінізму яшчэ і ўзрасло імкненне да стварэння гіганцкіх скульптур. Так, зусім нядаўна з дна Александрыйскай бухты ў Егіпце паднялі скульптуру цара Пталемея, якая ўпрыгожвала Фароскі маяк. Яе вышыня 8 м.

Але самая знакамітая скульптура ў час Антычнасці была ўстаноўлена на востраве Родас, адным з найбольш вялікіх астравоў грэцкага архіпелага. У эпоху элінізму, калі заняпалі Афіны, Родас зрабіўся цэнтрам лепшых дасягненняў навукі і мастацтва. На востраве быў культ бога сонца Геліяса, які паступова зліўся з вобразам Апалона. Скульптуру бога ўзводзіў Харэс, вучань праслаўленага Лісіпа, прыдворнага скульптура Аляксандра Македонскага.

Антычныя аўтары прыводзяць розныя звесткі пра Калос Радоскі (так называлі скульптуру). Яе найбольш верагодная вышыня – 35 м. Безумоўна, сучасных людзей такой лічбай не здзівіць (вышыня 10-павярховага дома). Але для антычнага свету металічная скульптура такіх памераў была сапраўдным цудам.

Скульптуру будавалі 12 гадоў. Паводле адной з версій, магутны сонечны бог трымаў у руках светач, які мог быць маяком; паводле іншай, Апалон углядаўся ў марскія прасторы з-пад далоні; паводле трэцяй, Калос упіраўся нагамі ў дзве супрацьлеглыя дамбы гавані, і караблі, якія ішлі да Родаса, павінны былі праплываць пад ім.

Скульптура прастаяла ўсяго 50 з нечым гадоў – да землятрусу 225 г. да н.э. Калос упаў, і родасцы пабаяліся яго аднаўляць з-за нейкага прароцтва, хоць егіпецкі цар Пталемей прыслаў выдатных майстроў. Амаль тысячу гадоў (!) ляжала на беразе мора разбураная скульптура, працягваючы здзіўляць сваімі памерамі: дарослы чалавек абедзьвюмя рукамі не мог абняць нават адзін яе палец. У 653 г. арабы заваявалі Родас і прадалі бронзавыя рэшткі Калоса нейкаму яўрэйскаму купцу, які на караблях вывез іх у Сірыю, а пасля перамясціў на 900 верблюдаў. Але куды знік той караван – так і невядома.

Сёння ў Грэцыі збіраюцца аднавіць старадаўні цуд. Паводле аднаго з праектаў, Калос Радоскі будзе адліты з алюмінію, і ў яго полай галаве мяркуюць зрабіць бар для турыстаў. [Лепш бы гэтыя антычныя шэдэўры не аднаўлялі, чым рабіць з іх пошасць!]

Дзякуй Богу, яшчэ ёсць магчымасць пабачыць сапраўдныя творы мастацтва, якія дайшлі з тых часоў. У сярэдзіне ХІХ ст. на малавядомым грэцкім востраве Самафракія знайшлі скульптуру, якую спачатку не ацанілі і паставілі сярод іншых у зале Карыятыд – праўда, усё ж у Луўры (Парыж). Але дзіўна: менавіта гэтая скульптура заўсёды збірала вакол сябе натоўп захопленых гледачоў. З 1896 г. яна ўпрыгожвае верхнюю пляцоўку цэнтральнай лесвіцы Луўра. Гэта Ніка Самафракійская – багіня перамогі. Як нідзе, у ёй увасоблена выразнасць мастацкіх формаў элінізму. Выдатны скульптар, імя якога невядома, паказаў багіню сыходзячай з неба і робячай крок наперад на пастаменце ў выглядзе носа ваеннага карабля. Цяжка прыгадаць твор, у якім радаснае пачуццё перамогі выяўлена так поўна і ў той жа час так абагулена. Рух Нікі адчувае магутнае супраціўленне ветру, ён абляпляе тканіну вакол моцнага цела, якое падтрымліваецца крыламі. Скульптура без галавы і рук, але гэта зусім не заўважаецца: ідэя выдатна перададзена фактычна толькі складкамі адзення. Больш за тое, твор дае адчуванне бязмежнасці прастору, сілы сустрэчнага ветру, салёнага марскога паветру...

Там жа, у Луўры, знаходзіцца не менш вядомы шэдэўр – скульптура Афрадыты, знойдзеная на востраве Мелас у пачатку ХІХ ст. (яе прынята называць Венерай Мілоскай). Скульптура лічыцца ўвасабленнем жаночай прыгажосці. Адцягненыя паняцці Прыгажосці і Любові ў скульптуры, створанай незадоўга да з’яўлення хрысціянства, выяўлены ў іх агульначалавечым, універсальным разуменні. Спакойны, велічны воблік багіні нагадвае ўзоры скульптуры перыяду класікі, але тут ёсць і эліністычныя рысы. Так, невядомы творца паказаў Венеру ў даволі дынамічным павароце, з лёгкім нахілам плеч, са складаным, відаць, размяшчэннем рук (іх не знайшлі, але, па словах селяніна, на полі якога адкапалі Венеру, яна ў адной руцэ трымала яблык, другой падтрымлівала адзенне). Вышыня скульптуры – 2,04 м. Яе формы лічацца найбольш гарманічнымі, яна – ідэал не толькі жаночай прыгажосці, але прыгажосці як бы чалавека ўвогуле.

У Рыме, у Ватыканскім музеі, знаходзіцца яшчэ адзін выдатны твор скульптуры эпохі элінізму – група Лаакаон, знойдзеная ў эпоху Адраджэння. У адрозненне ад папярэдніх шэдэўраў, аўтары гэтага вядомыя – радосец Агесандр з вучнямі (І ст. да н.э.). Лаакаон – траянскі жрэц, які прасіў суайчыннікаў не давяраць грэкам і не прымаць ад іх падарунка – драўлянага агромністага каня. Багіня Афіна, якая, натуральна, дапамагала грэкам, наслала на Лаакаона велізарных змеяў, якія і задушылі яго з сынамі. Менавіта гэты момант паказвае скульптура. Раскінутыя рукі, закіданыя галовы, канвульсіўна напружаныя целы – майстэрства творцаў тут проста захапляе. Яны цудоўна перадалі напружанасць драматычнай барацьбы мужных людзей. Прычым кожны герой з групы “гучыць” эмацыянальна па-рознаму. Вобраз жраца з магутным целам, моцнымі рукамі, высакародным тварам успрымаецца як цэнтр кампазіцыі, аснова і сутнасць твора, прызванага выявіць патэтычную барацьбу чалавека ў непадуладнымі яму знешнімі сіламі. Левы юнак яўна памірае, у жэстах правага адчуваецца надзея на выратаванне. Падобная распрацоўка кантрасных эмацыянальных тэм уразіла Мікельанджала, пры жыцця якога была знойдзена скульптура. Некаторыя яе матывы ён выкарыстаў у сваіх творах. У цэлым скульптура эпохі элінізму – вышэйшае дасягненне ў гэтым відзе мастацтва.

У мастацкай літаратуры грамадскія матывы, узрошчаныя дэмакратыяй поліса, былі заменены матывамі асабістымі. Здрабненне тэм назіралася ва ўсіх жанрах: палітычная камедыя Арыстафана саступіла месца больш вытанчанай, але менш змястоўнай бытавой камедыяй Менандра; у лірыцы атрымалі развіццё невялікія, павярхоўныя па змесце творы – элегіі, эпіграмы, ідыліі, жанравыя сцэнкі, вершы кахання. Чым менш змястоўнай рабілася лірыка, тым большую вытанчанасць набывалі яе формы. Александрыйская паэзія дала найбольш дасканалыя ўзоры фармальнага майстэрства, стылістычнай апрацоўкі, за якімі адчуваецца не столькі натхненне, колькі вучонасць. Салонная паэзія Калімаха і яго вучня Апалонія Радоскага (яны ж у розныя часы ўзначальвалі Александрыйскую бібліятэку) была разлічана на вузкае кола чытачоў, здольных ацаніць работу паэта-вучонага, яго росшукі ў вобласці міфалогіі, старажытнай паэзіі.

Тэатральныя пастаноўкі ў эпоху элінізму набывалі фантастычную пышнасць. У сваю чаргу, святы і абрады рабіліся ўсё больш тэатралізаванымі. Захавалася апісанне рэлігійнага свята ў Антыахіі ў свяшчэнным гаі Апалона і Артэміды: там у грандыёзным шэсці бралі ўдзел 50000 ваяроў, калясніцы, сланы, 800 юнакоў у залатых вянках, 500 найпрыгажэйшых дзяўчат; правозілі незлічоную колькасць статуй багоў і герояў; многія сотні рабоў неслі залатыя і сярэбраныя прадметы. Свята працягвалася 30 дзён, на працягу якіх ішлі тэатралізаваныя спектаклі, спартыўныя гульні, паляванні на экзатычных звяроў. Пазней раскошу святаў успрынялі гарады эпохі Адраджэння, для якіх узорам ва ўсім з’яўлялася Антычнасць.

Эпоха элінізму – адзін з самых цікавых перыядаў у гісторыі чалавецтва, перыяд першага вялікага, арганічнага сінтэзу культур Захаду і Усходу. Шмат якія дасягненні элінізму былі ўспрыняты Рымам, а ад яго перайшлі ў краіны Заходняй і Ўсходняй Еўропы. Сінтэз культур характэрны і для нашага часу, таму вывучэнне элінізму (хацелася б – у значна большым аб’ёме) асабліва важна і павучальна.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: